05.07.2018
05.07.2018

Бакавы аміятрафічны склероз. Дыягностыка і лячэнне

logo
Хваробы ад А да Я
0 56
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як мы згадвалі ў першай частцы, адна з характэрных прыкмет бакавога аміятрафічнага склерозу (БАС) – пахудзенне. Прычыны дзве. Па-першае, зніжэнне вагі адбываецца з-за паскарэння абмену рэчываў, што абумоўлена асаблівасцямі ходу захворвання. Па-другое, на пэўным этапе хваробы назіраецца «другаснае» пахудзенне, звязанае з цяжкасцямі пры глытанні, немагчымасцю самастойна гатаваць, есці і піць з-за слабасці ў руках і г. д. Разам з тым менавіта паўнавартаснае і высокакаларыйнае харчаванне пры БАС можа значна запаволіць развіццё хваробы.

Экспертамі сайта Слушна сталі:

  • Юлія Рушкевіч – вядучы навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі, к.м.н., дацэнт;
  • Вольга Святліцкая – дацэнт кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі БелМАПА, к.м.н., урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг;
  • Барыс Самалюк – урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі № 1 Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі.

Дыягностыка БАС

Калі вы выявілі ў сябе ці блізкага чалавека праявы цяглічнай слабасці або парушэнне (цяжкасць) маўлення, варта неадкладна звярнуцца да ўрача агульнай практыкі, урача-тэрапеўта, якія пры неабходнасці накіруюць да неўролага.

Многія сімптомы БАС падобныя да праяў іншых хвароб. Для пастаноўкі дыягназу неабходна прайсці клініка-інструментальнае абследаванне, якое дазваляе выключыць іншыя прычыны наяўных паталагічных сімптомаў. Адным з найважнейшых даследаванняў з'яўляецца ігольчатая электраміёграфія, якая дазваляе выявіць паталогію мотанейронаў спіннога мозгу, што вельмі важна для дыягностыкі БАС.

На сёння вялікі вопыт дыягностыкі БАС назапашаны ў РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі. Тут прымаюць пацыентаў з усіх рэгіёнаў краіны з падазрэннем на гэта захворванне. У год праз РНПЦ праходзіць каля 70 чалавек з БАС.

Для таго каб атрымаць кансультацыю ў РНПЦ або ўдакладніць дыягназ, неабходна ўзяць накіраванне ва ўстанове аховы здароўя (паліклініка, бальніца і інш.) па месцы жыхарства. Затым варта звяртацца ў кансультацыйна-паліклінічнае аддзяленне РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі. Тэлефон рэгістратуры гэтага аддзялення: 369-90-39.

Лячэнне БАС

БАС адносіцца да так званых некурабельных захворванняў, а значыць вылечыць яго немагчыма. Базіснае лячэнне грунтуецца на кантролі сімптомаў хваробы. Асноўная мэта – папярэдзіць або адкласці развіццё ўскладненняў, каб палепшыць якасць жыцця пацыентаў.

У кожнага пацыента захворванне працякае па-свойму. Але ёсць некалькі агульных праблем, з якімі на пэўным этапе развіцця хваробы сутыкаюцца практычна ўсе пацыенты:

1) праблемы з харчаваннем;

2) парушэнні дыхання.

Арганізацыя харчавання пацыентаў з БАС

Пры БАС паступова парушаюцца працэс глытання і кантроль слінавыдзялення. Чалавеку цяжка глытаць, працэс прыёму ежы зацягваецца, высокая верагоднасць траплення ежы і вадкасці ў дыхальныя шляхі з развіццём аспірацыйнай пнеўманіі (запаленне лёгкіх, якое ўзнікае пры ўдыханні або трапленні ў іх розных рэчываў). У выніку пацыенты з БАС пачынаюць пазбягаць прыёму ежы, успрымаючы гэта як цяжкае выпрабаванне, у іх знікае апетыт, развіваецца дэпрэсія. Страта вагі вядзе да яшчэ большай страты цяглічнай масы, што стварае дадатковыя цяжкасці, якія спрыяюць прагрэсіі захворвання. Даказана, што высокакаларыйная дыета, багатая вугляводамі, запавольвае прагрэсаванне БАС.

 
Вольга Святліцкая
Дацэнт кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі БелМАПА, к.м.н., урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг
У пачатку захворвання, пакуль працэс глытання парушаны нязначна, рацыён павінен складацца з прадуктаў, якія можна лёгка жаваць і глытаць. Напрыклад, мясныя стравы ў выглядзе паштэта і суфле, рыба аднароднай кансістэнцыі (камбала, сардзіны), яйкі ўсмятку ці амлет, тушаная і тоўчаная гародніна, дэсерты ў выглядзе жэле і мусаў, кісель, пудынгі і інш. Па меры пагаршэння працэсу глытання ў ежу пачынаюць дадаваць загушчальнікі – спецыяльныя рэчывы, якія павялічваюць глейкасць прадуктаў. Пры ўзаемадзейнічанні з наяўнай у прадукце вадой, загушчальнік надае стравам неабходную кансістэнцыю: сіропу, крэму або пудынгу. Пры гэтым прыём ежы і лекавых сродкаў ажыццяўляецца ў напаўседзячы, а пасля прыёму ежы і дбайнай санацыі ротавай поласці пацыент павінен знаходзіцца ў такім становішчы мінімум на працягу 30 хвілін.

Пастаноўку назагастральнага зонда ў пацыентаў з БАС цяпер разглядаюць як часовую меру. Усім пацыентам з цяжкімі парушэннямі глытання робяць празскурную эндаскапічную гастрастамію.

Гастрастома – адтуліна ў сценцы страўніка, што робяць хірургічным шляхам. Праз яе ў поласць страўніка ўводзяць спецыяльную трубку для кармлення. Для харчавання пацыентаў з БАС праз гастрастому выкарыстоўваюць або вадкую, добра патоўчаную ежу, альбо спецыяльныя энтэральныя сумесі.

Рэспіраторная падтрымка пацыентаў з БАС

Па меры прагрэсавання захворвання паступова нарастае слабасць дыхальнай мускулатуры. Дыханне становіцца павярхоўным, зніжаецца ўзровень кіслароду ў крыві, а канцэнтрацыя вуглякіслага газу, наадварот, узрастае.

Прыкметы таго, што пацыент мае патрэбу ў рэспіраторнай падтрымцы:

  • зніжэнне жыццёвай ёмістасці лёгкіх ніжэй за 50% ад належнага:

Жыццёвая ёмістасць лёгкіх (ЖЁЛ) – гэта паказчык, які ўжываюць урачы, каб ацаніць стан органаў дыхання. Уяўляе сабой ту колькасць паветра, якое можа выдыхнуць чалавек пасля глыбокага ўдыху.

Для вымярэння ЖЁЛ выкарыстоўваюць спецыяльны прыбор – спірометр. У сярэднім ЖЁЛ у дарослага чалавека складае 3500 мл.

Можна таксама разлічыць норму належнай жыццёвай ёмістасці лёгкіх (НЖЁЛ) па эмпірычным формулах, якія залежаць ад полу, росту і ўзросту:

НЖЁЛ у мужчын = 0,052 × рост (см) – 0,029 × узрост (гадоў) – 3,2;

НЖЁЛ у жанчын = 0,049 × рост (см) – 0,019 × узрост (гадоў) – 3,76.

  • аддышка (парушэнне частаты і глыбіні дыхання, якое суправаджаецца адчуваннем недахопу паветра);
  • пачашчэнне дыхання больш за 25 у хвіліну (лічаць колькасць удыхаў, зробленую ў хвіліну; у норме частата дыхання складае 16-20 у хвіліну);
  • празмерная праца дапаможных дыхальных цягліц (у акце дыхання ўдзельнічаюць мышцы грудзей, плечавага пояса і шыі);
  • зніжаная рухомасць грудной клеткі і пярэдняй брушной сценкі;
  • паслабленне кашлявога рэфлексу;
  • бессонне;
  • парушэнне свядомасці.

Неабходна ўлічваць, што простае павелічэнне ўтрымання кіслароду ў паветры, якое ўдыхаюць, пры выкарыстанні, напрыклад, генератара кіслароду, на жаль, пацыентам з БАС не дапаможа. Пры хваробе развіваецца хранічная вентыляцыйная дыхальная недастатковасць з парушэннем цэнтральнай рэгуляцыі дыхання. Простае павышэнне колькасці кіслароду ў паветранай сумесі (аксігенатэрапія) будзе зніжаць актыўнасць дыхальнага цэнтра, узмацняючы затрымку вуглякіслага газу.

 
Барыс Самалюк
Анестэзіёлаг-рэаніматолаг аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі № 1 Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі
Метадам выбару з'яўляецца неінвазіўная вентыляцыя лёгкіх (НІВЛ), якая праводзіцца з дапамогай спецыяльных назальных канюль або розных варыянтаў масак для твару. Важна, каб пацыент быў кантактны і згодны. Першапачатковы падбор параметраў праводзіцца спецыялістам па рэспіраторнай падтрымцы. У большасці краін Еўрасаюза гэта асобная спецыяльнасць. У нашай краіне спецыяліст па правядзенні вентыляцыі лёгкіх – анестэзіёлаг-рэаніматолаг. НІВЛ з'яўляецца пераважнай тэхналогіяй правядзення доўгатэрміновай вентыляцыі ў хатніх умовах. Калі па якіх-небудзь прычынах наладзіць НІВЛ не атрымоўваецца, напрыклад, пацыент ужо не можа адкашліваць макроту і ў яго высокая рызыка аспірацыі, то наступны ўзровень рэспіраторнай падтрымкі – штучная вентыляцыя лёгкіх (ШВЛ) праз трахеастому, якая накладваецца хірургічным шляхам ва ўмовах стацыянара.

У наступным артыкуле мы распавядзем пра тое, куды можна звяртацца па дапамогу і кансультацыю пацыентам з БАС і членам іх сем'яў.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 56

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».