21.02.2019
21.02.2019

Рак малочнай залозы. Фактары рызыкі і небяспечныя сімптомы

logo
Здароўе дарослых
0 56
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сярод усіх відаў злаякасных новаўтварэнняў рак малочнай залозы ў жанчын дыягнастуецца найбольш часта. Згодна з прагнозам вучоных і ўрачоў, колькасць захварэлых ва ўсім свеце будзе з кожным годам павялічвацца. Якую ролю адыгрываюць эстрагены ў развіцці раку малочнай залозы? Чаму тым, у каго сярод сваякоў былі выпадкі раку грудзей, трэба здаць аналізы на наяўнасць мутацыі гена BRCA1/2? Якія прычыны развіцця захворвання?

Пра першыя сімптомы і фактары рызыкі развіцця раку малочнай залозы «Слушна» распавяла загадчыца лабараторыі рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі і онкамамалогіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава, урач вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, д.м.н. Яўгенія Шапавал.

Фактары рызыкі развіцця раку малочнай залозы

  • Узрост

Самы значны фактар рызыкі развіцця захворвання. Верагоднасць хваробы ва ўзросце да 39 гадоў складае 0,5% (рак малочнай залозы можа развіцца ў адной з 231 жанчыны). Ва ўзросце ад 40 да 59 гадоў гэты паказчык павялічваецца да 4% (у адной з 25), пасля 60 гадоў рызыка развіцця злаякаснай пухліны складае каля 7% (у адной з 15).

  • Розныя гарманальныя парушэнні

Яшчэ адзін фактар, які можа прывесці да развіцця захворвання. Даць збой гарманальны фон жаночага арганізма можа ў выніку захворванняў эндакрыннай і рэпрадуктыўнай сістэм, паталогіі печані.

Чым даўжэй арганізм жанчыны падвяргаецца ўздзеянню эстрагенаў, тым вышэй рызыка раку малочнай залозы, паколькі эстраген стымулюе дзяленне клетак, што павялічвае верагоднасць іх мутацыі. Менавіта таму ў групу рызыкі ўваходзяць жанчыны, у якіх быў ранні пачатак менструацый (да 12 гадоў) і/або позняя менапаўза (пасля 55 гадоў).

 
Яўгенія Шапавал
Загадчыца лабараторыі рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі і онкамамалогіі РНПЦ АМР імя М.М.Аляксандрава, урач вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, д.м.н
Пухліны малочнай залозы ў 70% выпадкаў з'яўляюцца гармонаадчувальнымі.

«Гармонаадчувальны (гармоназалежны) рак малочнай залозы – варыянт злаякаснай пухліны грудзей, калі не менш за 10% ракавых клетак маюць на сваёй паверхні рэцэптары да жаночых гармонаў (эстрагенаў). Такім клеткам для падтрымання жыццядзейнасці і росту патрабуюцца эстрагены. Фактычна рост пухліны, якая змяшчае клеткі з рэцэптарамі да жаночых гармонаў, падпарадкоўваецца агульным цыклічным зменам у арганізме. Звычайна гэты від раку прагрэсуе павольней, дае метастазы радзей. Гэтая асаблівасць легла ў аснову стварэння гарманальнай тэрапіі раку малочнай залозы, пры якой ліквідуецца ўплыў эстрагену на адчувальныя ракавыя клеткі малочнай залозы». 24health.by

Акрамя гэтага, фактарамі, якія могуць спрыяць развіццю раку малочнай залозы, з'яўляюцца:

  • замяшчальная гарманальная тэрапія менапаўзнага сіндрому на працягу пяці гадоў адным эстрагенам або ў спалучэнні з прагестэронам (рызыка павышаецца на 5-40%);
  • адсутнасць даношанай цяжарнасці;
  • першыя роды пасля 30 гадоў;
  • адмова ад груднога гадавання;
  • атлусценне (гэта звязана з тым, што яечнікі прадуцыруюць больш эстрагенаў);
  • злоўжыванне алкаголем, бо пры гэтым пакутуе функцыя печані, якая ўдзельнічае ў метабалізме эстрагенаў.

Спадчынная схільнасць

Калі ў межах адной сям'і сярод блізкіх сваякоў (першая лінія сваяцтва – мама, сястра, дачка) былі зафіксаваныя адразу некалькі эпізодаў з'яўлення хваробы, гаворка ідзе пра спадчынную схільнасць. Разам з тым існуе два варыянты развіцця падзей:

1) наяўнасць мутацыі генаў BRCA1 і BRCA2 (BRCA – breast cancer);

2) так званы сямейны рак. У гэтым выпадку мутацыі гена няма, але некалькі пакаленняў жанчын могуць пакутаваць ад раку малочнай залозы або раку яечнікаў.

 
Яўгенія Шапавал
Загадчыца лабараторыі рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі і онкамамалогіі РНПЦ АМР імя М.М.Аляксандрава, урач вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, д.м.н.
Мутацыі генаў BRCA1 і BRCA2 адказныя за 40-80% развіцця спадчыннага раку. Пры гэтым у носьбітаў мутацый дадзеных генаў рызыка першаснага раку малочнай залозы дасягае 80%, а рызыка развіцця раку другой малочнай залозы – 50-60% (у агульнай папуляцыі 2% і 4,8% адпаведна). Пік захворвання на рак малочнай залозы ў носьбітаў BRCA1 адпавядае ўзросту 35-39 гадоў, у носьбітаў BRCA2 – 43-54 гады. Калі мы знаходзім гэтыя мутацыі, жанчыне прапануецца выканаць прафілактычную падскурную мастэктомію. У гэтым выпадку на 96% зніжаецца рызыка развіцця раку малочнай залозы. Гарманальная прафілактыка дазваляе знізіць гэтую рызыку на 46%.

Прафілактычная падскурная мастэктомія прадугледжвае поўнае выдаленне малочнай залозы з захаваннем саскова-арэалярнага комплексу. Пры гэтым выконваецца аднамомантавая рэканструкцыя грудзей з выкарыстаннем уласных тканак у спалучэнні або без імплантатаў.

 
Яўгенія Шапавал
Загадчыца лабараторыі рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі і онкамамалогіі РНПЦ АМР імя М.М.Аляксандрава, урач вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, д.м.н.
У лячэнні раку малочнай залозы прымяняецца комплексны падыход, які прадугледжвае як выкананне хірургічнага ўмяшання, так і правядзенне сістэмнай тэрапіі. Вельмі важна з самага пачатку растлумачыць жанчыне, што рак малочнай залозы – гэта не прысуд.
  • Стрэсавыя сітуацыі

Стрэс можа паскорыць працэс развіцця ўжо наяўнага захворвання або спрыяць вяртанню пухліннага працэсу.

У літаратуры прыводзяцца дадзеныя аднаго даследавання, куды былі ўключаны жанчыны, якія прайшлі лячэнне з нагоды раку малочнай залозы. Адной групе пацыентак выконвалася аднамомантавая рэканструкцыя грудзей, другой – выдаленне малочнай залозы без рэканструкцыі. Аказалася, што паказчыкі выжывальнасці былі лепшыя ў тых, каму выконвалася рэканструктыўная аперацыя. Гэтыя жанчыны не адчувалі дэпрэсіі і дыскамфорту, звязанага з адсутнасцю малочнай залозы. Яны адчувалі сябе паўнавартаснымі, здольнымі вярнуцца да звычайнага жыцця.

Небяспечныя сімптомы

Насцярожанасць павінны выклікаць наступныя сімптомы:

  • змяненне формы саска;
  • з'яўленне болечкі, лушчэння, мокнуцця на саску;
  • з'яўленне вылучэнняў, асабліва крывяністых, з саска;
  • ушчыльненне і/або ўцягванне саска;
  • змена формы малочнай залозы;
  • скура над малочнай залозай набыла выгляд лімоннай скуркі;
  • павелічэнне падпахавых лімфатычных вузлоў;
  • ушчыльненне ў малочнай залозе.
 
Яўгенія Шапавал
Загадчыца лабараторыі рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі і онкамамалогіі РНПЦ АМР імя М.М.Аляксандрава, урач вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, д.м.н.
У норме ў малочнай залозе не павінна быць ніякіх ушчыльненняў. Разам з тым, нават калі яны ёсць, гэта не заўсёды злаякасная пухліна. Гэта можа быць кіста, фібраадэнома або мастапатыя, нават хранічнае асептычнае запаленне, абсцэс. У любым выпадку трэба звярнуцца па кансультацыю да ўрача і высветліць прыроду гэтага ўтварэння.

З мэтай ранняга выяўлення раку малочнай залозы жанчынам з маладога ўзросту варта праводзіць самаабследаванне і раз на год праходзіць УГД малочных залоз. Пасля 50 гадоў, а ў некаторых выпадках і раней – рабіць мамаграфію (рэкамендуецца раз у 2 гады). Калі ж сямейны анамнэз абцяжараны некалькімі выпадкамі раку малочнай залозы або раку яечнікаў, мэтазгодна здаць аналіз на вызначэнне мутацыі генаў BRCA1 і BRCA2.

Парады мамолага для здароўя жаночых грудзей

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 56

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».