12.05.2017
12.05.2017

Проста аб прастаце трэба памятаць. Скрынінг раку прадсталёвай залозы

logo
Здароўе дарослых
0 1474
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Калі б тэма не мела на ўвазе крайняй ступені сур'ёзнасці размовы, рак прадсталёвай залозы можна было б назваць катом у мяшку. На працягу доўгага часу, які вымяраецца гадамі, хвароба можа развівацца абсалютна бессімптомна. Без болю, дыскамфорту, якіх-небудзь іншых праяў нездароўя. А потым за адзін раз «стрэліць» усімі залпамі адразу. І, на жаль, нярэдка – на паражэнне.

Няма сэнсу пачынаць баяцца загадзя. Але яшчэ менш яго ў тым, каб нічога не рабіць у сітуацыі, калі знайсці і абясшкодзіць хваробу можна перш, чым яна пяройдзе ў атаку.

Будзь мужчынам – схадзі да ўрача

Навошта гэта трэба?

Статыстыка анколагаў не прадугледжвае розначытанняў: рак прадсталёвай залозы – захворванне, якое дыягнастуецца часцей за іншыя онкапаталогіі. Месца лідара яму саступаюць нават такія распаўсюджаныя анкалагічныя хваробы, як рак лёгкага, каларэктальны рак і рак малочнай залозы. Толькі каля паловы выпадкаў злаякасных пухлін прастаты, якія выяўляюцца, маюць раннія стадыі захворвання, што, безумоўна, уплывае на складанасць лячэння хваробы і яе станоўчы зыход. У той жа час, калі хвароба выяўлена на ранняй стадыі, верагоднасць поўнага выздараўлення дасягае 100%! Таму рэгулярнае прафілактычнае абследаванне апраўдана павінна стаць справай №1 у спісе прыярытэтаў сучаснага і адказнага мужчыны.

У чым сэнс скрынінгу?

Да гэтага часу найбольш распаўсюджаным спосабам дыягностыкі паталогій прадсталёвай залозы быў і застаецца метад пальпацыі пры вочным аглядзе ва ўролага (пальцавае рэктальнае даследаванне – ПРД). Аднак традыцыйнасць метаду ў гэтым выпадку не раўназначная яго эфектыўнасці. Як правіла, выяўленыя такім чынам злаякасныя новаўтварэнні ўжо маюць дастаткова вялікія памеры. А дадатковае абследаванне можа выявіць распаўсюджванне ракавых клетак на суседнія і аддаленыя органы.

Важным элементам для дыягностыкі анкалагічных захворванняў прастаты служыць таксама трансрэктальнае ўльтрагукавое даследаванне. Але і гэты метад нельга назваць адназначна надзейным і вырашальным для пастаноўкі дыягназу. Улічваючы асаблівасці пухліны прадсталёвай залозы, практычна кожны другі выпадак раку прастаты застаецца для УГД «нябачным».

Найбольш інфарматыўным зараз з'яўляецца аналіз крыві на ПСА.

ПСА – прастат-спецыфічны антыген – бялок, які выпрацоўваецца выключна прадсталёвай залозай. У норме яго прысутнасць у крыві дапушчальная ў нізкіх канцэнтрацыях. Перавышэнне парогавага значэння ПСА можа сведчыць аб паталагічных зменах у структуры залозы і працэсах, што ў ёй адбываюцца.

Такім чынам, скрынінг раку прадсталёвай залозы ў першую чаргу мае на ўвазе менавіта аналіз крыві на ПСА ва ўсіх мужчын ва ўзросце ад 50 да 65 гадоў.

Не выпадкова скрынінгавыя абследаванні паказаны менавіта гэтай узроставай групе. Па шматгадовых пацверджаных дадзеных, злаякасныя пухліны прастаты ў мужчын да 40 гадоў – з'ява вельмі рэдкая. Яшчэ на працягу 10 гадоў рызыка ўзнікнення паталогіі застаецца нізкай (выключэнне складаюць мужчыны са спадчыннай схільнасцю да раку прастаты). Але пасля 50 гадоў верагоднасць развіцця злаякасных новаўтварэнняў рэзка ўзрастае ва ўсіх мужчын, што наўпрост звязана з узроставымі зменамі, якія адбываюцца ў арганізме. Пры гэтым пухліны часцей за ўсё агрэсіўныя і пры адсутнасці своечасовага і эфектыўнага лячэння нясуць прамую пагрозу жыццю пацыента. У мужчын, старэйшых за 70 гадоў, калі рак не быў знойдзены да гэтага часу, няма сэнсу шукаць яго мэтанакіравана: як правіла, пухліна настолькі нязначная, што ніяк не ўплывае на агульнае самаадчуванне і якасць жыцця. Альбо лячэнне ў гэтым узросце, тым больш радыкальнае, не будзе мець прынцыповага значэння для якасці і працягласці жыцця пацыента.

Улічваючы гэтыя абставіны, аналіз крыві на ПСА з перыядычнасцю 1 раз у 2 гады ў мужчын, старэйшых за 50 гадоў, як першы этап прафілактычнага скрынінгу на прадмет ранняй дыягностыкі раку прастаты, большасць вучоных-анколагаў прызнаюць больш чым апраўданым.

Калі ўзровень прастат-спецыфічнага антыгену перавышае дапушчальныя межы, прадугледжаны другі этап абследаванняў. А менавіта: сістэматычная біяпсія прадсталёвай залозы пад кантролем трансрэктальнага УГД.

Верхняй мяжой нормы лічыцца ўтрыманне ПСА ў крыві ў канцэнтрацыі 4 нг/мл. Аднак, у апошні час спецыялісты схіляюцца да таго, каб у мужчын ва ўзросце да 55 гадоў знізіць парогавае значэнне ўзроўню ПСА да 2,5-3 нг/мл, мяркуючы, што гэта можа істотна павялічыць шанцы на дыягностыку злаякасных пухлін у пачатковай стадыі развіцця.

Біяпсія з'яўляецца адзіным верным спосабам пацвердзіць або абвергнуць наяўнасць ракавых клетак. Сістэматычная біяпсія мае на ўвазе правядзенне не менш за 6 пункцый за адзін раз, каб выключыць захворванне. У некаторых выпадках іх колькасць можа быць значна павялічана. Працэдура малапрыемная, але для яе правядзення выкарыстоўваюцца самыя сучасныя і эфектыўныя абязбольвальныя сродкі, каб звесці да мінімуму хваравітасць і дыскамфортныя адчуванні для пацыента.

Праверыцца нельга прапусціць

Уласна, коску кожны чытач можа паставіць там, дзе сам палічыць патрэбным.

Бо няма сэнсу хітраваць: у навуковай супольнасці анколагаў да гэтага часу не прыйшлі да адзінай думкі пра безумоўную карысць скрынінгу раку прадсталёвай залозы. Той жа ўзровень ПСА ў крыві, напрыклад, можа быць павышаны ў шэрагу выпадкаў, далёкіх ад анкалогіі. Выявіць перавышэнне дапушчальнай канцэнтрацыі антыгену з аднолькавым поспехам можна як пры сапраўдным раку прастаты, так і пры дабраякаснай гіперплазіі прадсталёвай залозы і нават пасля гарачай інтымнай блізкасці напярэдадні забору аналізу. Менавіта з гэтай прычыны наяўнасць злаякаснай пухліны пацвярджаецца толькі ў 30-50% мужчын з павышаным узроўнем ПСА ў крыві.

Але тут, бадай, самым важкім аргументам для мужчын павіны паслужыць напамін: калі ёсць хаця б мінімальны шанц папярэдзіць хваробу, неразумна ім не скарыстацца. Хаця б дзеля таго, каб коска не ператварылася ў кропку.

 
Сяргей Красны
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім.М.М.Аляксандрава, д.м.н., прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі
Па сутнасці скрынінг раку прадсталёвай залозы ў Беларусі паступова ўкараняецца з 2007 года. Але гэта былі цяжкія і цярністыя 10 гадоў шляху. У тым сэнсе, што некаторыя заходнія навуковыя супольнасці анколагаў-уролагаў, у тым ліку Асацыяцыя амерыканскіх уролагаў, якая мае вялікі ўплыў і лідзіруючыя пазіцыі па дыягностыцы і лячэнні раку прадсталёвай залозы, усяляк ставілі пад сумнеў эфектыўнасць правядзення скрынінгу ў Беларусі. Асноўныя абмежаванні зводзіліся да таго, што скрынінгавыя абследаванні прыводзяць да гіпердыягностыкі (г.зн. выяўленню нязначных пухлін, якія ніяк сябе не выяўлялі і не цягнулі за сабой ніякіх праблем у будучыні) і, адпаведна, і гіперлячэнню. Але ў нас гэтае пытанне вырашаецца тым, што пацыентаў, у якіх выявілі нязначную пухліну без тэндэнцыі да прагрэсавання, мы не лечым, а назіраем. Уласна, так робяць ва ўсім свеце. Я з гонарам і радасцю магу сказаць, што 17 красавіка гэтага года справядлівасць перамагла. Амерыканская асацыяцыя ўролагаў прызнала эфектыўнасць скрынінгу раку прадсталёвай залозы і публічна прынесла прабачэнні. Больш за тое, яна прыняла рашэнне ўнесці ў свае нацыянальныя стандарты прафілактычных абследаванняў скрынінг па раку прадсталёвай залозы, і з 1 мая яны ўжо пачалі дзейнічаць на тэрыторыі ЗША. Іншымі словамі, увесь свет цяпер стаў сведкам таго, як адмоўнае стаўленне да скрынінгавых абследаванняў на прадмет ранняй дыягностыкі раку прастаты змянілася на станоўчае. Што да Беларусі, дык у нас скрынінг больш эфектыўны, чым у ЗША, таму што там ужо даўно і практычна паўсюдна выкарыстоўваўся метад аналізу крыві на ПСА. Хаця яны не называюць гэта скрынінгам, амаль усе амерыканскія мужчыны здаюць гэты аналіз «для сябе». І ў ЗША 4-я стадыя рака прастаты складае менш за 1%. У Беларусі ж мужчына ходзіць да ўрача, толькі калі яго нешта турбуе. Адпаведна, у нас больш запушчаных формаў захворвання. А ўзровень ПСА ў крыві мы сталі вызначаць паўсюдна толькі нядаўна. Тым не менш, ужо зараз можна ўпэўнена казаць пра станоўчыя вынікі скрынінгавых мерапрыемстваў. Глядзіце: пачынаючы з 1999 года па 2010-ы смяротнасць ад раку прадсталёвай залозы штогод павялічвалася на 10%. А пасля 2011-га яна стала павольна, але дакладна зніжацца на 2% кожны год пры тым, што захворванне расце. Гэта тлумачыцца тым, што пры ўкараненні скрынінгу сталі выяўляць больш выпадкаў злаякасных новаўтварэнняў у прынцыпе і больш – у ранняй стадыі, калі лячэнне гарантуе поўнае выздараўленне.
 
Сяргей Красны
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім.М.М.Аляксандрава, д.м.н., прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі
Зараз аналіз крыві на ПСА можна здаць у любой паліклініцы. Іншая справа, што яшчэ не ўсюды яго робяць бясплатна. Але гэта пытанне часу. Ды і кошт такі, што любы чалавек пры любым узроўні дастатку можа сабе дазволіць 1 раз у 2 гады зрабіць гэты аналіз на платнай аснове, калі, падкрэсліваю, яго пакуль нельга зрабіць у паліклініцы па месцы жыхарства бясплатна. Што тычыцца біяпсіі, калі выяўляецца павышаны ўзровень ПСА ў крыві, дык яны выконваюцца за адзін раз з ужываннем высокаэфектыўных абязбольвальных прэпаратаў. Працэдура можа быць выканана ва ўмовах дзённага стацыянару. У шпіталізацыі няма неабходнасці.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 1474

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама