Павышаны артэрыяльны ціск – праблема не толькі людзей «ва ўзросце». Па словах спецыялістаў, першыя «скачкі» лічбаў на танометры ў дзяцей могуць адзначацца ўжо ў пубертатным перыядзе, падчас палавога паспявання. Разам з тым, не заўсёды высокі ціск у падлеткаў – першая прыкмета будучай артэрыяльнай гіпертэнзіі.
Якія сімптомы павышанага ціску ў дзяцей нельга пакідаць без увагі? У чым прычына высокіх лічбаў на танометры ў школьнікаў і ці можна гэтага пазбегнуць? З такімі пытаннямі журналіст Слушна звярнуўся да кардыярэўматолага Ірыны Чыжэўскай.
да зместуСем прычын павышанага ціску ў падлеткаў
Небяспека павышанага артэрыяльнага ціску ў тым, што чалавек яго можа не адчуваць. Самаадчуванне – як і раней, а лічбы на танометры «зашкальваюць». Калі казаць пра дарослых, то высокі ціск правакуюць і шкодныя звычкі, і ўжо «заробленыя» хранічныя захворванні, дзесьці безадказнае стаўленне да свайго здароўя (пройдзе само), пастаяннае недасыпанне і стрэс. Чаму ж у дзяцей ужо ў 13-14 гадоў «скача» ціск? Прычын гэтаму шмат.
Па-першае, гэта можа быць банальнае ператамленне. Рытм жыцця практычна кожнага школьніка даволі насычаны. Секцыі, гурткі, дадатковыя заняткі, урокі і рэпетытары - усё трэба паспець. Часу на паўнавартасны адпачынак зусім не застаецца.
Па-другое, высокі артэрыяльны ціск у падлеткаў звязаны з працэсамі іх росту і развіцця. І перш за ўсё з гарманальнымі зменамі, якія адбываюцца ў арганізме. Дарэчы, гарманальныя змены часцей за ўсё становяцца прычынай павышэння ціску ў хлопчыкаў, чым у дзяўчынак. І вінаваты ў гэтым – гармон тэстастэрон.
Ірына Чыжэўская:
Падчас палавога паспявання ў дзяцей адбываецца вялікі «выкід» гармонаў. На іх рэагуюць сценкі сасудаў, якія звужаюцца. Як вынік, – магчымае павышэнне ціску.
Па-трэцяе, прычынай высокіх лічбаў артэрыяльнага ціску можа быць залішняя вага і атлусценне.
Ірына Чыжэўская:
Багацце прысмакаў, газаваных напояў, прадуктаў хуткага харчавання ў рацыёне – усё гэта ў сукупнасці з маларухомым ладам жыцця правакуе лішнюю вагу і атлусценне ў дзяцей і падлеткаў. Залішняя маса цела прыводзіць да таго, што ў арганізме парушаюцца метабалічныя працэсы, развіваецца інсулінарэзістэнтнасць (парушаны біялагічны адказ тканак арганізма на дзеянне інсуліну). Высокі ўзровень інсуліну – высокі ціск.
Па-чацвёртае, дзеці могуць перажываць якую-небудзь стрэсавую сітуацыю. Падлеткавы перыяд – гэта яшчэ і час пошуку свайго «я», сумневаў, як складзецца жыццё, выбар будучай прафесіі. Многія адчуваюць моцнае псіхаэмацыйнае перанапружанне, якое таксама правакуе павышэнне артэрыяльнага ціску.
Па-пятае, у дзіцяці, магчыма, ёсць захворванні, якія цягнуць за сабой артэрыяльную гіпертэнзію, – эндакрынныя парушэнні, парокі развіцця сардэчна-сасудзістай і цэнтральнай нервовай сістэм, стэноз (звужэнне) нырачных артэрый.
Па-шостае, спадчынны фактар. Калі бацькі пакутуюць на артэрыяльную гіпертэнзію, то дзіця таксама будзе схільнае да развіцця гэтага захворвання.
Ірына Чыжэўская:
Часцей за ўсё артэрыяльную гіпертэнзію атрымліваюць у спадчыну па матчынай лініі.
Па-сёмае, часам у дзіцяці пры наведванні ўрача танометр паказвае павышаныя лічбы. Дома – усё ў норме. У гэтым выпадку прычынай росту ціску можа быць звычайны страх перад спецыялістам альбо, як яго яшчэ называюць, «гіпертэнзія белага халата».
да зместуА як у норме?
Для кожнага ўзросту з улікам розных фактараў артэрыяльны ціск можа быць розным. Аднак розніца паміж паказаннямі танометра на двух руках не павінна перавышаць 5-10 мм ртутнага слупа.
Ірына Чыжэўская:
Артэрыяльны ціск – варыябельная велічыня. Раніцай, адразу пасля сну, ён можа быць адным, а пасля фізічнай нагрузкі танометр пакажа зусім іншыя лічбы.
Для таго, каб прыкладна разлічыць, які ціск павінен быць у норме ў дзіцяці ў тым ці іншым узросце, можна выкарыстоўваць наступныя формулы:
для верхняга (сісталічнага) артэрыяльнага ціску
1,7 * на ўзрост + 83
Напрыклад: дзіцяці 10 гадоў. Значыць 1,7 * 10 + 83 = 100
для ніжняга (дыясталічнага) ціску
1,6 * узрост + 42
Напрыклад: 10-гадовае дзіця. Значыць 1,6 * 10 + 42 = 58
Альбо:
верхняе: 90 + (n) і ніжні: 60 + (n). Дзе (n) – гэта колькасць гадоў.
да зместуНа што варта звярнуць увагу і як дапамагчы
Вымяраць артэрыяльны ціск неабходна ў наступных выпадках:
- Дзіця часта скардзіцца на моцны галаўны боль. Ён можа канцэнтравацца ў вобласці патыліцы;
- Падлетак стаў празмерна раздражняльны і дрэнна спіць;
- У дзіцяці цямнее ў вачах.
Калі лічбы артэрыяльнага ціску выйшлі далёка за межы нормы, вашы дзеянні:
- дзіця трэба пакласці і супакоіць, адкрыць фортку, каб быў прыток свежага паветра. Не лішнім будзе даць і заспакаяльныя сродкі, напрыклад, валяр'янку альбо гліцын;
- калі вы памералі ціск і ён высокі, можна выкарыстоўваць прэпараты, якія яго знізяць («Каптоприл» альбо «Эналаприл»). Іх кладуць пад язык і рассмоктваюць. Разам з тым, не цягніце з візітам да ўрача альбо выклікайце хуткую медыцынскую дапамогу;
- такіх прэпаратаў дома няма, а дзіцяці дрэнна, – тэлефануйце 103.
- не абыдзецца без брыгады хуткай медыцынскай дапамогі, калі акрамя высокага ціску ў падлетка з'явіліся млосць і ваніты, ён адчувае слабасць і галавакружэнне.
Рэкамендацыі спецыяліста
Прытрымлівацца іх не так ужо і складана:
- правільна арганізуем і прытрымліваемся распарадку дня дзіцяці. Абавязкова патрэбен паўнавартасны сон не менш за 8-9 гадзін у суткі. Недасыпанне – не самы добры «спадарожнік»;
- штодня гуляем на свежым паветры не менш за 2 гадзіны. Большую частку часу дзеці праводзяць у памяшканнях. Адсюль і «хранічнае» кіслароднае галаданне, якое не самым лепшым чынам адбіваецца на самаадчуванні;
- збалансаванае харчаванне. Рацыён дня павінен быць спланаваны так, каб дзіця атрымлівала дастатковую колькасць вітамінаў і мікраэлементаў;
Ірына Чыжэўская:
З рацыёну падлетка максімальна трэба прыбраць усё, што ўтрымлівае скрытыя тлушчы і легказасваяльныя вугляводы. Гэта газаваныя напоі, ежа хуткага прыгатавання (фастфуды), кетчупы, соусы. Альтэрнатыву павінны скласці агародніна і садавіна. Прычым першай у меню павінна быць больш, чым другой.
- не лішнім будзе скараціць спажыванне паваранай солі, а таксама прадуктаў, у якіх яна змяшчаецца ў вялікіх колькасцях: марынады, вэнджаніна і саленні;
- маларухомаму ладу жыцця – катэгарычнае «не». Дастатковая рухальная актыўнасць дапамагае трымаць у тонусе не толькі цела, але і сасуды.
Ірына Чыжэўская:
У большасці выпадкаў павышаны артэрыяльны ціск у падлеткаў – часовая з'ява. Пубертантны перыяд заканчваецца, арганізм адаптуецца і ціск, як правіла, прыходзіць у норму.
Хваляванне і стрэс. Кардыёлаг пра тое, як пазбегнуць павышэння ціску і яго наступстваў
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by