Убачыўшы на расчосцы шмат валасоў, мы часцяком пачынаем панікаваць. А раптам я лысею ?! І гэта алапецыя? І пачынаецца барацьба за кожны «ўцёкшы» валасок. Скупляюцца разнастайныя шампуні, лекавыя сродкі, маскі, вітаміны, у ход ідуць розныя народныя метады. Але належнага эфекту не надыходзіць. Шавялюра працягвае радзець.
Пра тое, як адрозніць звычайнае выпадзенне валасоў ад паталагічнага (алапецыі), якія меры трэба распачынаць і ці можна цалкам спыніць страту валасоў, Здаровыя людзі распыталі Яну Мінакоўскую.
Існуе меркаванне, што ў бландзінаў валасоў на галаве больш, чым у каго-небудзь: прыкладна 160 тысяч валасяных цыбулін супраць 80 тысяч у рудых, 90 тысяч – у шатэнаў і 100 тысяч – у брунетаў.
Валасы пачынаюць расці яшчэ ва ўлонні маці. Пры нараджэнні ў малыша на 1 кв.см скуры галавы прыходзіцца больш за 600 адзінак валасяных цыбулін. Затым іх колькасць памяншаецца. Гэта абумоўлена тым, што таўшчыня воласа з узростам павялічваецца. Да першага года жыцця ў дзіцяці ўжо 400 фалікулаў на 1 кв.см, а ў 12 гадоў – толькі 320. Да 30 гадоў агульная колькасць валасоў скарачаецца яшчэ на 15%.
Дарэчы, колькасць валасоў залежыць яшчэ і ад полу чалавека. У жанчын, у сувязі з больш тонкай скурай, валасоў на галаве на 10% больш. А вось губляюць валасы часцей мужчыны. Шмат у чым гэта звязана з выпрацоўкай мужчынскіх гармонаў – андрагенаў.
Кожны волас праходзіць тры стадыі або цыклы развіцця:
У норме ў любога чалавека ў сярэднім выпадае ад 80 да 100 валасоў у дзень.
Алапецыя – паталагічнае выпадзенне валасоў, якое прыводзіць да іх значнага парадзення або поўнага знікнення. Існуе некалькі яе відаў:
Пры гнездавой алапецыі валасы выпадаюць невялікімі ачагамі. Пацыенты могуць спачатку іх і не заўважыць. Паступова такія ачагі пашыраюцца, утвараюцца новыя. Да гнездавой алапецыі аднолькава схільныя і мужчыны, і жанчыны. Праўда, прычыны такога захворвання да гэтага часу не высветленыя. На яго з'яўленне і развіццё ўплываюць многія фактары – стрэс, розныя інфекцыі, у тым ліку хранічныя, спадчыннасць.
Сімптаматычная алапецыя цесна звязана з перыядамі жыцця валасоў (нагадаем, анаген, катаген, тэлаген). У выпадку, калі колькасць валасоў у тэлагенавай фазе павялічваецца, яны пачынаюць выпадаць. Адчуванне, што прычоска пачынае радзець – валасоў на расчосцы застаецца ўсё больш і больш. Часта прычынай такога выпадзення становяцца збоі ў працы арганізма: хранічныя і інфекцыйныя захворванні, гарманальны дысбаланс, хваробы мочапалавой сістэмы і органаў стрававання, глісныя інвазіі, частыя стрэсы, нерацыянальнае харчаванне, шкодныя звычкі і інш.
Анагенавае выпадзенне валасоў, як правіла, справакавана магутным таксічным уздзеяннем на арганізм. Выпадаюць усе валасы, якія былі пашкоджаныя. Напрыклад, пры выкарыстанні некаторых лекавых сродкаў (цытастатыкаў для лячэння анкалагічных захворванняў) або алкагольнай інтаксікацыі, радыяцыйнага апрамянення. Хаця гэта даволі рэдкая з'ява і такіх пацыентаў няшмат.
Андрагенетычная алапецыя часта перадаецца ў спадчыну. Спачатку з'яўляюцца так званыя залысіны, якія паступова «разрастаюцца» на цемені і застаецца толькі аблямоўка на патылічнай вобласці. Да андрагенетычнай алапецыі больш схільныя мужчыны.
Жанчыны таксама могуць сутыкнуцца з гэтай праблемай. Валасы моцна вытанчаюцца і пачынаюць «пакідаць» галаву. Лысы ўчастак паступова фармуецца на цемені. Пры гэтым на патыліцы валасяныя фалікулы не зменены, рост валасоў не парушаны.
Адной з асноўных прычын такога выгляду алапецыі ў прадстаўніц прыгожага полу з'яўляецца павышаны ўзровень андрагенаў – мужчынскіх гармонаў. Акрамя гэтага, справакаваць падобную праблему могуць непаладкі ў працы шчытападобнай залозы, гарманальная перабудова ў перыяд менапаўзы, гінекалагічныя захворванні, прыём некаторых лекавых прэпаратаў (стэроідаў, антыдэпрэсантаў).
У народзе кажуць: калі ў жанчыны з'явіўся цэлюліт, пазбавіцца ад яго ўжо немагчыма. Здаровыя людзі вырашылі разабрацца, ці так гэта.
У сезон адпачынкаў, пляжаў і максімальна агаляючага цела адзення ледзь не кожная прадстаўніца прыгожага полу асабліва старанна ацэньвае сябе ў люстэрку на прадмет цэлюліту. У суцяшэнне скажам, што ад такой напасці пакутуюць да 90% усіх дам і нават прыкладна 20% мужчын. Схільныя да яго як пампушкі, так і абсалютныя худышкі. Нягледзячы на ўсеагульную распаўсюджанасць, сучасныя каноны прыгажосці прымушаюць нас шукаць спосаб перамагчы «апельсінавую скурку».
Цэлюліт – утварэнне тлушчавых адкладанняў у падскурнай клятчатцы. Структурныя змены, якія там адбываюцца, прыводзяць да парушэння мікрацыркуляцыі і лімфатычнага адтоку. Паражае цэлюліт сцёгны, ягадзіцы, рукі, спіну, жывот.
Між іншым, касметычным недахопам, ад якога імкнецца пазбавіцца кожная дзяўчына, цэлюліт стаў лічыцца толькі з 1973 года. Да гэтага пагоркі на скуры не выклікалі негатыву і нават ласкава называліся «ямачкамі». Усё змянілася пасля артыкула ў часопісе Vogue уладальніцы буйнога нью-ёркскага салона прыгажосці Ніколь Ронсар. У сваім матэрыяле модная дама называла непрыстойным мець «апельсінавую скурку». Пазбаўляцца ад яе рэкамендавалася шляхам касметалагічных працэдур. Неўзабаве яны сталі вельмі прыбытковай справай. І ад напасці сталі лячыцца дамы па ўсім свеце.
Прадстаўнікі салонаў прыгажосці і трэнеры ў адзін голас сцвярджаюць: перамагчы цэлюліт можна. Для гэтага трэба мець шмат цярплівасці і перагледзець свой лад жыцця.
Аб нюансах барацьбы з ненавіснай многімі «апельсінавай скуркай» распавёў Дзяніс Клімовіч.
Правільны рацыён – 70% поспеху барацьбы з цэлюлітам. Без гэтай умовы ніякія іншыя спосабы проста не будуць працаваць.
Рух – другі важны складнік, без якога немагчыма пазбавіцца ад цэлюліту. Не абавязкова займацца ў трэнажорнай зале. Кожны можа выбраць сабе занятак па душы. Галоўнае – рэгулярнасць і пасільная нагрузка на мышцы.
Простыя прагулкі будуць малаэфектыўнымі. Добра падыходзяць скандынаўская хада, бег (пажадана раніцай нашча ці перад сном), катанне на ровары, плаванне, гімнастыка, фітнэс ды інш.
Нават невялікі комплекс практыкаванняў у хатніх умовах дапаможа трымаць цела ў тонусе.
У дадзенай падборцы асаблівая ўвага нададзена практыкаванням, якія дапамагаюць змагацца з цэлюлітам на нагах (сцёгнах) і ягадзіцах.
Верхні прэс. Выконваецца лежачы на падлозе. Ногі сагнутыя, рукі за галаву. Корпус падымаем да каленяў, але не да канца. Цалкам тулава не падымаем. Затым кладзёмся на падлогу, лапаткі не дакранаюцца да падлогі. Выконваецца 20 разоў, затым адпачынак, і яшчэ 2 падыходы па 20 разоў.
Прысяданні. Ногі ледзь шырэй плячэй. Наскі ў розныя бакі. Спіна роўная. Калені глядзяць туды, куды насок красоўкі (ні ў якім разе не ў цэнтр). Пры прысяданні ягадзіцы апускаюцца ніжэй каленяў (інакш не будуць працаваць ягадзічныя мышцы). Прыселі – усталі – сціснулі ягадзічныя мышцы. Калі вы ўжо не пачатковец, можна ўзяць штосьці ў рукі для абцяжарвання. Напрыклад, бутэлькі з вадой. Выконваць 30 разоў па 3 падыходы.
Выпады. Становішча стоячы. Адна нага ідзе наперад, робіць крок. Прысядаць перпендыкулярна падлозе, каб каленка не сыходзіла наперад. Затым адштурхнуцца пяткай пярэдняй нагі, каб вярнуцца ў зыходнае становішча. Паўтараць 20 разоў на кожную нагу (па 3 падыходы).
Адцісканні на каленях. Рукі на шырыні плячэй, локці развесці ў розныя бакі. Тры падыходы па 10 разоў.
Планка. Насочкі разам, стойка на локцях. Цела роўнае, як струнка. Не прагінацца. Не падымаць таз. Тры падыходы па 30-45 секунд.
Сон менш за 7 гадзін у суткі спрыяе ўзнікненню і развіццю цэлюліту. Арганізм працуе з перагрузкай.
Вядома, у сучасным свеце ад хваляванняў не схаваешся, але працяглы стрэс
таксама спрыяе таму, што наша скура не выглядае ідэальнай. Старайцеся знаходзіць час для рэлаксацыі.
Пра тое, якія сучасныя касметалагічныя сродкі барацьбы з цэлюлітам існуюць і ці эфектыўныя крэмы ды скрабы, чытайце ў нашым наступным матэрыяле.
Клопат пра ўласнае здароўе – вядучы трэнд ва ўсім свеце на працягу апошніх дзесяцігоддзяў. За гэты час сфарміраваліся асноўныя прынцыпы здаровага ладу жыцця, уласцівыя любому чалавеку, незалежна ад краіны пражывання, нацыянальнасці, узросту, полу, веравызнання... Адмова ад шкодных звычак, фізічная актыўнасць і рацыянальнае харчаванне – вось універсальныя рэцэпты для доўгага і здаровага жыцця. Тым не менш, практычна ў кожнай краіне, акрамя агульнавядомых складнікаў ЗЛЖ, ёсць і свае ўнікальныя прыярытэты.
Пра 12 звычак здаровага чалавека – свайго кшталту аналаг паняцця ЗЛЖ, якім ведаем яго мы, парталу «Слушна» распавёў Віталій Герасевіч, кандыдат медыцынскіх навук, аўтар бестсэлераў «Камп'ютар для ўрача» і «Блогі і RSS: інтэрнэт-тэхналогіі новага пакалення», Associate Professor. 14 гадоў жыве ў ЗША, 12 з іх працуе ў клініцы Мэё (штат Мінесота), сусветна вядомай сваімі прагрэсіўнымі падыходамі да аказання медыцынскай дапамогі і паслуг у ахове здароўя. Займаецца прыкладной клінічнай інфарматыкай у рэанімацыі і анестэзіялогіі.
Некаторыя пункты ў амерыканскай версіі нам здаліся выключна цікавымі. Даведайцеся пра іх і вы. Мы прыводзім пералік звычак у арыгінальным парадку.
Просты, зразумелы і незамяняльны прынцып пры імкненні захаваць здароўе і маладосць на доўгія гады.
Асноўнае патрабаванне, якое неабходна выканаць, – мінімум 30 хвілін фізічнай актыўнасці штодня. Пры гэтым маюцца на ўвазе не заняткі спортам ці фізкультурай (яны вынесеныя асобным пунктам).
Вось некалькі спосабаў быць актыўным на працягу дня, што прапануюць урачы з клінікі Мэё:
Практыкаванні і фізічная актыўнасць не толькі пойдуць на карысць вашаму здароўю. Гэта яшчэ і цікавы спосаб прабавіць час: разняволіцца, устаць з канапы, пашырыць круг зносін або проста дасягнуць чагосьці, што зробіць вас больш шчаслівым. Знайдзіце той від фізічнай актыўнасці, які прыносіць вам задавальненне, і займайцеся ім кожны дзеньь.
Прабачэнне – другая па значнасці звычка здаровага чалавека, паколькі ўключае ў сябе адмову ад крыўд, горычы і абурэння.
Навукоўцамі даказана, што ўменне дараваць:
Пагадзіцеся, гэта варта таго, каб не назапашваць крыўду, а навучыцца дараваць.
Навучыцца дараваць няпроста. Пачніце з сябе. Не згаджайцеся на ролю ахвяры, у адваротным выпадку негатыў будзе кіраваць вашымі далейшымі дзеяннямі. Прабачэнне – гэта выбар, які вы робіце для сябе: жыць далей з гневам і расчараваннем ці ісці па жыцці спакойна і з усмешкай.
Значная колькасць дарослых амерыканцаў (35,7%), а таксама дзяцей і падлеткаў (17%) пакутуюць ад атлусцення. Гэта наўпрост звязана з тыпам і колькасцю ежы, якую спажываюць амерыканцы, і ўзроўнем іх фізічнай актыўнасці.
Амерыканскія ўрачы трактуюць паняцце «рацыянальнае харчаванне» некалькі шырэй, робячы таксама акцэнт на ўменні правільна чытаць этыкеткі тавараў і правільна інтэрпрэтаваць атрыманую інфармацыю. У сувязі з чым Упраўленне па кантролі за прадуктамі і лекамі (FDA) прапанавала ўнесці змены ў этыкеткі прадуктаў харчавання. Асноўная мэта ў тым, каб дапамагчы спажыўцам правільна разлічваць пажыўную каштоўнасць порцыі пры выбары прадуктаў для штодзённага меню.
FDA прапануе на ўпакоўках прадуктаў харчавання пазначаць інфармацыю аб калорыях і пажыўнай каштоўнасці як адной порцыі прадукту, так і ўсёй упакоўкі.
Рэгулярныя прафілактычныя агляды і скрынінгавыя праграмы з'яўляюцца важнай часткай медыцынскага абслугоўвання любога амерыканца.
Павышаны ціск, дыябет і высокі ўзровень халестэрыну могуць прыводзіць да сардэчна-сасудзістых захворванняў і інсульту. Гэта найбольш распаўсюджаныя прычыны смяротнасці ў ЗША. Прафагляды і скрынінгі дазваляюць атрымаць актуальную інфармацыю пра стан здароўя, а таксама выявіць праблемы на ранняй стадыі, што з'яўляецца ключом да паспяховага лячэння.
Імунізацыя не з'яўляецца абавязковай, але гэта таксама важная частка прафілактычных паслуг.
Адсутнасць дастатковай колькасці сну робіць людзей раздражняльнымі і няздольнымі канцэнтравацца. Аднак, акрамя дрэннага настрою, ёсць мноства прычын, па якіх сон з'яўляецца важным фактарам ладу жыцця. Ён неабходны для добрага самаадчування і эмацыйнага стану. Людзі, якія спяць недастаткова часу, схільныя да большай рызыкі ўзнікнення хранічных захворванняў і раку, іх працягласць і якасць жыцця ніжэйшая, чым у людзей, якія не маюць праблем са сном.
Больш за 35% дарослых амерыканцаў спяць менш за 7 гадзін у суткі. Таму паўнавартасны сон уваходзіць у пяцёрку самых важных звычак здаровага чалавека.
Парады ўрачоў з клінікі Мэё, як палепшыць сон:
Паўнавартасны сон для здаровага жыцця – не менш за 7-8 гадзін ноччу. Імкніцеся да гэтага!
Час ад часу ў аднастайныя будні трэба ўносіць нешта новае. Гэта спрыяльна адаб'ецца на агульным эмацыйным стане, і жыццё не будзе здавацца адным суцэльным «днём сурка».
Вось некаторыя парады, прапанаваныя амерыканскімі ўрачамі, як разнастаіць сваё жыццё:
Новы вопыт і авалоданне новымі ведамі абавязкова падымуць вашу самаацэнку і дададуць упэўненасці. Гэта важны фактар для асобаснага росту. Новая адукацыя можа стаць важным фактарам для паляпшэння здароўя і падаўжэння даўгалецця, асабліва на працягу старэння.
Для здаровага чалавека фізкультура і спорт таксама павінны стаць добрай звычкай. Фізічная падрыхтоўка і гнуткасць дазволяць трымаць сябе ў форме, павысіць прадукцыйнасць, прадухіліць траўмы, а таксама дасягнуць асабістых мэтаў у галіне здароўя і фітнесу.
Перавагі выдатнай фізічнай падрыхтоўкі, па версіі амерыканскіх урачоў, уключаюць:
Для базавага ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі, дастатковай для большасці людзей, аптымальна займацца спортам 2 разы на тыдзень.
Даследаванні паказваюць, што смех мае тэрапеўтычныя ўласцівасці ў чатырох аспектах здароўя: фізічным, інтэлектуальным, эмацыйным і духоўным.
Фізічнае здароўе. Смех падобны на «ўнутраны бег». Ён ненадоўга павялічвае частату сардэчных скарачэнняў і павышае ціск, затым ідзе расслабленне цягліц і зніжэнне артэрыяльнага ціску. Акрамя таго, смех умацоўвае імунітэт і здольны спальваць калорыі – ад 60 да 120 калорый у стане спакою.
Інтэлектуальнае здароўе. Смех стварае станоўчы эмацыянальны фон, які, у сваю чаргу, добра ўплывае на ўвагу, здольнасць канцэнтравацца, творчасць і ўяўленне.
Эмацыянальнае здароўе. Смех – лепшы спосаб спраўляцца са сваімі эмоцыямі. Ён здымае стрэс, даючы магчымасць зірнуць на праблему са станоўчага боку, умацоўвае сяброўскія адносіны і аб'ядноўвае людзей.
Духоўнае здароўе. Смех – універсальная мова, інтэрнацыянальная і міжканфесійная.
Паспрабуйце смех ёгі – пацешнае спалучэнне практыкаванняў на расцяжку, дыханне і смех, якія дапамогуць вам адчуць сябе бадзёрымі, упэўненымі, творчымі, прадуктыўнымі і гатовымі пакараць вяршыню за вяршыняй.
Падтрымка родных і блізкіх, трывалая сувязь з імі – абавязковы крытэрый для вызначэння здароўя чалавека ў самым шырокім сэнсе.
Надзейная сацыяльная сетка, як кажуць амерыканцы, можа мець вырашальнае значэнне для таго, каб пераадолець стрэс, цяжкі перыяд, няхай гэта будзе няўдалы працоўны дзень або год, поўны страт або хвароб. Зносіны з сям'ёй і сябрамі дапамагаюць пазбегнуць адзіноты, даюць адчуванне патрэбнасці і важнасці сваёй прысутнасці.
Ёсць некалькі спосабаў стаць бліжэй:
За гэтай мудрагелістай назвай хаваецца банальнае адмаўленне ад шкодных звычак – адзін з краевугольных камянёў для фарміравання здаровага ладу жыцця.
Ужыванне алкаголю, тытуню, наркатычных рэчываў не павінна стаць часткай вашага жыцця, калі вы клапоціцеся пра сваё здароўе. Ніколькі і ніяк. Таму што няма бяспечнага ўзроўню ўжывання, напрыклад, тытуню ці наркотыкаў.
У амерыканскай версіі здаровых звычак спіс «шкодных», ад якіх варта адмовіцца, некалькі шырэйшы. Сюды ўключаны такія віды паводзінаў, як харчовая залежнасць, злоўжыванне кафеінам і энергетыкамі, залежнасць ад інтэрнэту, гаджатаў, азартных гульняў. Гэтыя расстройствы паводзін па вызначэнні не могуць быць часткай жыцця здаровага чалавека.
Калі вы імкнецеся захаваць здароўе, не трэба недаацэньваць сувязь розуму і цела.
Даследаванні навукоўцаў паказалі, што ў сярэднім звычайны чалавек 50% (!) працоўнага часу засяроджаны на думках, якія не маюць ніякага дачынення да яго непасрэднай працы. І амаль дзве траціны гэтага часу ідзе на негатыўныя думкі або думкі «ні пра што».
Між тым негатыўныя думкі робяць больш далікатнай нервовую сістэму і псіхіку чалавека, робяць яго схільным да стрэсаў, клопату і дэпрэсіі.
Трэніроўка мозгу, выхаванне ўважлівасці, каб вызваліць галаву ад непатрэбных і негатыўных думак, захаваць розум светлым – яшчэ адна з 12 абавязковых звычак здаровага чалавека.
У такім кантэксце ўважлівасць – гэта форма медытацыі, якая ўключае ў сябе максімальную засяроджанасць на сапраўдным, на тым, што вы адчуваеце ў гэты канкрэтны момант
Урачы з клінікі Мэё прапануюць просты і дзейсны спосаб трэніраваць уважлівасць і «ўключаць» галаву ў працу. Дастаткова проста засяродзіцца на сваім дыханні. Сядзьце прама, не напружвайцеся.
«Адчуйце» ўдых і выдых. Прыслухайцеся да сваіх адчуванняў, калі паветра ўваходзіць у лёгкія і выходзіць з іх. Звярніце ўвагу, як пашыраецца і сціскаецца грудная клетка. Гэта нармальна, калі супраць сваёй волі вы лётаеце ў думках, выконваючы нават самую адказную працу. Але просты і эфектыўны прыём канцэнтрацыі на ўласным дыханні хутка верне вашыя думкі ў патрэбнае рэчышча.
Людзі, якія рэгулярна трэніруюць мозг і развіваюць уважлівасць, могуць кіраваць сваімі думкамі, пераключаючы іх з негатыўных на пазітыўныя. Такія людзі больш сканцэнтраваныя, арганізаваныя. А ў выніку – больш паспяховыя.
Гэты пункт у спісе звычак здаровага чалавека, па сутнасці, не мае патрэбы ў дадатковых каментарыях. Уменне быць удзячным за эмоцыі і падзеі кожнага дня, за новыя знаёмствы і зносіны, за ўладанне малым і імкненне дасягнуць большага - сапраўднае мастацтва. Але без гэтага немагчыма быць у пэўным сэнсе здаровым чалавекам, ні эмацыйна, ні фізічна.
Спадзяемся, кожны з вас знойдзе ў гэтым артыкуле нешта новае і карыснае выключна для сябе, зможа ўжыць і выкарыстаць гэтую інфармацыю так, каб зрабіць сваё жыццё ярчэйшым, шчаслівейшым і здаравейшым.
Дэтэктыўнае агенцтва «Брык і Шуся»
Героі: Малпа Ляля, Брык, Шуся, Чэсь (чарнахвосты лугавы сабачка), Лама, Козачка, Воўк, Бусел, Зубр, Леў, Жаба-ага, Вавёрка Варка, Хамелеон.
Сцэна, нібы клетка ў заапарку, з трох бакоў абгарожаная рашоткай. Пад яе «падкопваецца» Воўк, заграбае лапамі, адкідвае ўяўную зямлю, рычыць. Заўважае гледачоў, прысядае ад нечаканасці: «Хто тут?» Робіць выгляд, што нічога «такога» не рабіў, «незаўважна засыпае нару».
На авансцэну выбягае Чарнахвосты лугавы сабачка Чэсь, які пачынае мітусіцца, шукаць нечага. І ўвесь час у роспачы прыгаворвае: «Прапала! Прапала! Прапала!»
Іншыя жывёлы па чарзе збіраюцца вакол Чэся, не разумеючы, што адбываецца, перапытваюць адно ў аднаго: «Хто прапаў?!», «Што прапала?!»
Апошняй выскоквае Малпа Ляля, яна становіцца пасярод сцэны, раскідвае лапы і выгуквае: «Ма-а-а-аня!!!»
Усе хорам: «Маня!»
Пачынаюць мітусіцца (цяпер ужо мэтанакіравана), шукаючы малпу нават там, куды яна пры ўсім жаданні не магла б змясціцца. Толькі Воўк стараецца хвастом зацерці месца «падкопу».
Раптам Чэсь замірае: «Стойце!»
Усе імгненна спыняюцца ў самых дзіўных паставах.
Чэсь: Я ведаю, хто знойдзе нашу Маню! (Абводзіць звяроў ганарлівым позіркам.) І я іду па іх!
Пад музыку выпраўляецца ў дарогу. Сцэна круціцца. Рашоткі знікаюць.
Утульны пакойчык з двума фатэлямі, столікам, дзе стаіць талерка з печывам, каляровымі фіранкамі на вокнах. У крэсле сядзіць сумны Брык. Шуся круціцца вакол яго, раз-пораз зазіраючы сябруку ў вочы.
Брык: Су-у-умна, Шуся…
Шуся: Ну, давай пагуляем, Брык!
Брык: У што?
Шуся: У хованкі…
Брык: Гулялі ўжо сёння.
Шуся: Тады давай памалюем!
Брык: Учора ўвесь дзень малявалі…
Шуся: А… а давай…
Шуся не паспявае дагаварыць, як чуецца грукат у дзверы.
Брык і Шуся, пераглянуўшыся, кідаюцца да дзвярэй, адбіраюць адзін у аднаго ключ. Адчыняюць і здзіўлена глядзяць на неспадзяванага госця.
Чэсь: Можна?
Брык: Так, заходзьце, калі ласка! Вы…
Чэсь (перапыняе): Я не сурок, не хамяк і не вавёрка! Ясна? Я – чарнахвосты лугавы сабачка. Ясна? Клас млекакормячых, атрад грызуны, сямейства вавёркавых. Ясна?
Брык і Шуся (разам): Ясна!
Госць дзелавіта аглядаецца па баках, важна надзьмуўшы шчокі.
Чэсь (з гонарам): Я ўпаўнаважаны ўсім заапаркам сустрэцца з вядомымі дэтэктывамі – Брыкам і Шусяй. Гэта вы?
Брык (асцярожна): Так, мы з Шусяй – гэта мы, але ж мы ніякія не дэтэктывы…
Шуся: Ага! (Ківае і на ўсялякі выпадак хаваецца за спіну Брыка.)
Чэсь: Нічога не разумею. (У недаўменні.) Вы Брык і Шуся?
Брык і Шуся (разам): Мы!
Чэсь: Вы лета шукалі?
Брык: Так, але ж…
Чэсь у захапленні скача вакол Брыка і Шусі.
Чэсь: Вось! Значыць, усё правільна! І я ўпаўнаважаны ўсім заапаркам сустрэцца з вамі па надзвычай важнай справе! Ясна? (Чэсь запытальна зірнуў у вочы Шусі.)
Брык (адцясніўшы Шусю крыху далей ад Чэся): А якая ў вас справа, шаноўны…
Чэсь: Авой, я ж не прадставіўся!.. (Чэсь ізноў мітусліва забегаў па пакоі.) Выбачайце, калі ласка, тут такая справа, такая справа, што я забыўся пра ўсё на свеце, нават пра ветлівасць, а пра яе, канечне, забывацца, нельга ні ў якім разе, але ж у нас там такое, такое…
Брык (упершыню выказвае сапраўдную зацікаўленасць і гатоўнасць да новых прыгод): Якое?!
Шуся (падсоўваючы Чэсю крэсла): Вы сядайце. Хочаце гарбаты? Дык як, вы кажаце, вас завуць?
Чэсь: Лепш печыва, калі ласка, даражэнькая! (Чэсь узабраўся на крэсла і выцер лоб.) Фух, ажно спацеў… Я – Чэсь! Збег з заапарку, каб сустрэцца з вамі! А я ж сплю – са жніўня па сакавік, так-так… Вас гэта здзіўляе, канечне. Але ў нас, лугавых сабачкаў, такая завядзёнка… (Чэсь на імгненне змоўк, смачна захрабусцеўшы печывам.)
Брык: Дык што ў вас здарылася, шаноўны Чэсь?
Чэсь: О!.. (Чэсь хуценька пракаўтнуў апошні кавалачак, з сумам зірнуў на пустую міску, нават пашкрэб па донцы, але ўбачыў, што за ім запытальна сочаць Брык і Шуся, схаваў лапкі ў кішэні і паспешліва пачаў тлумачыць.) Вы сабе не ўяўляеце! Проста не ўяўляеце! Учора яшчэ ўсё было добра, усе на сваіх месцах. Мая жонка – спіць. Я – сплю. А тут нас будзяць і кажуць, што яна знікла! Так, знікла! Мы ўсе куткі ў заапарку абшукалі – няма яе нідзе!
Брык: Каго няма?!
Чэсь: Яе! Нашай любімай Манечкі! Канечне, яе завуць Майна Гусараўна, але сябры клічуць яе проста Маня.
Шуся: А хто яна?
Чэсь: Я не сказаў? Выбачайце, выбачайце, шаноўныя! Я ж кажу, яшчэ не прачнуўся як след, а ўжо прыбег да вас!.. Маня – гэта малпа, дакладней чырвоная мартышка.
Брык: Насамрэч чырвоная? (Брык старанна занатоўвае ўсё, што кажа Чэсь, у вялікі нататнік.)
Чэсь (крыху сумеўся): Ну, гэта такое найменне. У яе руда-карычневая поўсць, месцамі нават светла-жоўтая… Такая красуня, ведаеце, такая…
Брык (тонам сапраўднага дэтэктыва): Што яшчэ вы можаце пра яе распавесці? Сябры, родзічы, знаёмыя…
Чэсь (задуменна): Сябры яе ўсе ў нашым заапарку, а вось родзічы – яны далёка, у Афрыцы…
Шуся: Дык, можа, яна да іх паехала?!
Брык ухвальна зірнуў у бок сяброўкі.
Але Чэсь адмоўна пакруціў галавой і з сумам зірнуў на пустую талерку з-пад печыва.
Чэсь: Не магла яна выправіцца ў такую далёкую вандроўку, не сказаўшы нікому… Яна не такая, разумееце?
Шуся (збянтэжана): Не…
Брык (рашуча): Такая, не такая… Будзем разбірацца на месцы. Шуся, дзе мой капялюш у клетку і плашч?
Шуся хуценька нясе ўсё неабходнае. Так Брык яшчэ больш падобны да дэтэктыва. Шуся пазірае з захапленнем, нават у позірку госця паменела пачатковай разгубленасці.
Брык (важна да Чэся): Вядзіце нас!
І яны выпраўляюцца ў заапарк.
Заапарк. Звяры сабраліся на сход.
Пад дрэвам – Лама, Козачка, Воўк, Бусел, Зубр, Леў, Жаба-ага, Вавёрка Варка, Малпа Ляля. Хамелеон на дрэве, але да часу яго ніхто не заўважае.
Спрэчка разгарэлася не на жарт.
Лама (вельмі ўсхвалявана): Мы мусім зараз жа ісці на пошукі!!!
Козачка (з жахам, бо нарадзілася ў заапарку і не ўяўляе сабе іншага месца для жыцця): Пакінуць заапарк?!
Воўк (аблізнуўшыся): Хай ідуць, а мы з вамі, Козачка, застанемся чакаць…
Козачка адсоўваецца ад драпежнай кампаніі як мага далей і пры гэтым ледзь не наступае на вялізную Жабу-ага.
Лама: Асцярожна, даражэнькая, а то Жаба-ага можа пырснуць на вас сваёй атрутай!
Жаба-ага: Ага! (Усім сваім выглядам сціпла згаджаецца Жаба-ага, але пырскаць пакуль не збіраецца.)
Козачка ў жаху адсоўваецца падалей і ад Жабы-ага.
Жаба-ага (памяркоўна квакае): Давайце яшчэ крыху пачакаем…
Лама (цвёрда): Ну не! Пакуль мы будзем чакаць, стане холадна і наша Маня можа загінуць!
Жаба-ага: Ага…
Стары Зубр, якога абралі старшынёю звярынага сходу, адкашляўся, прыцягваючы да сябе ўвагу.
Зубр: Сябры! Я мяркую, што панікаваць рана. Пакуль не вярнуўся Чэсь, не варта мітусіцца. Акрамя таго мы не можам усе разам пакінуць сваю працу ў заапарку – людзі штодня прыходзяць на нас паглядзець. Таму я вырашыў, што пры неабходнасці ў горад пойдуць самыя незаўважныя…
Воўк (лісліва): Я цудоўна ўмею маскіравацца пад сабаку!
Козачка забілася яшчэ глыбей у кут, за спіну добрай Ламы.
Зубр: Не, спадар Воўк! (Зубр з прыхаваным недаверам зірнуў на Ваўка.) Баюся, гэта можа выклікаць нездаровае ажыўленне сярод людзей.
Бусел (сціпла): Я магу праляцець над горадам і пашукаць яе зверху.
Зубр: Выдатная ідэя. А з вамі пойдзе…
Вавёрка Варка: Можна я, можна я? (Вавёрка Варка заскакала вакол Зубра.) Я буду шукаць Маню на дрэвах!
Зубр (памяркоўна): Добра, з Буслам пойдзе Вавёрка Варка…
Леў: Перапрашаю, калега Зубр. А можа быць, усё-ткі не варта нікуды выбірацца…
Вавёрка Варка: Як гэта не варта? Як не варта?!
Леў: Можа, наша малпа нікуды не сыходзіла, можа… (Леў памаўчаў, абводзячы позіркам прысутных на сходзе жывёл.) Яе проста нехта… З’еў! (Рыкнуўшы апошняе слова, Леў прымружыў вочы і пляснуў хвастом па зямлі.)
Гэты гук нібыта ўключыў напоўную гук у вальеры. Усе імкнуцца давесці, што падобнае немагчыма, абсалютна выключана і ўвогуле ніколі не магло б здарыцца ў іх дружным заапарку. Верагодна, некага б з’елі прама тут, падчас сваркі, але Козачка раптам прыслухалася і звонка выгукнула: «Ой! Прыйшлі!» Звяры павярнулі галовы да ўваходу і ўбачылі Брыка і Шусю, каля якіх мітусіўся Чэсь.
Чэсь (з гонарам): Я казаў, што прывяду – вось! Прывёў!!! Калі ласка, прашу, шаноўныя дэтэктывы!
Брык і Шуся разглядаюць змоўклых жывёл. Тыя, хто з надзеяй, а хто і падазрона, сочаць за імі.
Зубр (са шчырай радасцю): Вітаем вас у нашым заапарку, шаноўныя Брык і Шуся!
Усе: Вітаем, вітаем!.. Як добра, што вы прыйшлі!.. Вы ж знойдзеце яе, праўда?..
Звяры пачынаюць, не слухаючы адно аднаго, расказваць, што здарылася. У гармідары немагчыма разабраць ні слова. Брык узлазіць на камень і ўзмахвае рукамі.
Брык: Не ўсе адразу, калі ласка! Я не разумею, што вы кажаце!
Зубр (выходзіць наперад): Мяркую, вы крыху ведаеце пра наша здарэнне. Прапала малпа. Маня. (Уздыхае.) Лепш, калі вы будзеце задаваць пытанні, а мы адказваць – па чарзе! ( Зубр сурова зірнуў на звяроў.)
Брык: Добра… (Брыку крыху няёмка пад уважлівымі позіркамі, але ён бярэ сябе ў рукі пачынае пытацца.) Хто і калі апошнім бачыў малпу Маню, яна ж Майна Гусараўна, яна ж чырвоная мартышка?
Малпа Ляля: Я.
Вавёрка Варка (круцячыся вакол): Гэта Ляля, Маніна сяброўка, яны заўжды разам! Я ведаю!!!
Брык (вельмі сур’ёзна): Дзякуй, шаноўная, прадаўжайце, калі ласка, спадарыня Ляля. Калі гэта было?
Ляля: Учора днём мы гутарылі ў маім вальеры, а пасля Маня сказала, што хоча пайсці падрамаць. Я засталася ў сябе, і больш… Больш я яе не бачыла… (Ляля ўсхліпнула і прыкрыла лапамі вочы.)
Шуся (да Лялі, са шкадаваннем): Не плачце! Мы абавязкова яе знойдзем!
Брык (захоўвае сур’ёзнасць, занатоўвае адказы): А якой гадзіне гэта было, удакладніце, калі ласка!
Ляля (нахіліўшы галаву ўбок): Прыкладна пасля поўдня. Маня заўжды любіла паспаць перад абедам.
Брык (уважліва аглядае звяроў): І ніхто не бачыў яе пасля?
Хамелеон (самога яго пакуль не бачна): Ну… Калі вы ўжо спыталі…
Брык аглядаецца, але ніяк не можа заўважыць таго, хто гэта прамовіў.
Шуся (амаль не дрыжачым голасам): Хто вы?
Хамелеон (садзіцца на галінцы дрэва, з якой зліваўся, дзякуючы карычнева-зялёнаму касцюму): Я – Хамелеон. Я бачыў Маню пасля поўдня, але кіравалася яна зусім не спаць, як мне падалося…
Ляля: А куды?! (Малпа падскочыла да дрэва і пачала яго трэсці.) Куды яна пайшла, гавары зараз жа!!!
Хамелеон не ўтрымліваецца на галінцы і падае проста пад капыты Зубра.
Зубр (разважліва, крануўшы Хамелеона капытом): Па-мойму, ён страціў прытомнасць.
Чэсь: Трэ паліць яго вадой! (Мітусіцца па сцэне, трымаючы свой капялюшык, як збанок.) Дзе вада?! Я прынясу!!!
Леў пырскае лапай са сваёй міскі на Хамелеона, і той расплюшчвае вочы.
Чэсь (узрушана скача вакол): Ён жывы! Глядзіце, ён жывы! Хутчэй гаварыце нам, куды яна пайшла!
Хамелеон (няўцямна): Хто?
Усе: Малпа!
Хамелеон: Якая малпа?
Чэсь (у поўнай цішыні, заікаючыся): М-м-м-маня…
Лама (лямантуе): Ён страціў памяць! Цяпер мы нічога не даведаемся! (да Лялі, раз’юшана) Навошта ты трэсла дрэва, Ляля?!
Ляля: Я… Я не хацела… Я толькі… А-а-а! (Галосіць.)
Брык: Яго трэба да доктара!
Лама: Я адвязу… Кладзіце яго мне на спіну… Асцярожна…
Хамелеона асцярожна кладуць на спіну Ламе, якая вязе яго да ветэрынара.
Леў (нібыта сам сабе пад нос): Вось і другая ахвяра…
Зубр (з абурэннем): Што ты такое кажаш, дружа Леў?!
Леў (спакойна): Я кажу, што нехта тут вельмі не хоча, каб мы даведаліся, куды ўсё-ткі прапала малпа Маня.
Брык зноў узбірааецца на камень.
Брык: Прашу ўвагі, спадарства! Ніхто не пакіне гэты вальер, пакуль мы ўсё не высветлім.
Козачка (усхвалявана): А як жа вячэра?
Воўк (выцягвае аднекуль відэлец і нож, дзынкае адно аб адно): Тут і павячэраем!
У козачкі ад жаху дрыжаць ногі, але Зубр грукае капытом на Ваўка. Той расчаравана хавае прыборы.
Зубр: Ніякай вячэры! Мы застанемся тут, колькі трэба, каб пазбавіць наш заапарк самага жахлівага – падазрэння ў тым, што хтосьці з нас з’еў нашу сяброўку…
Шуся (нясмела перапыняе): Даруйце, калі ласка, а хто з вас бліжэй за ўсіх сябраваў з Маняй?
Ляля (ад абурэння тым, што гэты факт камусь невядомы, нават перастае падгалошваць і ўсхліпваць): Я, канечне! Я – яе лепшая сяброўка!
Вавёрка Варка (з’едліва): Што ж вы сварыліся тады штодня?
Ляля: Мы не сварыліся! Мы размаўлялі! Мы заўсёды так размаўляем! Размаўлялі-і-і-і… (зноў пачынае ўсхліпваць)
Бусел (раптам уступае ў гаворку, выцягнуўшы дзюбу з-пад крыла): А я вось чуў, як вы сварыліся з-за караляў.
Ляля (крычыць): Няма ў мяне ніякіх караляў!
Лама (вярнулася ад ветэрынара): А ў Мані – былі.
Жаба-ага (падкваквае): Ага! Я таксама бачыла. Прыгожыя такія, чырвоныя.
Брык (да Жабы-ага): І дзе яны цяпер?
Жаба-ага: Ква-дкуль жа мне ведаць. Можа, у яе ква-льеры, а мо і дзе яшчэ… (Шматзначна змаўкае, надзьмуўшы шчокі.)
Брык (рашуча): Гэта трэба праверыць!
Вавёрка Варка: Я! Я скокну і пагляджу!
Не паспеў Брык згодна кіўнуць, як Вавёрка Варка выслізнула са сцэны. Звяры маўчалі, зрэдку абменьваючыся падазронымі позіркамі. Нікому не хацелася нічога абмяркоўваць. Пад напружаную музыку Брык ходзіць па коле, звяры гужам ідуць за ім. Вяртаецца Вавёрка Варка.
Вавёрка Варка (крычыць яшчэ з-за куліс): Няма! Там нічога няма, я ўсё праверыла, усё-ўсё!
Цішыня ў вальеры становіцца драпежнай. Усе позіркі сыходзяцца на Лялі. Тая пачынае трэсціся.
Ляля: Гэта не я, праўда! Гэта не я! Вы не маеце права мяне абвінавачваць! У вас няма доказаў!..
Брык (сурова): Пад цяжарам ускосных улік мы мусім абшукаць ваш вальер…
Ляля бялее, здаецца, яна зараз упадзе. Шуся імкнецца яе падтрымаць. Раптам Леў уздымаецца са свайго месца.
Леў: Не трэба. Вы нічога ў яе не знойдзеце. Каралі ў мяне.
Зубр (з недаверам): У цябе?! Навошта яны табе?
Ляля (кідаецца на Льва, але Зубр своечасова наступае ёй на хвост): Як?.. Як! Як вы маглі?!
Макака з аблягчэннем разрыдалася. Чэсь працягнуў ёй трыпутнік замест насовачкі. Лама, падышоўшы, ціха супакойвае Лялю.
Брык (да Льва): Калі і якім чынам каралі апынуліся ў вас, спадар Леў?
Леў (спакойна, хвастом адмахнуўшыся ад Лялі): Маня сама аддала іх мне. Яна сказала, што баіцца, каб іх не скралі.
Брык: Хто?
Леў: Яна не ўдакладняла, а я не пытаўся.
Шуся: Чаму ж вы маўчалі раней?!
Леў: Я спадзяваўся, што той, хто спрычыніўся да знікнення Мані, нейкім чынам выдасць сябе, але…
Брык (разгублена): Зразумела…
Шуся заўважае, што Вавёрка Варка трымае кавалачак паперы.
Шуся: Што гэта?
Вавёрка Варка: А? Гэта ляжала на ўваходзе ў Манін вальер. Я вырашыла, раптам нешта важнае. (Варка працягвае паперку Брыку.)
Крывымі літарамі, з памылкамі, там напісана наступнае:
КАЛІ ХОЧАЦЯ ВЯРНУЦЬ МАНЮ
ПАКЛАДЗІЦЯ КАРАЛІ ПАД СТАРЫМ ДУБАМ
Шуся (шэптам): Значыць, усё-ткі з-за караляў…
Брык: Мне падаецца, што ўсё не так проста… (да Льва) Пастарайцеся дакладна ўспомніць, калі Малпа Маня аддала вам каралі.
Леў: Нічога складанага. (Пасміхаецца.) Гэта было ўчора, акурат апоўдні. Яна аддала іх мне і сказала, што ідзе папляткарыць да Лялі, папярэдзіла, каб я нікому не казаў пра каралі і нікому не аддаваў, пакуль яна сама па іх не прыйдзе… Як вы разумееце, я да апошняга трымаў слова, але цяпер…
Зубр: Цяпер нам важна знайсці Маню. (Да Льва) Трэба аддаць каралі…
Леў: Так. (Леў падняў лапу – пад ёй бліскаюць чырвоныя пацеркі.) Яны тут.
Брык уважліва разглядае знаходку ў вялізную лупу.
Брык: Магчыма, гэтыя каралі дапамогуць нам выйсці на след злачынцы.
Козачка: А-а... вы ўпэўнены, што ён быў адзін?
Брык: Так. Я ўпэўнены. А яшчэ я ўпэўнены, што той, хто ўсё гэта прыдумаў, знаходзіцца ў заапарку.
Жывёлы заазіраліся.
Ляля: Гэтага не можа быць! Абсалютна немагчыма, чуеце! Я адмаўляюся ў гэта верыць!
Воўк (раздражнёна): Дык мы будзем класці каралі пад дуб ці не?
Брык: Абавязкова! Гэты дуб? (паказвае на дрэва ў глыбіні сцэны) Я сам і пакладу. А вы заставайцеся тут разам з Шусяй і (грозна) каб ніхто не сыходзіў!
Чэсь (закідваючы на плячо галінку, як стрэльбу, і пагрозліва абводзячы позіркам звяроў і залу): Ха! У мяне мышына не праслізне!
Пакуль Брык клаў каралі на віднае месца пад дубам, хмары канчаткова зацягнулі неба і пачаўся брыдкі асенні дождж.
Мокрыя звяры хвіліна за хвілінай не зводзілі вачэй з дрэва, некаторых пачало хіліць у сон. Брык захутвае Шусю сваім плашчом, калі раптам чуецца здзіўлены голас Козачкі: «Ой, а дзе каралі?!»
Нават у дажджлівым мроіве бачна, што каралі дзівосным чынам зніклі.
Дождж усё ідзе. Шуся гучна чхае. І гэты гук абуджае ўсіх ад здранцвення, выкліканага навіной пра зноў згубленыя каралі.
Брык адкашляўся, атрымалася не так прадстаўніча, як хацелася, але звяры зірнулі на яго.
Брык: Сябры, я хачу вам сказаць…
Воўк: Можа, хопіць ужо размоў, га? Ні Мані, ні караляў, ні вячэры! Мы б і самі так «справіліся»!
Жаба-ага: Ага!
Козачка (жаласна): Мне холадна…
Усе скардзяцца. Маўчаць толькі Зубр і Леў. Чэсь вінавата жуе травіну, гледзячы долу.
Лама (з уздыхам): Мы так на вас разлічвалі…
Вавёрка Варка (шмыгнуўшы носам): Думалі, вы сапраўдныя дэтэктвы, а вы, вы!..
Шуся (са слязьмі на вачах): Але ж мы шчыра хацелі вам дапамагчы! Гэта несправядліва! Можа, вы толькі кажаце, што хочаце знайсці Маню, а самім усё роўна! Толькі пра сябе дбаеце! Якія ж вы сябры?!
Брык (цягне Шусю за рукаў): Не трэба, Шуся…
Шуся: Трэба! Ты б ад дапамогі не адмовіўся, калі б я прапала! (Шуся з крыўдай глядзіць на звяроў.) Брык шукаў бы мяне!
Зубр (разгублена): Дык… І мы ж шукаем… Вось дождж скончыцца…
Шуся (абурана): А пакуль ён не скончыцца, яна недзе адна! Ёй, напэўна, холадна і самотна! Без сяброў!
Зубр хвастом змахвае слёзы, усхліпвае Лама, жывёлы хаваюць вочы. Нават Леў адвярнуў галаву. Але найгучней усхліпвае хтосьці на дрэве, пад якім яны стаяць.
Голас з дрэва: Уй-юй-юй!.. Холадна! Самотна!.. Ніхто не любіць малпу Маню! Ніхто сябраваць не хоча-а-а!..
Брык (радасна): Мы хочам з вамі сябраваць! Спускайцеся хутчэй!
З дрэва, плачучы, спускаецца Малпа Маня. Яе абступаюць шчаслівыя звяры.
Звяры: Маня!!!
Ляля: Манечка, ты жывая!!!
Вавёрка Варка (скача вакол):Ура!!! Маня знайшлася!
Усе імкнуцца дакрануцца да малпы, праверыць, што гэта сапраўды яна – жывая і здаровая. Нехта нават таргануў Маню за хвост. А яна ўсё ніяк не можа супакоіцца і ўсхліпвае.
Маня: Ніхто мяне не любі-і-іць!.. Ніхто са мной не сябруе-е-е!..
Брык (да Мані): Пачакайце, чаму вы кажаце, што вас ніхто не любіць? Калі б не любілі, то не шукалі б, не паклікалі б нас з Шусяй ды не стаялі б тут пад дажджом, без вячэры…
Маня: Ой! (Маня заазіралася.) Няўжо вы ўсе праўда за мяне хваляваліся?
Звяры згодна загаманілі, нават Воўк чмыхнуў з выглядам «А што, я горшы за ўсіх, ці што?»…
Шуся (з пераможнай усмешкай): Вось бачыце!
Брык (задаволена): Шаноўная спадарыня Маня, патлумачце, калі ласка, сваім сябрам, навошта вы хаваліся ад іх.
Маня: Я… Я хацела, каб усе тыя, хто раней не заўважаў мяне, хто з мяне смяяўся, пашкадавалі, каб ім стала сорамна за свае паводзіны, вось! (Горда ўскідвае галаву.) Таму я хавалася на гэтым дрэве і сачыла за вамі…
Ляля (падскоквае да Мані): Нам сорамна?! Гэта табе мусіць быць сорамна, падманшчыца! Мы тут хвалюемся, галадаем, мокнем, а яна – назірае!!! Магла б і папярэдзіць, сябровачка! А то мяне з-за цябе ледзь у крадзяжы не абвінавацілі! Мяне!!!
Маня: Скажаш, ніколі не хацела займець мае каралі?
Ляля, надзьмуўшыся, горда прамаўчала ў адказ. Адышла і павярнулася спінаю да сяброўкі.
Маня (ціха): Я ж сама хацела іх табе падарыць… На дзень нараджэння.
Брык (з цікаўнасцю): Чаму ж вы аддалі іх на захаванне спадару Льву?
Маня: Я атрымала ліст, дзе было напісана, што я мушу аднесці іх пад Стары дуб, іначай маёй сяброўцы будзе вельмі кепска… Так што я вырашыла лепш схаваць іх і схавацца самой, каб даведацца, хто ж мяне больш за ўсіх не любіць, хто не захоча мяне шукаць… (Зноў усхліпвае.)
Брык: А той ліст вы захавалі?
Маня: Не… (Чырванее.) Я яго… знішчыла.
Шуся (паказвае Мані ліст з патрабаваннем): А вы паглядзіце на гэты і параўнайце – падобны почырк?
Маня: Так! Той самы! І памылкі, як у маім!
Брык (задаволена): Ну што ж, мне ўсё зразумела!
Чэсь (здзіўлена): Як?! Вы ведаеце, хто скраў каралі?
Брык: Гэта ж элементарна! Аднак скажыце мне спачатку, навошта патрэбны каралі? (можа звярнуцца з гэтым пытаннем і да дзяцей у залі)
Звяры: Іх можна насіць… Яны прыгожыя, чырвоныя…
Брык (ківае): Так. Яны, канечне, вельмі прыгожыя, але ці трэба яны, да прыкладу, вам, спадар Зубр, ці вам, спадар Леў?
Жывёлы адмоўна круцяць галовамі.
Брык (да Ваўка): А што б вы зрабілі з каралямі, калі б яны трапілі да вас, спадар Воўк?
Воўк (пагардліва цыкнуўшы): Нашто яны мне!? Ваўчысе б сваёй падарыў, калі такая справа…
Брык: Вось, менавіта! Я прыйшоў да высновы, што той, хто скраў каралі, хацеў… (робіць паўзу) Падарыць іх некаму!
Козачка (усхвалявана): Але каму?
Вавёрка Варка (верашчыць): А можа, мне, мне!
Лама (сціпла): Ці мне…
Жаба-ага: Мне-е-е!!!
Усчынаецца суцэльны жаночы гармідар. Кожная істота жаночага полу імкнецца давесці, што каралі хацелі падарыць менавіта ёй. Зубр, Леў, Воўк і Чэсь зацікаўлена назіраюць, адсунуўшыся ад паненак як мага далей.
Брык: Я прашу цішыні!
На яго ніхто не звяртае ўвагі. Брык позіркам просіць дапамогі ў Шусі. Тая ўзбіраецца на камень.
Шуся (вельмі гучна і пранізліва): А-а-а-а!
Жывёлы слупянеюць. Пасля, прысаромленыя, глядзяць на Шусю. Тая злазіць з каменя, саступаючы месца Брыку.
Брык (патрос галавой, каб адагнаць звон): Дзякуй, Шуся! Шаноўная Маня, працытуйце нам, як мага больш дакладна, тэкст ліста, які вы атрымалі.
Маня (заплюшчвае вочы, прыкладае палец да ілба, відавочна напружваецца): Аднясі каралі пад Стары дуб, іначай будзе кепска тваёй лепшай сяброўцы… Здаецца, так.
Брык (неверагодна задаволены): Выдатна! Дзякуй вам, шаноўная! А цяпер скажыце мне, хто вашая лепшая сяброўка.
Маня (спадылба зірнуўшы на сяброўку): Ляля… (Ляля сарамліва апусціла галаву.)
Брык (важка): Значыць, каралі ўзяў той, хто хацеў, каб вашай сяброўцы было добра!
Маня (агаломшаная высновай): Атрымліваецца, так… Але хто гэта?
Брык: Той, каму абавязкова трэба было даведацца, куды падзеліся каралі пасля вашага знікнення. Той, хто быў тут, калі спадар Леў паказаў іх усім нам. Але адзіны, каго не было сярод нас у момант, калі каралі зноў зніклі… Гэта…
Хамелеон (з годнасцю спускаецца з дрэва, на шыі яго пабліскваюць каралі Мані): Так, гэта я. Вы сапраўдны дэтэктыў, спадар Брык, прымайце мае віншаванні. Спадарыня Шуся, вам пашанцавала з сябрам. Ох! (Прачмякаў па мокрай зямлі да каменя і сеў на яго.) Адразу заяўляю, што шаноўны Брык меў рацыю – я хачу падарыць гэтыя каралі самай прыгожай макацы нашага заапарка. Ляля, гэта табе!
Ляля не кранаецца з месца. Хамелеон нервова раскручвае хвост і зноў скручвае яго ў кольца.
Хамелеон: Разумею, што я не самае цудоўнае стварэнне, я часта мяняю колер, прыстасоўваюся да асяроддзя, але маё пачуццё да цябе, мілая Ляля, нязменнае. Няхай мяне пасадзяць у цесную клетку, але гэтыя каралі заўжды будуць нагадваць табе пра мяне. (Устае, з гжэчным паклонам працягвае каралі Лялі. Тая вагаецца, але Маня раптам штурхае яе ў бок.)
Маня: Ну, чаго ты стаіш?! Бяры!
Ляля (вінавата глядзіць на сяброўку): А ты?
Маня: Я ж сама хацела іх табе падарыць на заўтрашні дзень нараджэння. (Пасміхаецца.) Цяпер давядзецца дарыць банан!
Сяброўкі абняліся. Расчуленая Лама гучна смаркаецца.
Ляля: Добра, давай… (Ускладае каралі, якія сапраўды вельмі ёй пасуюць, і няўпэўнена глядзіць на Хамелеона.)
Козачка: А што будзе з Хамелеонам?
Воўк (адвярнуўшыся, з веданнем справы, пхнуўшы рашотку і з сумам зірнуўшы на месца свайго «падкопу») У клетку! Век волі не бачыць!..
Шуся: Можа, не трэба яго ў клетку? Ён жа хацеў як лепш…
Усе паварочваюцца да Зубра.
Зубр (памаўчаўшы хвіліну, выносіць прысуд): Мы лічылі яго сваім сябрам, аднак Хамелеон падмануў наш давер. Здзейсніў крадзеж, хай і не дзеля сябе… Таму большую частку часу ён мусіць знаходзіцца ў клетцы, а пакідаючы яе, павінен рабіцца чырвоным, каб усе маглі яго бачыць і каб сам ён памятаў, што браць чужое – сорамна! Калі ж ён засвоіць урок і верне страчаны давер, то зможа зноў хадзіць паўсюль і прымаць розныя колеры.
Звяры схілілі галовы, ухваляючы пастанову Зубра.
Паціху разыходзячыся, усе дзякуюць Брыку і Шусі, запрашаюць іх завітваць у заапарк, калі толькі захочацца, абяцаюць паказаць свае вальеры і пачаставаць рознымі ласункамі.
Ляля незаўважна падыходзіць да Хамелеона, які сядзіць убаку і чакае, пакуль яго павядуць у клетку, моўчкі сядае побач. Дождж скончыўся, але сонца ніяк не можа выбрацца з-пад коўдры шэрых хмараў.
Ляля: У мяне заўтра дзень нараджэння.
Хамелеон: Я ведаю.
Ляля: Ты прыйдзеш?
Хамелеон: Калі запросіш.
Ляля: Запрашаю.
Хамелеон: Дзякуй табе. (Уздыхае.) І даруй, што так атрымалася.
Ляля (сумна ўсміхаецца): Мог бы і без караляў…
Леў і Зубр вядуць Хамелеона са сцэны, а Ляля разам з Маняй і Чэсем праводзяць Брыка і Шусю да варот заапарка.
Брык і Шуся ў сябе дома. Брык сядзіць у фатэлі, Шуся адсоўвае фіранкі – за вакном свеціць яркае сонца.
Брык: Сумна…
Шуся: Зноў?! Мы ж толькі ўчора закончылі расследаванне, знайшлі малпу Маню ды яе каралі!.. І сонца нарэшце прачнулася!
Брык: Не, я не пра гэта… Сумна, калі з лепшых памкненняў робяцца кепскія ўчынкі.
Шуся (з цікаўнасцю): А што б ты зрабіў, калі б даведаўся, што мне падабаюцца, прыкладам, тыя ж каралі Мані?
Брык (крыху сумеўшыся): Пайшоў бы і папрасіў яе падарыць альбо шукаў такія самыя ў краме.
Шуся (задумліва): Я думаю, калі б Хамелеон папрасіў іх у Мані для Лялі, тая не адмовіла б…
Брык (з запалам): Так! І я кажу! Узяць без дазволу толькі спачатку здаецца лягчэй, а потым заўжды кепска і сорамна прызнавацца. (Брык глядзіць на гадзіннік.) Ой, Шуся, калі не паспяшаемся, то спознімся на дзень нараджэння Лялі!
Шуся (заклапочана азіраецца вакол): А што мы ёй падорым?
Брык: У мяне ёсць шакаладка!
Шуся: А ў мяне – мячык! Зусім новы… Мне здаецца, Ляля абрадуецца! А ведаеш, Брык…
Брык: Што, Шуся?
Шуся: Такое адчуванне, што гэта ў мяне сёння дзень нараджэння. Так прыемна рабіць падарункі! Ну, пабеглі хутчэй!
Брык: Пабеглі!
Сцэна зноў ператвараецца ў заапарк, але ён увесь асветлены сонцам, упрыгожаны шарыкамі і каляровымі стужкамі. Звяры радуюцца дню народзінаў Лялі, прыходу Брыка і Шусі. Збоку стаіць Хамелеон у чырвоным плашчы і вялікім гальштуку-матыльку.
Ляля падыходзіць да яго і запрашае на танец.
За імі пачынаюць танчыць усе.
Брык (кружыць Шусю ў танцы): Ведаеш, Шуся, мне вельмі спадабалася быць дэтэктывам.
Шуся: І мне!.. Мы столькі новых сяброў знайшлі, Брык!.. А давай…
Шуся не паспявае дагаварыць, як на сцэну выбягае ўзрушаны Чэсь.
Чэсь (лямантуе): Прапаў! Прапаў!!! Знік!!!
Усе разам (спыніўшы танцы): Хто?!
Чэсь: Святочны торт! Мая жонка зрабіла… Толькі адвярнулася – а ён знік!!! Такі смачны!!! З крэмам…
Збоку чуецца задаволенае чмяканне.
Усе паварочваюцца да Ваўка, які хуценька аблізваецца. Але ўсё адно рэшткі крэма бачныя на яго носе.
Воўк (абражана, хаваючы лапы за спінаю): Вось так заўжды! Ледзь што, дык адразу воўк вінаваты!
Жаба-ага: Ага!
Усе: Трымайце яго! Ён наш торт з’еў!!!
Бегаюць па сцэне за Ваўком.
Брык (да Шусі): Я адразу зразумеў, што гэта Воўк узяў торт!
Шуся (у захапленні): Але як, Брык?!
Брык (задаволена): Элементарна, Шуся! (схіляецца да яе вуха, гучным шэптам) У яго вельмі адметны выраз твару…
Шуся: Які?
Брык: КРЭМАВЫ!
Шуся: Брык, ты сапраўдны дэтэктыў!!!
Усе звяры спяваюць фінальную песню. Паўторы – па чарзе, групамі.
Усе:
У нашым заапарку
утульна, як нідзе:
адны сядзяць на дрэвах,
другія – у вадзе!
Вось толькі малпа Маня…
Дзе?
Дзе?
Чэсь (пісклявае сола): Дзе?!
Куды прапала малпа,
дазнаюцца яны,
крутыя дэтэктывы –
ты толькі зацані!
Брык і Шуся!
Брык і Шуся!
Брык і Шуся!
Чэсь (пісклявае сола):
Я з імі анічога не баюся!!!
Жаба-ага (гучна квакае): Ага!
Чэсь падскоквае ад неспадзяванкі і збягае са сцэны. За ім – усе астатнія. Жаба-ага падбірае згубленыя зноў каралі, ускладае на сябе і задаволена скача са сцэны, праквакаўшы гледачам сваё: «Ква-куль!»
Малюнкi – Аксана Аракчэева і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.
https://bel.24health.by/vozhyk-vasya-i-yago-prygody/
21 чэрвеня, у Міжнародны дзень ёгі, Falcon Club праводзіць адкрыты занятак па ёзе на вулічнай пляцоўцы для ўсіх жадаючых.
90-хвілінны занятак правядзе трэнер па ёзе Вера Прарочанка. У праграму ўключаны:
Збор усіх жадаючых наведаць гэта бясплатнае мерапрыемства адбудзецца ў 18.40 на рэсэпшэне Falcon Club Fitness.
Пры сабе трэба мець кілімок (калі вы не член клуба) і цёплае адзенне, каб працэс медытацыі прайшоў з большым камфортам і эфектыўнасцю.
Першая асацыяцыя на слова «халестэрын» у абсалютнай большасці людзей - атэрасклероз і яго наступствы: хваробы артэрыяльных сасудаў, у тым ліку артэрыяльных сасудаў мозга, а таксама захворванні сэрца – стэнакардыя і інфаркт міякарда. Наколькі справядліва гэта? Калі і пры якіх умовах халестэрын становіцца для нас небяспечным?
Навошта нам патрэбен халестэрын, якую функцыю ён выконвае і як знізіць узровень «дрэннага» халестэрыну, Слушна распавёў галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі хранічнай ішэмічнай хваробы сэрца РНПЦ «Кардыялогія», доктар медыцынскіх навук, прафесар Яўген Атрошчанка.
Халестэрын неабходны нашаму арганізму для паўнавартаснай жыццядзейнасці. Ён уваходзіць у склад клетачных мембран, забяспечваючы іх трываласць. Удзельнічае ў вытворчасці палавых гармонаў (андрагенаў і эстрагенаў), а таксама тых гармонаў, якія выпрацоўваюцца наднырачнікамі (картызол) і ў яечніках (эстрадыёл).
Акрамя гэтага, халестэрын з'яўляецца папярэднікам вітаміну D, сінтэз якога адбываецца ў скуры пад уздзеяннем сонечнага святла. Іграе важную ролю ў працэсе метабалізму (абмене рэчываў) тлушчараспушчальных вітамінаў (А, D, Е і К). Ён неабходны, паколькі забяспечвае жыццядзейнасць органаў і сістэм.
За «перамяшчэнне» халестэрыну ў арганізме адказваюць ліпапратэіны, якія дзеляцца на:
Павышаны ўзровень ЛПНШ можа выклікаць тлушчавыя адклады ў сценках сасудаў, як правіла, у артэрыях. Халестэрын ЛПНШ яшчэ называюць «дрэнным», паколькі яго ўзровень карэлюе з высокай рызыкай развіцця атэрасклерозу і такіх яго праяў, як інфаркт міякарда, інсульт і аклюзія перыферычных артэрый (перакрыццё крыватоку).
Халестэрын ЛПНШ – галоўны «вінаваты» з'яўлення атэрасклератычных бляшак, якія звужаюць прасвет сасудаў альбо цалкам іх закаркоўваюць, тым самым парушаючы ток крыві. У норме ЛПНШ складае 1,71-3,5 ммоль/л. Павышаным лічыцца больш за 5 ммоль/л.
Высокая канцэнтрацыя ЛПВШ істотна зніжае рызыку атэрасклерозу і сардэчна-сасудзiстых захворванняў, халестэрын ЛПВШ часам называюць «добрым халестэрынам» або альфа-халестэрынам.
ЛПВШ уваходзяць у склад шматлікіх жыццёва неабходных гармонаў, якія рэгулююць розныя працэсы ў арганізме. Гэта своеасаблівая мясцовая «крыніца» энергіі. З ЛПВШ складаюцца мембраны ўсіх клетак. Ён расшчапляецца ў печані або выводзіцца з арганізма. Норма ЛПВШ>1,0 (у мужчын) і больш за 1,1 ммоль/л (у жанчын).
Як ні банальна гучыць, але асноўная прычына павышэння ўзроўню такога халестэрыну, курэнне. Яно прыводзіць да паражэння сценак сасудаў, робячы іх больш тонкімі і слабымі.
«Дрэнны» халестэрын без цяжкасцей пранікае скрозь іх і асядае ўнутры. Як вынік – развіццё атэрасклерозу (захворванне артэрый).
Яшчэ адна прычына – гэта празмернасць у ежы і атлусценне.
У прыватнасці, ужыванне ў вялікай колькасці прадуктаў з высокім утрыманнем насычаных тлушчаў: чырвонага мяса, каўбасы, сасісак, цвёрдых сыроў, мучных кандытарскіх вырабаў і выпечкі.
Не апошнюю ролю ў павышэнні ўзроўню «дрэннага» халестэрыну іграе і працяглы псіхаэмацыйны стрэс.
Невялікі кароткачасовы стрэс актывізуе ахоўныя сілы арганізма, а вось моцны і працяглы – наадварот, падрывае здароўе.
Сярод іншых фактараў, якія ў той ці іншай ступені спрыяюць павышэнню ўзроўню халестэрыну, – маларухомы лад жыцця, злоўжыванне алкаголем, наяўнасць спадарожных захворванняў (цукровы дыябет, хваробы печані і нырак, артэрыяльная гіпертэнзія, зніжэнне функцыі шчытападобнай залозы). Акрамя гэтага, шанцы «займець» высокі ўзровень ЛПНШ павялічваюцца з узростам.
У канцы 40-х гадоў мінулага стагоддзя ў ЗША правялі Фрамінгемскае даследаванне, якое доўжылася 65 гадоў. Яго мэта – выявіць асноўныя прычыны развіцця сардэчна-сасудзiстых захворванняў. Вынікі гэтага даследавання паказалі, што людзі з высокім узроўнем ліпапратэінаў нізкай шчыльнасці часцей пакутуюць ад захворванняў сэрца і сасудаў, а гэта асноўная прычына развіцця атэрасклерозу і, як вынік, інфаркту міякарда.
Танечка выходзіць замуж…
Не за Валю, канечне. Навошта ёй Валя? Яны ўжо тыдзень не размаўляюць. І ніколі больш, напэўна, не будуць размаўляць. Чаму?
Таму што Валя не захацеў гуляць у вяселле. З ёй не захацеў. Вось калі б Каця была нявестай… Гэта ён так сказаў. Вось хай цяпер з ёй і гуляе. Хаця пакуль, канечне, не можа – Каця хварэе і не ходзіць у садок.
А ў яе, Танечкі, будзе проста цудоўны жаніх – Лёкса. Новенькі, які прыйшоў у іх групу месяц таму. Танечка ўвагі на яго раней не звяртала. А тут прыгледзелася: ну і што, што руды, затое малюе добра!
– Намалюеш мой партрэт? – Танечка ўсміхаецца Лёксу, а сама скоса не-не ды зірне ў кут, дзе складае канструктар Валя.
– Ну… Сядай. Толькі пастарайся не рухацца, – Лёкса ўважліва аглядае Танечку.
– А ты ў сваім былым садку маляваць навучыўся? – цікавіцца Танечка.
– Не, канечне, – чмыхае Лёкса. – У мяне тата – мастак. Я яму заўжды ў майстэрні дапамагаю!
– Майстэрня – гэта што? – не разумее Танечка.
– Гэта такая кватэра пад самым дахам, дзе мой тата малюе карціны, – з гонарам распавядае Лёкса. – Да яго прыходзяць розныя страшныя цёткі, а ён малюе іх, нібыта яны казачныя красуні…
– Гэта ж падман! – абураецца Танечка.
– Ніякі гэта не падман, – не згодны Лёкса. – Гэта называецца мастацкае бачанне.
– Як гэта?
– Ну, ён так іх бачыць, – Лёкса злуецца, што Танечка не разумее такую простую рэч. – Ну, напрыклад, калі я намалюю табе доўгія валасы і вялікія вочы, гэта ж не значыць, што ты насамрэч прыгажуня. Проста я так цябе бачу…
– Хочаш сказаць, што на самай справе я – страшная?! Тады ідзі і малюй Светку – яна ў нас заўжды іграе прынцэс на ранішніках. А я пайшла! І замуж за цябе не выйду – не прасі!
Танечка горда сыходзіць, узмахнуўшы сваімі доўгімі-доўгімі (а вось яна так бачыць!) валасамі, а Лёкса застаецца разгублена стаяць, не выпускаючы з рук альбом і аловак.
– А я хіба прапаноўваў? – кажа ён сам сабе.
А пасля шыбуе да Святланы, якая пра нешта шэпчацца з сяброўкай, і пытаецца:
– Хочаш, я цябе намалюю?
Светка чырванее і ківае. Сяброўка хіхікае, зацікаўлена сочыць, як Лёкса малюе ў альбоме вялізныя вочы з доўгімі вейкамі, і ўхвальна ківае.
Але Танечка гэтага не бачыць, бо рашуча накіроўваецца да Валі, кажучы сабе, што наступным разам добра падумае перад тым, як выходзіць замуж!
Каця хутка паправілася. Хто ж хварэе доўга, калі на вуліцы – так цёпла! Але Каціна мама сказала, што ім трэба – «памяняць клімат». І Каця праз тыдзень паляціць на мора.
Валя паехаў на вёску да Бабулі – на ўсё лета! А Танечка нікуды не паехала, бо яе Бабуля жыве ў горадзе, а мама кажа, што каб паехаць на мора, трэба шмат грошай, а ў іх няма.
– Тады давай я паеду разам з Кацяй і яе мамай – у іх жа грошы ёсць! – прапануе Танечка.
Мама сумна ўсміхаецца, апошнім часам яна наогул усміхаецца толькі сумна, і тлумачыць:
– У Каці і яе мамы – толькі іх грошы. З табой яны іх дзяліць не павінны.
– Чаму? Калі ў мяне ёсць цукеркі, я ж дзялюся з Кацяй!
– Цукеркі – іншае. Імі якраз можна падзяліцца. А вось грошы кожны мусіць зарабляць сам, працаваць…
– Але ж Каціна мама не працуе. Мне Каця сама казала, – не супакойваецца Танечка.
– Значыць, працуе іх тата. Ён шмат працуе і зарабляе грошы дзеля сваёй сям'і. Таму Каця і яе мама могуць паехаць на мора.
– Ты таксама шмат працуеш! – не разумее Танечка.
– У нас розныя працы, – уздыхае мама.
І чамусьці вельмі строга кажа Танечцы, каб тая ішла ў свой пакой і прыбірала цацкі.
Танечка паслухмяна ідзе. Яна пачынае прыбіраць мядзведзіка, якога ёй падарыў тата.
Танечка гаворыць яму:
– Гэта, Міхаська, таму, што тата пайшоў ад нас. Калі б застаўся, то мама б не працавала так шмат і часцей усміхалася. Мы і раней ніколі не ездзілі на мора! Затое нам было весела разам: і ў заапарк мы хадзілі, і ў кіно, і на атракцыёны. Навошта трэба гэтае мора, Міхаська?! Я б пагадзілася ніколі не пабачыць яго, калі б тата зноў жыў з намі…
Мядзведзік не адказвае. Напэўна, ён таксама мяркуе, што мора – не самае галоўнае ў жыцці…
Танечку апранулі ў святочную сукенку. Нелюбімую. У вялікія пунсовыя кветкі. Танечцы здаецца, што яна падобная на вялізны букет. Асабліва з гэтымі жудаснымі чырвонымі бантамі на галаве!
І ўсе пакуты з-за таго, што да мамы ў госці прыйдзе яе начальнік.
Бабуля кажа маме, што гэта яе шанец.
А мама нічога не кажа. Яна прасуе сабе блузку. Сінюю. Святочную.
Танечка памятае, як мама апранала яе на дзень народзінаў таты. А тата казаў, што яна – самая прыгожая. Мама тады сапраўды была неверагодна прыгожая і смяялася… Танечка не разумее, чаму трэба апранаць такую добрую блузку дзеля нейкага там начальніка. І не разумее, пры чым тут яе банты…
– Таццяна, не смей расплятаць валасы! Я ж цябе гадзіну прычэсвала! Пакаранне нейкае, а не дзіця.
Мама сварыцца на Танечку, а прас стаіць на блузцы.
Пра яго ўспамінаюць толькі тады, калі на пах гарэлага прыбягае з кухні Бабуля.
Мама глядзіць на прапаленую блузку, і ад яе пагляду Танечцы хочацца схавацца ў шафу. Мама ўзмахвае блузкай і Танечка адчувае на сваёй шчацэ бліскучыя халодныя гузікі. Яна бяжыць у свой пакой і падае на ложак, мнучы ненавісную сукенку, і плача – не ад болю, а ад крыўды на тое, што мама больш ніколі не апране гэтую блузку і не будзе так шчасліва смяяцца…
Калі мама заходзіць у пакой, Танечка нават гэтага не чуе спачатку. Толькі адчувае, як мама гладзіць яе па галаве, развязвае стужкі, а потым моцна прыціскае да сябе.
– Прабач мне, калі ласка, – Танечка стараецца не ўсхліпваць, але атрымліваецца кепска.
– Ты не вінаватая, – шэпча мама. – Мне не трэба было… Даруй мне, дзяўчынка мая. Я больш ніколі не буду…
Ад нечаканасці ў Танечкі нават высыхаюць слёзы. Мама просіць у яе прабачэння. Але ж гэта з-за яе згарэла блузка! Танечка моцна абдымае маму і шэпча, што вырасце і абавязкова купіць ёй такую самую сінюю блузку. А пакуль яна і так – самая прыгожая мама на свеце!
А начальнік мамін чамусьці так да іх і не дайшоў.
Танечка любіць цукеркі. А капусту не любіць. Зусім.
Тушаную дык проста бачыць не можа.
А ў садку апошнім часам гэтая страва на абед – амаль штодня. А сёння – дык яшчэ і на сняданак!
Танечка вырашыла.
– Я аб’яўляю галадоўку! Не буду есці капусту!
Іншыя дзеці ўхвальна загрукалі лыжкамі па талерках.
– Я таксама не буду, – падтрымаў сяброўку Валя.
– І мне яна абрыдла, – узрадавалася нагодзе не даядаць Каця.
– І я не буду… І я… – гучна загаманілі дзеці.
Выхавацелька агледзела ўсіх і сказала:
– Добра. Не хочаце есці, можаце ісці на вуліцу, – і выйшла з пакоя.
Дзеці, не верачы свайму шчасцю, пабеглі гуляць.
Восень яшчэ толькі пачыналася. І так хораша было было шукаць першае залатое лісце ў зялёнай пакуль траве. З вішнёвымі лісцікамі Танечка прапанавала гуляць у краму.
– Прадаецца гэты рамонак! Кошт – дзесяць лісцікаў, – аб’явіла яна.
– Чаму так дорага? – абурыўся Валя, у якога было толькі сем.
– Ну… Таму што ён прыгожы – гэта раз! – загнула палец Танечка. – На ім можна варажыць – гэта два. А яшчэ… Яго можна падарыць каму-небудзь.
– Аддаць усе грошы, каб падарыць некаму мой рамонак. А сэнс?! – Валя відавочна не цяміў.
– Эх, ты! – Каця пералічыла наяўныя лісцікі. – Сэнс у тым, каб зрабіць прыемнае таму, хто табе падабаецца. Вось табе, напрыклад, хто падабаецца?
Каця ўперлася пальчыкам у грудзі хлопца.
Валя пачырванеў і ледзь чутна выціснуў:
– Ну, ты…
– Праўда?.. – цяпер зачырванелася Каця. – Тады ты можаш падарыць яго мне, – дзяўчынка пазірала са спадзяваннем на заціснутыя ў руках Валі лісцікі.
– Я не магу, – уздыхнуў той, – у мяне не хапае грошай.
Каця запытальна зірнула на Танечку.
– Можа, зробіш зніжку?
Танечка адмоўна пакруціла галавой.
– А давай я сама яго куплю, а ты мне падорыш?! – запытала Каця.
Валя радасна пагадзіўся. І ўсе былі шчаслівыя: Танечка прадала рамонак. Каця атрымала яго ў падарунак. А ў Валі засталося сем лісцікаў, і ён захоплена прапанаваў:
– Давайце яшчэ што-небудзь купляць і прадаваць!
Але тут Выхавацелька паклікала на абед.
Там усіх чакала… КАПУСТА!!!
– Я не буду! – Танечка ў апошні момант успомніла пра сваю галадоўку.
– А больш нічога няма, – спакойна сказала Выхавацелька. – Так што тыя, хто не хоча есці капусту, могуць адразу ісці спаць.
– Нельга класці спаць дзяцей галоднымі! – выгукнуў Валя і, успомніўшы фразу, якую часта чуў па тэлебачанні, сур’ёзна дадаў:
– Вы парушаеце нашыя правы!
Выхавацелька зірнула на Валю так, нібыта бачыла ўпершыню:
– Правы?.. А можа, гэта вы не выконваеце свае абавязкі, малады чалавек? У дзіцячым садку вы павінны есці тое, што вам даюць, а правы – гэта дома, з мамай. Ешце альбо ідзіце спаць!
Танечка зірнула на Валю і зразумела, што з-за яе сябрук застанецца галодным.
– Хочаш я аддам табе свае дзесяць лісцікаў, каб ты з’еў капусту?
Валя не адказаў. Ён падняўся і пайшоў у спальны пакой. Каця, крыху павагаўшыся, пайшла за ім.
Больш ніхто есці капусту не адмовіўся.
Толькі Танечцы яна падалася горкай, так што яна не здолела праглынуць і дзвюх лыжак. Проста сядзела і чакала, пакуль усе паелі і пайшлі класціся спаць.
– Валя, Каця, вы малайцы, праўда. А я гэтую капусту таксама не ела. Амаль… Чуеце?
Валя ляжаў, адвярнуўшыся тварам да сцяны і маўчаў. Каця ўздыхнула і заплюшчыла вочы.
Танечцы падалося, што яна засталася адна. Зусім. Яна вырашыла, што вечарам таксама адмовіцца ад капусты. Абавязкова!
Вечарам была каша.
А на наступны дзень Валю прывёў бацька. Ён доўга гаварыў пра нешта з Выхавацелькай і дырэктаркай садка.
Пасля гэтага капусту ім давалі вельмі рэдка. І ўсе дзеці казалі, што яна стала вельмі смачная. Толькі Танечцы яна чамусьці ўсё адно здавалася горкай. Хаця з Валем яны памірыліся, канечне. Хоць і не сварыліся, здаецца…
У Танечкі дзень народзінаў – праз тыдзень.
Але рыхтуецца яна да яго даўно. Сукенку выбрала. З мамай цукерак купілі, каб у садку ўсіх пачаставаць. Нават верш вясёлы вывучыла – Выхавацельцы прачытаць.
Усё падрыхтавала, а ён не надыходзіць і не надыходзіць, дзень гэты.
І вось жа дзіва: калі не чакаеш нечага альбо не хочаш, прыкладам, зуб лячыць, то гэты час раз – і тут. А вось дзень народзінаў – справа іншая. Яго цэлы год чакаць трэба.
Тым больш, Танечка не проста так яго чакае. У яе – патрэба.
Усім вядома, што калі адначасова задзьмуць свечкі на торце і паспець загадаць жаданне – яно абавязкова здзейсніцца. Танечцы вельмі трэба, каб яно здзейснілася – гэта самае важнае жаданне. Але яна нікому пра яго не гаворыць. Нельга.
Застаецца чакаць.
І Таня чакае…
А тут Бабуля зноў прыехала ў госці. Яны разам глядзяць тэлевізар. Там паказваюць нейкага дзядзьку, які лятае – без крылаў. Танечка зачаравана сочыць, як ён лёгка адрываецца ад зямлі – і ўзнімаецца над людзьмі і над дахамі… Яшчэ і цётку нейкую на руках трымае!
Танечка думае: вось бы і ёй так… Не, цётку б яна не ўтрымала, але так хочацца ўзляцець высока-высока, паглядзець зверху на іх горад, на садок, на дзяцей… Яны б здзівіліся, канечне! А Валя з Кацяй махалі б ёй рукамі. Потым яна б і іх навучыла, каб ляталі разам!
А дзядзька з тэлевізара кажа, што вучыўся гэтаму дзесяць гадоў.
Гэта занадта доўга, мяркуе Танечка. Гэта ён не моцна стараўся. Вось ёй хопіць і месяца – яна ж здольная, пра гэта кажа нават Выхавацелька ў садку! І Танечка пастанаўляе, што з гэтага дня будзе вучыцца! Штодня трэба трэніравацца па некалькі гадзін – і Танечка трэніруецца.
Пакуль Бабуля займаецца на кухні, Танечка глядзіць на карціну на сцяне і ўяўляе, як ногі яе адрываюцца ад падлогі. На карціне намаляваная вельмі прыгожая жанчына ў блакітнай сукенцы, у руках жанчына трымае маленькае дзіця (рыхтык як мама трымае Танечку на старых фотаздымках), і Танечцы падаецца, што жанчына ўсміхаецца ёй і абяцае, што ўсё атрымаецца.
Танечка адчувае, што яшчэ імгненне – і яна здолее, узнімаецца на пальчыкі… Яшчэ трошкі… Яшчэ…
Час цяпер ідзе шпарчэй, і неўзабаве надыходзіць Той Самы Дзень.
Танечка спяшаецца ў садок, каб распавесці сябрам пра свой сакрэт.
Ледзь датрываўшы да канца сняданка, яна з загадкавым тварам адводзіць іх у кут і расказвае ўсё: і пра дзядзьку-чараўніка, і пра свае трэніроўкі…
Валя з недаверам пазірае на Танечку.
– А можа гэта ўсё, як у кіно? Там жа таксама героі лятаюць часам, толькі гэта не па праўдзе…
Каця, у адрозненне ад сябрука, глядзіць з захапленнем:
– Тань, а мяне ты навучыш?
– А ты здольная?
– Канечне! Мне мама заўжды кажа, што я – таленавітая!
– Добра, тады навучу.
Валя, аднак, хоча пабачыць палёт на ўласныя вочы:
– Пакажы!
Танечка абсалютна ўпэўненая, што гэтым разам у яе атрымаецца. Яна ж цэлы тыдзень трэніравалася, так што нават не спыняе Кацю, калі тая кліча іншых дзяцей, каб падышлі бліжэй.
Танечка засяроджваецца. Заплюшчвае вочы. Бачыць жанчыну з партрэта, якая ўсміхаецца ёй, і…
– І што? – не вытрымлівае Данік. – Доўга нам тут яшчэ стаяць? Палёт адменены з-за надвор’я?!
Дзеці пачынаюць смяяцца з Танечкі, а ёй хочацца плакаць: нават не з-за таго, што смяюцца, а таму, што зноў не атрымалася…
– Нічога… – шэпча Каця. – Можа, наступным разам…
– Табе проста трэба больш практыкавацца, – нечакана суцяшае Валя.
У гэты момант у пакой заходзіць Выхавацелька і абвяшчае, што ў Танечкі сёння дзень народзінаў, так што трэба павіншаваць імянінніцу, а Танечка пачастуе ўсіх цукеркамі.
Дзеці адразу перастаюць смяяцца і пачынаюць бязладна крычаць: «З днём народзінаў, Танечка!»
Танечцы, канечне, не надта хочацца частаваць Даніка і астатніх, але ж правіла ёсць правіла – цукеркі павінны атрымаць усе…
Калі з пакунка знікае апошняя, дзеці разыходзяцца па сваіх кутах.
Валя круціць у руках бліскучую паперку.
– Ведаеш, я б таксама не адмовіўся навучыцца лятаць, – сур'ёзна кажа ён. – Але можна стаць лётчыкам – больш надзейна…
– А я тады буду сцюардэсай! Яны ўсе вельмі прыгожыя, – заяўляе Каця і запытальна глядзіць на Танечку.
Танечка не хоча быць сцюардэсай, і лётчыкам – таксама не хоча. Бо яны лятаюць надта высока і, напэўна, не могуць разгледзець сяброў, што машуць ім з зямлі…
Танечка ўсміхаецца і запрашае Валю і Кацю вечарам у госці – мама купіць торт, і яны разам будуць піць гарбату…
Калі Танечка задзімае свечкі на торце, яна загадвае сваё самае вялікае жаданне. І што з таго, што яно не пра тое, каб навучыцца лятаць?! Галоўнае – каб спраўдзілася!
Танечка ізноў захварэла. Ёй баліць горла. Не таму, канечне, што пазаўчора яна правярала, якія на смак ледзяшы, што Валя збіў з дрэва снежкай. І не таму, што яны з Кацяй гадзіну не хацелі сыходзіць з горкі пасля садка. А таму…
Проста таму, што Хвароба – гэта такая злая цётка, якая прыйшла, каб сапсаваць Танечцы Новы год!
Танечка ўяўляе: вось яна заходзіць – такая высокая, худая, абавязкова ў вялізным капелюшы – строга глядзіць на Танечку праз круглыя акуляры на ручцы, уздыхае (амаль як Бабуля, калі Танечка зноў не прыбрала цацкі) і сядае за стол:
– Ну, давай пагаворым, мая даражэнькая!
– Давайце, спадарыня Хвароба, – смела адказвае ёй Танечка.
– Значыць, кажаш, ледзяшы тут ні пры чым, – задумліва, як быццам сама сабе, прамаўляе Хвароба.
– Не… – не зусім упэўнена адказвае Танечка.
– І на горцы ты не так доўга коўзалася? – мармыча ізноў цётка.
– Усяго гадзінку…
– Тады навошта ты мяне клікала? – Хвароба ўважліва чакае адказу ад Танечкі, як часам робіць гэта Выхавацелька, калі пытаецца, хто накарміў рыбак печывам.
– Я не клікала! – Танечка ад абурэння пачынае кашляць.
– Хочаш сказаць, я сама прыйшла? – Хвароба пасміхаецца.
Танечка і хацела б сказаць, што так, але неяк не атрымліваецца – кашаль не адпускае.
У пакой заходзіць мама – яна прынесла Танечцы лекі і цёплае малако з мёдам, а таксама градуснік.
– Колькі там? – пытаецца Танечка.
Але мама не адказвае, а захутвае Танечку ў коўдру і ідзе да тэлефона.
Хвароба крывіць вусны, але маўчыць да самага мамінага вяртання.
– Мама, скажы ёй, каб яна сышла, – просіць Танечка.
– Каму? – не разумее мама.
– Хваробе.
– Скажу, Танечка. Ты паспі, а яна сыйдзе. Я абяцаю…
Хвароба адварочваецца да акна. І Танечцы раптам робіцца яе вельмі шкада. Кепска быць тым, каго ніхто не хоча бачыць, каго заўжды праганяюць… А можа, Хвароба і сама хворая – на адзіноту?
– Вы можаце пакуль пагуляць з маімі цацкамі, – шэпча Танечка.
Мама кратае ёй лоб і ўстрывожана глядзіць на гадзіннік.
Хвароба самотна ўсміхаецца…
Танечка прачынаецца, калі да яе дакранаюцца рукі цётачкі ў белым халаце. Яна просіць Танечку сказаць «а-а-а», слухае яе дыханне і піша нешта на лістку паперы, які аддае маме.
Запалення няма, але антыбіётыкі лепш папіць…
Яны гавораць яшчэ пра нешта, ды Танечка не слухае, яна абводзіць позіркам пакой, у якім больш нікога няма…
У сне яны гуляюць у парку разам з надзвычай прыгожай высокай худой жанчынай. Жанчына смяецца, і Танечка смяецца таксама…
Пад самы Новы год Танечка паправілася. Яна нават дапамагае маме рыхтаваць святочны стол. Галоўнае, канечне, правільна змяшаць крэм для торта. Гэта Танечка ўмее рабіць лепш за ўсіх! Асабліва прыемна аблізваць лыжку, пакуль мама не бачыць.
А яшчэ… Павінен прыйсці Дзядуля Мароз!
Так! Танечка напісала яму ліст – яшчэ некалькі тыдняў таму. Гэтым разам яна папрасіла толькі пра адно… Не, шчанюка яна, зразумела, таксама хоча. Але…
Пра сваё самае вялікае жаданне яна не кажа нават маме. Тая і так амаль не ўсміхаецца апошнім часам. А сёння ранкам, Танечка выпадкова пачула, мама плакала – у ваннай. Калі бяжыць вада, нічога не чуваць. Калі, канечне, не прыціснуцца вухам да дзвярэй…
У мамы таксама на вечар падрыхтаваная сукенка – прыгожая, доўгая. Калі Танечка вырасце, у яе будзе такая самая. А пакуль Бабуля падарыла ёй вязаную – цёплую, бо Танечка пасля хваробы, – але таксама прыўкрасную: з вясёлым вушастым зайцам спераду.
Тата часта называў Танечку «мой заяц»: «Ну што, – сурова пытаўся ён, – мой заяц добра сябе паводзіў сёння?» Танечка крычала: «Так!», і тата выцягваў з-за спіны падрыхтаваную шакаладку…
Танечка шморгае носам і ідзе ў пакой – трэба ж Бабулі дапамагчы ўпрыгожыць ёлку, а то яна адна не справіцца – цацак вельмі шмат. І ўсе такія цудоўныя. Асабліва анёлак, якога трэба пасадзіць на самую вершаліну! Калі запальваюцца агеньчыкі гірлянды, здаецца, што анёлак падміргвае Танечцы…
Вечарам, калі стол накрыты, сукенкі апранутыя, а Бабуля з некім размаўляе па тэлефоне, Танечка знаходзіць маму ў цёмнай кухні. Мама стаіць каля акна. Танечка прыхінаецца да яе, і цяпер яны абедзьве глядзяць, як у доме насупраць мігцяць каляровыя лямпачкі, як у небе запальваюцца салюты, як людзі спяшаюцца дамоў з прыгожымі пакункамі…
Можа, у гэты самы момант, думае Танечка, нехта адтуль таксама глядзіць на іх. А можа, там таксама некага чакаюць…
– Ён прыйдзе, – шэпча Танечка маме. – Я ведаю. Я загадала, калі задзімала свечкі на торце ў дзень народзінаў. І Дзядулю Мароза я папрасіла… Ты толькі не плач, мамачка!.. Ён абавязкова прыйдзе!
Танечка ўжо дарослая. Заўтра яна ўпершыню пойдзе ў школу. Мама з бабуляй усё патрэбнае падрыхтавалі: і прыгожы касцюмчык адпрасавалі, і заплечнік напакавалі, і кветкі бабуля прывезла – прыгожыя астры стаяць у вазе і, здаецца, усміхаюцца Танечцы ды шэпчуць: «Заўтра ў школу».
Столькі чакаць, – амаль усё лета! – а гэтае «заўтра» аніяк не надыходзіць… Танечка сноўдаецца па кватэры і займаецца вельмі дарослай справай – думае. Пра што?
Нават сказаць адразу цяжка – думак вельмі шмат, і яны, як казюркі з рукі, бягуць з галавы ў розныя бакі… Як будзе ў школе? Ці патрапяць яе сябры Валя і Каця ў адзін з ёю клас? Як выглядае настаўніца? Ці строгая?
Ці будзе яна сварыцца на Танечку? Не, на яе, канечне, няма чаго сварыцца… Пакуль… Але раптам ёй стане сумна на ўроку? З класа ж нельга выйсці, калі захочаш… І цацак там не будзе. Хаця Танечка ж дарослая – навошта ёй цацкі?..
На вочы дзяўчынцы трапляе пакет, якія яны з Мамай яшчэ ўчора напакавалі, каб аддаць у садок – «для маленькіх» . З пакета адным вокам сочыць за Танечкай кот Муркот. Кончык яго хваста таксама вытыркаецца з пакета, і адна лапа… «Нібыта ён хоча выбрацца і не можа, – думае Танечка. – Ну, як мы без ката? Кот – гэта ж не цацка нават, а хатняя жывёла, хай і са штучнага футра…»
Танечка ўзгадвае, як радавалася, калі Тата падарыў ёй ката, як прыдумляла яму імя, як засынала, кладучы яго побач, каб ахоўваў і мурчаў… Не! Кот застаецца дома!
Танечка цішком выцягвае Муркота з пакета, гладзіць і хавае пад коўдру.
Трэба ж завязаць, як было, каб Мама не заўважыла… Танечка зноў набліжаецца да пакета, але, пэўна, пакуль яна адыходзіла, цацкі вырашылі праверыць, куды падзеўся кот. Пакет ляжыць на падлозе, і з яго тырчаць вушы Зайца па мянушцы Морква, хвост Баязлівага Ільва (так! з казкі, якую Танечцы чытала Мама) і рука яе любімай лялькі Настассі…
– Я не магу вас пакінуць тут, – шэпча Танечка. – Я заўтра іду ў школу, разумееце? А туды з лялькамі не пускаюць!
Танечцы здаецца, што ў пакеце нехта ўсхліпнуў.
– Я дарослая! Вы мне не патрэбныя больш! – Танечка злуецца.
Толькі вось чамусьці ад гэтай злосці свярбіць у носе і вочы вільгатнеюць.
У пакеце нехта ціхенька ўздыхае.
Танечка прымае рашэнне. Дарослае.
***
Раніцай Танечка ідзе ў школу. З кветкамі і заплечнікам. Мама крочыць побач, але за руку не трымае. Яна ж дарослая…
На лінейцы Танечка стаіць побач з Валем і Кацяй. Сябры трымаюць даўжэзныя букеты – гладыёлусы. Яны ў руках амаль ва ўсіх першакласнікаў. «Тата сказаў, што астры – кветкі з агародчыку – надта танныя, такія першай настаўніцы не дораць», – з гонарам прыціскае да сябе вялікі букет пунсовых ружаў дзяўчынка злева ад Танечкі.
Дзяўчынка яшчэ і апранутая не так, як усе, – у модную джынсавую спадніцу і бялюткую блузачку з бантам. Танечцы яны адразу не падабаюцца: ні блузачка, ні кірпатаносая дзяўчынка. Але іх ужо клічуць у клас…
Танечка сядзіць за першай партай сярэдняга раду разам з Кацяй. Валя – ззаду. А дзяўчынка з ружамі – на першай парце злева – бліжэй за ўсіх да Настаўніцы…
Калі напрыканцы ўсе дораць букеты, Танечка падыходзіць апошняй. Яна хоча проста пакласці яго на стол, але Настаўніца бярэ з яе рук астры і шырока ўсміхаецца:
– Мае любімыя кветкі…
– Але ж яны… Танныя… – ледзь чутна шэпча Танечка.
– У маёй мамы ў агародчыку – такія самыя, – нібыта не чуе Настаўніца. – Я іх з дзяцінства люблю. Некалі іх сваёй першай настаўніцы падарыла…
У Танечкі раптам робіцца ўнутры лёгка-лёгка, нібыта ўнутры яе распусціліся цудоўныя астры, якія казычуць сваімі пялёсткамі. Яна ўсміхаецца Настаўніцы і разумее, што ёй вельмі падабаецца ў школе…
***
– Давай аднясем твае цацкі, калі ты, канечне, не перадумала, – кажа Мама пасля вячэры.
Танечка з гонарам чмыхае і незаўважна глядзіць у бок свайго ложка, дзе з-пад коўдры (зноў гэты Муркот!) вытыркаецца хвост. Але Мама, здаецца, нічога не заўважае, бярэ пакет, у якім раптам нешта звініць. Мама няўцямна пазірае спачатку на Танечку, а пасля ў пакет і пачынае смяяцца…
Танечка спачатку спалохана глядзіць на Маму, а пасля далучаецца да гарэзлівага смеху.
У пакеце – лялечны посуд. Але яго ў Танечкі няшмат, таму давялося пакласці туды рондаль і патэльню (у Мамы ж іх цэлых тры! яна і не заўважыць…), а яшчэ колькі лыжак (трэба ж лялькам нечым есці кашу!) і пару кубкаў…
А цацкі… Можа, Танечцы яны і не трэба. Але яна ім – дакладна! Яна ж дарослая. Яна будзе пра іх клапаціцца. Каб не плакалі…
Ужо стала добрай традыцыяй адзначаць у трэцюю нядзелю чэрвеня свята тых, хто робіць наша жыццё лепшым, нас - здаравейшымі, і, адпаведна, больш шчаслівымі. Дзень медыцынскіх работнікаў быў зацверджаны Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР №3018-Х ад 1 кастрычнiка 1980 года "Аб святочных і памятных днях» (а таксама ў рэдакцыі Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР №9724-XI ад 1 лiстапада 1988 года «Аб унясенні змяненняў у заканадаўства СССР аб святочных і памятных днях»).
Добрая традыцыя ўшаноўваць медработнікаў захавана па гэты дзень не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Казахстане, Украіне і Малдове.
У гэты дзень хочацца выразіць удзячнасць усім людзям, якія маюць дачыненне да медыцыны: урачам, медыцынскім сёстрам, фармацэўтам, правізарам за іх штодзённую карпатлівую працу, накіраваную на захаванне і ўмацаванне здароўя нацыі.
Каманда партала «Здаровыя людзі», створанага з мэтай фарміравання правільнага стаўлення да здароўя, вельмі спадзяецца, што сумеснымі намаганнямі з нашымі дарагімі лекарамі мы зможам змяніць жыццё беларусаў да лепшага.
Ад усёй душы віншуем і жадаем толькі перамог, поспехаў у вашай неацэннай працы!
12 снежня 2014 года рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН дзень 21 чэрвеня абвешчаны Міжнародным днём ёгі. У ліку 175 краін, якія падтрымалі рэзалюцыю, была і Беларусь. Першае святкаванне адбылося 21 чэрвеня 2015 года, яно аб'яднала прафесіяналаў і аматараў ёгі з усяго свету.
Гэтая практыка прыйшла да нас з Індыі. За тысячагадовую гісторыю існавання ёга даказала сваю эфектыўнасць у якасці выдатнага сродку для ўмацавання фізічнай сілы і духоўнага стану.
У суботу, 17 чэрвеня 2017 года, ў сталічным парку імя М. Горкага Пасольствам Індыі пры падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта арганізуецца правядзенне 3-га Міжнароднага дня ёгі. Для ўдзелу ў мерапрыемстве запрашаюцца ўсе жадаючыя, уваход вольны.
Збор адбудзецца ў 9.50 каля галоўнай сцэны. Заканчэнне мерапрыемства - 12.00.
Пры сабе абавязкова мець дыванок для заняткаў і добры настрой!
На базе турысцка-аздараўленчага комплексу «Высокі бераг» прайшоў Рэспубліканскі турыстычны злёт работнікаў аховы здароўя. На працягу трох дзён урачы, медсёстры, правізары і фармацэўты (больш як 200 удзельнікаў з усіх куткоў Беларусі) дэманстравалі здольнасці да спартыўнага арыентавання, тэхнікі пешаходнага, веласіпеднага і воднага турызму, веласпорту (крос-кантры), перацягвання каната.
— Спорт мае цудоўныя ўласцівасці — не толькі ўмацоўвае здароўе і загартоўвае характар, развівае спрыт, цягавітасць, цярпенне і сілу, але і дапамагае паяднаць людзей, дорыць масу станоўчых эмоцый, настройвае на плённую і бадзёрую працу, — зазначыла намеснік старшыні Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Людміла Літвіненка падчас адкрыцця мерапрыемства.
Па завяршэнні спартыўных спаборніцтваў урач-хірург Стаўбцоўскай ЦРБ Юрый Вярэмскі нагадаў калегам, як аказваць першую медыцынскую дапамогу пры траўмах, апёках, сонечных ударах, укусах змей ды іншых неадкладных станах у паходных умовах. Першы дзень турзлёту завяршыўся творчым конкурсам «Візітоўка», які ператварыўся ў выдатны канцэрт.
У конкурсе па ўпарадкаванні лагера ўлічваліся ўсе дробязі: як усталяваная палатка і абгароджаная тэрыторыя, ці выкананыя санітарныя правілы і нормы пажарнай бяспекі. Вялікая ўвага надавалася экалагічнасці: сапраўдны турыст абавязкова клапоціцца пра ахову прыроды.
Увечары турзлётаўцы сабраліся на фестываль бардаўскай песні — прагучала багата аўтарскіх твораў. Увесь лагер натхнёна спяваў пад акампанемент гітары і балалайкі супрацоўнікаў ВДМУ Аляксея Хныкава і Дзяніса Шкір’янава. Не пакінуў абыякавымi гледачоў і мюзікл ад каманды Гродзенскай вобласці.
Па выніках спаборніцтваў і конкурсаў абсалютным пераможцам стала каманда «Магілёўскія львы» (Магілёўская абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя). Срэбра павезлі дамоў прадстаўнікі каманды «Васількі» (Віцебская абласная арганізацыя). Трэцяй стала каманда Гомельскай абласной арганізацыі прафсаюза.
Цешыць, што ў свята няма ўзроставых абмежаванняў. Наймалодшай удзельніцы — 9 месяцаў, самаму старэйшаму — за 60.
Час праляцеў незаўважна, усе адзначылі выдатную арганізацыю мерапрыемства і прыязную атмасферу.
— Здаровы лад жыцця — гэта неверагодна весела! — падсумавала адна з удзельніц злёту.
Свята адпачынку, спорту і турызму падарыла ўсім добры настрой і пакінула незабыўныя ўражанні.
Ул. інф.
Фота прадастаўленыя
Рэспублiканскiм камiтэтам
Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя.
Як жа кепска хварэць!
Яе сябры зараз – у садку, гуляюць… А Танечка мусіць цэлы тыдзень сядзець дома, кашляць, піць нясмачныя лекі і сумаваць…
Бо што яшчэ можна рабіць з Бабуляй, якая ўвесь час спіць або глядзіць серыялы?
Вось ізноў – дала Танечцы каляровыя алоўкі, сказала: «Малюй!» – ды ўключыла тэлевізар…
Танечка намалявала ўжо ўсё, што толькі можна: сябе, бацькоў, лепшых сяброў, Бабулю разам з тэлевізарам, котку Шайбу, дзядзьку Мішу з яго сабакам, якія неяк прыходзілі ў госці (мама пасля тры гадзіны пыласосіла дыван у вітальні), садок намалявала, і Выхавацельку, і таполю ў двары…
Танечка пачала складваць малюнкі так, як нядаўна навучыў яе тата… І вось – перад ёй цэлая флатылія папяровых караблёў!
Але ж якія караблі – без вады? І Танечка пайшла ў ванны пакой…
Вада весела зацурчала…
Дык вось… Калі Танечка была дарослай… Яна была капітанам!
Яна не баялася шторму і вяла свой карабель – проста праз акіян!
А побач – яе сябры: дарослы хлопчык Валя і дарослая дзяўчынка Каця.
Яны плывуць, каб вызваліць ад злодзеяў далёкую краіну, у якой дзеці ніколі не каштавалі марожанага і не глядзелі мульцікаў…
Яны нават не маюць кніжак з малюнкамі і прыгожых сукенак – гэтыя бедныя дзеці, яны пяюць самотныя песні… Танечцы іх вельмі шкада, бо дзеці не павінны спяваць сумных песень! І хварэць таксама не мусяць…
Таму Танечка і яе сябры плывуць у гэтую краіну…
Ім не могуць перашкодзіць ні велізарныя кіты, ні страшныя піраты, ні нават…
«Бабуля!»
Як жа несвоечасова закончыўся ейны серыял!
Пачуўшы яе голас з-за спіны, Танечка ад нечаканасці сама апынулася ў ванне. А паколькі вады там і так было поўна, то вялізная хваля вынесла на падлогу ўсе яе караблі!
«Што ж цяпер будуць рабіць няшчасныя дзеці з далёкай краіны?» – думала Танечка, пакуль Бабуля адначасова выцірала падлогу і сварылася на яе, Танечку, і пераапранала яе ў сухое, і загортвала ў коўдру, і паіла гарбатай, што пахла летам і трошачкі акіянам (напэўна, у кубак патрапіла-такі некалькі кропель)…
Тэлевізар Бабуля гэтым днём больш не глядзела.
Таму Танечка ледзь дачакалася вечара, калі прыйшлі з працы бацькі і ўключылі навіны.
Там паказвалі, як вялізныя караблі прыплылі ў далёкую краіну… І сумныя дзеці ўсміхаліся з экрана, і спявалі штосьці вясёлае… Прынамсі, Танечцы так падалося…
А потым прыходзіла доктарка, якая сказала, што Танечцы назаўтра ўжо можна ў дзіцячы садок…
Дзяўчынка хуценька пабегла да тэлефона і набрала нумар сяброўкі Каці:
– Гэта я! Слухай, мы заўтра ўбачымся! Ты толькі абавязкова вазьмі з сабой у садок некалькі аркушаў паперы, чуеш?.. Не забудзься!.. І Валю патэлефануй!..
Танечка засынала, упэўненая, што заўтра яны разам абавязкова даплывуць да самай далёкай краіны, а за вокнамі ледзь чутна шамацелі папяровымі ветразямі яе караблі…
– Таццяна, хадзі сюды, калі ласка!
Танечка цудоўна ведае, што калі яе клічуць «Таццяна», значыць, бацькі на яе за штосьці злуюцца. Вось толькі што на гэты раз? Кубак татаў яна разбіла пазаўчора – і на яе ўжо за яго пасварыліся.
Цацкі не прыбрала? Дык і ўчора не прыбірала, а мама нічога не сказала, нібы і не заўважыла.
Наогул, мама апошнімі днямі зусім сумная, не гуляе з ёй, Танечкай, не выдумляе цікавых гісторый, не чытае кніжак. Проста сядзіць каля вакна і глядзіць на вуліцу, нібы там штосьці цікавае. Танечка правярала – нічога там не было: ні дзяцей, ні нават іх дваровай коткі Шайбы…
Вось і цяпер – Танечка зайшла на кухню, а мама ізноў адвярнулася да вакна.
– Мам, ты тату чакаеш? А калі ён прыйдзе? – апошнім часам Танечка амаль не бачыць тату дома: ён прыходзіць з працы, калі яна ўжо спіць, а сыходзіць, калі яна яшчэ не прачнулася, і на выходных таксама працуе.
Учора яна цвёрда вырашыла дачакацца яго – і дачакалася, і выйшла з пакоя на пальчыках, каб зрабіць сюрпрыз… А потым пачула, як бацькі на кухні шэптам крычаць адно на аднаго. За што? Танечка не зразумела да канца, але мама казала тату: «Хоць дачку пашкадуй, калі мяне не шкадуеш!» А тата адказваў: «Ты ніколі мяне не разумела… Таня вырасце – зразумее!»
І мама тады засмяялася, хаця Танечцы падалося, што смех гэты нейкі няправільны, ад яго ўнутры рабілася горача і калюча… І каб не расплакацца (дарослыя дзяўчынкі не плачуць!), Танечка хуценька збегла ў свой пакой і, схаваўшыся з галавою пад коўдру, плакала (ніхто ж не бачыць!) – доўга, пакуль не заснула…
А зранку Танечка вырашыла, што ёй усё прыснілася… Ну, канечне!.. Праўда, цяпер, глядзечы на маму, якая адводзіць позірк, Танечка думае, што яе сон мог аказацца праўдай.
– Вы пасварыліся? На ўсё жыццё? – Танечка ведае, што такое сварыцца «на ўсё жыццё», – яны так дваццаць разоў сварыліся з Валем і з Кацяй, але заўсёды мірыліся пасля. – Вы ж памірыцеся? Ты сама казала, што трэба ўмець прабачаць…
– Ёсць рэчы, якія не даруюць… – мама ўздыхае, але спахапіўшыся, спяшаецца дадаць:
– Гэта дарослыя справы, Таня. Твой тата застанецца тваім татам. Проста ён больш не будзе жыць з намі, – мама імкнецца сказаць гэта бадзёра, нават весела, як пра нешта будзённае, нібыта кажа, што яны разам пойдуць у парк на выходных.
Але Танечку працінае нечаканая і страшная думка…
– Гэта з-за мяне? Ён сышоў, бо пакрыўдзіўся з-за кубка? Няхай возьме мой. І ўсе мае кубкі, і цацкі, і… усё! Я абяцаю, што ўсё жыццё буду паводзіць сябе добра, я ніколі не буду дрэннай… Скажы яму, мам! – Танечка не заўважае, як слёзы бягуць па твары.
Мама абдымае яе, і Танечка адчувае, што мама таксама плача… І так шкада яе, што Танечка пачынае гладзіць маму па галаве, шаптаць, што ім будзе вельмі добра разам, і ніхто ім больш не трэба… І яны сядзяць так, абняўшыся, пакуль на вуліцы не робіцца зусім цёмна…
Прачынаецца Танечка раніцай у сваім ложку.
Яна доўга ляжыць з заплюшчанымі вачыма – можа, тады ўсё, што было ўчора акажацца кепскім сном?
Бабуля цяпер прыязджае часцей. Танечка ўжо вывучыла, як завуць усіх герояў любімых Бабуліных серыялаў. Ёй падабаецца сядзець побач з Бабуляй і слухаць, як яна падказвае тым, на экране, што трэба рабіць. Часам яны слухаюцца, і тады Бабуля ўхвальна ківае галавой і ідзе пячы Танечцы блінчыкі на вячэру.
– Вось накруцілі дык накруцілі… Цікава, чым у іх усё закончыцца, – кажа Бабуля. – Шкада, калі памру не даглядзеўшы.
– А калі ты памрэш, Бабуля? – пытаецца Танечка.
Бабуля паціскае плячыма.
– Хто ж яго ведае – некалі памру. Вечна ж ніхто не жыве.
Яна кажа гэта так натуральна, нібыта гаворыць маме, што малако хутка скончыцца і трэба схадзіць у краму. Але нешта ў яе словах палохае Танечку.
– І я?
– Што «ты»? – не разумее Бабуля.
– І я памру? – Танечцы цікава і страшна пачуць адказ.
Яна глядзіць на Бабулю надзвычай уважліва, каб нічога не прапусціць.
– Усе паміраюць, – крыху памаўчаўшы, кажа Бабуля і пачынае мыць посуд. І ўдакладняе:
– Але табе яшчэ шмат гадоў трэба пражыць, унучачка. Гэта я старая…
Бабуля ўздыхае і замаўкае, а Танечка ідзе ў свой пакой і думае:
«Шмат – гэта колькі? Вось у Валі было шмат цукерак на дзень народзінаў, але ён даў нам з Кацяй па жмені, астатнія з'еў сам – і нічога не засталося. А шмат гадоў… Мама кажа, што мы шмат гадоў жывем у гэтым доме. Столькі, колькі мне. Значыць, мне засталося столькі, колькі мне зараз? А колькі тады будуць жыць Валя і Каця, і Мама, і Тата?..
І што будзе, калі я памру, а яны – застануцца? Яны, пэўна, будуць сумаваць. Валька пашкадуе, што не аддаў мне свой альбом з налепкамі. А Каця будзе крыўдзіцца, што я не вярнула яе ляльку, якую ўзяла пагуляць. А мама… Мама будзе плакаць, канечне. Не, лепш я буду жыць даўжэй… Але тады яны ўсе памруць, і я буду зусім-зусім адна…»
Грукнулі ўваходныя дзверы. Мама прыйшла з працы. Танечка выбегла ей насустрач.
– Мамачка, я не хачу паміраць. І каб вы, таксама не хачу! Давай мы будзем жыць заўсёды: і я, і ты, і Бабуля, і тата, і Валя з Кацяй… Ну, калі ласка!
Мама выпусціла з рук пакет. У ім нешта разбілася, але мама не звярнула ўвагі. Яна абняла Танечку і прашаптала:
– Давай!
Бабуля выйшла з кухні, падняла пакет і, нічога не сказаўшы, пагладзіла Танечку па галаве. А потым маму пагладзіла, нібыта яна таксама была маленькай дзяўчынкай.
А потым яны пілі гарбату і елі блінцы з духмяным сунічным сочывам. І Танечка радавалася, боўтала пад сталом нагамі і думала, што калі так будзе заўжды, то жыць вечна – гэта вельмі здорава! А Бабуля трымала маму за руку, маўчала і глядзела ў акно.
– Таня, хутчэй! Колькі можна цябе чакаць?!
Ну як мама не разумее, што нельга спяшацца, калі збіраешся на вуліцу! Гэта ж амаль як вандроўка на Поўночны полюс. Тым больш, калі гэта сапраўды вандроўка на Паўночны полюс! Але мама не ведае, ды і не трэба ёй ведаць: усё пасля прачытае ў газеце, калі Танечка дойдзе… А каб дайсці, трэба добра падрыхтавацца: бутэрброд, запалкі, шалік, шапка… Здаецца, усё.
– Таня, на вуліцы вясна, нашто табе зімовая шапка?!
Дзіўная мама! Зімой яна сварылася, калі Танечка не хацела апранаць шапку, а зараз кажа «нашто»!
– Здымі! Ты ж у ёй зварышся!
– Не зваруся. Мы з Валем і Кацяй будзем гуляць… у зіму!
– Пакаранне Божае, а не дзяўчо… – уздыхае мама, але пра шалік ужо нічога не кажа.
Валя і Каця ўжо чакаюць на вуліцы. Сонца па-веснавому прыпякае, так што сябры расчырванеліся і пачалі сварыцца.
– Не хочаш, не ідзі! – крычыць Каця.
– Я не хачу?! Гэта ты не хочаш! – абураецца Валя і глыбей нацягвае на вушы шапку.
– Я хачу!.. А ты… – не пагаджаецца Каця. І Танечка разумее, што калі зараз не спыніць сяброў, то на полюс яны не паспеюць дакладна.
– Так! Мы ўсе хочам ісці. Значыць, сварыцца нельга – забаронена!
– Чаму? – Валя пазірае здзіўлена на Танечку.
– Таму што! Пасварымся, разыдземся, згубімся і на нас будуць паляваць стражныя пачвары – я ў кіно бачыла, – удакладняе Танечка.
Кацю перспектыва сустрэцца з пачварай сапраўды палохае, і яна першая працягвае Валю руку. Той паціскае, і абое запытальна глядзяць на Танечку. Першая не вытрымлівае Каця:
– Якія пачвары?
– Шасціногія? – з энтузіязмам вопытнага даследчыка пачвараў запытвае Валя.
– Не, здаецца, ног у іх было дзве… – сумняецца Танечка.
– А вачэй, іклаў?.. – не адступае Валя.
– Не памятаю, я не глядзела далей, вочы заплюшчыла, а потым мама кіно выключыла, але іклы былі – вострыя такія…
– А людзей гэтыя пачвары елі? – Валя вырашыў даведацца пра невядомых монстраў як мага больш.
А вось на Каціным твары было напісана жаданне ніколі пра іх не чуць, таму яна рашуча ўзяла Танечку за руку і пацягнула ўбок.
– Ты што? – здзівілася Танечка.
– Я нікуды не іду! – цвёрда заявіла Каця. – І табе не раю.
– Ну, мы ж не будзем сварыцца, і ўсё будзе добра, – пераконвае Танечка.
– А ты абсалютна ўпэўнена, што мы ніколі не пасварымся?
Танечка маўчыць.
Валя падыходзіць да іх, на хаду сцягваючы шапку і размотваючы шалік.
– Я тут падумаў, на Паўночны полюс трэба ісці зімой. А то зараз там, напэўна, таксама ўсё растаяла. А я плаваць не ўмею, – ён крыху вінавата адводзіць вочы.
– Правільна! – радасна падтрымлівае яго Каця. – Лепш давайце караблі пускаць у той вялікай лужыне за домам!
– Ага! Я толькі збегаю пераапрануся і вазьму паперак – у майго бацькі іх цэлая шуфляда. Ён і не заўважыць… – у Валі гарэлі вочы ад прадчування. – Толькі цур – я капітан!
– Чаму гэта ты? – не пагадзілася Каця. – Я таксама хачу быць капітанам!
– Дзяўчынкі капітанамі не бываюць!
– Бываюць!
– Не!
– Вы што, сварыцеся? – пытаецца Танечка. І Валя з Кацяй адразу змаўкаюць і не глядзяць адно на аднаго.
– Ладна, будзем па чарзе… – бурчыць Валя. – Толькі мая чарга – першая.
– Добра, – нечакана лагодна пагаджаецца Каця.
Яны бягуць дамоў пераапранацца.
Танечка ўсміхаецца: добра, калі сябры не сварацца. І страшная пачвара тут ні пры чым!
Вы часта сустракалі людзей, якія задаюць сабе пытанне «Ці алкаголік я?», людзей, гатовых разабрацца і пачуць адказ на такое хвалюючае і ў нечым ганебнае пытанне. Нядаўна такі чалавек прыйшоў па рэкамендацыі да мяне на індывідуальную кансультацыю.
Яшчэ з парога я заўважыў досыць супярэчлівыя дэталі яго знешняй атрыбутыкі, паводзінаў і стасункаў. Апрануты больш чым прыстойна. Дарагі гадзіннік Breguet, туфлі Brioni (дакладна не з Ali Express). Свой тэлефон апошняй мадэлі ён, дарэчы, не выпускаў з рук усю сесію, нібыта ахоўны амулет супраць грознага спецыяліста, які збіраецца вынесці яму вердыкт. Ключы ад мерседэса, нядбайна кінутыя на стол разам з партманеткай — яшчэ адзін тыповы жэст дэманстрацыі сацыяльнага статусу і выключнай паспяховасці.
Пра які алкагалізм можа ісці гаворка, скажуць 99% людзей, сутыкнуўшыся з такім мужчынам у нейкім шыкоўным рэстаране. Алкаголікі каля піўніц і крамаў сноўдаюцца, а гэты, бач, які халёны.
Тым не менш, мне спатрэбілася 45 хвілін тэрапеўтычнай сесіі, каб зразумець, што гэты паспяховы і ўпэўнены з выгляду мужчына мае хранічнае, прагрэсіруючае і невылечнае захворванне —алкагалізм.
Крыху пра першасныя рысы аблічча кліента.
Усю сесію кліент даводзіў яго неалкогольную натуру. Прыводзіў стандартныя прыклады ўжывання асабліва дарагіх і якасных алкагольных напояў. І адсутнасць сістэматычнасці ўжывання моцнага алкаголю. І адсутнасць запояў з бойкамі, гвалтам. Ды шмат чаго іншага, што відавочна сведчыць што ніякі ён не алкаголік, а цалкам нармальны звычайны чалавек. Кліент не адмаўляў: ёсць шмат іншых праблем, звязаных з працай, сям'ёй, здароўем, але да ўжывання алкаголю гэтыя чыннікі не маюць аніякага дачынення. На пытанне, чаго ж ён тады да мяне прыйшоў, адказваў: «Мяне накіравала N., яна мой сямейны псіхатэрапеўт, я б сам ніколі не пайшоў».
Калі я рабіў закіды — ці не адмовіцца яму цалкам ад алкаголю, калі ён не лічыць сябе залежным чалавекам, дык знаходзілася мноства прычын, чаму рабіць гэтага ніяк нельга. І зноў заводзілася старая катрынка пра неалкагольнасць з прывядзеннем вышэйзгаданых высноў.
На жаль, мне не ўдалося за 45 хвілін працоўнага часу хоць неяк павярнуць суразмоўцу тварам да яго праблемы, але я пацвердзіў для сябе відавочны факт: алкагалізм, як і любая іншая хімічная ды нехімічная залежнасць, мае шэраг адметных рысаў.
Сёння ў Рэспубліцы Беларусь заўважана тэндэнцыя развіцця “сацыяльнага п'янства”. Я не разглядаю сегмент, у якім знаходзяцца алкаголікі з 2 і 3-й стадыяй захворвання. Я кажу менавіта пра тую катэгорыю асоб у 1-й стадыі развіцця алкагалізму або на мяжы пераходу да яе. Відавочных праблем пакуль няма, але алкаголь з'яўляецца сувязным звяном у многіх сферах жыцця чалавека.
Сустрэча з сябрамі суправаджаецца прысутнасцю алкаголю. Няхай нават лёгкае віно ці слабаалкагольнае піва, але алкаголь нязменны складнік любой такой сустрэчы. Пагутарыць пад келіх віна, паглядзець футбольны матч пад пару куфляў піва, абмыць кватэру або машыну, праставіцца за новую пасаду і ўсё такога ж кшталту — сумная традыцыя.
Сістэматычнае ўжыванне алкагольных напояў па выходных — таксама пэўны атрыбут сучаснага жыцця. Чалавек працуе ўвесь тыдзень, а напрыканцы дазваляе сабе расслабіцца і скінуць будзённы цяжар. Часцяком назіраецца схема штодзённага ўжывання слабых алкагольных напояў у канцы кожнага працоўнага дня. Прыйшоў дадому пасля працы — выпіў пляшку піва, гэта ж нармальна...
Усе святы аздобленыя алкагольнымі напоямі. Нават калі гэта дзень нараджэння трохгадовага дзіцяці, сваякі праз гадзіну забываюць, з якой нагоды сабраліся, і ўсё ператвараецца ў сямейную п'янку з песнямі, скокамі і мядзведзямі.
Ва ўсеагульным успрыняцці алкаголік — гэта брудны, няголены, смярдзючы бомж, які штодзень стаіць каля віна-гарэлачнай крамы і ўласным выглядам адпужвае мінакоў. Гэта той сусед з 6-га паверха, што ізноў заснуў пад лаўкай ля пад'езда. Гэта п'яніца, які штодня праходзіць праз заводскую прахадную ў 6:00, а ў 6:15 ужо крыху “пад шафэ”, у 13:00 ён ходзіць хiстаючыся, а ў 17:00, ледзь трымаючыся на нагах, едзе дамоў на тралейбусе .
Гэта той неўраўнаважаны тыран, які кожны вечар за сценкай у стане алкагольнага ап'янення абражае і б’е жонку ды дзяцей.
Гэта той ціхі і замкнёны алкаш Вася, які ўжо на працягу 20 гадоў пакорліва смокча гарэліцу ў сваёй аднапакаёвай хрушчоўцы на самоце і ў поўнай адчужанасці.
Мы звыклі, што алкаголік — гэта нешта жахлівае, смярдзючае, пасіўнае або агрэсіўнае. Але ўсе гэтыя людзі калісьці пачыналі прыгожа. Яны калісьці таксама выпівалі ў кампаніях толькі добрыя і дарагія (як любяць казаць "сацыяльныя алкаголікі") спіртныя напоі. Яны гэтаксама мыліся штораніцы, чысцілі зубы, снедалі і пілі каву. Ішлі на працу, стваралі сем'і, гадавалі дзяцей. Гэтак жа імкнуліся жыць шчасліва і самадастаткова. І гэтак жа лічылі алкаголь добрым памочнікам у стасунках і сродкам задавальнення ды расслаблення. І ніхто з іх не планаваў у будучым стаць алкаголікам.
Паверце, ніхто.
Калі тэарэтычна раскласці асобу чалавека на пэўныя элементы, то можна ўбачыць, што ёсць чатыры асноўныя сферы, цесна звязаныя адна з адной, якія пастаянна пранікаюць і ўплываюць адна на адну. І змяненне адной прыводзіць да змен ва ўсіх астатніх, бо чалавек — істота цэласная.
Бія-псіха-сацыя-духоўная мадэль, што дапамагае зразумець захворванне, якраз і раскрывае гэтыя чатыры сферы, на якія разбуральна ўздзейнічае алкагалізм.
У аднаго працэс адбываецца дзесяцігоддзямі, а іншаму досыць і некалькіх гадоў, каб цалкам разбурыць сябе, уласнае жыццё і лёсы навакольных людзей.
Алкагалізм — хранічнае, прагрэсуючае і невылечнае захворванне. Яго немагчыма перамагчы канчаткова, прыпыніць або пазбавіцца гэтай хваробы. Немагчыма змяніць больш познюю стадыю алкагалізму на больш раннюю, купіраваць захворванне лекавымі сродкамі і медыцынскімі прэпаратамі. Алкагалізм невылечны.
Пры дапамозе псіхатэрапіі і 12-крокавай праграмы можна ўвайсці ў стадыю рэмісіі і прыпыніць актыўны ўжытак. Можна навучыцца жыць шчасліва без алкаголю, але алкаголік ужо ніколі не навучыцца кантраляваць ужыванне і ніколі не зможа піць умерана, па святах ці раз на месяц.
Сацыяльныя алкаголікі — далёка не выключэнне. Нягледзячы на ??знешнюю сацыяльную паспяховасць і значнасць, у душы іх — сапраўднае пекла, якое яны таксама да часу схільныя не заўважаць, ігнараваць і заліваць дурманлівым зеллем.
Але канец заўжды адзін і той.
Боль, адзінота, роспач і адчуванне пустэчы недзе ў грудзях.
Чалавеку, які пакутуе на алкагалізм, неабходна дапамога прафесіянала. У адзіночку з алкагалізмам справіцца немагчыма. Можна не ўжываць алкаголь, выкарыстоўваць падшыўкі, кадзіроўкі, сілу волі, але так і не навучыцца жыць цвярозым жыццём. Можна існаваць у цянётах страху і да дрыжыкаў баяцца пачаць ізноў, матываваць сябе і не піць дзеля кагосьці або чагосьці, але дзірка ўнутры ніколі не запоўніцца нечым светлым, добрым і сапраўдным.
Вы ўсё яшчэ разважаеце, ці не алкаголік вы? Падумайце добра... Каб, калі вы ўбачыце відавочнае, не было позна.
One fine body…