Насуперак усім стэрэатыпам пра тое, што на апошняй парце сядзяць толькі гультаі і двоечнікі, прыклад майго ўласнага класа гэта цалкам абвяргае.
На задніх партах нашага гуманітарнага «А» сядзелі выключна разумныя і цікаўныя юнакі, якія трапілі «на галёрку» толькі па прычыне высокага росту. А адзін з іх, Саша Талкачоў (Саша, прывітанне!), быў прызнаны лепшым вучнем школы.
Рассадка вучняў у класе – сапраўднае мастацтва. Выконвае яна 3 асноўныя функцыі:
Хоць навучанне ў школе і асацыюецца ў нас з шэрагамі парт і дзецьмі, якія сядзяць строга адзін за адным, насамрэч размяшчаць вучняў у класе настаўнік можа па-рознаму. Усё залежыць ад мэты заняткаў: проста расказаць нешта новае ці заахвоціць да дыскусіі. Творчасць і крэатыўны падыход выкладчыка сёння вітаюцца як ніколі. Вядомы педагог і аўтар кніг «Педагогіка як любоў», «Педагогіка зносін», «Культура педагагічных зносін», «Гульні ў саміх сябе» і інш. Алег Казанскі прапаноўваў вар'іраваць 6 асноўных форм рассадкі.
Настаўнік дзеліцца новай інфармацыяй. Класічная форма, калі вучні сядзяць у некалькі шэрагаў. Каб пабалбатаць з суседам, трэба напружыцца і пакруціцца. Таму тут галоўная задача вучня – слухаць. Педагог выступае ў ролі лідара.
Дзеці адчуваюць сябе ў калектыве, добра бачаць кожнага чалавека. Дзякуючы чаму арганізоўваецца крэатыўная атмасфера. Настаўнік выступае кіраўніком.
Кола замкнёнае, колькасць удзельнікаў абмежаваная. У такім становішчы добра ладзіць абмеркаванне, мазгавыя штурмы. Пазіцыя педагога тут нейтральная, «як усе».
Вучні сядзяць шэрагамі адзін насупраць аднаго. Так прасцей выказваць розныя пункты гледжання, спрачацца. Пазіцыя выкладчыка – арбітр.
Асноўны цымус тут – наяўнасць двух педагогаў з рознымі падыходамі да падачы матэрыялу. Іх пазіцыя – настаўнікі, дарадцы.
Добра падыходзіць для працы ў малых групах. Настаўнік тут выступае як арганізатар.
Большая частка урокаў, як правіла, усё ж праходзіць ва ўмовах звычайнай рассадкі па шэрагах. І тут настаўніку неабходна ўлічыць як нюансы здароўя сваіх падапечных, так і іх псіхалагічнай сумяшчальнасці.
На падставе штогадовых медаглядаў урачы-педыятры ў паліклініках па месцы жыхарства запісваюць рэкамендацыі па харчаванні, фізічнай актыўнасці, рассаджванні ў класе. Гэтыя звесткі заносяць у індывідуальную «старонку здароўя», якую вядуць у школе для кожнага вучня.
Алена Маркаўцова
Урач-рэабілітолаг дзіцячага падраздзялення аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 10 гарадской паліклінікі Мінска:
Звычайна мы рэкамендуем мяняць месцамі дзяцей кожную чвэрць (у гімназіях – кожны семестр). Гэта важна для прафілактыкі парушэнняў паставы, скрыўлення пазваночніка, касавокасці. Калі праблемы ёсць, урач-спецыяліст з паліклінікі абавязкова адзначае гэта ў даведцы аб стане здароўя і дае свае рэкамендацыі. Напрыклад, школьніку з правабаковым скаліёзам параяць сядзець у левым ці сярэднім шэрагу, каб не правакаваць развіццё захворвання. Строга ў сярэднім шэрагу сядзяць, як правіла, дзеці па рэкамендацыі афтальмолага (напрыклад, з міапіяй сярэдняй ступені) ці хірурга-артапеда.
Вучні пачатковай школы зараз могуць вучыцца не толькі седзячы, але і стоячы. Непаседам складана часам вытрываць на адным месцы цэлы ўрок. Таму спецыяльна для малодшых школьнікаў у школы Мінска набываюць канторкі. Іх можа быць ад 2 да 4 у кожным класе. Стамілася дзіця сядзець, можа крыху размяцца і пастаяць. Ды і ўрок будзе не такі фармальны.
Псіхалагічны клімат у класе – адна з краевугольных тэм. Калі не ўдаецца наладзіць гэты складнік, нават у самых здольных дзяцей могуць выявіцца праблемы ў навучанні. І наадварот. Як правільна падабраць суседа па парце?
Пра гэта «Слушна» спыталі ў Аксаны Якубені.
Аксана Якубеня
Практыкуючы псіхолаг, сямейны псіхатэрапеўт, член Беларускага Таварыства псіхалогіі:
Рэкамендую класнаму кіраўніку ўлічваць пры рассадцы асабістыя якасці і тып тэмпераменту дзяцей.
Так, для дзіцяці-сангвініка лепшым суседам па парце будзе меланхолік. У гэтым выпадку лідарства застанецца за сангвінікам і ён зможа падтрымаць суседа. З улікам складанасцей у зносінах і збліжэння з людзьмі, што ўзнікаюць у меланхоліка, такі тандэм стане добрым.
Калі за адной партай будуць сядзець два меланхоліка, у далейшым яны стануць узаемадзейнічаць толькі адзін з адным (прычым даволі паспяхова). Аднак на фоне ўсяго класа яны могуць быць адасобленыя, іх прыйдзецца ўвесь час далучаць да жыцця ўсяго калектыву.
Для дзіцяці-халерыка, нястрыманага і запальчывага, выдатнай парай стане флегматык. Ён, у сваю чаргу, будзе супакойваць халерыка. Гэтая пара, як агонь і вада ці плюс і мінус, яны дапаўняюць адзін аднаго, іх узаемаадносіны заўсёды развіваюцца цалкам гарманічна.
А вось два халерыкі за адной партай – гэта практычна заўсёды вельмі лютая барацьба. Вучыцца пры ўсёй іх кіпучай дзейнасці практычна немагчыма.
Флегматык будзе спакойна сядзець за адной партай з меланхолікам. Крыўдлівасць і ранімасць суседа ён успрыме спакойна.
Два флегматыкі, якія трымаюць свае эмоцыі пры сабе, будуць вельмі ураўнаважанай парай. Аднак, на мой погляд, гэта не спрыяе самараскрыццю дзяцей у калектыве.
Для дзіця-флегматыка плённым будзе ўзаемадзеянне з сангвінікам, паколькі апошні здольны дапамагчы яму ў працэсе навучання. Сангвініку трэба менш часу на выкананне якога-небудзь задання, таму ён зможа нешта падказаць флегматыку і паскорыць яго.
Рассадка дзяцей у класе – цэлае мастацтва. Улічыць трэба ўсё: наколькі добра будзе засвоены навучальны матэрыял, за якой партай дазваляе сядзець дзіцяці стан здароўя і нават, ці сумяшчальны ён псіхалагічна са сваім суседам па парце. Такія калянавучальныя нюансы могуць выдатна паўплываць на паспяховасць. А значыць, правільная іх карэкціроўка дапаможа і ў лепшым засваенні ведаў...
2 верасня Беларуская асацыяцыя каноэ і алімпійскі чэмпіён Аляксандр Багдановіч упершыню на мінскай вадзе правядуць адкрытыя спаборніцтвы «Зорная рэгата» з удзелам наймацнейшых прадстаўнікоў беларускага веславання. Тэрыторыяй гонак стане акваторыя р. Свіслач.
Сярод удзельнікаў рэгаты:
Прызавы фонд рэгаты:
1 м – 600 р., 2 м – 400 р., 3 м – 200 р.
З 13.00 на набярэжнай гасцей мерапрыемства чакае жывая музыка, забавы, смачная ежа. А таксама майстар-клас ад Школы мастацкай гімнастыкі сярэбранага прызёра Алімпійскіх гульняў у Лондане ў групавых практыкаваннях Аляксандры Наркевіч. Пасля паказальнага выступлення вучаніц школы ўсе дзеці, якія захочуць, змогуць далучыцца да трэніроўкі і паспрабаваць сябе ў гэтым спорце.
У 17.00 пачатак спаборніцтваў
Таксама ў праграме:
1. Заезд на sup-дошках, у якім зможа паўдзельнічаць кожны, хто пажадае.
Прызавы фонд: 1 м – 300 р., 2 м – 200 р., 3 м – 100 р.
2. Гонкі на драганботах (dragon boats)
Гісторыя гонак на гэтых велізарных каноэ з галовамі драконаў пачалася ў Кітаі больш за 2000 гадоў таму. 2 верасня вы ўпершыню ўбачыце іх на мінскай вадзе!
З 19.30 канцэртная праграма: вулічны электронны LIVE-band INTELLIGENCY, рок-гурт NIZKIZ
Хэдлайнер: гурт J МОРС.
Быць далучаным да вялікага і важнага – проста!
Прадоўжы сваё лета! #загребайэмоции разам з намі!
Уваход: бясплатны.
У суботу, 26 жніўня, у Мінску прайшоў фінал рэспубліканскага фестывалю «Тата, мама, я – футбольная сям'я!». У спаборніцтвах прынялі ўдзел 100 сем'яў з усёй краіны. Арганізатарам фестывалю выступіла Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футбола».
На працягу некалькіх месяцаў у кожнай з абласцей Рэспублікі Беларусь праходзілі рэгіянальныя этапы рэспубліканскага фестывалю «Тата, мама, я – футбольная сям'я!». Падчас рэгіянальных этапаў вызначаліся 10 сем'яў ад кожнай вобласці і горада Мінска, якія ў гэтую суботу прынялі ўдзел у фінальных гульнях фестывалю. Да іх таксама далучыліся сем'і, якія сталі ўдзельнікамі першага фестывалю «Тата, мама, я – футбольная сям'я» ў 2016 годзе.
Па выніках спаборніцтваў першае месца заняла сям'я Кіслейка з Мінска, якую на фестывалі прадстаўляла 6 чалавек. Усе яны прызнаюцца, што спорт і здаровы лад жыцця – гэта тое, што аб'ядноўвае ўсіх членаў сям'і, робіць іх дружнымі, актыўнымі, а самае галоўнае - здаровымі.
Сяргей Кіслейка: «Мы вельмі задаволены першым месцам, але перамога – не самае галоўнае. Удзельнічаем у фестывалі ўжо другі год і заўважаем, наколькі добра ўсё арганізавана. Ва ўсіх удзельнікаў выдатны настрой, таму што яны праводзяць час з сям'ёй. Усе ўсміхаюцца! Чакаем у наступным годзе такі ж фэст!»
Рэспубліканскі фестываль «Тата, мама, я – футбольная сям'я!» – ініцыятыва Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола». «Мы вельмі рады такой колькасці ўдзельнікаў у гэтым годзе. Спадзяемся, што ў наступным фестывалі прымуць удзел яшчэ больш сем'яў з усёй Беларусі. «Тата, мама, я – футбольная сям'я!» – адзіны ў краіне сямейны спартыўны фестываль такога маштабу. Мы аб'ядноўваем ў адным мерапрыемстве некалькі галоўных паняццяў: спорт, здаровы лад жыцця, дружная сям'я!» - Віталь Крупіца, начальнік аддзела развіцця масавага футбола АБФФ.
Рэалізуючы праект другі год запар, арганізатары звяртаюць увагу на то, як расце цікавасць да фестывалю з боку актыўных сем'яў, грамадскасці і сродкаў масавай інфармацыі. Калі ў мінулым годзе ў фестывалі прынялі ўдзел 56 сем'яў, то ў гэтым іх колькасць вырасла да 100. Партнёрамі фэсту выступілі Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа і ЮНІСЕФ.
Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа рэалізуе праект па прафілактыцы неінфекцыйных захворванняў і прасоўванні ЗЛЖ сярод насельніцтва Беларусі і ў 2017 годзе праводзіць кампанію па прафілактыцы сардэчна-сасудзiстых захворванняў. Таму Беларускі Чырвоны Крыж аказаў падтрымку фестывалю «Тата, мама, я – футбольная сям'я!».
Таццяна Светлович, менеджэр праекта БТЧК: «Рады быць партнёрам такога сямейнага фестывалю. Гэта добрая магчымасць цікава і даступна праінфармаваць пра прафілактыку неінфекцыйных захворванняў і матываваць людзей весці здаровы лад жыцця. У рамках фестывалю мы падрыхтавалі пляцоўку з актыўнасцямi: удзельнікі гулялі ў народныя гульні, адказвалі на пытанні віктарыны па здаровым харчаванні, ацэньвалі рызыкi развіцця неінфекцыйных захворванняў, давалі абяцанні сабе змяніць паводзіны – рэгулярна займацца фізічнай актыўнасцю, прытрымлівацца здаровага харчавання, адмовіцца ад курэння і злоўжывання алкаголем, кантраляваць артэрыяльны ціск».
Забаўляльная праграма, конкурсы і віктарыны падтрымлівалі дружалюбную і вясёлую атмасферу свята. Усім удзельнікам фестывалю былі ўручаны падарункі ад арганізатараў і партнёраў фестывалю. Сям'я пераможцаў была ўзнагароджана футбольным мячом з аўтографамі гульцоў нацыянальнай зборнай і квіткамі ў ВІП-ложу на адзін з хатніх матчаў нацыянальнай зборнай каманды Рэспублікі Беларусь па футболе ў 2018 годзе. Узнагароду пераможцам уручыў галоўны трэнер Нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе – Крывушэнка Ігар Мікалаевіч.
Ігар Крывушэнка, галоўны трэнер Нацыянальнай зборнай Беларусі: «Прыемна, што федэрацыя праводзіць такое мерапрыемства. Гэта папулярызацыя здаровага ладу жыцця, спорту і сямейных каштоўнасцяў. Хацелася б, каб турнір стаў штогадовым. Прыемна ўсведамляць і тое, што бацькі, прыводзячы сюды сваіх дзяцей, такім чынам паказваюць прыклад здаровага ладу жыцця. Дзякуючы гэтаму, пакаленне вырасце здаровым, дужым і моцным».
Акрамя фінальных спаборніцтваў на палях АБФФ ў гэтую суботу былі арганізаваны актыўнасці для заўзятараў і ўдзельнікаў фестывалю. Забаўляльная праграма, конкурсы і віктарыны падтрымлівалі дружалюбную і вясёлую атмасферу свята. Для ўсіх наведвальнікаў фестывалю таксама былі падрыхтаваныя сувеніры ад арганізацый-партнёраў фестывалю.
Нумар адзін жаночай каманды Рэспублікі Беларусь па сучасным пяцібор'і, – Анастасія Пракапенка, заваявала асабістую бронзу чэмпіянату свету ў Каіры.
Першы асабісты медаль чэмпіянату свету даўся спартсменцы нялёгка, бо для таго, каб яго заваяваць, Анастасіі давялося пераадолець вялікае адставанне, абышоўшы алімпійскую чэмпіёнку 2008 г Алену Шэнеборн, якая выйшла на старт першай.
«Здабыць» бронзу на егіпецкай спякоце было зусім не проста. Першая дысцыпліна фіналу (рэйтынгавы турнір у фехтаванні), якую спартсменкі правялі напярэдадні, прынесла беларусцы 18 вынік (17 перамог). Плаванне і зусім перамясціла Насту ў другі дзясятак фіналістак (29 месца па выніках дысцыпліны). А вось канкур склаўся больш удала: 293 балы і чацвёртае месца.
Стартавая арыфметыка лазер-ран, не пакідала вялікіх спадзяванняў на перамогу. Да радасці саперніц беларуска сышла на бегавую трасу чатырнаццатай. Праўда, менавіта лазер-ран спартсменка традыцыйна лічыць сваім моцным бокам.
Сабраўшы волю ў кулак і падрыхтаваўшыся да барацьбы са спякотай і пяском, Анастасія крок за крокам апярэджвала саперніц, у выніку выбегла на фінішную прамую трэцяй, адыграўшы 42 секунды адставання і паказаўшы лепшы час па выніках лазер-ран.
«Вельмі складаная траса, складаны грунт [заўв. – пясок], але ў яе велізарныя здольнасці да бегу, моцныя ногі», – падзяліўся ўражаннямі пра выступленне падапечнай галоўны трэнер нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па сучасным пяцібор'і Вальдэмар Дарыюш дэ Макай у гутарцы перад цырымоніяй узнагароджання.
А затым дадаў: «З моманту чэмпіянату Еўропы прайшло ўсяго чатыры тыдні, і яна [заўв. – Анастасія] яшчэ не да канца аднавілася, але, думаю, цяпер яна вярнула сабе выдатны настрой».
Перамогу ў асабістым заліку атрымала расіянка Гульназ Губайдуліна, для якой гэты медаль таксама стаў першай асабістай узнагародай чэмпіянату свету ў кар'еры. Срэбра заваявала прадстаўніца Венгрыі Жафія Фельдхазі.
На 20 радку табліцы фінальныя выпрабаванні завяршыла беларуска Таццяна Халдоба (найбольш паспяхова з усіх дысцыплін правяла фехтаванне і канкур), на 28 – Ірына Прасянцова і на 36 – элімінаваная па выніках верхавой язды Вольга Сілкіна.
Бронза Анастасіі Пракапенка – першая асабістая ўзнагарода беларускіх пяціборцаў на чэмпіянаце свету ў Каіры. Нагадаем, у першы дзень спаборніцтваў бронзу ў эстафеце ў мужчын заваяваў беларускі дуэт «Ілля Палазкоў / Павел Ціханаў».
Чэмпіянат свету ў Каіры завершыцца 28 жніўня – змешанай эстафетай. Беларусь у апошні дзень спаборніцтваў прадставіць дуэт, які стаў у сакавіку гэтага года ўладальнікам золата ў аналагічнай праграме II этапу Кубка свету па сучасным пяцібор'і ў сталіцы Егіпта, – Ірына Прасянцова і Кірыл Касьянік.
Уявіце, што вы нечакана прачнуліся на вакзале ў чужой краіне, дзе ніколі не былі і нічога пра яе не ведаеце. На думку псіхолагаў, менавіта такі стрэс адчувае дзіця, трапляючы з утульнага хатняга асяроддзя і свету дзіцячага садка ў школу. Для бацькоў першы клас таксама часта становіцца выпрабаваннем на трываласць. Як жа перажыць першы школьны год максімальна беражліва для ўсіх членаў сям'і?
Пра тое, як правільна паводзіць сябе ў самы першы і адказны школьны год, «Слушна» запытаўся ў Аксаны Якубені, практыкуючага псіхолага, сямейнага псіхатэрапеўта, члена Беларускага Таварыства псіхалогіі.
Калі першакласнік Сярожа прыйшоў з мамай на кансультацыю да псіхолага, яго становішча ў класе было жаласным. Да канца другой чвэрці хлопчык так і не змог адаптавацца сярод аднакласнікаў. Сядзець за партай таксама не атрымлівалася. Сярожа бегаў па класе, ігнараваў заўвагі настаўніка, кукарэкаў пад партай, біўся з дзецьмі, а потым няўцешна плакаў. Настаўніца стала сур'ёзна задумвацца аб разумовай непаўнавартасці дзіцяці.
Падчас працы з псіхолагам стала зразумела, што інтэлект у поўным парадку. Вінаватыя ў дзіўных паводзінах – эмацыйная няспеласць і гіперактыўнасць. Усё ў тым, што ў сям'і да Сярожы ставіліся, як да 4-гадовага дзіцяці. З аднагодкамі ён практычна не меў зносін, бавіў час дома з бабуляй. Аб самастойнасці і заахвочванні ініцыятывы не было і гаворкі. Падчас працы з хлопчыкам прыйшлося цалкам перагледзець падыход да выхавання. Нягледзячы на перажыванні і трывогу, бацькі сталі ўсё часцей дэлегаваць сыну даручэнні, даваць магчымасць прымаць рашэнні. Паступова павялічвалі час (з 5 хвілін і больш), прывучалі выконваць карпатлівую працу.
Сёлета Сярожа ідзе ў 3 клас. Чакае надыходу школьнага года з нецярплівасцю. У класе ў яго з'явіліся сябры, а ў вучобе хлопчык стаў моцным харашыстам.
Падрыхтоўка да школы – хвалюючы працэс. Багацце інфармацыі ў сучасным свеце часта палохае, таму ўхіл у перадшкольных занятках больш робяць у першую чаргу на развіццё інтэлекту.
Яшчэ да пачатку першага навучальнага года многія сучасныя дзеці ўжо ведаюць літары, могуць пачытаць па складах ці палічыць. Але ёсць яшчэ адзін істотны момант. Важныя не толькі веды аб школьных прадметах. У сваім новым жыцці дзіцяці прыйдзецца сутыкнуцца з вялікай колькасцю самых розных сітуацый. Упаў відэлец у сталовай, развязаліся шнуркі, настаўніца павысіла голас, на ўроку зламаўся аловак... З усім гэтым давядзецца спраўляцца самастойна. Для чаго неабходны вопыт. Калі бацькі пастаянна слалі саломку і беглі ратаваць дзіця яшчэ да таго, як яно само падумала, што рабіць, у школе такі клопат вылезе бокам. А пастаянны стрэс з нагоды любой дробнай праблемы прывядзе да таго, што новаму вучню будзе зусім не да атрымання ведаў. Тут хаця б шнуркі кудысьці закруціць, каб хлопцы не засмяялі.
Аксана Якубеня:
— Вельмі часта бацькі хвалююцца і непакояцца значна больш, чым самі дзеці. Паказваць сваю паніку і страх – адна з самых вялікіх памылак. У стрэсавых сітуацыях дзеці могуць абапірацца толькі на значных дарослых. Дзіця павінна бачыць, што мама і тата ўпэўненыя ў ім. Тады ў яго ўсё атрымаецца
Першы школьны год – асаблівы і адказны час для маленькага вучня і ўсёй яго сям'і. Важна памятаць, што менавіта на сваіх блізкіх дарослых дзіця можа абаперціся ў гэты няпросты перыяд. Паспрабуйце максімальна быць побач. Важнай дапамогай стане не толькі навучанне новым кніжным ведам, але і побытавым навыкам, самастойнасці.
На даху галоўнага будынка кампаніі Velcom на вышыні 40 метраў усталявалі 10-метровы экран. На ім у рэжыме рэальнага часу можна ўбачыць кіламетраж – колькі паспелі набегаць ў гэты дзень беларусы. Акцыя пачалася.
У сталічным парку Перамогі прайшоў масавы забег у фармаце «1 + 1» – прафесійны бягун плюс пачатковец. Для першых – дыстанцыя ў 5,5 км, для пачаткоўцаў – 1 км.
Нагадаем, мэта – 100 тысяч кіламетраў сіламі 10 тысяч беларусаў. На думку арганізатараў, такая лічба цалкам рэальная. Бо бегавы марафон прадоўжыцца 10 дзён – з 26 жніўня да 4 верасня. Калі актыўнасць беларусаў дасягне запланаваных лічбаў, кампанія velcom пералічыць 100 тысяч беларускіх рублёў на рахунак Рэспубліканскай дзіцячай бальніцы медрэабілітацыі. За гэтыя сродкі плануюць набыць найноўшае абсталяванне, у т. л. рабатызаваныя трэнажоры для верхніх і ніжніх канечнасцей, якія дапамогуць хутчэйшаму аднаўленню маленькіх пацыентаў. Акрамя таго, кампанія velcom прадаставіць планшэты з мабільным інтэрнэтам, каб дзеці, якія знаходзяцца на лячэнні месяцамі, маглі з карысцю бавіць час.
Удзельнікам акцыі можа стаць кожны, хто пажадае. Для гэтага неабходна ў любы з дзён пазначанага перыяду выйсці на прабежку і зафіксаваць пераадоленны кіламетраж з дапамогай фітнес-дадатку на смартфоне. Даныя можна публікаваць у любой сацыяльнай сетцы з хэштэгам # велкомбегом ці #velcombegom. Бегаць можна на любыя адлегласці і хоць па некалькі разоў на дзень. Абы дазваляла здароўе.
Вячаслаў Смірноў, начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom: « У нашай акцыі дзве мэты. Па-першае, дабрачынная дапамога. А па-другое, матывацыя беларусаў да руху і здаровага ладу жыцця. Бег становіцца вельмі папулярным у нашай краіне. Праўда, усё яшчэ шмат людзей, якія хацелі б пачаць рухацца, але адкладаюць прабежкі да панядзелка, новага года, набыцця новых красовак... Мы хочам даць стымул да руху. Разам мы можам зрабіць добрую справу. І веру, што гэта дасягальная мэта».
Больш за 700 чалавек розных узростаў паўдзельнічалі ў дабрачынным забегу # велкомбегом ў сталічным Парку Перамогі.
Добры настрой, агульная размінка, шмат музыкі, прызоў і, вядома, руху і хуткасці! На бегавыя дарожкі выйшлі і прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, Рэспубліканскай дзіцячай бальніцы медрэабілітацыі, газеты «Медыцынскі веснік». Здаровыя людзі з задавальненнем далучыліся да добрай справы. Наш уклад – дзве пераадоленыя дыстанцыі (на 1 км і на 5 км)!
Не заставайцеся ўбаку. Акцыя працягнецца да 4 верасня.
З 26 жніўня да 4 верасня пройдзе дабрачынная акцыя «#velcombegom: Выклік 100 000 ». Яе мэта – сабраць 100 000 беларускіх рублёў для дзяцей, якія знаходзяцца на лячэнні ў Рэспубліканскай дзіцячай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі.
Вядома, грошы перавядуць аператарам не проста так, а за кіламетры! Якія прабягуць 100 000 удзельнікаў акцыі за гэтыя дзесяць дзён.
Яшчэ адна мэта, што стаіць перад арганізатарамі акцыі – прыцягненне ўвагі і папулярызацыя бегу як віду спорту, матывацыя беларусаў на заняткі лёгкай атлетыкай. Такім чынам, можна і сваё здароўе ўмацаваць, і дзецям дапамагчы.
Для таго, каб прыняць удзел у акцыі, у перыяд з 26 жніўня да 4 верасня трэба з дапамогай смартфона і ўсталяванага на ім любога фітнес-дадатку зафіксаваць адлегласць, якую вы прабеглі. Затым трэба зрабіць скрыншот, дзе будзе адлюстравана дата і кіламетры, і апублікаваць фота ў сацыяльнай сетцы з хэштэгам #velcombegom ці #велкомбегом. Такім чынам, кожны з удзельнікаў акцыі кідае выклік не толькі сабе, але і сваім сябрам.
Да ўдзелу ў акцыі запрашаюць ўсіх, хто пажадае! І для гэтага зусім неабавязкова быць абанентам Velcom.
«Гэтая дабрачынная ініцыятыва будзе адрознівацца ад усяго, што раней праходзіла ў рэспубліцы. Мы не проста прапануем мяняць кіламетры на рублі, а кідаем бегавы выклік ўсёй краіне, – падкрэсліў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый Велком Вячаслаў Смірноў. – Калі беларусы змогуць прабегчы 100 000 км, то збяруць 100 000 рублёў у дапамогу дзецям. Як нам здаецца, гэта натхніць людзей займацца бегам і матывуе зрабіць першы крок на шляху да ўмацавання свайго здароўя».
У Рэспубліканскай дзіцячай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі спадзяюцца, што « Выклік 100 000 » аб'яднае тысячы беларусаў. «Безумоўна, нашы дзеці забяспечаныя самым неабходным для лячэння, але хочацца даць ім больш для хуткага ачуньвання і стварыць больш камфортныя ўмовы для юных пацыентаў, – адзначыла галоўны ўрач бальніцы Галіна Радзівонава. - Што важна, кожны ахвочы зможа ўнесці свой уклад у дапамогу дзецям і таксама прынесці карысць свайму здароўю. Усе, хто прыме выклік, зробяць нешта большае, чым проста выхад на прабежку».
Дапаможам дзецям разам! 100 000 рублёў за 100 000 кіламетраў! Нават маленькі ўклад можа стаць вырашальным у справе дапамогі дзецям, якія праходзяць рэабілітацыю пасля хіміятэрапіі, складанай аперацыі і інш.
Даведка:
Рэспубліканская дзіцячая бальніца медыцынскай рэабілітацыі – гэта цэнтр для лячэння дзяцей і падлеткаў да 18 гадоў з гематалагічнымі, анкалагічнымі і нефралагічнымі захворваннямі. Тут прымаюць пацыентаў з усёй Беларусі для завяршэння курса інтэнсіўнага лячэння, пасляаперацыйнага аднаўлення. Штогадова тут «падымаюць на ногі» каля 300 дзяцей
Усе мы ведаем, што ежа выконвае дзве асноўныя функцыі ў арганізме чалавека: пластычную і энергетычную.
Бялкі, тлушчы і вугляводы з'яўляюцца «энерганосьбітамі», г.зн. пры згаранні (акісленні) гэтых малекул у клетках вызваляецца энергія, якую арганізм выкарыстоўвае для ўласных патрэб, пры гэтым 90% энергіі здабываецца з вугляводаў і тлушчаў. Бялкі ў большай ступені расходуюцца як будаўнічы матэрыял. Нагадаю, што 1 грам тлушчаў – гэта 9,3 Ккал, бялкоў і вугляводаў – 4,1 Ккал.
Для большасці людзей не заўсёды зразумела, як і куды траціцца энергія, якая атрымліваецца штодня з ежай. Некаторыя міфы перашкаджаюць разуменню, як дасягнуць здаровай вагі, падтрымліваць фігуру, захоўваць выдатнае самаадчуванне, не адмаўляючы сабе ў харчаванні і не катуючы сябе непасільнымі фізічнымі нагрузкамі.
Тлушч у нашым арганізме – гэта энергія, назапашаная на перыяд складаных часоў, якая расходуецца ў выпадку недахопу калорый, што паступаюць з ежай. За тысячу гадоў існавання жыцця на зямлі ў жывёл і чалавека выпрацаваліся механізмы назапашвання энергіі ў выглядзе тлушчу. Гэтыя механізмы адладжаныя прыродай і эфектыўна працуюць.
Калі ёсць задача пазбавіцца ад лішняй вагі (запасаў тлушчу), то шлях адзін – стварыць сітуацыю, калі арганізм будзе выкарыстоўваць гэты тлушч для забеспячэння сваіх энергетычных патрэбаў.
Успомнім закон энергетычнага балансу і яго матэматычнае ўраўненне. Каларыйнасць ежы павінна быць эквівалентнае энергазатратам.
Еп = Еас.аб. + Етэрм. + Есдде + Ефіз.н.
Дзе:
Цяпер мы разумеем, куды ж ідзе энергія, якую мы атрымліваем з ежай.
З усіх выдаткаў энергіі ў арганізме адзіныя, на значэнне якіх мы можам сур'ёзна паўплываць, – гэта калорыі, што спальваюцца пры фізічнай актыўнасці. Астатнія працэсы досыць інэртныя. Хоць і іх мы таксама ў некаторай ступені здольныя змяніць. Напрыклад, калі ўжываць больш бялкоў у рацыёне, арганізм будзе траціць больш энергіі на іх засваенне, чым на вугляводзістую ці тлустую ежу. Калі на вуліцы прахалодна, а чалавек апранае лёгкае адзенне, то затраты на тэрмагенез павялічваюцца.
Пралічыць індывідуальныя сутачныя затраты энергіі можна некалькімі спосабамі. Для прыкладу мы возьмем самы просты метад.
Чалавек са звычайнай масай цела сярэдняга целаскладу пры невысокай фізічнай актыўнасці расходуе прыкладна 30 Ккал на 1 кг вагі ў суткі.
Такім чынам, калі мы ведаем свае індывідуальныя сутачныя энергатраты і хочам стабільна захоўваць здаровую масу цела, мы павінны падтрымліваць баланс энергіі, што паступае і выдаткоўваецца.
Калі ў нас мэта зніжаць масу цела, то важна паменшыць паступленне энергіі з ежай і павялічыць выдаткі энергіі на фізічную актыўнасць. Ніякіх іншых навукова абгрунтаваных метадаў няма.
Сваёй нявіннай праявай на ранняй стадыі, я расслабляю многіх урачоў і не даю падставы пацыентам для своечасовага звароту да апошніх». Подпіс: Меланома
Тэндэнцыі апошніх гадоў: штогод у Беларусі рэгіструюць каля 700 новых выпадкаў узнікнення меланомы, прычым у 90% прычынай развіцця стаў меланацытарны невус. Але ёсць і добрая навіна. Пры ўсёй агрэсіўнасці гэта захворванне, выяўленае на ранняй стадыі, добра паддаецца лячэнню. Галоўнае - своечасовая дыягностыка.
Што такое меланома? Якія змены скурнага покрыва і невусаў павінны насцярожыць? Хто ўваходзіць у групу рызыкі па ўзнікненню меланомы? Як абараніць сябе ад захворвання? На актуальнвя пытанні адказвае эксперт Слушна урач-дэрматавенеролаг першай кваліфікацыйнай катэгорыі, загадчык дыспансернага аддзялення Гомельскага абласнога скурна-венералагічнага дыспансера Генадзь Драгун.
Меланома - гэта самая агрэсіўная і непрадказальная пухліна, што мае высокі патэнцыял метастазіравання (распаўсюджванне злаякасных меланацытаў у жыццёва важных органах, у выніку чаго лятальны канец непазбежны).
Чым глыбей у скуры вызначаюцца атыповыя меланацыты і іх гнёзды, тым вышэй рызыка метастазаў.
У перакладзе з грэчаскага melanos абазначае – чорны і, часцей за ўсё, меланома у многіх асацыюецца з утварэннем чорнага ці цёмна-карычневага колеру. Але сапраўды гэтай злаякаснай пухліне ўласцівыя і іншыя колеры (ружовы, чырвоны, белы, блакітны, шэры, усе адценні карычневага і г.д.).
Розныя клінічныя формы меланомы часта імітуюць дабраякасныя ўтварэнні скуры, у выніку чаго меланома можа заставацца незаўважанай.
Колькасць захворванняў на меланому пастаянна расце ва ўсім свеце, але паказчыкі смяротнасці стабілізаваліся. Гэта звязана з дыягностыкай меланомы на ранняй стадыі, у выніку чаго дзесяцігадовая выжывальнасць можа дасягаць амаль 100%. І гэта вельмі важна: чым раней звярнуцца па дапамогу, тым больш шанцаў на жыццё!
Па еўрапейскіх даных сярэдні ўзрост пацыента да моманту ўстанаўлення дыягназу складае 55 гадоў для жанчын і 57 гадоў для мужчын, хоць меланома сустракаецца і ў больш маладым узросце. У мужчын часцей за ўсё меланома скуры лакалізуецца на тулаве (часцей на спіне), у жанчын – на ніжніх канечнасцях. Але гэтым пухліна не абмяжоўваецца. Агляд павінен праводзіцца ад галавы да пятак.
Якія змены скурнага покрыва і невусаў павінны насцярожыць і звярнуць на сябе ўвагу?
Вельмі важнае пытанне, і не толькі для людзей з вялікай колькасцю невусаў.
Асноўныя прыкметы атыпіі радзімай плямы:
Любыя змены ў радзімай пляме, ці з'яўленне новай «радзімкі», што адрозніваецца ад існуючых, – нагода з'явіцца на кансультацыю да спецыяліста.
Насцярожанасць павінна быць асабліва ў людзей, якія адносяцца да групы рызыкі па меланоме скуры. Дэрматаскапія – дыягнастычны метад, што дазваляе выявіць меланому на ранняй стадыі
Найбольш сучасным метадам дыягностыкі меланомы з’яўляецца дэрматаскапія.
Дэрматаскапія – неінвазіўны дыягнастычны метад, з дапамогай якога можна хутка ацаніць структуру эпідэрмісу, дэрмы-эпідэрмальнага злучэння і сасочкавага слою дэрмы, якія не бачныя няўзброеным вокам.
Дэрматаскапію можна разглядаць як сувязное звяно паміж клінічным і патагісталагічным даследаваннямі. Зараз выкарыстанне дэрматаскапіі стала вельмі папулярным як у дэрматолагаў, так і ва ўрачоў іншых спецыяльнасцей, а за мяжой гэты метад выкарыстоўваюць самі пацыенты, якія маюць вялікую колькасць «радзімак». Аднак, нават пры абследаванні невусаў метадам дэрматаскапіі, у некаторых выпадках выявіць меланому не атрымліваецца.
Залатым стандартам дыягностыкі меланомы скуры цяпер застаецца гісталагічнае даследаванне!
Умоўна залатым стандартам, па-мойму, можна пазначыць і дэрматаскапію, як метад дыягностыкі, што дазваляе доўга ў дынаміцы назіраць за невусам, асабліва ў людзей, якія маюць шмат «радзімак».
Першапачаткова гэты метад быў прызначаны для дыягностыкі меланомы на ранняй стадыі, у апошні час яго выкарыстоўваюць для ацэнкі пігментаваных і непігментаваных утварэнняў скуры як злаякаснай, так і дабраякаснай прыроды, а таксама для дыягностыкі захворванняў скуры і валасоў.
Супрацьпаказанняў для правядзення дэрматаскапіі не існуе!
Гэты хуткі, неінвазіўны і бязбольны метад можна выкарстоўваць пацыентам з моманту нараджэння да глыбокай старасці.
У групу рызыкі ўваходзяць асобы:
Калі невус займае вялікую плошчу (цэлую анатамічную вобласць і больш), рызыка развіцця меланомы складае 5-10%, нават у першыя 5 гадоў жыцця.
Абавязкова дынамічнае назіранне за «радзімкамі» на валасістай частцы галавы, а таксама ў акральных абласцях (далоні, ступні).
Радзімым плямам прыпісваюць містычныя ўласцівасці, аналізуюць іх размяшчэнне на целе для таго, каб даведацца больш пра характар і лёс чалавека. Але для ўрача гэта, у першую чаргу, фактар рызыкі развіцця такога небяспечнага захворвання, як меланома.
Пра тое, што ж насамрэч уяўляюць сабой радзімыя плямы і чаго чакаць ад іх, мы і пагаворым у гэтым артыкуле.
Эксперт Слушна: урач-дэрматавенеролаг першай кваліфікацыйнай катэгорыі, загадчык дыспансернага аддзялення Гомельскага абласнога скурна-венералагічнага дыспансера Генадзь Драгун.
Радзімыя плямы (радзімкі) ці невусы – гэта дабраякасныя ўтварэнні скуры, у тым ліку валасістай часткі галавы, далоняў і падэшваў.Існуе мноства разнавіднасцей невусаў, што ўзнікаюць з розных тканін, але сёння нас будуць цікавіць меланацытарныя ўтварэнні, якія звычайны чалавек успрымае часцей за ўсё як плямы ці вузельчыкі (ўзвышэнні над скурай) карычневага колеру розных адценняў, хоць гэта не заўсёды так.
У аснове ўзнікнення «радзімак» ляжаць заганы развіцця меланацытаў - клетак, што сінтэзуюць меланін, які абараняе арганізм чалавека ад залішняга ўльтрафіялетавага апрамянення.
Нас цікавіць два тыпы меланіну.
Фотатып чалавека – колер скуры, валасоў і радужнай абалонкі вока – залежыць ад таго, які з іх пераважае:
Вылучаюць прыроджаныя і набытыя меланацытарныя невусы:
Небяспека «радзімак» заключаецца ў рызыцы ўзнікнення меланомы. Лічыцца, што большасць меланацытарных невусаў – патэнцыйныя папярэднікі меланомы скуры.
Трэба адзначыць, што меланома можа ўзнікаць не толькі на фоне «радзімкі», але і на вонкава нязмененай скуры (de novo). Таму выконваць правілы знаходжання на сонцы трэба ўсім людзям незалежна ад тыпу скуры.
Асобам, схільным да сонечных апёкаў, незалежна ад колькасці радзімак, не рэкамендуецца не толькі загараць, але і наведваць салярый.
Дастаткова ў дзіцячым узросце два-тры разы атрымаць сонечныя апёкі (асабліва асобам з першым і другім фотатыпам скуры), каб увайсці ў групу рызыкі па меланоме.
Своечасовае і правільнае прымяненне «сонцаахоўных экранаў», мабыць, самы верны шлях да прафілактыкі злаякасных новаўтварэнняў скуры.
Перш за ўсё, неабходна правільна падабраць адзенне. І справа не ў колеры тканіны, а ў шчыльнасці яе валокнаў. Чым вышэй шчыльнасць валокнаў, тым менш трапляюць сонечныя прамяні. Ну і, вядома, правільны падбор і выкарыстанне фотаахоўных крэмаў.
У пагоні за прывабнай скурай многія наведваюць салярый і «згараюць» на пляжы, без думкі пра тое, што і сонечнае выпраменьванне, і штучныя прамяні дрэнна ўздзейнічаюць на валокны дэрмы. У выніку змяняецца тургор, парушаецца пругкасць і эластычнасць скуры, што прыводзіць да хуткага яе старэння.
Калі пацыент настойвае на выдаленні «радзімкі» па эстэтычных меркаваннях, так, ён мае на гэта права. Але кожную сітуацыю неабходна разглядаць індывідуальна.
Вось толькі ўявіце сабе, ці магчыма выдаліць усе невусы, калі іх колькасць налічваецца дзясяткамі? З вялікай упэўненасцю скажу, што ні ўрач-дэрматаанколаг, ні ўрач-хірург тэрытарыяльнай паліклінікі, ні ўрач-касметолаг не возьмецца за выдаленне вялікай колькасці невусаў, тым больш, калі яны не маюць атыповых прыкмет.
Іншая справа, калі сярод шматлікіх «нармальных радзімак» ёсць адна атыповая.
Пільную ўвагу трэба звярнуць на невусы, якія:
Такі невус ў медыцынскім асяроддзі называюць «брыдкім качанём». І ў гэтым выпадку выдаленне гэтага меланацытарнага ўтварэння апраўдана. У выпадках, калі невусы размяшчаюцца ў зоне падвышанай траўматызацыі, пазбаўленне ад іх таксама апраўдана.
Метады лячэння залежаць ад лакалізацыі ўтварэння, глыбіні яго залягання, плошчы пашкоджання. Іх вызначае ўрач.
Ідэальным метадам сёння застаецца хірургічнае выдаленне, паколькі яно дазваляе знізіць рызыку рэцыдываў невусаў і, у першую чаргу, захаваць зрэзаны матэрыял для паўнавартаснага гісталагічнага даследавання. Бо кожная «радзімка» пасля выдалення, нават калі яна першапачаткова выглядае нармальнай, павінна прайсці гісталагічнае даследаванне!!!
Існуюць і іншыя метады лячэння (напрыклад, электракаагуляцыя, лазератэрапія і г.д.).
Памятайце, што толькі пасля кансультацыі з урачом можна штосьці рабіць ў дачыненні да радзімых плям. Не выдаляйце іх у касметычных кабінетах! Аперацыю такога кшталту павінен выконваць толькі кваліфікаваны ўрач-хірург. Беражыце невусы ад адкрытых пякучых прамянёў і траўматызацыі.
23-24 жніўня ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. М.М. Аляксандрава, усіх абласных анкадыспансерах, кабінетах анколага цэнтральных, раённых і гарадскіх бальніц, паліклінік пройдзе акцыя «Прафілактыка меланомы і раку скуры».
Яе мэта – своечасовае выяўленне, а таксама лячэнне анкалагічных захворванняў скуры, матывацыя насельніцтва да здаровага ладу жыцця.
Прайсці абследаванне можа кожны, хто пажадае, па зацверджаным графіку.
Назва ўстановы | Дата правядзення акцыі | Месца правядзення | Час прыёму |
РНПЦ АМР ім. Н.Н. Аляксандрава, Мінскі р-н, агр. Лясны |
24.08.2017 | Кансультатыўная паліклініка, каб.№217 | 10.00 - 14.00 |
Мінскі гарадскі клінічны анкалагічны дыспансер, пр. Незалежнасці, 64 |
24.08.2017 | каб. №117; каб. №121, кабінеты анколага ўсіх цэнтральных паліклінік | 9.00 - 14.00 |
Брэсцкі абласны анкалагічны дыспансер, г. Брест, вул. Медыцынская, 6 |
23-24.08.2017 |
каб. №316, кабінеты анколага ўсіх ЦРБ, скурвендыспансер |
8.00 - 20.00 |
Віцебскі абласны клінічны анкалагічны дыспансер, г. Віцебск, вул. П Броўкі, 33 |
23-24.08.2017 | каб. №23, кабінеты анколага ўсіх ЦРБ, ЦГБ, клінічных бальніц, скурвендыспансер | 8.00 - 17.00 |
Гомельскі абласны клінічны анкалагічны дыспансер, г. Гомель, ул. Медыцынская, 2 |
24.08.2017
|
каб. №20 і кабінеты анколага ўсіх паліклінік горада | 8.00 - 16.00 |
Магілеўскі абласны анкалагічны дыспансер, г. Магілёў, вул. Акад. Паўлава, 2а |
23.-24.08.2017 | каб. №212 і кабінеты анколагаў усіх паліклінік | 10.00-13.00 |
Гродзенскі абласны анкалагічны дыспансер, г. Гродно,Бульвар Ленінскага Камсамола, 52 |
23-24.08.2017 | каб. №23 анкадыспансернага аддзялення, кабінеты анколага ўсіх ЦРБ |
23.08.2017 9.00- 13.00; 24.08.2017 14.00-16.00 |
Не прапусцiце шанец праверыць сябе!
One fine body…