Эксперымент прайшоў у сярэдняй школе № 59 Гомеля ў рамках дабрачыннага праекта Беларускага дзіцячага фонду і кампаніі velcom «Я бачу!».
Фокус-група складалася з адзінаццацікласнікаў: двух юнакоў і чатырох дзяўчат. Ім трэба было выпрабаваць на сабе папулярныя мабільныя дадаткі для праверкі зроку: «iКуліст», «Праверка зроку», а таксама мабільны дэвайс EyeQue (ЗША), які працуе па прынцыпе рэфрактометра. Вынікі ацаніла ўрач-афтальмолаг праекта «Я бачу!» Лізавета Рыбакова. Яна праверыла зрок школьнікаў з дапамогай педыятрычнага партатыўнага аўтарэфрактометра і скіяскапічных лінеек. Такім абсталяваннем аснашчаны мабільныя брыгады дактароў у праекце.
Аказалася, што найбольш блізкім да афіцыйнай высновы ўрача апынуўся вынік, прадэманстраваны мабільнай прыладай EyeQue. Іншыя дадаткі паказвалі толькі на нязначныя адхіленні вастрыні зроку і ў большасці выпадкаў адзначалі вынік, які мала адпавядае рэчаіснасці.
Лізавета Рыбакова, урач-афтальмолаг мабільнай брыгады праекта «Я бачу!»:
«Розныя прылады, ад тэлевізараў і камп'ютараў да планшэтаў і смартфонаў, сталі неад'емнай часткай жыцця сучаснага пакалення дзяцей і падлеткаў – і, на жаль, адной з прычын павышэння нагрузкі на зрок. Таму сёння прафілактыцы захворванняў органаў зроку і іх ранняй дыягностыцы мы надаем першачарговую ўвагу. Мы дыягнаставалі зрок рознымі спосабамі. Найбольш набліжаным да рэальнага дыягназу быў мабільны девайс EyeQue, які нагадвае рэфрактометр. Разам з тым, атрыманыя данныя хутчэй дазваляюць толькі судзіць пра наяўнасць праблем са зрокам (пра што пацыент, як правіла, ведае ўжо і сам), а не замяняюць сабой паўнавартасны агляд і рэкамендацыі ўрача-афтальмолага».
На працягу 2016 і 2017 гг. праект «Беларускага дзіцячага фонду» і кампаніі velcom «Я бачу!» рэалізоўваўся ў 19 раёнах Магілёўскай і 14 раёнах Гомельскай абласцей. Усяго за гэты час было абследавана больш за 25 тысяч дзяцей. Праблемы са зрокам выяўлены ў 35% ад агульнай колькасці агледжаных школьнікаў, прычым у 40% з іх – упершыню.
Школьнікі праходзілі абследаванне на некалькіх апаратах, пры выяўленні парушэнняў атрымлівалі рэкамендацыі ўрача, рэцэпты на медыкаменты і акуляры, а ў самых сур'ёзных выпадках – накіраванні на паглыбленую дыягностыку, кансерватыўнае і аператыўнае лячэнне ў абласныя і рэспубліканскія цэнтры.
У 2018 годзе мабільныя брыгады ўрачоў-афтальмолагаў працягнуць працу ў школах сельскіх раёнах Брэсцкай вобласці. Мяркуецца, што за наступны год будуць абследаваны яшчэ 14 тысяч дзяцей. Сродкі на рэалізацыю праекта «Я бачу!» Будуць сабраныя цягам восьмай дабрачыннай каляднай ініцыятывы кампаніі velcom «Рабіць дабро так проста». Яна праходзіць па ўсёй Беларусі з 1 па 31 снежня.
У лістападзе ў Сусветны дзень некурэння рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік», інфармацыйны партал «Здаровыя людзі» сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя абвясцілі пра старт конкурсу «Дыхай свабодна» на тэму арганізацыі бяздымнай прасторы ў Рэспубліцы Беларусь.
Асноўныя мэты былі: уцягнуць грамадскасць у дзейнасць па прафілактыцы тытунекурэння; інфармаванне грамадзян аб праблеме распаўсюджвання тытунекурэння і негатыўным ўплыве актыўнага і пасіўнага курэння на здароўе; абарона грамадзян, якія не паляць, ад уздзеяння тытунёвага дыму; фарміраванне негатыўнага стаўлення да палення і матывацыя грамадзян на захаванне здароўя.
Па ўмовах конкурсу фотаработы праходзілі два этапы ацэнкі. На першым этапе ўсе дасланыя на конкурс фотаработы ацэньваліся экспертным журы.
Па выніках 10 работ, што найбольш адпавядаюць умовам конкурсу, дапускаліся да галасавання наведвальнікаў на інфармацыйным партале нашага партнера «Здаровыя людзі», якое завяршылася 25 снежня 2017 года.
На партале можна было не толькі пакінуць свой голас за найбольш упадабаную працу, але і адказаць на пытанне пра адносіны да палення.
Як паказала апытанне, 66,7% удзельнікаў супраць курэння ў любым выглядзе; 12,7% супраць курэння ў грамадскіх месцах; 7,1% паліць, але прадпрымае спробы да таго, каб кінуць гэтую згубную звычку; 6,3% завязалі з курэннем назаўжды; 1,6% апытаных аддае перавагу электронным цыгарэтам; і толькі 5,6% апытаных паляць і нічога з гэтым рабіць не збіраюцца.
Па выніках глядацкага галасавання найбольшую колькасць галасоў набралі дзве працы, аўтарам якіх прысуджана першае месца!
1 месца – Святлана Рыгораўна Матавілава– загадчык аддзела грамадскага здароўя Магілёўскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
1 месца – Аляксей Уладзіміравіч Цыганоў– супрацоўнік Круглянскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
2 месца заняла работа двух аўтараў – Дар'і Мікалаеўны Палікарпавай і Юліі Русланаўны Літвіновіч – супрацоўніц Пухавіцкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
3 месца – Ларыса Уладзіміраўна Волкава – супрацоўніца Гродзенскай абласной інфекцыйнай клінічнай бальніцы.
Усе пераможцы 11 студзеня 2018 года будуць узнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі.
Мы віншуем пераможцаў і ад усёй душы жадаем усім здароўя, новых перамог у будучым годзе і няхай бяздымнай прасторы ў нашай краіне становіцца больш!
https://bel.24health.by/avtory-luchshix-rabot-konkursa-dyshi-svobodno-poluchili-pamyatnye-prizy-i-diplomy/
Рэспубліканскі клінічны цэнтр паліятыўнай медыцынскай дапамогі дзецям і Беларускі дзіцячы хоспіс правялі для сваіх падапечных дабрачынны навагодні ранішнік. У свяце паўдзельнічалі больш за 20 сем'яў.
Хвароба – не падстава адмаўляцца ад радасцей жыцця. І нават наадварот. Свята можа стаць добрай дапамогай і рэсурсам, каб спраўляцца з хваробай. Новы Год не пытае, здаровы ты ці хворы, гатовы весяліцца альбо цябе з'ядае туга. У прызначаны тэрмін ён проста прыходзіць. І гэта абнадзейвае і ўсяляе веру. У гэты чароўны зімовы час у добрае хочацца верыць нават дарослым.
На некалькі гадзін дзеці (усе яны знаходзяцца пад паліятыўным назіраннем) забыліся на медыцынскія прызначэнні і звыклае замкнёнае жыццё. Вясёлыя конкурсы, музыка, карагод з Дзедам Марозам і Снягуркай, вялікія мыльныя бурбалкі ад прыязнага клоўна зрабілі атмасферу настолькі жывой і святочнай, што ад душы павесяліліся не толькі дзеці, але і іх блізкія: мамы, таты, бабулі і нават браты і сёстры. Сапраўдная цёплая сямейная ўрачыстасць! Дзяўчынкі радавалі вока прыгожымі сукенкамі, хлопчыкі з такой нагоды былі ў кашулях альбо навагодніх маскарадных касцюмах. Да падзеі відавочна рыхтаваліся старанна і загадзя.
Зрабіць свята прыемным і незабыўным дапамаглі валанцёры з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, 4 пастаянныя памочнікі з Беларускага дзіцячага хоспіса, а таксама курсанты 1 курса Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Падтрымка 6 дужых хлопцаў была вельмі дарэчы. Яны дапамагалі падняць на другі паверх цяжкія вазкі, распрануцца, размясціцца маленькім гасцям ранішніка.
Мама Таццяна з задавальненнем водзіць карагоды, удзельнічае ў конкурсах і ад душы весяліцца. Маленькай Сафіі 2,8 гадкі. Сёння дзяўчынка ўрачыста апранутая, цікаўная на руках у мамы. «Такое свята – выдатная нагода для нас выйсці з кватэры, надзець прыгожыя сукенкі. Для дзяўчынак гэта так важна! У Рэспубліканскім клінічным цэнтры паліятыўнай медыцынскай дапамогі дзецям мы праходзілі рэабілітацыю літаральна нядаўна і засталіся ў поўным захапленні. Асабліва спадабаліся Васілісе гідрамасажная ванна і музычныя заняткі» – распавядае Таццяна.
Мама двух сыноў Ганна таксама вельмі задаволена святам: «У нашым жыцці так мала радасцей і жывых стасункаў. Вельмі рады, што нас запрасілі на такое мерапрыемства. Не лічачы набыцця сабакі, гэта самая прыемная падзея для нас за апошні час. Прыемна пагутарыць з іншымі бацькамі, пасябраваць, наладзіць кантакт. Бо часта наш круг зносін і складаецца з сем'яў з падобнымі праблемамі». Разам з Ганнай на свята прыйшлі абодва яе сыны. Фёдару 8 гадоў, а Мацюсю 4 годзікі. Абодва хлопчыкі хварэюць на рэдкае генетычнае захворванне – мукаполіцукарыдоз (з кожным годам ім усё больш складана рухацца і хадзіць), і знаходзяцца пад паліятыўным назіраннем.
Нягледзячы на меркаванне, што таты часта не вытрымліваюць цяжару адказнасці, які звальваецца на сям'ю з з'яўленнем цяжка хворага дзіцяці, у зале было даволі шмат татаў. І ўсе яны былі вельмі актыўныя. Праз удзел у эстафетах або выцягваючы «фанты» мужчыны імкнуліся да апошняга не дапамагаць сваім дзецям, каб даць ім шанец спачатку выканаць заданне самастойна. Мужчынскі падыход!
Ірына Байдакова, спецыяліст па сацыяльнай рабоце Рэспубліканскага клінічнага цэнтра паліятыўнай медыцынскай дапамогі дзецям і Беларускага дзіцячага хоспіса:
– Мерапрыемства другое для Рэспубліканскага клінічнага цэнтра паліятыўнай медыцынскай дапамогі дзецям з моманту яго адкрыцця. Нам хочацца, каб дзеці адчувалі цяпло і клопат не толькі ад сваіх родных, але і ад іншых людзей. Так, нашы хлопцы – цяжкія, з абмежаванымі магчымасцямі: калясачнікі, з парушэннем слыху, праблемамі збоку апорна-рухальнага апарата, затрымкай разумовага развіцця. Але кожны з іх мае права жыць паўнавартасна. А гэта значыць не ў чатырох сценах, а максімальна сацыялізавана. Мы пастараліся, каб на нашым свяце кожнае дзіця адчула сапраўдную атмасферу Новага года, нашу ўвагу і цеплыню.
Ірына Байдакова прыйшла працаваць у хоспіс 15 гадоў таму. Да гэтага 25 гадоў выкладала біялогію і хімію ў Інстытуце заалогіі Нацыянальнай Акадэміі навук. Упершыню сутыкнуцца з такімі дзеткамі аказалася цяжка, бо на вуліцах іх і зусім не было відаць у тыя часы. Але паступова праца стала любімай. Для добрага сэрца – лепшая ўзнагарода прыносіць карысць і выконваць невялікія, але важныя мары маленькіх падапечных. Ірына Васільеўна – кіраўнік летняга аздараўленчага цэнтра «Бусел» ад Беларускага дзіцячага хоспіса. Там дзеткі адпачываюць і вучацца самастойнасці, іх догляд ажыццяўляюць валанцёры. Для многіх дзяцей – гэта новы і прыемны вопыт: трохі аддаліцца ад бацькоў і адчуць сябе хоць бы трошкі больш незалежнымі.
Дабрацца на ранішнік без машыны для бацькоў з хворымі дзіцём сапраўдны квэст. Ён ўдала скончыўся пры дапамозе аўтаваланцёраў.
Праект па іх пошуку Беларускі дзіцячы хоспіс запусціў у траўні сёлета. Кожны ахвочы і сёння можа прапанаваць сваю дабрачынную дапамогу ў падвозе хворых дзяцей у паліклініку, на працэдуры, на мерапрыемствы. Для гэтага дастаткова зарэгістравацца на сайце ў адмысловым раздзеле праекта. І людзі гатовыя! За першы дзень ад пачатку запісу зарэгістраваліся каля 500 чалавек! Сёння банк даных уключае каля 1 000 добраахвотнікаў. Сувязь з імі бацькі і супрацоўнікі паліятыўнай службы падтрымліваюць праз групу ў вайберы.
Добры настрой, прыемныя зносіны, чаго часта так не хапае такім сем'ям, курс на пазітыў – з такім настроем скончыўся гэты асабліва добры ранішнік. А эмоцыі, якія ён падарыў, безумоўна, сагрэюць усіх яго ўдзельнікаў яшчэ многія і многія вечары. Бо так важна адчуваць працягнутую ў бядзе руку і зразумець: ты не адзін.
Сталічны клуб аматараў бегу «Вікторыя» зладзіць забег у цэнтры горада ў навагоднюю ноч. Ідэю падтрымалі ў Міністэрстве спорту і турызму Беларусі і ў Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.
Бегавая траса даўжынёй 8,5 кіламетраў пройдзе ўздоўж праспекта Пераможцаў, па пешаходнай і веладарожкам, міма стэлы «Мінск – горад-герой» і Плошчы Дзяржаўнага сцяга.
Жадаючых сустрэць 2018-ы на бягу 31 снежня запрашаюць да Палаца спорту (пр-т Пераможцаў, 4) у 23.00. Старт вызначаны на 23.30, фініш - на 00.30 ля навагодняй ёлкі побач з Палацам.
Арганізатары адзначаюць, што ў пазначаны час пажадана ўкласціся, але тэмп забегу павінен быць умераным, у залежнасці ад падрыхтоўкі і самаадчування бягуна. Таксама важна прыбыць на старт у зімовай бегавой форме. Рэчы можна будзе пакінуць у камеры захоўвання.
Трапіць на навагодні забег можна толькі пасля рэгістрацыі. Дарэчы, колькасць заяўленых удзельнікаў ужо перавысіла 30 чалавек.
Ідэя навагодніх забегаў для Беларусі не новая. Напрыклад, у Гродне 1 студзеня адбудзецца ўжо чацвёрты Забег цвярозасці.
Вялікія кулінарныя творы, што нарадзіліся незалежна адзін ад аднаго ў розных кутках Зямлі і маюць зусім непадобныя назвы, часам мала чым адрозніваюцца. Напрыклад, чым адрозніваюцца пельмені і равіолі? Можа, толькі формай і памерам? У Скандынавіі нам пададуць карпакор, у Татарыі – жылгыр, у Іспаніі – п-учера, у Югаславіі – штруклі ... А частуюць нас адным і тым жа!)
Пельмені – простая і моцна любімая многімі страва. Сёння ў крамах можна знайсці велізарную колькасць розных іх відаў.
Пельмені – прадукт немудрагелісты, гатуецца з фаршу (60%) і цесту (40%). Варыянты фаршу розныя. У класічных рэцэптах гэта свініна ці ялавічына, у сучасных – курынае мяса, мяса труса або рыба. Часам выкарыстоўваюцца і раслінныя дадаткі. Якасць фаршу шмат у чым вызначае смак пельменяў. Таму ўважліва чытайце, што піша вытворца на ўпакоўцы.
Па складзе і якасці пельмені падзяляюцца на некалькі катэгорый:
Катэгорыя пяльменяў | Колькасць мышачнай тканкі ў фаршы |
Катэгорыя А | ≥ 80% |
Катэгорыя Б | 60-80% |
Катэгорыя В | 40-60% |
Катэгорыя Г | 20-40% |
Катэгорыя Д | ≤ 20% |
Чым большая масавая доля мышачнай тканкі, тым больш збалансаваны амінакіслотны склад бялку ў прадукце.
Калі ў начынні пельменяў ёсць ніжэйпералічаныя харчовыя дадаткі, то вярніце такую ўпакоўку назад у маразільную скрыню:
Е 262 | ацэат натрыю | кансервант і рэгулятар кіслотнасці |
Е 333(iii) | кальцыю цытрат | антыаксідант |
Е 301 | аскарбат натрыю | антыаксідант, узмацняльнік смаку і стабілізатар колеру |
Е 621 | глутамат натрыю | узмацняльнік смаку |
Е 635 | 5’-рыбануклеатыды натрыю | узмацняльнік смаку |
ароматизатор бульона |
Такі фарш выраблены з мяса нізкай якасці або перамарожанага мяса, якое страціла свой смак і водар. Вытворца проста спрабуе схаваць гэта за кошт выкарыстання харчовых дадаткаў. Вырабленыя з свежага, дабраякаснага мяса пельмені не патрабуюць ніякіх дадатковых штучных дадаткаў, а для надання ўнікальнага смаку могуць выкарыстоўвацца лук, часнык, спецыі і прыправы.
Пельмені, вырабленыя з мяса птушкі, маюць свае асаблівасці. Пры іх вытворчасці як у фарш, так і ў цеста можа дадавацца пшанічная клятчатка. Яна дазваляе зрабіць начынне сакавітым і пышным і захаваць форму пельменяў пры варэнні. Калі няма алергіі на бялкі пшаніцы – можаце смела купляць такі прадукт. Фарш гатуюць з грудной і сцегнавой частак тушкі, а таксама курынай скуры. Выбірайце тыя, дзе прапісана: мяса птушкі (ручная абвалка).
Нягледзячы на прастату прыгатавання, яно асаблівае: тонкае, але пры гэтым эластычнае, што важна для поўнага напаўнення пельменяў фаршам. Цеста якаснае, калі яно захоўвае форму, якая ўтвараецца пры лепцы, не разрываецца і не дэфармуецца, злёгку павялічваецца пры варэнні прадукту. Ацаніць якасць цесту можна і ў сырога прадукту. Лягчэй, вядома, гэта зрабіць у пельменяў, упакаваных у празрыстую цэлафанавую ўпакоўку. Калі цеста рознае па таўшчыні, бачны фарш у месцах зашчыпаў, то ад набыцця лепш адмовіцца, такія пельмені разваляцца падчас гатавання.
А вось калі на ўпакоўцы напісана «выраблена па СТБ 974-20001» – смела можаце купляць.
Бутэрброды, чыпсы, макароны з сасіскай і пельмені – любімыя прадукты студэнтаў. А што выбіраеце вы? Вырабленыя з высакаякаснай сыравіны, пельмені будуць лепшым прадуктам, паколькі:
Усю «сям'ю» пельменных вырабаў аб'ядноўвае адно – любяць іх практычна ва ўсіх кутках планеты. Не лянуйцеся і замест бутэрброда прыгатуйце сабе пельмені. Бо гэта не доўга, усяго 6 хвілін з моманту закіпання! А ў краме не забудзьцеся ўважліва вывучыць этыкетку.
«Слушна» схадзілі на публічную лекцыю Марыяны Мірзаян, медыцынскага журналіста Meduza, Афіша Daily, сузаснавальніка і рэдактара Telegram-канала «Намачы манту» і запісалі лайфхакі па правільным пошуку медыцынскай інфармацыі ў Інтэрнэце.
Свой шлях, як пацыенты, мы часта пачынаем з таго, што шукаем інфармацыю ў Інтэрнэце. Але рабіць гэта трэба правільна, каб не нашкодзіць свайму здароўю.
Раней існаваў тэрмін opinion-based medicine – медыцына, заснаваная на ўрачэбных меркаваннях. Цяпер медыцына стала доказнай – evidence-based medicine. На форумах альбо ў Facebook нават можна сустрэць пытанне «А ў цябе ёсць ЕВМ-ны ўрач?»
Зараз пераходны перыяд. Адны ўрачы лічаць, што калі сродак дапамог 30 пацыентам з 100, то яго можна прызначаць астатнім. Іншыя ўрачы кажуць: «У мяне быў цудоўны настаўнік, і ён лепш за ўсіх разбіраўся ў гэтай праблеме, таму я раблю так, як і ён». У выніку меркаванняў шмат, і незразумела, якое з іх правільнае.
Каб даведацца, ці сапраўды лекі працуюць, і ці падыходзіць той ці іншы метад у дадзенай сітуацыі, праводзяцца розныя даследаванні. Медыцына ўсё менш мастацтва і ўсё больш навука. Аднак даследаванні бываюць розныя. І далёка не ўсім медыцынскім пошукам варта верыць. Хоць ужо з'явіліся правілы, выкананне якіх гарантуе чысціню метадалогіі і якасць даследаванняў.
Сучасныя ўрачы паводзяць сябе гэтак жа, як і журналісты, – усё часцей шукаюць медыцынскую інфармацыю ў Інтэрнэце, а не на канферэнцыях і форумах.
Абапірацца толькі на даследаванні ўрача складана хоць бы таму, што іх вельмі шмат і яны пастаянна абнаўляюцца. Таму ўрач у сваіх рашэннях часцей за ўсё абапіраецца на профільныя, нацыянальныя, міжнародныя кіраўніцтвы – guidelines (гайдлайны). Яны заснаваныя на даследаваннях, але не на ўсіх запар, а толькі на тых, якія праверылі, ацанілі, прааналізавалі.
А дзе ж вопыт урача? Няўжо ён зараз просты выканаўца, у якога ёсць інструкцыя, і ён выдае лекі строга па ёй?
Не! Вопыт урача вельмі важны. Таму што далёка не ўсе выпадкі даследаваны, кожны пацыент унікальны і адрозніваецца толькі яму ўласцівай індывідуальнасцю. Так што ўрачы нікуды не знікаюць у гэтай сістэме.
Калі ўрачы арыентуюцца выключна на ўласны вопыт, то гэта шкодзіць пацыенту, таму што асабісты вопыт суб'ектыўны. Часцей запамінаюцца выпадкі, калі атрымалася вылечыць пацыента. Аднак часам пацыент па якіх-небудзь прычынах знікае з поля зроку ўрача, і той ужо не ведае, ачуняў ён ці не. Калі ўрач будзе абапірацца толькі на сваё меркаванне, то ён можа зрабіць няправільныя высновы.
Наша здароўе – гэта наша з вамі адказнасць і яна куды большая, чым можа падацца. Калі ў нас тэмпература, мы можам проста выбраць гарачкапаніжальны прэпарат, які нам па кішэні. Але, бывае, нам трэба прыняць складанае рашэнне, напрыклад, пры выбары лячэння анкалагічнага захворвання, дзе магчымыя варыянты. Абіраючы лячэнне, мы выбіраем, як правядзем сваё жыццё. І выдатна, калі побач ёсць урач, які дапамагае ўсвядоміць сітуацыю, але не падштурхоўвае нас да пэўнага рашэння.
Пісьменны ўрач любіць адукаваных пацыентаў. Каб наладзіць з доктарам партнёрскія адносіны, трэба стаць прасунутым пацыентам. Карысна чытаць пра сваю праблему перад прыёмам ва ўрача. Вы, вядома, не зможаце паставіць дыягназ ці прапісаць лекі, але зможаце падрыхтаваць пытанні.
Пра што можна спытаць урача:
Нармальны падыход – пераправяраць прызначэнне ўрача. Гэта не значыць, што вам трэба адмовіцца ад усіх лекаў, якія ўрач прызначыў, і заняцца самалячэннем.
Вы можаце прачытаць пра дыягназ, які вам паставілі, паглядзець інфармацыю, чым лечаць гэтую хваробу. І калі вы ўбачыце драматычнае разыходжанне паміж тым, што прызначыў урач і што напісана ў аўтарытэтнай крыніцы, вы зможаце задаць яму пытанне. Калі дыялогу не атрымалася, то вы можаце звярнуцца да іншага ўрача.
Самы правільны шлях – шукаць інфармацыю пра здароўе на англійскай мове, якая стала мовай сучаснай медыцыны.
Яшчэ адзін важны момант – інструкцыі да лекаў.
Любыя лекі пасля таго, як трапяць у аптэкі, працягваюць свой навуковы шлях – праходзяць постмаркетынгавае даследаванне. У заходніх краінах ёсць такая практыка. Калі пэўная колькасць пацыентаў сутыкаецца з новымі пабочнымі эфектамі пасля прыёму прэпарата, то гэтыя дадзеныя даюць у фармкампаніі, якія паступова абнаўляюць інструкцыі. У іх дадаюць важную інфармацыю. Напрыклад, як лепш прымаць лекі.
Інструкцыі на англійскай не заўсёды супадаюць з рускамоўнымі. Гэта можа быць звязана нават з памылкай перакладчыка. Таму добра пераправяраць, як правільна прымаць прызначаны прэпарат.
Будзьце ўважлівыя і здаровыя!
Где пройти специализированное обследование и получить консультацию специалистов?
Каб атрымаць адмаражэнне не абавязкова гуляць на вуліцы ў вельмі моцны мароз. Дастаткова не вельмі нізкай тэмпературы, высокай вільготнасці і моцнага ветру. Асабліва калі рукавіцы вільготныя, абутак цесны і надзеты не па сезону, а шапка паспяхова забыта дома.
Пасля прагулкі на вуліцы збялелі пальцы? Вушы зусім змерзлі? Не адчуваеце пальцаў ног? Слушна ведаюць, што трэба рабіць. Пра тое, як правільна аказаць першую дапамогу пры адмаражэннях, нашаму парталу распавёў загадчык апёкавага аддзялення Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г. Мінска Дзмітрый Мазалеўскі.
Адмаражэнне – гэта мясцовая вострая халадовая траўма. З надыходам зімовага сезону сустракаецца не так ужо і рэдка. І вось чаму.
Прычым пры астуджэнні да пэўнай тэмпературы (мінус 50°С і ніжэй) тканкі гінуць адразу. Атрымаць такую траўму можна, напрыклад, калі дакрануцца да пэўных рэчываў (вадкі азот, звадкаваныя газы ў паліўнай сістэме аўтамабіля, фрэон, які выпарваецца, або аміяк). У гэтых выпадках развіваецца крыанекроз.
Дзмітрый Мазалеўскі:
– Пры крыанекрозе вадкае асяроддзе клеткі (цытаплазма) замярзае. Прасцей кажучы, ператвараецца ў лёд і, адпаведна, павялічваецца ў аб'ёме. З-за гэтага клетачная абалонка разрываецца і клетка гіне. У звычайным жыцці такое можа здарыцца пры кантакце скуры або слізістай абалонкі з пераахалоджаным металам.
У вільготным паветры чалавек хутчэй страчвае цяпло і хутчэй астуджаецца. Прычым больш за ўсё да абмаражэння схільныя найбольш аддаленыя часткі цела: ступні, кісці, нос, вушныя ракавіны, шчокі.
Калі ўвесь час дзьме халодны вецер, паветра вакол чалавека перамяшчаецца, забірае цяпло чалавечага цела і выносіць. Вынік – чалавек мерзне хутчэй.
Без шкоды для здароўя пры моцным ветры, высокай вільготнасці і нізкай тэмпературы можна знаходзіцца на вуліцы не больш за гадзіну.
Дзмітрый Мазалеўскі:
– Для атрымання халадовай траўмы акрамя фактараў навакольнага асяроддзя важны стан чалавечага арганізма. У людзей, асабліва сталага ўзросту, часта ёсць захворванні сасудзістай сістэмы, якія суправаджаюцца парушэннем перыферычнага кровазвароту. Чым горш кроў прыцякае да канечнасцей і скуры, тым хутчэй гэтая частка цела замерзне і не сагрэецца за кошт унутраных рэсурсаў.
І яшчэ… Калі чалавек атрымаў траўму – удар, пералом ці вывіх канечнасці, за-за ацёку ў гэтым участку цела парушаецца кровазварот. Таму рызыка атрымаць адмаражэнне павышаецца.
Дзмітрый Мазалеўскі:
– Пасля імабілізацыі пашкоджанай канечнасці, пры транспарціроўцы пацярпелага ў халодны час абавязкова трэба паклапаціцца пра тое, каб канечнасць была ізаляваная ад пашкоджвальнага дзеяння нізкіх тэмператур навакольнага асяроддзя.
Дарэчы. Практычна 90% тых, хто паступае ў БХМД з адмаражэннямі, «перабралі» з алкаголем. Ён, хоць і дае адчуванне цяпла, але прытупляе пачуццё небяспекі. Этанол, які змяшчаецца ў алкагольных напоях, выклікае пашырэнне перыферычных сасудаў. Цёплая кроў лепш і хутчэй прыцякае да скуры, грэючы яе. Аднак «другі бок медалю» такой уласцівасці алкаголю, – значнае ўзмацненне страты цяпла з арганізма чалавека. Пасля ўжывання алкаголю чалавек, які выйшаў на вуліцу ў моцны мароз, замерзне хутчэй.
Найбольш эфектыўную дапамогу пацярпеламу з адмаражэннямі можна аказаць у першыя суткі пасля халадовай траўмы!
Вызначыць, наколькі цяжкая траўма, магчыма толькі пасля таго, як пачалі саграваць пацярпелую частку цела (спецыялісты называюць гэта рэактыўным перыядам). Да гэтага моманту, як правіла, клініка аднолькавая: пацярпелае месца бледнае і халоднае навобмацак, у ім зніжана адчувальнасць. І толькі пасля таго, як чалавек сагрэецца, будзе зразумелая поўная «карціна» пашкоджанняў.
Усяго вылучаюць чатыры ступені адмарожванняў: I, II, III і IV. Кожная з іх адрозніваецца па сімптомах і сваіх наступствах.
Спецыялісты вылучаюць два перыяды ў выпадку адмаражэнняў:
У залежнасці ад глыбіні паражэння адмаражэння бываюць чатырох ступеней:
I ступень
Яна найбольш спрыяльная, пашкоджанне тканак павярхоўнае. Пасля пачатку сагравання пашкоджаная частка цела павялічваецца ў аб'ёме і чырванее. З'яўляюцца свярбенне, адчуванне мурашак і распірання. Часам нямоцныя болі і адчуванні чырвані і ацёчнасці трымаюцца да 2-3 сутак, потым паступова сціхаюць і праходзяць. Найбольш ярка гэтыя праявы бываюць на вушных ракавінах. Вушы становяцца больш, чырванеюць.
Вялікай небяспекі для здароўя ў падобным выпадку няма. Разам з тым, паўторнага ўздзеяння холаду варта баяцца. Інакш магчыма развіццё больш глыбокага адмаражэння.
II ступень
Сімптомы могуць праявіцца адразу пасля моманту сагравання або на працягу 2 сутак. На фоне чырвані і ацёку на скуры з'яўляюцца пухіры. Яны невялікія і запоўненыя светла-жоўтым альбо бурштынавым змесцівам. Калі пухір лопаецца, яго дно чырвонага колеру, вельмі адчувальнае. Адмаражэнне II ступені зажыве само на працягу 3 тыдняў. Але! Абавязкова трэба пазбягаць уздзеяння нават мінімальнага холаду.
III ступень
Тканкі становяцца не проста бледныя альбо чырвоныя, а сіняватыя. Пасля сагравання з'яўляюцца пухіры, запоўненыя чырвонай вадкасцю. Адчуванне, што яна змяшчае элементы крыві. Дно пухіра бардовае, дотыку практычна не адчуваецца. Гэта сведчыць пра тое, што загінула скура і яе нервовыя канчаткі. У дадзеным выпадку, яшчэ можна выратаваць канечнасць, выдаліць пашкоджаную скуру і выканаць перасадку скуры.
IV ступень
Месца не проста сіняе, але і цвёрдае, не балiць. Кроў не цячэ. Пухіры могуць і не з'явіцца. Загінулі скура, падскурная клятчатка, сухажыллі, косткі і цягліцы. У выпадку IV ступені адмаражэння, прагнозы не суцяшальныя, пацярпелую частку цела прыйдзецца ампутаваць.
Дзмітрый Мазалеўскі:
– Калі змерзлі рукі і пальцы, а сагрэцца трэба, можна зняць рукавіцы ці пальчаткі і схаваць рукі ў падпахавыя вобласці. Замерзлі ступні, не залянуецеся, прысядзьце дзе-небудзь і добра іх разатрыце, актыўна паварушыце пальцамі.
Таму, калі вы прыйшлі ў памяшканне, пашкоджанае месца трэба абараніць ад уздзеяння цяпла. Для гэтага накладваюцца цеплаізаляцыйныя павязкі. Пашкоджаную частку цела абмотваюць тоўстым пластом ваты, таўшчынёй не менш за 5 см. На вату накладваем цеплаізаляцыйны элемент – паліэтыленавы пакет, шчыльную паперу. Затым гэтая «канструкцыя» фіксуецца бінтам. Выкарыстоўваць можна і падручныя сродкі: ручнікі, шалікі, хусткі, цёплую тоўстую вопратку з добрымі цеплаізалюючымі ўласцівасцямі.
Дзмітрый Мазалеўскі:
– Калі пацярпелі ступні, то такая павязка накладваецца да сярэдзіны галёнкі, кісць – да сярэдзіны перадплечча, калі вушы і шчокі – яны закрываюцца цалкам. Важная ўмова: рухаць пашкоджанымі канечнасцямі нельга.
Акрамя гэтага, каб кроў была больш «вадкай» і хутчэй цякла па сасудах, спецыялісты рэкамендуюць прыняць аспірын (кардыёмагніл, АСК).
Замерзлі ніжнія канечнасці – грэлкі кладуць на сцягно, у пахвінную вобласць.
Калі на працягу 30-60 хвілін тэмпература пашкоджаных частак цела не прыйшла ў норму, да іх не вярнулася адчувальнасць і захоўваецца бледнасць скурных пакроваў, надзьмуліся пухіры, пачаўся ацёк, узнікла адчуванне распірання, абавязкова трэба ехаць у бальніцу.
Улічваючы, што трэба будзе выходзіць на вуліцу, пашкоджаную канечнасць неабходна добра ахінуць, каб не дапусціць дадатковага ўздзеяння холаду.
Хай гэта зробіць спецыяліст.
Лепш за ўсё рабіць гэта рукамі. Снег або жорсткія рукавіцы могуць толькі пашкодзіць ужо пацярпелае месца.
Гэта можа справакаваць больш глыбокае і сур'ёзнае пашкоджанне.
Каб шпацыр на свежым паветры або шлях на працу (дадому) у мароз не скончыліся сумна, мы вырашылі нагадаць пра некаторыя правілы, грэбаваць якімі ўсё-такі не варта:
Пад такім слоганам ў Мінску прайшла заключная інфармацыйна-адукацыйная акцыя па прафілактыцы хвароб сістэмы кровазвароту «Здаровае сэрца – доўгае жыццё». Яе арганізавалі ў гандлёвым цэнтры «Галерэя Мінск» у рамках Дня здароўя для работнікаў і наведвальнікаў.
На працягу года прайшло каля 52 Дзён здароўя, у якіх прынялі ўдзел 40119 чалавек. Акцыю падтрымалі гіпермаркеты і ўнівермагі, аптэкі РУП «Белфармацыя», а таксама прамысловыя прадпрыемствы горада.
Былі размешчаны кансультацыйныя пункты, дзе ўсе ахвочыя змаглі памераць ціск, прайсці ЭКГ і пракансультавацца ва ўрачоў-кардыёлагаў.
Па дадзеных шматлікіх эпідэміялагічных даследаванняў у 2/3 выпадкаў развіццё хвароб сістэмы кровазвароту і прычыны, якія іх выклікалі, з'яўляюцца кантралюемымі. Як правіла, яны звязаныя з ладам жыцця чалавека – курэнне, гіпадынамія, злоўжыванне алкаголем і памылкі ў харчаванні.
Таму самы практычны і недарагі шлях прафілактыкі не медыцына, а здаровы лад жыцця.
26 снежня ў медыцынскім цэнтры «ИдеалМед» пройдзе дабрачынная акцыя «Дапаможам дзецям». Урачы першай і вышэйшай катэгорыі правядуць ультрагукавое даследаванне шчытападобнай залозы, органаў брушной поласці, плеўральнай поласці, а таксама органаў малога таза.
Дабрачынная акцыя павінна дапамагчы дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў. УГД дазваляе выявіць мноства захворванняў розных органаў і сістэм чалавека нават на стадыі іх зараджэння. Дзякуючы сучасным тэхналогіям апаратаў экспертнага класа можна выявіць самыя дробныя ўтварэнні, разгледзець больш дакладна іх унутраную структуру, атрымаць дастаткова выразны малюнак. Дзякуючы такому ўльтрагукавому даследаванню ў дзяцей з'явіцца магчымасць сумесна з урачом пры неабходнасці спланаваць лячэнне з улікам канкрэтных клінічных патрабаванняў.
Папярэдні запіс абавязковы:
+375 (17) 224-224-6
+375 (29) 144-22-22
+375 (29) 88-88-195
Разнастайнасць зубных паст ў продажы – той самы выпадак, калі зрабіць правільны выбар зусім няпроста. Часта даводзіцца спадзявацца на вядомы брэнд і яркую ўпакоўку. Не лепшы варыянт, асабліва калі гаворка ідзе пра дзіцячую зубную пасту.
Якую пасту выбраць для дзіцяці? Ці павінна яна адрознівацца ад «дарослай»? Да якога ўзросту наогул патрэбна «дзіцячая» паста? Чым адна «дзіцячая» зубная паста лепш за іншую?
Знайсці адказы на пытанні Слушна дапамагла кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры стаматалогіі дзіцячага ўзросту Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Жанна Бурак.
Усе зубныя пасты – і дзіцячыя, і дарослыя – не што іншае, як сумесь вельмі дробнага, «далікатнага» ачышчальнага парашка (абразіва), пенных рэчываў і спецыяльных тэрапеўтычных кампанентаў, якія паляпшаюць стан зубоў і/альбо дзёснаў. Плюс дадаткі для прыемнага смаку і колеру. Усё гэта звязана з вадой і рэчывамі, якія надаюць сумесі неабходную кансістэнцыю.
Жанна Бурак:
– Дарослая і дзіцячая зубныя пасты ў асноўным адрозніваюцца абразівамі і тэрапеўтычнымі дадаткамі, што ўваходзяць у іх склад. Напрыклад, у дзяцей часовыя зубы (так званыя "малочныя") і пастаянныя, якія нядаўна прарэзаліся, маюць не настолькі трывалую эмаль, як пастаянныя зубы дарослага чалавека. Таму абразіў у дзіцячых зубных пастах драбнейшы і «далікатнейшы», чым у пастах для дарослых.
Стандартамі для вытворчасці дзіцячых зубных паст прадугледжаны дробнадысперсны абразіў.
Лепш, калі гэта будзе аксід крэмнію (silica) – бясколерныя празрыстыя крышталікі, якія вылучаюцца высокай трываласцю, дазваляюць задаваць неабходны памер часціц і не ўступаюць у рэакцыю з іншымі кампанентамі пасты.
Для дзяцей не выпускаюць зубныя пасты, што адбельваюць, а прапаноўваць ім дарослыя з такой жа ўласцівасцю нельга. Асвятленне эмалі часцей за ўсё дасягаецца альбо за кошт «жорсткіх» абразіваў, альбо за кошт вялікіх памераў часціц аксіду крэмнію. І тое, і іншае можа прывесці да пашкоджання дзіцячых зубоў.
Дзеянне тэрапеўтычных кампанентаў, якія ўваходзяць у склад дзіцячых зубных паст, накіравана на ўмацаванне эмалі зубоў. А вось дабаўкі для паляпшэння стану дзёснаў не прымяняюцца, бо захворванні дзёснаў з'яўляюцца, як правіла, ва ўзросце, калі ўжо выкарыстоўваецца дарослая зубная паста.
Жанна Бурак:
– Да тэрапеўтычных дадаткаў для паляпшэння стану эмалі зубоў адносяцца злучэнні кальцыю і злучэнні фтору. Кальцый з'яўляецца неабходным кампанентам гідраксіяпатыту – асноўнай малекулы зубной эмалі – і пастаянна паступае туды з сьлінай. Ён лёгка пранікае ў эмаль але, на жаль, так жа лёгка адтуль сыходзіць. Каб утрымаць кальцый у эмалі, неабходны фтор. З-за недахопу фтарыдаў (злучэнняў фтору) у ежы і пітной вадзе ў нашай краіне, зубныя пасты з фторам больш пажаданыя.
Найбольш эфектыўным злучэннем фтору, што выкарыстоўваецца ў дзіцячай зубной пасце, лічыцца амінафтарыд (olaflur).
Зараз непасрэдна пра выбар зубной пасты ў залежнасці ад узросту дзіцяці.
Здароваму дзіцяці са здаровай эмаллю лепш чысціць зубы без зубной пасты наогул. Уся яна так ці інакш апынецца ў страўніку малога, разам з пеннымі рэчывамі і кансервантамі. Але калі выкарыстоўваць зубную пасту ўсё ж такі хочацца, варта выбраць цюбік, на якім пазначана маркіроўка «0-2 года» альбо «baby». Такія пасты не ўтрымліваюць тэрапеўтычныя дадаткі, у іх мінімум пенных рэчываў і кансервантаў. Але яны рэальна палягчаюць працэс чысткі зубоў, робяць яго больш прыемным і дапамагаюць прызвычаіцца малому да зубной пасты.
Жанна Бурак:
– Калі ў дзіцяці да 3 гадоў ужо ёсць карыес альбо, па словах стаматолага, рызыка развіцця гэтай праблемы вельмі высокі, неабходна выкарыстоўваць зубную пасту з фторам для наступнай узроставай катэгорыі (дашкольнікаў). У гэтым выпадку наносіць пасту на шчотку трэба ў мінімальнай колькасці: прыблізна на пазногцік мезенца дзіцяці, ці досыць правесці шчоткай па адкрытым носіку цюбіка, каб кончыкі шчацінак павыпэцкваліся ў пасце.
Для дзяцей гэтага ўзросту варта выбіраць пасту з маркіроўкай «kids» альбо 3-5 гадоў/3-6 гадоў. Канцэнтрацыя фтарыду ў ёй павінна складаць 500 ррm (спецыяльныя адзінкі вымярэння канцэнтрацыі, 1 ррm роўны 0,0001%). Колькасць выкарыстанай пасты пры чыстцы прыкладна адпавядае памеру гарошыны.
Калі вы ніяк не можаце вызначыцца, ці час вашаму дзіцяці (пры ўмове, што ў яго няма праблем з зубамі) выкарыстоўваць зубную пасту ці яшчэ ранавата, звярніце ўвагу на яго ўменне ... плявацца. Як толькі ён навучыцца рабіць гэта мэтанакіравана і з задавальненнем – можна пачынаць чысціць зубы дашкольніка з пастай.
З моманту з’яўлення першых сталых зубоў можна выкарыстоўваць зубныя пасты з маркіроўкай «teens» або «school». Канцэнтрацыя фтарыду ў іх можа дасягаць 1000 ppm. Колькасць зубной пасты, што наносіцца на шчотку, – крыху больш за памеру гарошыны.
Пачынаючы з 10-гадовага ўзросту, дзіця можа выкарыстоўваць «дарослую» зубную пасту, вядома, без спецыяльных яе разнавіднасцей (адбельвальная, для курыльшчыкаў і г.д.).
Кантралюйце стан зубоў дзіцяці, рэгулярна – не радзей за раз на 6 месяцаў – наведвайце дзіцячага стаматолага!
Пры выбары дзіцячай зубной пасты варта таксама ўлічваць яе смак, пах і колер – так званыя арганалептычныя ўласцівасці. Паста павінна быць настолькі прыгожай, смачнай і мець прыемны пах, каб дзіцяці падабалася ёю карыстацца. Але не настолькі, каб узнікала спакуса яе з’есці. Таму варта абачліва падыходзіць да набыцця зубных паст з цукерачным і фруктовым густамі.
Час перад Калядамі – самы загадкавы, прыгожы і чаканы, асабліва для дзяцей. Але не ўсе з іх, з-за абставінаў, могуць напоўніцу атрымаць асалоду ад святаў, а так хочацца дакрануцца да казкі!
Менавіта таму 10 снежня стартавала акцыя «У чаканні Калядных цудаў». Яе мэта – збор падарункаў для падапечных усіх беларускіх дзіцячых хоспісаў да светлага святу Божага Нараджэння.
Акцыя ладзіцца добраахвотніцкім рухам храма «Усецарыца» другі год запар. І калі летась удалося сабраць 603 падарункі для дзяцей з 9 хоспісаў, то сёлета мэта – 1300 падарункаў для дзетак, прычым не толькі тых, якія знаходзяцца ў хоспісах, але і для падапечных паліятыўных палат, дамоў дзіцяці, некаторых беларускіх інтэрнатаў.
Акцыя працягнецца да 5 студзеня 2018 года. Каб прыняць у ёй удзел, трэба на сайце www.daridobrovolets.by выбраць любы падарунак для пэўнага дзіцяці альбо падлетка, забраніраваць яго і затым прывесці на склад. Акрамя таго, кожны ўдзельнік атрымае магчымасць асабіста прыняць удзел у працэсе віншавання і адчуць сябе Дзедам Марозам. А адбывацца гэта будзе ў перыяд Каляд, з 8 па 18 студзеня 2018 года.
Акрамя таго, прынесці падарунак можна 23 і 24 снежня 2017 года ў ГЦ «Outleto», дзе акцыя будзе арганізавана яшчэ і добраахвотнікамі.
Паспейце зрабіць цуд!
Фрыгіднасць – паняцце, якое не мае канкрэтнай гендарнай прыналежнасці. Але ў грамадстве яго стэрэатыпна прынята асацыіраваць з жанчынамі. Кляймо «бервяна ў ложку» для дам усіх узростаў і сацыяльнай прыналежнасці амаль гэтак жа абразліва і невыносна, як для мужчын абвінавачанне ў палавым бяссіллі.
Што хавае пад сабой жаночая халоднасць, у чым яе прычыны і ці можна падпаліць «вечную мерзлату» сэксуальных адносін, «Слушна» высвятлял ў урача-псіхатэрапеўта, сэксолага Рэспубліканскага сэксалагічнага цэнтра Васілія Шаўлякова.
У перакладзе з лацінскай фрыгіднасць даслоўна абазначае «халодны» (ад слова frigidus). У шырокім побытавым разуменні пад фрыгіднасцю часта маюць на ўвазе самыя розныя варыянты сэксуальнай «ненормы»: ад абыякавага стаўлення да інтыму да агіды і немагчымасці атрымаць аргазм.
Васілій Шаўлякоў:
Адсюль блытаніна і мноства памылак. Таму што пад агульны назоўнік падведзены розныя аспекты: медыцынскія, псіхалагічныя, сацыяльныя ... Але, умоўна кажучы, калі жанчына халодная да канкрэтна ўзятага партнёра, гэта не значыць, што яна халодная ў прынцыпе, г.зн. фрыгідная. З медыцынскага пункту гледжання да паняцця фрыгіднасць адносіцца алібідамія.
Алібідамія – татальная адсутнасць сэксуальнай цягі і ўзбуджэння пры захаванні платанічных пачуццяў: блізкасці, пяшчоты, душэўных перажыванняў.
Па статыстыцы, «татальнікаў» – ад 5% да 15% ад агульнай колькасці людзей, якім гэтая тэма можа быць актуальная. Яны ніколі, з часу пубертату і на працягу ўсяго часу сталых адносін, не адчувалі палавой цягі і ўзбуджэння. А вось ад розных сэксуальных адхіленняў (у тым ліку алібідаміі, гіпалібідаміі, анаргазміі і г.д.) пакутуе кожная 4-я жанчына на планеце.
Гіпалібідамія – зніжэнне палавой цягі і сэксуальнай актыўнасці. У адрозненне ад алібідаміі пры гэтай форме сэксуальнага расстройства цяга можа прысутнічаць, але быць недастаткова яркай і выяўленай. Магчымы і такі варыянт: жаданне ёсць, узбуджэння няма.
Анаргазмія – немагчымасць дасягнуць аргазму. Адсутнасць у жанчыны палавога задавальнення пры палавым акце.
Пры гэтым ні фрыгіднасць як такая, ні любая іншая форма расстройства палавой цягі і ўзбуджэння не пазбаўляе жанчын магчымасці мець сэксуальныя адносіны і нават атрымліваць ад іх задавальненне. Але яно будзе насіць псіхалагічны характар. У першую чаргу гэта асалода ад блізкасці з каханым чалавекам, ад цеплыні, пяшчоты, сэксуальнага задавальнення партнёра, і яшчэ мноства іншых прыемных перажыванняў, якія непасрэдна да палавога акту дачынення не маюць.
Адпаведна, толькі па прычыне адсутнасці сэксуальнага жадання жанчыны не звяртаюцца па дапамогу да спецыялістаў. Для іх гэта не з'яўляецца праблемай: калі, умоўна кажучы, не ведаць, што такое лобстар і які ён на смак, то яго і не хочацца. Можа прысутнічаць цікаўнасць, цікавасць, але не жаданне. Акрамя таго, фрыгіднасць «не баліць».
Васілій Шаўлякоў:
У большасці выпадкаў на прыём да сэксолага жанчын прыводзяць іншыя прычыны, з-за якіх з'яўляюцца праблемы ў адносінах: адсутнасць аргазму, напрыклад. «У мяне яго няма, а для мужа гэта праблема. Што рабіць?». Або калі новыя адносіны, а партнёр пастаянна параўноўвае цяперашнюю пасію з папярэдняй: тая і больш гарачая, і больш актыўная, і ярчэй у сваіх жарсных выразах. Жанчына ў слёзы: штосьці з ёй не так... Каб дакапацца да ісціны, важны якасны збор анамнезу.
Ніякіх спецыяльных тэстаў на наяўнасць/адсутнасць фрыгіднасці праходзіць не трэба. Пры пэўнай сумленнасці, перакананы Васілій Шаўлякоў, усё досыць празрыста і зразумела. Але мае значэнне літаральна ўсё: фізіялогія, псіхасэксуальнае развіццё, наяўнасць закаханасці, пачуцці, якія выклікае блізкасць з партнёрам, фізічныя адчуванні…
Васілій Шаўлякоў:
Адзіная прычына, з-за якой жанчыны не звяртаюцца па дапамогу – банальная палавая непісьменнасць. Да гэтага часу многія губляюцца ў пытаннях: патрэбен аргазм ці не? Які ён павінен быць? Адчуваць толькі пяшчоту падчас сэксу і нічога больш – гэта нармальна ці не? А нармальна ці не не адчуваць узбуджэння, думаючы пра сэкс?.. Нейкія банальныя рэчы, якія тычацца палавой пісьменнасці, па-добраму павінны перадавацца з пакалення ў пакаленне, як мастацтва кулінарыі альбо шыцця. Але не перадаюцца. Мы выхадцы з постсавецкай прасторы. Каб нешта перадаць, трэба гэтым валодаць. А мы і не валодалі, і самі шмат чаго не ведалі, каб кагосьці адукоўваць.
Не паляпшаюць сітуацыю і існуючыя дагэтуль рыгідныя ўстаноўкі, што жаночыя праблемы – не праблемы. Калі ў мужчыны эрэкцыі няма, то гэта відавочна і трэба з гэтым нешта рабіць. А вось калі ў жанчыны праблемы ў сэксуальным плане, непрыемныя фізічныя альбо эмацыйныя адчуванні пры палавым кантакце, то можна ж і пацярпець. Чалавек жа побач добры.
Тым не менш у большасці выпадкаў (да 70%) расстройствы сэксуальнай цягі і ўзбуджэння вырашальныя, калі не цалкам, то часткова. А гэта ўжо можа значна павысіць якасць інтымных адносін. І чым раней жанчына звяртаецца да спецыяліста з праблемай, тым лягчэй яна паддаецца карэкцыі.
Знайсці прычыну жаночай халоднасці – ужо палова поспеху. Даволі часта за кляймом «фрыгідная» можа хавацца немагчымасць атрымаць задавальненне ад палавога акту альбо псіхалагічныя складанасці ў адносінах з партнёрам. Роўна як і наадварот.
Прычыны, якія могуць прывесці да фрыгіднасці, – алібідаміі – умоўна можна падзяліць на дзве групы: фізіялагічныя і псіхагенныя.
Пры звароце да сэксолага пацыенту ў першую чаргу прызначаць абследаванні, каб выключыць арганічную паталогію, якая можа выклікаць расстройствы палавой цягі.
Неабходна рэгулярна (хаця б раз на год) правяраць свой гарманальны фон і здаваць разгорнуты біяхімічны аналіз крыві, тым больш, калі ёсць складанасці ў сэксуальным плане.
Васілій Шаўлякоў:
Псіхіка чалавека працуе такім чынам, што ўласны набыты вопыт з'яўляецца нейкім шаблонам у далейшым. Калі гэты вопыт не вельмі добры, то чалавек несвядома да яго вяртаецца і па сутнасці настроены на няўдачу, на тое, што адназначна яму не спадабаецца і добра ў прынцыпе быць не можа.
Калі адштурхоўвацца ад медыцынскіх даных, татальная агіда да сэксу, як працэсу, сустракаецца вельмі рэдка. Але ўсе функцыянальныя расстройствы так ці інакш нясуць адценне псіхалагічнай незадаволенасці ў адносінах.
Фрыгіднасць – гэта не хвароба. А значыць і лячыць, у прамым разуменні гэтага слова, яе не трэба. Іншая справа, што любыя адхіленні і расстройствы ў сэксуальнай сферы трэба карэктаваць.
Паколькі алібідамія – шматфактарнае парушэнне, то карэкцыя патрабуе ўдзелу спецыялістаў розных кірункаў: псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў, сэксолагаў, урачоў-клініцыстаў. Яна можа ўключаць медыкаментозную тэрапію, сеансы псіхакарэкцыі, фізіятэрапеўтычныя метады.
Васілій Шаўлякоў:
Але ў сэксе, як на вайне, – добрая разведка боем. Тэорыя тут бяссільная. Мала атрымліваць дапамогу спецыяліста, трэба яшчэ працаваць над сабой.
Таблеткі шчасця не існуе. Да 80% усе цяжкасці ў сэксуальным жыцці ідуць ад няведання ці няўмення веданнем распарадзіцца. Таблетка тут адна – самаадукоўвацца. Людзі, якія імкнуцца пазнаваць новае, надаюць увагу асобаснаму росту і практыкам, якія дазваляюць лепш сябе даследаваць, нашмат хутчэй дасягаюць станоўчых вынікаў.
Такім чынам, каб падсаладзіць пілюлю. Фрыгідныя жанчыны могуць быць выдатнымі актрысамі. Больш за тое менавіта яны часта вельмі прывабныя для мужчын з-за сваёй халоднасці і недасягальнасці. Таму што ўсім хочацца растапіць лёд, але не ва ўсіх атрымліваецца.
One fine body…