Як спяваецца ў песні – толькі ад сабачага жыцця. Але насамрэч усё зусім не так аптымістычна. Вось паспрабуй улезь тому сабаку ў галаву і дазнайся, пра што ён думае ў гэты момант! І што зробіць у наступны… Нягледзячы на ўсё выхаванне і дрэсіроўку.
Думаю, практычна кожны з нас хаця б раз у жыцці сутыкаўся з сабачай агрэсіяй. Нават калі не баішся і твой страх не могуць улавіць чуйныя сабачыя насы. «Р-Р-Р-Р-Р-Р!» Пагрозліва. І да цябе. Мо, гэта сабакі-ахоўнікі? Мо, тыя, хто паняцця не мае пра самыя элементарныя каманды і дрэсіроўку ўвогуле? Бадзяжныя, галодныя не першы дзень? Якімі б ні былі прычыны, добра, калі ўсё заканчваецца добра.
Асабіста я да сабак стаўлюся нейтральна. Некаторыя пароды нават падабаюцца, магу пагладзіць. Чау-чау – такія забаўныя мядзведзікі, што рука сама да іх поўсці цягнецца! Папярэдне, вядома ж, цікаўлюся ў гаспадара, ці можна пагладзіць сабачку памерам з добрае цяля… Майму брату падабаюцца колі. Французскія бульдожкі забаўныя, ёсць у нас такі ў пад’ездзе. Але калі на вуліцы проста бяжыць, каб цябе абнюхаць, дык на сваёй тэрыторыі і голас падае! Абаронца! А яшчэ вельмі цікаўны! Калі бачыць расчыненыя дзверы кватэры, імкнецца ў госці зайсці.
Едучы сёння ў маршрутцы, згледзела ў нашым горадзе сабачую зграю штук так у пяць-шэсць. Кучкуюцца ўжо. Звычайна калі на вуліцы сустракаю, стараюся перайсці на супрацьлеглы бок. Але ж па закону подласці яны кіруюць менавіта туды ж! Добра, што пакуль абыходзіцца.
Ведаю, што не трэба пазіраць сабаку ў вочы, каб ён не падумаў, што ты ставіш пад сумненне яго лідарскія якасці і сама хочаш стаць лідарам. Што калі да цябе нясецца сабака, трэба паспрабаваць збіць яго з панталыку шэрагам адрывістых камандаў з супрацьлеглым дзеяннем, якія трэба падаваць упэўнена-загадным тонам: «Стаяць!», «Фу!», «Ляжаць!», «Месца!». Вось апошняе мне і спатрэбілася сёлета.
… Вяртаюся з дачы на веласіпедзе. Каб скараціць шлях, кірую праз вёску, міма гаспадарчых пабудоў нейкай арганізацыі. Туды раніцай ехала па гэтай жа дарозе, ніякіх прыгод. А тут… Добра, што згледзела метраў за дваццаць! З адчыненай брамы выбеглі дзве аўчаркі. Здаровыя, кожная лапа – як дзве мае худзенькія ручкі. Спачатку накіраваліся ў адваротны бок, а тады разам павярнуліся да мяне.
З веласіпеда я саскочыла адразу ж. Стаяла і ліхаманкава пракручвала ў галаве свае дзеянні. Далей міма не праскочыш. Назад вяртацца і зварочваць у горад?! Дык палову шляху праехала ўжо. Можна яшчэ павярнуць налева і папраставаць па ледзь бачнай сцежцы па полі, якая ўсё ж выводзіць на шашу.
І ў гэты момант… «Р-р-р-р-р-р!» – пагрозліва завёў адзін сабака. «Р-р-р-р-р-р!» – падтрымаў яго другі. І старэйшы накіраваўся ў мой бок. Вось тады я гучна падала супрацьлеглыя каманды. Сабака спыніўся. Асцярожна, не паварочваючыся спіной, я пачала адступаць з веласіпедам налева, на сцежку. Страху і, адпаведна, яго паху не было – я проста не паспела спужацца.
На маё шчасце, сабакі сапраўды згубілі да мяне цікавасць. Павярнуліся і пабеглі ў двор. А я, не спяшаючыся, села на веласіпед і пакруціла праз поле. Разважаючы, што на маім месцы мог быць іншы чалавек, які разгубіўся б. Дарога ж – прахадная і праезная. Маглі быць дзеці, якія любяць гуляць у такіх месцах. І вось аб чым думаюць гаспадары аўчарак?!
Зразумела, нікому з нас не хочацца быць пакусаным і доўга лячыцца. Ды яшчэ атрымліваць балючыя ўколы ад шаленства, калі сабачка раптам аказаўся хворым … На жаль, усё часцей нападаць могуць сабакі якраз-такі хатнія. І нават – на сваіх гаспадароў. І калі ляціць да мяне такі конь, а гаспадар крычыць: «Не бойцеся, ён не кусаецца! Гэта ён павітацца хоча!» Прабачце!!! АДКУЛЬ ВЫ ВЕДАЕЦЕ, ПРА ШТО ЗАРАЗ ДУМАЕ ВАШ САБАКА??? А я не хачу, каб са мной віталіся такія коні і такім чынам! Бярыце свайго сабаку на павадок, калі выводзіце з хаты!
… Сёння падчас прагулкі па мікрараёну згледзела сабаку, прывязанага ў невялікім парку непадалёк ад крамы. Прывязанага да такога тонкага дрэўца, што я на ўсялякі выпадак абышла тое месца па дузе. Праз 15 хвілін сабака быў усё там жа! І ў мяне нават мільганула думка, што яго прывязалі спецыяльна і не забяруць… Адвяла позірк на хвіліну, а калі зірнула… Як жа той сабака радаваўся і махаў хвастом! Гаспадар прыйшоў з крамы! Адвязаў, павёў дахаты. А сабака так і працягваў круціцца ды аддана зазіраць яму ў вочы.
Ну, і каб скончыць «сабачую» тэму. Я ўвогуле-то чыстая кашатніца. Некалі нават дзве кошкі ў нас адначасова жылі, маці і дачка. Абедзве – Машы. А вам, сябры, якія жывёлы падабаюцца? І калі ў вас ёсць сабака, вы выгульваеце яго па правілах?!
Магчыма, хтосьці вырашыць, што размова тут пойдзе пра алкаголь. Але не! Хаця і гэтая тэма мае права на жыццё. А я сёння ўсё ж – пра асноўную вадкасць, што спажываем ці павінны спажываць па парадах урачоў у вялікай колькасці… Пра Яе Вялікасць Ваду.
Тым больш, што сяброўка-каляжанка папрасіла закрануць гэтае пытанне. Маўляў, што ў асобных раёнах Мінска з вадой такое? Што не так з яе якасцю?! «Мы тут сваё экалагічнае расследаванне праводзім, – тлумачыць яна. – Калі п’еш каву ці гарбату – усё нармалёва. Нічога такога не адчуваецца. А як пакаштавалі халодную гатаваную…
Дык, цытуючы Якуба Коласа, «паскудства, брат, і не пытайся!» Спачатку грашылі на электрычны чайнік, параўноўвалі беларускі і кітайскі. Не, розніцы няма. Затым пра фільтры падумалі. Тады проста бралі з-пад крана. Усюды смак нейкі хімічны і цяжкі. Не насычае і задавальнення ад смаку чыстай вады не дае».
Ну, не ведаю наконт Мінска. На працы ў нас фільтр, і смак вады добры. Нават тут павялічыла яе спажыванне – чыстай негатаванай. Хутчэй за ўсё, і ў старых трубах справа, і ў крыніцы, адкуль тая вада паступае, і ў наяўнасці ці адсутнасці станцыі абезжалезвання…
А вось у нас у Чэрвені ваду з-пад крана не тое што піць немагчыма, а ўвогуле… Яна рыжая, з колькасцю жалеза, якое ў разы перавышае норму. Гадоў дзесяць таму ці больш нам ужо абяцалі будаўніцтва станцыі абезжалезвання. Неяк наш горад быў ёю абыдзены, як у свой час чыгункай – нават міма не прайшла.
І вось усё абяцаюць-абяцаюць, абяцаюць-абяцаюць… Ужо, здаецца, зараз і за праект узяліся. Але факт застаецца фактам: нас у праграме «Чыстая вада» ўсё адсоўвалі і адсоўвалі на апошняе месца. Крыўдна. Тым больш, што псуюцца электрапрыборы, а рэчы белага колеру, якія памыеш некалькі разоў, губляюць свой выгляд. Я ўжо не кажу, як часта трэба чысціць сантэхніку!
Добра, што ў свой час з’явілася некалькі фірмаў, якія прапаноўваюць рэгулярна набываць ваду, здабытую глыбока пад зямлёй, у вялікіх, пад 19 літраў, бутлях і ручныя помпы да іх. Ужо нават і не прыгадаю, колькі гадоў карыстаемся гэтымі паслугамі.
Мяняліся людзі, якім можна было замаўляць замену бутляў, але штораз перадавалі нумары тэлефонаў адно аднаму. У рэшце рэшт, зараз ваду можна заказваць 2 разы на тыдзень у фірме, што знаходзіцца ў суседнім горадзе. Малайцы яны, працуюць, як гадзіннік!
Так, грошы трацяцца. Але што зробіш? Не хочацца ж, каб унутры цела выглядала, як чайнік, у якім рэгулярна гатавалася вада з-пад крана. Суцэльная іржа! І – так. Электрычных чайнікаў, нягледзячы на рэгулярную ачыстку знутры, сыходзіла раней вельмі шмат.
А ваду ў бутлях прапануюць розную – звычайную і насычаную мікраэлементамі. Ад першай у чайніку ўсё роўна з’яўляўся лёгкі накіп, хаця і праз значна большы час. Ад другой накіпу практычна няма (я спадзяюся, бо чайнік са свістком для газавай пліты ў нас унутры чорнага колеру – не дужа-то разгледзіш!). А вось на смак яна, вядома ж, не крынічная. Давялося прывыкаць. Але я зараз п’ю яе спакойна, а брат кажа, што горкая.
Эх, а якая вада з чароўнай мясціны, што называецца “Сем крыніц” і знаходзіцца на Бярэзіншчыне! Некалі ездзіла туды на экскурсію з Чэрвеньскім лясгасам, які ўключыў гэтае месца ў адзін са сваіх экалагічных маршрутаў. Да таго ж, яе лічаць за лекавую, асабліва для вачэй. Вам цікава? Магу распавесці пазней у асобным матэрыяле. Да гэтага часу пад уражаннем…
А вяртаючыся да тых бутляў з вадой, што рэгулярна замаўляю… Вядома ж, гэта ідзе толькі на “папіць”, гарбату-каву… На супы-кашы ды іншае вада больш простая, але таксама не з-пад крана. Калі мы яшчэ шмат ездзілі ў вандроўкі па Беларусі, пабылі і ў Косаўскім палацы – да яго рэстаўрацыі. Дык вось там абапал дарогі, што ідзе ўгору, вельмі шмат знаходзілася кавалкаў крэмнію. А ён, як сцвярджаюць вучоныя, добра ачышчае ваду. Вось і стаяць у нас на кухні трохлітровыя слоікі вады з крэмніем на дне.
А збаны-фільтры – гэта, аказваецца, дорага! Хаця таксама пэўны час былі ва ўжытку, і, здаралася, аднаго фільтра на месяц і не хапала. З шунгітам вельмі падабаўся… І вада сапраўды была мяккая…
Памятаю, як нядаўна шмат скардзіліся на праблему бруднай вады ў кранах жыхары вёскі Возера, што на Уздзеншчыне. Цікава, ці змянілася там сітуацыя. Бо ўсё, як заўсёды, упіралася ў грошы – на нармалёвую свідравіну.
А якая вада ў вас дома, шаноўныя сябры?! Ёсць праблемы з яе якасцю? І як вы спраўляецеся?
Сумесны праект інфармацыйнага партала «Слушна», «Здаровыя людзі» і Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа.
Даглядаць цяжкахворых родзічаў – справа не з простых. Неабходна цвяроза разлічыць уласныя сілы і магчымасці, каб не выгарэць самому і не нашкодзіць хвораму. Таму вельмі важна вывучыць пытанне, куды можна звярнуцца па падтрымку. Магчымасці сёння ёсць.
Вялікай падмогай для сем'яў, якія даглядаюць цяжкахворых родзічаў, з'яўляюцца бальніцы сястрынскага догляду (БСД). Тут пацыенты могуць атрымаць якасны догляд, а іх родныя – сацыяльную перадышку. Сёння ў Беларусі функцыянуе 104 такія бальніцы, з іх 91 – у сельскай мясцовасці. Усяго разгорнута 4645 ложкаў.
Хто, на якіх умовах і якую дапамогу можа атрымаць у гэтых установах, распавяла Святлана Южык, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя Беларусі па арганізацыі працы спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай і фармацэўтычнай адукацыяй.
Бальніцы сястрынскага догляду створаны для аказання дапамогі пацыентам, якія маюць патрэбу ў староннім доглядзе, а не ў актыўным лячэнні.
Гэта ў асноўным людзі сталага ўзросту, якія маюць некалькі хранічных захворванняў. Дапамогу тут могуць атрымаць і маладыя людзі, калі маюць пенсію па інваліднасці. Самыя распаўсюджаныя дыягназы падапечных БСД – хранічная ішэмічная хвароба сэрца, стан пасля інсульту, розныя траўмы (напрыклад, пералом шыйкі сцягна).
Існуюць паказанні і супрацьпаказанні для аказання медыка-сацыяльнай дапамогі ў БСД.
1. Iінфекцыйныя і паразітарныя захворванні:
2. Хранічнае псіхічнае расстройства (захворванне) у стадыі абвастрэння, якое патрабуе спецыялізаванай меддапамогі ў стацыянары;
3. Псіхічнае расстройства (захворванне), якое суправаджаецца асацыяльнымі паводзінамі;
4. Расстройства сэксуальнай перавагі.
Так, калі ёсць станоўчае заключэнне псіхіятра.
80% пенсіі пацыента. Гэта пакрывае прыкладна 20-25% кошту паслуг, астатнія выдаткі датуе дзяржава. Лекавымі прэпаратамі ў межах фармулярнага спісу, памперсамі, харчаваннем забяспечвае бальніца. Аплачваць знаходжанне ў БСД могуць не толькі самі пацыенты, але і іх родныя ці знаёмыя. Галоўнае, каб памер платы не перавышаў 80% пенсіі пацыента.
У сястрынскі догляд уваходзяць:
Таксама прадугледжаны кансультацыі псіхолага і агляд тэрапеўта не радзей аднаго разу на тыдзень.
Максімальны тэрмін знаходжання – месяц. Можна заключыць дагавор на некалькі дзён ці тыдняў, у залежнасці ад патрэб пацыента і яго сям'і. На працягу года магчымы некалькі шпіталізацый.
Гэта магчыма пры наяўнасці вольных месцаў і важкіх прычын – па ўзгадненні з загадчыкам. Вельмі часта родзічы просяць падоўжыць тэрмін знаходжання, матывуючы гэта тым, што дома няма каму ажыццяўляць догляд хворага. Але важна разумець, што ў паслугах БСД маюць патрэбу вельмі многія людзі, таму тут не могуць бясконца доўга пакідаць аднаго пацыента.
Можна. Напрыклад, калі родзічам трэба з'ехаць летам у адпачынак, яны могуць загадзя забраніраваць для свайго блізкага тэрмін знаходжання ў БСД на гэты перыяд.
Калі родныя цікавяцца, супрацоўнікі БСД могуць паказаць і навучыць іх навыкам догляду: напрыклад, як мяняць памперсы, як не дапусціць утварэння пролежняў, як карыстацца рознымі дапаможнымі сродкамі: зондамі, катэтарамі і г.д.
Калі чалавек знаходзіцца дома, ён або яго родзічы павінны патэлефанаваць у БСД і ўзгадніць дату шпіталізацыі.
За 7-10 дзён да шпіталізацыі трэба звярнуцца ў паліклініку па месцы жыхарства для афармлення накірунку. У накірунку павінны быць паказаны вынікі апошніх аналізаў і абследаванняў, заключэнне УКК з псіхіятрычнага дыспансэра аб магчымасці знаходжання ў БСД.
Абавязкова трэба ўзяць даведку з раённага ўпраўлення сацыяльнай абароны аб памеры пенсіі за апошні месяц для разліку кошту знаходжання. Гэтыя дакументы і пашпарт падапечнага трэба прынесці ў БСД загадзя.
Калі чалавек знаходзіцца ў стацыянары, то накірунак у БСД афармляе ўрач, які яго лечыць. У накірунку павінен быць паказаны агляд псіхатэрапеўта з рэкамендацыямі. Родзічы за некалькі дзён да шпіталізацыі павінны занесці ў БСД даведку аб памеры пенсіі пацыента.
Ройбуш, ён жа – ройбус, ён жа ройбас, ён жа... Карацей, як бы яго ні называлі, а ў мяне моцна засела ў памяці менавіта першая назва – праз "у". Гэта гарбата, ці чай – каму як звыкла называць.
Дарэчы, заўсёды цікавіла, чым адрозніваецца чай ад гарбаты. Калі не памыляюся, яны – сінонімы. Проста запазычаны з іншых моў. І хтосьці нават лічыць гарбату словам састарэлым... Сустракала і такі пункт гледжання: гарбата – гэта з зёлак, а чай – зялёны ці чорны. І чамусьці даспадобы менавіта гэтая версія. А як такі напой называеце вы, сябры?! Вы ўжываеце чай ці гарбату?!
Вядома ж, кожны выбірае сабе чай па густу. Ёсць аматары звыклых усім чорнага і зялёнага. Таксама, ведаеце, спрачаюцца. Які больш карысны. А я вось штосьці ўпадабала якраз ройбуш. А ён, сунічны, калі заварыцца – чырвонага колеру.
Адны пішуць, што ў ім мора ўсялякіх мікраэлементаў і вітамінаў, таму ён настолькі карысны! Іншыя гэтую інфу аправяргаюць. Самае цікавае, што і тыя, і тыя за свае дыяметральна супрацьлеглыя даследаванні атрымліваюць грошы! Але зараз не пра іх – пра ройбуш.
Упершыню я яго набыла і пакаштавала... Ажно не памятаю, калі. Даўнавата. Гэта былі яшчэ тыя часы, калі шмат чаю-кавы не прадавалася на рынках, а па ўстановах і арганізацыях хадзілі «тарбэшнікі» і прапаноўвалі набыць у іх рэдкія гатункі. Быў і ў нашым горадзе такі прадавец. Набыла ў яго той самы чай у празрыстым пакуначку. Было напісана, што ройбуш – гэта куст, які расце ў Паўднёвай Афрыцы. Сунічныя пах і смак. Таму і спакусілася.
Памятаю сваё поўнае захапленне, калі пакаштавала ройбуш упершыню! Кажуць, што яго можна піць і калі галава баліць. Больш за тое! Сцвярджалася, што пры такім стане ён нават аказвае дапамогу! Прыгожы насычаны колер у чырвона-аранжавы... Выдатны смак!
Галоўнае, што таго невялікага пакуначка хапала вельмі надоўга, бо для заваркі бралася чайная лыжачка ройбушу, а ён такі дробненькі, з іголачкамі... Пасля гэты гатунак растварыўся ў безлічы іншых... Затым нашым улюбёным на доўгі час стаў ройбуш у індывідуальных пакуначках. Праўда, ужо з дабаўкамі. Але таксама вельмі смачна, купляем з серыі "Грынфілд".
А нядаўна так захацелася таго, які заварваць трэба! Паглядзела ў сеціве, ёсць і з дастаўкай... Думала-думала... У Мінску зайшла ў сеткавую краму... І вось жа ён, мой любімы ройбуш!!! Праўда, убачыла, што, апрача сунічнага, ёсць і яго іншыя гатункі. Але ўзяла звыклы... 50 грамаў – 5 рублёў. Папрасіла 100 грамаў.
Дзяўчына вельмі прыгожа насыпала яго шкляным шуфлікам у шкляную ж місачку, тады ссыпала ў пакуначак! Экалагічны, між іншым, папяровы! Сэрвіс! І нічога, што да гэтага яна размаўляла па тэлефоне і клікаць давялося «да бар'еру» два разы. Дазвалася ж!
Вось цяпер п'ю свой любімы ройбуш... А нядаўна вырашыла прачытаць пра яго ў сеціве падрабязна. Вау! Колькі новага і цікавага даведалася! Але думаю напісаць асобны матэрыял, каб не загрувашчваць свой блог морам інфы.
Распавяду толькі, як раяць заварваць ройбуш (цытую!):
Тэхналогія заварвання ройбушу даволі простая: 1 ч.л. сухой заваркі дадаць у 200-250 мл кіпеню (90-95 °) і настойваць 5 хвілін (для дасягнення больш насычанага смаку – 10 хвілін) пад шчыльна зачыненай накрыўкай, каб ён добра запарыўся. Чай вельмі насычаны, калі раней выкарыстаную заварку прымяніць паўторна, то смак практычна нічым не будзе адрознівацца ад першапачатковай. Адну порцыю можна заварваць 2-3 разы – гэта зусім не паменшыць яго карысных уласцівасцяў і нават дазволіць адчувальна зэканоміць».
А хто яшчэ любіць ройбуш?!
У 1990 годзе, калі наш эксперт, выдатны вучоны, прафесар кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук Сяргей Жаваранак рыхтаваўся абараняць доктарскую дысертацыю ў ваенна-медыцынскай акадэміі ім.С.М.Кірава ў Санкт-Пецярбургу, яму параілі з назвы навуковай працы прыбраць згадку пра гепатыт С. Як выказаўся сам Сяргей Уладзіміравіч, «каб не дражніць гусей».
Тады толькі пачалі набіраць абароты сумесныя даследаванні беларускіх навукоўцаў і іх расійскіх калег па вірусу гепатыту С. Пакуль жа яго існаванне выклікала вялікія сумневы.
Сёння гепатыт С з'яўляецца глабальнай сусветнай праблемай. Ён не прызнае межаў, распаўсюджаны на ўсіх кантынентах і мае не менш за 50 штамаў і падтыпаў. З вірусных паражэнняў печані менавіта гепатыт С валодае найбольшай ступенню хранізацыі: на яго долю прыпадае прыкладна 40% усіх выпадкаў хранічнай паталогіі печані. Як следства, інфекцыя правакуе развіццё цяжкіх ускладненняў, якія вядуць да гібелі чалавека.
Апошнія дадзеныя СААЗ паказваюць на тое, што больш за 185 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце інфіцыраваны вірусам гепатыту С.
Пры гэтым штогод фіксуецца да 1,75 мільёна новых выпадкаў заражэння. Гэта вельмі ўмоўныя лічбы, паколькі ў большасці выпадкаў хвароба ў вострай форме працякае бессімптомна.
Больш за тое, прыняўшы хранічнае цячэнне, яна можа гадамі і нават дзесяцігоддзямі не выяўляць сябе і стаць відавочнай толькі на стадыі цяжкага паражэння печані – цырозу ці раку. Уласна, менавіта па гэтай прычыне за гепатытам С замацавалася дрэнная слава «ціхага забойцы».
Паводле ацэнак розных спецыялістаў, ад 15 да 40% тых, хто заразіўся вірусам гепатыту С, на працягу паўгода папраўляюцца самі, не звяртаючыся да спецыфічнага лячэння, і могуць нават не здагадвацца пра перанесенае захворванне. Аднак у 60-85% выпадкаў хвароба прымае характар хранічнай.
Так, у свеце налічваецца больш за 70 мільёнаў чалавек з хранічным гепатытам С. Каля 400 тысяч чалавек штогод гінуць ад ускладненняў.
У Беларусі захворванне на гепатыт С на працягу апошніх гадоў застаецца стабільным: каля 33 тысяч чалавек. Пры гэтым штогод выяўляецца да 3 тысяч новых выпадкаў.
Вірус гепатыту С, як і вірусы гепатыту В і Дэльта, адносіцца да парэнтэральных і перадаецца праз кроў і іншыя вадкасці арганізма. Крыніцай заражэння з'яўляецца інфіцыраваны чалавек.
Часцей за ўсё небяспечны вірус пранікае ў арганізм у наступных выпадках:
Дзякуючы найстражэйшаму кантролю за якасцю крыві і яе прадуктамі, выкарыстанню аднаразовых шпрыцаў, кропельніц і іншага медыцынскага інструмента, у Беларусі два апошнія шляхі перадачы віруса зведзены да нуля.
Вірус гепатыту С, як і вірус гепатыту В, тэрмічна няўстойлівы і гіне пры высокіх тэмпературах.
Гэтак жа, як і ВІЧ-інфекцыя, вірус гепатыту С не перадаецца:
Інкубацыйны перыяд доўжыцца ад 20 да 90 дзён.
Як правіла, пры вострай форме хвароба працякае лёгка, пераважна без жаўтухі і ярка выражаных сімптомаў. Гэта адна з асноўных прычын, чаму далёка не ўсе выпадкі захворвання дыягнастуюцца наогул ці на ранняй стадыі, да пераходу ў хранічную форму.
Да найбольш частых сімптомаў, якія суправаджаюць працяканне безжаўтушнага перыяду хваробы, адносяць:
Спецыфічнымі прыкметамі інфекцыйнага паражэння печані з'яўляюцца:
Не ігнаруйце любыя сімптомы недамагання! Звярніцеся па кансультацыю да ўчастковага тэрапеўта або інфекцыяніста.
Спецыфічнай вакцыны супраць віруса гепатыту С не існуе.
Тым не менш, сучасныя лекавыя сродкі (так званыя прэпараты прамога супрацьвіруснага дзеяння), дазваляюць цалкам пазбавіць арганізм ад небяспечнага віруса, незалежна ад стадыі захворвання і/або наяўнасці мутацый віруса.
Выздараўленне наступае ў 96% выпадкаў. Аднак гэта тычыцца толькі самога гепатыту С. Ускладненні, да якіх ён прыводзіць, часцяком незваротныя альбо патрабуюць іншых падыходаў у лячэнні, ажно да трансплантацыі донарскай печані.
Як шмат усяго цікавага суправаджае нас па жыцці з самага маленства! Уразіўшы аднойчы, яно будзе вабіць яшчэ не раз. Мяняючыся з прыходам сталення і з пераасэнсаваннем вечных каштоўнасцяў альбо застаючыся ўсё тым жа, недасягальным і загадкавым.
Добра памятаю момант, калі адкрыла для сябе зачараванне зорнага неба. Аднойчы добра сцюдзёнай зімой, вяртаючыся з вуліцы дахаты ўвечары, я ўзняла галаву ўгору і… літаральна застыла на месцы! Тыя серабрыстыя зорачкі, якія стваралі дзівосныя фігуры (пра тое, што гэта сузор’і са сваімі назвамі, даведалася значна пазней), узялі ў палон маю душу. Бацькам некалькі разоў давялося клікаць мяне дахаты. А я ўсё не магла адарвацца ад свайго адкрыцця…
Тады, на пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя, усе былі захоплены космасам. Нават школьнікі-пачаткоўцы ведалі на памяць найменні касмічных караблёў, маглі пералічыць усіх членаў экіпажа, назваць даты старту-пасадкі бліжэйшага. Пра самыя важныя моманты ўрачыста паведамлялі дыктары тэлевізійнай праграмы «Час».
Зорнае неба набліжалі да нас, дзяцей, нават вытворцы цацак і развіваючых гульняў! Добра памятаю і заўсёды з цеплынёй прыгадваю адну, якая для мяне і брата стала любімай. Уяўляла яна сабой кругі, якія можна было мяняць. На іх былі адлюстраваны розныя сузор’і на чорным фоне. У камплекце ішлі фішкі ў выглядзе маленькіх ракет і кубікі. Кідаеш фішку, робіш ход, перасоўваючы сваю ракету на пэўную колькасць квадрацікаў па карце-схеме. Нават не памятаю, хто выйграваў, бо была ў захапленнні ад самога працэсу!
Назвы сузор’яў тады запаміналіся бы самі па сабе. Было вельмі цікава адшукваць іх на небе сапраўдным, а не толькі на карце. Пералічваеш зорачкі і разумееш, што іх колькасць застаецца нязменнай. Толькі, бывае, некаторыя свецяцца больш цьмяна, іншыя ж – ярка-ярка! Для мяне і зараз няма большага рэлаксу, чым увечары паназіраць за зоркамі на небе! Таму вельмі люблю кадры са згаданага ўжо мной у іншых разважаннях навагодняга фільма «Сірата казанская».
Гэта калі ўяўны касмічны карабель галоўных герояў (а насамрэч яны сядзяць на канапе) ляціць у Сусвет. І перад імі разгортваецца такая захапляльная карціна зорнага неба! І здаецца, што яны знаходзяцца там, сярод зорак!
І хто б мог падумаць, што кагосьці зорнае неба скорыць настолькі, што, пераадолеўшы ўсе цяжкасці і зямное прыцягненне, ён сапраўды сягне ў Сусвет! Перад гэтым паспяхова прайшоўшы адбор у атрад касманаўтаў «Раскосмасу» ў Зорным гарадку, старанна вучачыся ўсяму, годна вытрымліваючы іспыты! І гэтым «хтосьці» стане… мой аднакласнік, выпускнік СШ №2 г.Чэрвеня Алег Навіцкі! Трэці ўраджэнец Беларусі, які здзейсніў ужо два касмічныя палёты.
І мне выпадзе гонар аб’яўляць аб яго старце ўвосень 2012-га не толькі на старонках чэрвеньскай газеты «Раённы веснік», але і рэспубліканскай «Звязды». Папярэдне хвалюючыся так моцна, як ніколі ў жыцці. Назіраючы старт у прамым эфіры на маніторы камп’ютара…
А затым было нечаканае тэлефанаванне з Космасу!!! З Міжнароднай касмічнай станцыі. Доўгія месяцы стасункаў па электроннай пошце з самым сапраўдным касманаўтам, які знаходзіўся там, у бязважкасці, і шмат чаго яшчэ…
І зорнае неба стала для мяне яшчэ больш прыцягальным. Бо цяпер сярод зорак я імкнулася разгледзець маленькую кропку ў руху – Міжнародную касмічную станцыю, дзе разам са сваімі калегамі ляцеў вакол Зямлі Алег Навіцкі…
Новы год ужо блізка, а святочнага настрою яшчэ няма? У снежні мы часта падводзім вынікі і спадзяемся на тое, што чарговы год прынясе нам больш радасці. Кажуць, наша жыццё напоўнена тым, чаму мы ўдзяляем сваю ўвагу. Цёмныя палосы ёсць у кожнага. І, як правіла, мы любім іх доўга і нудна смакаваць. Радуемся жа крадком, як быццам хтосьці можа забраць наша шчасце. Але ж падзеленая радасць не становіцца менш значнай. Наадварот, прымнажаецца і расце, аб'ядноўвае і натхняе, стварае зачын і настрой на будучы год!
Інфармацыйны партал Здаровыя людзі абвяшчае конкурс для ўсіх сваіх чытачоў «Мой лепшы дзень-2018»! Запрашаем удзельнікаў любога ўзросту, полу, прафесіі, сацыяльнага статусу, веравызнання і г.д. Любы жадаючы можа даслаць ліст на электронную пошту healthypeoplebel@gmail.com. У лісце пазначце сваё імя і прозвішча, кароткую інфармацыю пра тое, колькі вам гадоў і кім вы працуеце (працавалі) ці дзе вучыцеся. А галоўнае – напішыце невялікую гісторыю пра тое, якая падзея або дзень сталі самымі прыемнымі ў адыходзячым годзе. Што гэта было? Што вы адчувалі пры гэтым? Як доўга чакалі такога дня ці моманту? Дадайце да гэтага якаснае фота (непасрэдна з таго самага лепшага дня альбо ўзноўленае зараз – крэатыў вітаем!). Гэты дзень мог быць любым, а падзея не абавязкова грандыёзнай. Падзелімся адно з адным цёплымі пачуццямі!
Лепшыя гісторыі і фота будуць апублікаваныя на сайце 24health.by і ў газеце «Медыцынскі веснік», а самога галоўнага пераможцу чакае яшчэ і прыемны сюрпрыз. Заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаюцца да 29.12.2018 г.
Пераможцу абяруць наведвальнікі партала 24health.by шляхам галасавання за фота. Галасаванне пройдзе з 2.01.2019 (з 0.00) да 8.01.2019 (да 23.59). Пераможца будзе абвешчаны 10.01.2019 года. Сачыце за публікацыямі на партале 24health.by і ў газеце «Медыцынскі веснік».
Створым навагодні настрой разам!
6 снежня з 11.00 да 12.00 у рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік» адбудзецца прамая лінія з натарыусамі Мінскай абласной натарыяльнай акругі Хрысцінай Шаўко і Надзеяй Шупенька. Абмяркуем вострыя пытанні на самыя розныя тэмы. Як перааформіць кватэру або зямельны ўчастак? Ці трэба натарыяльна сведчыць дагавор сурагатнага мацярынства? Якія патрэбны дакументы для дазволу на выезд дзіцяці? У чым тонкасці ўступлення ў спадчыну?
Пытанні можна дасылаць загадзя на адрас электроннай пошты romanuk88@rambler.ru альбо тэлефанаваць падчас правядзення «прамой лініі» па нумару ў Мінску 8 (017) 390-42-72.
Усе мы – розныя. І гэта натуральна. Любім розныя стравы, колеры ў вопратцы, кнігі, фільмы… І, вядома ж, розную музыку. Дык вось менавіта апошняя, як сцвярджаюць вучоныя, здольная ўплываць не толькі на настрой чалавека, але і на яго самаадчуванне, работу галаўнога мозгу. Ды што там на чалавека! Кажуць, што пад пэўную музыку каровы лепей дояцца і даюць больш малака, а расліны квітнеюць, зелянеюць і радуюць вялікім ураджаем.
Зразумела, што станоўчы эфект ад музыкі можна атрымаць, калі мы слухаем яе, так бы мовіць, добраахвотна. А што, калі… пад прымусам?! На жаль, апошнім часам толькі і раблю, што трапляю ў такія сітуацыі. І самаадчуванне рэальна пагаршаецца.
“Пад прымусам – гэта як?!” – можаце запытацца вы. А хтосьці ўжо, магчыма, і здагадаўся, бо таксама адчуў на сабе ўсе наступствы таго прымусу. У маім разуменні і ўспрыняцці – гэта калі хтосьці з навакольных уключае музыку на досыць вялікую магутнасць. А паколькі густы ва ўсіх розныя…
Даўней такім чынам выдзялялася моладзь, калі касетны магнітафон быў вялікім дэфіцытам. Так-так! Зараз ён ужо лічыцца “дыназаўрам”. А калісьці… Асаблівым шыкам было ўзяць яго на плячо і прайсціся па вуліцах. А шчаслівы ўладальнік магнітафона лічыўся першым хлопцам на вёсцы!
Крутым было ўключыць аўтамагнітолу ў легкавіку (у часы дэфіцыту ўласных аўто – няўжо і гэткае было???) і з вецярком ды гучнай музыкай ляцець па трасе. Альбо радаваць навакольных, паставіўшы машыну ля хаты ці дачнага дамка. Такое, між іншым, і зараз часцяком сустракаю. Я ўжо не кажу пра звычку выставіць калонкі вялікай магутнасці на падваконне і ўрубіць музыку на максімум! Зараз значна радзей, але ёсць, усё яшчэ ёсць!
У часы імклівага развіцця інтэрнэту на пярэдні план выйшлі індывідуальныя навушнікі. Здаецца, пацішэла значна вакол. Але ж навушнікі бываюць розныя. Па адных гук ідзе толькі ў вушы слухача, другія па-ранейшаму радуюць навакольных няхай сабе не гучнай, але ўсё ж не ўпадабанай імі музыкай.
Ну і, нарэшце, самы прымус, з-за якога і з’явіліся гэтыя разважанні. Музыка ў прыватных маршрутках і гарадскіх ці прыгарадных, а таксама міжгародніх аўтобусах! Часцей за ўсё – галаўны боль у прамым сэнсе гэтага слова! Асабліва для тых, у каго няма звычкі ўсюды і заўсёды начапляць свае навушнікі з упадабанымі мелодыямі. Хаця некаторыя “бух-бух-бух” (як трапна называе гэта мая мама) і мелодыямі не назавеш.
Тое, што вадзіцелі маршрутак уключаюць абраны канал радыё ці запісаны на флэшку зборнік любімых песень, цалкам зразумела. Такі раздражняльнік патрэбны, каб не заснуць за рулём і каб сумна не было. Але калі хтосьці робіць гук прыглушаным, аддаючы перавагу размове з пасажырам побач (а як жа не адцягваць увагу вадзіцеля падчас руху???), дык іншы – на ўвесь салон! Вось спецыяльна ў калонкі ззаду падае! Трапляла так, і не аднойчы! І далёка не заўсёды тыя мелодыі ўспрымаліся мозгам нармалёва. Часцей прыязджаю дахаты проста з хворай галавой.
А ёсць і вельмі добрыя, адэкватныя вадзіцелі. Яны ўключаюць музыку нягучна, толькі для сябе. Тады і прыснуць нават пасажырам можна… Я люблю з такімі ездзіць. Але часцей атрымліваецца пэўны канал радыё з “бух-бух-бух”. Ёсць сярод вадзіцеляў яго адданы прыхільнік. Толькі згледжу яго за рулём – і настрой адразу псуецца.
Аднойчы вярталіся дахаты ў маршрутцы з мамай з бальніцы. І як бы я ні старалася прапускаць тое бухканне міма вушэй, не атрымлівалася. А ўжо як было маёй маме слухаць такое? Я доўга цярпела, але на палове дарогі літаральна ірванула да вадзіцеля і спыталася, ці можа ён гук прыкруціць?! А то мазгі выскокваюць. Прыкруціў. Але бачылі б вы, якім грэблівым позіркам мяне акінуў! Маўляў, што табе трэба???
… А сёння мне не пашанцавала двойчы. Не, музыка вадзіцеля была не самай неўспрымальнай, і гук вушы ў трубачку не скручваў. Затое на сядзенні ўперадзе размясціўся студэнт з “няправільнымі” навушнікамі, з-пад якіх “бух-бух-бух” і даносілася. І ў выніку адразу двух раздражняльнікаў мае бедныя мазгі літаральна разбягаліся ў розныя бакі! Давялося мабілізоўваць усё сваё ўменне прапускаць музыку міма вушэй.
А ці з’яўляецца для вас, сябры, раздражняльнікам музыка пад прымусам?
Гіпакрат казаў: «Урач лечыць – прырода вылечвае». Гэтае сцвярджэнне актуальна і па сёння. Як бы далёка ні ступіла медыцына, яна нязменна бярэ сабе ў саюзнікі матухну-прыроду. Так, адным з галоўных натуральных лекаў была і застаецца вада. Яна валодае ўнікальнымі фізічнымі ўласцівасцямі, якія не толькі дапамагаюць у самыя кароткія тэрміны аднавіцца пасля хваробы, але часам нават пазбегнуць захворвання.
Вонкавае ўжыванне прэснай вады ў выглядзе ваннаў, душаў, абліванняў, абціранняў, ухутванняў у лячэбных і прафілактычных мэтах называюць гідратэрапіяй. Пра гаючую сілу вады «Слушна» распавяла намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска Дыяна Пратасевіч.
Самымі папулярнымі відамі лячэбных водных працэдур з'яўляюцца ванна і душ.
Нішто так не супакойвае і не настройвае на добры лад, як расслабляльная цёплая ванна. З дадаваннем розных лекавых рэчываў яна не толькі дорыць супакаенне і добры настрой, але і дабратворна ўплывае на арганізм.
Ванны на мінеральнай і тэрмальнай вадзе аказваюць заспакаяльнае і агульнаўмацавальнае дзеянне. Яны паказаны людзям з захворваннямі апорна-рухальнага апарата і пазваночніка.
Жамчужная ванна (атрымала сваю назву з-за прымянення сціснутых бурбалак паветра) паказаная пацыентам з захворваннямі нервовай сістэмы, а таксама пры болях і неўрозах. Яна аказвае заспакаяльнае, расслабляльнае дзеянне, паляпшае кровазабеспячэнне органаў і тканак, зніжае артэрыяльны ціск, памяншае нагрузку на сэрца.
Эфект віхравых ваннаў (вядомых таксама як джакузі) дасягаецца за кошт руху вады асаблівай тэмпературы, якая аказвае расслабляльнае і масажнае ўздзеянне, паляпшае кровазварот, мікрацыркуляцыю.
Механічнае ўздзеянне ўзмацняецца пры выкарыстанні гідрамасажных ваннаў, якія аснашчаны не толькі паветранымі, воднымі струменямі і патокамі, але і рознымі вірамі, гейзерамі, магнітнымі палямі, якія пульсуюць. Дзеянне магутных струменяў стымулюе і надае тонус тканінам і мышцам, выклікае пашырэнне крывяносных сасудаў скуры. Гэта спрыяе актывізацыі працэсаў кровазвароту, абмену рэчываў. Дзякуючы гідрамасажным ваннам можна лёгка развітацца з лішнімі кілаграмамі.
Прынцып дзеяння лячэбнага душа заключаецца ў тым, што вада, стукаючыся аб цела, выклікае кароткачасовую перыядычную дэфармацыю розных участкаў скуры, раздражняючы тым самым механа- і тэрмарэцэптары.
Па інтэнсіўнасці механічнага ўздзеяння струменю вылучаюць душы:
Варта адзначыць, што дамагчыся рэальнай і адчувальнай карысці для здароўя ад гідратэрапіі можна толькі пры захоўванні асноўных прынцыпаў правядзення лячэбных і прафілактычных працэдур.
Калі праводзіць сеансы гідратэрапіі «наскокамі», эфекту чакаць не варта. Больш за тое, адна прапушчаная працэдура можа абясцэніць усе раней праведзеныя.
У залежнасці ад рэкамендацый урача курс водалячэння можа складаць ад 10 да 20 працэдур.
Паколькі гідрапрацэдуры валодаюць як танізавальным, так і расслабляльным дзеяннем, важна правільна падбіраць час іх правядзення.
Расслабляльныя лепш праводзіць незадоўга да сну, ён будзе больш глыбокім і моцным, а танізавальныя – з раніцы.
Перапынак паміж апошнім прыёмам ежы і сеансам гідратэрапіі павінен быць не менш за гадзіну.
Ад працэдур лепш устрымацца пасля моцных эмацыйных і фізічных нагрузак.
Хвіліны таксама маюць значэнне. Пры пэўнай працягласці сеанса ствараецца як станоўчае, так і адмоўнае ўздзеянне на арганізм.
Працягласць сеансу гідратэрапіі павінен вызначыць кваліфікаваны ўрач-фізіятэрапеўт.
Гэта трэба для таго, каб арганізм засяродзіў свае сілы на рэакцыі ў адказ на ўздзеянне вады. Нішто не павінна замінаць, адцягваць увагу або дастаўляць дыскамфорт. Важна разумець, што любая працэдура – гэта стрэс для арганізма. Таму спакой і добры настрой падчас і пасля сеансу дазволіць дасягнуць найбольшага лячэбнага эфекту.
Паколькі вада аказвае магутнае ўздзеянне на органы і сістэмы чалавека, пры некаторых станах гідратэрапія можа быць супрацьпаказаная. Да абсалютных супрацьпаказанняў адносяцца:
Акрамя таго, урач-фізіятэрапеўт у кожным канкрэтным выпадку можа карэктаваць або зусім не рэкамендаваць курс водалячэння.
Кансультацыя кваліфікаванага спецыяліста таксама неабходная перад правядзеннем сеансаў гідратэрапіі ў хатніх умовах. У адваротным выпадку замест лячэбнага можна атрымаць адваротны эфект. Напрыклад, ванны са шкіпінарам выдатна дапамагаюць пры артрозе, але пры гэтым небяспечныя апёкамі, калі няправільна іх рыхтаваць і праводзіць.
Больш падрабязна пра разнавіднасці гідратэрапіі, а таксама пра тое, якія сеансы водалячэння можна праводзіць у хатніх умовах і як гэта правільна рабіць, мы пагаворым у наступных матэрыялах.
Усё імклівей да нас набліжаецца Яго Вялікасць Снежань. Літаральна праз пяць дзён мы сустрэнем Зіму-прыгажуню. І хочацца верыць, што не толькі каляндарную, але і самую сапраўдную. Ну, а пакуль да нас у госці завітала Зіма Лістападаўна! Прычым па-сур’ёзнаму так – другі раз за месяц.
... Прачынаюся ад таго, што ў пакоі светла. Няшчыльныя фіранкі добра прапускаюць святло з вуліцы. Прыгадаўшы ўчарашні прагноз на сёння, здагадваюся: выпаў снег! Падыходжу да акна... Так і ёсць! Яшчэ невялікі слой, але ўжо добра бела навокал. І адразу ж настрой адчувальна паляпшаецца.
Вельмі люблю пачатак зімы! Калі лёгкі марозік і гэткі ж лёгкі сняжок, сухі-сухі! Тады магу гуляць пад снегападам гадзінамі, і не надакучыць! А добра снежны Новы год люблю з самага дзяцінства!
Памятаю, як толькі мы пераехалі з вёскі Клінок, дзе я нарадзілася і жыла да дзевяці гадоў, у горад Чэрвень, напачатку здымалі хату. Але ў праекце ўжо быў пяціпавярховы дом, дзе жывём зараз. Хата стаяла крыху наводшыбе ад іншых. Непадалёк знаходзілася перакрыжаванне і пара вулічных ліхтароў. І вось да гэтага часу у мяне перад вачыма дзень, а дакладней – вечар 31 снежня.
Выбягаю за брамку – і захоплена ахкаю. Снег! Не, не так... СНЕЕЕЕЕЕЕГ!!! Вялізныя сняжынкі імкліва падаюць на зямлю ў святле ліхтароў. Відовішча заварожвае... Дарэчы, тады зусім не дзівіліся снегу на Новы год. Не тое што зараз... Калі лістапад нам сняжку падкідае, а снежань распускае лужыны...
У дзяцінстве мы вельмі актыўна каталіся на лыжах і каньках. Як у школе, падчас урокаў фізкультуры, так і дома – пасля ўрокаў і ў выхадныя. Яшчэ адзін сюжэт з дзяцінства ашчадна захоўвае памяць.
Снегу вельмі шмат. На агародзе, які далучаны да хаты, таўшчэзнае покрыва. Па кругу мы з братам наездзілі добрую лыжню. І вось няма большай забавы, як выйсці пакатацца на лыжах... а палове дзявятай вечара!
... Над уваходам вісіць вялізны ліхтар, з неба пазірае месяц. А я на сваіх невялікіх драўляных лыжах наварочваю кругі па агароду. І гэта так здорава!!! Хочацца яшчэ і яшчэ імкліва слізгаць па накатанай лыжні! Які тэлевізар?! Якія там гаджэты??? Вось яно, простае дзіцячае шчасце!
А канькі?! Памятаю свае першыя фігурныя, беленькія-беленькія! Тады на стадыёнах усіх школ абавязкова ставілі ўзімку хакейныя каробкі і залівалі лёд. Маразы ўпэўнена трымаліся на працягу ўсёй зімы. Хлопцы гулялі на лёдзе ў хакей, а мы, дзяўчаты, каталіся пад музыку. Прычым асабіста я наведвала два каткі: у сваёй другой школе (далёкі) і ў суседняй чацвёртай (бліжні). Эх, і весела ж было!!! І не хварэлі мы практычна на прастуду. Вось дзіва! Хаця і распарышся, а тады нясешся расхрыстанай па марозу... І снег на смак пакаштуеш, і лядзяш...
З цягам часу любоў да лыжаў гублялася. Прызнаюся шчыра: яе нават, можна сказаць, адбілі. У Магілёўскім педвучылішчы. Наш выкладчык фізкультуры Феліксаўна (як мы яе клікалі) ганяла нас на сваіх уроках добра. Узімку трэба было паспець у шэрагу першых прыбегчы па лыжы, бо калі пазней – нават прыблізна майго памеру лыжнага абутку не заставалася. І я нагадвала сама сабе Маленькага Мука з мульціка. Калі ішла ў “лыжах” без лыжаў...
Да трасы трэба было спускацца па драўлянай лесвіцы ў Падніколле. Там нас і прымушалі бегаць на час (з гэтым спраўлялася), падымацца “елачкай” угору (не маё), удзельнічаць у эстафетах... А тады, стомленым, трэба было ўздымацца па той бясконцай лесвіцы назад, да вучылішча. А калі прыступкі слізкія, а ў цябе абутак не па памеры... Ну якая ўжо тут любоў да лыжаў?!
Затое ў апошні час так і хочацца на іх пракаціцца. І на каньках таксама. Вось толькі няма дзе ў нас набыць лыжы-канькі. Гэта ў дзяцінстве іх прадавалася ў краме “Культтавары” (культурныя? культавыя?) безліч, на любы густ і памер. Браць напракат для мяне неяк не варыянт. А што, калі лыжы зламлю?! Было ўжо такое ў дзяцінстве. А канькі просяць вяртаць чыстымі і сухімі. Гэта з сабой яшчэ насіць вялізную анучу?! Так што цяпер прысутнічаю на лыжных спаборніцтвах толькі ў якасці фотакарэспандэнта... Гляджу на іншых аматараў...
Але ўсе праблемы, зразумела ж, вырашальныя. Было б жаданне і ў гэтым пытанні. Так што зараз галоўнае – каб снегу нам падкінула нябесная канцылярыя пабольш. А там з набыццём лыжаў-канькоў я што-небудзь прыдумаю. Абавязкова!
Колькі ўжо здаралася ў жыцці сітуацый, калі штосьці ламалася, псавалася, прычым, зразумела ж, у самы не падыходзячы для гэтага момант. І якая першая рэакцыя ў кожнага з нас, асабліва ў жанчын?! Аа-а-а-а-а-а!!! Правільна, паніка. Паніка, стрэс, а як вынік – галаўны боль ды іншыя праблемы са здароўем.
“Вось яно мне трэба?!” – усё часцей і часцей пытаюся я сама ў сябе. Не-а, і блізка не хачу. Але настолькі прывыкла рэагаваць на ўсё вось гэтак. А чаму?! Таму, што ў галаве адразу падсвядома ўсплывае: “Гэта ж трэба рамантаваць. А я не спраўлюся. А добрага спецыяліста яшчэ трэба пашукаць... А-а-а-а-а-а!” Так, заканчваецца практычна заўсёды адным і тым жа.
Але гэта – першасная рэакцыя. Як толькі паніка крыху адпускае, мозг усё ж уключаецца. І пачынае шукаць варыянты. А калі няма каго замовіць... Я зараз пра маленькія гарады, дзе дужа трэба мець у знаёмых, прычым добрых знаёмых, электрыка, сантэхніка, швачку, абутковага майстра, цырульніка, газаўшчыка і шмат каго яшчэ.
На шчасце, частка з гэтага спісу ў мяне сапраўды ёсць. А вось з сантэхнікамі – бяда. Апошнім жа часам усе праблемы менавіта з гэтай галіны. І мой галоўны боль. І...
Прыклад? Далёка хадзіць не трэба. Свежанькі, так бы мовіць. Сёлета ў нас у трубе няма гарачай вады. Часам труба тая ў прыбіральні цяплее. Але на пачатку сёмай раніцы, калі збіраюся на працу, і нават зараз (!!!), пакуль пішу гэтыя радкі, яна халодная. І зліццё вады нават на працягу трох-чатырох хвілін выніку не дае. Ну не “выманьваецца” падагрэтая вада з трубы! Даводзіцца па-ранейшаму карыстацца бойлерам старой мадыфікацыі, які адзін (!!!) спажывае па 210 кВт у месяц.
Зразумела, скарджуся ў свой камунгас. Як так? Гады тры вада была – і такіх праблем не мелі! А сёлета што ў хаце дубак, што з вадой засада. І вось дні тры штосьці ў падвале рабілі. Грукалі-стукалі. Пасля чаго, казалі мае сямейнікі, халодная вада перла – гэта штосьці! Не рудая нават, а чорная, з пяском.
І што ў выніку?! А ў выніку яе не “пераварыла” арматура ўнітаза “Керамін”, які ў нас стаіць усяго толькі другі год. І добра, што тое здарылася пры мне ўжо, калі вярнулася ўвечары з працы дахаты. Спынілася побач з прыбіральняй – і раптам чую, што ўнітаз... “размаўляе”. Я да яго – вада не перакрываецца, цячэ пастаянна! Я раз на кнопку – лічыльнік круціць з цяжкасцю. Вада ўсё роўна пералілася. Я другі раз – тая ж сітуацыя. Аа-а-а-а-а!!! Паніка!
Добра, што пры ўсталяванні ўнітаза сантэхнікі замянілі і кран на перакрыццё вады ў ім. Перакрыла. Палезла ў сеціва. Пачытала, што сістэма ад дрэннай вады альбо забіваецца, альбо цалкам наварочваецца.
Звяртаюся да аднаго сантэхніка – маўляў, калі пасля 20.00 дзяжурыш і зможаш пад’ехаць? У нядзелю (а гэта, на хвілінку чацвер). Да другога – трубу традыцыйна не бярэ. Да трэцяга, знаёмага колісь, – той даўно не практыкуе, прабачаецца.
У рэшце рэшт, уключаю галаву, прыгадваю свой дэвіз па жыцці (“Калі няма перад кім паказаць сваю слабасць, трэба быць моцнай!”)... І – наперад! Спецыяльны ліхтарык на лоб, ключ – у зубы... Круцім усё метадам тыку. Здымаем, прамываем, збіраем у адваротным парадку, адкручваем кран... Усё працуе! Ур-р-р-р-р-ра!
І што мы маем?! Вырашаную праблему – раз! Эканомію грошай – два! Павышэнне самаацэнкі – тры! Задавальненне сабой – чатыры! Мора радасці – пяць! І галава не баліць, і самаадчуванне – на дзесяць балаў! А ўсяго толькі трэба было паверыць у сябе... Ці не так?!
One fine body…