Традыцыйна снежань пакаціўся кумільгам з гары... Усё хутчэй, хутчэй і хутчэй. І зноўку мы не паспелі нават азірнуцца і задумацца, як сёння ўжо – 31 снежня. Пярэдадзень завабліва-таямнічага свята.
З самага ранку мы плануем свае шматлікія справы. І заадно ствараем святочны настрой. Хочацца пажадаць усім, каб дзень не праляцеў гэтак жа, як і ўвесь снежань... З гары... А запомніўся! Выдатным настроем, цікавымі справамі, нечаканымі сюрпрызамі ды рознымі іншымі прыемнасцямі.
Рэжаце салацікі?! Уключаем любімы фільм. Пераважна ён ідзе фонам, але раз-пораз атрымаецца і зірнуць адным вокам на экран тэлевізара ці манітор ноутбука. Але ж некаторыя фільмы можна слухаць – і выдатна ўяўляць сабе ўсё, што там адбываецца.
«Іронія лёсу, альбо З лёгкай парай», «Іронія лёсу-2», «Снежны анёл», «Сірата казанская», «Француз», «Прыходзь на мяне паглядзець», «Чарадзеі», «Бедная Саша», усе «Ёлкі» (абсалютнае захапленне!), « Навагоднія сваты», «Ноч зачыненых дзвярэй»...
Вось далёка не поўны пералік цудоўных экранізаваных святочных гісторый! І калі вы, зірнуўшы на гэты спіс, раптам прыгадаеце, што даўно ўжо хацелі перагледзець гэта, гэта і яшчэ вось гэта... Толькі не памяталі, што такія ёсць... Буду рада, калі хаця б крышачку паспрыяла вашаму добраму настрою!
А настрой абавязкова павінен быць добрым! Ну проста абавязкова! Таму даю ўсім устаноўку! Сёння ў нас свята, свята і толькі свята. Усе думкі – радасныя, натхнёныя, прыемныя, заваблівыя, чароўныя... І няхай яны пануюць сёння цэлы дзень, цэлую ноч... І каб на пачатак студзеня іх таксама хапіла!
Спадзяюся, вы не забыліся прыдумаць забаўлянкі для гасцей, калі яны ў вас будуць?! Ды і для сямейнікаў нядрэнна было б. Жарты, розыгрышы, загадкі з міні-прызамі, самымі нечаканымі і даволі смешнымі... Яшчэ ёсць час! Сеціва вам у дапамогу!
А ўвогуле, гэтыя святочныя суткі проста павінны быць удалымі. Ды што там павінны! Абавязаны! І няхай знойдзецца месца цуду, хаця б маленькаму. Але самаму сапраўднаму. Я шмат ужо гэтага жадала ўсім нам на працягу перадсвяточнага тыдня. І шчыра жадаю зноў, сёння, у дзень фактычна магічны. Няхай спраўджваецца! І Дзеда Мароза са Снягуркай вам у госці!
А калі срэбны перазвон званочкаў на конях Дзеда Мароза, гадзіннікавых стрэлак на вежы, келіхаў з шампанскім наблізіцца да нас на адлегласць выцягнутай рукі, паспейце загадаць сваё самае таемнае жаданне! І ў нас будзе наперадзе цэлы год (!!!), каб верыць і спадзявацца, што яно спраўдзіцца.
З надыходзячым Новым годам вас, шаноўныя сябры! Здароўя і шчасця, радасці і ўдачы, кахання і шанцавання, дабрабыту, пяшчоты і пабольш нагод для радасці! Дзякуй усім, хто быў з намі, сайтам «Слушна»! І – да сустрэчы ў 2019!!!
Пра шкоду алкаголю напісаны тоны кніг і кіламетры артыкулаў. Наступствы яго ўжывання рэгулярна фігуруюць у аператыўных зводках. Кліенцкая база наркалагічных службаў, якія аказваюць паслугі па вывядзенні з запою дома, пастаянна пашыраецца. А ўлічваючы, наколькі балючай з'яўляецца праблема алкагалізму не толькі для Беларусі, але і для ўсёй сусветнай супольнасці, казаць пра магчымую карысць алкаголю больш чым недарэчна: могуць абвінаваціць у нездаровай прапагандзе.
Але гэтая слізкая тэма літаральна лунае ў паветры. Не ўсе тыя, хто п'е, залежныя і хворыя. Не ўвесь алкаголь яд: і народная медыцына, і сучасная фармакалогія вельмі актыўна выкарыстоўваюць спірт у лячэбных мэтах. Дык ці ёсць ад алкаголю карысць і якая? Дзе тая тонкая мяжа, за якой бяспечнае ўжыванне робіцца вельмі небяспечным?
Журналіст Слушна шукала адказы на каверзныя пытанні разам з вядучым навуковым супрацоўнікам аддзела наркалогіі РНПЦ псіхічнага здароўя, кандыдатам медыцынскіх навук, дацэнтам Уладзімірам Максімчуком.
Пачнём з таго, які дабратворны ўплыў на арганізм прыпісваюць умераным дозам алкаголю. Спіс, трэба заўважыць, атрымаўся вялікі. Такім чынам, алкаголь у пэўных дозах:
На карысць умераных доз алкаголю гавораць і вынікі некаторых даследаванняў. Напрыклад, адно з іх паказала, што людзі з анеміяй, якія на працягу пэўнага часу рэгулярна перад сном выпівалі палову бакала (50 мл) чырвонага віна, сталі менш пакутаваць ад галавакружэнняў, мігрэняў і гіпатаніі. У ходзе яшчэ аднаго эксперыменту ўстаноўлена, што тыя, хто на працягу дня дазваляе сабе келіх віна, на 30% менш схільныя да набору лішняй вагі. У жанчын наладзіўся менструальны цыкл і зніклі высыпанні на твары.
Вучоныя з горада Зютфен (Галандыя) пайшлі яшчэ далей: на працягу 40 гадоў яны вялі назіранне за ладам жыцця і станам здароўя амаль 1,4 тысячы мясцовых жыхароў. Атрыманыя вынікі дазволілі даследчыкам вывесці прымальную і адносна бяспечную дозу алкаголю – не больш за 20 мл абсалютнага алкаголю ў дзень (прыкладна 50 мл віна ці 0,5 л піва мацункам да 4%). Прычым найменш шкодным сярод алкагольных напояў прызнана менавіта чырвонае віно. І гэтаму можна знайсці разумнае тлумачэнне, калі ўлічыць нутрыентны склад напою. Натуральнае вінаграднае віно змяшчае фруктозу, антыаксіданты, вітаміны групы В і К, на якія багаты вінаград.
Улічваючы ўсё вышэй пералічанае, традыцыйны тост «За здароўе!» цалкам можа мець пад сабой практычнае прымяненне.
Давайце на хвілінку вернемся да станоўчых эфектаў ад умеранага ўжывання алкаголю.
І, нарэшце, самае галоўнае.
Ну і апошняе. Калі ўжо выбіраеце ў якасці антыдэпрэсанту і лекаў алкаголь, аддайце перавагу віну. Не тым мацаваным напоям, якія ўяўляюць сабой грымучую сумесь спірту, парашковых дадаткаў і кансервантаў, а хатняму натуральнаму віну на аснове вінаграднага соку. Але самае правільнае рашэнне, калі стомленасць, нікуды не варты настрой і дрэннае самаадчуванне сталі вашымі сталымі спадарожнікамі, – ісці да ўрача. Існуе велізарная колькасць куды больш эфектыўных і бяспечных метадаў, здольных вярнуць смак і паўнату жыцця без ужывання спіртнога. Таму што алкаголь – тыя лекі, якія ператвараюцца ў яд ад адной лішняй кроплі. І тут справа такая: лішняй цалкам можа аказацца самая першая кропля.
https://bel.24health.by/u-vas-est-pravo-znat-vsyu-pravdu-ob-alkogole/
А ўсё ж цікава, калі штосьці агульнавядомае трохі перайначваць па-свойму. Бывае, атрымліваецца досыць удала. Вось як у мяне... Ведаю ж, што Новы год па кітайскім календары святкуюць у лютым. Тады быццам бы і пачынае панаваць адна з 12 жывёл Буды. Але, як кажуць, дзе я, а дзе кітайцы (з усёй павагай да іх!). Таму ў мяне жывёлы гасцююць пад ёлкай у навагоднюю ноч!
«Якія?!» – здзіўлена папытаецеся вы. Ды цацкі! Жывое парася прыцягнуць у кватэру пакуль жадання не ўзнікае. Хаця шмат хто любіць трымаць у якасці хатніх гадаванцаў міні-свінак ці нават свінак в’етнамскіх! Але гэта дакладна не мой варыянт... Таму – цацкі.
Люблю перачытваць легенду пра тое, як Буда шукаў 12 жывёл, каб кожнай уручыць кіраванне годам. Памятаеце?! Згодна з ёй, першым быў Пацук (Мыш), затым Буйвал (Бык, Карова), Тыгр (добра, што хоць некалькі жывёл – без варыянтаў), Трус (Заяц), Дракон, Змяя, Конь, Каза (Авечка + мужчынскія варыянты абедзвюх. Жартую! Але штосьці ў гэтым ёсць), Малпа, Певень, Сабака (варыянтаў не прапаноўваць!), Свіння (Кабан). У мяне ж атрымаўся крыху іншы парадак. І першай была – Малпа.
Невялікую завабліва-яркую цацку чырвонага колеру да Новага года мне неяк падаравала каляжанка. Адсядзеўшы два тыдні пад ёлкай, Малпа знайшла сабе зручнае месца на паліцы. На наступны год я выпадкова ўбачыла ў продажы невялічкага Пеўніка. І набыла, сама не ведаю, чаму, чарговы сімвал года па кітайскім календары. Так пад ёлкай апынуліся ўжо дзве цацкі – адна перадавала ўладу другой.
Вось з таго часу ў нашай сям’і з’явілася традыцыя: у апошніх чыслах снежня набываць чарговую мяккую цацку. Прычым купіць усе адразу асабіста мне было нецікава. Значна цікавей – па адной у год.
Шчыра кажучы, па некаторыя давялося пабегаць-паездзіць. Іншыя з’яўляліся ў продажы літаральна 31-га снежня. Памятаю, як доўга не магла рашыцца набыць Змяю… Бр-р-р-р-р-р! Непрыемныя адчуванні. Асабліва калі прыгадаць сустрэчу з імі, жывымі, у лесе падчас збору ягад ці грыбоў.
Згледжваеш-то яе заўсёды знянацку! А тады і віск, і піск, і крыкі на ўвесь лес, і сэрца з грудзей выскоквае. Але ж, як кажуць, з песні слоў не выкінеш. Толькі ўсе цацкі-змеі, якія трапляліся, былі сапраўды такімі, што страшна іх у рукі ўзяць!
Нарэшце ўбачыла ў нашым аддзяленні сувязі больш-менш прывабную. Але ж во бяда! Трэба мне сёння, а аддзел не гандлюе ўжо. І толькі дзякуючы знаёмаму аператару сувязі, якая перабралася праз высокі бар’ер і прадала мне цацку, я яе займела ў той год.
Дужа арыгінальная трапілася Свіння – з тэніснай ракеткай! А вось за Быком (ён жа – Карова, ён жа – Буйвал, і ўсё ў адной асобе. Жартую!) давялося выбірацца са сваёй правінцыі ў Мінск, бо не было нічога цікавага на мясцовых базарах.
Паехала – і не пашкадавала. Апрача прыгожага жоўценькага колеру цацка парадавала і іншым: пры націсканні выдавала такое мычанне, што ўсе навакольныя проста клаліся ад смеху! І пра кожны сімвал года, пра асаблівасці яго выбару і набыцця можна расказваць цэлыя гісторыі. А яшчэ ж іх можна прыдумляць!
Але вось ужо цацак – адзінаццаць. Засталася апошняя – Авечка. Альбо Каза.
Напачатку не вырашыла, каго набыць. Хто прыгажэйшы. А пасля – пачалося, як заўсёды. То памерчык не той, то колер, то выраз… хм… «фэйсу» (каб жа не пакрыўдзіць сімвал года!). І таксама, як заўсёды, аказалася, што першая думка была правільнай. Да першай жа ўпадабанай Авечкі я і вярнулася.
Раней марыла: вось збяру 12 цацак – і на гэтым спынюся. І буду пасля штогод урачыста садзіць іх пад ялінку. А пасля задумалася… Мо, да кожнай падабраць пару? «Не, досыць і гэтых!» – пераканаўча сказалі мне сямейнікі. Ну, добра!
Самае цікавае, што праз 12 гадоў Свіння яшчэ захавала «голас»! Батарэйка не села, во дзіва! І зараз пры націсканні ёй на жывоцік даносіцца: «Хру-хру-хру! Хачу гуляць!» І музыка... Як жа захапляльна!
Асноўная страва таму так і называецца, што ёй адведзена галоўная роля на любым стале. Правільна падабраная страва здольная нават звычайную вячэру ператварыць у маленькае свята. А вось промах апусціць у ранг будзённых самую доўгачаканую ўрачыстасць, напрыклад, святкаванне Новага года і Раства.
Таму мы падабралі для нашых чытачоў тройку вытанчаных і арыгінальных гарачых страў для навагодняга застолля. Яны задаволяць густы самых патрабавальных гурманаў і без сумневу ўзначаляць рэйтынг вашых асабістых кулінарных пераваг. А галоўнае, мы не забыліся аддаць даніну павагі Усходняму календару: галоўнымі стравамі на навагоднім стале будуць ялавічына, птушка і рыба.
Далікатнае сакавітае мяса ў спалучэнні з соусам на аснове карамелізаванай цыбулі літаральна растае ў роце.
Інгрэдыенты:
Спосаб прыгатавання
Разагрэйце духоўку да 160°С.
Кавалак ялавічыны добра натрыце 1 ст.л. аліўкавага алею з соллю і спецыямі. Вазьміце вялікую каструлю (качачніца падыдзе ідэальна), нагрэйце яе і на сярэднім агні абсмажце мяса з усіх бакоў на працягу 10 хвілін.
Спадарожна на асобнай патэльні ў сметанковым масле абсмажце да залацістага колеру цэлую моркву і здробненае сцябло сельдэрэю.
Мяса выкладзіце на талерку. У каструлю, дзе яно абсмажвалася, уліце белае віно і праварыце на працягу дзвюх хвілін. Затым туды ж дадайце ялавічны булён, акуратна апусціце ў яго мяса, зверху пакладзіце абсмажаныя моркву і сельдэрэй, лаўровы ліст. Сачыце за тым, каб морква была не занадта пагружаная ў булён. Накрыйце каструлю накрыўкай і адпраўце ў разагрэтую духоўку на 3 гадзіны (праз 1,5 гадзіны ад пачатку тушэння мяса пры жаданні можна акуратна перавярнуць).
Калі ростбіф будзе амаль гатовы, займіцеся цыбульным соусам. У разагрэты на патэльні аліўкавы алей апусціце нарэзаную тонкімі колцамі цыбулю, галінку чабору, трохі спецый. Накрыйце накрыўкай і гатуйце на павольным агні 10-15 хвілін, пакуль цыбуля ні стане мяккай. Затым павялічце агонь, дадайце лыжку сметанковага масла, цукар і, часта памешваючы, дайце цыбулі карамелізавацца да цёмна-залацістага колеру. Галінку чабору можна выдаліць.
Гатовае мяса і моркву дастаньце з духоўкі, выкладзіце на страву. У каструлю з сокам, які застаўся пасля тушэння ялавічыны, апусціце карамелізаваную цыбулю, дадайце муку і на сярэднім агні, старанна вымешваючы, варыце 1-2 хвіліны пасля закіпання, каб атрымаўся густы цыбульны соус. Да гатовага ростбіфа яго падаюць у асобным кубку. У якасці гарніру ідэальна падыдзе запечаная гародніна.
Дастойная альтэрнатыва індычцы – гусь, глазураваная мёдам і спецыямі. Не горш па гэтым рэцэпце атрымліваюцца курыца і качка. Але трэба ўлічваць, што колькасць інгрэдыентаў у арыгінальным рэцэпце разлічана на гусь вагой 5 кг.
Інгрэдыенты:
Для глазуры:
Спосаб прыгатавання
Нагрэйце духоўку да 180°С.
Для глазуры змяшайце мёд з карыцай, гваздзікай, перцам і пакуль адстаўце ўбок.
Выдаліце з тушкі гусі рэшткі трыбухоў і тлушч. Затым, выкарыстоўваючы нож ці востры відэлец, часта праткніце скуру птушкі, надаючы асаблівую ўвагу вобласці пад крыламі і вакол ножак.
Пакладзіце тушку ў вялікую каструлю. У асобнай ёмістасці ўскіпяціце 6 літраў вады. Павольна і асцярожна паліце гусь кіпнем. Скура птушкі стане шчыльнай і глянцавай. Дайце гусі астыць, затым дастаньце з вады і прасушыце папяровымі ручнікамі.
Затым натрыце гусь раслінным алеем і соллю, начыніце разрэзанымі напалову цыбулінамі, апельсінам, зубчыкамі часнаку і размарынам. Шчыльна абгарніце тушку фольгой і змясціце на духавую рашотку, папярэдне паставіўшы на дно духоўкі бляху, куды будуць сцякаць тлушч і сок птушкі. Запякайце 2 гадзіны.
У гэты час ачысціце бульбу, нарэжце тонкімі кружкамі. Злёгку пасаліце, дадайце трохі расліннага алею і змяшайце.
Праз вызначаны час дастаньце гусь, выдаліце фольгу. З бляхі зліце ў асобную ёмістасць сок, які сабраўся. На гэтую ж бляху пакладзіце роўным слоем падрыхтаваную бульбу, зверху змясціце гусь, накрыйце ўсю канструкцыю фольгой. Адпраўляйце ў духоўку яшчэ на 1 гадзіну.
І нарэшце – фінальны этап. Дастаньце бляху з бульбай і гуссю з духоўкі, выдаліце фольгу. Не здымаючы гусь з бляхі, пры дапамозе пэндзліка пакрыйце яе мядовай глазурай і вярніце ў духоўку яшчэ на 20-30 хвілін.
Перакладзіце гусь на вялікую талерку і, нічым не накрываючы, пакіньце хвілін на 30. Падавайце да стала з запечанай бульбай, упрыгожыўшы галінкамі свежай пятрушкі.
Стэйк з ласося – адназначна бяспройгрышны варыянт для любога святочнага меню. А наш рэцэпт мае яшчэ і відавочныя перавагі: яго практычна немагчыма сапсаваць, а страва рыхтуецца ў імгненне вока – менш чым за 20 хвілін.
Інгрэдыенты:
Для соуса:
Спосаб прыгатавання
Для пачатку прыгатуем соус. Змяшайце ёгурт, цэдру лімона і лімонны сок, дробна пасечаную зеляніну кінзы, соль і перац. Запраўце соус на свой густ. Больш лімона, больш кінзы, больш перцу! Рэгулюйце густ соуса да таго часу, пакуль не захочаце есці яго лыжкай!
Затым прыступайце непасрэдна да стэйкаў. На сярэднім агні разагрэйце патэльню або сатэйнік. Змажце стэйкі з абодвух бакоў маслам, пасыпце буйной соллю і чорным перцам.
Абсмажце рыбу да залацістага колеру – прыкладна 4-5 хвілін з кожнага боку. Перакладзіце стэйкі на талерку, апырскайце лімонным сокам. Зверху пакладзіце 1-2 сталовыя лыжкі соусу з ёгурта і кінзы, прыцерушыце чорным перцам грубага памолу. Падавайце да стала адразу ж з чвэртачкамі лімона.
І няхай ваша свята будзе самым смачным!
Якіх толькі навагодніх дрэўцаў за столькі дзесяцігоддзяў у нас дома не было! Ёлка натуральная, ёлка штучная, ёлка самаробная – з пластыкавай бутэлькі і галінак... У залежнасці ад настрою, жаданняў, запытаў і магчымасцяў яны перыядычна мяняліся.
Таму кожны Новы год у гэтым плане быў не сумным. А што датычыцца года мінулага, дык да нас у госці нават сасна завітала! Ну, ці хвоя – як каму больш падабаецца.
...Вось штосьці летась у дваццатых чыслах снежня раптам прыйшла мне ў галаву думка: «Хачу паставіць дома жывую сасну!» Што? Адкуль? Чаму? Не ведаю... Ніколі сасны ў нас на Новы год не было. Хаця некаторыя знаёмыя распавядалі менавіта пра гэтае дрэўца ў якасці навагодняга. Асабліва, калі ў некаторых мясцовасцях ёлкі проста не раслі...
У дзяцінстве ў нас былі толькі жывыя ялінкі, па якія хадзілі ў лес. Затым доўгі час – ёлка штучная ў зале і букеты з яловых ды хваёвых лапак ва ўсіх пакоях і кухні. Упрыгожаныя, зразумела. А тут штосьці мяне, як кажуць, пераклініла...
Ціхенька агучыла сваю просьбу добрай знаёмай, асабліва не спадзеючыся... І-і-і-і-і-і... Мне падаравалі сасну!!! Першы раз у жыцці падаравалі навагодняе дрэўца! Адразу скажу: высеклі яе ў тым месцы, дзе яна расці не павінна. А значыць, пад сякеру трапляла ў любым выпадку. Ёсць у леснікоў такія мясціны: пад лініямі электраперадач і не толькі.
Паўдня сасна ляжала непадалёк ад уваходу, вольна раскінуўшы галіны. А мы ўсе ледзь не з прабачэннямі ціснуліся міма. Затым усё ж агульнымі намаганнямі дрэўца заняло месца ў вядры з зямлёй, а затым «ускараскалася» на стульчык.
«І вось яна, прыгожая, на свята тут прыйшла-а-а-а...» – напявала я, ходзячы вакол і думаючы: «А як жа яе ўпрыгожыць???» Павесіла гірлянду, уключыла... Не, не падабаецца. Разоў дзесяць перавешвала так і гэтак. Кінула, як ёсць.
Дацягнуўшыся, надзела вершаліну. Затым прыйшла чарга шарыкаў. Банцікі чырвоныя... Трохі тонкай мішуры... І вось ён – рэлакс! Уключыць гірлянду, легчы на канапу і пазіраць знізу... Проста цуд! А які водар!
Затое калі прыйшоў час сасну прыбіраць... А стаяць у мяне навагоднія дрэўцы традыцыйна доўга – ажно да Вадохрышча, 19 студзеня... Тое прыбіранне мне запомнілася надоўга. Ажно да гэтага Новага года хапіла тых уражанняў!
Таму сёлета – ёлка штучная і толькі штучная! Дастала з лоджыі, разагнула і распушыла галіны, упрыгожыла ў чырвона-жоўтай гаме... Ну ляпата ж! І практычна без ніякіх намаганняў і высілкаў. І плюс букеты з лапак. Свежанькія. У кожнай вазачцы – адна яловая лапка і дзве хваёвыя. Па-а-а-ахнуць! Як у дзяцінстве!
А якое навагодняе дрэўца жыве ў вас?!
Нядаўна ў Расіі ўпершыню быў пададзены іск да бальніцы, урачы якой не дазволілі родным наведаць пацыента ў рэанімацыі. Масгарсуд прызнаў прэтэнзію людзей абгрунтаванай і абавязаў адміністрацыю бальніцы выплаціць ім кампенсацыю.
Ці можна наведваць беларускія рэанімацыі? Якія ўмовы знаходжання там выклікаюць у людзей пытанні? Чаму за мяжой рэанімацыйныя палаты, як правіла, разлічаны на аднаго, а ў нас на некалькі чалавек?
Разабрацца ў тэме дапамаглі ўрачы Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска (ГК БХМД) і беларускія анестэзіёлагі-рэаніматолагі, якія працуюць у замежных клініках.
Калі пачытаць форумы і водгукі людзей, якія пабылі ў нашых аддзяленнях рэанімацыі, больш за ўсё пытанняў у пацыентаў выклікаюць абмежаванне стасункаў з роднымі, забарона тэлефонаў, палаты без перагародак, калі чалавек вымушаны спраўляць свае патрэбы на вачах ва ўсіх, адсутнасць кнопак выкліку персаналу, поўная залежнасць ад медсястры: «калі добрая – будзеш пад наглядам, калі не вельмі – можаш ляжаць у калавых масах».
Наведванні пацыентаў у рэанімацыі законам не забароненыя. Таму сёння кожная бальніца рэгулюе гэтае пытанне самастойна ў правілах унутранага распарадку. Напрыклад, па правілах ГК БХМД сваякі могуць наведаць пацыентаў у палатах рэанімацыі з 12.00 да 13.00 і з 17.00 да 20.00.
Ім выпісваюць пропуск, выдаюць санітарную вопратку. Мы якраз заспелі такі момант наведвання: хтосьці дапамагаў медсёстрам пасадзіць чалавека ў ложку, хтосьці карміў роднага, хтосьці проста стаяў і трымаў блізкага чалавека за руку, бо той яшчэ не прыйшоў у прытомнасць.
Каб не ўзнікала сітуацый, калі ў адных рэанімацыях наведванні дазволеныя, а ў іншых людзям адмаўляюць без тлумачэння прычын, патрэбны адзіны дакумент, які б рэгламентаваў агульныя правілы для ўсіх клінік, лічаць медыкі.
Насуперак абывацельскаму ўяўленню, у рэанімацыях ляжаць не толькі пацыенты ў коме, там знаходзяцца і людзі ў свядомасці. Таму этычныя моманты для іх вельмі важныя.
Нашы рэанімацыі – гэта палаты на 3-6 чалавек, у якіх разам знаходзяцца і жанчыны, і мужчыны. Спраўляць патрэбу ў судна пры суседзях – вельмі некамфортна. Гэтак жа непрыемна, калі ўсе бачаць, як цябе абціраюць або мяняюць падгузнік. Вырашыць гэтую праблему могуць перагародкі паміж ложкамі, прыбіральні для пацыентаў. У ГК БХМД такія перагародкі ёсць – гэта спецыяльныя лёгкія высоўныя штангі са шторак. Больш за тое, пасля рамонту ў палатах рэанімацыі з'явіліся прыбіральні для хадзячых пацыентаў.
У старых рэанімацыях прыбіральняў няма, гэтак жа, як і штангаў з высоўнымі шторкамі.
Тэлефоны ў рэанімацыйных палатах медыкі не дазваляюць і тлумачаць гэта тым, што пацыенты бываюць розныя і лішні прадмет у руках можа ўяўляць небяспеку. Акрамя таго, пацыенты не заўсёды крытычна ацэньваюць свой стан і могуць напалохаць родных сваім тэлефанаваннем.
У рэанімацыях людзі аслабленыя і часам не могуць паклікаць медсястру, калі патрэбна дапамога. Звычайна для гэтага ў ложкаў хворых прадугледжаны кнопкі выкліку персаналу. Але яны ёсць не ва ўсіх нашых рэанімацыях, бо іх наяўнасць не з'яўляецца абавязковай. Маецца на ўвазе, што медсястра не мае права пакідаць свой пост і пацыент знаходзіцца пад пастаянным наглядам персаналу.
Пацыент у рэанімацыі падключаны да апаратуры, ляжыць пад кропельніцай, часта з мачавым катэтарам, бо сам не можа хадзіць у прыбіральню. Таму ён цалкам залежыць ад медсясцёр і санітарачак. І калі іх раптам няма, або яны няўважлівыя і грубыя, гэта вельмі моцна адбіваецца на яго эмацыйным стане. На думку медыкаў, справа тут больш не ў халатнасці або адсутнасці сардэчнасці, а ў моцнай стомленасці медсясцёр і санітарак, якія дзяжураць у рэанімацыі, як правіла, цэлыя суткі – ад раніцы да раніцы, і выконваюць шмат функцый.
У свеце праблему якаснага догляду вырашаюць за кошт пашырэння штату рэанімацыі. А як у нас?
На думку Уладзіміра Свіркова, каб палепшыць беларускую службу рэанімацыі, неабходна павялічваць штат сясцёр, забяспечваць яго маніторынгавым абсталяваннем, а таксама закупляць сродкі, якія палягчаюць догляд: зручныя судны, сурвэткі, мыйныя сродкі, падгузнікі. І памяншаць колькасць папяровай працы.
У цэлым нашым бальніцам трэба перастаць баяцца сваякоў пацыентаў – чым больш яны бачаць, тым менш у іх пытанняў і незадаволенасці, лічыць доктар.
Якой гаспадыні не хочацца парадаваць гасцей не толькі смачнымі, але яшчэ і карыснымі стравамі?
Журналіст Слушна даведалася пра рэцэпт святочнай карыснай стравы ў загадчыцы гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Наталлі Шульгі.
Як прызналася спецыяліст, традыцыйныя салаты «аліўе» і «селядзец пад футрам» у святочным сямейным меню будуць прысутнічаць, але ў меру і толькі ў самым пачатку трапезы. Галоўнай жа стравай стане фарэль, запечаная ў фользе.
Фарэль змяшчае ўнікальны па сваім складзе вітамінна-мінеральны комплекс: незаменныя поліненасычаныя Амега-3 тлустыя кіслоты, а таксама карысныя для арганізма вітаміны і мікраэлементы, у тым ліку ёд, цынк, фосфар, калій і іншыя.
Ужыванне ў ежу гэтай рыбы спрыяе паляпшэнню працы галаўнога мозгу, зніжае рызыку развіцця атэрасклерозу, павышае настрой і працаздольнасць, дапамагае змагацца са стомленасцю.
Асабліва карысная фарэль тым, хто пакутуе на захворванні сэрца і сасудаў. А яшчэ ўжыванне ў ежу гэтай рыбы:
Разам з тым, з асцярожнасцю ўжываць у ежу фарэль трэба людзям, якія пакутуюць ад алергіі на рыбу. Яе не рэкамендуецца есці таксама тым, у каго дыягнаставаны захворванні страўнікава-кішэчнага тракту, печані, язва страўніка ці 12-перснай кішкі, альбо калі прызначана дыета з паніжаным утрыманнем тлушчу.
Інгрэдыенты
Прыгатаванне
Рыбу нацерці соллю і спецыямі, дадаць зеляніны. Па жаданні можна апырскаць яе сокам лімона. Загарнуць рыбу ў фольгу і паставіць у папярэдне разагрэтую духоўку прыкладна на 15-20 хвілін.
Аднойчы я пачуў ці прачытаў, ужо не памятаю, што «жыццё даўжэй зрабіць нельга (яно дадзена Богам), але можна яго пашырыць».
Згодна з гэтым прынцыпам, лічу, што толькі ад нас залежыць, якім будзе наш дзень. І не важна, свеціць сонца або ідзе дождж ці снег. Дзень павінен быць насычаны добрымі справамі.
У мяне ёсць сям'я, 3 гады таму нарадзілася дачка. І цяпер дабрабыт сям'і для мяне – гэта самае галоўнае. А яшчэ я люблю сваю працу. З такімі ўстаноўкамі вельмі лёгка жыць.
На працы праводжу вельмі шмат часу. Працуючы ў аддзеле грамадскага здароўя, пастаянна маю стасункі з рознымі людзьмі. Вельмі люблю выступаць у школах.
У кастрычніку-лістападзе ў школах прайшлі «Адзіныя дні прафілактыкі». На адным з такіх 29 лістапада выступаў перад вучнямі 10-11 класаў.
Для выступу мелася стойка з мікрафонам. Аднак хацелася іншага фармату стасункаў, не статычнага, а жывога. І я вырашыў стойку адсунуць і проста гаварыць стоячы ў мікрафон. Зведаў неверагодныя адчуванні, пачынаючы з таго, куды падзець другую руку, і наогул, як паводзіць сябе пры гэтым.
Спадзяюся, вучні такі фармат ацанілі. Лічу, што гэта быў самы цікавы вопыт, момант і дзень у 2018 годзе!!!
А ў нас 31 снежня – чарговая традыцыя! Вось ужо гадоў пяць запар, а можа, і больш, мы абавязкова варым удзень грыбны суп. Прычым, калі атрымліваецца, – з грыбоў, замарожаных увосень у лядоўні. Спецыяльна выбіраюцца маладзенькія і прыгожыя. Ідуць у лядоўню цалкам! Бы толькі з лесу! Але, вядома ж, пачышчаныя.
Традыцыю гэтую падхапілі ўслед за сям’ёй брата, бо падалася дужа цікавай. Паколькі ўсе – заўзятыя грыбнікі, дык недахопу ў складніках супу не бывае. Альбо – замарожаныя, альбо – высушаныя.
Стараемся, каб апошніх было як мага больш. У грыбныя гады шчыруем у лесе ўсім сямействам! 3-4 трохлітровыя слоікі (дзякуй печцы, што на дачы!) павінны быць! Для супоў, блінчыкаў з грыбамі, салаты з яйкамі і грыбамі, яек, фаршыраваных грыбамі... М-м-м-м! Якая смаката! Любім самі, і госці заўсёды ядуць з задавальненнем!
Паколькі грыбным выдаўся год мінулы, калі лясы літаральна імі заваліла – толькі не лянуйся збіраць ды перапрацоўваць... Дык гэты год нас мала чым парадаваў. Баравікоў было няшмат, і тыя пераважна чарвівыя. А калі схамянуліся, што трэба было б чаго пакласці ў лядоўню да Новага года... Туды пайшоў толькі адзін баравічок.
А паколькі з яго супу добрага не зварыш, будзе ў нас сёлета эксперымент, зазначыла мама. Суп з гэтага баравічка і з баравічкоў высушаных мінулагодніх, якія цудоўна захаваліся ў трохлітровых слоіках. Зрэшты, рэцэпт адзін і той жа. Нічога складанага. З той толькі розніцай, што грыбы высушаныя не размарожваем, а папярэдне замочваем у вадзе. Але я раскажу пра суп традыцыйны.
Шматгадовая практыка паказвае, што ён атрымліваецца смачнейшым, калі ў ім ёсць розныя грыбы.
У дзень прыгатавання гарачай стравы (31 снежня) грыбы размарожваем, здзіраем з ножак верхні слой, мыем у праточнай вадзе. Затым дробна рэжам, абдаём кіпнем і апускаем у ваду, што ўжо кіпіць.
Пакуль грыбы варацца, падсмажваем на сметанковым масле здзёртыя на буйной тарцы невялікую моркву і каранёвую пятрушку, адну парэзаную цыбуліну сярэдніх памераў.
Асобна чысцім бульбу, рэжам кубікамі. Спецыяльна не пішу дакладных прапорцый – хто да чаго прывык.
Калі грыбы паварацца 30 хвілін, дадаём усё, пералічанае вышэй, а таксама соль па смаку і лаўровы ліст.
Варым яшчэ 30 хвілін. Даём настаяцца грыбному супу паўгадзіны пад шчыльна зачыненай накрыўкай.
Калі наліваеш яго ў талеркі, пах стаіць на ўсю кватэру! Ды што там кватэру! На ўвесь пад’езд! Смачна есці!
Ён сядзеў перада мной, відавочна саромеючыся. Гутарка не складвалася. І я не магла зразумець, што прымусіла 76-гадовага чалавека проста так, без папярэджання, прыехаць у рэдакцыю. Бо здавалася, што сказаць яму асабліва няма чаго. Дзяжурныя фразы, якія можна агучыць па тэлефоне ці напісаць у лісце.
– На самай справе я, калі шчыра, чакаў убачыць не вас, – нарэшце патлумачыў суразмоўца. – Вас клічуць гэтак жа, як адну дзяўчыну... Ёй было 15-16 гадоў, калі я яе ведаў. Цяпер, вядома, ёй за 70. Убачыў ваша імя ў газеце і падумаў: раптам... яна.
Аднаго пільнага позірку ў яго вочы хапіла, каб зразумець: ён кінуў усе свае справы і рызыкнуў. Не баючыся здацца смешным, разумеючы, як мала шанцаў, прыехаў у надзеі ўбачыць тую самую. Для ўсіх, хто лічыць, што цела, якое старэе, абараняе нас ад жаданняў і пачуццяў, ад кахання і надзеі, – не верце ў гэта. Доказ быў проста перада мной – у вачах гэтага сталага мужчыны.
Пра закінутасць, сум, страх смерці і ў той жа час пра каханне і надзею распавядае гледачам спектакль «Пансіён Belvedere». Рэжысёр – італьянец Матэа Сп'яці. Іграюць пастаноўку ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек ужо другі год, а цікавасць гледачоў да яе ўсё павялічваецца. Чаму? Мы не хочам думаць пра старасць (ні сваю, ні родных), хаця і разумеем, што яна непазбежна дагоніць нас. Нягледзячы на тое, што персанажы ў спектаклi не прамаўляюць ніводнага слова, у іх атрымліваецца настолькі пагрузіць гледача ў атмасферу, што ўцячы ад уласных перажыванняў становіцца амаль немагчыма. Нездарма на выхадзе з залы пасля заканчэння імпрэзы многія не маглі стрымаць слёз.
Дзеянне адбываецца ў пансіёне для сталых людзей. Па волі лёсу там апынуліся 6 старых, за якімі наглядаюць галоўны ўрач і медсястра. На тварах акцёраў – маскі, перадаць эмоцыі сваіх герояў яны могуць толькі пластыкай. Вось старыя з дзіцячым азартам цікавяцца, чым сёння іх пакормяць у сталовай, вось да нямоглай маці прыходзіць сын з адзінай мэтай – каб яна падпісала патрэбныя дакументы. Вось тэлефонны званок, які абвяшчае прыход самой смерці.
Самая вялікая інтрыга, пра якую гледачы спектакля даведаюцца толькі напрыканцы, – пад маскамі старых хаваюцца маладыя людзі (сярэдні ўзрост акцёраў каля 30 гадоў).
У чым пасыл спектакля? Як гэта – адчуваць сябе старым? Як змяняецца стаўленне да старасці, калі атрымліваецца адчуць сябе ў гэтым стане, яшчэ калі быў маладым?
Здымачная група інфармацыйнага партала Здаровыя людзі сустрэлася з акцёрамі спектакля і атрымала адказы на гэтыя пытанні з першых вуснаў.
Заканчваецца спектакль нечаканым хэпі-эндам, калі ўсе старыя знайшлі сваё каханне і стварылі пары. Ці магчыма такое ў рэальным жыцці, ці гэта прыгожая задумка?
Яшчэ больш пра спектакль, меркаванні і пераўвасабленні герояў, рэакцыю гледачоў глядзіце ў нашым відэа.
Вось прама кожнаму – у госці! Хто верыць у яго і не верыць. Дзецям і абавязкова-абавязкова – дарослым. Праз акно, дзверы ці комін. На санках з аленямі ці наварочанай тачцы. Хаця б раз у жыцці… Няхай адбудзецца такі навагодні цуд. І гэтая неспадзяванка сапраўды будзе помніцца доўга і саграваць душу. Нават калі цуд той – «рукатворны»...
І я зараз не пра заказ гэтага персанажа ў пары са Снягуркай для дзетак на дом у навагоднія святы. А сапраўды пра сюрпрыз ад кагосьці. У мяне ён здараўся ўжо. Што самае цікавае – і на працы, і дома. Таму чым бліжэй 31 снежня, тым часцей задумваешся пра тое, хто ж ён такі, гэты загадкавы Дзед Мароз. А можа, ён сапраўды існуе?..
Чамусьці дзіцячых успамінаў пра візіт самага патрэбнага ў Новы год казачнага персанажа мая памяць не захавала. Відаць, не прыходзіў ён тады дахаты да нас з братам. Затое падчас школьных ранішнікаў Дзед Мароз з’яўляўся заўсёды! Варта было толькі ўсім дружна яго паклікаць . Самае цікавае, што ў дашкольным узросце мне нават пашчасціла сыграць ролю яго своеасаблівага памочніка – юнага Новага года – у самым сапраўдным спектаклі!
Жылі мы тады ў вёсцы. Бацькі працавалі ў мясцовай школе. Спектакль ставіў мамін клас. Яшчэ і зараз памятаю, як мяне везлі на санках па школьным калідоры. Ды толькі штосьці намудрылі з дзвярыма ў залу. Санкі ўцягваюць туды за вяровачку, а дзверы пакрысе зачыняюцца прама перад маім носам!
Як адыграла, па шчырасці, не памятаю. Толькі адзін эпізод, калі ўпрысядку пайшлі з адной з галоўных гераіняў – Лодзяй. За акцёрскі дэбют тагачасны дырэктар школы ўручыў мне набор вялікіх навагодніх шароў! Яны яшчэ і зараз перад вачыма. А парачка з іх нават захавалася, праз дзесяцігоддзі, вытрымаўшы пераезды.
А ўпрыгажэнне ёлкі ў хаце?! У дзяцінстве – абавязкова жывой. А чаканне нечага таямнічага, што прыходзіць толькі ў навагоднюю ноч?! Нябачнага, нячутнага, але чароўнага і вельмі-вельмі добрага?! Але ўсё ж не магу сказаць, што гэта было чаканне менавіта Дзеда Мароза…
Пра яго з’яўленне ўпершыню раптоўна задумалася гадоў з 15 таму. Тады не так шырока былі распаўсюджаны паслугі Дзеда Мароза і Снягуркі «па выкліку», якімі зараз поўняцца газеты ды сеціва. «А вось чаму лічыцца, што Дзеда Мароза павінны чакаць толькі дзеці? – падумалася тады. – Мне, напрыклад, і зараз хочацца, каб ён прыйшоў».
Як кажуць, бойцеся сваіх жаданняў, бо яны спраўджваюцца! Мо, не зусім так, як нам уяўлялася, і ўсё ж... «Вось адчыняю дзверы, а на парозе – Дзед Мароз! – мроілася. – І ён зусім не пераблытаў кватэры, а прыйшоў да мяне…»
Тэлефонны званок перапыняе летуценныя думкі. Бяру трубку. «Прывітанне! А ты дома? Мы зараз забяжым на пяць хвілін!» – чуецца голас маёй сяброўкі, якая жыве нада мною, праз паверх. Званок у дзверы. Зараней усміхаючыся ад прыемнасці сустрэчы з Томай і яе мужам Алегам, адчыняю… І ад смеху проста саджуся на падлогу! Вы не паверыце, але на парозе – Дзед Мароз пры поўным парадзе! А з ім – Снягурка з дыядэмай. Мае сябры. Вось так проста і нечакана спраўдзілі запаветную мару дарослага жыцця.
Па праўдзе, да гэтага часу не ведаю, ці ёсць дзесьці штосьці нязведанае і таямнічае, якое можа, нягледзячы на ўсе законы фізікі, з’яўляцца ніадкуль. Але веру ў гэтае «нешта» і па сёння. А яшчэ дакладна ведаю, што цуды можна і трэба рабіць самім. Для сям’і, для сяброў, для знаёмых і нават незнаёмых. І хто ведае, можа, пасля аднекуль з’явіцца і тое самае, чароўнае, але абсалютна невытлумачальнае?! Чаго ў прынцыпе не можа быць у прыродзе?!
А мая гісторыя мела простае тлумачэнне. У той год муж сяброўкі на тагачасным месцы працы атрымаў ролю Дзеда Мароза. Для яе Алегу выдалі і адпаведны касцюм. Вось яго ён і вырашыў забраць дахаты. 31-га снежня ўвечары разам з Томай зайшоў у звыклай ужо ролі да мяне. Пасля накіраваўся віншаваць сваіх родных, якія жылі зусім непадалёк.
Але пакуль Дзед Мароз са Снягуркай прайшлі тыя некалькі дзясяткаў метраў, іх спынілі, мо, разоў 20! Хто павітацца хацеў, хто сфатаграфавацца. Прахожыя падыходзілі, вадзіцелі спыняліся і выскоквалі з машын. Дарослыя смяяліся, радаваліся і захапляліся, як дзеці!
А да вас прыходзіў Дзед Мароз?!
А ў нас традыцыя! Кожны год напрыканцы снежня мы... ходзім у кіно – глядзець «Ёлкі»! Дакладней, такую традыцыю некалькі гадоў таму завялі мой брат і яго старэйшая дачка. А я ўжо далучылася.
Фільм хто хваліць, а хто крытыкуе... Для кагосьці без яго ўжо і Новы год не свята... Як для аматараў «Іроніі лёсу» са стажам. Кожны мае права на сваё меркаванне. Але я проста няшмат ведаю такіх сучасных фільмаў, якія б краналі душу і выклікалі слёзы на вачах.
Сама я гэтую серыю фільмаў пачынала глядзець не з першага, а з трэцяга, здаецца. Гэта пасля прыахвоцілася ўжо. А паколькі апошнім часам добра так узяліся за пірацкія копіі і аўтарскае права... Дык у нармальным разрашэнні і з нармалёвым гукам «Ёлкі» напрыканцы снежня можна паглядзець толькі ў кінатэатры.
У мінулым годзе разам з намі яго глядзела яшчэ адна дзяўчына – 4 чалавекі ва ўсёй зале чэрвеньскага кінатэатра. Сёлета нас, гледачоў, было пяцёра. А шкада... І яшчэ цікава, што на ўсіх афішах напісана, што фільм у кінатэатрах сёлета з 27 снежня. А мы яго паглядзелі ўжо 23-га...
Вядома ж, не буду пераказваць сюжэт. Толькі калі дзесьці пра фрагменты напішу. У асноўным жа – пра ўласныя ўражанні. Дык вось «Ёлкі апошнія» – фільм вельмі добры. Фільм пра веру, надзею і любоў. Пра чалавечыя адносіны. Пра каханне і вернасць. Пра тое, што трэба ўмець дараваць.
У гэтыя перадсвяточныя дні нават самы вялікі скептык у глыбіні душы верыць у цуд. І цуды сапраўды здараюцца. І самі па сабе, і калі хтосьці стварае іх для іншага сапраўды сваімі рукамі... Галоўнае – верыць. У цуды, у іншых і ў сябе.
А яшчэ фільм – пра душэўнасць. Пра тое, што можна адмаўляцца ад многага, толькі каб камусьці стала цёпла, хораша і прыемна. А мы ў большасці сваёй у рэальным жыцці ўжо так навучыліся стрымліваць парывы сваёй душы... З-за таго, што могуць няправільна зразумець, не прыняць нашага дарунку... Нам могуць адмовіць, і гэтага так баімся! Хаця што можа здарыцца ад звычайнай адмовы? Ды нічога кепскага. Усе застануцца жывымі і здаровымі...
Калі чалавек чымсьці моцна пакрыўдзіў, нават калі здрадзіў, усё ж трэба даваць яму яшчэ адзін шанц. На выпраўленне. І ў «Ёлках апошніх» гэта таксама паказана вельмі яскрава. Любы чалавек не павінен заставацца адным і адзінокім... Асабліва ў навагоднюю ноч...
Прыйсці сваім сямействам да чужога сталага чалавека, якому ніяк не даруе ўласны сын, і прапанаваць яму: «Будзьце нашым дзедам! Давайце разам святкаваць! А калі не адчыніце, мы застанёмся пад дзвярыма...» Думаеце, такое бывае толькі ў фільмах??? А я веру, што і ў сапраўднасці. І так кранальна пастаўлена сцэна, што слёзы градам... І хочацца прамаўляць на ўвесь свет: «Не крыўдзіце сваіх састарэлых сваякоў!»
«Эх, мабыць, не засталося на свеце сапраўднага сяброўства, сапраўднага кахання!» – часцяком уздыхаем мы, не робячы нічога для таго, каб самім падтрымліваць гэтыя пачуцці... А сапраўдны сябар – гэта той, каго проста немагчыма адпусціць за тысячы кіламетраў... А сапраўднае каханне – зусім не да знакамітасцяў – яркіх, заваблівых, але ўжо чыіхсьці мужоў і жонак у рэале, а да таго, хто побач з намі...
Вось такія яны, гэтыя «Ёлкі»... Прымушаюць перажываць, смяяцца і плакаць, задумвацца над сваімі ўчынкамі. Яны робяць нас, гледачоў, хаця б трошачкі чысцейшымі душой. Сапраўдная магія кіно... Навагодняя...
One fine body…