Якой малочнай сумесі для свайго дзіцяці вы аддалі б перавагу: з пальмавым алеем ці без? Па ўсёй верагоднасці, без. Уключэнне «пальмы» ў склад прадукту аўтаматычна робіць яго ў вачах спажыўца (хочам мы таго ці не) менш прывабным і танным з пазіцыі ацэнкі якасці.
Між тым, адаптаваныя малочныя сумесі для дзяцей ранняга ўзросту – адзіны ў свеце прадукт, у якім заканадаўча дазволена поўная замена малочных тлушчаў расліннымі, да ліку якіх адносіцца і пальмавы алей.
Нагадаем: вучоныя ўсё яшчэ ў пошуках адназначнага адказу пра ўплыў пальмавага алею на здароўе чалавека. Яго выкарыстанне ў харчовай прамысловасці не забаронена ні ў адной краіне свету. А ўключэнне «пальмы» ў якасці заменніка малочных тлушчаў у дзіцячыя сумесі мае нават разумнае тлумачэнне.
Справа ў тым, што пальмавы алей і яго фракцыі напалову складаюцца з насычаных замяняльных тлустых кіслот, у прыватнасці, з пальміцынавай кіслаты. Гэта асноўная тлустая кіслата, якая сустракаецца ў прадуктах жывёльнага паходжання. Яна ж з'яўляецца галоўным кампанентам тлушчаў жаночага груднога малака. А калі так, дык выкарыстанне пальмавага алею пры вытворчасці адаптаваных дзіцячых сумесяў як крыніцы пальміцынавай кіслаты цалкам апраўдана.
Першыя сумесі, у якіх аналагам тлушчаў жаночага груднога малака выступіла «пальма», былі запатэнтаваныя яшчэ ў 1953 годзе ў ЗША. У Беларусі вытворчасць дзіцячага харчавання з выкарыстаннем трапічнага расліннага алею пачалася менш за 10 гадоў таму.
Але ёсць і іншы бок, правадніком якога выступаюць вучоныя з Навукова-практычнага цэнтра па харчаванні НАН Беларусі.
Па словах Алены Маргуновай, уся справа ў розным размяшчэнні тлустых кіслот у малекулах трыгліцэрыдаў у грудным малацэ і ў адаптаваных малочных сумесях.
Пры гідролізе пальміцынавая кіслата з жаночага малака лёгка ўсмоктваецца ў нязменным выглядзе. У замяняльніках жа яна вызваляецца, утвараючы з кальцыем нерастваральныя комплексы пальмітата кальцыю (нерастваральнае кальцыевае мыла), якія не адсарбіруюцца.
Гэта значыць, кальцый і тлустыя кіслоты не засвойваюцца або засвойваюцца ў меншай ступені. А гэта цягне за сабой адставанне мінералізацыі шкілета, што расце, зніжэнне спажывання тлушчаў, ушчыльненне стула і схільнасць да запораў, павелічэнне частаты колікаў і зрыгванняў у немаўлятаў.
Для таго каб палепшыць усмоктванне кальцыю і тлушчу з дзіцячых сумесяў з пальміцынавай кіслатой, у другой палове 20-га стагоддзя штучна пачалі ствараць так званыя структураваныя тлушчы, у якіх пальміцынавая кіслата размяшчаецца ў спрыяльным цэнтральным становішчы. Такі алей называецца бэта-пальмітатам. Ён выкарыстоўваецца цяпер у Еўропе пры вытворчасці шэрагу дзіцячых сумесяў. Пры выкормліванні груднічкоў такімі сумесямі пабочныя эфекты не зафіксаваныя. Трэба заўважыць, што адаптаванае дзіцячае харчаванне з бэта-пальмітатам каштуе на некалькі парадкаў даражэй за звычайныя малочныя сумесі.
Па выніках праведзеных даследаванняў пра ўплыў пальмавага алею на здароўе чалавека супрацоўнікі НПЦ па харчаванні НАН Беларусі пры падтрымцы Дзяржстандарту РБ ініцыявалі ўнясенне змяненняў у Тэхнічны рэгламент Мытнага саюза 021/2011 «Аб бяспецы харчовай прадукцыі».
У прыватнасці, прапаноўвалася забараніць выкарыстанне пальмавага алею пры вытворчасці дзіцячага харчавання, а таксама прадуктаў харчавання для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзростаў.
Ініцыятыву разгледзелі на пасяджэнні кансультатыўнага камітэта ЕЭК (Еўразійскай эканамічнай камісіі) і... не падтрымалі. Па-першае, для ўнясення кардынальных зменаў па выкарыстанні трапічнага алею і яго фракцый неабходна згода ўсіх 5 краін-удзельніц ЕўрАзЭс, дзе ў кожнай з іх свая думка на гэты конт. Па-другое, на сёння няма аб'ектыўных навуковых дадзеных, уключаючы медыцынскі складнік, якія б адназначна казалі не на карысць «пальмы».
Але галоўнае нават не гэта.
У нашай краіне існуе жорсткі кантроль за якасцю і бяспекай харчовых прадуктаў. У дачыненні да прадуктаў, прызначаных для дзяцей груднога ўзросту, дашкольнікаў і школьнікаў, ён яшчэ больш жорсткі. Рэцэптуры распрацоўваюцца з прыцягненнем вялікай колькасці спецыялістаў, уключаючы тэхнолагаў харчовай вытворчасці і неанатолагаў.
Любы інгрэдыент, які ўваходзіць, у прыватнасці, у склад заменнікаў груднога малака, праходзіць дбайную ачыстку і апрацоўку, яго канцэнтрацыя выразна выверана і абгрунтавана. Сам прадукт падвяргаецца шматступеннаму кантролю якасці і бяспекі на ўсіх этапах вытворчасці. Гэта прынцыповая пазіцыя ў дачыненні да прадуктаў, прызначаных для дзіцячага харчавання, у любой краіне свету. І ў Беларусі ў тым ліку.
Пальмавы алей (дакладней, нават не алей, а яго фракцыя – пальмавы алеін) не з'яўляецца асноўным кампанентам малочных сумесяў. Гэта ўсяго толькі крыніца пальміцынавай кіслаты, якая забяспечвае яе ўтрыманне, максімальна набліжанае да жаночага груднога малака.
Акрамя пальміцынавай, жаночае малако змяшчае больш за дзесяць тлустых кіслот. Таму сучасныя адаптаваныя малочныя сумесі ўключаюць кампазіцыю раслінных алеяў (сланечнікавага, кукурузнага, рапсавага, соевага, какосавага і г.д.), дзе ў кожнага свая роля. Але раздражненне, як ні дзіўна, выклікае толькі «пальма». І ў большай ступені таму, што ў навуковых колах праціўнікі і прыхільнікі пальмавага алею да гэтага часу не дамовіліся, на чыім баку коўдра.
Але адно добра зразумела ўжо даўно: для немаўляці лепшае харчаванне – матчына грудное малако.
З карысцю груднога выкормлівання не параўнаецца ніводная адаптаваная малочная сумесь, па-за залежнасці ад таго, ёсць у ёй пальмавы алей ці не.
Па медыцынскіх дадзеных, агалактыя (поўная адсутнасць выпрацоўкі груднога малака ў пасляродавым перыядзе) сустракаецца ў вельмі нязначнай колькасці жанчын і абумоўлена цяжкімі генетычнымі і/або гарманальнымі парушэннямі. Гэта значыць, пытанне штучнага выкормлівання ў пераважнай большасці новаспечаных матуль не павінна ўзнікаць у прынцыпе. Праўда ў тым, што для гэтага часам давядзецца прыкласці намаганні. Значна больш намаганняў, чым проста пайсці ў краму, купіць адаптаваную сумесь, а потым шукаць нагоду, каб лаяць вытворцу за недастатковы клопат пра здароўе іх малыша.
Ці любіце вы вязаць так, як люблю гэта рабіць я?! Даўно, разнастайна, з задавальненнем і шмат. У выніку мы ў сям’і маем сапраўды адмысловыя рэчы. А той, у чыіх руках ходка рухаюцца пруткі, аказваецца, яшчэ і... лечыцца!
Толькі прыйшоўшы на гэты партал, пачала задумвацца аб тэрапеўтычным эфекце самых простых рэчаў. І шмат даведвацца пра прадукты, спосабы вылячэння ад хвароб і не толькі. І што таматны сок з дабаўкамі можа дапамагчы пры грыпе, і што хварэць за любімую каманду карысна для здароўя... А цяпер вось – пра вязанне.
Калісьці гэтай даволі мудрагелістай справе мяне, яшчэ малую, навучыла бабуля Ксенія, вечная ёй памяць. Далей, як было прынята напрыканцы мінулага ўжо стагоддзя, я вывучала ўзоры і спосабы іх вывязвання па кнігах, якія тады сапраўды цаніліся. У выніку ўжо ў гадоў 17 магла звязаць рэчы, што не сорамна было апранаць людзям дарослым.
Мне заўсёды падабалася адчуванне мяккасці нітак у пальцах, сам працэс вязання. Калі былі – проста ніткі, а атрымліваецца – рэч! І ніколі не задумвалася, што такім чынам... нармалізуецца ціск! Вучоныя сцвярджаюць, што менавіта вязанне яго паніжае плюс ратуе ад галаўнога болю. Ну, хіба не цуд?! І справа любімая, і лечыць!
Даказана, што вязанне здымае нервовасць, стрэс і паляпшае сон. Ёсць меркаванне, што у тых, хто прафесійна займаецца гэтай, так бы мовіць, нітачнай творчасцю, радзей бывае інсульт, атэрасклероз, інфаркт міякарда.
Прачытаўшы пра гэта ў адной крыніцы, так зацікавілася, што пачала шукаць пацверджання ў іншых. І – чарговае вялікае здзіўленне! Аказваецца, грунтоўным вывучэннем тэрапеўтычнага эфекту вязання занялася псіхатэрапеўт з Вялікабрытаніі Бэтсан Коркхіл. Яна апытала (толькі ўявіце сабе!!!) 3500 аматарак вязання з 31-й краіны свету! І напісала кнігу «Вязанне для здароўя і дабрабыту».
Дык вось пра адну з яе цікавых высноў. Поза вязальшчыцы, калі рукі размешчаны спераду прыкладна ў сярэдзіне тулава, псіхалагічна працуе на ўмацаванне ўласных межаў і пашырае асабістую прастору. У працэсе вязання задзейнічаны абедзве рукі і, адпаведна, абодва паўшар’і галаўнога мозгу. І ўсё гэта добра ўздзейнічае на псіхіку.
А вы ведаеце, што вязанне – гэта практычна тая ж медытацыя?! Яно і расслабляе, і сапраўды супакойвае нервовую сістэму. А якое непадробнае задавальненне адчуваеш, калі робіш апошні сцяжок пры сшыванні частак і атрымліваеш гатовую эксклюзіўную рэч!
Неяк летась я «падсела» на вывязванне кухонных прыхватак і іх разнастайнае аздабленне. Справа няхітрая і хуткая. Дык вось пры атрыманні кожнай пары радасці сапраўды было мора! А вязанне шкарпэтак па-французску – на двух прутках?! Пакуль там на пяці справішся... Няёмка, пруткі могуць выслізгіваць. А так і зручна, і вельмі хутка...
Самае цікавае, што даследаванні, апрача іншага, паказалі: той, хто бярэ ў рукі пруткі часцей за тры разы на тыдзень, больш шчаслівы і спакойны!
Дык вось чаго нам, аказваецца, не хапае для шчасця! Мяккіх нітак для вязання, пары пруткоў... Ад сябе дадам: і гарэзлівага кацяняці, якое будзе з тымі клубкамі гуляцца! Ажно два пушыстыя цуды адразу! Недарэмна ж карцінкі і фотаздымкі з такім сюжэтам выклікаюць замілаванне пры адным толькі позірку.
Таму бяромся пакуль усё яшчэ доўгімі вечарамі за вязанне. І... Цудоўнага ўсім рэлаксу і выдатнага самаадчування!
Адназначнага адказу на пытанне, як пазбегнуць раку малочнай залозы, няма. Як і ўніверсальных парадаў. Разам з тым, упэўнены эксперт Слушна, не толькі рэгулярныя медыцынскія агляды, якія, што ўжо граху таіць, мы часта прапускаем, але і змены стылю жыцця і паводзінаў могуць значна знізіць рызыку развіцця захворвання.
Нашым экспертам у далікатным пытанні здароўя жаночых грудзей стаў Аляксандр Паддубны, загадчык мамалагічнага кабінета Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіравання справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, акушэр-гінеколаг вышэйшай катэгорыі
Як бы банальна ні гучала, але ўсе захворванні малочнай залозы, у тым ліку і дабраякасныя новаўтварэнні, варта трымаць пад кантролем і пры неабходнасці лячыць. Аляксандр Паддубны прыводзіць такі прыклад: макракісты малочнай залозы (2 і больш см) у жанчын ва ўзросце да 45 гадоў амаль у 6 разоў павялічваюць рызыку развіцця раку грудзей.
Адным з фактараў, які можа справакаваць развіццё раку малочнай залозы, з'яўляецца парушэнне гарманальнага фону жанчыны, у тым ліку захворванні шчытападобнай залозы, гармоны якой наўпрост і апасродкавана ўплываюць на малочную залозу.
Як патлумачыў мамолаг, запаленчыя працэсы палавых органаў у жанчын павялічваюць рызыку развіцця дысгарманальных захворванняў (мастапатыі, гіперплазіі эндаметрыю) і, як следства, – новаўтварэнняў (міёмы маткі, фібраадэномы, у тым ліку і рак малочнай залозы).
Негатыўную ролю ў развіцці раку малочнай залозы адыгрывае псіхаэмацыянальны стан жанчыны. З-за працяглых перажыванняў, асабліва негатыўных, пастаянных псіхалагічных перагрузак, стрэсаў паталагічныя працэсы ў малочных залозах абвастраюцца.
Пры хранічным стрэсе ў арганізме выпрацоўваецца гармон картызол, які літаральна аслабляе арганізм.
У групу рызыкі развіцця раку малочнай залозы ўваходзяць жанчыны, якія нарадзілі першае дзіця пасля 30 гадоў або зусім не нараджалі.
А вось працягласць кармлення грудзьмі на верагоднасць узнікнення хваробы практычна не ўплывае. Разам з тым, ёсць літаратурныя дадзеныя, паводле якіх пры наяўнасці мутацыі гена BRCA 2 (breast cancer) пры спадчынным раку працягласць груднога гадавання зніжае рызыку ўтварэння злаякаснай пухліны, падкрэсліў Аляксандр Паддубны.
Сярод прычын, якія могуць спрыяць утварэнню злаякасных новаўтварэнняў – гіпадынамія і лішняя вага, асабліва адклад тлушчавай тканкі ў вобласці жывата. Брушны тлушч небяспечны тым, што ў ім адбываецца ператварэнне тэстастэрону ў эстраген, які метабалізуецца ў печані ў розныя фракцыі гідраксіэстронаў. Пры парушэнні іх балансу значна павялічваецца рызыка развіцця злаякаснай пухліны ў малочнай залозе.
Злоўжыванне алкаголем згубна адбіваецца як на самой малочнай залозе, так і на функцыі печані, якая ўдзельнічае ў метабалізме эстрагенаў. Неабходна сачыць за харчаваннем і фізічнай актыўнасцю. Перш за ўсё, варта есці свежую гародніну і садавіну, Амега-3 поліненасычаныя тлустыя кіслоты. А вось высокакаларыйнай, тлустай ежы, а таксама прадуктаў з высокай ступенню перапрацоўкі, якія змяшчаюць транс-тлушчы (фаст-фуд), лепей пазбягаць.
Кедравая бочка, вядомая таксама як міні-сауна, фітабочка, фітасауна, адносіцца да працэдур, ад якіх не чакаеш нічога, акрамя карысці і выключнага задавальнення. Падсвядомасць сучаснага чалавека ненадакучліва асацыюе яе са спа-салонам і беласнежным махровым халатам. А ў ідэале павінна быць крыху інакш, хаця таксама не без белага халата.
На эфект цудоўнага пераўтварэння, які абяцаюць кліентам шматлікія касметычныя і спа-салоны, завабліваючы ў свае кедравыя бочкі, маюць права разлічваць толькі абсалютна здаровыя людзі. Побач жа з астатнімі падчас працэдуры добра было б знаходзіцца кваліфікаванай медсястры. Навошта гэта трэба і чаму лячэнне з задавальненнем можа быць, а вось задавальненне не заўсёды на карысць здароўю, журналісту «Слушна» распавяла рэабілітолаг аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска Людміла Беразовік.
Славяне здаўна вядомыя сваім асаблівым стаўленнем да гарачай пары. Адлюстраваннем усенароднай любові стала агромністая колькасць прыказак і прымавак: «Пара касцей не ломіць»; «Духмяная пара не толькі цела, але і душу лечыць»; «Лазня парыць, лазня правіць, лазня ўсё выправіць».
Першыя прататыпы сучаснай кедравай бочкі з'явіліся яшчэ ў V-VII стагоддзях. Сібірскія сяляне, не маючы сродкаў для будавання ўласнай лазні і абыходзячыся адной толькі сякерай, высякалі бочкі са ствала кедра. Выкарыстоўвалі іх не толькі для мыцця, але і для лячэння, бо шчыра верылі, што вада, жар і пара пазбаўляюць ад усіх хвароб.
Сучасны выгляд і функцыянал кедравая бочка набыла ў 1970 годзе. Яна па-ранейшаму вырабляецца з драўніны кедра, а значыць, у ёй захаваліся ўласцівасці ачышчаць, лячыць і аздараўляць.
Эфект, які аказвае кедравая бочка на здароўе чалавека, правераны стагоддзямі і даказаны традыцыйнай медыцынай. Менавіта таму аздараўленне парай хаця і зведала істотныя змены, але не страціла папулярнасці. Найбольш шырока вядомыя наступныя ўласцівасці фітабочкі.
Падчас працэдуры задзейнічаны ўсе сістэмы арганізма. Для сэрца, напрыклад, гэта свайго роду трэніроўка, паколькі пад уздзеяннем тэмпературы можа пачашчацца сардэчны рытм. І ў пэўным сэнсе 15 хвілін у кедравай бочцы служаць альтэрнатывай кароткай прабежцы па стадыёне.
Яшчэ больш эфектыўныя наведванні кедравай бочкі, калі спалучаць сеансы з ручным або пнеўмакампрэсійным масажам.
Існуе два віды апаратаў кедравай бочкі: гарызантальны (лежачы) і вертыкальны (седзячы). Апошні найбольш распаўсюджаны. Чалавек знаходзіцца ўнутры бочкі, звонку застаецца толькі галава. Вільготная пара ўздзейнічае на ўсё цела ніжэй за шыю. Тэмпература пары павінна быць не ніжэй 40⁰С і не вышэй за 45⁰С. Працягласць сеансу складае каля 15-20 хвілін. Курс, як правіла, уключае 5-7 працэдур.
Дапушчальна праводзіць сеансы кедравай бочкі не часцей 2 разоў на тыдзень з-за павышанай нагрузкі на арганізм. Па гэтай жа прычыне лепш вычакаць 2 гадзіны пасля прыёму ежы, перш чым парыцца ў фітабочцы. Але і нашча садзіцца ў яе таксама не варта. Пры лячэнні і аздараўленні, падкрэслівае Людміла Беразовік, таксама важна не перастарацца: больш частае і працяглае па часе знаходжанне ў кедравай бочцы не азначае большую карысць для арганізма. Наадварот, ён сістэматычна будзе падвяргацца павышаным нагрузкам.
Нягледзячы на папулярнасць працэдуры, паказаная яна далёка не ўсім. Напрыклад, кедравая бочка прынясе больш шкоды, чым карысці ў наступных выпадках:
Устрымацца ад аздараўленчых фітапаравых працэдур у кедравай бочцы пажадана таксама людзям, якія баяцца замкнёнай прасторы, не любяць ці дрэнна пераносяць сауну.
Безумоўна, кедравая бочка – карысная і прыемная працэдура. Яна не цягне за сабой ніякіх балючых або дыскамфортных адчуванняў, як, напрыклад, душ Шарко. І ў адрозненне ад магнітатэрапіі не так відавочна паказвае на актыўнае лячэнне. Тым не менш, ставіцца да яе трэба з розумам. Аптымальна, калі бяспеку працэдуры ў кожным канкрэтным выпадку пацвердзіць рэабілітолаг і дапаможа вызначыць схему, працягласць і тэмпературны рэжым сеансаў парання.
Ну добра-добра, прызнаюся: наконт дзятла – жарт. Проста анекдот прыгадала. А вось наконт соў ці жаўрукоў – пытанне цалкам сур’ёзнае. Бо да чаго дайшоў прагрэс! Ужо пахудзенне і падтрыманне вагі залежыць, аказваецца, апрача ўсяго іншага, да якой з дзвюх птушак вы сябе адносіце.
Ужо як толькі мы, жанчыны, не замарочваемся пытаннем лішняй вагі, праўда?! Ды і мужчын сваіх часцяком стараемся трымаць у форме. Калі толькі гэта не сталыя аматары піва ды канапы... А ўсё чаму?! Бо хочацца быць не толькі стройнымі, але і здаровымі. І выглядаць маладзей за свой пашпартны ўзрост. І каб нас кахалі, гаварылі кампліменты, дарылі кветкі не толькі з нагоды свята... І – так! Насілі на руках!
А паколькі не кожны мужчына здольны ўзняць кілаграмчыкаў так сто плюс-мінус... Вось і пыхцім самі, стараемся палегчыць ім жыццё... То дыеты, то спартзала, абанемент у басейн, разгрузачныя дні... Але – ніяк... Не носяць на руках – і ўсё тут. І што ж ты будзеш рабіць?!
Спакойна, без панікі, кажуць даследчыкі. Можа, вы не толькі не тое ясце, а яшчэ і не тады?! А ну-ка, праверце сябе! Калі ведаеце, што чысты жаўрук ці сава, лягчэй. Калі не вызначыліся, у якую стаю ўліцца...
«Жаўрукі» – яны сапраўды такія лё-ё-ё-ё-ёгенькія... У тым ліку і на пад’ём. Рана прачынаюцца, без праблем устаюць. Актыўныя гадзін да пяці вечара. А тады – усё. Ніякіх сіл больш няма на справы.
Дык вось ім па адмысловай методыцы раяць добра так есці падчас сняданку і абеду. І 70% каларыйнасці павінна прыйсціся на першую палову дня. Але калі вы думаеце, што вам прапануецца з’есці палову барана ці свінні, дык памыляецеся! З карыснага на сняданак – кашы альбо яйкі, амлет. На абед – нятлустае мяса, морапрадукты, бабовыя, грыбы, рыба. Ну як, падыходзіць?!
А вось вячэра павінна быць такой жа лёгкай, як самі птушкі жаўрукі! Гародніна-садавіна, ёгурт, тварог... І ўсё! А, перакусваць яшчэ ўдзень можна. Ягады, садавіна.... Чакайце-чакайце... А дзе тут пірожнае ці торцік?! Не-а, няма... Давядзецца абысціся. Калі для формы трэба...
Адправіўшы жаўрукоў у палёт, пераходзім да соў. Калі вы – чыстая, нават чыстапародная, так бы мовіць, сава, значыць, позна кладзяцеся і позна падымаецеся... На сняданак у вас – кава, і часцяком нават без бутэрброда. А на вячэру ледзь не цэлы абед з трох страў. І пасля 18.00 – ні-ні! Вы пра гэта цвёрда памятаеце... Толькі... Хто там рыпіць дзвярыма халадзільніка таемна ўночы?!
Аўтар адмысловай методыкі сцвярджае, што ранкам вы амаль усё робіце правільна. Сняданак павінен быць лёгкім. Хаця і не як вячэра ў жаўрукоў. Сырнікі, запяканка... Штосьці такога кшталту. А асноўная ежа, грунтоўная – пасля 2-3 гадзін дня. Каларыйнасці перабіраць не варта, але нятлустае мяса, бабовыя, рыба, гародніна без крухмалу (бульба – міма, як вы разумееце!) – можна нават увечары.
Вось далібог, не ведаю, ці працуе гэта на самай справе... Але пачала аналізаваць свой рацыён і зразумела, што я – той самы... дзяцел, згаданы ў пачатку! І што мне тэрмінова трэба вызначацца ўсё ж наконт стаі... У якую ўліцца... А вы – хто?!
Салігарчанка шчыра распавяла сваю гісторыю позняй цяжарнасці і родаў, падзялілася меркаваннем, наколькі за 20 гадоў цывілізацыя палегчыла жыццё мамам малышоў, а таксама параіла жанчынам меней слухаць навакольных.
Алена Пратасеня жыве ў Салігорску, хутка ёй 51 год. Яна працуе медыцынскай сястрой-анестэзістам у ангіяграфічным кабінеце Салігорскай цэнтральнай раённай бальніцы. У Алены двое сыноў. Розніца ва ўзросце ў хлапчукоў – 20 гадоў. Старэйшаму, Раману, на пачатку лета будзе 26, а малодшаму, Ягору, нядаўна споўнілася 6.
– Як атрымалася, што нарадзіла ў такім узросце? – пачынае свой аповед Алена. – Справа ў тым, што другі раз я выйшла замуж у 40 гадоў. Мой мужчына быў нашмат маладзейшы за мяне, і гэта быў яго першы шлюб. Я адразу папярэдзіла Мікалая, што, хутчэй за ўсё, сумесных дзяцей у нас не атрымаецца, усё ж у мяне ўжо салідны ўзрост. Таму мы і не планавалі цяжарнасць. Сама ж я вельмі люблю дзяцей і заўсёды іх любіла, у маім паслужным спісе ёсць і праца ў радзільні. Там давялося працаваць якраз з нованароджанымі. Ды і калі прызнацца шчыра, у мяне было жаданне яшчэ нарадзіць дзіцятка, бо мы былі закаханымі і шчаслівымі.
Першыя некалькі гадоў шлюбу цяжарнасць сапраўды не надыходзіла. Але потым адбылося сёе-тое незвычайнае. Спачатку на дах дома Колевых бацькоў прыляцелі ўвесну два буслы. Потым я з мужам і яго родны брат з жонкай, у якіх таксама не было дзяцей, з'ездзілі ў Жыровіцкі манастыр. Неўзабаве пасля паездкі я зразумела, што цяжарная.
Бацькам мужа мы паведамілі гэтую навіну, папрасіўшы пакуль не гаварыць сям'і брата. А бацькі засмяяліся і распавялі, што сям'я брата таксама чакае дзіця! І што і яны прасілі не засмучаць нас і пакуль не паведамляць. Дзеці нарадзіліся з розніцай у адзін дзень. Калі я нарадзіла Ягора, мне было амаль 45.
Не страшна было нараджаць у такім узросце?
Зараз столькі бясплодных пар, многія жанчыны доўгія гады не могуць зацяжарыць, не дапамагаюць ні лячэнне, ні дарагое ЭКА, таму для мяне цяжарнасць стала радаснай падзеяй. Усе 9 месяцаў я насіла ў сабе цуд. Вось нават цяпер кажу пра гэта – і мне светла. Усю цяжарнасць я ззяла. Памятаю, захварэла на бранхіт, не магла заснуць ад кашлю, і муж купіў мне крэсла-качалку. Засынаючы там, я ўяўляла, як качаюся ў ёй з дзіцем…
Толькі перад родамі трохі павышаўся ціск і мучылі ацёкі. Але гэта і ў маладых жанчын бывае. А вось у першую цяжарнасць у мяне быў выматвальны таксікоз. Ды і роды другія мне спадабаліся больш. Рамана я нараджала сама: доўга, цяжка. Ягора таксама прапаноўвалі нарадзіць самой, але я пераканала ўрача, што хаця прамых супрацьпаказанняў няма, ускосных шмат: буйны плод, узрост, гестоз у апошнім трыместры. Было прынята рашэнне рабіць кесарава сячэнне. Я перажыла яго таксама лёгка. У 11 раніцы нарадзіла, а ўвечары ўжо сама схадзіла ў душ. Потым перавялася ў платную палату, там наогул быў суцэльны камфорт.
За час цяжарнасці і ў перыяд родаў ніхто з навакольных не пакрыўдзіў, выказаўшыся, што позна ўжо нараджаць у такім узросце?
Хутчэй я сама спачатку пачувалася крыху няёмка. Калі прыйшла станавіцца на ўлік у жаночую кансультацыю, як быццам апраўдвалася перад гінеколагам. Хаця з боку медработнікаў усё было вельмі карэктна. Яны спыталіся, ці хачу я цяжарнасць захаваць. Адказала, што буду нараджаць. Не ведаю, што яны думалі пра мяне, але з выгляду стаўленне дактароў на працягу цяжарнасці было талерантным.
Калі побач са мной у чарзе ў кабінет сядзелі маладыя прыгожыя мамы, я якраз няёмкасці не адчувала, зусім не думала пра свой узрост. Здавалася сабе такой жа юнай. Як ні дзіўна, мяне не падтрымала толькі радня. Маіх бацькоў ужо даўно няма, а ўсе сваякі ўгаворвалі: «Толькі не нараджай!» Добра, што я іх не паслухалася.
Калі глядзець аб'ектыўна, дык мой Ягор звычайны хлопчык, але калі я трымала яго на руках і глядзела, мне здавалася, што прыгажэйшага за яго няма на ўсім белым свеце!
З дзецьмі мне наогул пашанцавала, абодва сыны вельмі спакойныя. Думаю, дзеці, народжаныя ў каханні, радзей хварэюць і даюць маме высыпацца. Каханне і прысутнасць маці – гэта як панцыр, які ад усяго малыша абараняе.
Думаю, самі мамы не раз заўважалі: пакінеш малютку, з'едзеш на дзень-два па справах – і вяртаешся ўжо да хворага дзіцяці. Што тычыцца педыятраў, дык ніхто з іх таксама не акцэнтаваў увагу на маім узросце. Любы доктар зацікаўлены, каб бацькі прыслухоўваліся да яго меркавання, паводзілі сябе прыстойна і клапаціліся пра здароўе дзіцяці. Ёсць такія маладыя складаныя жанчыны, якія на пустым месцы могуць зладзіць скандал, таму справа не ва ўзросце, а ў характары.
Наогул, калі табе больш за 45 гадоў, быць мамай маленькага дзіцяці вельмі здорава. Ты стараешся адпавядаць гэтаму званню, і табе аўтаматычна даюць меншы ўзрост. Усё ж нездарма саракапяцігадовых жанчын параўноўваюць з ягадкамі. Гэта такі цудоўны час, калі тэарэтычна ты можаш быць і бабуляй, і мамай адначасова.
Догляд маленькіх дзяцей за 20 гадоў змяніўся?
О, цывілізацыя дапамагае жанчыне перажыць гэты перыяд лёгка, асабліва не напружваючыся. Я б дала прэмію таму чалавеку, які вынайшаў памперс. З Раманам, прыгадваю, даводзілася пастаянна мыць уручную і прасаваць пялюшкі. Памятаю, кіпяціла іх у выварцы, стругала туды гаспадарчае мыла, потым паласкала бялізну ў тазіках. Цяпер з гэтым спраўляецца пральная машына, ды і пялюшак гэтулькі не трэба.
А калі нарадзіўся Раман, якраз быў час дэфіцыту. Я сама шыла яму паўзункі. Зараз велізарны выбар, былі б сродкі. А хто з жанчын 20 гадоў таму не рабіў малышам кропавай вадзічкі? Цяпер усё вырашае бяскрыўдная таблетка, дабаўленая ў малачко або сумесь.
Памятаю, яшчэ медработнікамі мне было рэкамендавана карміць старэйшага сына па гадзінах, а калі ён плакаў, браць на рукі не раілі. Павінен быў прывучацца ляжаць у ложку або сядзець у манежы адзін. Ягор ж атрымаўся залашчаным і «ручным», бо зараз я ведаю, што на руках насіць сваё дзіця давядзецца зусім нядоўга. Гэта значыць, мацярынства ў сталым узросце больш асэнсаванае, таксама ўжо сталае. Больш сабе дазваляеш, адыходзіш ад правілаў.
А як хлапчукі, ладзяць паміж сабой?
Я б не сказала, бо ў іх такая вялікая розніца ва ўзросце. Старэйшы ўжо дарослы самадастатковы чалавек, але калі патрэбна дапамога, ён не адмовіць. Дапамагаў матэрыяльна, калі Ягору аднойчы спатрэбіліся лекі. Адводзіць у музычную школу. Заўсёды забярэ брата з дзіцячага садка, калі я працую ў ноч. Дурэюць разам. Ёсць і рытуал: калі малодшы рыхтуецца спаць, ён заходзіць у пакой брата, і яны жадаюць адзін аднаму «дабранач». Спадзяюся, даверныя і добрыя адносіны з'явяцца ў хлопцаў, калі Ягор падрасце. Абодвух сыноў я люблю аднолькава.
Можа, ёсць парада для жанчын за 40, якія і хацелі б нарадзіць, але азіраюцца на ўзрост?
У такой справе не можа быць ніякіх парадаў. Кожная сям'я, нават лепей сказаць, кожная жанчына сама робіць выбар. У кожнай пэўная жыццёвая сітуацыя, стан здароўя. Магчыма, ёсць медыцынскія супрацьпаказанні для цяжарнасці ці родаў. Усіх можна зразумець і прыняць любыя рашэнні. Мой шлюб распаўся, але я не шкадую, што нарадзіла сына. І магу адно сказаць дакладна: узрост сапраўды нараджэнню дзіцяці не перашкода. Нікога не слухайце, слухайце сябе і сваё сэрца!
Фота з архіва Алены Пратасені.
Калі менструальная чаша для большасці беларускіх жанчын усё яшчэ застаецца якімсьці новым і экзатычным прадуктам, дык да тампонаў мы ставімся з меншай насцярожанасцю. Хаця іх выкарыстанне таксама авеянае разнастайнымі міфамі.
Ці праўда, што ў тампонах знаходзяць шкодныя для здароўя рэчывы? Ці можна выкарыстоўваць іх як сродак штодзённай гігіены паміж менструацыямі? Чаму ўзнікае сіндром таксічнага шоку?
Працягваем гутарку пра сродкі менструальнай гігіены са Святланай Жукоўскай, асістэнтам кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта.
Калі па нейкай прычыне нітачка, за якую трэба выцягваць тампон, адарвецца, дык ён сапраўды можа застацца ў похве. Але прасунуцца кудысьці далей не можа.
Важны нюанс: калі вылучэнні ў жанчыны не вельмі багатыя і тэхнічна яна можа выкарыстоўваць 1 тампон на цэлы дзень, усё роўна рабіць так нельга! Гэта негігіенічна і цягне за сабой запаленчыя змены і інфекцыйныя ўскладненні.
Гаворка ідзе пра рэчывы, якія адбельваюць, дыяксіны, небяспечныя фарбавальнікі, алергены...
Сіндрому таксічнага шоку (СТШ) баяцца ўсе жанчыны, якія выкарыстоўваюць тампоны. Гэта сур'ёзная бактэрыяльная інфекцыя, якая можа скончыцца нават смяротным зыходам. І хаця СТШ можа ўзнікнуць не толькі па прычыне выкарыстання тампонаў і здараецца нават у мужчын, усё ж у 50% выпадкаў гаворка ідзе пра жанчын у перыяд менструацыі. На шчасце, сустракаецца гэтае грознае ўскладненне вельмі рэдка. Па дадзеных амерыканскага рэгістра, частата ўзнікнення СТШ у жанчын з менструацыяй – 1 выпадак на 100 тысяч.
Самым традыцыйным сродкам абароны падчас менструацый застаюцца пракладкі. Аднак і яны паступова мадыфікуюцца. З'явіліся пракладкі з укладкамі, якія мяняюцца, а таксама адмысловая менструальная бялізна. Размову пра менструальныя прадукты працягнем у наступным матэрыяле.
У процівагу тым, хто ляжыць на канапе і нічога не хоча рабіць, ёсць мужчыны, якім вельмі важна мець хобі. Менавіта тут яны бачаць аддушыну ад назапашаных праблем і стомленасці, атрымліваюць задавальненне і адчуваюць паўнату жыцця.
Навукоўцы ва ўсім свеце прыходзяць да высновы, што захопленыя людзі менш пакутуюць ад сардэчна-сасудзiстых захворванняў, неўрозаў, гарманальных расстройстваў.
Да таго ж, гэта нагода не сядзець дома, знаёміцца з вялікай колькасцю цікавых людзей. А ў выпадку такіх практычна цалкам мужчынскіх заняткаў як паляванне і рыбалка, быць часткай таго самага важнага для мужчыны мужчынскага кола.
Асабліва шмат станоўчых эмоцый прыносіць хобі, калі сям'я падтрымлівае яго, ухваляе. Бо часта бывае так, што права на занятак сваёй справай мужчыну літаральна трэба адваёўваць. Часам жанчына імкнецца заняць усю прастору сваімі планамі і раўніва ставіцца да таго, што мужу трэба і свая асабістая прастора.
Герою нашага сённяшняга відэа, дырэктару ЭнерджиМоторс-Груп Аляксею Белацаркаўцу, пашанцавала. Яго захапленне паляваннем сям'я ўспрымае з разуменнем і запалам. А ў доме нават ёсць адмысловы пакой, дзе Аляксей можа захоўваць свае паляўнічыя трафеі і займацца другой улюбёнай справай – маляваннем.
Відэа - Генадзь Сукач.
https://bel.24health.by/5-prichin-pochemu-muzhchina-lezhit-na-divane-i-nichego-ne-xochet/
У наш час рэдкі мужчына не задумваецца пра тое, ці не адгадаваць яму бараду ці хаця б брутальнае шчацінне. Вобраз барадатага мача, апранутага так, як быццам узяў раніцай з шафы першую рэч, якая трапілася пад руку, усё яшчэ ў модзе.
Галоўная «фішка» ламберсэксуалаў (ад англ. Lumberjack – лесаруб, дрывасек) – падкрэсленая мужнасць. Аднак паказная нядбайнасць – падманка. Каб барада глядзелася сапраўды стыльна і сэксуальна, за ёй патрэбны дбайны догляд. Не кажучы ўжо пра тое, што да вобраза ламберсэксуала часцяком прыкладаецца падоўжаная стыльная стрыжка і татуіроўкі.
Прафесійныя стылісты сцвярджаюць: барада можа схаваць недахопы твару і надаць мужчыну больш прывабны выгляд.
Дастаткова прыгадаць такіх вядомых акцёраў, як Джэйсан Мамаа («Аквамэн» з яго удзелам зараз штурмуе сусветны кінапракат), Х'ю Джэкман, Раян Гослінг, з больш блізкіх да нас да гэтага вобраза можна прыпісаць Данілу Казлоўскага, спевакоў Джыгана, Цімаці, з беларусаў на розум прыходзяць тэлевядучы Яўген Перлін, спявак Герман Цітоў (кожны можа працягнуць гэты спіс па сваім меркаванні, напэўна, у вашым офісе ёсць пара-тройка барадатых калег).
Раян Гослінг
Надзея Камінская займаецца мужчынскімі стрыжкамі і галеннем ужо 11 гадоў. Сёння дзяўчына – тэхнолаг Prostar.by, цырульнік-мадэльер, майстар 6 разраду, пераможца чэмпіянату Беларусі Ружа Вятроў 2007 года.
– Лічу, што галенне – досыць інтымны працэс. Ты ўмешваешся ў інтымную зону кліента, дакранаешся да яго. Таму трэба стварыць атмасферу спакою, цішыні, поўнага рэлаксу, каб чалавек мог расслабіцца і адпачыць. Важна ўсё: якая музыка грае на заднім плане, які пах у кабінеце, чым пахнуць ручнікі. Важна, каб майстар і кліент супадалі энергетычна, інакш галенне не можа быць удалым. Калі ўсё сыходзіцца, мужчыны вылятаюць пасля працэдуры, як на крылах. За гэтыя паўгадзіны яны дазваляюць сабе запаволіцца, нікуды не спяшацца, удзяліць час сабе, а бывае, нават і паспаць.
Калі папярэднія пункты вас не напалохалі, тады рыхтуйцеся запісваць. Такім чынам, што ж дапаможа вашай барадзе выглядаць ідэальна?
– Барада як губка. Яна чапляе на сябе часцінкі пылінак, бруду, рэшткі ежы, пахі. Твар трэба мыць раніцай і перад сном. Схема дзеянняў такая: спачатку памыць твар пенкай або гелем для мыцця (нейтральнымі, без утрымання спірту), потым вымыць бараду спецыяльным шампунем, для доўгай барады абавязкова выкарыстоўваць і кандыцыянер, каб распрастаць валасінкі, затым увільготніць скуру адмысловым маслам і расчасаць бараду.
Калі вам больш за 25 гадоў і барада ў вас так і не расце, дык час задумацца пра іншы імідж: брутальным барадачом вам ужо не стаць. А вось у 20-гадовых хлопцаў ёсць яшчэ ўсе шанцы на густую бараду пры выкананні некалькіх простых рэкамендацый.
Стыльная барада многае кажа пра яе ўладальніка. Мужчына, здольны рэгулярна і метадычна выконваць усе працэдуры для падтрымання расліннасці на твары ў дагледжаным стане, здольны на дасягненне любых доўгатэрміновых мэтаў.
Фота. Відэа – Генадзь Сукач.
Замест звыклых пракладак і тампонаў жанчыны ва ўсім свеце нярэдка аддаюць перавагу новаму моднаму сродку гігіены – менструальнай чашы (капе). Пазіцыянуецца яна як ідэальны сродак для менструальнай гігіены, які пазбаўлены недахопаў і можа замяніць сабой усе астатнія. Маўляў, і экалогія не пакутуе, і кашалёк. А зручнасць карыстання пры гэтым зашкальвае.
Ці не хлусяць маркетолагі і ці сапраўды менструальная чаша – must have сучаснай жанчыны? Ці ўсім падыходзіць такі прадукт? Журналіст Слушна звярнулася па экспертнае меркаванне да Святланы Жукоўскай, асістэнта кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта.
Кажучы простай мовай, менструальная чаша – ёмістасць, кантэйнер з медыцынскага сілікону, латэксу або тэрмапластычнага эластамеру (ТПЭ). Падчас менструацыі ён уводзіцца ў похву для збору менструальных выдзяленняў. У адрозненне ад тампонаў і пракладак, не ўсмоктвае кроў, а збірае яе.
Любы матэрыял, нават сінтэтычны, разбураецца. Цяжка ацаніць, ці не стане ён з заканчэннем тэрміну прыдатнасці выдзяляць шкодныя для арганізма рэчывы.
— Паколькі часта мяняць чашу не трэба, дык узрастае верагоднасць інфекцыі. Чым даўжэй кроў захоўваецца ў похве, тым вышэй рызыка.
— Калі жанчына знаходзіцца дома, тады праблем няма. Але калі яна на працы ці занятая справамі ў горадзе? Чашу трэба дастаць, выліць змесціва, добра прамыць каўпачок, а затым зноў увесці ў похву. Цяжка ўявіць, як гэта можна зрабіць у гарадскіх умовах.
Па водгуках тых, хто карыстаецца менструальнымі чашамі пастаянна, гэтыя праблемы вырашаюцца так: перад зменай чашы трэба абавязкова добра памыць рукі з мылам. З сабой падчас менструацыі насіць бутэльку з пітной вадой. Прамываюць чашу ў такім разе, зачыніўшыся ў кабінцы грамадскай прыбіральні. Ці можна зрабіць гэта якасна ў падобных умовах? Пытанне.
— Некаторыя пацыенткі скардзяцца на адчуванне іншароднага цела падчас выкарыстання менструальнай чашы. Расцяжэнне сценак похвы можа быць дастаткова балючым.
— Менструальную чашу трэба ўвесці так, каб шыйка маткі трапіла непасрэдна ў рэзервуар. Калі ёсць нейкія анатамічныя асаблівасці, напрыклад, рэзкае адхіленне шыйкі маткі назад, гэта тэхнічна цяжка зрабіць.
У 2015 годзе ў канадскім часопісе «Інфекцыйных захворванняў і медыцынскай мікрабіялогіі» былі апублікаваныя матэрыялы, у якіх апісваліся пацверджаныя выпадкі сіндрому таксічнага шоку (СТШ), які развіўся ў выніку выкарыстання менструальнай чашы. Пасля гэтага пачалі праводзіцца лабараторныя эксперыментальныя даследаванні. Вынікі былі нечаканымі.
Менструальныя чашы, часцей за ўсё, бываюць маленькага (S) і вялікага (L) памераў.
— З нагоды прымянення менструальнай чашы нявінніцы я б задумалася. У інтэрнэце шмат інфармацыі пра тое, што гэта можна рабіць, але мой асабісты пункт гледжання – пры ўвядзенні менструальнай чашы вышэйшая рызыка траўмавання цнатлівай плявы ў дзяўчат, якія не жывуць палавым жыццём. Таксама звычайна больш выяўлены дыскамфорт, звязаны з расцяжэннем сценак похвы, адчуванне іншароднага цела.
Рэкамендацыі па доглядзе чашаў разнастайныя. Пасля кожнага прымянення трэба прамыць і прастэрылізаваць чашу (для гэтага могуць падысці, напрыклад, растворы хларгексідыну або мірамістыну). Пасля заканчэння менструацыі чашу варта захоўваць у спецыяльным індывідуальным мяшочку. Пры выяўленні змены колеру або дэфармацыі вырабу выкарыстоўваць яго не рэкамендуецца.
Меркаванне пра тое, што менструальная чаша – ідэальны метад менструальнай гігіены, пры ўважлівым разглядзе аказваецца проста міфам.
Амерыканскі часопіс «Journal of Women's Health» у 2011 годзе параўнаў уражанні жанчын ад выкарыстання менструальнай чашы замест звыклых для іх менструальных прадуктаў і атрымаў наступныя вынікі:
На самай справе ідэальнага менструальнага прадукту не існуе, пытанне толькі ў індывідуальным падборы. Нямала міфаў ёсць і пра традыцыйныя тампоны ды пракладкі. Пра іх мы раскажам у наступных матэрыялах.
«Не віншуйце мяне 23-га лютага, бо я не служыў у войску!», «Дзяўчаты, не забудзьцеся павіншаваць аднакласнікаў, яны ж – будучыя абаронцы Айчыны!», «Што гэта за свята такое?! Я яго не адзначаю!» Абсалютна палярныя меркаванні, праўда?! І часцяком не адгадаеш: пакрыўдзіш ты свайго добрага знаёмцу віншаваннем альбо яго адсутнасцю?!
Таму прапаную вам, шаноўныя сябры, падтрымаць меркаванне, што 23-га мы святкуем проста Дзень Мужчын! З ім жа і віншуем… Як кажуць жартам: як павіншуеш 23-га лютага, тое ж атрымаеш у адказ на 8 Сакавіка! Хаця ў кожным жарце, як кажуць, ёсць доля праўды…
Ужо колькі гадоў запар напярэдадні гэтага свята не аціхаюць анекдоты ды розныя крылатыя сучасныя выслоўі наконт шкарпэтак, пены для галення, іншых прадметаў гігіены... Маўляў, не дарыце зусім, надакучыла, не арыгінальна, не радуе… Хаця як толькі ні стараюцца вытворцы дагадзіць нашым мужным, каханым, любімым! І ў кансервавыя бляшанкі тыя шкарпэткі схаваюць, і ў выглядзе танчыкаў звернуць... Ды яшчэ ім у пару такую неабходную для джэнтльменаў рэч пакладуць… Гм… А не пракатвае ўсё роўна!
І часцяком забываецца старое і добрае. Што дарагі не падарунак, а ўвага. І капрызяць, капрызяць нашы мужчыны… Але няхай сабе! Адзін раз на год дазволім ім, так?! Але толькі адзін!!! У астатнія ж дні будзем капрызіць самі!
Жарты жартамі, а калі сур’ёзна… Пазнаёміўшыся з сухімі лічбамі статыстыкі, прыгадаўшы пра сярэднюю працягласць жыцця паловы слабай і паловы моцнай, мімаволі задумваешся… Трэба, ой трэба нам берагчы мужчын! Ад якіх патрабуем зазвычай і тое, і другое, і трэцяе, і дзясятае, і сотае… А паказваць сваю слабасць, гняўлівыя пачуцці, выпускаць пару – ні-ні! Яны ж – МУЖЧЫНЫ! Моцны пол!
А часцяком жа трэба проста выслухаць іх – пажадана моўчкі. І падтрымаць. І сказаць, што яны – самыя-самыя… Прычым не толькі адзін раз на год – 23-га лютага… Давайце будзем больш добрымі і ўважлівымі адзін да аднаго! Незалежна ад полу. Каб зменшыць тую статыстыку, што ўражвае. І каб як мага меней было сумнага ў навінах аб аварыях, пажарах ды іншых няшчасцях, дзе віной усяму – чалавечы фактар…
Давайце будзем берагчы адзін аднаго! Прычым не на словах, а на справах! Хіба гэта так ужо невыканальна?! Усё ж лепей стрымацца, не распачаць разборкі… Каб пасля, не дай Бог, не дзяжурыць дзень і ноч пад дзвярыма рэанімацыі, дакараючы сябе…
Асабіста я ведаю шмат дастойных мужчын самых розных прафесій. Вельмі многія станавіліся героямі маіх публікацый. Кагосьці з іх, хто сапраўды ўразіў да глыбіні душы, памятаю і зараз. І сярод іх нямала ўрачоў. Вось каму – асаблівыя словы падзякі! За мужнасць, прафесіяналізм, неабыякавасць, разуменне… І асабліва – за душэўнасць. І таксама не толькі раз на год, у прафесійнае свята…
А напярэдадні свята заўтрашняга – самыя шчырыя віншаванні ўсім нашым дарагім, любімым і каханым Мужчынам! Пабольш вам нагод для радасці, сонечных дзён у жыцці, верных і любячых жанчын побач!
Сярод усіх відаў злаякасных новаўтварэнняў рак малочнай залозы ў жанчын дыягнастуецца найбольш часта. Згодна з прагнозам вучоных і ўрачоў, колькасць захварэлых ва ўсім свеце будзе з кожным годам павялічвацца. Якую ролю адыгрываюць эстрагены ў развіцці раку малочнай залозы? Чаму тым, у каго сярод сваякоў былі выпадкі раку грудзей, трэба здаць аналізы на наяўнасць мутацыі гена BRCA1/2? Якія прычыны развіцця захворвання?
Пра першыя сімптомы і фактары рызыкі развіцця раку малочнай залозы «Слушна» распавяла загадчыца лабараторыі рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі і онкамамалогіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава, урач вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, д.м.н. Яўгенія Шапавал.
Самы значны фактар рызыкі развіцця захворвання. Верагоднасць хваробы ва ўзросце да 39 гадоў складае 0,5% (рак малочнай залозы можа развіцца ў адной з 231 жанчыны). Ва ўзросце ад 40 да 59 гадоў гэты паказчык павялічваецца да 4% (у адной з 25), пасля 60 гадоў рызыка развіцця злаякаснай пухліны складае каля 7% (у адной з 15).
Яшчэ адзін фактар, які можа прывесці да развіцця захворвання. Даць збой гарманальны фон жаночага арганізма можа ў выніку захворванняў эндакрыннай і рэпрадуктыўнай сістэм, паталогіі печані.
Чым даўжэй арганізм жанчыны падвяргаецца ўздзеянню эстрагенаў, тым вышэй рызыка раку малочнай залозы, паколькі эстраген стымулюе дзяленне клетак, што павялічвае верагоднасць іх мутацыі. Менавіта таму ў групу рызыкі ўваходзяць жанчыны, у якіх быў ранні пачатак менструацый (да 12 гадоў) і/або позняя менапаўза (пасля 55 гадоў).
«Гармонаадчувальны (гармоназалежны) рак малочнай залозы – варыянт злаякаснай пухліны грудзей, калі не менш за 10% ракавых клетак маюць на сваёй паверхні рэцэптары да жаночых гармонаў (эстрагенаў). Такім клеткам для падтрымання жыццядзейнасці і росту патрабуюцца эстрагены. Фактычна рост пухліны, якая змяшчае клеткі з рэцэптарамі да жаночых гармонаў, падпарадкоўваецца агульным цыклічным зменам у арганізме. Звычайна гэты від раку прагрэсуе павольней, дае метастазы радзей. Гэтая асаблівасць легла ў аснову стварэння гарманальнай тэрапіі раку малочнай залозы, пры якой ліквідуецца ўплыў эстрагену на адчувальныя ракавыя клеткі малочнай залозы». 24health.by
Акрамя гэтага, фактарамі, якія могуць спрыяць развіццю раку малочнай залозы, з'яўляюцца:
Калі ў межах адной сям'і сярод блізкіх сваякоў (першая лінія сваяцтва – мама, сястра, дачка) былі зафіксаваныя адразу некалькі эпізодаў з'яўлення хваробы, гаворка ідзе пра спадчынную схільнасць. Разам з тым існуе два варыянты развіцця падзей:
1) наяўнасць мутацыі генаў BRCA1 і BRCA2 (BRCA – breast cancer);
2) так званы сямейны рак. У гэтым выпадку мутацыі гена няма, але некалькі пакаленняў жанчын могуць пакутаваць ад раку малочнай залозы або раку яечнікаў.
Прафілактычная падскурная мастэктомія прадугледжвае поўнае выдаленне малочнай залозы з захаваннем саскова-арэалярнага комплексу. Пры гэтым выконваецца аднамомантавая рэканструкцыя грудзей з выкарыстаннем уласных тканак у спалучэнні або без імплантатаў.
Стрэс можа паскорыць працэс развіцця ўжо наяўнага захворвання або спрыяць вяртанню пухліннага працэсу.
У літаратуры прыводзяцца дадзеныя аднаго даследавання, куды былі ўключаны жанчыны, якія прайшлі лячэнне з нагоды раку малочнай залозы. Адной групе пацыентак выконвалася аднамомантавая рэканструкцыя грудзей, другой – выдаленне малочнай залозы без рэканструкцыі. Аказалася, што паказчыкі выжывальнасці былі лепшыя ў тых, каму выконвалася рэканструктыўная аперацыя. Гэтыя жанчыны не адчувалі дэпрэсіі і дыскамфорту, звязанага з адсутнасцю малочнай залозы. Яны адчувалі сябе паўнавартаснымі, здольнымі вярнуцца да звычайнага жыцця.
Насцярожанасць павінны выклікаць наступныя сімптомы:
З мэтай ранняга выяўлення раку малочнай залозы жанчынам з маладога ўзросту варта праводзіць самаабследаванне і раз на год праходзіць УГД малочных залоз. Пасля 50 гадоў, а ў некаторых выпадках і раней – рабіць мамаграфію (рэкамендуецца раз у 2 гады). Калі ж сямейны анамнэз абцяжараны некалькімі выпадкамі раку малочнай залозы або раку яечнікаў, мэтазгодна здаць аналіз на вызначэнне мутацыі генаў BRCA1 і BRCA2.
https://bel.24health.by/sovety-mammologa-dlya-zdorovya-zhenskoj-grudi/
One fine body…