Ведаю-ведаю, што працяг у гэтага выслоўя зусім іншы! Сама не раз карысталася ім у дзяцінстве. Але ж з гадамі мяняецца ўспрыманне многага. Зараз у трэндзе менавіта гэтае. А паколькі заўтра ў нас з вамі 1 красавіка – Дзень смеху (іншую назву таксама ўжываць тут не буду)... Дык самы час прыгадаць пра карысць смеху для здароўя і... пасмяяцца ўволю!
Але напачатку – крыху пра 1 красавіка розных гадоў. Цікава, а як часта вас разыгрываюць у гэты дзень? Ад традыцыйнага «У цябе ўся спіна белая!» да «Ідзі хутчэй, цябе начальнік выклікае!»?! Асабіста ў мяне гэта здараецца ўсё радзей і радзей. Хаця сама люблю жарты. Толькі бяскрыўдныя, а не злосныя.
Эх, якія раней мы рабілі тэматычныя выпускі раённай газеты, калі я там яшчэ працавала! Прыдумвалі ўсякія небыліцы (завадатарам звычайна быў мой брат-журналіст). Ад будаўніцтва італьянцамі макароннай фабрыкі на Чэрвеньшчыне да вырошчвання кітайцамі рысу на заліўных лугах ля нашай вёскі Іванічы!
Маўляў, замежнікі набіраюць работнікаў. І пазначалі рэдакцыйны нумар тэлефона. І былі ж званкі, былі! Весялілася ўся рэдакцыя! Ну як у такое можна было паверыць 15-20 гадоў таму?!
Да гэтага часу прыгадваю і ўласны жарт у газеце. Сярод аб’яў далі гэтую: «Прадаецца карова, крыху б/к (былая ў карыстанні)». І што вы думаеце?! Таксама знайшліся ахвотныя набыць такую жывёліну!
Што ж датычыцца карысці ад смеху для здароўя, дык у народзе здаўна існуе меркаванне: 15 секунд «ха-ха-ха» ўслых працягваюць жыццё на 5 хвілін. Праўда, даследаванняў, якія гэта пацвярджаюць, асабіста я штосьці не сустракала. Але вучоныя цвёрда ўпэўнены, што смех карысны пры многіх захворваннях.
Бывае, для хворых і не толькі спецыяльна арганізуюць вясёлыя хвілінкі! Так, у Японіі, напрыклад, праводзяць сеансы смехатэрапіі ў туберкулёзных бальніцах. Смех дапамагае ў лячэнні астмы і бранхітаў. Ён палягчае дыханне пры запаленчых працэсах. Бо падчас смеху паветра вырываецца з лёгкіх з хуткасцю... 100 км/г!
Таксама паляпшаецца вентыляцыя лёгкіх, а ў сасудах назапашваецца вуглякіслы газ, які паніжае артэрыяльны ціск. І нават узровень цукру ў крыві пры смеху падымаецца павольней і ў дыябетыкаў, і ў здаровых людзей.
Калі вашы супрацоўнікі, асабліва занятыя творчай дзейнасцю, часта і гучна смяюцца ў кабінеце, не спяшайцеся рабіць ім заўвагу! Бо яны не толькі тым самым працягваюць сабе жыццё, але і прыносяць карысць фірме ці прадпрыемству, арганізацыі. Бо, аказваецца, смех павышае творчыя здольнасці і ўменне рашаць самыя разнастайныя задачы!
Вучоныя ўпэўненыя, што да трохмесячнага ўзросту дзеці ўвогуле не ўмеюць смяяцца. Хаця многія мамы яшчэ на першых днях жыцця немаўляці захапляюцца: «Ой, ён мне ўсміхаецца!» Затое дзіця ва ўзросце 6 гадоў смяецца практычна да 300 разоў на дзень! А дарослыя, у сярэднім, усміхаюцца і смяюцца ўсяго 15 разоў у суткі. Хаця, вядома ж, і тут усё вельмі індывідуальна...
Калі вы – афіцыянт і, нягледзячы на цяжкасці прафесіі, умееце шчыра ўсміхацца наведвальнікам на працягу ўсёй змены, дык, па сцвярджэнні даследчыкаў, і чаявых будзеце атрымліваць у паўтара разы больш за сваіх хмурных калег!
Ды і проста прыемна глядзець на прыветных усмешлівых людзей, а таксама звяртацца да іх па дапамогу. Паводле даследаванняў, самыя ўсмешлівыя мужчыны і жанчыны жывуць у Бразіліі і на Кубе, а самыя хмурныя – у краінах Скандынавіі.
Так што калі нагод для радасці вакол нас усё ж малавата, адна ўжо знайшлася: Дзень смеху заўтра! Усім – прыемных (!!!), сапраўды смешных, а не злых розыгрышаў. Усміхайцеся, спадары і спадарыні, усміхайцеся!
Алкагалізм нярэдка хаваецца пад маскай добрапрыстойнасці і нават паспяховасці. Бізнесмен, урач, настаўнік, палітык... Знешне мужчына можа быць прыстойным і паважаным у грамадстве. А ўвечары ў сям'і мець зусім іншы твар: блытанае мармытанне, шкляны позірк...
Расшчапленне вобраза таты надкладае свой цяжкі адбітак на жыццё яго дзяцей. Паважаць і слухацца таго, хто ўдзень разважае разумна і лічыцца разумнейшым чалавекам, а ўвечары бачыць зусім іншую карціну. З улікам таго, што ў той ці іншай ступені праблемы з алкаголем ёсць у родзічаў амаль у любой беларускай сям'і, маштаб шкоднаснага ўплыву крытычны.
Пятніца – нагода выпіць. Як, уласна кажучы, і любое хаця б колькі-небудзь прыкметнае свята. На жаль, наша культура дапускае пастаянныя алкагольныя ўзліванні. Беларусы неаднаразова прызнаваліся адной з самых пітушчых нацый. Часцей за ўсё да ўплыву «зялёнага змея» схільныя мужчыны. А з улікам таго, што роля бацькоў у беларускіх сем'ях нярэдка і так сумна малая, карціна атрымліваецца вельмі трывожнай...
Небяспека інтэлігентнага алкагалізму ў тым, што яго бывае складана апазнаць. Усё схавана пад маскай прыстойнасці і дабрабыту. Між тым, наступствы для псіхікі дзяцей могуць быць не менш разбуральнымі.
Важную тэму пракаментавалі пастаянныя эксперты рубрыкі «Пра што маўчаць мужчыны».
Інтэлігентны алкагалізм і з'яўляецца для дзіцяці своеасаблівым падвойным пасланнем, якое ўплывае на яго рысы характару ў далейшым.
Такі чалавек не давярае сваім пачуццям. Бо знешне ў яго жыцці ўсё было прыстойна. А пра тое, што адбывалася за зачыненымі дзвярыма, прынята было не гаварыць.
Любыя вышыні, якіх дамаглося такое выраслае дзіця, будуць здавацца яму незаслужанымі, нават калі ён прыклаў для іх рэалізацыі ўсе намаганні. Стаў дырэктарам фірмы – дык гэта проста пашанцавала... Затое любую крытыку гатовыя прыняць на свой рахунак безумоўна.
Як правіла, такія людзі ў далейшым альбо так моцна баяцца абпячыся, быць кінутымі, што цураюцца блізкіх адносінаў. Альбо занадта прыдзірлівыя да выбраннікаў у пошуках неіснуючага ідэалу.
У дарослых дзяцей алкаголікаў высокі шанц пайсці па слядах бацькі ці маці альбо абраць сабе ў партнёры залежнага чалавека. Не абавязкова ад алкаголю. Ад камп'ютарных гульняў, ежы, працы, кахання і г.д. У такіх адносінах знаходзіцца больш звыкла, хаця яны і прыносяць шмат болю.
Нават у дарослым узросце такім выраслым дзецям немагчыма абапірацца на сябе.
«Інтэлігентны» алкагалізм толькі знешне мае маску прыстойнасці. Двайныя пасланні і расшчапленне вобраза бацькі прыводзяць да таго, што дзеці, якія выраслі ў такой сям'і, не ўмеюць абапірацца на сябе, не вераць у свае сілы, схільныя да залежнасцяў і не здольныя будаваць здаровыя адносіны. Ці не ў гэтым адна з прычынаў таго, што амаль палова шлюбаў у нашай краіне заканчваецца разводамі?
Відэа – Генадзь Сукач
Часта з'яўляюцца сінякі на нагах. Парайце, што рабіць? Часта пацею без нагрузак. Бывае галавакружэнне. Што гэта можа быць? Ці варта перажываць і што рабіць, калі крыху знізіўся ўзровень лейкацытаў і ўзровень гемаглабіну ў агульным аналізе крыві?
На пытанні працягваюць адказваць: Людміла Смірнова, заг.кафедры клінічнай гематалогіі і трансфузіялогіі БелМАПА, доктар медыцынскіх навук, і Наталля Клімковіч, заг.кафедры дзіцячай анкалогіі і гематалогіі БелМАПА, доктар медыцынскіх навук.
Тата хварэе на гемафілію А лёгкай ступені. У мяне пасля выдалення зуба доўга не спынялася кроў. Здавала аналізы: фактар 8, вынік 25% (норма 0 ад 50). Ці трэба пры аперацыях уводзіць прэпараты для прыпынення крыві? Цікавіць таксама пытанне цяжарнасці і родаў з такім значэннем фактару.
Людміла Смірнова:
Вы з'яўляецеся кандуктарам гемафіліі А. Таму фактар VIII у вас паніжаны. Пры аперацыях вам варта ўводзіць прэпараты VIII фактару, і вы павінны паставіць урачоў у вядомасць пра вашу спадчыннасць. З пытаннем пра цяжарнасць і роды лепей звярнуцца ў Рэспубліканскі гемафілічны цэнтр да прафесара Уладзіміра Арнольдавіча Змачынскага на кафедру клінічнай гематалогіі і трансфузіялогіі БелМАПА (Мінск, Сямашкі, 8) ці да мяне.
Мне 41 год. Дваццаць гадоў моя вага трымалася на адным узроўні (49 кг), але літаральна тры месяцы таму я пачала набіраць вагу. Цяпер – 53 кг. У харчаванні сябе абмяжоўваю, але вагу не губляю, наадварот, з кожным тыднем дадаю. З чым гэта можа быць звязана?
Людміла Смірнова:
Вам варта звярнуцца да эндакрынолага. Павышэнне вагі звычайна не звязана з гематалагічнымі захворваннямі.
У майго родзіча, 69 гадоў, на працягу 10 апошніх гадоў з перыядычнасцю раз у месяц рэзка падымаецца тэмпература. Адбываецца гэта на працягу 1-2 сутак і праходзіць. Даследаванні дакладнага адказу не даюць. Ці не можа гэта быць звязана з захворваннем крыві, якое патрабуе больш глыбокага абследавання?
Людміла Смірнова:
Рэкамендую зрабіць агульны аналіз крыві, С-рэактыўны бялок, біяхімічнае даследаванне крыві, паказаць аналізы ўчастковаму тэрапеўту. Калі ў паказчыках будуць адхіленні, неабходна звярнуцца да гематолога. Таксама варта зрабіць УГД органаў брушнай поласці.
Узнікаюць плямы на нагах. Усе аналізы ў норме. Дапамагла толькі гарманальная мазь, але плямы вярнуліся. Такое толькі на правай назе. Пачалося недзе ў 2015-2016 годзе, да гэтага ўсё было нармальна. Што мне рабіць?
Людміла Смірнова:
Пры паўторным з'яўленні плямаў на нагах варта звярнуцца да рэўматолага.
Мне 34 гады, высокі гемаглабін: 148-152. Бралі кроў з вены, яна цёмна-чырвоная, вельмі густая, з іголкі ўпала згусткамі. Хацела стаць донарам, але ў мяне адмоўны кэл-фактар. Ці не страшна гэта? Часта пацею без нагрузак. Бывае галавакружэнне. Што гэта можа быць?
Людміла Смірнова:
Норма гемаглабіну для жанчыны вашага ўзросту – 120-160 г/л. Гэта значыць, узровень гемаглабіну ў вас у норме. Галавакружэнне не звязана з гематалагічнай прычынай. Калі ў вас няма захворванняў, якія могуць быць адводам да донарства, вы можаце стаць донарам. Пачніце з бязвыплатнага донарства.
Пра якое захворванне кажуць такія прыкметы: на венцы на грудзях надзьмуліся 3 маленькія шарыкі па 4-6 мм. Праз некаторы час пасля масажу яны зніклі. Потым на пальцы на венцы надзьмуўся шарык памерам 1 см, да раніцы прайшоў. Часта з'яўляюцца сінякі на нагах. Парайце, што рабіць?
Людміла Смірнова:
Зрабіце агульны аналіз крыві, каагулаграму. Калі з'явяцца названыя шарыкі, звярніцеся да сасудзістага хірурга і гематолага.
Ці варта перажываць і што рабіць, калі крыху знізіўся ўзровень лейкацытаў і ўзровень гемаглабіну ў агульным аналізе крыві? Змены адбыліся на працягу паўгода, раней усё было ў норме. Урачы кажуць: па аналізах падобна, што я перахварэла на грып альбо перанесла нейкую інфекцыю. Але такога не было. Адзінае, што адбылося, гэта рэзка вырас узровень гармону ТТГ, з 0,686 да 4,46 пры дыягназе аўтаімунны тырэяідыт. Ці ўзаемазвязана гэта?
Людміла Смірнова:
Зніжэнне ўзроўню лейкацытаў і гемаглабіну можа быць звязана з аўтаімунным тырэяідытам. Працягвайце назіранне ў эндакрынолага.
Мне 53 гады, 3 гады таму пастаўлены дыягназ ХЛЛ 1-2 стадыя. Назіраюся ў абласной клінічнай бальніцы, спецлячэнне не паказана. Чаму не прызначаецца ніякае лячэнне ў пачатку захворвання?
Людміла Смірнова:
Згодна з міжнароднай практыкай, лячэнне ХЛЛ у стадыі А не паказана, паколькі яно можа нават паскорыць развіццё захворвання. Дзейнічае прынцып – «чакай і назірай». Пры ХЛЛ каля 10% хворых наогул ніколі не атрымліваюць хіміятэрапію. Вам патрабуецца дынамічнае назіранне: 1 раз у 2-3 месяцы здаваць агульны аналіз крыві, раз у год рабіць УГД органаў брушной поласці. Пры неабходнасці гематолаг абласной клінічнай бальніцы можа накіраваць вас на кансультацыю на кафедру клінічнай гематалогіі і трансфузіялогіі БелМАПА.
Дачцэ 25 гадоў. Са школьнага ўзросту вельмі моцна пацее, заўсёды мокрыя рукі і ногі, прама цякуць, асабліва ўлетку. Перыядычна павялічваецца тэмпература цела да 37,5 С. Павышаецца пралакцін. Што рабіць?
Людміла Смірнова:
Улічваючы павышэнне пралакціну, ёй трэба звярнуцца да эндакрынолага і, магчыма, да неўролага.
У мяне асноўны дыягназ: монакланальная гамапатыя з сакрэцый lgA. Суправаджальны: анемічны сіндром. Сіндром гіпервязкасці. Урач рэкамендуе рабіць пункцыю касцянога мозгу раз у 3 месяцы. Як часта неабходна гэта рабіць, каб кантраляваць захворванне і не нашкодзіць арганізму?
Людміла Смірнова:
Вам неабходны дынамічны кантроль гематолага. Пункцыю варта рабіць 1 раз у 3-6 месяцаў. Гэта дыягнастычнае даследаванне не шкоднае. Таксама трэба 1 раз у 3 месяцы рабіць біяхімічнае даследаванне з пратэінаграмай і 1 раз у 3-6 месяцаў абавязкова даследаваць узроўні імунаглабуліну G, A, M.
Маёй дачцэ 16 гадоў, гемаглабін быў заўсёды ў норме. У 2018-ым яна трапіла з атручваннем у бальніцу. Калі здалі аналізы, гемаглабін быў 82. Зрабілі разгорнуты аналіз на ферытын і жалеза. Вынікі: ферытын – 0,6, жалеза – 6,45. Пілі таблеткі тардыферон. Гемаглабін 140, ферытын апошні раз – 10,1, жалеза – 7,6. У меню ўключаю прадукты, што ўтрымліваюць жалеза. Гематолаг зараз прызначыла таблеткі сарбіфер і зноў наведаць гастраэнтэролага для больш поўнага абследавання, здаць аналізы пасля прыёму лекаў. Ці правільна прызначана лячэнне?
Наталля Клімковіч:
У вашай дачкі была жэлезадэфіцытная анемія. Прыём прэпаратаў жалеза прывёў да нармалізацыі гемаглабіну. Аднак запасы жалеза ў арганізме яшчэ застаюцца малымі. Такая сітуацыя называецца «латэнтны дэфіцыт жалеза» і патрабуе працягу прыёму прэпаратаў жалеза з разліку 100 мг у суткі на працягу 2 месяцаў. Пры вялікіх месячных у дзіцяці рэкамендаваныя штомесячныя падтрымліваючыя курсы прэпаратамі жалеза з разліку 50-80 мг у суткі 1 раз у дзень на працягу 7 дзён.
У лютым 2018 года дзеля цікавасці зрабілі дзіцяці 2011 г.н. біяхімію і выявілі павышанае ўтрыманне паказчыка ACT. Пасля гэтага здавалі на глісты – нічога не паказала. Піў хафітол – выніку няма, здавалі імунаграму – усё добра. На пачатку сакавіка 2019 года здалі кроў – зноў ACT 73, як і быў. Дзіця дрэнна есць і павольна набірае вагу. Цяпер рост 128 см, вага 24 кг. Хвалююць цёмныя кругі пад вачыма. Урачы сказалі: яны ва ўсіх дзяцей, хто дрэнна есць. Што трэба здаць і ці ўсё ў нас у парадку?
Наталля Клімковіч:
Павышэнне ферменту АСТ можа паказваць на інфекцыйныя або метабалічныя захворванні печані. Таму вам трэба звярнуцца па кансультацыю да гастраэнтэролага і інфекцыяніста. Высокая актыўнасць АСТ таксама можа быць прыкметай парушэнняў у мышачнай тканцы. Таму паказаны УГД сэрца і кансультацыя кардыёлага. Змены гэтага паказчыка наўрад ці звязаныя з захворваннямі крыві.
Дзіцяці 9 гадоў. У яго пастаянна павышаны эазінафілы (9-10%). Алергіі няма. Здавалі кроў на антыцелы да паразітаў. Усё адмоўна. Што можа служыць прычынай? Ці гэта такая асаблівасць арганізма?
Наталля Клімковіч:
Пры павышэнні колькасці эазінафілаў варта зрабіць аналіз крыві на ўзровень імунаглабуліну Е. Пры яго павышэнні – звярнуцца да алерголага. Таксама паказаны аналіз кала на гельмінты (метад аблогі). Пры выключэнні алергічных і паразітарных захворванняў паказаная кансультацыя рэўматолага.
Сыну паставілі дыягназ – сіндром Жыльбера. Ён часта хварэе, тэмпература 37,1 трымаецца круглы год. Дзе мы можам атрымаць кансультацыю па гэтаму захворванню? Педыятр не ведае, генетыкі толькі выдалі бланк з пацвярджэннем.
Наталля Клімковіч:
Ваш сын павінен назірацца ў гастраэнтэролага.
У мяне імунная тромбацытапенія, абвастрэнне было ў сувязі з цяжарнасцю і родамі ў 2017г. Калі нарадзіла, казалі, што, магчыма, будзе схільнасць да тромбацытапеніі ў сына. У сына ў дадзены момант па аналізах трамбацыты ў норме.На што ў яго здароўі (1,3 года) звяртаць увагу, якія аналізы кантраляваць? Ці ёсць якія-небудзь асаблівасці ва ўмацаванні яго імунітэту, звязаныя са спадчыннасцю?
Наталля Клімковіч:
Імунная тромбацытапенія з'яўляецца набытым захворваннем і не перадаецца ў спадчыну. У вашага сына была верагоднасць зніжэння колькасці трамбацытаў максімум у першыя 6 месяцаў жыцця з-за цыркуляцыі вашых антыцелаў супраць трамбацытаў. Зараз пагрозы зніжэння трамбацытаў у дзіцяці з-за вашага захворвання няма. Хлопчык павінен назірацца педыятрам па плане здаровага дзіцяці, куды ўваходзіць і штогадовы кантроль агульнага аналізу крыві.
Дзіцяці 10 гадоў, у студзені-лютым перахварэлі на ВРВІ з тэмпературай да 39,5 градусаў. Падчас хваробы і пасля ўзровень лейкацытаў быў 1.5. Пасля праз тыдзень – 2.4, праз паўтара – 3.1, цяпер – 3.5. Астатнія паказчыкі ў норме, лімфавузлы не павялічаныя, скаргаў няма, гемаглабін – 135. Падкажыце, калі ласка, якія нашы далейшыя дзеянні? Ці неабходна яшчэ дадатковае абследаванне?
Наталля Клімковіч:
Хутчэй за ўсё, дзіця перанесла вірусную інфекцыю. Зніжэнне колькасці лейкацытаў характэрна для інфекцыі, выкліканай вірусамі, і, як правіла, бывае транзістарным. Колькасць лейкацытаў самастойна аднаўляецца пасля выздараўлення. Тэрмін аднаўлення залежыць ад віду і ступені цяжару інфекцыі. Аднак для ацэнкі клінічнай сітуацыі толькі агульнай колькасці лейкацытаў у крыві недастаткова. Важны аналіз лейкацытарнай формулы. У любым выпадку не рэкамендуецца самастойна інтэрпрэтаваць вынікі аналізу. Гэта можа рабіць толькі ўрач. Пры неабходнасці ваш педыятр прызначыць дадатковае абследаванне, напрыклад, аналіз крыві на антыцелы да вірусаў герпес-групы або кансультацыю вузкага спецыяліста (інфекцыяніста, гематолага).
Майму дзіцяці 3 гады, на працягу 2,6 года ў яго трымаецца t 37,2-37,4. Па начах – павышанае потавыдзяленне. Два гады запар восенню ў адзін і той жа час прачынаецца і пачынае кульгаць ад сцягна. Выключылі мноства інфекцый і артрыты.... Аналізы заўсёды добрыя. Што гэта можа быць?
Наталля Клімковіч:
Прычын такога нязначнага пад'ёму тэмпературы можа быць шмат. Калі вы паказваеце на нармальныя аналізы крыві, анемію з гэтага спісу можна выключыць. Рэкамендавана абследаваць ваша дзіця на гельмінты, узровень у крыві вітаміну D, іянізаванага кальцыю, гармонаў шчытападобнай залозы і наднырачнікаў. Паказана кансультацыя оталарынголага для кантролю стану паднябенных міндалінаў і адэноідаў.
Фота – Аксана Жураўлёва.
Асабіста для мяне шалёнае «ветрадзьмуханне» ў Беларусі пачалося дзесьці ў 90-х гадах мінулага стагоддзя. Так чамусьці запомнілася. І не ведаю нават... Ці то проста падаецца, ці то праўда, што з кожным годам сітуацыя ўсё пагаршаецца. І аранжавы ўзровень, аб’яўлены менавіта з-за моцнага парывістага ветру, на жаль, ужо хутчэй правіла, чым выключэнне з яго.
...Тады, на пачатку 90-х, мы з сяброўкай-каляжанкай адпачывалі ў Нясвіжы. І менавіта там сталі сведкамі шалёнай буры, падчас якой вецер ламаў і валіў таўшчэзныя дрэвы ў парку і горадзе на раз-два! А дзесьці нават кідаў іх на машыны. І гэта сапраўды было дзівам, бо дагэтуль толькі чулі пра ўраганы дзесьці за межамі Беларусі.
А зараз такія парывы – не толькі небяспека прылёту чаго-небудзь на галаву (барані, Божа!), але і абвастрэнне хвароб. Прайшоў без галаўнога ўбору пад вецер... Адзін раз, другі, трэці... Добра, калі ўсё добра. А калі атыт?!
Памятаю, як займела яго ўжо ў дарослым узросце. Вельмі непрыемнае адчуванне, калі працоўным застаецца толькі адно вуха...З таго часу, выбіраючы паміж здароўем і прыгажосцю, спыняюся на першым. І няхай нават непрыгожа глядзіцца тая шапка, але я яе буду насіць. І няхай сабе пацерпіць прычоска пад капюшонам. Затое з вушамі будзе ўсё ў парадку.
Што ўжо тут казаць пра прагулкі пад моцным ветрам, калі ён яшчэ і ледзяны, у кароткай куртачцы ці спаднічцы. Не, не і яшчэ раз – не! Няхай даруе мне капрызлівая спадарыня Мода, але здароўе – даражэй... І лепей сапраўды гэта зразумець да хваробы, чым шкадаваць, яе займеўшы... Праверана!
Таму і дзівяць прыхільнікі не менш дзіўнай моды ў лёгкім абутку з голымі шчыкалаткамі над ім ў моцны мароз і вецер... Альбо ў джынсах з вялікімі дзіркамі, з-пад якіх у згаданае ж надвор’е праглядаюць абсалютна сінія альбо барвовыя калені ды іншыя часткі ног...
І не кажыце мне, што гэтыя людзі проста загартаваныя і абсалютна здаровыя! Ніколі не паверу! Гледзячы на іх, адразу ж прыгадваецца жарт: «Пакаленне, якое хадзіла ўзімку без шапак, выхавала пакаленне, якое ўзімку ж ходзіць без шкарпэтак».
Але вяртаючыся да нашых шалёных вятроў... Таксама асаблівасць апошніх пары-тройкі гадоў – невытлумачальнае закладванне носу пасля таго, як пабыла на вуліцы пад моцным ветрам. Прычым такая ж з’ява назіраецца не толькі ў мяне, але і ў блізкіх. І тады без кропель-спрэяў ну ніяк не абысціся...
А калі такі моцны ледзяны вецер некалькі дзён, а то і тыдняў запар, як у гэтым месяцы?! І ніяк жа той нос ні захінеш і не захутаеш. Вось і даводзіцца пакутаваць ад капрызлівага надвор’я, якое ў многім зусім не падобнае цяпер на наша даўнейшае – беларускае памяркоўнае...
Таму захінаемся ад ветру, наколькі гэта магчыма, умацоўваем імунітэт і... Традыцыйнае пажаданне: здароўя ўсім!
Месячныя раптам зніклі, а прычыну знайсці так і не атрымалася. Абследаванні паказваюць, што ўсё ў парадку, але менструацыі не вяртаюцца. З такой праблемай сутыкаецца ўсё больш жанчын ва ўсім свеце. Здавалася б, гэта падстава ўздыхнуць з палёгкай і перастаць адлічваць цыклы і лавіць «тыя самыя дні». Аднак прырода наладзіла ўсё мудра. Разам са знікненнем менструацыі жанчына губляе не толькі рэпрадуктыўную функцыю. Адбываецца разбалансіроўка ўсяго арганізма.
Што можа быць прычынай такога стану? Што цягне за сабой знікненне месячных без відавочных на тое прычын? Як лечаць такую паталогію? Пра гэта журналіст Слушна пагутарыла са Святланай Жукоўскай, асістэнтам кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта.
Любая падзея, нават радасная, якая так ці інакш адрозніваецца ад штодзённасці, можа стаць стрэсам для нашага арганізма. Але часам такія ўзварушэнні нам неабходныя. Яны – стымул да руху. Падчас рэзкага стрэсу ў крыві павышаецца ўзровень картызолу (гармону стрэсу). Затым стан прыходзіць у норму. Каварства хранічнага стрэсу ў тым, што ўзровень картызолу хаця і павышаны нязначна, але на працягу доўгага часу. У выніку чалавек адчувае прыгнечанасць і апатыю, хаця, здаецца, усё добра. Хранічны стрэс таксама наўпрост звязаны і з месячнымі.
Сімптомы хранічнага стрэсу:
Што ж фарміруе той самы хранічны стрэс? Урачы называюць чатыры самыя важныя фактары.
Дэдлайн, мода працаваць на знос, на мяжы сіл прывялі да таго, што прафесійнае выгаранне стала распаўсюджанай праблемай. І, вядома ж, крыніцай бясконцага стрэсу.
Недасыпанне і бяссонніца могуць правакаваць менструальныя парушэнні. У групе высокай рызыкі па парушэннях рэпрадуктыўнага здароўя жанчыны, якія працуюць пазменна (напрыклад, урачы, якія дзяжураць па начах), а таксама тыя, хто часта лятае ў камандзіроўкі са зменай гадзіннікавых паясоў (напрыклад, бортправадніцы). У гэтых выпадках адбываецца разбалансіроўка цыркадных рытмаў арганізма. Адбіваецца гэта і на жаночым здароўі.
Вядома, сачыць за тым, што ты ўжываеш у ежу, карысна. Але ў той жа час нельга назваць здаровым такія харчовыя паводзіны, калі чалавек цалкам сканцэнтраваны на тым, у якой колькасці, у які час і што канкрэтна ён есць. Але ж харчаванне па раскладзе і ў пэўных колькасцях – ледзь не фетыш для тых, хто пачынае наведваць трэнажорную залу і хоча прывесці сябе ў форму. Пастаянныя скрыначкі і слоічкі з сабой, ежа па раскладзе і з пэўным меню... Усё, у тым ліку і захапленне ЗЛЖ, павінна быць у меру. Нездаровая фіксацыя на правільным харчаванні нават неафіцыйна атрымала назву «ортарэксія». Яна нярэдка з'яўляецца пачатковым этапам у развіцці сур'ёзных парушэнняў харчовых паводзінаў, у т.л. нервовай анарэксіі.
Перш за ўсё трэба выключыць арганічныя прычыны. Напрыклад, сіндром полікістозных яечнікаў і іншыя эндакрынныя захворванні, якія таксама могуць стаць прычынай збою ў менструальном цыкле. Калі праблема сапраўды выклікана хранічным стрэсам, трэба пастарацца мінімізаваць яго негатыўны ўплыў на здароўе. Парады, здавалася б, самыя стандартныя. Аднак без гэтай базы немагчыма рухацца далей.
Для лячэння функцыянальнай гіпаталамічнай аменарэі выкарыстоўваюць гарманальныя прэпараты. Аднак, калі прычына праблемы не ліквідаваная, пры адмене лекаў яна вяртаецца.
Знікненне месячных – сур'ёзная праблема для жаночага здароўя, якая патрабуе абавязковага лячэння. У апошнія гады ўсё часцей прычынай такога стану ў сучасных жанчын становіцца хранічны стрэс. У такім выпадку лячэнне ўключае, акрамя гарманальнай тэрапіі, працу з псіхолагам. Не менш важна перагледзець свой рэжым сну і харчавання.
Як, адпачываючы ў гарачых краінах, не заразіцца жоўтай ліхаманкай? Дзе рэгіструюцца выпадкі чумы і халеры? Якія меры трэба распачаць, калі вас пакусала хворая на шаленства жывёла?
Пра гэта і многае іншае распавялі ў Нацыянальным прэс-цэнтры:
Па словах Анастасіі Ляшкевіч, у многіх краінах, якія карыстаюцца папулярнасцю ў турыстаў, асаблівасці клімату (цёпла і вільготна) спрыяюць актыўнаму размнажэнню насякомых, у прыватнасці, камароў, якія з'яўляюцца пераносчыкамі шэрагу небяспечных інфекцый: жоўтай ліхаманкі, ліхаманак Дэнге, Зіка, Заходняга Ніла і інш.
Калі вы збіраецеся ў краіны, нядобранадзейныя ў плане жоўтай ліхаманкі (краіны Паўднёвай Амерыкі, Бразілія, Аргенціна і Венесуэла), за 10 дзён ад даты ад'езду варта вакцынавацца супраць гэтай інфекцыі.
Зрабіць такую прышчэпку можна ў 19-й цэнтральнай раённай паліклініцы Першамайскага раёна г.Мінска. Варта ўлічваць, што ў некаторых краінах у вас могуць запатрабаваць сертыфікат аб правядзенні вакцынацыі супраць жоўтай ліхаманкі.
На жаль, адзначыла Анастасія Ляшкевіч, вакцыны супраць іншых відаў ліхаманак не існуе. Таму засцерагчы сябе ад заражэння можна з дапамогай прафілактычных мер, якія дапамогуць абараніцца ад укусаў насякомых:
У Дамініканскай Рэспубліцы, Гаіці, Індыі і Гоа высокая рызыка заражэння халерай. Інфіцыравацца можна праз ваду, забруджаныя харчовыя прадукты, а таксама кантактна-бытавым спосабам.
Акрамя гэтага, спецыяліст параіла не забывацца мыць рукі ці, калі няма такой магчымасці, выкарыстоўваць гель-антысептык для рук альбо сурвэткі, напітаныя антысептыкам.
На Мадагаскары зарэгістравана ўспышка чумы. Тым, хто збіраецца наведаць гэтую краіну, варта памятаць, што захворванне перадаецца праз укусы блыхаў і праз кантакт з хворымі жывёламі (грызунамі).
У большасці краін свету рэгіструецца шаленства. Асабліва неспрыяльныя ў гэтых адносінах краіны Паўднёва-Усходняй Азіі і Афрыкі. Захворванне смяротнае, без своечасовай прафілактыкі ў 100% выпадкаў прыводзіць да смяротнага зыходу. У Беларусі з 2013 года, дзякуючы прафілактычным мерапрыемствам, не было зарэгістравана выпадкаў заражэння шаленствам сярод людзей. Разам з тым, выпадкі шаленства сярод жывёл – не рэдкасць.
Калі хворая жывёла пакусала, неадкладна, у гэты ж дзень звярніцеся па медыцынскую дапамогу. Небяспечнымі з'яўляюцца не толькі ўкусы, але і абдрапванне або асліненне скурных пакроваў. Гэта звязана з тым, што вірус шаленства можа пракрасціся ў арганізм нават праз мікраскапічныя пашкоджанні скуры. Звяртацца можна ў паліклініку па месцы жыхарства. Урач, які вас агледзіць, накіруе да хірурга або траўматолага для аказання антырабічнай дапамогі. Спецыяліст правядзе хірургічную апрацоўку раны. Гэта можна зрабіць і самастойна, прамыўшы месца ўкусу цёплай вадой з мылам і апрацаваўшы ёдам.
Чым раней пачнецца правядзенне антырабічнай дапамогі, тым большая яе эфектыўнасць. Самастойна адмяняць вакцынацыю або адмаўляцца ад яе катэгарычна нельга!
Штогод у нашай краіне фіксуецца каля 1 тыс.выпадкаў Лайм-барэліёзу. Пераносчыкамі гэтай інфекцыі з'яўляюцца кляшчы. Зрэшты, гэтыя членістаногія з'яўляюцца крыніцай яшчэ больш за 10 небяспечных інфекцый, у тым ліку клешчавога энцэфаліту, анаплазмозу і тулярэміі.
Пасля ўкусу кляшча, падкрэсліў Сяргей Жаваранак, трэба абавязкова наведаць урача і прайсці курс антыбіётыкатэрапіі. У выпадку павышэння тэмпературы або з'яўлення плямаў на целе, галаўнога болю ці сімптомаў, звязаных з парушэннем мазгавой дзейнасці, варта неадкладна звяртацца па дапамогу да доктара.
Аматарам шашлыкоў са свініны, дзіка і аляніны эксперт параіў добра прасмажваць мяса, каб пазбегнуць заражэння гепатытам Е.
Якасная тэрмічная апрацоўка забівае гэты вірус.
https://bel.24health.by/simptomy-i-lechenie-lajm-borrelioza/
Днямі скончылася галасаванне і былі падведзены вынікі «Крэатыўнага конкурсу для ўсіх».
Нагадаем, што конкурс стартаваў на 26-й Міжнароднай спецыялізаванай выставе «Ахова здароўя Беларусі-2019» на стэндзе газеты «Медыцынскі веснік», 24health.by і teenage.by. Любы жадаючы мог сфатаграфавацца ў медыцынскай вопратцы і з пацешнымі таблічкамі. Па выніках галасавання, якое праходзіла на партале нашага партнера Здаровыя людзі (24health.by) з 21 па 26 сакавіка, быў вызначаны пераможца ў намінацыі «Прыз глядацкіх сімпатый».
У гонцы за ўзнагароду лідзіруючае месца заняла Яна Аўчыннікава, якая набрала 245 галасоў. З 47 здымкаў, якія ўдзельнічаюць у конкурсе, фота Святланы Агароднікавай (159 галасоў) і Вольгі Бацюковай (72 галасы) таксама не засталіся без глядацкай увагі. Аднак з вялікім адрывам Яна ўсё ж такі змагла ўтрымаць сваё першае месца.
Дзяўчына працуе ўрачом лабараторнай дыягностыкі ў Мінскім клінічным кансультатыўна-дыягнастычным цэнтры. Маладая, актыўная і жыццярадасная, Яна Аўчыннікава заўсёды ставіць перад сабой толькі рэальныя для дасягнення мэты. Так атрымалася і на гэты раз, калі Яна падключыла ўсіх сваякоў і знаёмых, каб яны падтрымалі яе ў галасаванні.
Вялікі дзякуй усім удзельнікам і тым, хто не спужаўся фотаўспышкі! Ну, а пераможцы – нашы віншаванні і абяцаныя падарункі!
«У мяне гіперактыўнае дзіця». 8 мамаў з 10 менавіта так, не задумваючыся, ахарактарызуюць тэмперамент свайго дзіцяці. Не без гонару, але з адценнем лёгкай стомленасці ў голасе.
Няшмат знойдзецца дарослых, якім празмерная дзіцячая актыўнасць даецца лёгка. Нават калі гаворка ідзе пра дзетак любімых. Што ж да чужых, дык за сваю няздольнасць трымаць рот на замку, гадзінамі захоплена складаць каляровую мазаіку і за патрэбу ў пастаянным руху ў іх заўсёды ёсць рызыка праславіцца нявыхаванымі, непаслухмянымі і разбэшчанымі дзецьмі. Словам, гіперактыўнымі, без усялякага гонару.
Што такое гіперактыўнасць? Ці можна апраўдаць ёю няўрымслівы тэмперамент маленькага непаседы і ці трэба нешта з гэтым рабіць? Дзе праходзіць тонкая мяжа паміж індывідуальнымі асаблівасцямі, агрэхамі ў выхаванні і сімптомам паводніцкага расстройства, пры якім ужо патрэбна старонняя дапамога? Разабрацца ў складаных нюансах журналісту «Слушна» дапамагла асістэнт кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА Аліса Кудлач.
Кажучы простай мовай, нервовыя клеткі і іх злучэнні ў арганізме дарослага чалавека пакрытыя тоўстай ізаляцыйнай абалонкай. У дзяцей гэтая ізаляцыя з прычыны нясталасці нервовай сістэмы тонкая. Акрамя таго, клеткі размешчаныя вельмі блізка адна да аднай, усе імпульсы праходзяць надзвычай хутка, працэсы ўзбуджэння ў цэлым пераважаюць над працэсамі тармажэння. У рэальным жыцці менавіта гэтым шмат у чым тлумачыцца здольнасць дзяцей заставацца актыўнымі нават тады, калі дарослы будзе ў стане выціснутага лімона.
Па меры сталення дзіцяці нервовая сістэма з кожным годам паступова становіцца ўсё больш сталай і моцнай. Але канчатковае яе выспяванне адбываецца толькі да 18-22 гадоў.
Акрамя таго, успрыманне празмернай актыўнасці, гіперактыўнасці вельмі індывідуальнае, падкрэслівае эксперт. Тут шмат што залежыць ад нормаў паводзінаў, традыцый, асноў і поглядаў таго мікрасоцыуму, у якім жыве і выхоўваецца дзіця. Калі ў пэўнай сям'і ці субкультуры не лічыцца ганебным перабіваць адзін аднаго, дапускаецца свабода дзеянняў і рухаў, не зважаючы на абставіны і час, адсутнічае рэжым дня і г.д., дык дзіця з маленства будзе ўспрымаць гэтую мадэль паводзінаў як норму. У той жа час гэтая норма будзе непрымальная для членаў іншай сям'і, дзе жыццё падпарадкоўваецца выразнаму распарадку, выбудаваная строгая сямейная іерархія, а дзіцячае непаслушэнства недапушчальнае. Пры перасячэнні, умоўна кажучы, гэтых дзвюх сем'яў у соцыуме канфрантацыя непазбежная.
Нядзіўна, што пытанне пра гіперактыўнасць дзіцяці як пра паводніцкае расстройства, якое не ўкладваецца ў рамкі агульнапрынятых нормаў, упершыню ўзнікае, як правіла, да 4-гадовага ўзросту і дасягае свайго піку ў 7-9 гадоў.
Іншая справа, кажа Аліса Кудлач, калі дзіця аб'ектыўна не здольнае засвоіць агульнапрынятыя нормы, а яго стан гіперактыўнасці, павышанай узбудлівасці, празмерная імпульсіўнасць, няўважлівасць не даюць яму ўліцца ў калектыў, наладзіць камунікацыю, абцяжарваюць працэс навучання і выклікаюць, як правіла, негатыўныя эмоцыі і абурэнне. У гэтым выпадку гаворка можа ісці пра паталогію. У прыватнасці, пра СДУГ – сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці.
Па міжнароднай класіфікацыі хвароб СДУГ адносіцца да псіхіятрычнай паталогіі. Найбольш часта сустракаецца менавіта такі спалучальны варыянт сіндрому дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці. Радзей ізаляваныя сіндром гіперактыўнасці (СГ) і сіндром дэфіцыту ўвагі (СДУ).
СДУГ звязаны з асаблівасцямі метабалізму ў нервовай сістэме дзіцяці. Пад уздзеяннем пэўных прычын парушаецца выпрацоўка і засваенне рэчываў, якія даюць магчымасць нервовай сістэме адэкватна ўспрымаць, перапрацоўваць, аналізаваць і ў канчатковым выніку рэагаваць на розныя раздражняльнікі.
Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што па меры выспявання нервовай сістэмы і развіцця лобных доляў галаўнога мозгу, якія адказваюць за матывацыю, кантроль, самакантроль, дзеці з лёгкай або ўмеранай ступенню СДУГ «перарастаюць» сіндром без усялякага ўмяшання звонку і становяцца звычайнымі дарослымі. Раней і зусім лічылася, што СДУГ – выключна дзіцячая паталогія.
Аднак усё больш навуковых даследаванняў кажа пра тое, што кожны трэці выпадак сіндрому дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці без неабходнай карэкцыі ў раннім узросце захоўваецца і ў дарослым жыцці.
Больш за тое, вельмі моцна яго ўскладняе. Вырастаючы, людзі са СДУГ часта пакутуюць ад немагчымасці пабудаваць і захаваць сям'ю, адчуваюць праблемы з працаўладкаваннем, не ўмеюць наладзіць сяброўскія і прыяцельскія адносіны. Апошнія даследаванні заходніх вучоных паказваюць на тое, што сярод людзей, залежных ад алкаголю і наркотыкаў, схільных да крымінальнай дзейнасці, вельмі высокі працэнт тых, хто ў дзяцінстве пакутаваў ад СДУГ, але пры гэтым не атрымаў неабходнай псіхолага-педагагічнай і медыкаментознай падтрымкі.
Пра тое, якія прыкметы з'яўляюцца адметнымі для сапраўднага сіндрому дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці, як праходзіць дыягностыка паводніцкага расстройства і чым можна дапамагчы свайму дзіцяці, мы раскажам у наступных публікацыях.
…Нядзеля. 24 сакавіка. Мы прыехалі на ўласную сядзібу. Ветрана, але сонечна. А галоўнае – практычна суха. Усюды можна хадзіць – і не тапіцца. Нідзе не стаіць вада. Нават у барознах. Нават у традыцыйных лужынах на дарозе, па-за межамі ўчастка. І гэта проста фантастыка!
Вось такі сюрпрыз нам ад сёлетняй вясны. Мой першы дачны дзень-2019 – 24 сакавіка. Мора шчасця! Бо часцей за ўсё нават у красавіку на сядзібу яшчэ не ўлезці. Больш за тое! Нават на пачатку мая. Калі ідуць дажджы, да зямлі не падступіцца… І ледзь не кожны сусед лічыць сваім абавязкам «прайсціся» (на словах) па нашаму «вадасховішчу». А тут…
Па дарозе да сядзібы чуем песню жаўрука. Непадалёк ад павароту на вуліцу нам прыветна махаюць пушыстыя «коцікі» на дрэве. Якія яны ўжо вялікія! Вось-вось з’явіцца і жоўтае ўпрыгажэнне на іх.
То там, то тут на сядзібах красуюць напоўніцу першыя веснавыя кветкі. І заліваецца на суседскім участку, седзячы на жэрдачцы птушынага дамка, гарэзлівы шпак.
Свежае паветра… Не, у нашым Чэрвені яно і так досыць свежае, паколькі не дымяцца тут ніякія прамысловыя прадпрыемствы са шкоднымі выкідамі. Але на дачы… Стаіш і дыхаеш з задавальненнем! Гэта крыху пазней ужо паветра на некаторы час перастане быць прыемным. Калі многія дачнікі дружна пачнуць спальваць непатрэбнае, тое, што заляжалася з зімы ці нават з мінулай восені. Тады толькі і паспявай уварочвацца ад клубоў дыму з розных бакоў. А пакуль яшчэ досыць свежа.
Адчыняю цяпліцу, дзе пад восень высыпалі на зямлю рэшткі насення алейнай рэдзькі, каб аздаравіць глебу… І не магу ўтрымацца ад смеху! Рэдзька тая ёсць! І нават пахне даволі моцна ў цяпліцы… рэдзькай. Але пераважную большасць зямлі займае макрыца! Ды яшчэ і цвіце ўжо заваблівымі белымі зорачкамі!
Зрэшты, гэта, мабыць, адзінае пустазелле, якое я звычайна вырываю з задавальненнем. Увогуле ж, не зусім гэта і пустазелле, а… Так-так! Малайцы, хто здагадаўся з першай літары! Макрыца – расліна з лекавымі ўласцівасцямі. Праўда, адразу ж з удакладненнем: нельга ўжываць людзям з паніжаным ціскам і тым, у каго на макрыцу праяўляюцца алергічныя рэакцыі. Для іншых жа…
Можна рабіць гарбату, якая, па словах даследчыкаў, аказвае заспакаяльнае дзеянне на арганізм і ўмацоўвае яго. Для гэтага адну лыжку травы заліваем шклянкай кіпню, настойваем пад накрыўкай 5 хвілін і п’ём па палове шклянкі тры разы на дзень. Не ведаю, наколькі прыемны смак атрымліваецца… Трэба пакаштаваць!
Сок макрыцы раяць закапваць у вочы… Але мне здаецца, што без парады з урачом лепей не спрабаваць займацца такім самалячэннем. Усё ж – вочы… А вось як дачнік са стажам раю, асабліва ўлетку, карыстацца лекавымі ўласцівасцямі макрыцы, калі ногі баляць ці гудзяць ад стомы. Трэба яе, свежую, пакласці ў абутак замест вусцілак! Траўка ж сама па сабе прыемная, вільготная пастаянна, таму і атрымала такі назоў – макрыца…
Пры захворваннях скуры можна выкарыстоўваць прымочкі з адвару макрыцы. 4 лыжкі травы заліць 1 літрам вады, давесці да кіпення, паменшыць агонь і гатаваць 5 хвілін. Затым настаяць 2 гадзіны і працадзіць.
А яшчэ, да свайго здзіўлення, даведалася, што ёсць шмат рэцэптаў… страў з макрыцы! Тут і салаты, і яечня, і пельмені, і боршч…
Ну-у-у-у… Дзьмухавец спажывала, крапіву таксама… Дарэчы, першая страва з крапівы, з курыцай і смятанай – такая смаката! А карысці колькі! Але да першай ядомай крапівы яшчэ трэба пачакаць…
Што ж датычыцца макрыцы… Мабыць, не рызыкну пакаштаваць яе ў салаце… А вы?!
Днямі шматмільённыя прыхільнікі актрысы Эміліі Кларк, выканаўцы ролі Дзейенэрыс у культавым серыяле «Гульня прастолаў», даведаліся, што яна ў 25 гадоў перанесла два інсульты (разрыў анеўрызмы) і аперацыю на адкрытым мозгу. Актрыса апублікавала свой шчыры аповед у часопісе The New Yorker.
Што можа выклікаць інсульт у такім маладым узросце? Ці можа яго справакаваць стрэс? Праз колькі адновіцца памяць, і ці ўсе адчуваюць панічныя атакі пасля перажытага?
Журналіст «Слушна» знайшла адказы на гэтыя пытанні ў Сяргея Марчанкі, загадчыка неўралагічнага аддзялення № 3 Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г. Мінска.
У нашым аддзяленні самай маладой пацыентцы быў 21 год. У яе адбыўся разрыў анеўрызмы. Анеўрызма – гэта выпінанне сценкі артэрыі з прычыны яе вытанчэння або расцяжэння. Пры яе разрыве ўзнікае рэзкі боль, быццам па галаве ўдарылі сякерай. Як правіла, такі боль людзі да гэтага ніколі не адчувалі.
Інсульт у маладым узросце можа быць выкліканы спадчыннымі захворваннямі, паталагічнымі зменамі сардэчных клапанаў і парокамі сэрца, дысекцыяй артэрый – расслаеннем сценак сасудаў, а таксама шкоднымі звычкамі: курэннем і злоўжываннем алкаголем. Фактар рызыкі для маладых жанчын – прыём жаночых палавых гармонаў (аральныя кантрацэптывы), якія прыводзяць да тромбаўтварэння.
Стрэс, асабліва востры, можа рэзка павысіць артэрыяльны ціск, што прывядзе да інсульту. Чалавек можа спакойна пражыць з анеўрызмай і не даведацца пра яе існаванне, але калі перахвалюецца, яна можа разарвацца і прывесці да сумных наступстваў, ажно да смяротнага зыходу.
Пасля інсульту могуць адбыцца кагнітыўныя змены, магчымыя парушэнні памяці, мыслення, маўлення. Але, як правіла, памяць і маўленне ў чалавека аднаўляюцца яшчэ ў бальніцы. Асабліва ў маладых, бо іх мозг больш пластычны. Магчымыя і паводніцкія, псіхічныя расстройствы. Панічныя атакі ў чыстым выглядзе – даволі рэдкая з'ява. Часцей назіраецца постінсультная дэпрэсія, асабліва ў маладых жанчын. У неўралагічных рэабілітацыйных аддзяленнях прадугледжана стаўка псіхолага. Ён якраз працуе з такімі пацыентамі: дапамагае вярнуць ім веру ў жыццё, у сябе, перастаць думаць пра хваробу. Часам людзям даводзіцца звяртацца да дапамогі псіхатэрапеўта і антыдэпрэсантаў. На шчасце, рэцыдывы інсульту ў маладых людзей адбываюцца вельмі рэдка.
Перыядычнае павышэнне тэмпературы цела і змяненне вагі без відавочнай прычыны, празмерная патлівасць, частыя насавыя крывацёкі, жалезадэфіцытная анемія, утварэнне гематомаў без траўмаў, значнае павелічэнне лімфавузлоў. Усё гэта можа сведчыць пра захворванні крыві. Якія паказчыкі аналізаў крыві ў дзяцей і дарослых павінны насцярожыць? На якія з іх трэба абавязкова звярнуць увагу цяжарным?
На пытанні адказвалі:
Маюцца навуковыя артыкулы (Талако Т.М., Сарока М.Ф.) пра карэкцыю дэфіцыту вітаміну D у пацыентаў з АФС. Пасля правядзення лячэння холекальцыферолам назіралася значнае зніжэнне ўзроўню анты-β2-ГП I антыцелаў класа IgG. Але ў сваіх даследаваннях яны выключалі з назірання цяжарных. На дадзены момант якая тактыка павышэння вітаміну D у цяжарных з АФС? Які ўрач павінен гэтым займацца і на якім тэрміне цяжарнасці?
Людміла Смірнова:
Цяжарным рэкамендуецца вітамін D у дозе 1000 міжнародных адзінак у выглядзе дзвюх кропель на сыр або хлеб. АФС падчас цяжарнасці займаецца рэўматолаг, а калі ён лічыць патрэбным – накіроўвае да гематолога, бо пры АФС маюцца істотныя змены ў сістэме гемастазу.
Зараз мой узровень вітаміну D складае 12,96 нг/мл (недахоп). Які яго ўзровень з'яўляецца дастатковым для цяжарных, а таксама для цяжарных з АФС?
Людміла Смірнова:
Дастатковым з'яўляецца ўзровень ад 30 да 50-60 нг/мл.
У якіх дозах павінен прызначацца холекальцыферол цяжарным з АФС, на якіх тэрмінах?
Людміла Смірнова:
У дозе 1000 міжнародных адзінак на тэрміне 15-16 тыдняў.
У заходніх артыкулах нормы вітаміну D, а таксама сутачная доза яго прыёму значна вышэйшая за нашы нормы. Чаму?
Людміла Смірнова:
Бо ў заходніх краінах больш актыўна займаюцца даследаваннямі абмену вітаміну D пры розных захворваннях. Таму яны не такія асцярожныя пры прызначэнні гэтага вітаміну ў верхніх межах нормы. Мы прызначаем у ніжніх і сярэдніх дозах у мэтах бяспекі.
Ці павінен прызначацца рыбін тлушч цяжарным з АФС? У якіх дазіроўках і на якіх тэрмінах?
Людміла Смірнова:
Рыбін тлушч не з'яўляецца лячэбным прэпаратам, і казаць пра дазіроўкі некарэктна. Пры неабходнасці трэба прызначаць прэпарат вітамінаў А, Е, D паасобку.
Па апошніх навуковых дадзеных ці павінен прызначацца прэпарат кальцыю і ў якіх дозах, на якіх тэрмінах?
Людміла Смірнова:
Лепш узяць спецыяльныя прэпараты кальцыю для цяжарных. Там збалансаваная яго невялікая доза.
Якія яшчэ вітаміны цяжарным з АФС павінны быць прызначаныя? У якіх колькасцях і на якіх тэрмінах?
Людміла Смірнова:
Спецыяльных вітамінаў для цяжарных з АФС не існуе, за выключэннем вітаміну D. Усім цяжарным паказаны прафілактычныя дозы вітамінаў А, Е, С.
Якіх спецыялістаў яшчэ неабходна наведаць ці якія аналізы здаць для вызначэння прычыны захворвання? Дзіця 5 гадоў, павялічаны падсківічныя лімфавузлы (агляд стаматолага і лора прычыны не выявілі), хуткасць асядання эрытрацытаў на працягу двух тыдняў на фоне прыёму тэрмінам у 10 дзён Цэфураксіма трымаецца на ўзроўні 30-32, у мазку з зева і носа паталогіі не выяўлена, АСЛ-О 1600.
Наталля Клімковіч:
Нармальны памер лімфатычнага вузла ў дзіцяці – да 10 мм у дыяметры. У яго маецца хранічная стрэптакокавая інфекцыя. І, магчыма, рэактыўная падсківічная лімфадэнапатыя, што з'яўляецца нармальнай рэакцыяй на наяўнасць інфекцыі (лімфатычныя вузлы – гэта «фільтр» нашага арганізма). Вы павінны звярнуцца да лора, які прызначыць прэпарат Біцылін-5 і кантроль АСЛ-О.
Дзяўчынцы поўных 14 гадоў, у маі 2019-га споўніцца 15. У лютым 2016 года знайшлі вірус Эпштэйна-Бар G у сувязі з кістой у селязёнцы. Перыядычна, асабліва калі дзіця стамляецца пасля ўрокаў, пачынае балець галава і павышаецца тэмпература да 37,1. Частыя, але не штодня, насавыя крывацёкі, адзначаецца павышаны гіпергідроз, што выяўляецца ў вільготных далонях. Гемаглабін крыві пастаянна 150-160 г/л.
Наталля Клімковіч: У вашага дзіцяці носьбіцтва вірусу Эпштэйна-Бар. Гэта не інфекцыя, і спецыяльнага лячэння не патрабуецца. Гэта вірус з герпес-групы, які застаецца ў арганізме назаўжды. Насавыя крывацёкі і павышаны гіпергідроз з ім не звязаныя. Вам варта звярнуцца да эндакрынолага для кантролю гармонаў шчытападобнай залозы і палавых гармонаў, а таксама здаць аналіз крыві на АСЛ-О (Антыстрэпталізін). Насавыя крывацёкі могуць быць звязаныя з гіперплазіяй (павелічэннем) сасудаў слізістай насавой перагародкі, таму вам варта звярнуцца да лора. Нармальная канцэнтрацыя гемаглабіну для вашай дзяўчынкі – 120-160 г/л.
Падкажыце, калі ласка, якое абследаванне трэба прайсці? На працягу года назіраю тэмпературу цела 37,0-37,2 (раней была 36,6, калі не хварэла). Ноччу перыядычна назіраецца патлівасць. Год таму ферытын быў на ніжняй мяжы. Таксама турбуе сэрца (у ЭКГ, як кажуць, нязначныя змены ў міякардзе), бываюць нязначныя галавакружэнні і тахікардыя. Узрост 25 гадоў.
Людміла Смірнова: Можна меркаваць, што ў вас маецца латэнтны дэфіцыт жалеза. І дадзеная тэмпература вельмі характэрная для гэтага дэфіцыту. Рэкамендую правесці прафілактычны курс прэпаратаў жалеза ў выглядзе полімальтознага комплексу, паколькі яны лепей пераносяцца. Адна таблетка ў дзень, лепей праз 30 хвілін пасля абеду. Курс лячэння – 30 таблетак. Пасля гэтага рэкамендую паўтарыць даследаванні ўзроўню ферытыну, які павінен стаць больш за 40 мкг/л.
Ці можна пры дыягназе «эсэнцыяльныя тромбацытамія» адмяніць ін'екцыі Альтэвірам (калю 2 гады, і трамбацыты сталі 280)? І як паводзіць сябе далей, калі мне адменяць уколы?
Людміла Смірнова: Пры дадзеным дыягназе ўвядзенне прэпаратаў інтэрферону будзе перарывацца пры стабільным павелічэнні трамбацытаў, як у вас. Аднак гэта трэба рабіць пад кантролем узроўню трамбацытаў у гематолага, у прыватнасці, Мінскага дыягнастычнага цэнтра. Ці можаце запісацца да мяне на прыём у прафесарскі цэнтр БелМАПА.
Хвароба – хранічны міелалейкоз, ужо 9 гадоў. Хацелася б вылечыцца. Падкажыце, што рабіць, ці чакаць смерці?
Людміла Смірнова: Чакаць смерці ні ў якім разе не трэба, бо зараз маюцца новыя прэпараты, якія дазваляюць доўга лячыць дадзенае захворванне. Я вам рэкамендую звярнуцца на кафедру клінічнай гематалогіі і трансфузіялогіі БелМАПА на Сямашкі, 8. Тэлефон можна знайсці на сайце БелМАПА. Пры запісе паведаміце, што звяртаецеся ў сувязі з анлайн-канферэнцыяй і хочаце запісацца да Смірновай Людмілы Аляксееўны. Магчыма, мы збяром кансіліум па Вашым выпадку.
Пасля цяжарнасці (прайшло 5 гадоў) пастаянна паніжаны трамбацыты. Самы нізкі паказчык быў 123. Усе астатнія паказчыкі ў норме. Здавала каагулаграму – усе паказчыкі ў норме. Крывацёкаў не бывае, гематомаў няма. У чым можа быць прычына паніжаных трамбацытаў?
Людміла Смірнова:
Узровень трамбацытаў, вышэйшы за 100, з'яўляецца бяспечным. Таму ў вас і няма крывацёкаў. Зніжэнне ўзроўню трамбацытаў можа быць звязана з актыўнасцю макрафагальнай сістэмы. Рэкамендую даследаваць трамбацыты ў сярэдзіне менструальнага цыклу і адразу пасля заканчэння менструальнага крывацёку.
Паважаныя гематалогі! Калі магчыма, пракаментуйце, калі ласка, аналізы крыві: RBC 4,34; Hb 114; HCT 32,7; MCV 75,3; MCH 26,3; MCHC 349; RDW 19,2; PLT 272; лейкацыты 4,9; WBC 4,9; эазінафілы 1; палачкаядзерныя 1; сегментаядзерныя 46; лімфацыты 45; манацыты 7; СОЭ 20; глюкоза 6,65.
Людміла Смірнова:
Па аналізах мае месца жалезадэфіцытная анемія лёгкай ступені. Рэкамендую, улічваючы ўзрост, прымаць прэпараты жалеза ў выглядзе полімальтознага комплексу, паколькі яны даюць менш пабочных эфектаў, чым солевыя прэпараты жалеза (сульфаты). 1 таблетка ў суткі пасля вячэры праз 30 хвілін на працягу 1 месяца. Пасля паўтарыце агульны аналіз крыві і ферытын. Пры гемаглабіне 120 г/л і вышэйшым, ферытыне 40 мкг/л і вышэйшым лячэнне можна спыніць. Агульны аналіз паўтарыць праз тры месяцы. Пры зніжэнні гемаглабіну праз тры месяцы паўтарыць ферытын і даследаваць С-рэактыўны бялок. Пры яго павышэнні звярніцеся да гематолога.
Хлопчык, 10 гадоў. Падскочыў білірубін на фоне перанесенай ротавіруснай інфекцыі. Здалі паўторна аналізы – білірубін пачаў зніжацца. Мы сядзелі на дыеце, але даволі высокі гемаглабін і ёсць змены па крыві. Гэтыя аналізы паказалі ўрачу-педыятру. Яна сказала, што нічога страшнага. Скажыце, калі ласка, нам не трэба ніякіх паўторных аналізаў? І ці варта хвалявацца? Дзіця адчувае сябе выдатна, скаргаў ніякіх няма, апетыт добры.
Наталля Клімковіч:
Норма канцэнтрацыі гемаглабіну для вашага хлопчыка 120-160 г/л. Калі дзіця адчувае сябе выдатна, а ўрач-педыятр не бачыць праблем з нагоды агульнага аналізу крыві, ніякага дадатковага абследавання дзіцяці не паказана. Кантралюйце агульны аналіз крыві адзін раз у 6 месяцаў і сачыце за пітным рэжымам: не менш за паўтара літра чыстай вады без газу ў дзень.
Турбуе пытанне пра магчымыя захворванні крыві ў дзяцей (унукаў). Дыягназ мамы – міеладысплатычны сіндром. Яе ўжо няма. Мяне турбуюць начныя крывацёкі з носа. Я думала (-ю), што гэта, магчыма, слабыя сценкі сасудаў. Загадзя дзякуй за адказ і рэкамендацыі.
Наталля Клімковіч:
Міеладысплатычны сіндром з'яўляецца выключна набытым захворваннем, характэрным для асоб сталага ўзросту. Калі Вашыя крывацёкі маюць толькі адну лакалізацыю (насавыя), хутчэй за ўсё, гэта звязана з гіперплазіяй сасудаў слізістай поласці носа. Звярніцеся да оталарынголага.
Добры дзень, падкажыце, калі ласка, ці магу я планаваць дзіця пры такіх паказчыках эрытрацытаў, якія датычацца гемаглабіну? І што значаць дадзеныя паказчыкі? Наколькі яны небяспечныя? І што рабіць? Гемаглабін падае пасля менструацыі, аднак менструацыя, у асноўным, умераная, часам вялікая. Прапіла Дурулекс, гемаглабін падняла, пакуль трымаецца ў норме 3 месяцы. Па самаадчуванні ў мяне ўсё ў норме, нават пры зніжэнні гемаглабіну. Асабліва нейкіх праяваў і збояў у арганізме не назіраю.
Людміла Смірнова:
Па аналізах і сімптомах у вас маецца латэнтны дэфіцыт жалеза. Таму гемаглабін перыядычна падае. Рэкамендую даследаваць узровень ферытыну, каб пацвердзіць дыягназ. Дэфіцыт ферытыну, ніжэйшы за 20 мкг/л, пацвярджае дэфіцыт жалеза ў арганізме. Рэкамендую правесці курс прэпаратамі жалеза, лепей групы полімальтознага комплексу, па адной таблетцы ў дзень. І планаваць цяжарнасць. Падчас цяжарнасці ў другім і трэцім трыместры праводзіцца прафілактычны курс прэпаратамі жалеза, якія прызначаць у жаночай кансультацыі.
Падкажыце, калі ласка, калі падчас цяжарнасці мне паставілі дыягназ «спадчынная трамбафілія», можа гэта неяк паўплываць на маю нованароджаную дачку? І якая норма трамбацытаў для немаўлятаў? Зараз дачцэ 10 месяцаў, паказчыкі штораз скачуць (360, 409, 332, 500, цяпер 429). Ці варта нам турбавацца і звяртацца да гематолога?
Людміла Смірнова:
Пастаўлены дыягназ адмоўна паўплываць на вашу дачку 10 месяцаў не можа. Норма трамбацытаў для немаўляці – 150-450 тысяч у мкл. Колькасць трамбацытаў не з'яўляецца пастаяннай велічынёй. І залежыць ад шматлікіх працэсаў: запаленне, абмен рэчываў, стрэс, крывацёкі, дэфіцыт жалеза і г.д. Да гематолога трэба звяртацца пры ўзроўні трамбацытаў 700 тысяч у мкл і вышэйшых.
У мяне з дзяцінства перыядычна паніжаны лейкацыты ў ААК, але сёлета яны ўпалі да 2,55. Па самаадчуванні: пастаянная слабасць, вельмі моцная начная патлівасць, трывожнасць, бяссонніца. Гематомаў і крывацёкаў няма. Падкажыце, калі ласка, што рабіць далей? За апошнія 5 гадоў лейкацыты вышэй за 3,85 не ўзнімаюцца.
Наталля Клімковіч і Людміла Смірнова:
Зніжэнне лейкацытаў у вас можа быць звязана з хранічным тэрыяідытам, хранічным гастрытам з наяўнасцю інфекцыі Хелікабактар пілоры, а таксама з носьбіцтвам вірусаў герпес-групы. Па выніках біяпсіі слізістай страўніка вам варта звярнуцца да гастраэнтэролага, а таксама да інфекцыяніста на прадмет абследавання на вірусы герпес-групы. З нагоды замерлай цяжарнасці мы рэкамендуем даследаванне на АФС і генетычны пашпарт на трамбафілію.
Мне 43 гады. На працягу 7 гадоў як мінімум паніжаныя паказчыкі лейкацытаў (3,6-4,0 пры норме 4,5, лімфацыты абс. 1,13 пры норме ад 1,13), астатнія паказчыкі крыві ў норме. Біяхімічны аналіз таксама ў норме. Але ёсць гастрыт, які перыядычна абвастраецца. Ці можа гэта з'яўляцца яго следствам? Ці варта прайсці яшчэ дадатковыя даследаванні па крыві?
Людміла Смірнова:
У вас памежныя лічбы лейкацытаў, блізкія да нормы. Гастрыт можа быць прычынай перыядычнага малаважнага зніжэння лейкацытаў. Дадатковых даследаванняў не патрабуецца. Рэкамендуем лячыць гастрыт.
Дачцэ 4,5 года. Перахварэла на вірусную інфекцыю, якая ўскладнілася абвастрэннем танзіліту. Быў прызначаны антыбіётык. Пасля яго прыёму здалі аналіз крыві. Педыятр сказала, што ўсё ў норме, акрамя базафілаў – 2. Адпраўляе да гематолога. Ці так гэта сур'ёзна? Або проста варта пераздаць праз пару тыдняў аналіз? І ці можа гэты паказчык узнікнуць з-за абвастрэння атапічнага дэрматыту? Эазінафілы пры гэтым – 3.
Наталля Клімковіч:
Нязначнае павышэнне базафілаў з'яўляецца рэакцыяй на інфекцыю. Такое часта бывае ў перыяд выздараўлення. Вам трэба зрабіць кантроль агульнага аналізу крыві праз два тыдні пасля выздараўлення. Колькасць базафілаў не звязана з наяўнасцю атапічнага дэрматыту.
У маёй дачкі, ёй зараз 17, на працягу 5 гадоў усе апісаныя сімптомы прысутнічалі: перыядычнае павышэнне тэмпературы цела, празмерная патлівасць, частыя насавыя крывацёкі і, адпаведна, жалезадэфіцытная анемія, утварэнне невялікіх гематомаў без траўмаў, павелічэнне лімфавузлоў. Але паўгода таму мы зрабілі аперацыю ў носе на прыпальванне сасудаў. У выніку за гэты перыяд кроў з носа была 2 разы, падняўся паказчык жалеза. Потавыдзяленне, невялікія сінякі і лімфавузлы на шыі ёсць і цяпер. Якія паказчыкі варта трымаць пад кантролем і ці могуць яны пасля падлеткавага перыяду знікнуць?
Наталля Клімковіч:
Вашай дачцэ варта кантраляваць агульны аналіз крыві 1 раз у паўгода. Паказчык сыроватачнага ферытыну і гармоны шчытападобнай залозы – 1 раз у год. І зрабіць кантроль аналізу крыві на АСЛ-О і ўзровень вітаміну D. Калі памеры лімфатычных вузлоў у межах 10 мм і гэта шыйная і падсківічная групы – гэта варыянт нормы.
У нас хлопчык, 8 гадоў. Як любы бацька, хацеў бы быць упэўненым, што маё дзіця здаровае. Проста часам заўважаюцца ў яго сімптомы, апісаныя ў анонсе: перыядычнае нязначнае павышэнне тэмпературы цела без бачных прычын, празмерная патлівасць (асабліва гэта назіралася ў раннім узросце, падчас сну), насавыя крывацёкі, магчыма ўтварэнне гематомаў (але гэта хлопчык, і як ва ўсіх хлопчыкаў, складана прасачыць, былі траўмы ці не, але ўвесь час у сіняках). Можа быць, вы нам параіце, якія трэба здаць аналізы, каб быць упэўненымі, што з ім усё ў парадку?
Наталля Клімковіч:
Пры апісаных сімптомах варта зрабіць агульны аналіз крыві, біяхімічны аналіз крыві, каагулаграму і паказаць дзіця оталарынголагу. Пры адсутнасці паталагічных зменаў у аналізах турбавацца не варта.
Я інвалід 2 групы (3 стадыя раку малочнай залозы), 60 гадоў. У мяне сын 13 гадоў. У яго ўжо гадоў 7 павялічаны лімфавузлы ззаду на шыі. Праходзілі УГД шыі і здавалі розныя аналізы. Урач, які рабіў УГД, сказаў, што трэба зрабіць пункцыю. Мы ездзілі ў Магілёў у дзіцячую абласную бальніцу. Там сказалі, што ўсё добра і пункцыю рабіць не трэба. У дзіцяці ў другой палове дня і ўвечары часта бывае тэмпература 37,2-37,3, ужо гадоў 5, хаця прастуды няма. Мой сын фізічна развіты па мужчынскіх вартасцях і 1,73 см росту. Вучыцца добра. Ці можна пад'ехаць да Вас на платную кансультацыю? Я згодная на любы дзень і любы час. Калі трэба папярэдне зрабіць аналізы, дык напішыце, якія.
Наталля Клімковіч:
Вы можаце запісацца на кансультацыю да гематолага кафедры дзіцячай анкалогіі і гематалогіі ў прафесарскі лячэбна-кансультатыўны цэнтр БелМАПА. Папярэдне трэба зрабіць агульны аналіз крыві, аналіз крыві на АСЛ-О і СРБ і УГД перыферычных лімфатычных вузлоў.
Мне 36 гадоў. Ужо гадоў з 10 турбуе павышаная патлівасць, якая пачалася рэзка і працягваецца да гэтага часу. Нічога не дапамагае. І пастаянная стомленасць. Раскажыце, як я магу гэта вылечыць ці якія аналізы трэба здаць, каб высветліць, што са мной? Ужо стамілася жыць у такім стане.
Людміла Смірнова:
Рэкамендую зрабіць агульны аналіз крыві і, калі ён у норме, звярнуцца да эндакрынолага.
У мяне пытанне з нагоды АФС і прызначэння аспірыну па-за цяжарнасцю. Ёсць 1 дзіця, 1 цяжарнасць, якая замерла, 10 тыдняў, гематолагам выстаўлены дыягназ АФС 1 катэгорыі (вынікі абследаванняў не на руках, кансультавалася ў 2 спецыялістаў). Пры ўжыванні аспірыну пачаліся міжвольныя крывацёкі з дзяснаў (у мяне таксама маецца КАД на шчацэ), праведзена агрэтаграма трамбацытаў, дзе ступень агрэгацыі 33,6% (N 66-84%) з індуктарам Адрэналін; 59,1% (N 55-74%) Рыстацэтын; 38,1% (N 13-26%) АДФ мкМ 2,5; 26,3% (N 55-100%) АДФ мкМ 1,5. Быў прызначаны вітамін D (Дэвіт па схеме). Адменены аспірын. Пры планаванні цяжарнасці ў будучым прызначаны Фрагмін або Клексан. З іншых абследаванняў: УГД сэрца: скар. функцыя здавальняючая, памеры камер у норме, ПМК 0-1 з рэгургітацыяй 0-1, сярэдне ўшчыльненая сценка аорты. УГД брушной поласці – норма. Біяхімічны аналіз крыві – норма. Неэразіўная ГЭРБ, хранічная язва цыбуліны 12 п. кішкі ў стадыі рубцавання пры эндаскапіі страўніка. З асабістых назіранняў: на працягу жыцця лёгка ўтвараюцца сінякі і падскурныя кропкавыя сінякі на нагах. Маецца варыкознае пашырэнне венаў на адной назе, не турбуе нічога. Калі заўважаю з'яўленне ўсяго гэтага, а таксама пры вялікіх менструацыях (першыя 2 дні), я прымаю Аскаруцін. Усё праходзіць, яго мне ніхто не прапісваў, але, паколькі заўважаю эфект на працягу дня, дык дадзеныя вітаміны ў мяне заўсёды пад рукой. Сінякі з'яўляюцца перыядамі, на мой погляд. Ці варта выкарыстоўваць Клексан і г.д. пры планаванні цяжарнасці і падчас яе, калі паказчыкі крыві, як я разумею, не паказваюць на схільнасць да тромбаў? Як можа дзейнічаць Аскаруцін на папярэджанне ўтварэння сінякоў і вялікіх менструацый? Ці можна мне яго прымаць? Бо проста складана спыніцца, часам магу з'есці 5 або 6 вітамінак за адзін раз.
І яшчэ пытанне. У майго добрага знаёмага тэмпература цела заўсёды 37, яго нічога не турбуе, вельмі рэдка хварэе. Але чалавек пакутуе, бо заўсёды горача, улетку асабліва. Таксама часта п'е ваду. Ці можа такое быць варыянтам нормы (звычайныя аналізы ў норме) або варта пашукаць прычыну?
Людміла Смірнова:
Пры надыходжанні наступнай цяжарнасці вам будзе прызначаны адзін з прэпаратаў нізкамалекулярнага гепарыну. Гэта зробіць гематолаг пры надыходзе цяжарнасці. Аспірын па-за цяжарнасцю, калі ён дае выяўленую крывацечнасць, прымаць не варта. Пры павышэнні D-дымераў больш за дзве нормы можна разгледзець магчымасць прызначэння Ксарэлта. Аднак завочна такія прэпараты не прызначаюцца, патрэбна кансультацыя гематолага. Прэпарат Аскаруцін можаце прымаць, шкоды не будзе. Магчыма памяншэнне ўтварэння сінякоў.
Наконт знаёмага: неабходны агульны аналіз крыві. Калі ён нармальны, звярнуцца да эндакрынолага.
Майму дзіцяці 4 месяцы, у яго павышаны ўзровень трамбацытаў у крыві. У дынаміцы гэта выглядае так: 446-556-660-632-632. Дадзеныя атрыманыя па выніках ААК. Дзіця на грудным выкормліванні, і бываюць рэакцыі на прадукты харчавання, якія, здавалася б, з розных крыніц, не з'яўляюцца алергенамі. Пры гэтым я выконваю ГА дыету з моманту нараджэння дзіцяці. Пра што можа сведчыць такі ўзровень трамбацытаў у крыві і ці звязана гэта з харчовай алергіяй? Ці з'яўляецца павышаны ўзровень трамбацытаў падставай для медагляду?
Наталля Клімковіч:
У вашага дзіцяці рэактыўны трамбацытоз, які можа быць звязаны з носьбіцтвам інфекцыйнага агента, і гэта з'яўляецца нармальнай рэакцыяй. Я б рэкамендавала вам зрабіць аналіз калу на дысбактэрыёз.
Паніжаны гемаглабін, узрост 60 гадоў, прымаю фоліевую кіслату. Як можна падняць гэты паказчык?
Наталля Клімковіч:
Прычынаў паніжанага гемаглабіну можа быць шмат. Таму неабходна зрабіць агульны аналіз крыві, паказаць яго ўчастковаму тэрапеўту, а пры неабходнасці – гематолагу.
Майму дзіцяці 6 гадоў. У яго на працягу ўсяго дня і ноччу вельмі павышанае потавыдзяленне, «хоць майку выціскай», вельмі пацее спіна і галава, пот з непрыемным кіслявым пахам. Носім толькі баваўняную бялізну. Вопратку купляем толькі з натуральных матэрыялаў. Дома тэмпература паветра 20 С. Апрануты заўсёды па надвор'і, не перахутаны. Перыядычна падымаецца тэмпература 37-37,2. Хлопчык важыць 26,5 кг. Рост 123 см. Хранічных захворванняў не выяўлена. Задавала пытанне педыятру, кажа, што ўсё нармальна, гэта асаблівасці вегетатыўнай сістэмы.
Наталля Клімковіч:
Вашаму дзіцяці варта пракантраляваць агульны аналіз крыві. Калі ўсе паказчыкі ў ім адпавядаюць норме, кансультацыя гематолага не патрабуецца. Рэкамендую кансультацыю эндакрынолага і кантроль за рухальным рэжымам хлопчыка – яму паказана дынамічная фізічная нагрузка.
У чым можа быць прычына? Лейкацыты ніжэйшыя за норму (3,50), эрытрацыты вышэйшыя за норму (5,7). Нейтрафілы ніжэйшыя за норму (45,8), лімфацыты абс. колькасць ніжэйшая за норму (1,368), манацыты вышэйшыя за норму (117). Нейтрафілы сегментаядэрныя ніжэйшыя за норму (42). Усё астатняе ў норме.
Людміла Смірнова:
У вас лейкапенія лёгкай ступені. Для больш дакладнага меркавання неабходна прадаставіць агульны аналіз крыві цалкам тэрапеўту або гематологу, лепей два-тры з прамежкам у 3-4 тыдні.
На працягу вельмі доўгага часу трымаецца пастаянная тэмпература ў межах 37,2-37,3, адзначаецца пастаянная слабасць, маецца анемія (пастаянна зніжана жалеза і ферытын), пры здачы крыві павышаны імунаглабулін М, імунаглабулін G у норме. Па УГД працяглы час маецца два лімфавузлы ў печані. Разнастайныя ФГДС, каланаскапіі, УГД, аналізы на розныя інфекцыі нічога не выяўляюць. Падкажыце, калі ласка, ці мае сэнс правярацца на такія захворванні, як: плазмаклетачныя захворванні/хваробы цяжкіх ланцугоў/макраглабулінемія/монакланальныя гамапатыя невыразнага генэзу (МГНГ)/множная міелома.
Людміла Смірнова:
Пры зніжэнні ўзроўню гемаглабіну і ферытыну варта правесці курс лячэння жалезадэфіцытнай анеміі прэпаратамі жалеза. А для выключэння захворванняў крыві, якія вы пералічваеце, неабходна звярнуцца да гематолога, у прыватнасці, Мінскага дыягнастычнага цэнтра.
Пакутую ад празмернай патлівасці ў вобласці шыі, пляча злева і правага боку. Праблема ўзнікае пры любой актыўнасці (прыбіранне, хада) і праходзіць пасля адпачынку. Праходзіла абследаванне ў эндакрынолага і неўролага, нічога не выяўлена. Сітуацыя пагаршаецца. У якім кірунку рухацца?
Людміла Смірнова:
Зрабіце агульны аналіз крыві. Калі ён у норме, паўторна звярніцеся да эндакрынолага.
Мужу 31, у агульным аналізе крыві павышаны паказчыкі: сярэдні аб'ём трамбацытаў (MPV) - 12,5; каэфіцыент вялікіх трамбацытаў (P-LCR) - 45. Такія паказчыкі захоўваюцца на працягу года. Астатнія значэнні ў межах нормы. Паказчыкі біяхіміі (АЛТ, АСТ, глюкоза, гармоны шчытавідкі) таксама ў норме. Муж займаецца спортам у трэнажорнай зале. Скаргаў на самаадчуванне няма. Пра што кажуць дадзеныя паказчыкі і ці трэба дадатковае абследаванне?
Людміла Смірнова і Наталля Клімковіч:
Павелічэнне MPV характэрна для маладых трамбацытаў. Гэта можа быць звязана з інтэнсіўнымі трэніроўкамі ў трэнажорнай зале. Гэта варыянт нормы. І турбавацца не варта.
З дзяцінства моцна пацеюць далоні без прычыны. Ні адзін урач не можа даць канкрэтны адказ, у чым справа.
Людміла Смірнова і Наталля Клімковіч:
Патлівасць далоняў, хутчэй за ўсё, звязана з асаблівасцямі вашай вегетатыўнай сістэмы. Калі паказчыкі агульнага аналізу крыві ў норме, падставы для звароту да гематолога няма.
У сына з нараджэння павялічаны лімфавузел на шыі, таксама ён вельмі моцна пацее. ААК заўсёды ў норме. Ці варта нам турбавацца? Дзіцяці ўжо 8 гадоў.
Наталля Клімковіч:
Звярніце ўвагу на памеры лімфатычнага вузла. Памер нармальнага лімфатычнага вузла – у межах 10 мм. У любым выпадку, нават калі ён павялічаны, такая доўгая яго наяўнасць паказвае на рэактыўны характар (рэакцыя на інфекцыі зоны насаглоткі). Рэкамендую назіранне ў оталарынголага і кантроль агульнага аналізу крыві 1 раз у год.
Пасля родаў на нагах сталі з'яўляцца без прычыны гематомы (сінякі), якія моцна свярбелі. Здавала і аналізы на згушчальнасць, і хадзіла да дэрматолага – усё разводзілі рукамі. Прычыну так і не знайшлі. Праз два месяцы ўсе прайшло. Калі гэта паўторыцца, да якога ўрача ўсё-ткі звярнуцца і на якое захворванне гэта падобна?
Людміла Смірнова:
Паказаныя сімптомы больш характэрныя для алергічнага захворвання. Калі гэта паўторыцца, мэтазгодна звярнуцца да алерголага.
Дзіця (8 гадоў) за два месяцы перахварэла на тры сур'ёзныя захворванні. Адразу перанёс сальманелёз, праз два тыдні пасля выпіскі з бальніцы захварэў на вятранку, а праз пару дзён пасля апошніх высыпанняў падхапіў грып... Зараз з дзіцем усё добра. Прайшло ўжо тры месяцы, ён здаровы, ходзіць у школу, не хварэе. Але за час хваробы моцна схуднеў. І вагу сваю ранейшую дагэтуль не набраў, хаця есць добра. Ці варта нам здаць аналізы, каб зразумець, чаму дзіця такое худое?
Наталля Клімковіч:
Сальманелёз – вельмі сур'ёзнае інфекцыйнае захворванне, якое можа мець наступствы: парушэнне работы ферментаў і суадносінаў мікрафлоры СКТ. Калі паказчыкі агульнага аналізу крыві адпавядаюць норме, вам варта звярнуцца для абследавання да гастраэнтэролага.
Цікавіць, пры якіх лічбах трэба прымаць прэпараты, што павышаюць узровень гемаглабіну? Дзіцяці 8 месяцаў.
Наталля Клімковіч:
Нармальная канцэнтрацыя гемаглабіну для дзіцяці 8 месяцаў – 115-150 г/л. Для вырашэння пытання аб неабходнасці прыёму прэпаратаў жалеза або фоліевай кіслаты вам трэба звярнуцца да педыятра з агульным аналізам крыві.
Мне 34. З 16 гадоў жыву з павышанай патлівасцю. Пастаянна пацеюць далоні, ступні ног і падпахі. У летні перыяд, калі горача, пот часам проста льецца. З-за чаго гэта адбываецца, ці перадаецца гэтая «здольнасць» у спадчыну? Як з павышанай патлівасцю змагацца?
Людміла Смірнова:
Гэта звязана з павышэннем тонусу вегетатыўнай нервовай сістэмы. Звярніцеся да неўролага і эндакрынолага. Патлівасць праходзіць з узростам.
Мне паставілі дыягназ: дыфузная В-вялікаклеточная нехаджкінская лімфома міжсцення. Прайшла першы курс хіміятэрапіі па пратаколе R-CHOP (Украіна, Львоў). У якой клініцы ў вашай краіне займаюцца лімфомамі? І якая прыблізная цана аднаго курса лячэння і знаходжання для замежнікаў?
Наталля Клімковіч:
Рэкамендуем звярнуцца ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім.М.М.Аляксандрава.
Маё дзіця нарадзілася з добрым гемаглабінам, падчас цяжарнасці ў мяне праблем таксама ніякіх не было, заўсёды 140 г/л, толькі да дзевятага месяца апусціўся да 110 г/л. Бліжэй да 2-х месяцаў у дзіцяці гемаглабін апусціўся да 90 г/л, апетыт пагоршыўся. Цяпер нам ужо 2,5 месяца, п'ём Ферапол 1 раз у суткі па 4 кроплі (2 тыдні прымаем, урач сказаў 2 месяцы піць), гемаглабін падняўся да 104 г/л. Ці дастаткова нам нашага лячэння для таго, каб у далейшым пазбегнуць праблем, і якія могуць быць наступствы?
Наталля Клімковіч:
Калі праз два тыдні ад пачатку прыёму прэпарату жалеза прырост гемаглабіну склаў 14 г/л, значыць, лячэнне падабранае правільна. Лячэнне жалезадэфіцытнай анеміі доўгае і складае ў вашым выпадку не менш за 4 месяцы. Бо пасля нармалізацыі гемаглабіну вашаму дзіцяці паказаны прыём прэпаратаў жалеза для аднаўлення тканкавых запасаў. Толькі тады лячэнне будзе поўным.
Ці варта звярнуць увагу на асаблівасць сваіх аналізаў? Справа ў тым, што ў мяне заўсёды (ва ўсіх аналізах) назіраецца нейтрапенія і лімфацытоз. Мне 19 гадоў, ніколі педыятры не звярталі на гэта ўвагу. Паглядзела сваю дзіцячую карту, сітуацыя прыкладна такая ж. Сутнасць: нейтрафілы 25-35% у сярэднім, лімфацыты 60-65%. У апошнім прафілактычным аналізе ад 26 студзеня: 25,8% нейтрафілаў, 1,31 абс., лімфацыты 61,2%, лейкацыты 5,08. Усе астатнія паказчыкі ў норме. Паталагічных формаў клетак няма, палачкаядзеррныя не перавышаюць 6%. Ці варта звяртацца за даабследаваннем да спецыяліста, ці гэта з'яўляецца індывідуальнай асаблівасцю?
Людміла Смірнова:
У вас маецца нейтрапенія лёгкай ступені. Прычынаў для гэтага некалькі. Перш за ўсё трэба выканаць ФГДС, выключыць Хелікабактар пілоры, выканаць УГД органаў брушной поласці, здаць аналіз крыві на антыцелы вірусаў герпес-групы.
Падкажыце, калі ласка, пра асаблівасці вядзення цяжарных з НТ. Хто павінен кантраляваць дазіроўку НМГ, ці неабходна рабіць аналіз на анты-XA? Дзе ў Мінску можна зрабіць тромбаэластаграму?
Людміла Смірнова:
Падчас цяжарнасці неабходна кантраляваць дазіроўку НМГ не радзей за 1 раз у месяц. Кантроль выконвае акушэр-гінеколаг жаночай кансультацыі па ўзроўні D-дымераў. Тромбаэластаграму можна зрабіць у РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, ва ўсіх буйных шматпрофільных клініках, Мінскім кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры.
У мяне павышаная патлівасць верхняй часткі тулава (спіна, грудзі, галава), але рукі і ногі не пацеюць. Пацею і ад фізнагрузак, хуткай хады, і проста калі ўвайду ў цёплае памяшканне. Усім нармальна, а з мяне пот цячэ! Мне 40 гадоў, жанчына, вага 90 кг, рост 170 см, гармоны ў норме, але ёсць шматвузлавы валляк шчытападобнай залозы. Іншых захворванняў быццам няма, ціск 120/80 мм рт.сл. У маладосці таксама магла моцна ўспацець, у асноўным падпахі, але значна меней, чым цяпер. Звярнула ўвагу, што патлівасць павялічылася пасля вымушанага перапынення цяжарнасці ў 28 гадоў. Я пачала набіраць вагу (была 68-70 кг) і моцна пацець. Звярталася да эндакрынолагаў з гэтым пытаннем, але яны нічога пэўнага не сказалі. Дзе і ў каго можна пракансультавацца па гэтым пытанні? Ці, можа, мне трэба моцна схуднець?
Людміла Смірнова:
Улічваючы гісторыю вашага сімптомакомплексу, рэкамендуем звярнуцца ў прафесарскі лячэбна-кансультатыўны цэнтр БелМАПА да эндакрынолага.
Зараз дачцэ 4,5 года. У 10 месяцаў без на тое прычыны ўпаў гемаглабін да 61 г/л, паднялі даволі хутка прэпаратамі жалеза. У тры гады роўна пайшла ў садок, быў вельмі моцны стрэс, з'явілася слабасць (не магла хадзіць наогул, толькі ляжала днямі), валасы пачалі выпадаць клоччамі. Аказалася, што на фоне добрага гемаглабіну нізкае жалеза (2,5 мкмоль/л пры мінімуме 9 мкмоль/л). І вось ужо паўтара года дачка п'е «Ферум Лек» па 5 мл штодня, пры гэтым узровень жалеза трымаецца каля 100 г/л, каляровы паказчык 0,76. Некалькі месяцаў таму адмянілі «Ферум Лек», але ўзровень жалеза праз месяц пасля адмены зноў быў нізкі, слабасць з'явілася і выпадзенне валасоў. Некалькі разоў ляжалі ў бальніцы на абследаванні, прычыну на дадзены момант не выявілі. Прапануюць проста і далей піць жалеза. Падкажыце, калі ласка, якая можа быць прычына? Куды можна звярнуцца для абследавання? Паўтара года таму ў мяне рэзка павялічыліся лімфавузлы (шыйныя, падсківічныя, падпахавыя, пахвінныя) да 3 см. Звярталася да многіх урачоў, аналізы ў норме, прычыну не выявілі. Некалькі вузлоў выразалі для біяпсіі, анкалогіі няма. Турбуюць начное потавыдзяленне, нізкі ўзровень жалеза пры нармальным гемаглабіне, слабасць і выпадзенне валасоў. Таксама (не ведаю, звязана гэта ці не) паўтара года таму з'явілася тахікардыя да 120 удараў у спакойным стане, прычыну таксама не знайшлі, турбуе перыядычна да гэтага часу. Падкажыце, якая прычына можа быць?
Наталля Клімковіч:
У вашага дзіцяці жалезадэфіцытная анемія, для лячэння якой паказаны прыём прэпаратаў жалеза. Аднак іх варта падбіраць індывідуальна. Яны не ва ўсіх аднолькава добра працуюць, і ў вашым выпадку трэба зрабіць змену прэпарату. Для разліку дозы і падбору лекавага сродку звярніцеся да педыятра. А вам варта зрабіць аналіз крыві на сыроватачны ферытын і, у выпадку зніжэння, таксама прымаць прэпараты жалеза. Іх вам можа прызначыць тэрапеўт.
У майго сына (17 гадоў) працяглы субфебрылітэт (37-37,2). Патлівасць. Здалі ўсе аналізы крыві, прайшлі ўсіх урачоў (кардыёлаг, інфекцыяніст, лор, акуліст, неўролаг) – нічога не знаходзяць. Што нам рабіць?
Наталля Клімковіч:
Вашаму сыну трэба здаць аналіз крыві на ферытын, АСЛ-О і СРБ, а таксама на антыцелы да вірусаў герпес-групы. Паказаная кансультацыя эндакрынолага.
Фота – Аксана Жураўлёва.
У сярэднія вякі селядзец не ўяўляў асаблівай кулінарнай каштоўнасці і вялікім попытам карыстаўся толькі ў бедных слаёў насельніцтва – з-за сваёй таннасці.
Вядомы факт, што кароль Людовік IX Святы выкарыстоўваў яе як міласціну і накіроўваў у калоніі. Гэтая рыба змяшчае шмат костак, дрэнна вяліцца, пры доўгім захоўванні гарчыць, таму вынік яе прыгатавання не апраўдваў патрачаных намаганняў.
Усё змянілася, калі рыбак Якаб Бейкельс з Галандыі пачаў выдаляць жабры непасрэдна перад засолкай рыбы ў бочкі. Як аказалася, менавіта яны надавалі рыбе гаркаваты прысмак. І рабіў ён гэта прама на рыбалоўным судне.
Такім чынам, калі яно прыходзіла ў порт, рыба была ўжо прасоленая і гатовая да ўжывання. Такі спосаб захавання селядца хутка стаў вядомым у Еўропе і паклаў пачатак масаваму спажыванню гэтай рыбы, якое працягваецца і па сёння.
Селядзец не лiчыцца рыбай прэміум-класа, але, нягледзячы на сваю таннасць, валодае шэрагам карысных уласцівасцяў. Адной з іх з'яўляецца высокае ўтрыманне ў рыбе поліненасычаных тлустых кіслотаў сямействаў Амега-6 і Амега-3. Яны не ўтвараюцца ў арганізме чалавека, але пры гэтым дапамагаюць абараніць сасуды ад атэрасклерозу, умацоўваюць імунітэт. Цікава, што ўтрыманне карысных тлустых кіслотаў у звычайным селядцы такое ж, як і ў сёмзе ці фарэлі.
Параўнанне розных відаў рыбаў па ўтрыманні Амега-3 поліненасычаных тлустых кіслотаў
Рыба (на 100 г) | Утрыманне Амега-3 поліненасычаных тлустых кіслотаў (г) |
Вугор | 5,6 |
Скумбрыя | 0,8-7,5 |
Селядзец, кілька | 1,3-3,7 |
Фарэль, сёмга | 1,1-2,2 |
Макрэль, сардыны | 1,6-1,8 |
Палтус | 0,7-1,1 |
Траска, сайда, камбала | 0,1-0,5 |
Акрамя карысных Амега-3 поліненасычаных тлустых кіслотаў, селядзец багаты на вітаміны Е, А, В1, В12, В6. Паказана, што частата спажывання рыбы напрамую звязана з забяспечанасцю вітамінам D: порцыя ў 50 г селядца здольная забяспечыць насычэнне арганізма дадзеным вітамінам на 50-80% ад яго сутачнай патрэбы. Вясновая дэпрэсія? Магчыма, у вашым арганізме не хапае менавіта вітаміна D?
Селядзец таксама змяшчае мінеральныя рэчывы: кальцый, фосфар, магній, ёд і селен. Яны ўдзельнічаюць у абменных працэсах, што спрыяе павышэнню працаздольнасці арганізма. Бясспрэчную каштоўнасць маюць бялкі, якія ўваходзяць у склад гэтай рыбы. Яны ўтрымліваюць усе незаменныя амінакіслоты, а адсутнасць шчыльных злучальнатканкавых перагародак спрыяе іх лёгкаму засваенню.
Так за невялікія грошы можна набыць карысны і збалансаваны прадукт з прыемным смакам.
Зараз вялікай папулярнасцю сярод насельніцтва карыстаюцца рыбныя прэсервы – гэта разабраны селядзец, расфасаваны ў пластыкавую ўпакоўку. Ён можа быць у алеі, марынадзе або падліўцы з рознымі прыправамі і дадаткамі.
Многія лічаць, што для размякчэння рыбных костак вытворцы ўжываюць шчолач, але гэта не так. Па нормах выкарыстанне шчолачы ў харчовай прамысловасці забаронена. Паводле ГОСТу на выраб рыбных прэсерваў, дазваляецца ўжываць толькі лімонную і воцатную кіслату. Яны дадаюцца ў спецыяльны расол, які называецца тузлук. Дзякуючы яму адбываецца працэс выспявання, у выніку якога размякчаюцца костачкі, а рыба набывае далікатны і прыемны смак.
Каб правільна выбраць рыбныя прэсервы, неабходна звярнуць увагу на ўмовы захоўвання ў краме.
Тэмпература ў халадзільніку, дзе знаходзіцца прадукцыя, не павiнна падымацца вышэй за нуль градусаў.
Таксама звяртайце ўвагу на саму ўпакоўку: яна павінна быць герметычнай. У якасным прадукце заліўка светлая і без дадатковых прымешак.
Колер селядца павінен быць сіне-сталёвым, без карычневых палос на брушку, якія сведчаць пра яе заляжаласць. Такая рыба можа выклікаць моцную алергічную рэакцыю, ажно да анафілактычнага шоку, з-за назапашанага гістаміну.
Калі рыба расфасаваная кавалачкамі, яны павінны быць цэлымі і мець роўныя зрэзы.
Рэкамендуем устрымацца ад куплі рыбы і рыбных прэсерваў з рук і ў месцах, не прызначаных для продажу, бо якасць і бяспеку прадуктаў вам ніхто не гарантуе. З вялікай верагоднасцю на момант продажу ўжо будуць парушаныя ўмовы транспарціроўкі і захоўвання такіх прадуктаў.
Калі ж вы набываеце рыбу цалкам, якасны селядзец павінен мець бліскучыя вочы, пругкую, бліскучую тушку без слізі, пры націску скура не павінна праціскацца, а сама рыба павінна мець прыемны водар.
Пры самастойнай засолцы памятайце, што на паветры пад уздзеяннем кіслароду карысныя Амега-3 поліненасычаныя тлустыя кіслоты хутка акісляюцца і з'яўляецца непрыемны смак і пах, а сама рыба набывае карычневую афарбоўку. Вось чаму саліць і захоўваць селядзец трэба цалкам пакрытым расолам або марынадам. На жаль, пагаршэнне смаку назіраецца не толькі пры пасоле.
Паколькі рыба – прадукт, які хутка псуецца, прагорклы смак можа з'явіцца і ў запечаным або смажаным вырабе нават пры кароткачасовым захоўванні ў халадзільніку.
Пры бясспрэчных вартасцях гэтага прадукту ёсць і галоўны недахоп – велізарнае ўтрыманне солі ў рыбных прэсервах або ў засоленай рыбе.
Устаноўлена, што ў 100 г слабасалёнага селядца змяшчаецца больш за 3 г солі, а гэта палова ад сутачнага запатрабавання здаровага чалавека (яно не павінна перавышаць 6 г у суткі), і практычна норма для людзей, якія пакутуюць на сардэчна-сасудзістыя захворванні (рэкамендуецца не больш за 3 г ). І гэта без уліку той солі, якую чалавек дадаткова ўжывае на працягу сутак з іншымі прадуктамі.
Прэсервы прамысловай вытворчасці ўтрымліваюць харчовыя дабаўкі: кансерванты (бензаат натрыю), антыакісляльнікі, узмацняльнікі смаку і водару (глутамат натрыю).
Несумненна, есці селядзец неабходна, але ва ўмераных колькасцях. Для дарослага здаровага чалавека непажадана спажываць больш за 100 г салёнай рыбы ў дзень. І, вядома, гэта прадукт не на кожны дзень. Людзям, якія пакутуюць ад павышанага ціску ці захворванняў нырак, неабходна з асцярогай ставіцца да селядца, бо празмернае ўжыванне солі можа спрыяць абвастрэнню захворванняў.
Ёсць і альтэрнатыва набытаму ў краме салёнаму селядцу – выкарыстанне замарожанай рыбы. Яе можна самому засаліць, выкарыстоўваючы меншую колькасць солі, а таксама пасмажыць ці запячы. Апошні спосаб падрыхтоўкі лічыцца найлепшым.
Навукова даказана, што пры запяканні захоўваюцца карысныя рэчывы, у тым ліку і Амега-3 поліненасычаныя тлустыя кіслоты, разбураюцца толькі вітаміны.
Словам, карысна і нядорага!
One fine body…