І ўсё ж такі – ёсць. І нікуды ад гэтага не схаваешся. І два месяцы лета – шу-у-ух! Няма… Толькі ва ўспамінах і фотаздымках. Пасмажыўшыся ў чэрвені і прымусова «паплаваўшы» ў ліпені, углядаемся ў жнівень з надзеяй. Мо, нарэшце, гэты месяц калі і не будзе ідэальным, дык спалучыць у сабе і тое, і другое – у разумных межах і камфортных прапорцыях?! Хаця б так, як на гэтым фота!:)
Але загадвай-не загадвай, а атрымаем мы тое, што запланавана… нябеснай канцылярыяй. Таму проста настройваемся на максімальна незалежнае ад капрызлівага надвор’я ўспрыманне наваколля і… Захапляемся жыццём і адчуваем задавальненне ад зробленага!
На дачнай сядзібе, уласным падворку, у гасцях – рэлаксуем на арэлях з маскітнай сеткай! Адсутнасць камароў, мошак, мух – гэта, паверце мне, вялікая справа, асабліва на прыродзе. А калі тэмпература паветра і адсутнасць ападкаў дазваляе, дык прыснуць там так хораша!
Пазіраючы на гэтыя гронкі, любуючыся імі, марачы пра будучы ўраджай, хочацца ціхенька (а можа, нават і гучна – няхай суседзі таксама пачуюць і пазайздросцяць!:)… заспяваць вядомае: «Там, дзе спее вінаград… зялё-ё-ё-ё-ёёны…»
А заадно прыгадаць яго гісторыю. І тое, што яму ўжо больш за 7 тысяч гадоў – пацвярджаецца раскопкамі. І што старажытнагрэчаскі ўрач-лекар яшчэ пісаў, што грудное малако і ягады вінаграда па біяхімічных рэчывах, якія ўтрымліваюць, практычна ідэнтычныя. І што ў тыя часы вінаградам нават лячыліся ад фізічных недамаганняў.
А зараз, сцвярджаюць спецыялісты, яго асабліва карысна есці (ледзь не напісала – прымаць!:) ) тым, хто мае паталогіі лёгкіх, а таксама пры гіпертаніі, малакроўі, знясіленні і нервовай узбуджальнасці. І яшчэ пры шмат якіх захворваннях (шукаем у сеціве інфу самастойна!), але не забываючыся пра супрацьпаказанні: пры вострай стадыі туберкулёзу, цукровым дыябеце – нельга, пры высокім артэрыяльным ціску, страўнікава-кішэчных захворваннях у стадыі абвастрэння – з асцярогай.
Сёлетні жнівень асабіста на нашай дачнай сядзібе абяцае быць… памідорным! А задзел гэтаму ўжо даў ліпень. Чамусьці значна раней, чым летась, пачалі чырванець-ружавець-жаўцець-аранжавець у стацыянарнай цяпліцы і (што таксама выклікала мора здзіўлення!) на вуліцы гэтыя спакуслівыя плады. Жоўты ж на талерцы іскрыцца, бы… дыня, няйнакш!:)
Мой любімы жоўты (сонечны!!!) колер лашчыць вока на сядзібе ў розных мясцінках. Адзіная з куставых ружа (большую колькасць не заводжу, бо зусім няма калі даглядаць, на жаль) якраз такая, калісьці спецыяльна абраная. Нават яе сярэдзінку можна разглядаць і рэлаксаваць, ці не так?!:)
А занесены некалькі гадоў таму ветрам (ці птушкамі?) з лесу святаяннік, які прарос і заквітнеўся на кучы з гравіем, я тады ж перасадзіла на градку. Супраць чаканняў, нягледзячы на тоненькія і слабенькія карэньчыкі, ён там няблага пачуваецца. І зімуе, і ўвесну зелянеецца, і ўлетку квітнее. Прычым дае ўжо нават не адзін «ураджай».
Пасля зразання даволі хутка адрастае і зацвітае. Не толькі на святога Яна (адкуль у яго, уласна кажучы, і назва) – 7 ліпеня – але і перад гэтай датай, і пасля. Заўтра жнівень, а на маёй градцы – жоўтыя кветачкі святаянніку, расліны ад 100 захворванняў. У нашай сям’і, галоўным чынам, выкарыстоўваецца для духмянай гарбаты. Смачнай і лекавай.
Адышоўшы напрыканцы ліпеня-на пачатку жніўня ад колеру жоўтага, трапляем у палон да чырвонага! О, гэтыя заваблівыя цыніі! Прыгажосць – позірку не адвесці! А чырвоны колер зараджае энергіяй, пазітывам, актывізуе дзейнасць галаўнога мозгу…
І ўсё чаму?! Бо яго электрамагнітнае поле нашмат большае, чым у іншых колераў. Так што, калі няма магчымасці любавацца букетам з чырвоных кветак… Вось фота маёй любімай цыніі!
А калі ў жніўні ўжо адышла маліна першага ўраджаю, а другога яшчэ толькі збіраецца акрэсліцца кветачкамі… Варэнне наваранае – і асобна, і з чарніцамі (лекавае і тое, і тое!)… Вось яшчэ фота – для настрою. І рэлаксу. І для актывізацыі нашага мозгу!:)
…Развітальна махаючы насоўкай услед ліпеню, мы рыхтуемся хлебам-соллю сустракаць жнівень. А што чакаеце ад яго вы, шаноўныя сябры? І чым запомніўся гэты месяц па году мінуламу?
Пераваліла за палавіну, імкліва пакацілася з гары лета. Калі хочаш ухапіць за падол квятастыя дзянькі і паспытаць іх на смак, не спі ў шапку, збірай ягады! Саспела маліна, чарніцы, суніцы, ажыны, вішня, чорная смародзіна – ці, як яшчэ кажуць беларусы, «смурода». А вось чырвоную і белую смародзіну ў нас называюць яшчэ «парэчкамі».
Менавіта пра іх, сціплых жыхарак ці не кожнага панадворка і лецішча, павядзецца гаворка. Пачула нядаўна сярдзітае ад гаспадыні: «Парэчка прэ, куды падзець – не знаю! Няхай бы што талковае так расло!»
Закарцела заступіцца за гэтую звыклую ягадку. Бо, як і бывае найчасцей, ганяемся за тым і цэнім больш тое, што менш даступна і даецца цяжэй. Вось, да прыкладу, пакуль чарніц ці журавін назбіраеш – камароў накорміш, можа і кляшчоў нахапаешся па лесе, спіну звярэдзіш у паклонах. Затое – герой, ягад здабыў! А што парэчкі: у куст ля хаты ўбіўся, на зэдлік сеў – і шморгай прыгоршчамі!
Між тым, парэчкі надзвычай карысныя і каштоўныя! Белая і чырвоная, што праўда, у некалькі разоў саступаюць чорнай па наяўнасці вітаміну С. Затое больш, чым чорныя, утрымліваюць жалеза, неабходнага для ўтварэння новых крывяных клетак і падтрымкі сасудаў, а таксама калію, што дабратворна ўздзейнічае на сэрца і дапамагае змагацца з ацёкамі.
Дарэчы, белыя парэчкі – альбіносы, па свайму ж складу і вартасцях яны ні ў чым не канкурыруюць з чырвонымі і аднолькава ўздзейнічаюць на сардэчна-сасудзістую сістэму чалавека. Ані не горш за паважаны і не танны плод граната! А ёду ў парэчках не менш, чым у хурме ці фейхаа – прызнаным лідары сярод раслін свету!
Растуць парэчкі паўсюль на Еўразійскім кантыненце. Ёсць меркаванне, што не проста карыстацца дзікарослымі ягадамі смародзіны, а разводзіць іх у манастырскіх садах на Русі пачалі ажно ў 11-м стагоддзі! Імі харчаваліся, з іх рабілі лекі. У 17 стагоддзі лекары Італіі і Францыі пачынаюць актыўна выкарыстоўваць ягады парэчак для ацалення хворых.
Што да версій паходжання назвы «смародзіна», то іх некалькі. Адна сцвярджае, што расліна здабыла яе ў даўнія часы праз моцны сваеасаблівы пах лістоў, «смярдзела». Іншая – што слова «смародзіна» паходзіць ад «самародак» – сам па сабе народжаны, той, што не мае пачатку. А яшчэ мяркуюць, што слова гэтае азначае «чырвоны, вогненны».
Памятаеце раку Смародзіну з казак? Менавіта на ёй збудаваны Калінаў мост, дзе казачны герой сустракаецца і ваюе з Цудам-Юдам. Калі ісці ад значэнняў слова, выходзіць, што Смародзіна – вогнена-чырвоная рака, народжаная сама па сабе, якая не мае ні пачатку, ні канца. У казачным свеце яна аддзяляе свет жывых ад іншасвету, ёсць прастора, дзе Дабро і Зло сустракаюцца ў смяротным паядынку – і Дабро перамагае! І, нібыта, спрадвеку па-над ракой і раслі кусты з дзівоснымі ягадамі – парэчкі, яны ж – смуроды. Напоўненыя не проста вітамінамі – жыццядайнай казачнай сілай.
Праўда ці не – можна гадаць і чытаць казкі. А тым часам вітамінізавацца з дапамогай парэчак.
Знаўцы сцвяржаюць, што порцыя ягад у 200 грамаў здольная кампенсаваць дзённую патрэбу арганізма ў вітамінах і мікраэлементах пры звычайным ладзе жыцця. Пры павышаных фізічных нагрузках альбо частых прастудах рэкамедуецца спажываць да 300 грамаў парэчкі.
Безумоўна, ёсць і абмежаванні – асцярожнымі павінны быць людзі з гастрытамі і язвай страўніка.
Астатнія – не наракайце на багаты ўраджай простай, на першы погляд, ягады. Карыстайцеся напоўніцу!
Танная, даступная – але праз гэта не менш каштоўная, чым заморскія, дарагія.
У сезон ешце свежымі, варыце кампоты, а ў зіму замарожвайце, цісніце з ягад сок, варыце джэмы – назапашвайце казачную моц!
Я ж падзялюся рэцэптам ягаднага соуса да мяса. Варыла на вёсцы на выходных. Госці елі – ажно насы ўпрысядку скакалі. Пыталі рэцэпта – дзялілася, не скупілася. Падзялюся і з вамі – усё дзеля таго, каб мелі магчымасць таксама праэксперыментаваць і ўпэўніцца, што парэчкі і стравы з іх – цудоўныя.
Соус адразу падаваўся на стол, таму рэцэпт – на спажыванне адразу, а не нарыхтоўка ў зіму.
Інгрыдыенты:
На 1,5 літра соку спатрэбіцца вялікая цыбуліна і яблык.
Прыгатаванне:
З ягад белай і чырвонай парэчкі выціснуць сок.
Яблык і цыбуліну таркуем на буйной тарцы, варым у соку з парэчак да гатоўнасці.
Варыва павінна крыху загусцець.
Пры жаданні ў якасці загушчальніка можна дадаць сталовую лыжку крухмалу (у самым канцы варкі).
Дадаем молаты перац – на свой густ, я брала духмяны, соль па смаку і цукру 4 сталовыя лыжкі.
Калі соус гатовы, кідаем часнок (колькасць залежыць ад асабістага густу) і дробна нарэзаны кроп. Таксама на аматара.
Перамешваем і адразу здымаем з пліты. Даем адстыць – соус гатовы.
Смачна есці!
У папярэдняй частцы матэрыялу мы падрабязна спыніліся на тым, як развіццё камп'ютэрных тэхналогій адбіваецца на вастрыні зроку ў дзяцей і падлеткаў. Вынік несуцяшальны: кожны трэці беларускі школьнік мае тыя ці іншыя анамаліі рэфракцыі – блізарукасць (часцей за ўсё), дальназоркасць або астыгматызм.
У сваю чаргу, дэфекты рэфракцыі з'яўляюцца спрыяльнай глебай для развіцця іншых паталогій органаў зроку. Напрыклад, афтальмолагі адзначаюць устойлівую тэндэнцыю апошніх гадоў да «сталеючай» касавокасці.
І хто пра што найперш падумаў?! Не, не пра святлафор захацелася напісаць. Уявіце сабе, пра экалогію... Пра тую самую, на якую мы так любім спасылацца.
Шматлікія захворванні, дрэннае самаадчуванне, хранічная стомленасць? Дык гэта экалогія вінаватая. І вынікі аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Наконт апошняга спрачацца не буду. І сама ўпэўнена, і так кажу часцяком. Не паўплываеш ужо, на жаль, не павернеш махавік часу... А што датычыць экалогіі... Нядаўна прачытала разважанні школьніцы на гэты конт. І пагадзілася з вядомым: усё пачынаецца з маленькіх крокаў. Кожнага.
А вось і можам мы паўплываць на экалогію, папрацаваць на яе паляпшэнне! Іншая справа, што ніхто не любіць прызнавацца, што робіць часам не тое. Напрыклад, у плане раздзельнага збору смецця. У чым сэнс, спытаецеся?! Ды каб меней тых другасных рэсурсаў, асабліва пластыку, трапляла на зямлю і ў яе, валялася пад дрэвамі ў лесе і проста пад нагамі.
якая шкода?! Ды толькі дзін маленькі прыклад. ПЭТ. Поліэтылентэрэфталат. Уф, быццам правільна напісала. А вось вымавіць гэта з першага разу і не атрымліваецца. Тым не менш! Менавіта з яго робяць упакоўкі для вады, газаваных напояў, піва, квасу, малочнай прадукцыі ды іншага. І вельмі настойліва не раяць выкарыстоўваць гэтую тару другі раз – пад што-небудзь.
Бо ПЭТ можа выдзяляць фталевую кіслату і этыленгліколь, што пагражае арганізму чалавека. Прычым не дзесьці там адцягнена і ўяўна, а даволі-такі рэальна, сцвярджаюць даследчыкі. Таму ПЭТ разам з іншым – на перапрацоўку! Але ніяк не ў кантэйнеры з бытавым смеццем, якія вывозяцца на палігоны з бытавымі ж адыходамі.
У нашым Чэрвені для збору пластыкавых бутэлек стаяць кантэйнеры-«сеткі» жоўтага колеру і тыповыя серабрыстыя – з адпаведнымі наклейкамі. І са зборам пластыку больш-менш справа нядрэнная. Іншая справа – з вывазам. Часцяком кантэйнеры стаяць перапоўненыя. І ладуеш-ладуеш сваю бутэльку на тую піраміду... А хтосьці і замарочвацца не будзе. У лепшым выпадку – кіне побач. І скажыце, што ён няправы?!
Што ж датычыцца кантэйнераў іншага колеру... Дык у тых, што для збору асобных відаў смецця – пластыку, шкла, ды іншага – што заўгодна, толькі не тое, што туды, адпаведна надпісам і наклейкам, павінна трапляць. Часцяком – проста бытавое смецце. І я ніяк не зразумею, чым кіруюцца людзі, якія робяць гэтак. І ў канчатковым выніку шкодзяць свайму здароўю і здароўю ўсіх навакольных. Нічога новага не напішу, але ж сапраўды: проста не задумваюцца. Такі бытавы пафігізм, які з кожным годам усё больш і больш завалодвае розумам, душой і сэрцам... І вельмі сумна ад гэтага ўсведамлення...
Памятаю, як некалькі гадоў таму, калі як журналіст асвятляла падзеі і жыццё Старадарожскага раёна, уразілася працай тамтэйшай ЖКГ, якую ўзначальваў Дзмітрый Кушын.
Пісала пра іх тады не раз і не два. Цікавыя ініцыятывы, дзесьці нават перабудова людской свядомасці... І збор на палігоне бытавых адыходаў пластыку, паперы з кардонам ды шкла. Яшчэ за гэта і грошы плацілі. А ахвотныя знаходзіліся – з навакольных вёсак.
Пабудова за ўласныя сродкі лініі сартавання адыходаў у Старых Дарогах уразіла тады ўсю вобласць. Суседзі прыязджалі, каб пераняць вопыт. Таксама была ў тым ангары, і не раз. Добрая ініцыятыва Дзмітрыя Віктаравіча. А якое афармленне ўезду на палігон! Кветнікі! А чысціня!
Спадзяюся, што яго справу працягваюць. Бо сам Дзмітрый Кушын, як выпадкова даведалася з усюдыіснага сеціва, з восені мінулага года ўзначальвае аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Глускага райвыканкама. Думаю, і там яго ініцыятывы знаходзяць практычнае прымяненне...
А самі Старыя Дарогі – гэта такі астравок кветкавай прыгажосці і зялёнай разнастайнасці! Вось дзе насамрэч лёгка дыхаецца... І ў многім – дзякуючы працы работнікаў камунгаса. А яшчэ – супрацоўнікам разнастайных арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, якія (праўда, не ведаю, як зараз) кожны чацвер выходзілі на замацаваныя тэрыторыі, каб навесці там парадак. І, натуральна, ініцыятыва гэтая назвалася «чыстымі чацвяргамі». А я дадаю: па-старадарожску.
Так што для прыемнага адпачынку Старадарожчына – мясцовасць проста цудоўная! Раю! Заўсёды з задавальненнем прыязджала туды ў камандзіроўкі. І людзі там гасцінныя і душэўныя... А ўсё чаму?! Бо сярод іншага сапраўды дбаюць пра экалогію. Калі не кожны, дык многія...
А што ж мы самі?! Будзем мяняць свядомасць?! Ці ўсё ж гэта нерэальна цяжка?!
Пра фактары рызыкі і прычыны, якія могуць справакаваць развіццё рассеянага склерозу (РС), мы распавялі ў нашым папярэднім матэрыяле. У другой частцы артыкула гаворка пойдзе пра сімптомы, метады дыягностыкі і тэрапію хваробы.
Экспертам Слушна выступіла Ганна Буняк, старшы навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі.
Рассеяны склероз (далей – РС) – захворванне з рознай клінічнай карцінай. У шэрагу выпадкаў першыя сімптомы праходзяць самастойна, і пацыенты на іх забываюцца. Бываюць сітуацыі, калі людзі не адразу трапляюць на кансультацыю да неўролага. Напрыклад, у маладога чалавека знік зрок на адно вока альбо ён прыйшоў да афтальмолага са скаргамі на «расплывістую пляму» перад вачыма. Хутчэй за ўсё, будзе пастаўлены дыягназ «рэтрабульбарны неўрыт», але гэта можа быць і першы эпізод РС.
Хвароба можа пачынацца з уралагічных праблем. Напрыклад, у чалавека з'явіліся частыя пазывы да мочаспускання і нетрыманне мачы. Як правіла, ён звяртаецца да ўролагаў і праходзіць курс лячэння. І толькі калі з'яўляецца іншая неўралагічная сімптаматыка, яго накіроўваюць да неўролага для даабследавання.
У некаторых выпадках захворванне можа пачынацца з дэпрэсіўнага эпізоду або павышанай стамляльнасці. Пацыенты апісваюць яго як агульную слабасць, але часта не могуць сфармуляваць свае адчуванні. Пры гэтым у іх падае працаздольнасць, яны хутка стамляюцца, прачынаюцца з адчуваннем стомленасці.
Дыягнастычныя крытэрыі, па якіх сёння працуюць спецыялісты ва ўсім свеце, – крытэрыі Макдональда. Апошні раз іх пераглядалі ў 2017 годзе, калі былі ўнесеныя прапановы па спрашчэнні пастаноўкі дыягназу «рассеяны склероз».
Дыягназ РС – гэта дыягназ-«хамелеон». Пры любых сімптомах, характэрных для рассеянага склерозу, трэба спачатку выключыць іншыя захворванні з групы інфекцыйных і аўтаімунных з падобнай клінічнай МР-карцінай. Адно з такіх захворванняў – Лайм-барэліёз, у той стадыі хваробы, калі пашкоджваецца нервовая сістэма. У такіх выпадках пацыентаў накіроўваюць на аналіз крыві на вызначэнне антыцелаў да Лайм-барэліёзу.
Іншае захворванне, якое можа хавацца пад маскай РС, – антыфосфаліпідны сіндром. Ён часцей сустракаецца ў жанчын. У дадзеным выпадку на дапамогу спецыялістам таксама прыходзіць лабараторная дыягностыка.
Вылучаюць яшчэ клінічны ізаляваны сіндром – з'яўленне першага клінічнага эпізоду захворвання – і радыелагічны ізаляваны сіндром, калі выяўляюцца змены на МРТ галаўнога або спіннога мозгу (ачагі дэміелінізацыі), але клінічных зменаў няма. Як правіла, такія пацыенты патрабуюць дынамічнага назірання. У выпадку ўзнікнення любой клінічнай сімптаматыкі, скаргаў пацыента або змяненняў па МРТ (новыя або актыўныя ачагі дэміелінізацыі), будзе прызначанае неабходнае лячэнне.
РС – гэта хранічнае прагрэсавальнае захворванне цэнтральнай нервовай сістэмы, але працякаць яно можа па-рознаму ў кожнага пацыента. Хтосьці можа за год ад пачатку стаць глыбокім інвалідам, у іншых хвароба можа гадамі спрыяльна працякаць без сур'ёзных неўралагічных парушэнняў.
Лячэнне рассеянага склерозу падзяляецца на лячэнне абвастрэнняў, сімптаматычную тэрапію і лячэнне, якое мадыфікуе працяканне РС. Апошняе з'явілася ў Беларусі з 2018 года.
Лячэнне абвастрэнняў мае на ўвазе прымяненне глюкакартыкастэроідных гармонаў, абменнага плазмаферэзу.
Пасля лячэння абвастрэнняў, калі стан пацыента стабілізуецца, вырашаецца пытанне аб прызначэнні лекавых сродкаў з групы ПІТРС (прэпаратаў, якія змяняюць працяканне рассеянага склерозу).
Цяжэй за ўсё паддаецца лячэнню і хутчэй прыводзіць да інваліднасці першасна-прагрэсавальны РС.
Беларусь без перабольшання можна назваць адным з флагманаў сярод краін Усходняй Еўропы па прасоўванні прынцыпаў здаровага ладу жыцця (ЗЛЖ) ва ўсіх узроставых групах насельніцтва. Гэта магчыма дзякуючы таму, што паляпшэнне якасці жыцця і здароўя насельніцтва застаецца адным з асноўных накірункаў нацыянальнай палітыкі на працягу многіх гадоў.
Зараз у краіне рэалізуецца Інфармацыйная стратэгія здаровага ладу жыцця, а таксама праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь» (БелМЕД) пры ўдзеле шэрагу падраздзяленняў ААН і падтрымцы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Пра новыя праекты і перспектывы рэалізацыі маштабных праграм у Нацыянальным прэс-цэнтры журналістам распавялі:
Як паведаміла Вікторыя Спяранская, у краіне па ініцыятыве і з удзелам Міністэрства аховы здароўя Беларусі праводзіцца цэлы шэраг прафілактычных мерапрыемстваў. Бо дзейнасць міністэрства, падкрэсліла спецыяліст, звязаная не толькі з лячэннем, аказаннем даступнай і якаснай медыцынскай дапамогі кожнаму, але, у першую чаргу, з прафілактыкай розных захворванняў сярод усіх узроставых груп і слаёў насельніцтва.
Так, у краіне рэалізуюцца акцыі:
Згодная з каляжанкай і Габрыэла Івона Акімава, намеснік прадстаўніка Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЭФ) у Рэспубліцы Беларусь.
Эксперт асабліва акцэнтавала ўвагу на псіхічным складніку агульнага здароўя. Бо стрэс стаў неад'емнай часткай сучаснага жыцця для людзей любога ўзросту. Габрыэла Івона Акімава заклікала клапаціцца пра сваё псіхічнае шчасце і ўнутраную гармонію, паколькі гэта не меней важна, чым сачыць за сваёй вагой, артэрыяльным ціскам ці своечасова адмовіцца ад шкодных звычак.
Асобную ўвагу эксперты надалі будучай маштабнай падзеі – марафону здаровага ладу жыцця «#САД – Спартыўны, Актыўны, Даступны». Усе тры аспекты вельмі важныя. Мерапрыемства стартуе ў жніўні і будзе праводзіцца на базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле (Мінск, вул.Сурганава, 4а – з 18 да 21 гадзіны) кожны чацвер месяца.
У рамках мерапрыемства любы жадаючы зможа абсалютна бясплатна выпрабаваць сябе ў розных відах фізічнай актыўнасці, папярэдне прайшоўшы экспрэс-абследаванне і атрымаўшы рэкамендацыі ўрачоў.
Да паслуг жадаючых будзе арганізаванае індывідуальнае матывацыйнае кансультаванне, як пазбегнуць фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў, пазбавіцца ад шкодных звычак, атрымаць парады па фарміраванні і вядзенні ЗЛЖ. Яшчэ ў рамках марафону #САД бясплатныя кансультацыі дадуць урачы-спецыялісты: дыетолаг, кардыёлаг, неўролаг, валеолаг і траўматолаг-артапед.
Вельмі эмацыянальным было выступленне перад прысутнымі Аляксея Талая, зорнага пасла II Еўрапейскіх гульняў 2019 года, матывацыйнага трэнера, майстра спорту, члена Параалімпійскай Нацыянальнай зборнай па плаванні.
Славуты спартсмен, які ў 16-гадовым узросце пазбавіўся рук і ног, заклікаў людзей з інваліднасцю не замыкацца ў сабе, не спрабаваць стварыць ілюзію ўласнага дабрабыту, пускаючыся ва ўсе цяжкія. Праблемы не сыдуць, а здароўе не зробіцца мацнейшым – наадварот. Сыходзячы ў бутэльку, лёгка і хутка можна згубіць увесь свой патэнцыял і рэзервовыя магчымасці арганізма.
Пры выхаванні блізнятаў працуюць усе тыя ж асноўныя прынцыпы і характэрныя ўзроставыя прыкметы, што і для іншых дзяцей.
Аднак маецца шэраг асаблівасцяў, улічваючы якія бацькі дапамогуць сваім малышам развівацца гарманічна, набыць уласную індывідуальнасць. Да вашай увагі – рэкамендацыі па выхаванні аднагадовых блізнятаў.
Калі блізняты трохі падраслі, вы пачынаеце заўважаць, што хто-небудзь з дзяцей хутчэй есць або складае пазл, а хтосьці прыгажэй малюе ці танчыць. Бацькам хочацца пахваліць дзяцей: «Глядзі, як сястрычка прыгожа намалявала!», «Паглядзі, як брацік хутка апрануўся!» І гэта, здаецца, добра і правільна, але не ў выпадку з блізнятамі.
Праводзячы такія параўнанні, бацькі ўзмацняюць у іх пачуццё суперніцтва, якое і так ужо добра развітае ў барацьбе за матчыну ўвагу.
Калі вы хочаце прастымуляваць або заматываваць аднаго з блізнятаў, старайцеся гэта рабіць праз самастойныя параўнанні. Напрыклад, падчас абеду скажыце: «А хто гэта ў нас так хутка паеў?» Падчас гульні: «А хто так прыгожа пабудаваў вежу з канструктара?» І г.д. У гэтым выпадку дзеці вучацца самі аналізаваць сітуацыю, што служыць добрай матывацыяй для блізнятаў.
Яшчэ адзін спосаб не пасварыць іх – гэта прывесці ў прыклад і пахваліць абодвух адначасова: «Дзіма ў нас так хутка прыбраў цацкі, а Андрэй затое акуратна склаў кнігі на паліцу».
Размяркуйце сваю ўвагу правільна. Пакуль дзеці зусім маленькія, паспрабуйце іх прывучыць да адзінага рэжыму і прымайце дапамогу родных. У выпадку, калі мама дома адна, можна падчас кармлення ці купання аднаго з блізнятаў размаўляць з другім.
Пазней, калі дзеці падрастуць, знаходзьце час на стасункі з кожным з іх адзін на адзін. Не забывайцеся сказаць сам-насам дзіцяці пра свае пачуцці да яго, пра тое, чым ён вас парадаваў ці засмуціў.
Калі вы не бачылі, што адбылося, а дзеці нагаварылі адзін на аднаго, паспрабуйце разабрацца ў сітуацыі і высветліць, хто вінаваты. Старайцеся ўжываць выхаваўчыя меры да кожнага асобна. Пазбягайце пакарання «за кампанію». Пазней, калі дзеці падрастуць, давайце ім магчымасць разабрацца ў спрэчнай сітуацыі самастойна.
Калі здарылася сварка альбо бойка паміж блізнятамі, паспрабуйце таксама максімальна хутка памірыць дзяцей і аднавіць адносіны добрымі словамі ў адрас кожнага з іх.
Дапамагайце кожнаму з блізнятаў развівацца ў тым накірунку, які яго цікавіць. Хто-небудзь з дзяцей, магчыма, больш любіць танчыць, хтосьці – маляваць. Няхай займаюцца тым, што ім больш падабацца. Не варта прымушаць «мастака» танчыць і наадварот.
Апранаць іх аднолькава ці не, ці купляць аднолькавыя цацкі, вырашаць толькі бацькам. Часам блізняты хочуць быць аднолькавымі, і толькі бліжэй да школьнага ўзросту ў іх з'яўляецца жаданне мець яркія адрозненні.
Розныя цацкі ў доме дапамогуць ім хутчэй навучыцца гуляць паміж сабой, дзяліцца і абменьвацца рэчамі. Блізняты асвойваюць гэтыя навыкі значна раней за іншых дзяцей і дэманструюць малышам на дзіцячых пляцоўках.
На дзень народзінаў блізнятам лепей купіць два торты паменш, чым адзін на дваіх. Не выклікайце ў іх залішнюю канкурэнцыю.
Пасля таго, як блізнятам споўніцца год, вы заўважыце, што яны пачалі цягнуцца адзін да аднаго. Дзеці спазнаюць свет, і брат або сястра ім таксама вельмі цікавыя. Дайце магчымасць дзецям знаходзіцца побач адно з адным.
Бліжэй да двух гадоў надыходзіць той момант, калі блізняты пачынаюць гуляць разам, і ім не сумна.
Падзяляць ці не падзяляць іх, аддаючы ў адзін дзіцячы сад або ў розныя, а затым у школу, вырашаць толькі вам. Аднак памятайце, што па першым часе блізнятам будзе больш камфортна разам, калі сярод незнаёмых дзяцей яны заўсёды будуць бачыць брата або сястру.
Дапамагаючы дзецям развіваць здаровую індывідуальнасць, навучыце іх быць разам! Хадзіце на прагулкі ўсёй сям'ёй, гуляйце ў сумесныя гульні, наведвайце разам цырк, заапарк ды іншыя займальныя мерапрыемствы. Падчас сямейнай вячэры не забывайцеся ўсе разам падзяліцца сваімі ўражаннямі і эмоцыямі ад убачанага.
Навучыцца падкрэсліваць добрыя якасці аднаго з блізнятаў, пры гэтым не правакуючы залішнюю канкурэнцыю і не крыўдзячы другога, часам цэлае мастацтва. Таму ўменне «выдзяляць, не падзяляючы» можна спасцігнуць толькі пры нараджэнні блізнятаў.
Француз жыве ў Мінску амаль год: прыехаў у Беларусь вучыць рускую мову.
Журналіст Слушна распыталася аб галоўных ўражаннях еўрапейца пра беларускае жыццё, жанчын, мужчын, грошы, ежу, каханне і адносіны.
Робін, раскажы трохі пра сябе.
— Я родам з французскага горада Манпелье. Па адукацыі палітолаг, вучыўся ў Францыі і Бельгіі. Яшчэ з тых часоў вельмі зацікавіўся гісторыяй і культурай усходнееўрапейскіх краін. Да таго, як прыехаць у Мінск, 5 гадоў жыў і працаваў у французскім культурным цэнтры ў Малдове. Дарэчы, спрабаваў сябе таксама і як журналіст, фатограф.
Чаму вырашыў вывучаць мову менавіта ў Мінску, а не ў Маскве, напрыклад?
— Калі я задумаўся пра тое, што хачу вывучыць рускую мову, дык зразумеў, што самастойна гэта зрабіць амаль немагчыма. Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт параіў мне сябар. Я прыехаў сюды спачатку на 5 дзён. І мне спадабалася! У Маскве я не быў ніколі. Але ведаю, што гэта вялікі шумны горад, да таго ж, вельмі дарагі. Хацелася чагосьці больш спакойнага, бяспечнага. Акрамя таго, адыграла ролю і тое, што ваша краіна цяпер больш адкрытая. Раней патрэбныя былі візы, і гэта здавалася складаным. Цяпер час знаходжання без віз павялічыўся да 30 дзён, і гэта, безумоўна, прываблівае.
Што табе спадабалася ў Мінску?
— Ведаю, што пра гэта кажуць усе замежнікі, але гэта сапраўды тое, што ўражвае: у вас вельмі чыста! І тое, што я ўбачыў, вельмі адрозніваецца ад іншых краін у вашым рэгіёне. Добрыя дарогі, дагледжаныя паркі, тратуары, чыстае метро. Некаторыя станцыі вельмі прыгожыя. Напрыклад, Якуба Коласа, тут цікавая архітэктура. Калі мае бацькі прыязджалі да мяне сюды ў госці, яны былі ўражаныя чысцінёй метро. Большасць падземак у свеце не такія. Да прыкладу, у Парыжы. Вельмі ўражаныя вашымі лясамі, азёрамі. Гэта па-сапраўднаму зачароўвае.
Замежныя госці нярэдка скардзяцца, што мала людзей у Мінску могуць пагутарыць на англійскай мове. І гэта робіцца праблемай.
— Сапраўды, на вуліцах, у рэстаранах, крамах рэдка можна сустрэць каго-небудзь, хто размаўляе на англійскай мове ці разумее яе. І гэта, дарэчы, было адной з прычын, чаму я вырашыў вучыць тут рускую мову. Калі цябе не разумеюць, даводзіцца хутчэй вучыцца. Я б не змог гэтага зрабіць, калі б пастаянна карыстаўся англійскай мовай. А вось па французскай сумую. На ёй у Мінску я не размаўляю наогул.
Што ты думаеш пра нашых людзей? Кажуць, што беларусы самыя неэмацыянальныя і мала ўсміхаюцца.
— У цэлым, беларусы досыць прыязныя. Калі мне даводзіцца звяртацца да кагосьці, часцей за ўсё людзі стараюцца дапамагчы і ставяцца добразычліва. Усміхаюцца сапраўды рэдка не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Усходняй Еўропе. Для замежніка спачатку гэта дзіўна. Адразу здаецца, што ты зрабіў штосьці не так, што ты не падабаешся. Але потым я зразумеў адну рэч: людзі тут не ўсміхаюцца без прычыны. Затое ты ведаеш, што калі яны гэта робяць, дык сапраўды шчырыя. У Францыі не так. Мы ўсміхаемся заўсёды. Але часам гэта фальшыва. Я аддаю перавагу беларускай версіі, хаця мне хочацца, каб, да прыкладу, у крамах з пакупнікамі былі больш ветлівыя і паказвалі зацікаўленасць. У цэлым гэта было б лепш і для бізнэсу, думаю.
Калі ты жывеш у Беларусі, ці адчуваеш, што знаходзішся ў Еўропе?
— Вельмі добрае пытанне. Так, я адчуваю гэта. У нас насамрэч шмат агульнага. Нават тое, што мы любім піць і есці. Нашы краіны сутыкнуліся калісьці з Другой сусветнай вайной. Адрознівае нас мова, у Францыі мы не вучым рускую. І мала што ведаем пра Беларусь, Расію, Украіну, акрамя асноўных клішэ: Савецкі Саюз, гарэлка, зіма. Вядома, часы мяняюцца, кожнае новае пакаленне адрозніваецца ад папярэдняга. Тут я сустракаў людзей, якія праводзяць адпачынак у Італіі, Грэцыі, Турцыі, Францыі і г.д. Яны бачаць многія рэчы, вучацца, спрабуюць знайсці агульныя кропкі судакранання сваёй культуры і іншых культур у свеце.
Што ты думаеш з нагоды беларускай ежы?
— Для мяне важная магчымасць смачна паесці. Беларуская ежа мне падабаецца. Я вялікі прыхільнік сырнікаў. Прыйшліся да душы дранікі без мяса, мачанка, боршч, халаднік, салянка...
Як ацэньваеш выбар прадуктаў у беларускіх крамах? Чаго не хапае?
— Часам выбар не адрозніваецца разнастайнасцю. Я заўважыў, што ў крамах шмат прадукцыі з Украіны, Расіі, але няма многіх еўрапейскіх брэндаў, якія распаўсюджаныя ў нас. Мне не хапае французскай выпечкі тыпу круасанаў. Яны ёсць, але не ўсюды і не заўсёды добрыя. Я сумую па дэсертах. На мой густ, пірожныя тут занадта салодкія.
Тры самыя любімыя месцы ў Беларусі?
3 рэчы, якія не падабаюцца замежніку ў Беларусі?
Якое галоўнае адрозненне беларусак ад францужанак?
— Беларускія жанчыны не запалоханыя мужчынамі, з імі лягчэй знайсці кантакт. У Францыі зараз надзвычай актуальная тэма харасменту. І калі ты проста нават звярнуўся са звычайным пытаннем, яна насцярожыцца і можа адказаць накшталт: «Чаго вы ад мяне хочаце?»
— Калі замежнік прыязджае ў Беларусь, ёсць дзве рэчы, якія адразу кідаюцца ў вочы. Першая: тут вельмі шмат дзяўчат, больш, чым мужчын. І гэта робіцца зразумела досыць хутка. Напрыклад, у Мінскім лінгвістычным універсітэце, дзе я вучуся, 90% студэнтаў – дзяўчаты. Я ніколі не бачыў такога, да прыкладу, у Францыі. Вядома, гэтаму ёсць гістарычныя прычыны. Падчас Другой сусветнай вайны мільёны мужчын былі забітыя.
Што яшчэ заўважае прыезджы адразу: дзяўчаты тут вельмі прыгожыя. І яны ведаюць, як заставацца прывабнымі штодня.
Калі ты скажаш сваім сябрам, што сустракаешся з дзяўчынай з Беларусі, якая можа быць іх рэакцыя?
— У Францыі няма дрэннага стаўлення да дзяўчат з Беларусі, толькі ўяўленні пра тое, што яны прыгожыя. Думаю, маім сябрам было б цікава сустрэцца з ёй. Гэта краіна, пра якую яны мала ведаюць. Але іх рэакцыя дакладна не была б негатыўнай.
Ёсць клішэ, што жанчыны з Усходняй Еўропы вельмі даступныя?
— Часам у адносінах да дзяўчат ужываюць слова «easy» – лёгкая. Для мяне ў гэтым слове мноства канатацый, тут яно выкарыстоўваецца з негатыўнай. Я не ведаю, што значыць быць лёгкай. Калі так казаць, тады ўсе мужчыны вельмі даступныя. Некаторыя дзяўчаты вельмі моцна адрозніваюцца ад гэтых уяўленняў. Адзіная рэч, у якую я веру: людзі могуць рабіць усё, што яны хочуць, калі яны гэта пажадаюць.
У Еўропе людзі часта імкнуцца будаваць адносіны, як два раўнапраўныя партнёры, але ў нашым грамадстве гэта яшчэ не так моцна распаўсюджана.
— У нас таксама існуюць розныя тыпы адносінаў. Бываюць і пары накшталт «мама-сын», «тата-дачка». Але часта людзі хочуць быць разам, як дзве незалежныя асобы. Я сустракаў у Беларусі шмат жанчын, якія жадаюць самі выбіраць, чаго яны хочуць ад жыцця. І, вядома, ёсць і іншыя, якія думаюць, што ўсё павінен рабіць мужчына. На мой погляд, у такім выпадку ў пары пакутуюць абодва. Ён – ад вялікай адказнасці, з якой можа часам не спраўляцца. Яна – ад свайго залежнага становішча, у якім, па сутнасці, нічога не вырашае.
У апошні час у нашых сацсетках шмат дыскусій на тэму, ці павінен мужчына плаціць за жанчыну і чаму. Напрыклад, у кавярні, падчас сумеснага адпачынку, калі яны разам здымаюць кватэру і г.д. Што ты думаеш з гэтай нагоды?
— Я бачу, што ў Беларусі плацяць за ўсё мужчыны, і я гэта паважаю. І ў той жа час думаю пра тое, што ў іх павінна быць шмат грошай для таго, каб плаціць за дваіх штораз. А калі гэтых грошай няма?! Тады гэта вялікі стрэс. Трэба або пазбягаць хадзіць куды-небудзь, або можна наогул разарыцца. У Францыі па-рознаму. Залежыць ад таго, як адбылася сустрэча. Калі мужчына запрашае дзяўчыну ў рэстаран або бар і кажа: «Я хачу запрасіць цябе». Вядома, ён будзе плаціць. Калі два чалавекі проста дамовіліся схадзіць кудысьці разам, дык, магчыма, яны падзеляць рахунак. Няма правіла, што плаціць павінен толькі мужчына. Я думаю, што гэта выдатна – запрасіць дзяўчыну ў рэстаран, падарыць падарунак, кветкі. Але калі гаворка ідзе пра тое, каб жыць разам, усё ж лічу, што трэба дапамагаць адзін аднаму і дзяліць выдаткі. Можа, не 50 на 50. Але жанчына абавязкова павінна ўдзельнічаць, каб не адчуваць сябе залежнай.
Якое ўражанне ў цябе склалася пра нашых мужчын? Ёсць уяўленне пра тое, што, да прыкладу, французы – рамантыкі, а нашы хлопцы не вельмі любяць усе гэтыя рэчы.
— Я не дужа шмат меў стасункаў з беларускімі мужчынамі, часта перашкаджае моўны бар'ер. Першае маё ўражанне: яны вельмі маўклівыя і ніколі не кажуць пра сябе. Мы, жыхары поўдня – з паўднёвай Францыі, Італіі, Іспаніі – часта дзелімся сваімі пачуццямі, гаворым пра сябе, сваё жыццё. Але вашы мужчыны ўсё трымаюць у сабе. І, напэўна, гэта складана ў стасунках, бо ты не адчуваеш абмену, кантакту. Хаця магу сказаць, што ўяўленне пра французаў як пра рамантыкаў вельмі перабольшанае, гэта хутчэй ідзе з літаратуры. Беларусы дораць сваім жанчынам кветкі нашмат часцей.
Калі шчыра, я наогул думаю, што вашыя мужчыны больш моцныя, смелыя, чым хлопцы на Захадзе. Гэта звязана з асаблівасцямі вашай гісторыі. Да прыкладу, мой бацька ў 1970-х атрымліваў асалоду ад жыцця, адпачываў, іграў на гітары і слухаў рок-музыку. Але вашы мужчыны падчас Савецкага Саюза служылі ў войску ў такіх суровых месцах, як Мурманск, да прыкладу. З жорсткай дысцыплінай. А калі ўспомніць Другую сусветную вайну, дык Беларусь – краіна, якая перажыла адну з самых вялікіх трагедый у гісторыі. У Францыі, да прыкладу, ёсць адна вельмі сумна вядомая вёска Арадур-сюр-Глан, дзе фашысты знішчылі ўсіх жыхароў. Вялікая трагедыя для французскага народа. Але ў Беларусі такіх вёсак больш за 600! Вы бачылі пекла.
Ёсць меркаванне, што інстытут шлюбу ў Еўропе церпіць крах, што людзі не хочуць больш жаніцца і наогул імкнуцца заставацца адзіночкамі …
— У Еўропе мноства розных краін, і сітуацыя на поўдні Італіі будзе адрознівацца ад таго, што адбываецца ў Германіі. Магу сказаць, што для французаў важны шлюб. Але, напэўна, не так, як для беларусаў. Тут людзі жэняцца вельмі рана, і праз 3-4 гады ці крыху больш многія разводзяцца. У Францыі ўзрост уступлення ў шлюб – 30-35 гадоў. Часта людзі робяць гэта пасля многіх гадоў сумеснага жыцця, ужо маючы дзіця. Мы не спяшаемся. Матывы ўступлення ў шлюб у гісторыі цяпер змяніліся. Раней людзі хацелі мець сям'ю, але каханне не было ў ёй галоўным складнікам. Зараз жа яно – такое. Але паколькі каханне не вечнае, дык так, разводаў шмат і ў нас. Ёсць прыклады працяглых адносінаў, але там ужо хутчэй да кахання дадаецца штосьці большае, сяброўства.
Ніхто не хоча быць адзінокім. Але калі выбару занадта шмат, ты не ведаеш, што рабіць. Гэта складана, бо наперадзе заўсёды маячыць штосьці лепшае. Гэта тычыцца не толькі адносінаў. У нас ёсць добры тэлевізар, машына, але праз пэўны час нам хочацца памяняць іх на мадэль больш новую, хаця і гэтая тэхніка выдатна працуе. Праз год у адносінах, сутыкаючыся з першымі цяжкасцямі, людзі думаюць: можа, ёсць штосьці лепшае з іншым чалавекам. Не думаю, што такі стан рэчаў прыносіць нам шчасце. Заўсёды ёсць два шляхі. Першы: выбраць добрага чалавека і лічыць, што табе вельмі пашанцавала, быць задаволеным гэтым. І другі: пастаянна ганяцца за ідэалам.
Нягледзячы на гэты велізарны выбар, у сучасным свеце вельмі шмат па-сапраўднаму адзінокіх людзей…
— Іх шмат у вялікіх гарадах. Ты робішся ў іх як быццам нябачным. І калі знікнеш заўтра, нікому да гэтага не будзе справы. Парыж лічыцца горадам рамантыкаў, але гэта таксама і горад адзіночак. У нас ёсць вядомы выраз пра жыццё ў Парыжы: «метро-праца-сон». Гэта тваё жыццё штодня, у якім ты не бачыш больш нічога. Таму так папулярныя зараз сацсеткі і дадаткі для знаёмстваў. Людзі хочуць верыць, што зараз адправяць паведамленне – і хтосьці зразумее іх.
Дзякуй за цікавую гутарку, Робін!
— Заўсёды – калі ласка.
Фота – Аксаны Жураўлёвай і з асабістага архіву Робіна Коскаса.
Легкавік… Дакладней – тое, што ад яго засталося. Куча дэталяў. Пажарныя машыны. На баку адной бачу надпіс – «Пятровічы». І ліхаманкавая думка ў галаве: «Не, не могуць людзі выжыць сярод тых абломкаў». І мурашкі па скуры…
Ужо не да сну. Падключаюся да інтэрнэту, заходжу на партал навінаў. Так і ёсць… Лабавое сутыкненне «Форд Фокус» і фуры. Фура загарэлася, але вадзіцель змог выбрацца самастойна. Кіроўца легкавіка, ад якога застаўся толькі набор дэталяў, загінуў… Жыхар Магілёўскай вобласці. 23 гады.
А было ж у той дзень хмарна, дажджліва і слізка. І нават нам, хаця ехалі ўжо без дажджу, машыны, што абганялі, кідалі на лабавое шкло дробныя кропелькі – суцэльным дываном. Бачнасць так сабе…
Зараз можна толькі меркаваць пра тое, што ж здарылася. Папярэдняе афіцыйнае – «Не справіўся з кіраваннем». Вядома ж, карціну здарэння ўзновяць. Думаю, ужо ўзнавілі. Але… Чамусьці большасць з нас у любой сітуацыі ўпэўнена: «Са мной гэтага ніколі не здарыцца». Паглядзець на такі вынік, каб ён стаў навукай?! Ды што вы?! «Я ж ціхенька, акуратненька… 120 км/г нават калі па лабавому – патокі дажджу. Бо стаіць жа дазвольны знак! Я ж умею, я ж майстар…» А пасля такое гора родным…
Ну чаму, чаму б не знізіць хуткасць у дождж?! А калі залівае шкло, не з’ехаць на першым жа з’ездзе з шашы і не перачакаць?! Чаму б не ўключыць пільнасць там, дзе гэта патрэбна?! А п’яным за руль?! «Ну, падумаеш, я ж усяго паўшклянкі гарэлкі выпіў… Ды пры маёй масе гэта – дробязь! Я ж цвярозы!». О, гэтае завышанае самамеркаванне!!! «Я ас, я майстар, я мужык!»
І пры гэтым… Даўно не чула так багата пагардлівых адзнак ад кіроўцаў маршрутак у адрас жанчын-вадзіцеляў, асабліва ў Мінску. А тут – штодня па некалькі разоў. «Правы купіла», «Правілаў з дадаткам не чытае, што машыны трэба прапускаць адну праз дзве на такіх з’ездах», «Дарогу не саступае, нясецца, вочы заплюшчыўшы…»
А ў мяне зусім іншае меркаванне. Нават супрацьлеглае. Таму – лавіце ў адказ, майстры кіравання! А хто найчасцей трапляе ў аварыі па статыстыцы, а?! Хто як «раскапусціцца» пасярод дарогі, каб пагаварыць са знаёмым у сустрэчнай машыне, што ледзь не бамперам трэба падпіхваць, каб даў дарогу?! Хто, не хвалюючыся пра іншых, кідае машыну ўпоперак месцаў для паркоўкі, бо спяшаецца?!
Так што не трэба, не трэба вось так, агулам… І ў адзін бок, і ў другі. А то насамрэч давядзецца правесці ўласнае даследаванне са статыстыкай. І – ой, якія ж цікавыя могуць атрымацца вынікі!
Акуратнасць і асцярога… Думаеце, дарэмна тыя плакаты раней віселі?! Цяпер, праўда, іх усё радзей бачу, на жаль… Напрыклад: «Вадзіцель, не спяшайся! Цябе чакаюць дома». А такі чорны гумар, вядомы нават з дзяцінства?! «Хутка паедзеш – ціха панясуць?!» Жорстка?! Але праўда…
Усё ж як шмат залежыць ад нашай унутранай культуры, прывітай альбо не прывітай, у першую чаргу, у сям’і. Павага да людзей – яна ж распаўсюджваецца і на кіроўцаў машын на дарогах. Не выстаўляць уласнае «Я» над усімі, свае жаданні і хаценні над іншымі – з той жа серыі. А ў нас часцяком як?! Толькі каб сабе было добра. І мала хто ўлічвае, што нельга быць шчаслівым… за кошт іншых.
У наш няпросты час пры вялікай колькасці разнастайных машын, механізмаў, нетрываласці будаўнічых канструкцый, праяў стыхіі ды іншага так няпроста захаваць не толькі здароўе, а і жыццё. Паглядзіце, колькі на любым партале навінаў менавіта пра здарэнні, няшчасныя выпадкі?!
Ужо проста немагчыма гэта чытаць, не вытрымлівае ні мозг, ні нервы, ні душа, ні сэрца… З сябрамі называем гэта «жыццёвай чарнухай». Але ж нікуды ад яе не падзецца… Можна, вядома, не чытаць пра гэта ў навінах. Толькі, на жаль, колькасць няшчасных выпадкаў з-за гэтага не зменшыцца…
А яшчэ ж спачуваеш, суперажываеш… Нас, наша пакаленне, так вучылі. Ну не з цікавасцю я глядзела на вынік той аварыі, а з жахам!!! І з думкай: а раптам, не дай Бог, знаёмы?! Але ж і незнаёмага шкада…
Дык, можа, усё ж хаця б крышачку – акуратней?! У любой сітуацыі?! З крыху большым усведамленнем, што здароўе і жыццё – сапраўды каштоўнасці, якія трэба захоўваць?! І гэта – не проста прыгожыя словы, а самая ПРАЎДЗІВАЯ ПРАЎДА?! Аб’ектыўная і рэальная?! Сябры, беражыце сябе! Каб не было пасля пакутліва балюча вашым родным…
У матэрыяле выкарыстаны фотаздымкі Чэрвеньскіх РАУС і РАНС з месца здарэння.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Здаецца, раней так часта іх і не хацелася… Сланечніку ды гарбузікаў, а дакладней – насення, ці папросту – семак. А зараз… Ці тое насамрэч прывычка (мякка кажучы, не дужа добрая), ці тое сапраўды ў арганізме чагосьці не хапае. Але вечар без семак – проста страчаны…:) Так, жарт, і традыцыйна – напалову…
Не памятаю, каб у дзяцінстве мы захапляліся чорнымі семкамі. Хаця сланечнік і вырошчвалі на агародах. Толькі з’ядаліся семкі найчасцей сырымі, прама з вялізнай сарванай «галавы». І вось гэты працэс захопліваў. Асабліва – спаборніцтва з птушкамі, каб яны не зласавалі семачкі раней...:)
А найбольш чакалі мы тады пачастунку ад нашых бабуляў – у выглядзе добра высушаных гарбузікаў. Сушылі іх на печцы пасля збірання ўраджаю. Таму найчасцей атрымлівалі жмені ў кішэні ўзімку. Так захапляльна было сядзець на цёплай печцы і лускаць белае насенне!
Памятаю, як у бабулі Мані (светлая ёй памяць!), татавай маці, якая жыла ў вёсцы Мрочкі, што на Уздзеншчыне, звычайна тых гарбузікаў збіраўся даволі вялікі мяшэчак. І калі не атрымлівалася падчас летніх вакацый трапіць туды ў госці самой, дык тата абавязкова прывозіў гасцінец «ад бабы Мані».
Пашчоўкаць семкі ў вёсцы заўсёды было першай справай! На вечарынках і не толькі. І вось аднекуль жа гэта ў большасці і зараз у крыві, нават у горадзе: шалупінне – абавязкова развеяць вакол сябе! Акуратна ў кулёчак, проста ў мяшэчак?! Не, не чулі…
Насмецяць дзеці каля лавачкі ля пад’езда. А падмесці за сабою… Ды вы што?! А паспрабуй прымусціць – бягуць да бацькоў скардзіцца. А як сябе паводзяць таты ды мамы? Ну, хтосьці падтрымае таго, хто зрабіў заўвагу. А большасць… Маўляў, ты чаго да майго дзіцяці прыстаеш?! Дзе хоча, там і смеціць. Не ў цябе ж дома… Вось і ўвесь сказ.
Але гэта, як кажуць, дробязі жыцця ў параўнанні з тым малюнкам аллеем, які я назірала не так даўно. Уявіце сабе… Вечар. Мінск. Выезд на Партызанскі праспект непадалёк ад метро «Магілёўская». Маршрутка. І мы стаім у заторы на светлафоры.
Сяджу непадалёк ад вадзіцеля. Таму добра бачна, як ён есць семкі, а шалупінне… выкідвае ў акно! Я сплю??? Ушчыкніце мяне!!! Мінск… Выезд на Партызанскі праспект непадалёк ад метро «Магілёўская»… Тры паласы руху… І прама на асфальт (а можа нават некаму на капот ці лабавое шкло машыны) шалупінне ляціць. Вось тут я і зразумела, што такое ў літаральным сэнсе «мову адняло»…
Ну што ж… Разбіраемся, чаго так не хапае ў нашых арганізмах, што семкі робяцца проста незаменным прадуктам. І часцяком тут нават не да культуры. І ў заторы, глядзіш, стаяць весялей…
Зрэшты, прачытала на некалькіх рэсурсах пра гэта – і зразумела, што сам сабе дыягназ не паставіш. Бо! Семак хочацца, калі адчуваецца недахоп вітаміну Е, вітаміну А, вітаміну В, магнію, цынку… Э-эх!!! А можа, і праўда, проста…прывычка?!:)
Хаця можна і паспрабаваць – па чарзе, па аднаму вітаміну ў арганізм «закідваць», насычаць яго… А калі яшчэ атрымліваць не з аптэчных прэпаратаў ды БАДаў, а з натуральных прадуктаў, дык Е ў нас – у морапрадуктах, яйках, брокалі, ліставых салатах, А – у печані рыбы, ікры, сыры, масле сметанковым, тлустым тварагу, моркве, гарбузе (!!!)… Вітамін В – у грэчцы, аўсянцы, бабовых, рыбе, бульбе… Магній – зноўку трэба есці аўсяныя шматкі ды ікру, моркву і нават бананы! Цынк – у морапрадуктах, грыбах, субпрадуктах…
Зразумела, спісы няпоўныя, дзесьці – спрэчныя… А ўвогуле, зірнеш на гэты пералік – і атрымліваецца, што трэба толькі сядзець і есці! Днямі!:) Дык, мо, лепей жменьку семачак – і ўсё ОК?!
Памятаю, як яшчэ ў дзяцінстве мой стаматолаг (эх, якая была жанчына! І ёй светлая памяць), ставячы пломбу на пярэдні зуб, папярэджвала: «Толькі не грызі семкі – вываліцца!» А гэтай звычкі і так няма даўным-даўно. Ёсць іншая: пазногцямі аддзяляць шалупінне…
А што датычыцца таго, ці супакойвае гэты працэс нервы… Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што так. Працэс лузгання семак дапамагае пераключыцца. А калі прыгадаць таго ж Міцяя са «Сватоў», дык яшчэ і «кругазор пашыраюць» ды «думалку трэніруюць». Прычым сапраўды вынікова!:) Так што гэта яшчэ і своасаблівая медытацыя.
Галоўнае – што?! Правільна, не захапляцца празмерна. Тым больш, што арганізм здольны за суткі засвоіць ад 50 да 100 грамаў семачак. Таму, калі вы з’елі грамаў 400, дык кайф, магчыма, і злавілі, а вось з карысцю бяда… І з вагой – праблемы…
А вы любіце семкі?! Белыя ці чорныя?! І што для вас іх ужыванне – рэлакс, супакаенне нерваў ці проста звычка?
Да гэтага часу прычыны развіцця рассеянага склерозу (РС) цалкам не вывучаныя. У спецыялістаў няма адназначнага адказу на пытанне, чаму адбываецца паломка ў ахоўнай сістэме арганізма і лімфацыты – «вартавыя» імуннай сістэмы – замест знішчэння паталагічных агентаў накіроўваюць сваё дзеянне супраць здаровых нервовых клетак. Гэта можа прывесці да зніжэння сілы ў руках і нагах, парушэння зроку, каардынацыі рухаў, адчувальнасці, функцыі тазавых органаў, а ў выніку чалавек не можа кіраваць сваім целам і робіцца залежным ад старонняй дапамогі.
Сярод захворванняў нервовай сістэмы, якія прыводзяць да інваліднасці пацыентаў працаздольнага ўзросту, у рассеянага склерозу – адна з лідзіруючых пазіцый. Вылечыць яго нельга, можна толькі затармазіць прагрэсаванне захворвання і падоўжыць перыяд рэмісіі. Наша краіна адносіцца да зоны высокай рызыкі развіцця рассеянага склерозу. Зараз яго распаўсюджанасць у Беларусі складае больш за 50 чалавек на 100 тысяч насельніцтва. Усяго ў нашай краіне зарэгістравана звыш 4 тысяч пацыентаў з РС.
Пра прычыны, механізм развіцця і фактары рызыкі рассеянага склерозу журналісту Слушна распавяла старшы навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Ганна Буняк.
Пры аўтаімунных захворваннях, да якіх адносіцца рассеяны склероз, пэўныя тканкі або клеткі арганізма ў пэўны момант пачынаюць успрымацца імуннай сістэмай як чужародныя. У выніку фарміруецца пул актыўных і агрэсіўных клетак, у дадзеным выпадку лімфацытаў, якія накіроўваюць сваё агрэсіўнае ўздзеянне на здаровую тканку або клеткі. Пры рассеяным склерозе пад гэткае ўздзеянне трапляе міелінавая абалонка нервовых валокнаў цэнтральнай нервовай сістэмы. Як толькі гэты працэс запускаецца, спыніць яго бывае складана. У некаторых выпадках ён пэўны час працякае без клінічных праяў, і чалавек не адразу разумее, што ён хворы, патлумачыла Ганна Буняк.
Наша цэнтральная нервовая сістэма ад чужародных рэчываў і антыцелаў, якія цыркулююць у крывяным рэчышчы, абароненая гематаэнцэфалічным бар'ерам. Пры развіцці РС пранікальнасць такой ахоўнай «сцяны» парушаецца. Актыўныя агрэсіўныя Т-лімфацыты пранікаюць у спіннамазгавую вадкасць і цэнтральную нервовую сістэму – спінны і галаўны мозг, руйнуючы міелінавую абалонку нервовых валокнаў. Зрэшты, ужо вядома, што не толькі Т-лімфацыты адыгрываюць ключавую ролю ў развіцці захворвання, але і В-лімфацыты (адказныя за фарміраванне імуннага адказу арганізма на чужародны бялок).
Нервовыя клеткі маюць так званыя адросткі (аксоны). Задача аксонаў нервовых клетак – перадаваць нервовыя імпульсы. Адросткі трохі адрозніваюцца: ёсць безміелінавыя і міелінавыя. Безміелінавыя рэгулююць работу ўнутраных органаў, хуткасць правядзення нервовага імпульсу ў іх нізкая. Міелінавыя ж валокны праводзяць імпульсы хутчэй. Яны рэгулююць работу ўсіх мышцаў чалавечага арганізма.
Пры разбурэнні міелінавай абалонкі зніжаецца хуткасць правядзення нервовага імпульсу, а значыць, парушаецца функцыя мышачнага валакна, работа якога рэгулявалася дадзеным нервовым заканчэннем. У залежнасці ад таго, за якое дзеянне адказвае гэтая мышца, будзе развівацца сімптаматыка захворвання. Напрыклад, хвароба можа праявіць сябе слабасцю ў ступні, адной або абедзвюх нагах.
Часам бывае, што працэс разбурэння міеліну адбываецца хутка, але ў чалавека няма скаргаў і ўрач не знаходзіць ніякіх сімптомаў. Гэта нярэдка сустракаецца ў выпадку, калі дэміелінізаваны працэс адбываецца ў клінічна нязначных абласцях галаўнога мозгу. У іншых сітуацыях ачаг дэміелінізацыі (разбурэння міелінавай абалонкі) невялікі, а неўралагічная сімптаматыка выяўленая. Такое адбываецца пры лакалізацыі ачага дэміелінізацыі ў ствале галаўнога мозгу або ў спінным мозгу.
Схільнасць да захворвання абумоўленая генетычнымі фактарамі і можа перадавацца ў спадчыну. Калі сярод блізкіх родзічаў былі выпадкі рассеянага склерозу, дык верагоднасць захворвання ў такога чалавека вышэйшая, але не 100%.
Што датычыць генетычных фактараў, дык зараз выяўленыя гены, наяўнасць якіх толькі сведчыць пра тое, што захворванне можа развіцца ў пэўных умовах, але не вызначаюць прамую спадчыннасць РС.
Збой у працы імуннай сістэмы і ўздзеянне пэўных знешніх фактараў – усё гэта разам з цягам часу і збегу абставінаў могуць прывесці да з'яўлення захворвання.
На рассеяны склероз часцей хварэюць жанчыны. Прычына гэтага шмат у чым хаваецца ў гарманальным статусе жанчын. Асабліва важныя перыяды, калі змяняецца гарманальны фон – пубертатны і клімактэрычны.
Першасна-прагрэсавальны тып цячэння РС у роўнай ступені сустракаецца і ў мужчын, і ў жанчын.
Рассеяны склероз можа дэбютаваць у дзіцячым узросце (па дадзеных літаратуры, самая ранняя праява – да 10 гадоў). У такім узросце цячэнне хваробы можа і не быць хуткім, але, улічваючы, што захворванне наступіла рана, да юнага ўзросту вялікая верагоднасць у такіх пацыентаў стаць глыбокімі інвалідамі.
Лічыцца, што пры РС адбываецца распад міеліну нервовых валокнаў нейронаў за кошт траплення агрэсіўных Т-лімфацытаў у ЦНС. Разам з тым, пры РС адбываюцца працэсы дэгенерацыі, у выніку якіх гінуць самі нервовыя клеткі. Менавіта на гэтай стадыі захворвання ў пацыента нарастае неўралагічны дэфіцыт, і на такой стадыі РС, на жаль, не паддаецца лячэнню той мадыфікуючай тэрапіяй, якая існуе зараз.
Працэсы гібелі нейронаў могуць адбывацца як на пачатку захворвання, так і на любым этапе развіцця хваробы. Прычым, чым даўжэй чалавек хварэе, тым больш працэсы дэгенерацыі (гібелі нейронаў) будуць пераважаць. Часам дастаткова аднаго года з моманту першага дэбюту хваробы, каб чалавек стаў глыбокім інвалідам.
Працяг чытайце ў нашым наступным матэрыяле «Рассеяны склероз. Частка 2. Як не прапусціць хваробу».
ШТО? Марафон здаровага ладу жыцця #САД – Спартыўны, Актыўны, Даступны
ДЗЕ? Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле г.Мiнск, вул. Сурганава, 4а
КАЛI? 1, 8, 15, 22 і 29 жніўня 2019 года (кожны чацвер з 18.00 да 21.00)
Маштабны марафон здаровага ладу жыцця пройдзе ў жніўні на базе рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле.
Кожны чацвер 1, 8, 15, 22 і 29 жніўня з 18.00 да 21.00 любы жадаючы можа выпрабаваць сябе ў розных відах фізічнай актыўнасці і фітнэс-кірунках, папярэдне атрымаўшы рэкамендацыі ад медыкаў, якія будуць кансультаваць і падтрымліваць удзельнікаў марафону на працягу месяца.
Вы толькі ўявіце сабе! На адной пляцоўцы паралельна будуць прадстаўлены фiткрос, ёга, стрэтчынг, пiлатэс, TRX. Можна будзе выпрабаваць сябе ў баявых мастацтвах і розных танцавальных напрамках, вывучыць розніцу паміж функцыянальнай і кардыё-трэніроўкай высокай інтэнсіўнасці, рэлакс-практыкаваннямі.
У дні правядзення марафону будуць прадстаўлены розныя віды сумесных актыўнасцяў для мамаў і дзетак, а таксама людзей з дадатковымі патрэбамі, арганізаваныя выступленні ментараў, матывацыйных спікераў, аўтограф-сесіі ад вядомых спартсменаў, здаровыя фудкорты і многае іншае.
Не выпадкова слоган марафону здароўя – «Зробім разам здаровую Беларусь!»
Арганізатарам мерапрыемства выступае Дзіцячы Фонд ААН (ЮНІСЕФ) Прадстаўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Мінскага гарвыканкама, спартыўных грамадскіх аб'яднанняў.
One fine body…