Косць – адна з самых шчыльных структур у арганізме чалавека. Але часам і яна дае слабіну. Няёмкі рух і пералом, як кажуць, на роўным месцы – нагода падазраваць зніжэнне шчыльнасці касцяной масы і казаць пра такое захворванне, як астэапароз.
Усё часцей урачы заяўляюць пра астэапароз як пандэмію XXI стагоддзя. Бо толькі ў нашай краіне ад павышанай крохкасці костак пакутуе ці не кожны другі беларус, старэйшы за 50 гадоў. Узрост у развіцці паталогіі мае ключавое значэнне. Але не толькі ён. Якія яшчэ фактары павялічваюць рызыку ўзнікнення астэапарозу? Ці можна аднавіць шчыльнасць косці? Як зберагчы сябе ад пераломаў? Пра гэта і многае іншае – наша гутарка з загадчыцай аддзялення 1-й гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска, рэўматолагам Мінскага гарадскога цэнтра астэапарозу і хваробаў касцёва-мышачнай тканкі Кацярынай Васіленка.
Мінеральная шчыльнасць касцяной тканкі, якую мы вымяраем і ў залежнасці ад ступені яе зніжэння прызначаем прафілактычныя або лячэбныя схемы лекавых прэпаратаў, – гэта тое паняцце, якое магчыма ўжыць пры абмеркаванні любой шчыльнай структуры. Г.зн. касцяныя бэлькі ўтвараюць касцяную структуру, гэтак жа, як з цэглы ўзводзяць сцены будынкаў. Цэгла моцная, шчыльная, якасная – будынак прастаіць доўга і не будзе разбурацца.
Мінеральная шчыльнасць касцяной тканкі вызначаецца метадам рэнтгенаўскай дэнсітаметрыі. Гэта абсалютна бязбольнае даследаванне, якое дазваляе атрымаць колькаснае вызначэнне шчыльнасці косці (г.зн. лічбы). Існуюць і прымяняюцца ва ўсім свеце рэферэнтныя значэнні нармальнай шчыльнасці касцяной тканкі. Яны ўлічваюць такія фактары, як ўзрост, пол, расу, рост, вагу чалавека. Таму ў розных людзей паказчык нормы можа адрознівацца. На гэтым даследаванні ацэньваюцца тры найбольш паказальныя зоны – паяснічны аддзел пазваночніка, праксімальныя аддзелы абедзвюх сцегнавых костак як найбольш небяспечныя ў плане ўскладненняў пасля пераломаў і складанасці далейшай рэабілітацыі.
У залежнасці ад ступені адхіленняў ад нармальных значэнняў кажуць пра астэапенію, г.зн. пра невялікае зніжэнне шчыльнасці косці, альбо пра астэапароз (моцнае зніжэнне).
Існуе яшчэ такое паняцце, як «якасць косці». Бывае, што па выніках дэнсітаметрыі зніжэнне шчыльнасці косці невялікае, а пераломы, тым не менш, здараюцца даволі часта. Ці наадварот: лічбы паказваюць на выражаны астэапароз, але тыя адзінкавыя бэлькі, з якіх сфарміраваная касцёвая структура, настолькі моцныя, што пераломаў можа і не быць. Гэта залежыць ад якасці косці. Але вызначаць яе пакуль не навучыліся нідзе ў свеце.
Гэта блакітнавокая бландынка астэнічнага целаскладу (худзенькая), якая знаходзіцца ў менапаўзе і/або штодня і працяглы час займаецца цяжкай фізічнай працай (напрыклад, праца звязаная з уздымам і пераносам цяжараў, што павялічвае нагрузку на косці). Паліць.
Але ў прынцыпе, калі казаць пра тых, каму трэба праявіць насцярожанасць у дачыненні да развіцця астэапарозу і прайсці хаця б мінімальнае абследаванне, можна вылучыць некалькі груп рызыкі:
Акрамя таго, павышаную насцярожанасць трэба праявіць людзям, якія паступова губляюць у росце. Гэта значыць, калі вы раптам заўважылі, што спадніцы-штаны, якія былі ў самы акурат, зараз даводзіцца падшываць сантыметраў на 5 – гэта падстава прайсці абследаванне на наяўнасць астэапарозу.
У меншай ступені, чым жанчыны, пакутуюць ад астэапарозу мужчыны. Тым не менш, зніжэнне выпрацоўкі тэстастэрону, абумоўленае натуральным старэннем арганізма, таксама ідзе не на карысць шчыльнасці касцяной тканкі. Памяншаюць яе трываласць і шкодныя звычкі: курэнне, злоўжыванне алкаголем, гіпадынамія.
Так, але толькі на стадыі астэапеніі, калі пачынаецца страта касцяной тканкі, але костка яшчэ як мае быць актыўная і гатовая ўдзячна засвоіць тое, у чым яна адчувае дэфіцыт. Тады прэпараты кальцыю, вітамін Д, багатыя на кальцый прадукты – гэта і ёсць стандартная схема для прафілактыкі далейшага зніжэння шчыльнасці косці.
Але калі захворванне перайшло ў стадыю астэапарозу, косць робіцца не толькі крохкай, але яшчэ і гультаяватай, і сама кальцый ўжо не засвойвае. Г.зн. кальцый у крыві сам па сабе, косць – павольна разбураецца сама па сабе. У гэтым выпадку мы вымушаныя дадаваць у схему лячэння прэпараты, якія стымулююць косць звонку: актывізуюць клеткі, якія адказваюць за ўтварэнне косці (астэабласты) і зніжаюць актыўнасць клетак, што адказваюць за разбурэнне косці (астэакласты).
Ён з'яўляецца каталізатарам усіх станоўчых касцяных працэсаў. Але ў нашых шыротах мы ўсе ў той ці іншай ступені пакутуем ад яго дэфіцыту. Часам ён мае большае значэнне ў развіцці астэапарозу, чым іншыя спадарожныя фактары.
Чаму? Толькі ў прысутнасці вітаміну Д засвойваецца кальцый. Дэфіцыт вітаміну прыводзіць да недастатковага засваення кальцыю. Гэта, у сваю чаргу, цягне за сабой памяншэнне шчыльнасці касцяной тканкі і павышаную рызыку пераломаў.
Астэапароз адносіцца да разраду хранічных захворванняў, і лячэнне накіраванае на тое, каб косць умацаваць і знізіць рызыку пераломаў. Гэтага мы і дамагаемся. Але, як правіла, у людзей з астэапарозам існуюць фактары рызыкі: тая ж менапаўза, тыя ж хранічныя захворванні, якія нікуды не сыходзяць... Г.зн. на фоне спецыфічнага лячэння астэапарозу месячныя, умоўна кажучы, не пойдуць і натуральная эстрагенавая абарона не адновіцца. Але выйсці з астэапарозу на астэапенію – можна. Гэта значыць, умацаваць косць, павялічыць мінеральную шчыльнасць.
Трэба разумець, што працэс гэта не хуткі і можа заняць гады, паколькі косць – дастаткова непаваротлівая структура. У любым выпадку мінімальная працягласць тэрапіі – 12 месяцаў, раней чакаць пэўных станоўчых зрухаў не варта.
Пасля заканчэння асноўнага лячэння неабходна захоўваць падтрымліваючую або прафілактычную тэрапію, каб не згубіць напрацаваны за час лячэння вынік.
У першую чаргу – да тэрапеўта. Здаць біяхімічны аналіз крыві. У прынцыпе, толькі па ўзроўні кальцыю ў крыві нельга ацаніць стан касцяной тканкі. Гэта хутчэй пытанне рэгулярнасці наведванняў урача з прафілактычнай мэтай, праходжанне лабараторных даследаванняў раз у год, каб можна было адсачыць змены.
У далейшым пры неабходнасці ўрач прызначыць дадатковыя абследаванні – тую ж рэнтгенаўскую дэнсітаметрыю. Гэта даследаванне ва ўсім свеце лічыцца залатым стандартам дыягностыкі астэапарозу.
Па сучасных крытэрыях СААЗ, у дэнсітаметрыі няма неабходнасці, калі ў чалавека, старэйшага за 70 гадоў, як той казаў, на роўным месцы здарыўся пералом пазванка, які пацверджаны рэнтгенаўскім здымкам. У гэтым выпадку дыягназ астэапарозу выстаўляецца аўтаматычна. Паколькі існуе паняцце «каскад пераломаў». Лягчэй уявіць, што гэта такое, калі разглядаць пазваночнік як вертыкальны слуп. Калі на пэўным этапе адбываецца кампрэсія, парушаецца ўся вертыкаль. Таму, каб не губляць час, пералом пазванка ва ўзросце 70 гадоў і старэйшым без аб'ектыўных прычын – дастатковая нагода для пачатку спецыфічнай тэрапіі.
На жаль, летне-асенні дачны перыяд у дачыненні да астэапарозу з'яўляецца крытычным. Маючы значнае зніжэнне шчыльнасці касцяной тканкі, але не ведаючы пра гэта, пералом пазванка можна атрымаць, праполваючы і капаючы градкі, збіраючы ўраджай. А абязбольвальныя таблеткі робяць цуды і перашкаджаюць часам дыягнаставаць сітуацыю своечасова.
Так, але ў кожнага свой болевы парог адчувальнасці. 60-70% выпадкаў болю ў спіне ва ўсім свеце вядуцца, як зашчымленне нервовага заканчэння, люмбалгія, ішыяс... А кампрэсійны пералом на здымку выяўляецца, як выпадковая знаходка. Я падкрэсліваю – гэта ва ўсім свеце так. Калі пералом рукі-нагі дыягнастуецца практычна адразу, дык тут усё можа залежаць ад рознага парогу болевай адчувальнасці і рознага тонусу мышцаў вакол пазваночніка (мышачнага гарсэта).
Чым мацнейшы мышачны гарсэт, тым лепей ён падтрымлівае пазванкі на адлегласці, не дае ім накладвацца адзін на другі, пераціскаючы нервовыя заканчэнні, пры пераносе цяжараў, працяглай хадзе, нахілах. Умацоўваць мышачны гарсэт пазваночніка трэба пастаянна. Гэта фізічныя практыкаванні, плаванне, актыўнасць.
Часам пацыенты прыходзяць са скаргамі, што яны згорбіліся, і просяць з гэтым штосьці зрабіць. Медыкаментозна выпрастаць чалавека немагчыма. Гэта следства слабасці мышцаў спіны. І толькі штодзённая праца па ўмацаванні гэтых мышцаў можа даць вынік.
Ці выпростваюцца людзі? Так, выпростваюцца! І на 2, і на 3 сантыметры робяцца вышэйшымі (не ў параўнанні з першапачатковым ростам – яны не пачынаюць расці). Але калі было зніжэнне сумарна на 10 сантыметраў за жыццё, а потым скарацілася да 7 – гэта цалкам рэальны і адчувальны вынік. Але гэта штодзённая праца над сабой. Хаця прасцей, безумоўна, верыць у чароўную таблетку…
Працуючы адначасова па сумяшчальніцтве і адрыўным календаром, і гадзіннікавай зязюляй, паведамляю: да нас набліжаецца другі месяц восені! А гэта значыць… Гэта значыць, што мы са шчырай надзеяй чакаем чарговага бабінага лета!
…Паныла пазіраючы на бліжэйшы прагноз (дажджы-дажджы-дажджы, магчымыя і немагчымыя, моцныя і слабыя), яшчэ больш паныла – на батарэі (добра, калі ў нашым Чэрвені сёлета ацяпленне падключаць да Новага года, ага), ужо з настальгіяй прыгадваю сёлетні верасень, хаця ён яшчэ і не скончыўся.
Эх, якое ж сонца грэла нас ва ўкраінскім Закарпацці! У тэрмальных басейнах і чанах, у Мукачаве і Ужгарадзе… Ва ўсіх тых цудоўных мясцінах, па якіх давялося вандраваць… І нават пры пад’ёме на самую высокую ўкраінскую гару Гаверла і спуску з яе мы ўхітрыліся «падсмажыць» твары!
Зрэшты, дваццатыя чыслы верасня нас таксама парадавалі. Асабліва 26-га і 27-га. Таму і хочацца, хутчэй перасягнуўшы сцяну дажджу, зноўку ўвайсці ў сонца! Тым больш, што так паэтычна нашы продкі казалі пра лес у кастрычніку, што ён залоціцца гэтым месяцам. Праўда, пра зямлю не так паэтычна: яна балоціцца, заліваецца дажджамі.
Яшчэ даўней заўважалі, што другі восеньскі месяц даволі капрызлівы, бо не любіць «ні калёс, ні палазоў». Ды і надвор’е ў ім дэманструе свой нораў: то туман, то замаразкі, то дождж, то снег, і ўсё разам – з брудам ды гразёю пад нагамі.
Затое кастрычнік здаўна вызначаўся колькасцю вяселляў! Бо ўраджай сабраны, асноўныя земляробчыя справы паробленыя. Час дбаць і пра сям’ю, засылаць сватоў ды збірацца разам на вячорках.
І ў наш час з раннімі зацемкамі ды познімі світанкамі хочацца, як тым катам, звіваць сабе гняздзечкі ў пледах ды коўдрах альбо вязаць з назапашаных загадзя пушыстых нітак штосьці цёпленькае… А вось калі б яшчэ пасядзець ля каміна!!!
Усе цягнуцца да цяпла… Сінічкі ўсё актыўней чапляюцца кіпцюрыкамі за раму, зазіраюць у акно то зверху, то знізу, то збоку, крцуцяць цікаўнымі галоўкамі ды імкнуцца давесці нам пра штосьці сваё, птушынае. Зразумела, што гэта ўжо, як жартуем мы ў сям’і, заяўка… на сала!
Памятаю, як актыўна ў дзяцінстве ў вёсцы кармілі птушак. Кармушка з хлебнымі крошкамі – для ўсіх, каліна і рабіна – для снегіроў, кавалачак сала – для сінічак… Зараз усё часцей купляем нясмажаны сланечнік, які так любіць спажываць большасць пярнатых, што наведваюцца да нас пад вокны і ўвосень, і ўзімку, і ўвесну.
Так што самы час перагледзець кармушкі, а можа, і новыя выразаць. А робяцца яны зараз з пластыкавых бутэлек лёгка!
Але вернемся да пана Кастрычніка. Як яго толькі ні называлі ў народзе! І лістападам, між іншым, і пазімнікам… Гразнікам, брудзенем (бр-р-р-р-р-р! Праўда, але ж непрыгожа!), вясельнікам, жоўценем і, вядома ж, акцябром.
А ў народнай мудрасці ён паўстае такім: «Кастрычнік ходзіць па краю і гоніць птушак з гаю», «У кастрычніку і хата з дрывамі, і мужык з лапцямі», «У кастрычніку снег – толькі на грэх», «У кастрычніку гром – зіма без снегу».
Самае вялікае свята, якое чакаецца падчас другога восеньскага месяца, – Пакроў. Але пра яго – у свой час. А зараз… Рыхтуемся сустракаць спадара Кастрычніка – паслязаўтра!
Вось што асабліва цаню ў ім падчас сонечнага (няхай сабе і марознага) надвор’я – дык гэта магчымасць колькі заўгодна шамацець рознакаляровым апалым лісцем у парках! Люблю!!! А вы???
На 1,5 мільёна жанчын ва ўзросце 65 гадоў у Беларусі застаецца прыкладна 300 тысяч аднагодкаў-мужчын.
Колькасць выпадкаў смерці сярод мужчынскага насельніцтва ва ўзросце 45+ у два разы большая, чым да адзнакі ў 45 гадоў, панаракала ў размове з журналістам Слушна кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч.
Самымі частымі прычынамі смерці мужчынскага насельніцтва з'яўляюцца захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, траўмы і атручэнні. Паміраюць беларускія мужчыны і ад анкалагічных хваробаў, прычым самыя частыя лакалізацыі новаўтварэнняў – рак прастаты, лёгкага і кішэчніка. Рэгіструецца вялікі працэнт самагубстваў, якія часта адбываюцца на глебе злоўжывання алкаголем.
Хваробы сэрца і сасудаў не ўзнікаюць ніадкуль. Шмат у чым іх прычына крыецца ў ладзе жыцця: шкодныя звычкі, недахоп фізічнай нагрузкі, няправільнае харчаванне, лішняя вага і атлусценне. І няхай да пары яны ніяк не абзываюцца, вынік заканамерны – развіццё метабалічных парушэнняў, якія «цягнуць» за сабой дысліпідэмію (парушэнне ліпіднага абмену), цукровы дыябет 2 тыпу, артэрыяльную гіпертэнзію, праблемы з функцыяй апорна-рухальнага апарата.
Эксперт патлумачыла, што мужчыны рэдка звязваюць праблемы ў сэксуальным жыцці з лішняй вагой і атлусценнем.
Але нічога не бывае проста так. Калі парушаецца эндатэлій (сценка) перыферычных сасудаў, узнікаюць праблемы з патэнцыяй. Прызнацца сабе ў гэтым, як правіла, мужчыны не могуць і звяртаюцца да спецыялістаў, калі дапамога часта ўжо запазнілася. Адсюль – дэпрэсія, якая можа запусціць працэсы развіцця анкалагічных і кардыялагічных хваробаў.
Ужо з 35 гадоў у мужчын пачынае зніжацца ўзровень гармону тэстастэрону, і гэта натуральны працэс. Разам з тым, зніжэнне ўзроўню гэтага гармону прыводзіць да збояў у працы сардэчна-сасудзістай сістэмы, рэпрадуктыўнай функцыі, памяншаецца цягавітасць арганізма ў цэлым, павышаецца стамляльнасць. Працэс гэты паскараецца, калі ў мужчыны ёсць дадатковыя рызыкі: няправільнае харчаванне, атлусценне, курэнне і гіпадынамія.
Свой сумны ўнёсак робіць і алкаголь. Практычна кожная сустрэча з сябрамі або застолле па традыцыі суправаджаюцца ўжываннем спіртных напояў, адзначае спецыяліст. Дарэчы, часцяком мужчыны лічаць, што піва бяскрыўднае. Але яно прыводзіць да таго, што ў аматараў гэтага напою расце дэпо абдамінальнага тлушчу (піўны жывот).
Справа ў тым, што ў піве ўтрымліваюцца так званыя фітаэстрагены – аналагі жаночых палавых гармонаў. Менавіта таму постаць «прыхільнікаў» гэтага хмельнага напою нярэдка прымае жанчынападобныя рысы.
Не варта забывацца і пра яшчэ адзін фактар – выхад на пенсію. Для многіх гэта – мяжа, рыса, за якой абсалютна не зразумела, як жыць і што рабіць далей: у прафесійным плане ён сябе рэалізаваў, а дзеці выраслі. Для многіх выхад на пенсію – не новы этап у жыцці, а трагедыя, лічыць спецыяліст.
Хто такі мужчына ў групе рызыкі развіцця неспрыяльных наступстваў для здароўя? Людміла Жылевіч для нашых чытачоў вывела наступную формулу:
Зрэшты, вельмі шмат залежыць ад паводніцкага фактару, упэўненая Людміла Жылевіч, і мяняць свае звычкі ніколі не позна.
Высветліць, што неабходна зрабіць, каб значна зменшыць смяротнасць сярод беларускіх мужчын, закліканая ініцыятыва «Самы час!». У цэнтры ўвагі – беларусы ва ўзросце 45+ Мінскай вобласці.
Было праведзенае сацыялагічнае даследаванне, накіраванае на вывучэнне мадэлі паводзінаў мужчын 45+. Яго вынікі паказалі, што клопат пра сваё здароўе, змена дзейнасці або працы, набыццё новых навыкаў – далёка не ў ліку першых жыццёвых прыярытэтаў мужчынскага насельніцтва гэтай узроставай катэгорыі.
Пра вынікі даследавання чытайце ў нашым наступным матэрыяле.
А ўсё чаму?! Ды таму, што 27 верасня – Уздзвіжанне (Здзвіжанне, Узвіжанне). Не датыкаючыся да тэмы царкоўнай, звернемся да народных вераванняў і ўяўленняў. А паводле іх, сёння ў лясах усе змеі, гадзюкі ды іншыя паўзуны вылазяць са сваіх нораў, збіваюцца ў клубкі, каб пасля накіравацца ўжо на зімоўку: «Дзвіжанне – гадзюкі здвігаюцца ў кучу». І знаходзіцца побач з імі ну вельмі небяспечна!
Праўда гэта ці не, сказаць не бяруся. Бо сама ніколі ў гэты дзень у лес не хадзіла і таго на свае вочы не бачыла. Затое шмат чула ад людзей пра тыя клубкі змей. Маўляў, праўда.
Мне ж у сувязі з гэтым святам больш падабаецца прыгожая легенда. Вось каб спраўдзілася хаця б калі-небудзь і ў каго-небудзь! Усё роўна як з той папараць-кветкай…
Кажуць, што на Узвіжанне ладзіцца сапраўднае змяінае шэсце, ачольвае якое Цар-змей. Яго можна пазнаць па велічыні і, вядома ж, кароне. А яшчэ ў яго луска з залатым і сярэбраным адлівам. Словам, сапраўдны цар.
І калі раптам каму з людзей трапіцца такое шэсце, трэба не разгубіцца, а рассцяліць перад ім абрус з хлебам-соллю і нізка пакланіцца. Тады Цар-змей скідваў залаты ражок з кароны, а то і яе саму.
Той, хто займее гэтае змянінае багацце, зробіцца быццам бы змяіным пабрацімам. Яд на яго не будзе дзейнічаць. А сам чалавек стане надзвычай мудрым, зможа чытаць чужыя думкі, з гонарам выходзіць з самых цяжкіх абставінаў. А калі ў кагосьці ёсць залатая змяіная карона, дык яна быццам бы ламае ўсе замкі і засаўкі.
Але паколькі гэта ўсяго толькі прыгожая легенда, дык не трэба ўсё ж сёння накіроўвацца ў лес. Думаю, нават адно відовішча змяінага клубка аптымізму не прыдасць…
Чаго ж нельга было рабіць у гэты дзень па ўяўленні нашых продкаў, апроч наведвання лясоў? Як ні дзіўна… стаяць у садзе! Але па той жа прычыне. Бо лічылася, што змеі на Узвіжанне запаўзаюць на дрэвы па яблыкі і могуць адтуль зваліцца на чалавека. Таму і зямлю не капалі, каб адтуль яны не вылезлі.
Як вядома, першыя вясновыя і апошнія восеньскія змяіныя ўкусы лічацца самымі небяспечнымі для чалавека. А самае цікавае, што таго паўзуна, які ўджаліць на Узвіжанне чалавека альбо жывёлу, змеі ў сваю кампанію больш не прымаюць. І застаецца толькі яму замерзнуць дзесьці на адзінокім шляху.
Памятаю, як мама расказвала, што якраз-такі бачыла пасля Узвіжання самотную ніякаватую змейку, якая ляжала зусім без сіл. Мо, гэта і была адна з такіх?!
Да гэтага свята ўсе азімыя і яравыя з палёў павінны быць ужо звезеныя. Што датычыцца надвор’я, дык уяўленні пра яго таксама занатаваныя ў народзе: «На Узвіжанне халат з плеч, а кажух на плечы». Улічваючы сёлетнія раннія і даволі актыўныя замаразкі, вельмі актуальна. На Узвіжанне мы быццам канчаткова развітваемся з цяплом. Але!!! Усё ж такі штораз – у спадзяванні на бабіна лета ў кастрычніку.
А яшчэ існавала павер’е, што 27 верасня сонца гэтак жа «грае», як на Купалле. Ну, паназіраем сёння. Пакуль быццам бы ў Мінску абяцалі сонечнасць і цеплыню. А што ў вас, сябры?
Яшчэ нашы продкі заўважалі: «На Узвіжанне апошні сноп з поля пайшоў, птушкі ў вырай паляцелі», «Зямля з лета на зіму зварухнулася», «Узвіжанне восень зіме насустрач нясе».
Між іншым, калі набліжаць гэтае свята да нашых дзён, дык чамусьці лічыцца, што 27 верасня лепей не пачынаць нічога новага, не падпісваць дамовы, не жаніцца і (ўвага!!!) не прасіць нічога ў начальства! Так што... адкладаем усё на панядзелак?!
Гісторыя з гомельскім школьнікам ускалыхнула беларускіх бацькоў і прымусіла задумацца пра тую атмасферу, у якой дзеці знаходзяцца штодня падчас вучобы. А вось калі б так па-сумленнаму дзеці выклалі б у сетку тое, што адбываецца дома?
Па-сапраўднаму страшна робіцца ад усведамлення, што многія не могуць знайсці аддушыну не толькі ў казённых сценах, але і сярод самых блізкіх людзей. І нават калі з выгляду ўсё паважна-высакародна, ніхто не крычыць, бацькі нярэдка прысутнічаюць побач з дзецьмі толькі фізічна, не турбуючыся пра спробы наладзіць блізкія стасункі (пытанні пра ежу, вопратку, сон і ўрокі не лічацца). Страшны дзіцячы самотны свет сярод дарослых...
Насамрэч цёплы кантакт з дзіцем не патрабуе велізарнай колькасці часу. Нашы простыя рэкамендацыі дапамогуць вам падтрымліваць эмацыянальную сувязь, нават калі вы ўвесь час занятыя і не бавіце з дзiцем кожную вольную хвіліну. А гэтага і не трэба.
Нягледзячы на тое, што артыкулы на тэму псіхалогіі даносяцца з кожнага праса, не ўсе бацькі робяць сабе справаздачу ў тым, што недаатрыманую ў дзяцінстве ўвагу немагчыма да канца кампенсаваць у больш сталым узросце. І гэта не пра тое, што трэба закінуць усе свае інтарэсы і шчыльна займацца толькі справамі дзіцяці. Ад такога падыходу не выйграе ніхто. На выхадзе атрымаецца раздражнёны і нерэалізаваны бацька ці маці і дзіця, якое адчувае пастаяннае пачуццё віны. Гаворка ідзе пра якасць узаемадзеяння ў той момант, калі ў вас атрымліваецца правесці час разам.
Доўгі зрокавы кантакт дапамагае фарміраванню ўстойлівай прыхільнасці. Тут добра працуе «Правіла першых трох хвілін». Штораз, калі вы рыхтуецеся ўбачыць сваё дзіця – раніцай, пасля ўрокаў, увечары, пасля любога расстання, сустракайце яго, як самага дарагога сябра.
Натуральна, уявіце прыемнага вам дарослага чалавека. Хутчэй за ўсё вы адлюстроўваеце прыветны выгляд і не накідваецеся на яго з патокамі незадаволенасці і крытыкі. Такога ж стаўлення заслугоўвае і дзіця. У першыя тры хвіліны сустрэчы паспрабуйце хаця б намаганнем волі ўсміхнуцца, забыцца пра ўрокі, праблемы ў школе, асабістым жыцці, на працы.
Паглядзіце свайму дзіцяці прама ў вочы і скажыце яму пра тое, як вы рады яго бачыць. Запэцканыя штаны, хатнія заданні ды іншае паспееце абмеркаваць пазней. Спачатку – атмасфера даверу, потым ужо выхаванне. На разбураным падмурку даверу і прыхільнасці дысцыпліна дрэнна прыжываецца.
– Лёва, як ты думаеш, колькі разоў у дзень трэба абдымаць дзіця? – спыталася я ў свайго 7-гадовага сына.
– Восемсот! – не задумваючыся, хуценька адказаў ён.
Дзецям (зрэшты, як і дарослым) абдымкі жыццёва неабходныя. І гэта не перабольшанне. Добра вядомае паняцце «шпіталізм», якое ўвёў ва ўжытак аўстра-амерыканскі псіхааналітык Р.Спітэ яшчэ ў 1945 годзе. Ён заўважыў, што дзеці, якія доўгі час знаходзіліся ў бальніцы без мамы, пачыналі адставаць у псіхічным і фізічным развіцці, часцей хварэлі. Высветлілася, што такія ж наступствы могуць узнікнуць у сем'ях, дзе маці не любяць дзяцей або не надаюць ім увагі. Ад падобных эмацыянальных дзірак людзі пакутуюць усё жыццё, а часам шпіталізм прыводзіць нават да смерці.
Любячыя абдымкі здольныя тварыць цуды. Яны замыкаюць дзіця ў цёплае кола родных рук і дапамагаюць умацаваць не толькі псіхалагічнае, але і фізічнае здароўе.
Чым карысныя абдымкі:
На думку вядомага сямейнага тэрапеўта Вірджыніі Сатыр, 4 абдымкі неабходныя кожнаму проста для выжывання, 8 – для захавання добрага самаадчування, а 12 – каб расці і развівацца.
Тычыцца правіла і падлеткаў. Хаця яны нібыта не любяць, калі іх кранаюць і «ціскаюць» бацькі, аднак дотыкі і абдымкі ім вельмі патрэбныя.
Калі ў бацькоў пытаюцца пра тое, колькі, на іх думку, трэба мець стасункаў у дзень з дзіцем, каб яно адчувала сябе добра, амаль усе называюць касмічныя лічбы: 5 гадзін у дзень, 3 гадзіны ў дзень. Для працуючых і занятых людзей гэта нерэальна. Адказныя людзі ежма сябе ядуць, пачынаюць пакутаваць, што яны не дастаткова добрыя бацькі, спрабуюць кампенсаваць адсутнасць часу дарагімі цацкамі, гаджэтамі або неверагоднай колькасцю гурткоў.
Даследаванні паказалі: дастаткова ўсяго... 15 хвілін у дзень. 15-30 хвілін, калі вы не пазіраеце ў тэлефон і камп'ютар, не ківаеце паміж справай, а цалкам прысвячаеце ўвагу дзіцяці (і гаворка, зноў жа, не пра бытавыя размовы накшталт «паеў», «паспаў»). Вельмі важна не страціць тую каштоўную нітку даверу, калі маленькі чалавечак гатовы падзяліцца з вамі сапраўды важнымі перажываннямі са свайго жыцця ці запрасіць у любімую гульню. Не хвалюйцеся, што не лепіце з пластыліну ці не малюеце з дзiцем гадзінамі. У дзіцяці, як правіла, досыць сваіх інтарэсаў і спраў. Калі ён ведае, што ў вас ёсць спецыяльны час толькі для яго, эмацыянальнае насычэнне адбываецца хутка.
Гэтыя чароўныя словы марыць пачуць кожнае дзіця, нават калі яно – яршысты падлетак. Інтарэсы з узростам змяняюцца, ды ў цэлым гэта і не самае галоўнае. Блізкасць і больш даверлівыя стасункі вельмі добра фарміруюцца тады, калі вы занятыя пэўнай агульнай справай. Дазваляйце сабе часам зняць «касцюм» дарослага і ад душы парадавацца вясёлай гульні або ўзяць удзел у калекцыянаванні магніцікаў. І нават калі часу катастрафічна не хапае, нітачка сумесных захапленняў будзе аб'ядноўваць вас.
Хочам мы ці не, ежа адыгрывае вялікую ролю ў нашым жыцці. Сумесныя пасядзелкі за сталом, як бы да іх ні ставіліся, – важны і аб'ядноўваючы рытуал. Добра было б прыдумаць невялікую традыцыю і для вас: сумесныя сняданкі, блінцы па нядзелях і інш. Здаецца, проста і глупства. А пачуццё бяспекі і блізкасці такія «дробязі» даюць каласальнае.
Усе крокі па выбудоўванні блізкасці з дзіцем грунтуюцца на простых пастулатах: шчодра дзяліцца пяшчотай і выдаваць яе пастаянна, а не па запыце. Калі дзіця перакананае ў вашай прыхільнасці і любові, яно здольнае лепей спраўляцца з любымі стрэсамі. Бо ў яго заўсёды ёсць месца, дзе яго прымаюць і абдымаюць нават з «двойкай» і дрэнным настроем.
8-гадовы сын не хоча вучыцца. Штораз, калі трэба садзіцца за ўрокі, істэрыць. Што рабіць? Як сябе з ім паводзіць?»
Такія пытанні турбуюць чытачоў нашага партала. Рана ці позна з падобнай праблемай сутыкаюцца любыя тата ці мама. Як зрабіць так, каб дзіця не прапусціла важныя веды, і пры гэтым не ператварыцца ў цэрбера і наглядчыка, не страціць кантакт?
Аднойчы давялося пачуць такую думку ад колішняга педагога: «У мяне ствараецца ўражанне, што часам школа зацікаўленая ў тым, каб зладзіць вайну паміж бацькамі і дзецьмі. Але ж дзецям так важна атрымліваць безумоўную бацькоўскую любоў». Часцей за ўсё «бітвы» адбываюцца менавіта з нагоды выканання хатніх заданняў. Дзіця рабіць іх адмаўляецца, а бацькі пры гэтым павінны станавіцца карнай машынай, якая толькі павучае, кантралюе і прыкрыквае. Усе памятаюць жарты пра тое, што калі сын вучыў урокі, мама ахрыпла, а суседзі ведалі ўсё на памяць? У рэальным жыцці гэта не смешна.
Важнасць ведаў у сучасным свеце аспрэчыць складана. Аднак як прывіць жаданне вучыць урокі мірна і пры гэтым заставацца падтрымліваючым дарослым для свайго дзіцяці?
Пра гэта журналісту інфармацыйнага партала «Слушна» распавяла Аксана Якубеня, практыкуючы псіхолаг, сямейны псіхатэрапеўт, член Беларускага таварыства псіхолагаў.
У кожнай дзіцячай істэрыкі, безумоўна, ёсць шэраг прычын. Імі могуць быць як праблемы ў школе, так і псіхалагічная абстаноўка ў сям'і. Задача бацькоў – набрацца цярпення і паспрабаваць высветліць, што менавіта прымушае дзіця так сябе паводзіць. Калі справіцца з сітуацыяй самастойна не атрымліваецца, не трэба саромецца звяртацца да спецыялістаў.
«Што гэта – загадка?!» – пацікавіцеся вы. Ну, так. Загадка для дачнікаў-агароднікаў найперш. Якую ж расліну трэба паспець ухапіць да таго, як яна зменіць колер? А капусту! Толькі не белакачанную, якой даўно ўжо нікога не здзівіш, а квяцістую ды брокалі.
Хаця квяцістая і атрымала такі назоў, насамрэч яна павінна быць белай. Адценне дапускаецца, толькі не зялёнае.
А брокалі, наадварот, павінна быць зялёнай. Бо калі расцвіце жоўтымі кветачкамі (а такое ў нас здаралася па першасці) – усё, у ежу яе выкарыстоўваць ужо нельга.
Але ёсць і зусім экзатычныя колеры ў адной і другой капусты. Напрыклад, фіялетавы! Але гэта ўжо экзотыка, а мы пра класіку.
На ўчастках капуста ўжо адышла, вядома ж. Хіба толькі якая самая стойкая ды запозненая раптам здзівіць. А чаму я прыгадала пра гэтыя віды капусты ў верасні?! Ды таму, што смачныя стравы з яе, назапашанай на зіму, ужо на стале бываюць. Хаця і восень.
А вы любіце гэтыя віды капусты?
Мо, хтосьці таксама вырошчвае ды нарыхтоўвае на зіму, закладваючы ў лядоўні? А ведаеце, якія яны карысныя?! Як прынята казаць у нашай сям’і – вітаміны ажно пішчаць! 🙂
І яшчэ самае цікавае, што квяцістая і брокалі бы спаборнічаюць адна з адной: якая найбольш карысная?! Але мы не будзем падтрымліваць гэтую спрэчку. Проста нагадаем пра перавагі кожнай.
Як сцвярджаюць спецыялісты, квяцістая капуста па ўтрыманні папулярнага і патрэбнага ўсім вітаміну С пераўзыходзіць нават экзатычны апельсін! Прычым дзённая норма С утрымліваецца ўсяго ў 100 грамах гэтага віду капусты. А яшчэ ў ёй вельмі шмат бялку. Таму яе раяць есці нават дзецям.
А што датычыцца карыснага і нават лекавага ўздзеяння на арганізм, дык квяцістая капуста паляпшае абмен рэчываў, нармалізуе страваванне, станоўча ўплывае на сардэчна-сасудзістую сістэму, дапамагае пры праблемах з печанню і касцямі.
А брокалі забяспечвае яе аматараў сутачнай нормай вітаміну В. А яшчэ ў ёй шмат аскарбінавай кіслаты, вітаміну А і К. Дзецям таксама раяць спажываць брокалі – пры правільным прыгатаванні, вядома ж. Яшчэ яе можна есці пры язвавай хваробе страўніка. Кажуць, што брокалі дапамагае і ў прафілактыцы анкалагічных захворванняў.
І што з таго, што на ўчастках яе ўжо практычна не ўбачыш ў дваццатых чыслах верасня?! Затое можна знайсці на рынках ды ў крамах і таксама назапасіць на зіму, паклаўшы ў лядоўню.
Наша сям’я ўжо не першы год карыстаецца вось гэтым правераным рэцэптам падрыхтоўкі брокалі і квяцістай капусты (розніцы няма) да замарожвання.
Што датычыцца рэцэптаў, дык іх у сеціве мора! А мы асабліва любім не адну капусту, а разам з іншай гароднінай. Усё разам запякаецца ў духоўцы... М-м-м-м, смаката! Прычым сцвярджаецца, што пры цеплавой апрацоўцы карысныя рэчывы губляюцца нязначна.
Рэцэптам правераным падзяліцца?! 🙂
Не з сеціва – з кнігі, калісьці падоранай мне сяброўкай на дзень народзінаў. А рэцэпт асвоіла мама. 🙂
Калі чагосьці не хапае з гародніны, не страшна. Проста больш дадаём іншай, мяняючы прапорцыі.
Падрыхтаваную гародніну (квяцістую капусту, моркву, фасолю, зялёны гарошак) адварыць у падсоленай вадзе амаль да гатоўнасці, адкінуць на друшляк, даць сцячы вадзе. Перакласці ў форму, змазаную сметанковым маслам і пасыпаную сухарамі.
Яйкі ўзбіць, змяшаць з малаком, заліць гэтай сумессю гародніну. Зверху пакласці тонкія пласцінкі сметанковага масла, пасыпаць сухарамі.
Запякаць у духоўцы на сярэдняй тэмпературы да ўтварэння румянай скарынкі.
Смачна есці!
А вы яшчэ не вырошчваеце на сваіх участках квяцістую капусту ды брокалі?! Не нарыхтоўваеце яе, набытую, на зіму?! Тады мы ідзём да вас! 🙂
Залішняя вага і атлусценне – не толькі эстэтычная праблема і прычына таго, што адлюстраванне вас не радуе. Спецыялісты ва ўсім свеце даўно даказалі, што атлусценне ў шмат разоў павышае рызыку развіцця многіх захворванняў, у тым ліку цукровага дыябету 2 тыпу.
Пра тое, чаму залішняя маса цела і атлусценне могуць прывесці да развіцця такога сур'ёзнага захворвання, журналісту Слушна распавяла прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ала Шапялькевіч.
Урачы разглядаюць атлусценне ў якасці аднаго з найважнейшых фактараў рызыкі развіцця цукровага дыябету 2 тыпу, асабліва ў спалучэнні са спадчыннай схільнасцю да дыябету, артэрыяльнай гіпертэнзіяй, маларухомым ладам жыцця, нерацыянальным харчаваннем.
Для разумення здаровых суадносінаў свайго росту і вагі важна ведаць індэкс масы цела. Чым ён вышэйшы, тым вышэйшая рызыка развіцця цукровага дыябету 2 тыпу. Разлічыць індэкс масы цела вельмі проста па формуле:
ІМЦ = маса цела (кг)/рост (м)2
Напрыклад, рост чалавека 1,65 м, а вага 78 кг. Значыць:
78 / (1,65*1,65) = 28,8
Гэты паказчык рэкамендаваны экспертамі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), дзе значэнні:
Аднак значэнне мае не толькі сам факт наяўнасці атлусцення, але і характар яго размеркавання. Асабліва высокія рызыкі дыябету для жанчын з акружнасцю таліі больш за 80 см і мужчын – больш за 94 см. У такім выпадку ўрачы кажуць пра тое, што ў чалавека так званае вісцаральнае альбо цэнтральнае атлусценне.
Пры вісцаральным атлусценні вакол унутраных органаў назапашваецца тлушчавая тканка, якая добра забяспечваецца крывёй і вылучае вялікую колькасць біялагічна актыўных рэчываў, так званых «адыпакінаў» (гармонаў тлушчавай тканкі).
Дзеянне гэтых рэчываў прыводзіць да складанага парушэння метабалічных працэсаў: фарміруецца інсулінарэзістэнтнасць (зніжэнне адчувальнасці тканак да інсуліну), парушаецца ліпідны абмен (дысліпідэмія), павышаецца згусальнасць крыві (гіперкаагуляцыя), расце артэрыяльны ціск і г.д. Паступова гэтыя змены ў арганізме прыводзяць да развіцця сардэчна-сасудзістых хвароб, цукровага дыябету 2 тыпу, анкалагічнай паталогіі, захворванняў рэпрадуктыўнай сістэмы.
Навукоўцамі даказана, што пры зніжэнні масы цела на 10 кг паляпшаюцца ўсе метабалічныя параметры (артэрыяльны ціск, ліпіды, цукар).
Першае, што варта зрабіць, – змяніць свой рацыён харчавання. Адмоўцеся ад мяса чырвоных гатункаў, рафінаваных прысмакаў, газаваных і іншых салодкіх напояў. Перавагу лепш аддаваць зялёнай ліставой гародніне (капуста ўсіх відаў, салата, шчаўе, латук), малочным прадуктам (з нізкім утрыманнем тлушчу) і суцэльназерневым кашам. Не пераядайце. Выконвайце прынцып «Сняданак з'еш сам, абед падзялі з сябрам, вячэру аддай ворагу».
Другое. Напоўніце свой дзень прыдатнай для вас фізічнай актыўнасцю. Досыць 30 хвілін у дзень (150 хвілін на тыдзень) звычайнай хады. Для большай эфектыўнасці нагрузку лепей чаргаваць, напрыклад, аэробную (бег, хада) і практыкаванні на расцяжку. Абавязковая ўмова – рэгулярнасць.
Трэцяе. Вельмі важным кампанентам прафілактыкі цукровага дыябету 2 тыпу, як і любога іншага неінфекцыйнага захворвання, з'яўляецца ўменне кіраваць стрэсам альбо індывідуальная антыстрэсавая тэрапія. У гэтым плане добрыя любыя віды псіхалагічнай разгрузкі, хобі ці медытацыя.
І, вядома, ж, пры наяўнасці атлусцення і іншых фактараў рызыкі цукровага дыябету 2 тыпу праверце свой узровень цукру: раніцай нашча з пальца ён не павінен перавышаць 5,5 ммоль/л, на працягу дня – 7,8 ммоль/л.
Журавіны – дзівосныя ягады, якім не страшныя ні маразы, ні залевы. Пры нізкіх тэмпературах яны робяцца яшчэ больш салодкімі, а ў вадзе даўжэй захоўваюць свой таварны выгляд і смакавыя якасці. Між іншым, Беларусь – адзін з найбуйнейшых вытворцаў каштоўнай ягады ў свеце. А ў Еўропе і зусім няма журавінавых плантацый, роўных нашым.
Здаецца, усе ведаюць пра карысць жамчужыны палескіх балот. Але не ўсе цудадзейныя ўласцівасці, якія прыпісваюць журавінам, сапраўды ім належаць. Напрыклад, журавіны – не самая багатая крыніца вітаміну С, як можна меркаваць. У звычайным кабачку яго нашмат больш.
Тым не менш, ягады змяшчаюць шмат іншых каштоўных рэчываў, уласцівасці якіх забяспечылі ім славу прадукта з унікальнымі кулінарнымі і гаючымі якасцямі. У першую чаргу гаворка ідзе пра вялікую колькасць фітанутрыентаў у журавінах. Сярод іх асаблівае месца займаюць праантацыяніды, антацыаны і флаванолы – рэчывы, якія маюць магутныя антыаксідантныя і супрацьзапаленчыя ўласцівасці.
Так што мы гатовыя прапанаваць нашым чытачам 6 важкіх прычын, каб есці журавіны.
У народнай і традыцыйнай медыцыне журавіны славяцца сваім цудоўным эфектам у прафілактыцы інфекцый мочавыводзячых шляхоў (ІМШ). Дакладна вядома, што рэгулярнае ўжыванне ягад можа скараціць патрэбу ў лекавых прэпаратах, дзякуючы аднаму моцнаму антыаксіданту. У прыватнасці, журавіны змяшчаюць унікальны тып паліфенолу – праантацыянід. Ён знішчае бактэрыі, што правакуюць хваробы мочавыводзячых шляхоў (напрыклад, цыстыт). Адно з даследаванняў, праведзеных амерыканскімі вучонымі, паказала, што штодзённае (на працягу 6 месяцаў) ужыванне журавінавага соку без цукру (разведзенага з вадой у суадносінах 1:2) зніжае рызыку ІМШ на 40%.
Інфекцыі мочавыводзячых шляхоў, як правіла, патрабуюць правядзення моцнай антыбактэрыяльнай тэрапіі. У той жа час галаўны боль сучаснай медыцыны – праблема рэзістэнтнасці да антыбіётыкаў, якая пастаянна павялічваецца. Так што журавіны дазваляюць эканоміць на леках і берагуць здароўе. Аднак, важна памятаць: ягады папярэджваюць хваробу, дапамагаюць у комплекснай тэрапіі, але не могуць выступаць асноўным лекавым сродкам.
Дзякуючы поліфенолам, журавіны можна назваць прыродным супрацьзапаленчым сродкам. Запаленне з'яўляецца прычынай многіх паталагічных станаў, такіх, як артрыт або хваробы сэрца. Поліфенолы пры ўзаемадзеянні з іншымі біялагічна актыўнымі спалучэннямі журавінаў павышаюць імунны адказ арганізма, зніжаюць актыўнасць клетак, якія стымулююць запаленчыя працэсы. Але для дасягнення эфекту ўжываць трэба свежыя або сушаныя ягады, несалодкі журавінавы сок. Ад сокаў, якія вырабляюцца харчовай прамысловасцю з даданнем цукру, і дэсертаў (тыпу журавінаў у цукры) вялікай карысці чакаць не варта.
Вядома, ягады не аказваюць прамы ўплыў на мозг або разумовыя працэсы. Іх дзеянне апасродкаванае, але ад гэтага не менш каштоўнае. Усе рэчывы з антыаксідантным дзеяннем, што ўваходзяць у склад ягады, уносяць сваю карысць: вітаміны С, Е, групы В, марганец і фітанутрыенты. Яны нейтралізуюць дзеянне таксінаў, якія могуць правакаваць паталагічныя працэсы ў арганізме, павялічваючы ў тым ліку рызыку захворванняў, звязаных з парушэннямі працы мозгу (дэменцыя, хвароба Альцгеймера ды іншымі). Акрамя таго, вітамін C дапамагае ў вытворчасці норадрэналіну, што ў сваю чаргу спрыяе абменным працэсам паміж клеткамі мозгу. Каб атрымаць максімальную карысць, лепш есці свежыя або сушаныя журавіны.
Утрыманне ў журавінах вітамінаў С і Е – 18% і 8% ад сутачнай патрэбы адпаведна, – да ўсіх пераваг ягад дадаецца яшчэ адна: здольнасць супрацьстаяць сезонным вірусам за кошт павышэння ахоўных сіл арганізма. Падыходзяць журавіны не толькі як прафілактычны сродак у сезон уздыму вострых рэспіраторных інфекцый. Журавінавыя сокі і морсы карыстаюцца асаблівай папулярнасцю і падчас прастуды: натуральныя лекі палягчаюць працяканне хваробы і паскараюць выздараўленне.
З цынгой – «чумой 18 стагоддзя» – у сучасным свеце, на шчасце, сутыкаюцца адзінкі. А калісьці ўсяго за 2 сотні гадоў, па падліках гісторыкаў, ад яе загінула больш за 1 мільён чалавек. Прычынай смяротнага захворвання быў банальны недахоп вітаміну С. Не дзіўна, што журавіны як не самая дрэнная крыніца гэтага вітаміну пасля знайшлі сваё прызнанне ў якасці эфектыўнага сродку супраць цынгі.
Сёння гэтая іх уласцівасць не запатрабаваная. Але ў цэлым карысць журавін для здароўя зубоў ніхто не адмяняў. Фітанутрыенты з супрацьзапаленчымі і антымікробнымі ўласцівасцямі абясшкоджваюць дзеянне мікраарганізмаў, якія правакуюць карыес і захворванні дзяснаў. Па некаторых дадзеных, карысць для зубоў ад паглынання журавінаў не саступае эфекту пасля чысткі зубной пастай. Аднак, залішне захапляцца журавінамі не варта: паміж карысцю для зубоў і пашкоджаннем эмалі пад уздзеяннем кіслотаў, якія змяшчаюцца ў журавінах, – тонкая мяжа. Каб пазбегнуць непажаданага эфекту, пасля варта прапаласкаць рот вадой.
Праантацыяніды і антацыяны забяспечваюць журавінам ярка-чырвоны колер. Але гэтыя антыаксіданты таксама спрыяюць выпрацоўцы калагену, што дапамагае захаваць свежасць і пругкасць скуры, прадухіляе ранняе з'яўленне зморшчынаў. Высокае ўтрыманне харчовых валокнаў у ягадзе (каля 20% ад сутачнай нормы ў 100 г) забяспечвае нармальнае страваванне, што таксама станоўча адбіваецца на знешнім выглядзе: стане скуры, валасоў, пазногцяў. Аднак людзям, якія пакутуюць ад хвароб СКТ (язва страўніка, гастрыт з павышанай кіслотнасцю) давядзецца пашукаць іншы натуральны сродак для прыгажосці і маладосці, напрыклад... гарбуз. Бо ў іх выпадку журавіны замест карысці хутчэй за ўсё прывядуць да абвастрэння захворвання.
Вядома, на гэтым карысныя ўласцівасці журавінаў і прычыны есці іх хаця б час ад часу не заканчваюцца. Гэта не толькі каштоўныя, але і вельмі ўдзячныя ягады. Збіраць іх можна з пачатку верасня і ажно да глыбокай восені, а пасля раставання снегу – па вясне. І захоўваюцца яны пры належных умовах, не губляючы свае карысныя ўласцівасці і смакавыя якасці, цэлы год – ажно да новага журавінавага сезону. Нібы просяцца: не праходзьце міма!
Народныя традыцыі настолькі шматлікія і разнастайныя, што цікаўся імі – не цікаўся, вывучай – не вывучай, але і праз месяц, праз год, праз 5 даведаешся пра штосьці новае. І здзівішся, і захопішся, і задумаешся. Так і ў мяне гэтым разам атрымалася.
Аказваецца, нашы продкі хадзілі па журавіны, пачынаючы... з 13 верасня. І зусім не таму, што ягады да гэтага часу добра выспявалі ці людзям хтосьці з вышэйшага начальства раней забараняў. Лічылася, што менавіта 13 верасня, на Купрыянаў дзень, жураўлі збіраліся на балоце на сваё веча – перад адлётам.
Жураўлі і журавіны... Вядома ж, сугучныя словы. Таму паміж імі павінна быць сувязь. Ды яшчэ якая! Кажуць, што даўней журавіны зваліся... жураЎЛінамі! А птушкі падчас свайго веча кланяліся гэтай ягадцы. Вось чаму заўчасна нельга было ні іх трывожыць, ні накіроўвацца па журавіны.
Што ж жураўлі робяць на тым вечы? Ды, сцвярджалі старыя людзі, своеасаблівае спаборніцтва ладзяць, агляд. Хто мацнейшы, дужэйшы? Хто паперадзе кліна стане? Пара ж ужо адлятаць у цёплыя краіны... Літаральна 14 верасня можна ўжо згледзець жураўліныя кліны...
А мне падумалася: мусіць, і танчаць жа жураўлі на балоце яшчэ. Ва ўсёй сваёй прыгажосці. Эх, каб хоць калі зірнуць на тое веча! І журавінамі, вядома ж, харчуюцца, набіраюцца моцы перад далёкай дарогай. А што ж адчуваем мы падчас іх адлёту?! Светлы сум...
Нашы продкі і жураўлёў, як і буслоў, атаясамлівалі з людзьмі, прыпісвалі ім чалавечыя якасці. І розум, і прыстойнасць, і мудрасць... Магчыма, так яно і ёсць. Але не дадзена нам, на жаль, зразумець, пра што яны думаюць, пра што размаўляюць паміж сабой... Вечная загадка прыроды. «І жураўлі без веры не жывуць» – лічылася ў народзе.
Дайшла да нашага часу і народная мудрасць, у якой выкарыстаныя шматгадовыя назіранні за гэтымі птушкамі. «Калі жураўлі ўвосень ляцяць нізка, то зіма чакаецца цёплая, калі высока, то халодная», «Жураўлі гучна курлычуць – да дажджу». А паколькі 13 верасня – Купрыянаў дзень... «На Купрыянаў дзень жураўлі збіраюцца на балоце дамову трымаць, якім шляхам-дарогаю на цёплыя воды ляцець».
Так, жураўлінае веча звычайна збіраецца на Купрыянаў дзень, на які ў нашых продкаў таксама існавалі свае звычаі і традыцыі. Напрыклад, прыбіраць з палеткаў ураджай бульбы, буракоў, морквы, прыгаворваючы: «Усякі карэньчык у свой час», «Гаспадыня пры кароўцы, а дзеўкі – пры моркве».
Шмат усяго цікавага казалі пра таго, хто зваўся Купрыянам. Маўляў, ён з жураўлямі сябруе, і яны яго не баяцца, давяраюць адно аднаму. Калі Купрыян будзе ведаць, дзе хаваецца гэтая птушка з пашкоджаным крылом, дык нікому і не скажа, а жураўлю дапаможа.
А яшчэ быццам бы Купрыян не баяўся розных зданяў, блукаючых балотных агеньчыкаў, заўсёды мог прайсці праз багну і не патануць. Але ў наш час лепей такое ўменне Купрыянам і не правяраць...
А вяртаючыся да журавінаў... Вельмі карыснай для здароўя гэтая ягада лічыцца здаўна. Толькі калі яе збіраць ужо ў спелым выглядзе, а не даспельваць зялёную прымусова.
Думаю, многія з дзяцінства памятаюць кіславаты смак морсу, якім нашы бацькі літаральна адпойвалі дзяцей падчас хваробы, высокай тэмпературы. І лепшала ж! Бо журавіны ўтрымліваюць шмат вітамінаў групы В, а таксама С, А, К. Плюс калій і кальцый, магній і фосфар, натрый, жалеза, ёд, марганец...
А гэта – гарачкапаніжальны, супрацьзапаленчы, супрацьмікробны эфекты і не толькі. Журавіны паляпшаюць склад крыві, рэгулююць абмен рэчываў. Пры рэгулярным ужыванні здольныя паніжаць артэрыяльны ціск. І яшчэ шмат-шмат-шмат усяго!
Таму, не трывожачы сёння жураўлінае веча, кіруем на балота заўтра – па журавіны! Поспехаў усім у збіранні, прыемных адчуванняў пры спажыванні!
Кожная жанчына ведае: выйдзеш з кватэры не ў лепшым выглядзе – сустрэнеш усіх знаёмых. Але ёсць вось які момант. Часта цікавыя знаёмствы здараюцца менавіта ў тыя дні, калі жанчына зусім не скіраваная на пошукі і выглядае досыць проста. Напрыклад, у спартыўных штанах, або пасля хваробы, ці калі спяшаецца, спатыкнулася, нясе цяжкія сумкі... Чаму так здараецца?
Сучаснасць прад'яўляе жанчынам моцныя патрабаванні да прыгажосці і дагледжанасці. Адны захоплена малююць модныя бровы, дамагаюцца ідэальнага тону скуры, «шліфуюць» яе хайлайтарам, скульптарамі і іншымі касметычнымі прадуктамі, пра існаванне якіх мужчыны нават не здагадваюцца.
Іншыя павялічваюць вусны і грудзі, робяць антыцэлюлітныя масажы і шугарынгі. Трэція ідуць іншым шляхам і робяцца заўсёднікамі трэнінгаў пра жаноцкасць і прыняцце сябе. Для чаго жанчыны гэта робяць? Для таго, каб прыцягнуць увагу мужчын. А спыталіся ў гэтых самых мужчын, ці важна ім гэта ўсё?!
Журналіст «Слушна» задала пытанне Аляксандру Тыманюку, пастаяннаму госцю нашай рубрыкі «Пра што маўчаць мужчыны», магістру псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўту, супервізару Маскоўскага Гештальт Інстытута, старшыні праўлення заснавальнікаў АГА «Цвярозая Сіла» Брэста. У адказ Аляксандр запісаў для цудоўнай паловы чалавецтва відэазварот.
Ці згодныя вы з нашым экспертам? Прапануем абмеркаваць у каментарыях да матэрыялу або на нашым канале YouTube.
Ці то вецер, ці то птушкі – яшчэ пытанне. Толькі ўжо ніяк не даследуеш. 🙂 Але факт застаецца фактам: сцябліна з лістамі і кветкамі побач з вінаградам узялася невядома адкуль. І самае смешнае, што ўвагу на яе я звярнула не падчас цвіцення, а толькі калі ягадкі пачалі спець.
Але калі і да вас заляцела такая прыгажосць, не спяшайцеся тыя ягадкі зрываць і каштаваць на смак! Дасведчаныя людзі папярэджваюць: яны ядавітыя! Прычым смяротна небяспечныя! Вось чаму мода на гэтую расліну то ўзнікае, то праходзіць.
Памятаю, як у свой час была проста заварожана гэтай раслінай, якая красавалася на падворку, што ляжаў поруч з маім шляхам на працу. Шырокі-шырокі куст, багаты проста! І такі прыгожы і ў квецені, і ў ягадах. Ну незвычайная ж расліна, праўда?!
Калі пачала цікавіцца ёй больш грунтоўна, дык дазналася, што вядомая яна яшчэ са старажытных часоў. Іншыя назвы – фіталака амерыканская, кермесавыя ягады, іўдзейскі плюшч, тлустая трава... А калі ўлічыць, што выкарыстоўваюць яго ў еўрапейскіх краінах як сродак супраць гельмінтаў, паслабляльны ды для выклікання ванітаў... Лепей сапраўды вырошчваць толькі для прыгажосці! 🙂 І рукамі лішні раз не кратаць!
Адразу для параўнання прыгадваецца чыстацел, які некаторыя смелыя выкарыстоўваюць, каб прыгатаваць адвары, справіцца з бародаўкамі ды папіломамі... Але насамрэч ядавітасць у яго яшчэ тая! Лепей трымацца падалей. А сок, калі трапіць на скуру пад сонцам, таксама можа выклікаць апёкі, не горш за баршчэўнік Сасноўскага.
Дык вось на нашу галінку лаканосу ў мяне дакладна ніякіх планаў няма! 🙂 Толькі палюбавацца... Чаго і вам жадаю. А што датычыцца яго лекавых уласцівасцяў, дык найперш размова ідзе пра карані ды лісце. Як заўсёды, асабіста мне шкада знішчаць расліну, дабіраючыся да яе каранёў. 🙁 А тут яшчэ таксама магчымае паражэнне скуранога покрыва ды пашкоджанне слізістых, калі неасцярожна падыходзіць да нарыхтоўкі...
А з іншага боку, амерыканскія спецыялісты сцвярджаюць, што лаканос з’яўляецца супрацьракавай раслінай. Але, вядома ж, замяняць ім афіцыйнае лячэнне ніхто не прапануе... З расліны можна прыгатаваць настойку, парашок, адвар, мазь... Прымяняць, вядома ж, усё гэта толькі вонкава і толькі асцярожна. Ядавітае, асабліва ў вялікіх дозах.
Гэта я да таго, што калі раптам па сарафанным радыё да вас прыляціць інфармацыя пра карысць гэтай цуда-расліны... Лепей 10 разоў падумайце, перш чым нарыхтоўваць яе самастойна. Кажуць, што ёсць гамеапатычныя сродкі з лаканосам. Ну, калі як дадатковае да афіцыйнай тэрапіі ды пад кантролем урача... Чаму б і не выпрабаваць?!
Толькі не самастойна! А то адразу прыгадваюцца настойкі з грыба вясёлкі ды мухамораў... Колькі атручванняў з-за іх здарылася! Можа, не столькі з-за іх саміх, колькі з-за бязладнага прымянення...
Так што калі вам, як і мне, падабаецца лаканос амерыканскі, давайце пакінем яго толькі для ўпрыгожвання! Між іншым, сцвярджаюць, што куст мае пэўныя магічныя ўласцівасці! Хтосьці выкарыстоўвае яго... як сродак супраць сурокаў. А што? Калі верыш – шкоды дакладна не будзе. Калі не есці, вядома ж, ягады... 🙂
А іншыя сцвярджаюць, што калі на дачным ці прысядзібным участку расце лаканос, значыць, мужчына ў доме будзе смелым і адважным! Паверым ці праверым?! 🙂
Яшчэ кажуць, што зрэзаныя суквецці здольныя стаяць у букеце да 2 тыдняў! Таксама няблага – палюбавацца. Затое мне цяпер цікава, ці гэтак жа ўтрымаюцца ягадкі на галінках, калі іх зрэзаць і паставіць у ваду. Шкада, што ў нас галінка ўсяго адно. Дык лепей даўжэй палюбуемся на яе на летніку, у прыродных умовах. Ну недарэмна ж яна ў нас сёлета вырасла, а з пэўнай мэтай! 🙂
І напрыканцы, я лічу, проста забойная інфармацыя, якая павінна адпужнуць усіх жадаючых ужываць лаканос у якасці сродку лячэння самастойна. Вучоныя сцвярджаюць, што ў 100 грамах лісця, карэння ці ягад утрымліваецца смяротна небяспечная доза ядавітых рэчываў! Вось такая загадкавая гэтая фіталака амерыканская. У малых дозах – лечыць, у крыху большых – калечыць.
Калі ж вы ўжо прымянялі яе для лячэння і ўсё атрымалася... Ну што ж, вам пашанцавала. Але лепей такі досвед не паўтараць.
А калі ўсё ж упадабалі лаканос, любуемся ім здалёк. Асалоду для вачэй ён забяспечыць стопрацэнтную! 🙂
One fine body…