Ой, як жа песціла нас надвор’е ў сярэдзіне кастрычніка! Улагодзіла дык улагодзіла! Не тое што цеплыня – сапраўдная гарачыня была штодня на вуліцы. І нават моцны вецер не замінаў захапляцца бабіным летам.
А для здароўя якая карысць! Гулялі-гулялі-гулялі, пакуль была магчымасць! Нават калі дзень на працы, гулялі раніцай, пакуль туды ішлі. Гулялі ў абед, выдаткаваўшы на гэта час. Гулялі па дарозе дахаты. І лавілі-лавілі-лавілі такі патрэбны ўсім нам вітамін Д. І зараджаліся пазітывам ды добрым настроем.
Праўда, спецыялісты сцвярджаюць, што вітамін Д найбольш інтэнсіўна выпрацоўваецца звычайна толькі з 11 раніцы да дзвюх гадзін дня. Бо ў гэты час ультрафіялетавыя промні маюць патрэбную даўжыню – ад 280 да 315 нм. А вы пра гэта ведалі?! Я, па праўдзе, не… Але размова ідзе пра лета. Калі ў гэты час якраз-такі загараць не раяць, каб не атрымаць апёкі.
А ўвосень, мне здаецца, лаві сабе промні ды лаві, калі атрымліваецца. Мы ж усё роўна даўжыню ўльтрафіялету нічым не памераем…Бо атрымліваецца, што вітамін Д можна «злавіць» людзям працоўным толькі падчас прагулкі па абедзе. А ў астатні час, значыць, проста грэемся! І ловім дзэн! 🙂
Паколькі вось яшчэ адна знаходка даследчыкаў, як вызначыць, ці атрымліваем мы той хітры сонечны вітамін. Калі ўласны цень робіцца даўжэйшым за рост, усё! Промні нам больш нічога не дасылаюць, апрача цяпла.
Затое вось яшчэ адна крыніца для радасці, якая таксама надзвычай карысная для здароўя. Радасць, у сэнсе. Лісце… Не, не так. ЛІСЦЕ!!!! Хочаш – любуйся ім, рознакаляровым, на дрэве ды рабі шматлікія фотаздымкі. Хочаш – збірай у букеты. А ў мяне ўжо пару-тройку дзён такое жаданне маецца…
…Аўторак. Іду ўвечары па Кунцаўшчыне да метро. Непадалёк ад 26-й паліклінікі лісце ў кучках. І хлопчык гадоў чатырох-пяці ў адной з іх ну так ужо куляецца! І падкіне тое лісце, і зловіць, і занырне. Мора радасці! Паглядзела на яго забаву – і ўсмешка мімаволі з’явілася. І раптам…
Раптам я злавіла сябе на думцы, што таксама хачу даць нырца ў гэтае лісце!!! 🙂 Ну, ці мала пра што думаецца. Як кажуць, падумала – і забылася. Толькі дзе там! У сераду па сапраўднай гарачыні такое жаданне наведала мяне ў родным горадзе Чэрвені. А там кучкі лісця такія… свежанькія. Паглядзела я наперад, азірнулася… Эх, людзей мнагавата… 🙂
Ну, і ў хуткім часе – фінальны акорд. «Накрыла» падчас прагулкі па абедзе, ну вы падумайце! Зноў кучы лісця, і зноў яны вабяць! Карацей, гэта, мабыць, лёс. І я пастараюся ўжо ў якую-небудзь кучу даць нырца! Каб адчуць сапраўды дзіцячую радасць. Ды яшчэ і вось гэта прыгадваецца… Здаецца, у Аляксея Дударава?! «Будзьце як дзеці…»
Але восеньская лістота – гэта, на жаль, не толькі крыніца радасці. Бо калі пачынаюць лісце паліць, вокны на праветрыванне ўжо не адчыніш. І ўдыхай той дым, калі міма вогнішчаў праходзіш. Хочаш ты гэтага ці не хочаш.
Тым, у каго дачныя ўчасткі альбо агароды, прасцей. Лісцем можна замульчыраваць градкі з тым жа часнаком, пасаджаным пад зіму, накрыць кусцікі суніц ды трускалак.
А яшчэ з яго можна рабіць экалагічна чысты перагной, «цёплыя» градкі. Толькі не адно лісце ў апошнія закладваць, а змешваючы са здробненымі галінамі ды каранямі. Ужо шмат гадоў карыстаемся гэтай прыдумкай. І растуць на такіх «цёплых» градках памідоры, агуркі ды перац сапраўды як на дражджах! Праверана!
Ну і, вядома ж, шамацім сухім апалым лісцем у сваё задавальненне! А ў мяне гэта атрымалася зрабіць у кастрычніку... у парку майго любімага Нясвіжа!
І зноўку палюбавацца на велічны палац Радзвілаў, прайсціся па яго парадных залах, дакрануцца да гісторыі...
Кастрычнік усё ж паспеў папесціць нас цёплымі дзянькамі. Магчыма, і лістапад штосьці прыемнае прынясе?! А не толькі замаразкі ці слату... У спадзяванні! І з цёплымі ўспамінамі пра вандроўку ў Нясвіж!
У Беларусі, паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта за 2018 год, зарэгістравана 4 тысячы 342 пацыенты, у якіх дыягнаставаны рассеяны склероз (распаўсюджанасць 56,7 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва). Па паказчыку распаўсюджанасці Беларусь адносіцца да зоны высокай рызыкі.
Рассеяны склероз з'яўляецца хранічным аўтаімунным захворваннем. Пры яго прагрэсаванні агрэсіўныя імунныя клеткі не толькі пашкоджваюць міелінавую абалонку адросткаў нейронаў (нервовых клетак), але і прыводзяць да гібелі саміх клетак. У выніку гэтага парушаецца сіла ў руках і/або нагах, церпіць каардынацыя рухаў, адчувальнасць, функцыя тазавых органаў, пагаршаецца зрок. Паступова чалавек губляе здольнасць кіраваць сваім целам.
У групе рызыкі развіцця захворвання – маладое насельніцтва ва ўзросце ад 18 да 40 гадоў, прычым жанчын сярод іх у два разы больш. Разам з тым, у мужчын рэгіструецца больш выпадкаў першасна-прагрэсуючага РС (адзін з тыпаў цячэння рассеянага склерозу, які можа хутка прывесці да інваліднасці).
Пра сімптомы і дыягностыку рассеянага склерозу Слушна распавяла старшы навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Ганна Буняк.
РС – захворванне-«хамелеон». Яно мае шмат клінічных праяў. Часам пры першых сімптомах хваробы практычна немагчыма западозрыць пачатак захворвання.
З чаго можа пачынацца рассеяны склероз:
Пацыентам з пералічанымі станамі рэкамендуецца звярнуцца па кансультацыю да ўрача агульнай практыкі па месцы жыхарства, які накіруе да неўролага. Урач гэтай спецыялізацыі з улікам клінічных праяў захворвання прымае рашэнне аб прызначэнні далейшых даследаванняў, у тым ліку МРТ спіннога і галаўнога мозгу.
Зараз дыягнастычныя мерапрыемствы выконваюцца згодна з крытэрыямі Макдональда 2017 года перагляду, якія выкарыстоўваюцца ва ўсім свеце. Іх мэта – спрасціць і паскорыць пастаноўку дыягназу.
Чым хутчэй дыягнаставанае захворванне, тым раней будзе прызначаная тэрапія лекавымі сродкамі мадыфікаванага рада, да якіх адносяцца прэпараты, якія змяняюць цячэнне рассеянага склерозу. Іх выкарыстанне запавольвае прагрэсаванне хваробы, скарачае колькасць абвастрэнняў, памяншае актыўнасць аўтаімуннага запаленчага працэсу ў галаўным і спінным мозгу, а таксама зніжае інвалідызацыю пацыентаў.
Дыягностыка рассеянага склерозу грунтуецца на наяўнасці клінічных праяў захворвання, перыядычнасці іх развіцця (гэта важна і пры далейшым вызначэнні тыпу цячэння РС), а таксама выніках МРТ галаўнога і спіннога мозгу.
На этапе пастаноўкі дыягназу МРТ галаўнога і спіннога мозгу (шыйнага і верхне-груднога аддзела) з кантраставаннем трэба рабіць некалькі разоў з прамежкам паміж абследаваннямі каля 3 месяцаў. Гэта неабходна для таго, каб спецыялісты маглі ў дынаміцы вызначыць, ці ёсць павелічэнне колькасці ачагоў дэміелінізацыі, ці змяніліся іх памеры, ці назапашваюць ачагі кантраснае рэчыва.
Як патлумачыла суразмоўца, ачагі дэміелінізацыі ў галаўным і спінным мозгу могуць выяўляцца пры розных захворваннях. Пры рассеяным склерозе яны маюць пэўныя памеры, размяшчэнне, асаблівасць назапашвання кантраснага рэчыва, якое ўводзіцца ўнутрывенна. Пры рассеяным склерозе кантраснае рэчыва назапашваецца па контуры ачага ў выглядзе разарванага кольца.
МРТ важна выконваць на апараце магутнасцю не менш за 1,5 ТЭСЛА. Пры наступных даследаваннях апарат пажадана выбіраць з аднолькавымі тэхнічнымі характарыстыкамі.
Магчымыя пытанні, якія можа задаваць неўролаг на прыёме пры зборы анамнэзу захворвання і падазрэнні на рассеяны склероз:
У залежнасці ад таго, як працякае захворванне, вылучаюць некалькі тыпаў цячэння РС:
Рэцыдыўны рэмітуючы РС. Абвастрэнні ў выглядзе з'яўлення новай клінічнай сімптаматыкі чаргуюцца з рэмісіямі. Перыяд паляпшэння стану можа доўжыцца месяцы і нават гады. Такое цячэнне РС найбольш спрыяльнае. Разам з тым, пры адсутнасці мадыфікаванага лячэння ён можа пераходзіць у другасна-прагрэсавальны тып цячэння РС.
Другасна-прагрэсавальны тып цячэння РС. Спачатку ідзе перыяд чаргавання абвастрэнняў і рэмісій, а затым наступае прагрэсаванне хваробы. Пры гэтым магчымыя эпізоды рэзкага пагаршэння стану. У іншых выпадках ідзе павольнае развіццё хваробы без перыядаў паляпшэння і абвастрэнняў з паступовым нарастаннем неўралагічных сімптомаў.
Першасна-прагрэсавальны тып цячэння РС. З першага эпізоду захворвання ідзе паступовае нарастанне неўралагічнай сімптаматыкі, без дакладных перыядаў абвастрэння і рэмісіі. Пры першасна-прагрэсавальным тыпе цячэння РС заўсёды пакутуе спінны мозг. Хвароба паступова прагрэсуе. Такі тып цячэння РС найбольш цяжка паддаецца тэрапіі.
Вылучаюць яшчэ клінічны ізаляваны сіндром (першы клінічны эпізод захворвання) і радыелагічны ізаляваны сіндром (ёсць змены на МРТ галаўнога або спіннога мозгу, характэрныя для РС, але няма клінічных праяў). Як правіла, такія пацыенты назіраюцца неўролагамі. Як правіла, ім прызначаюць МРТ галаўнога мозгу праз 3-6 месяцаў. Пры наяўнасці адмоўнай дынамікі ёсць падстава для дыягназу «рассеяны склероз».
Тэрапія рассеянага склерозу падзяляецца на лячэнне абвастрэнняў, сімптаматычную тэрапію і лячэнне, якое змяняе цячэнне захворвання. Цяжэй за ўсё паддаецца тэрапіі першасна-прагрэсавальны РС.
Лячэнне абвастрэнняў мае на ўвазе прымяненне глюкакартыкастэроідных гармонаў, абменнага плазмафарэзу.
Пасля стабілізацыі стану пацыента ў перыяд рэмісіі абмяркоўваецца пытанне аб прызначэнні лекавых сродкаў. Як правіла, яны прызначаюцца не раней, чым праз 1 месяц пасля заканчэння курсу гармонаў.
Пры лячэнні рассеянага склерозу існуе паняцце «time is brain» («час-мозг»). Гэта значыць, што чым раней пачатае лячэнне прэпаратамі, якія змяняюць цячэнне рассеянага склерозу, тым пазней надыходзіць атрафія мозгу, захоўваюцца нейроны.
Ацэнка эфектыўнасці гэтых прэпаратаў залежыць ад шкалы EDSS (метад ацэнкі неўралагічных паражэнняў пры РС). Найбольш дзейсны адказ на прэпараты пры шкале EDSS да 3 балаў.
Прэпараты, якія змяняюць цячэнне рассеянага склерозу, даюць магчымасць кантраляваць цячэнне РС, але не вылечваюць яго.
Пра эфектыўнасць такой тэрапіі сведчаць запавольванне прагрэсавання захворвання, памяншэнне частоты абвастрэнняў, зніжэнне актыўнасці працэсаў па МРТ галаўнога і спіннога мозгу (памяншэнне колькасці актыўных ачагоў). Гэта дазваляе спыніць прагрэсаванне захворвання, знізіць інвалідызацыю пацыентаў, а значыць, захаваць іх якасць жыцця і сацыяльную ўцягнутасць.
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць на сайце roche.by.
Інфармацыя па рассеяным склерозе даступная таксама на сайце пацыенцкай арганізацыі дапамогі людзям з РС (тэлефон +375 17 396 75 58).
https://bel.24health.by/yak-zhyc-z-rasseyanym-sklerozam-chalaveku-patrebnaya-nadzeya/
Рэзанансныя выпадкі, звязаныя з наркотыкамі (гібель 19-гадовай студэнткі на прыватнай вечарыне ад перадазіроўкі наркотыкаў, а таксама недвухсэнсоўныя аб'явы аб хуткім заробку, якімі на працягу некалькіх дзён быў спісаны «спальны» раён сталіцы), пацвярджаюць горшае: небяспека побач.
Па ацэначных дадзеных, у краіне не менш 88,5 тысяч чалавек пакутуюць ад наркатычнай залежнасці. Нягледзячы на прынятыя намаганні па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў, пагроза Беларусі, як знешняя, так і ўнутраная, па-ранейшаму застаецца вельмі сур'ёзнай. Каб абараніць ад яе сябе, сваю сям'ю і грамадства ў цэлым, намаганні спатрэбяцца ад кожнага.
Пра сучасныя метады барацьбы з распаўсюджваннем наркотыкаў, спосабы прафілактыкі і лячэння наркаманіі журналіст Слушна даведалася на сустрэчы, арганізаванай Беларускім тэлеграфным агенцтвам (БелТА). У ёй узялі ўдзел:
Па словах Генадзя Казакевіча, асноўныя намаганні падраздзяленняў па наркакантролі накіраваны на ліквідацыю арганізаванай структуры нарказбыту і спыненне каналаў паступлення наркатычных і псіхатропных рэчываў у Беларусь.
Так, у 2018 годзе было зарэгістравана каля 5 тысяч злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркотыкаў, палова з іх звязана са збытам псіхаактыўных рэчываў. Толькі за мінулы год спынена 29 каналаў паставак наркотыкаў у Беларусь, дэзактывавана дзейнасць 7 падпольных лабараторый і больш за 40 памяшканняў, спецыяльна прыстасаваных і абсталяваных для вырошчвання наркатычных раслін. Распачата 70 крымінальных спраў за ўтрыманне наркапрытонаў.
Нягледзячы на відавочныя намаганні ўсіх структур, зацікаўленых у папярэджанні распаўсюджвання наркатычных сродкаў, гаварыць пра безумоўную перамогу над наркаманіяй занадта заўчасна.
Сухая статыстыка з'яўляецца адлюстраваннем не толькі пазітыўных тэндэнцый, але і праблемных месцаў.
Напрыклад, у 1,7 раза стала больш злачынстваў, учыненых арганізаванымі групамі, і больш чым на 35% – здзейсненых групай асобаў.
Распаўсюджвальнікі актыўна карыстаюцца інтэрнэт-прасторай, мабільнымі месэнджэрамі, забяспечваючы не толькі распаўсюджванне, але і ўцягваючы ва ўжыванне або збыт наркотыкаў, у першую чаргу, падлеткаў і маладых людзей.
Так, больш за 90% усіх здзелак па куплі-продажы наркотыкаў ажыццяўляецца бескантактавым спосабам пры дапамозе сеткі інтэрнэт, пры гэтым пакупнікі разлічваюцца электроннымі грашыма і крыптавалютай. За мінулы год, па словах Генадзя Казакевіча, быў заблакаваны доступ карыстальнікам больш чым да 150 інтэрнэт-рэсурсаў, якія змяшчаюць пранаркатычны кантэнт. Таксама заблакавана больш за 200 інтэрнэт-кашалькоў.
Па-ранейшаму ў фокусе асаблівай увагі пытанні лячэння і рэабілітацыі нарказалежных, а таксама прафілактыка і папярэджанне ўжывання наркатычных і псіхаактыўных рэчываў, у першую чаргу, сярод моладзі.
Як заявіў Аляксей Аляксандраў, на працягу апошніх 5 гадоў лік наркаспажыўцоў, якія стаяць на афіцыйным уліку ў нарколагаў, паступова зніжаецца. Але цяперашнюю сітуацыю ў краіне характарызуе полінаркаманія (сумеснае ўжыванне некалькіх псіхаактыўных рэчываў), напрыклад, сінтэтычных псіхастымулятараў, курыльных сумесяў, алкаголю. Гэта пагаршае паталагічны стан залежных, ускладняе працэс лячэння і рэабілітацыі, нягледзячы на тое, што сістэма аказання медыцынскай дапамогі ў краіне выбудаваная і наладжаная.
— Тут кожны чалавек з ліку тых, хто ўжывае наркотыкі, можа бясплатна прайсці тэставанне па сліне на наяўнасць вірусу імунадэфіцыту ў арганізме. Праводзіцца датэставае і паслятэставае кансультаванне. Пры неабходнасці таму, хто звярнуўся, прадастаўляюць інфармацыйныя матэрыялы, для зніжэння распаўсюджвання інфекцыі ін'екцыйным шляхам – іголкі і шпрыцы, і, адпаведна, сродкі індывідуальнай абароны для папярэджання інфіцыравання шляхам перадачы сэксуальнаму партнёру.
Акрамя гэтага, тут забяспечваюць псіхалагічную падтрымку, паколькі многія з нарказалежных ужо маюць станоўчы ВІЧ-статус.
У Беларусі з пачатку мінулага года рэалізуецца ўніверсальны доступ да лячэння ВІЧ. І задача кабінетаў прафілактыкі ВІЧ сярод наркаспажыўцоў у тым ліку – уцягванне іх у лячэнне небяспечнай інфекцыі, фарміраванне прыхільнасці да гэтага лячэння.
Любая дапамога, якую аказваюць спецыялісты кабінетаў прафілактыкі, праводзіцца бясплатна і на ўмовах поўнай ананімнасці. Гэта важна! Паколькі многія спажыўцы наркотыкаў асцерагаюцца звяртацца па кваліфікаваную дапамогу, баючыся крымінальнага пераследу.
— Менавіта яны ў большай ступені працуюць са спажыўцамі ін'екцыйных наркотыкаў, рызыка заражэння якіх ВІЧ/СНІД ці гепатытам вельмі высокая. Напрыклад, толькі адзін офіс грамадскай арганізацыі «Пазітыўны рух» у Мінску за мінулы год прыняў больш за 28 тысяч зваротаў. Ні аднаго паведамлення ў праваахоўныя органы ад урачоў ці грамадскіх актывістаў з гэтай нагоды не было.
Яшчэ адзін унікальны пілотны праект «Пачні з сябе» быў запушчаны ў мінулым годзе па ініцыятыве гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансэра г.Мінска.
Першапачаткова ён быў разлічаны на дарослых, але сёлета да яго падключыліся і старшакласнікі сталічных школ. Урачы рашыліся на смелы крок: ад лекцый, якія часам застаюцца без належнай увагі з боку падлеткаў, перайсці да дзеяння.
Школьнікам прапаноўваюць прымерыць спецыяльныя акуляры, якія імітуюць наркатычнае ап'яненне.
— Паколькі ўдзельнікамі праекта выступалі і прызыўнікі тэрміновай службы ў войску з усіх куткоў Беларусі, можна сказаць, што наша ініцыятыва ўжо выйшла далёка за межы Мінска.
Акрамя таго, запушчаны ў рэалізацыю сацыяльны анлайн-рэсурс Pomogut.by.
Першая яго галіна арыентавана на дапамогу залежным і сазалежным ад наркотыкаў. У стадыі распрацоўкі другая галіна рэсурсу, якая будзе прысвечана прафілактыцы і папярэджанні нарказалежнасці сярод дзяцей і падлеткаў. Асаблівую ўвагу распрацоўшчыкі надаюць падбору спецыялістаў, якія будуць задзейнічаны ў рабоце рэсурсу, каб сама форма стасункаў з маладымі людзьмі была даступнай, зразумелай і, галоўнае, прымальнай.
Але першачарговая задача, упэўненыя эксперты, стаіць перад сям'ёй. Пачынаць прафілактыку дэвіянтных паводзінаў трэба з фарміравання правільных прыярытэтаў і жыццёвых каштоўнасцяў. Гэта значыць, з самага ранняга дзяцінства.
https://bel.24health.by/pragramy-dapamogi-narkazalezhnym-vyjsce-yosc/
Незалежна ад полу і ўзросту ўсім людзям жыццёва неабходная рэгулярная фізічная актыўнасць. Сістэматычныя заняткі не толькі ўмацоўваюць мышцы, трымаюць у тонусе цела, але і дапамагаюць супрацьстаяць стрэсам. Тыя, хто рэгулярна займаецца фізічнымі практыкаваннямі, маюць добрую памяць, высокую працаздольнасць і моцны імунітэт.
Гіпадынамія з'яўляецца адным са значных фактараў рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў, нароўні з курэннем і злоўжываннем алкаголем. Недахоп фізічнай актыўнасці – адна з найбольш вострых праблем у сучасным свеце, своеасаблівы пабочны эфект тэхнічнага прагрэсу. І няхай сёння ў медыцынскім даведніку няма хваробы, якая б называлася такім тэрмінам, як гіпадынамія, разам з тым, гэты стан можа прывесці да сур'ёзных парушэнняў функцыі ўсіх органаў і сістэм чалавечага арганізма.
Пра тое, чаму гэтак важная рэгулярная фізічная актыўнасць, прычым у любым узросце, распавялі:
Як распавяла Наталля Грэкава, рэаліі такія, што большую частку часу дзеці і падлеткі праводзяць за рознымі электроннымі гаджэтамі. У якасці прыкладу яна прывяла дадзеныя праведзенага ў Навукова-практычным цэнтры гігіены даследавання. Усяго было апытана 430 чалавек – вучняў 3,7,9-х і 10-11 класаў. Вынік зусім несуцяшальны:
Спецыяліст упэўненая, што фарміраванне ў дзіцяці асноў здаровага ладу жыцця адбываецца перш за ўсё ў сям'і. Як бы ні старалася школа, колькі б ні развівалася сетка спартыўна-аздараўленчых устаноў, калі бацькі аддаюць перавагу баўленню часу за камп'ютарам, а не актыўнаму адпачынку, дзіця будзе рабіць тое ж самае, рэзюмавала Наталля Грэкава.
Па словах Вольгі Сіняковай, праблема нізкай фізічнай актыўнасці актуальная перш за ўсё для офісных работнікаў. Больш за паўгода спецыялісты лабараторыі праводзілі даследаванне стану здароўя супрацоўнікаў аднаго з банкаў, а гэта амаль 640 чалавек. Вынік такі:
Згодна з крытэрыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, нізкай фізічнай актыўнасцю лічыцца менш за 30 хвілін хады ў дзень, умераная актыўнасць – хада на працягу 150 хвілін на тыдзень, высокая – бег, аэробіка або язда на ровары пад гару прыкладна 75 хвілін на тыдзень.
Дарэчы, у 77% апытаных офісных работнікаў быў парушаны баланс артэрыяльнага ціску на 4 канечнасцях. Прычына гэтаму – доўгае знаходжанне ў статычнай позе і маларухомы лад жыцця.
Эксперт распавяла таксама, што недастатковая фізічная актыўнасць аказвае ўплыў і на псіхаэмацыянальны стан чалавека.
Пачынаць можна з малога, упэўненая Вольга Сінякова. Не варта адразу бегчы ў спартзалу і ставіць перад сабой цяжкадасягальныя мэты. Трэба перадаць інфармацыю ў іншы кабінет? Не тэлефануйце. Лепей схадзіце. Трэба прынесці дакументы на іншы паверх? Скарыстайцеся лесвіцай, а не ліфтам. Размаўляючы па тэлефоне, не сядзіце, пахадзіце па кабінеце. Па шляху на працу ці дадому прайдзіце пару прыпынкаў, параіла навуковы супрацоўнік.
Кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра Людміла Жылевіч упэўненая, што ў сталым узросце нагрузка павінна быць у абавязковым парадку. Вядома, іншая, з улікам ужо наяўных захворванняў і магчымасцяў чалавека. Напрыклад, жанчынам, якія ўваходзяць у перыяд менапаўзы, фізічная актыўнасць дазваляе захаваць моцнай касцяную сістэму.
Напэўна, калі спытацца ў кожнага з нас, усе упэўнена адкажуць, што кожны дзень выконваюць сваю норму ў 10 тыс.крокаў. Праведзенае ў Беларусі STEPS-даследаванне паказала, што сітуацыя далёкая ад ідэалу, адзначыла Людміла Жылевіч. Паводле падлікаў, сярод дарослага насельніцтва толькі каля 20% выконваюць сярэднестатыстычную нагрузку.
Гіпадынамія прыводзіць да павелічэння масы цела, уплывае на метабалізм, павышае рызыку цукровага дыябету 2 тыпу, артэрыяльнай гіпертэнзіі. Гэта ўсё фактары рызыкі неінфекцыйных захворванняў. Дарэчы, 10% выпадкаў смяротнасці ў выніку сардэчна-сасудзiстых захворванняў ляжыць менавіта ў фокусе гіпадынаміі.
Хто глядзеў вельмі добры фільм «Ёлкі», той павінен памятаць пра гэтую тэорыю. Сэнс яе ў тым, што ўсе людзі на Зямлі знаёмыя адзін з адным праз пэўны ланцужок. І калі яго правільна выбудаваць, ёсць магчымасць атрымаць пэўную дапамогу альбо выбудаваць стасункі з патрэбным чалавекам.
У фільме гэта не тое каб лёгка, але… З напачатку цалкам фантастычнага ператвараецца ў цалкам рэальнае. І нават маленькая выхаванка калінінградскага прытулку Вара, аказваецца, можа быць «знаёмая»… з прэзідэнтам краіны!
Зрэшты, прыдумка не новая, а мае пад сабой рэальную аснову. Пра яе заявілі яшчэ паўстагоддзя таму (у 1969 годзе) псіхолагі Стэнлі Мілгрэм і Джэфры Трэварс. Маўляў, кожны чалавек на Зямлі апасродкавана знаёмы з іншым праз ланцужок чыіхсьці знаёмых. А даўжыня ланцужка ў сярэднім і складае 6 чалавек.
Вядома ж, згаданая тэорыя не ўлічвае цяперашнія магчымасці сеціва, дзе і незнаёмца можна знайсці з лёгкасцю і адразу ж…
А што ж у жыцці? Штосьці падобнае нядаўна адбылося і са мною. Начальнік нашага аддзела інтэрнэт-праектаў Вольга Святліцкая паведаміла маёй цёзцы і каляжанцы(!!!) Святлане Стахоўскай, з якой мы працуем у адным кабінеце, што да нас павінна прыехаць цікавая жанчына з Казахстана – Асэль Калімбекава.
Маўляў, Вольга Іванаўна з ёй знаёмая і ведае, што Асэль захапляецца японскім мастацтвам тэмары. І нядрэнна было б зрабіць матэрыял з ёй і відэа для Слушна.
Пачуўшы пра тэмары, я адразу ж прыгадала, што на блогерскай пляцоўцы, дзе я зарэгістраваная і пішу не першы год, ужо дакладна чытала пра тэмары. І добра памятаю, хто пра гэтыя адмысловыя шарыкі пісаў – Наташа з нікам Акісан, якая пераехала жыць у Японію.
Хуценька знайшоўшы патрэбныя спасылкі, перасылаю іх сваёй каляжанцы-журналісту. Спадарожна прыгадваю, што даўнавата не чытала Наташыны захапляльныя аповеды. Ні пра Японію, ні пра тэмары, ні пра ігру на нацыянальным музычным інструменце… Ні пра торцікі – сапраўдныя творы мастацтва, якія яна ўласнаручна гатуе… А мы толькі охаем і ахаем, гледзячы на фота…
На наступны дзень пішу пост з пытаннем: маўляў, а дзе ж Наташа наша? Усё добра? Бо, прызнацца, і сама пэўны час не з’яўлялася на блогерскай пляцоўцы. А Наташа бывае ў сацыяльных сетках, адказваюць мне адразу дзве нашы агульныя знаёмыя, актыўныя блогеркі. І ў Наташы ў гэты дзень – асабістае свята!
Ну вось і скажыце, што Сусвет нас не чуе?! Менавіта ў гэты дзень я пачала яе шукаць. Бы падказаў хтосьці зверху… Пішу віншавальны пост. Дзяўчаты, малайцы, падказваюць Наташы, што добра было б і да нас вярнуцца.
І вось ужо мы стасуемся… Проста ў чалавека ўсё добра ў рэальным жыцці. І яно такое насычанае, што не да пісьмовых аповедаў. Але абяцае выправіцца наша Акісан. І, забягаючы наперад, скажу, што ўжо радуе нас па-ранейшаму сваімі допісамі і прыгажэннымі фота з Японіі!
А ў гэты час… У гэты час мая каляжанка Святлана Стахоўская сустракаецца з Асэль Калімбекавай у нашай студыі, распавядае ёй пра маё знаёмства з Наташай. І… Аказваецца, Асэль таксама віртуальна сябруе з Наташай!!! І менавіта з яе блога, у тым ліку, даведалася пра мастацтва тэмары!
Ну што ж… І свет сапраўды цесны… І «тэорыя 6 поціскаў рукі» (нават меншай іх колькасці!) дзейнічае… І Сусвет сапраўды нас чуе!
Яшчэ хутчэй, чым з Наташай Акісан у рэале (а яна, бывае, прыязджае з Японіі ў Мінск), я знаёмлюся з Асэль Калімбекавай з Казахстана, фатаграфуюся з ёй на памяць, фатаграфую яе… І разам з віншаваннямі дасылаю нашай агульнай віртуальнай сяброўцы-імянінніцы фота Асэль. Маўляў, сюрпрыз!
Наташа вельмі моцна здзіўленая і ўзрадаваная! Яна-то ведае, што Асэль гэтымі днямі ў Мінску. Але не ведае, якім чынам мы маглі перасячыся! Раней бы сказалі – «серыял», «дэтэктыў». А зараз… Магчыма, і ў вашым жыцці здараліся такія дзівосныя супадзенні?
Матэрыял Святланы Стахоўскай і фота ды відэа нашага вядучага рэдактара відэарэсурсу Андрэя Васкрасенскага пра Асэль Калімбекаву і тэмары атрымаліся вельмі цікавымі! Калі выпадкова прапусцілі, раім пачытаць-паглядзець!
Раптам вы таксама зацікавіцеся мастацтвам тэмары? І захопіцеся, як у свой час ім захапіліся і Наташа, і Асэль. Скажу па сакрэту: мяне тэмары зацікавілі вельмі і вельмі! 🙂
УГД сэрца або органаў брушной поласці даводзілася выконваць, мабыць, кожнаму. А вось, напрыклад, пра тое, што перыядычна нядрэнна праверыць сасуды шыі (брахіяцэфальныя артэрыі) або артэрыі на нагах, ведаюць не ўсе. Якія ультрагукавыя даследаванні неабходна праходзіць абавязкова? Як часта іх выконваць? Ці патрабуюцца прафілактычныя УГД, калі нічога не турбуе? Як правільна рыхтавацца да працэдуры?
Сайт Слушна падрыхтаваў памятку па гэтым распаўсюджаным відзе дыягностыкі для дарослых і дзяцей. Захоўвайце, каб не згубіць!
Экспертамі ў тэме выступілі ўрачы ультрагукавой дыягностыкі медыцынскага цэнтра «Любімы доктар» Таццяна Падымака і Алена Чыркун.
Пачынаючы з 20 гадоў, пажадана назіраць шчытападобную залозу раз у 2 гады, нават калі нічога не турбуе. Калі выяўлена паталогія, перыядычнасць назірання прызначае тэрапеўт або эндакрынолаг.
Што глядзяць на УГД?
Структуру шчытападобнай залозы, аб'ём, ці адпавядае ён узросту, ці ёсць аб'ёмныя ўтварэнні, кісты, вузлы, запаленчы кампанент (тырэяідыт – запаленне шчытападобнай залозы), навакольныя лімфавузлы (шыі і падсківічныя лімфавузлы). Часта яны падказваюць урачу, што ў вобласці насаглоткі і ротавай поласці ёсць інфекцыя.
Як падрыхтавацца?
Спецыяльнай падрыхтоўкі не патрабуецца.
Сасуды шыі трэба назіраць раз у 2 гады, пачынаючы з 40 гадоў. Асабліва, калі ёсць спрыяльныя фактары – курэнне, цукровы дыябет, інсульты ў родзічаў ды інш. Прызначае такое даследаванне неўролаг пры галавакружэннях, шуме ў вушах, пры наяўнасці «мушак» перад вачыма. Калі ўсё ў парадку са слыхам і зрокам, частай прычынай такога стану могуць быць стэнозы (звужэнне) БЦА.
Што глядзяць?
Даследуюць сонныя і пазваночныя артэрыі. Глядзяць, ці ёсць стэнозы сасудаў, паталагічныя звіласці, няправільная канфігурацыя сасудаў, анамаліі развіцця.
Такое даследаванне прызначае часцей за ўсё гінеколаг жанчынам ад 20 да 40 гадоў. Выконваецца раз у год для ранняга выяўлення паталогіі. Пасля 40 больш інфарматыўная мамаграфія. Мужчынам УГД грудных залоз робяць толькі па паказаннях: калі яны павялічаныя, ёсць утварэнні.
Што глядзяць?
Ці ёсць кісты, мастапатыя, дабраякасныя ці злаякасныя пухліны, запаленне.
Як падрыхтавацца?
Праводзіць абследаванне рэкамендуецца ў першую фазу цыкла (5-10-ы дзень з першага дня менструальнага цыкла).
Гэта, бадай, самае распаўсюджанае даследаванне. Яго прызначаюць урачы самых розных спецыяльнасцяў пры болю ў вобласці жывата, змене аналізаў крыві, пры незразумелай страце вагі, парушэнні апетыту, любой паталогіі ў вобласці жывата. З 40 гадоў кожнаму трэба праходзіць такое даследаванне прафілактычна нават пры адсутнасці скаргаў.
Што глядзяць?
Падстраўнікавую залозу, печань, жоўцевы пузыр, брушны аддзел аорты на наяўнасць анеўрызмаў або атэрасклератычных зменаў, лімфавузлоў у брушной поласці, селязёнку, ныркі.
Як падрыхтавацца?
За 1-2 дні да даследавання выключыць газаўтваральныя прадукты (бабовыя, свежы хлеб, кава, чай), харчавацца кашамі, нятлустым мясам. За суткі папрымаць прэпараты, якія зніжаюць газаўтварэнне (эспумізан, актываваны вугаль). Як мінімум за 8 гадзін да УГД трэба выключыць любую ежу, пажадана нават не піць ваду. Жыццёва неабходныя лекі ўжываць трэба, але запіваць толькі невялікай колькасцю вадкасці.
Пасля 40 гадоў трэба правяраць усім мужчынам раз у год. Асабліва пры павышэнні ўзроўню ПСА (анкамаркер).
Што глядзяць?
Аб'ём прадсталёвай залозы і наяўнасць паталагічных зменаў.
Як падрыхтавацца? За гадзіну да трансабдамінальнага УГД трэба выпіць літр вадкасці. Для ТРУГД: за некалькі гадзін да даследавання неабходна ачысціць кішэчнік з дапамогай клізмы з вадой пакаёвай тэмпературы (1-1,5 л).
Раз у год у прафілактычных мэтах.
Што глядзяць?
Камеры сэрца, наяўнасць утварэнняў, клапанных змяненняў, парокаў сэрца, зоны ішэміі (у вобласці інфаркту для дынамічнага кантролю).
Як падрыхтавацца?
Спецыяльнай падрыхтоўкі не патрабуецца.
Выконваецца раз у год, пажадана ў першую фазу цыкла, пасля агляду на гінекалагічным крэсле. Выконваюць УГД трансабдамінальна і трансвагінальна.
Што глядзяць?
Ці ёсць кісты яечнікаў, змены эндаметрыю, структуру міяметрыю, міяматозныя вузлы ды іншыя ўтварэнні. Пры болю ў вобласці нізу жывата для выключэння або пацверджання цяжарнасці, у тым ліку пазаматкавай.
Як падрыхтавацца?
Поўны мачавы пузыр.
УГД венаў выконваюць пры наяўнасці варыкозных венаў, бачных няўзброеным вокам, ацёкаў, сутаргаў.
Што глядзяць?
Глыбокія і павярхоўныя вены седзячы і лежачы. Ці ёсць тромбы, змены клапаннага апарата, пашырэнне вены, дадаткова ў падкаленнай вобласці – наяўнасць кістаў падкаленных суставаў.
УГД артэрый ніжніх канечнасцяў трэба глядзець пасля 40 гадоў усім мужчынам, якія паляць, а таксама калі ёсць скаргі на змену паходкі, боль у нагах пры хадзе на невялікія дыстанцыі.
Што глядзяць?
Ці ёсць стэнозы, атэрасклератычныя бляшкі.
Як падрыхтавацца?
Спецыяльнай падрыхтоўкі не патрабуецца.
УГД выконваецца пры наяўнасці пальпіруемых утварэнняў. Можна выявіць ліпомы, кістозныя ўтварэнні, дабраякасныя і злаякасныя пухліны.
Пры запаленчых зменах, траўмах.
Выконваецца з нараджэння і да таго часу, пакуль адкрытае цемечка (да 1-1,5 года).
Што глядзяць?
Хуткасць вянознага і артэрыяльнага крыватоку, структуры галаўнога мозгу, памеры жалудачкаў і поласцяў, анамаліі развіцця галаўнога мозгу, кісты, пасля траўмаў на прадмет кровазліцця.
Часта ў мамы падчас цяжарнасці выяўляюць парушэнне функцый шчытападобнай залозы або вузлавыя ўтварэнні. Тады рэкамендуецца праверыць дзіця пасля нараджэння: здаць аналіз на гармоны і паглядзець шчытападобную залозу на УГД. Калі ўсё ў парадку, наступная праверка будзе перад школай. А затым – раз у 2 гады.
Для дзяцей, у якіх не пачаўся перыяд палавога выспявання, такое даследаванне выконваюць пры заўчасным палавым развіцці, калі адбываецца нагрубанне малочных залоз. Такі стан бывае і ў хлопчыкаў, і ў дзяўчынак.
Даследаванне выконваецца кожнаму дзіцяці да 6 гадоў, перад школай, для вызначэння групы па фізкультуры.
Што глядзяць?
Ацэньваюць скарачальную здольнасць сардэчнай мышцы, памеры сэрца, наяўнасць прыроджаных парокаў, асаблівасці будовы, стан сардэчных клапанаў, хуткасныя патокі на клапаны.
Як падрыхтавацца?
Ведаць рост і вагу. Гэта неабходна для разліку плошчы паверхні цела.
Першы скрынінг нованароджаным выконваецца ў 3-6 месяцаў, бо ў гэты час пачынаюць праяўляць сябе прыроджаныя пухліны. Калі ўсё ў парадку, рэкамендавана праводзіць УГД раз у год і па паказаннях (боль у жываце).
Як падрыхтавацца?
Выконваецца строга нашча, пажадана ў першай палове дня. У дзень абследавання не есці, не піць і нават не чысціць зубы. Страўнік павінен быць пустым.
Як падрыхтавацца?
Для праверкі органаў малога таза ў дзяўчынак неабходна прыйсці на УГД з поўным мачавым пузыром.
У хлопчыкаў першага года жыцця часта выяўляецца крыптархізм (неапушчэнне яечка), вадзянкі, кісты прыдаткаў, насеннага канаціка. У хлопцаў старэйшых – варыкацэле (пашырэнне венаў). Пры такой паталогіі парушаецца кровазабеспячэнне яечка, што пасля можа прывесці да бясплоддзя.
Даследаванне тазасцегнавых суставаў дзяцей першага года жыцця праводзяць у адзін месяц, а пазней – у 4 месяцы. Калі ўсё ў парадку, дык далейшага назірання не патрабуецца. Да 3 месяцаў для малышоў характэрная фізіялагічная няспеласць тазасцегнавага сустава.
Скура, падскурна-тлушчавая клятчатка, мышцы, лімфатычныя вузлы правяраюць па паказаннях (калі ёсць утварэнні).
Абследуюць у выпадку, калі ў немаўляці ён доўга не загойваецца. Бывае, што за такім станам хаваецца свіршч пупка, незарашчэнне мачавой пратокі.
Як не заблытацца ў тэрмінах УГД? Усё часцей урачы сыходзяцца ў меркаванні, што раз у год кожнаму чалавеку, які сочыць за сваім здароўем, неабходна рабіць поўнае абследаванне. Метад УГД у гэтым плане даволі інфарматыўны, бяспечны, бязбольны. Падыходзіць як дзецям, так і цяжарным жанчынам.
Фота забяспечаныя медыцынскім цэнтрам «Любімы доктар» і ўзятыя з адкрытых інтэрнэт-крыніц.
«Я дзяўчынка. І я не хачу нічога вырашаць. Я хачу новую сукенку». Наўрад ці на падставе гэтай жартаўлівай фразы можна рабіць пэўныя сацыялагічныя сцверджанні. Але сам сэнс жарту паказвае на спрэчнае пытанне пра гендэрныя адрозненні і выдатныя эмацыянальныя характарыстыкі палоў.
Умоўна кажучы, ці справядліва меркаваць, што новая сукенка – гэта ўсё, што трэба «дзяўчынцы» для поўнага шчасця? А крыніца «хлапечага», атрымліваецца, крыецца ва ўскладзенай на яго па змаўчанні адказнасці за прыняцце рашэнняў?
Ці сапраўды шчасце адрозніваецца па палавой прыкмеце? І хто тады больш шчаслівы: мужчыны ці жанчыны? Не тое, каб гэта было дужа важна, але затое вельмі цікава.
Перш за ўсё трэба адзначыць, што ацэнка шчасця не з'яўляецца высокадакладным навуковым інструментам. Шчасце – гэта суб'ектыўны тэрмін, і для яго няма ўніверсальных вымярэнняў. Пагадзіцеся, што калі чалавек усміхаецца, гэта яшчэ не азначае, што стан радасці і задавальнення напаўняе яго знутры.
У адным з апытанняў, якое выкарыстоўвалі эканамісты са школы Уортон ва Універсітэце Пенсільваніі, рэспандэнтам проста прапаноўвалася ацаніць, ці з'яўляюцца яны «вельмі шчаслівымі», «досыць шчаслівымі» альбо «нешчаслівымі».
Пры гэтым не ўлічвалася, чаму, па якой прычыне людзі схіляліся да абранага варыянту адказу. Гэта да слова пра тое, што любыя спробы даследаваць шчасце грунтуюцца толькі на індывідуальным яго ўспрыманні і разуменні ўдзельнікамі навуковых пошукаў.
Нягледзячы на магчымыя падводныя камяні эмпірычных даследаванняў шчасця, вучоныя ўсё ж такі зрабілі пэўныя высновы пра тое, якія сацыялагічныя групы людзей умоўна можна назваць больш шчаслівымі.
Як правіла, людзі сталыя шчаслівейшыя за маладых. Багацце і добрае самаадчуванне таксама дапамагаюць нам часцей усміхацца.
А вось што кажуць вынікі даследаванняў шчасця ў кантэксце гендэрных адрозненняў.
Пэўнае ўяўленне пра адрозненні мужчынскага і жаночага шчасця даў адзін з маштабных даследчых праектаў Pew Global Attitudes, у якім узялі ўдзел амаль 40 тысяч прадстаўнікоў з 44 краін свету. У цэлым, жанчыны ацанілі сябе як больш задаволеных сваім жыццём, чым мужчыны.
Самымі шчаслівымі ў параўнанні са сваімі мужчынамі-суайчыннікамі сталі жанчыны з Японіі, Аргенціны, і, здавалася б, зусім нечакана – з Пакістана. Розніца, лічаць вучоныя, тлумачыцца фактарамі, якія ўплываюць на ўзровень асабістага шчасця. Жанчыны, напрыклад, схільныя засяродзіцца на асабістых і хатніх праблемах («важней за ўсё надвор'е ў доме» – якраз той самы выпадак), у той час як унутраная гармонія мужчын больш залежыць ад стану спраў па-за домам.
Ускосна такія высновы пацвердзіла апытанне Nielson Happiness Survey, праведзенае ў 51 краіне пасля сусветнага эканамічнага крызісу 2008 года. Узровень шчасця мужчын моцна пахіснуўся, не вытрымаўшы фінансавага шторму, паколькі яны надаюць большае значэнне матэрыяльнаму поспеху і дабрабыту, чым жанчыны.
І ў той жа час, калі мужчыны на вачах рабіліся больш няшчаснымі, апытаныя прадстаўніцы прыгожага полу адзначалі, што заклад іх «простага жаночага шчасця» – якасныя адносіны. З мілым рай у будане, што тут скажаш.
Але, мілыя дамы, пачакайце піць шампанскае. Вынікі даследаванняў, праведзеных у развітых краінах, паказваюць іншы малюнак. Да прыкладу, у ЗША жанчынам ужо сапраўды ёсць чаму радавацца. Яны маюць абсалютна тыя ж магчымасці для адукацыі і кар'еры, што і мужчыны.
Нават клопаты па хатняй гаспадарцы – гэта хутчэй агульны цяжар, пароўну падзелены паміж сямейнікамі, чым толькі жаночая праца. Але аказалася, што на фоне такой жаданай гендэрнай роўнасці амерыканкі ўжо не такія шчаслівыя, як, скажам, гадоў 30 таму.
Правёўшы паралелі, вучоныя з Універсітэта Пенсільваніі выявілі, што падзенне ўзроўню жаночага шчасця прама прапарцыянальнае імкліваму росту беспрацоўя (хто першы вакантнае месца заняў, таго і мамант, без скідкі на «слабасць» полу).
Больш за тое, дабіўшыся роўных магчымасцяў для ўзыходжання па кар'ернай лесвіцы, многія жанчыны адчуваюць цяжкасці з захаваннем балансу паміж працай і сям'ёй. Вось і тлумачэнне феномену шчасця пакістанскіх жонак і маці, чый круг абавязкаў часцяком абмяжоўваецца толькі сценамі сямейнага ачага.
І, вядома, было б дзіўна, калі б на стане ўнутранай гармоніі і душэўнага супакою ніяк не адбіваўся ўзрост. Памятаеце, амерыканскія вучоныя прыйшлі да высновы, што сталыя людзі шчаслівейшыя за маладых?
Мы ўжо звярталіся да гэтай тэмы, маўляў, у маладых больш клопатаў і стрэсаў: дом, дрэва і сын – гэта толькі мэты, якіх трэба дасягнуць. З узростам, як правіла, ужо ўсё ўсім даказана, і толькі і застаецца, што атрымліваць асалоду ад супакою і... шчасця. Але гэта ў цэлым. Калі пераходзіць на асобы, дык з гадамі менавіта жанчыны прайграюць мужчынам у гонцы за шчасцем.
Будучы маладымі, жанчыны знаходзяць больш радасці ў выбудоўванні і ўмацаванні адносінаў, уладкаванні побыту, у той час як мужчыны з усіх сіл спрабуюць дасягнуць вышыняў у прафесійным плане.
З гадамі крыніца жаночага шчасця не вычэрпваецца, але адчувальна памяншаецца: дзеці вырастаюць і пакідаюць бацькоўскі дом. Між тым, пэўных выбітных прафесійных дасягненняў можа і не быць, бо ў свой час перавага была аддадзена не кар'еры, а сямейным каштоўнасцям, тлумачаць вучоныя.
У мужчын жа ўсё наадварот.
Пры належнай стараннасці да выхаду на заслужаны адпачынак і кар'ера ў мужчыны ў парадку, і, дзякуючы руплівасці жонкі, забяспечаны надзейны моцны тыл у выглядзе ўтульнага сямейнага ачага. Не дзіўна, што да 65 гадоў мужчыны, па апытаннях, пачынаюць цаніць свае сем'і нават больш за жанчын. Такія справы.
Дык хто ўсё ж такі выходзіць пераможцам у бітве палоў за асабістае шчасце? Ці не ўсё роўна, бо кожны з нас, па-за залежнасці ад колькасці Х-храмасомаў, мае шанцы на бесклапотнае дзяцінства, напоўненую маладосць і спакойную, сонечную старасць. І каб іх рэалізаваць, часам усяго і трэба, што ледзь-ледзь змяніць сваё асабістае ўяўленне пра шчасце.
Аднаўляць родных пасля інсульту – нялёгкая праца: яны становяцца як дзеці, якіх трэба зноўку вучыць гаварыць, хадзіць, есці. Але калі правільна арганізаваць догляд і даць сабе патрэбную псіхалагічную ўстаноўку, усё атрымаецца.
Як гэта зрабіць, распавяла Таццяна Лысова – галоўны спецыяліст Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК), якая адказвае за медыка-сацыяльную службу.
– Сям'і трэба рыхтавацца яшчэ да выпіскі роднага з бальніцы, – кажа эксперт. – Для пачатку абсталюйце месца для падапечнага. Паглядзіце, куды лепей паставіць ложак і прыложкавую тумбачку, каб і вам, і яму было зручна. Калі ў чалавека не рухаецца левая рука, тумбачка павінна стаяць справа – так, каб чалавек мог дацягнуцца да прадметаў на ёй.
Падыдзіце ў бальніцы да ўрача і даведайцеся, якія прэпараты павінны быць дома да моманту выпіскі пацыента. Калі чалавек выпісваецца, напрыклад, у пятніцу, яму неабходна працягваць прымаць лекі і ў суботу, і ў нядзелю. Чакаць ўчастковага ўрача да панядзелка няправільна.
Пастаянны прыём прэпаратаў – адно з асноўных правілаў рэабілітацыі і аднаўлення. Спіс будзе паказаны ў эпікрызе. Трэба быць гатовым да таго, што лекаў можа быць шмат.
– Таму па першым часе родным лепш кантраляваць працэс прыёму лекаў. Рэкамендую набыць таблетніцу, у якой можна раскласці прэпараты на тыдзень. Лепей, каб за гэта адказваў хтосьці адзін у сям'і, – раіць Таццяна Лысова.
Загадзя варта набыць па неабходнасці памперсы, вільготныя сурвэткі, крэмы для скуры – яны спатрэбяцца для гігіенічных працэдур.
Калі чалавек перанёс шырокі інсульт і ён маларухомы, мае сэнс набыць супрацьпролежневую сістэму.
Неабходна, каб у доме быў танометр. Ціск давядзецца кантраляваць.
У маларухомага або паралізаванага ў выніку інсульту чалавека ёсць рызыка развіцця застойнай і аспірацыйнай пнеўманій.
– Аспірацыйная пнеўманія можа ўзнікнуць у чалавека, калі ён увесь час ляжыць, есць у становішчы лежачы, пры гэтым часта папярхаецца і не можа прадуктыўна адкашляцца, – тлумачыць Таццяна Лысова. – У гэтым выпадку можа дапамагчы масаж па задняй паверхні грудной клеткі і прэпараты для адыходжання макроты па прызначэнні доктара. Заўсёды глядзіце, ці праглынуў чалавек ежу да канца. Людзі пасля інсульту, бывае, не адчуваюць, што нешта засталося пад языком ці за шчокамі, у тым ліку і таблеткі.
Лепшая прафілактыка застойнай пнеўманіі і пролежняў – змена становішча цела кожныя дзве гадзіны.
Таксама дапамогуць дыхальныя практыкаванні. Асноўнае ў прафілактыцы – паўнавартасны ўдых і выдых. Можна спрабаваць надзімаць паветраныя шары. Я прапаную ўзяць пластыкавую бутэльку, напоўніць яе на 2/3 вадой, і няхай чалавек выдыхае туды паветра праз трубачку. Гэта не так цяжка, як надзімаць шарык. Зрабіўшы поўны выдых, чалавек удыхне «на поўныя грудзі». Такую зарадку можна рабіць па 5 хвілін 3-4 разы на дзень ці колькі чалавек зможа. Галоўнае, каб гэта не выклікала дыскамфорту і галавакружэння.
Па словах эксперта, супрацьпролежневая сістэма патрэбна толькі тым, хто знаходзіцца 24 гадзіны ў ложку і не можа рухацца самастойна, і калі сваякі не могуць кантраляваць змену становішча цела кожныя 2 гадзіны.
– У маёй практыцы былі родзічы, якія заводзілі будзільнік і кожныя дзве гадзіны, нават ноччу, пераварочвалі сваіх хворых членаў сям'і. Гэта якасны, але знясільваючы догляд. Супрацьпролежневая сістэма тут можа дапамагчы.
– Каб не дапусціць ацёкаў ніжніх канечнасцяў і трамбозу, ногі павінны быць у цяпле, шкарпэткі на падапечным – без рызінак. Альбо можна разрэзаць рызінку нажніцамі спераду, – кажа Таццяна Лысова. – Калі чалавек сядзіць, ногі павінны знаходзіцца ва ўзвышаным становішчы. Бывае, родныя пасадзяць падапечнага раніцай ля тэлевізара, і ён сядзіць так да вечара, а ногі ацякаюць і ператвараюцца ў «калоды».
Зняць ацёкі дапаможа лёгкі лімфадрэнажны масаж ног: мяккія пагладжваючыя рухі зверху ўніз да пальчыкаў і назад уверх, грэючы і размінаючы азызласць цяплом сваіх рук. Пры гэтым можна выкарыстоўваць дзіцячы алей, ён не закаркоўвае поры, добра ўвільгатняе скуру.
– Часта першая скарга, якую я чую, наведваючы падапечных, – млоснасць і ваніты. Пачынаю высвятляць у родзічаў: калі ў хворага быў у апошні раз стул. Яны адказваюць: «Даўно. Дык ён і не есць нічога: дзве лыжкі булёну, ёгурт, палову апельсіна... » Але ж усе, акрамя вады, – ежа, нават гарбата. І ўсё гэта назапашваецца ў кішэчніку. А родныя яшчэ любяць шчыльна накарміць хворага з добрых памкненняў. Але ляжачы чалавек не марнуе шмат энергіі, таму яму і ежы трэба значна менш.
Не перакормлівайце! Ежа назапашваецца, і калі не выходзіць натуральным чынам, пачынаецца млоснасць і нават ваніты. Стул павінен быць штодня. Таму не забывайцеся пра прафілактыку запораў. Як правіла, такім пацыентам прызначаюць лактулозу – мяккі калаўтваральны сродак, які не дае калавым масам спрэсавацца ў пробку, паляпшае перыстальтыку кішэчніка. Таксама дапамагае масаж: селі з падапечным побач, размаўляеце і масажыруеце яму жывот вакол пупка па гадзіннікавай стрэлцы. Гэта, дарэчы, ён можа рабіць і сам здаровай рукой.
У рацыёне чалавека пасля інсульту павінна быць больш клятчаткі. Яе можна, напрыклад, дадаць у ранішнюю аўсяную кашу. Пазбягайце прадуктаў, якія выклікаюць уздуцце. Не свежым цёплым хлебам частуйце, а грэнкай, да прыкладу.
Калі няма праблем з глытаннем і жаваннем, дык у гэтым няма неабходнасці, лічыць эксперт.
– Блэндар замяняе механічную перапрацоўку ежы, гэта значыць, вы «пражоўваеце» ежу за падапечнага, што не заўсёды добра. Калі чалавек жуе, у яго выпрацоўваецца сліна і страўнікавы сок. Здрабняць ежу можна тады, калі ў падапечнага няма зубоў ці ёсць рызыка аспірацыйнай пнеўманіі. Часта родныя перамолваюць ежу, таму што гэта зручней для іх: так хворы паесць хутчэй. Гэта няправільна. Чалавек павінен есці ў зручным для яго тэмпе і звыклую яму ежу.
Людзям пасля інсульту можна ўкладаць у пашкоджаную руку гумавы калючы мячык, карабок, эспандэр, мяккую цацку з напаўняльнікам – каб ён размінаў іх , і рука не забывалася на звыклыя рухі. Дробная маторыка таксама стымулюе мазгавую актыўнасць.
Можна прапанаваць падапечнаму варыянты дзейнасці: камусьці спадабаецца збіраць пазлы або пірамідку, камусьці – выкладваць мазаіку.
У цэлым, для інсультных хворых існуюць спецыяльныя практыкаванні. Таму звяртайцеся да рэабілітолага і інструктара ЛФК у паліклініцы. Яны павінны падказаць вам, што і ў якой колькасці здольны рабіць падапечны і як вы можаце яму ў гэтым дапамагчы.
У гэтым павінны дапамагаць прафесійныя лагапеды. Родныя ж могуць прасіць падапечных зноўку вучыць дзіцячыя вершыкі і расказваць іх. Кожны дзень – новы верш. Гэта добрая трэніроўка для памяці і маўлення, – раіць Таццяна Лысова.
– Назапашвайце цярпенне. Памятайце, што за чалавека часам «кажа хвароба», а не ён, – акцэнтуе ўвагу Таццяна Лысова. – Цяжка быць бездапаможным, ніхто спецыяльна не хоча крыўдзіць блізкіх.
Калі зусім няма паразумення, тады трэба звярнуцца да псіхолага. Бывае, старонніх людзей падапечныя слухаюцца лепей і аднаўленне ідзе хутчэй.
Галоўнае – не замкнуцца ў праблеме. Нядаўна мне патэлефанавала жанчына і кажа: «Я да вас звяртаюся, бо людзі сказалі – прасі дапамогі ва ЎСІХ!». Гэтая жанчына так і робіць.
У выніку даглядаць састарэлых хворых бацькоў ёй дапамагаюць медперсанал паліклінікі, Чырвонага Крыжа, хоспіс, а ў выхадныя – сядзелка. І гэта правільна: тым, хто даглядае, трэба разлічваць свае сілы. Сёння маса магчымасцяў: бальніцы сястрынскага догляду, тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, паліклінікі, грамадскія арганізацыі.
Гіперапека не патрэбная. «Татачка, ляжы, я табе вады падам», – няправільная фраза. Усё, што хворы можа рабіць сам, ён і павінен рабіць сам. Шкадаваць тут не трэба, інакш хворыя залежваюцца, іх мышцы атрафуюцца, яны пачынаюць злоўжываць вашым клопатам, капрызіць. Лепей гаварыць так: «Я табе дапамагу, пакажу, нагадаю і навучу, як гэта зрабіць, але рабіць павінен ты сам».
Уважліва чытайце эпікрыз: там пазначана, калі неабходны кантрольны агляд урачоў, як правіла, тэрапеўта і неўролага, – кажа спецыяліст БТЧК. – Ва ўрачоў тысячы хворых, таму гэта ваш клопат – своечасова іх запрасіць або прыйсці на прыём. Цеснае супрацоўніцтва з медыкамі дапаможа ў аднаўленні.
Прадумайце, як дапамагчы падапечнаму пазбавіцца ад курэння і алкаголю – фактараў рызыкі, арганізаваць здаровае харчаванне.
Мой вопыт кажа, што хутчэй аднаўляецца той, хто гэтага жадае. Сіла думкі, устаноўка «Я павінен хутчэй стаць на ногі» робяць часам немагчымае.
Штогод у свеце інсульт пераносяць каля 15 млн чалавек. 5 млн застаюцца працаздольнымі, 5 млн паміраюць, 5 млн становяцца інвалідамі. Лічыцца, што 78% выпадкаў інфаркту мозгу ўзнікаюць пасля 65 гадоў.
Максімальная ж рызыка інсульту прыпадае на ўзрост, старэйшы за 80 гадоў. Прычым калі да 80 гадоў інфаркты мозгу часцей здараюцца ў жанчын, дык пасля 80 гэтыя рызыкі ў мужчын і жанчын практычна ўраўноўваюцца.
Пра тое, чаму так важна звяртацца па дапамогу на працягу першай гадзіны пасля прыступу, якія метады выкарыстоўваюцца для лячэння сасудзістай катастрофы, распавялі:
Паводле слоў Людмілы Анацкай, інфаркты мозгу – другая прычына смяротнасці і інваліднасці сярод насельніцтва. У 2017 годзе інсульт перанеслі больш за 33 тысячы беларусаў, 14,5% выпадкаў скончыліся смерцю.
Пры інфаркце мозгу адбываецца аклюзія (закаркаванне) цэрэбральнай артэрыі тромбам. Вакол гэтага сасуда фарміруецца так званае ядро інфаркту – зона галаўнога мозгу, у якой практычна няма кровазабеспячэння. Каля яе ёсць зона паўценю, у якой таксама зніжаныя кровазабеспячэнне і метабалізм. Клеткі галаўнога мозгу яшчэ жывыя, але не функцыянуюць. Таму чым раней пачынаецца лячэнне і чым хутчэй аднаўляецца кроваток, тым большая верагоднасць аднаўлення функцыі клетак зоны паўценю, адзначыла Людміла Анацкая.
Трамбалізіс можна выконваць толькі на працягу першых чатырох з паловай гадзін з моманту пачатку прыступу. Калі прайшло больш часу, значна вырастае верагоднасць узнікнення ўнутрымазгавой гематомы.
Моцны галаўны боль, які ўзнік раптоўна, – гэта ўжо падстава звярнуцца па медыцынскую дапамогу. Такі боль можа быць прыкметай унутрымазгавога кровазліцця.
З тым, што пацыенты часта самі позна звяртаюцца па медыцынскую дапамогу, згодна і Юлія Шабаліна.
Паводле яе слоў, колькасць тых, хто звярнуўся ў Бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі (БХМД) на працягу першых чатырох з паловай гадзін, невялікая. А гэта той час, калі пацыенту можна дапамагчы эфектыўнымі метадамі па растварэнні тромба або яго механічным выдаленнем з сасуда.
У Беларусі ў кожным рэгіёне створаны міжраённыя сасудзістыя цэнтры і распрацаваная так званая дарожная карта, якая дазваляе дастаўляць пацыентаў з інсультам у лячэбную ўстанову, дзе ёсць усё неабходнае абсталяванне, на працягу 40 хвілін – адной гадзіны. Тым самым па ўсёй рэспубліцы выконваецца правіла «залатой гадзіны».
Напрыклад, у Мінску арганізаваныя тры такія цэнтры: БХМД, 5-я гарадская клінічная бальніца і Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. У кожнай вобласці рэспублікі дзейнічаюць ад 7 да 9 падобных цэнтраў.
БХМД з'яўляецца вядучай установай сталіцы па аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з інсультам. Клініка працуе ў кругласутачным рэжыме, у такім жа рэжыме выконваюцца ўсе неабходныя абследаванні, якія праводзяцца экстрана і аператыўна.
Акрамя гэтага, клініка на працягу некалькіх гадоў удзельнічае ў пілотным праекце, згодна з якім прывозяць пацыентаў з усяго горада з інсультам на працягу чатырох з паловай гадзін ад пачатку захворвання. Напрыклад, за 2017 год у бальніцы пралечаныя каля 2,5 тысячы чалавек з інсультамі.
На жаль, адзначыла Юлія Шабаліна, у апошні час інсульт маладзее. Напрыклад, у 2017 годзе самай малодшай пацыентцы быў 21 год.
Інсульт – цяжкая паталогія. Яна з высокай ступенню верагоднасці можа прывесці да інваліднасці, залежнасці чалавека ад іншых.
Чалавек можа страціць здольнасць размаўляць, перасоўвацца, могуць з'явіцца іншыя парушэнні.
Фактараў рызыкі, што здольныя стаць прычынай развіцця інсульту, шмат. Сярод іх артэрыяльная гіпертэнзія, фібрыляцыя перадсэрдзяў, атэрасклероз буйных магістральных артэрый галавы, а таксама хваробы сэрца (перанесены інфаркт міякарда, стэноз аартальнага і мітральнага клапанаў, наяўнасць штучных клапанаў, тромб у сэрцы або ў перадсэрдзі).
Трэцяя частка пацыентаў з інфарктамі мозгу маюць у анамнезе цукровы дыябет. Значна павялічваюць верагоднасць развіцця сасудзістай катастрофы курэнне, злоўжыванне алкаголем, гіпадынамія.
Гастрыт з'яўляецца адным з самых частых захворванняў у гастраэнтэралогіі. У прадстаўленні ж людзей, далёкіх ад медыцыны, распаўсюджанасць хваробы і зусім узведзеная ў найвышэйшую ступень: маўляў, у каго яго няма, асабліва на фоне неідэальнага і па форме, і па змесце харчавання?
Але гастрыту сапраўды можа не быць, нават калі, здавалася б, усё сімптомы паказваюць на хваробу. І наадварот. Пры поўным дабрабыце і адсутнасці скаргаў «на жывот» хвароба можа стацца нечаканым і непрыемным адкрыццём. Такая сутнасць і каварства хваробы.
Пра тонкасці гастрыту журналісту Слушна распавяла дацэнт кафедры гастраэнтэралогіі і нутрыцыялогіі БелМАПА, кандыдат медыцынскіх навук Алена Адаменка.
Гастрыт – гэта хранічнае запаленчае захворванне страўніка. Запаленчы працэс пашкоджвае слізістую абалонку органа і характарызуецца парушэннем яе фізіялагічнай рэгенерацыі. Важна адзначыць, што слізістая абалонка страўніка выпрацоўвае два ўзаемавыключальныя кампаненты стрававання: страўнікавы сок і ахоўную слізь.
Асноўны складнік страўнікавага соку, як вядома, саляная кіслата, дзякуючы чаму адбываецца хімічнае расшчапленне ежы. Груба кажучы, страўнікавы сок патэнцыяльна небяспечны і для самога страўніка, калі б... не ахоўная слізь і здольнасць клетак слізістай аднаўляцца.
Пры гастрыце працэсы рэгенерацыі парушаюцца, памяншаецца колькасць клетак, якія адказваюць за выпрацоўку ахоўнай слізі, іх месца займаюць перайначаныя клеткі. Гэта цягне за сабой развіццё такога стану, як метаплазія, атрафія, дысплазія слізістай страўніка.
У пераважнай большасці выпадкаў (па некаторых дадзеных, да 90%) прычынай, якая вядзе да развіцця гастрыту, з'яўляецца хелікабактарная інфекцыя.
Акрамя таго, гастрыт можа быць выкліканы прыёмам нестэроідных супрацьзапаленчых прэпаратаў ды іншых лекавых сродкаў, якія раздражняюць слізістую абалонку страўніка.
Важнае значэнне ў развіцці захворвання адыгрывае і спадчынны фактар. Часцей за ўсё ён становіцца прычынай аўтаімуннага гастрыту.
Справакаваць запаленчае пашкоджанне страўніка могуць і некаторыя захворванні, напрыклад, хвароба Крона ды іншыя запаленчыя паталогіі кішэчніка. У гэтым выпадку гаворка ідзе пра так званыя асаблівыя формы гастрыту.
Даволі шырока распаўсюджанае меркаванне, што гастрыт можна «наесці». Гэта значыць, справакаваць хваробу, рэгулярна сілкуючыся тым і ў такім рэжыме, што не адпавядае агульным нормам правільнага рацыёну.
Адрозніваюць вострую і хранічную форму гастрыту. Востры стан узнікае раптоўна і можа быць справакаваны любым фактарам, які пашкоджвае слізістую абалонку страўніка (напрыклад, алкаголь ці нават харчовае атручванне). Пры своечасовай і адэкватнай тэрапіі востры стан хутка купіруецца, і слізістая паступова аднаўляецца сама.
Чаго нельга сказаць пра хранічны гастрыт, які можа бессімптомна развівацца гадамі і выявіць сябе на стадыі атрафіі слізістай. У гэтым выпадку гаворка ўжо можа ісці не толькі пра гастрыт, але і пра ракавыя захворванні страўніка.
Тым не менш, праявы гастрыту не выключаныя, і яны адносяцца да катэгорыі дыспепсічных:
Памятаючы пра тое, што хранічны гастрыт часцей за ўсё «баліць» ціха, без сімптомаў, альбо яны так рэдкія, што не прыцягваюць да сябе асаблівай увагі, узнікае зусім не пустое пытанне: што рабіць, каб выявіць хваробу своечасова і прадухіліць каскад неспрыяльных наступстваў?
Наогул жа, калі ў чалавека няма скаргаў з боку страўнікава-кішэчнага тракта і анамнэз не абцяжараны (сярод сваякоў першай лініі ніхто не пакутаваў ад раку страўніка), урачы рэкамендуюць прайсці першае даследаванне метадам ЭФГДС ва ўзросце 40-50 гадоў.
У адваротным выпадку ёсць сэнс абследавацца як мага раней.
Тэрміны паўторных абследаванняў залежаць ад вынікаў першага (пры выніках, якія не паказваюць на адхіленні ад нормы, – гадоў праз 5).
Лячэнне гастрыту пры пацверджаным дыягназе мае на ўвазе цэлы комплекс тэрапеўтычных мераў, якія, у першую чаргу, накіраваныя на ліквідацыю прычыны захворвання (напрыклад, лячэнне ад хелікабактарнай інфекцыі або адмова ад прыёму нестэроідных супрацьзапаленчых прэпаратаў) і аднаўленне слізістай страўніка.
Безумоўна, у комплекс лячэння ўваходзіць і абавязковае захаванне дыеты, заснаванай на ўжыванні прадуктаў, прыгатаваных зберагальным спосабам: нічога гарачага, вострага, смажанага, марынаванага, ніякай грубай ежы і фастфуду.
Ёсць дадзеныя, што дзве трэці жыхароў планеты з'яўляюцца носьбітамі бактэрыі хелікабактар пілоры – асноўнага правакатара, які спрыяе развіццю гастрыту. Але гэта зусім не значыць, што дзве трэці зямлянаў пагалоўна пакутуюць ад запалення слізістай страўніка.
Многія пражываюць усё жыццё і не хварэюць. Бо імунітэт моцны, ахоўныя механізмы арганізма працуюць зладжана. Так што пры правільных паводзінах, стылі і ладзе жыцця можна жыць доўга, верагодна шчасліва, і дакладна без гастрыту.
Таму з Днём аўтамабіліста, які святкуем сёння, звычайна віншуюць і тых, хто па пэўных прычынах пэўны ж час на сваіх аўтамабілях не ездзіць… І цётку Марыю, якая шмат гадоў адпрацавала касірам на аўтавакзалах Мінска… А калі быў жывы дзядзька Вася, яе муж, яго віншавалі таксама, бо ён развозіў у машыне з цыстэрнай газ… Памятаеце, у правінцыйных гарадах было такое?! Рэзервуары са звадкаваным вуглевадародным газам, якія папаўняліся менавіта з машынных цыстэрнаў.
Адзін такі комплекс рэзервуараў стаяў непадалёк ад нашага дома. І дзядзьку часта давалі накірунак у Чэрвень. Тады ён і заязджаў да нас у госці. Была ў іх сям’і і свая машына. Так што дзядзька Вася ў нас сапраўды быў прафесійным вадзіцелем….
Даўно ўжо да нашых шматпавярховак па трубаправодзе паступае прыродны газ. Але тое, што было калісьці, памятаецца… І зараз перад вачыма тая машына з цыстэрнай ды яе вадзіцель, які так прафесійна з ёю ўпраўляўся.
Увогуле, прафесіяналы ў любой справе выклікаюць у мяне вялікую павагу. А той, хто на дарогах за рулём не ліхачыць, ніколі за дзясяткі гадоў ваджэння не трапляў у аварыі, не ствараў сам небяспечныя сітуацыі… Гэта чалавек, якому стопрацэнтна давяраеш. На жаль, ведаю такіх нашмат меней, чым хацелася б для бяспечнай язды. Але ўсім ім – вялізны рэспект!
Асобныя словы падзякі (мы ж – інфармацыйны партал Здаровыя людзі! Медыцынскі…) – вадзіцелям машын «хуткай дапамогі»! Вось ужо ў каго праца напружаная! Паспрабуй даехаць за некалькі хвілін па выкліках, калі трохпалосная шаша стаіць з-за затораў. І нават па ўзбочыне не прабрацца… Паспрабуй ехаць хутка, калі тыя, хто мае магчымасць прапусціць у паласу, па сваіх, адным ім бачных прычынах, гэтага не робяць…
А зманеўраваць у двары, забітым машынамі так шчыльна, што і пехатою не дужа-то дойдзеш?! Дапамагчы фельчару-мужчыну вынесці хворага на насілках… Абараніць фельчара-дзяўчыну на якім-небудзь «п’яным» выкліку… Зразумела ж, што яны не толькі «баранку круцяць»…
А быць гатовым хуценька сабрацца і ехаць у 3-4 гадзіны ночы, калі так нясцерпна хочацца спаць, у якую-небудзь правінцыйную «цьмутаракань», на раён, дзе адны калдобіны і добра калі ліхтары ёсць хаця б на пачатку і напрыканцы вёскі… І працаваць у такім рэжыме дзясяткі гадоў… Павага і пашана вам, спадары вадзіцелі «хуткай»!
Калі мы самі садзімся за руль, дык аўтаматычна бяром адказнасць за сваіх пасажыраў у салоне. Калі едзем з кімсьці – давяраем яму (ні больш ні менш!) уласнае здароўе і жыццё. Эх, калі б усе былі ў гэтым плане адказнымі! Калі б усе ўмелі браць на сябе тую адказнасць! Тады б і меней было б выпадкаў, калі машына «ўсмятку», бо хуткасць – за 200 км/г. Або нават 120 км/г і там, дзе гэта дазволена. Але ў моцны дождж, снег, галалёд… У «дзень бляхара», як называюць слізгату на дарогах і шматлікія аварыі ў народзе…
Дык беражыце сябе і сваіх пасажыраў, спадары вадзіцелі! Кажу абсалютна без пафасу, проста па-чалавечы. Машына сама па сабе – бяздушная «жалязяка», і толькі ад вас залежаць яе «паводзіны». Спакойны і ўважлівы вадзіцель за рулём – гарантыя нашай бяспекі. І хочацца, каб так было ўсюды і заўсёды.
У аўтобусе, маршрутцы і таксі. У горадзе, пасёлку і вёсцы. На чатырохпалосных трасах і двухпалосніках з двухбаковым рухам. Раніцай і ўвечары, днём і ноччу…
Ні цвіка і ні жазла вам, спадары вадзіцелі! Са святам усіх, хто сёння адзначае Дзень аўтамабіліста і дарожніка! Удалых паездак, бяспечнай дарогі, павагі з боку ўсіх удзельнікаў дарожнага руху і, вядома ж, здароўя!
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Ці лечыцца вітыліга? Ці можа газіроўка выклікаць вугры? Чаму спражка папругі выклікае чырвоныя кругі на скуры? Пацыенты вочна і завочна задалі ўрачу пытанні пра скурныя захворванні.
Наш эксперт – Ірына Смольская, дэрматолаг, фізіятэрапеўт Гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансэра Мінска, дэрматолаг медцэнтра «Унукі Гіпакрата», урач вышэйшай катэгорыі, сябра Беларускай грамадскай арганізацыі дэрматавенеролагаў і касметолагаў.
Ці могуць вугры з'яўляцца ад штодзённага ўжывання малочных прадуктаў, газіроўкі і прысмакаў? У дзіцяці заўсёды была чыстая скура на шчоках, а ў апошні час з'явіліся маленькія белыя прышчыкі.
Вядома ж, могуць. Прысмакі, газіроўка, малочныя прадукты, фастфуд, смажанае, вострае, мучное ўзмацняюць выпрацоўку скурнага сала тлушчавымі залозамі. Захворванні СКТ, якія выклікаюцца вельмі часта няправільным харчаваннем, таксама пагаршаюць цячэнне вугравой хваробы. Хутчэй за ўсё, у вашага дзіцяці – пустулёзныя вугры, таму правільна збалансуйце харчаванне: дастатковая колькасць бялку (адварное мяса, тварог), гародніны, садавіны. Замест салодкага малака ўключыце ў рацыён кісламалочныя прадукты, грэчаскія ёгурты без дадаткаў або ёгурты ўласнага прыгатавання на аснове заквасак.
Бывае, у маленькіх дзяцей узнікаюць тлушчакі. З-за чаго яны з'яўляюцца і як іх выдаляць?
Гэта застойны сакрэт тлушчавых залозаў у порах у выніку павышанай гіперсакрэцыі. Ён звычайна ўзнікае ў нованароджаных, у скуры якіх тлушчавых залозаў у 4-8 разоў больш, чым у дарослага. Маленькія тлушчакі, або міліумы, звычайна шчыльныя, бліскучага бела-жаўтлявага колеру. Ціснуць іх нельга, лячыць не трэба: яны праходзяць самі праз пару тыдняў. Часам у нованароджаных могуць быць ускладненні: вакол тлушчака з'яўляюцца пачырваненні. Гэта выклікана гармонамі маці, якія перадаліся дзіцяці пры нараджэнні. Іх таксама не трэба лячыць, яны пройдуць самі. Гэта так званыя вугры нованароджаных.
Калі тлушчакі з'явіліся ў дзяцей старэйшага ўзросту – гэта ўжо пачатковая стадыя вугравой хваробы. Тут дапамогуць чысткі твару ў касметолагаў і фруктовы пілінг 1 раз на тыдзень. Лепей выбіраць пілінгі з серыі «для раздражнёнай скуры твару», гіпаалергенныя. Калі тлушчачок (міліум) адзін, нічога рабіць не трэба, ён ускрыецца сам і пройдзе.
Дзіця з першага года жыцця – алергік. Цяпер 12 гадоў. Моцных праяваў на твары, пачырваненняў, лушчэнняў, як было раней, ужо няма. На нагах і перадплеччах скура сухая і з дробнымі прышчыкамі. Нядаўна дыягнаставалі наяўнасць Хелікабактар Пілоры. Заўважылі, што скура стала яшчэ горшай і больш сухой. Ці можа бактэрыя выклікаць гэта?
Хелікабактар Пілоры выклікае гастрыт, язвавую хваробу страўніка, 12-перснай кішкі. Дыягназ устанаўліваецца на падставе мачавіннага дыхальнага тэсту, аналізу калу на антыген і аналізу ўзораў, атрыманых пры эндаскапічнай біяпсіі. Лячыць хелікабактар абавязкова (у гастраэнтэролага), бо хранічная інфекцыя СКТ правакуе развіццё экзэмаў і атапічнага дэрматыту ў дзяцей, служыць фонам развіцця алергічных захворванняў.
На скуры з'явіліся светлыя плямы. Яны не растуць, але і не знікаюць ужо на працягу некалькіх гадоў. Пад плямкамі бачная структура скуры. Гэта вітыліга?
Падобна, што так. Але дакладны дыягназ вам паставіць дэрматолаг, якога варта наведаць, бо вітыліга ўжо лечыцца. Добры вынік дае метад вузкапалоснай фотатэрапіі з даўжынёй хвалі 311 нм у спалучэнні з Вітыскін-гелем. Дадзены метад праводзіцца ў Гарадскім клінічным скурна-венералагічным дыспансэры Мінска, у некаторых абласных гарадах. Чым раней пачаць лячыць вітыліга з дапамогай фотатэрапіі, тым лепшы вынік. Таксама дапамагае вонкавае ўжыванне мелагенін +, вітамінатэрапія. Але абавязкова – кансультацыя дэрматолага.
Вітыліга выклікаецца, як мяркуецца, нейраэндакрыннымі парушэннямі: дысфункцыяй шчытападобнай залозы, наднырачнікаў, псіхалагічнай траўмай, а таксама аўтаімуннымі захворваннямі. Нярэдка адзначаюцца сямейныя выпадкі вітыліга. Трэба ведаць, што існуюць яшчэ хвароба белых плямаў, лейкадэрма, псеўдалейкадэрма, якія вельмі падобныя па сімптомах. Яны лечацца па-іншаму, таму дыягназ «вітыліга» трэба пацвердзіць у дэрматолага.
Якія сродкі лепей за ўсё спраўляюцца з фалікулярным кератозам?
Пры фалікулярным кератозе рагавыя пробкі запаўняюць вывадныя адтуліны валасяных фалікулаў. Шматлікія фалікулярныя папулы з'яўляюцца, галоўным чынам, на скуры разгінальных паверхняў плячэй, сцёгнаў, на скуры ягадзіц, могуць узнікаць таксама на скуры твару, асабліва ў дзяцей. Найбольш выяўленыя яны ў халодную пару года, часам памяншаюцца ўлетку.
Што рабіць: перш за ўсё – пракансультавацца ў дэрматолага з нагоды дыягназу і прызначэнняў. Спецыяліст прызначыць адпаведныя лячэбныя крэмы, мазі, вітамінатэрапію. Часам у схему лячэння ўваходзяць агульныя солевыя ванны, агульнае ўльтрафіялетавае апрамяненне скуры.
У дарослым узросце з'явілася пігментная пляма на скуры. Прыбіралі лазерам. Аднак пляма засталася і нават павялічылася ў памеры і пацямнела. Ці можна ад яе пазбавіцца і як?
Прычына ўзнікнення плямаў – збой у арганізме, калі частка клетак скуры пачынае вырабляць больш пігменту меланіну, чым раней. Пігментацыя – сімптом зменаў, якія адбыліся ў арганізме. Іх прычыну дапаможа высветліць урач, таму ў першую чаргу варта звярнуцца да дэрматолага. Прычынай можа быць залішняе ўздзеянне ўльтрафіялету, траўмы скуры, у тым ліку сонечныя апёкі, збой у працы СКТ, нырак, печані, жоўцевага пузыра, гарманальныя змены – цяжарнасць, прыём супрацьзачаткавых таблетак, прыём антыбіётыкаў, такіх, як тэтрацыклін, ретыноідаў і прэпаратаў для хіміятэрапіі.
Што рабіць: выкарыстоўваць сонцаахоўныя крэмы з фактарам абароны 50 і вышэй улетку, а ўзімку – ад 30 і вышэй у прафілактычных мэтах, каб не з'яўляліся новыя пігментныя плямы і не павялічваліся старыя. Метады выдалення пігментных плямаў: крэмы, што адбельваюць, мезатэрапія (падскурныя ін'екцыі спецыяльных прэпаратаў, якія адбельваюць), мікрадэрмаброзія – зберагальны метад шліфоўкі павярхоўнага слоя скуры, хімічны пілінг. Лазернае выдаленне пігментных плямаў не заўсёды эфектыўнае. Лепей – хімічны пілінг у касметычных салонах.
Ад металічнай спражкі на папрузе ўзнікаюць чырвоныя круглыя плямы на скуры. Праходзяць пасля прымянення феністыл-гелю і калі перастаю насіць гэтую папругу. Што гэта можа быць?
Гэта кантактны алергічны дэрматыт. Каб яго пазбегнуць, трэба перастаць насіць металічныя вырабы або зашываць металічныя запінкі, гузікі на вопратцы, каб не было прамога судотыку металу са скурай. Калі выключаны кантакт, дык і лячэнне можа не спатрэбіцца. Кожны новы судотык з металам будзе выклікаць больш цяжкую алергічную рэакцыю.
Пра якія непаладкі ў арганізме паведамляе сухая скура на локцях?
Скура на локцях у прынцыпе больш шчыльная, каб вытрымліваць пастаянныя механічныя расцяжэнні, і сухая, бо тут меней тлушчавых залоз. Празмернай сухасці і раздражненню скуры локцяў спрыяюць: траўмаванне і пастаяннае трэнне аб стол, цвёрдыя прадметы, нашэнне грубага адзення, непадыходзячы сродак для мыцця, некамфортная тэмпература ў памяшканні, купанне ў вельмі гарачай вадзе, хлараваная вада ў басейне, абязводжванне арганізма, дэфіцыт вітамінаў А, Е, цынку ды іншых, гарманальныя змены ў перыяд менапаўзы, цукровы дыябет і расстройства дзейнасці шчытападобнай залозы, СКТ, парушэнне імуннай сістэмы. Павышаную сухасць скуры на локцях могуць выклікаць анемія і такія захворванні, як псарыяз, экзэма, нейрадэрміт.
Што рабіць: не выкарыстоўваць мыла і мыйныя сродкі з актыўнымі шчолачнымі рэчывамі, пазбягаць аблушчвання скуры скрабамі, выкарыстоўваць тлусты ўвільгатняльны крэм пасля душа, насіць вопратку з натуральных матэрыялаў. Можна змякчаць скуру аліўкавым алеем, а таксама сокам свежазрэзанага ліста альясу. Уключыце ў рацыён садавіну, арэхі, семачкі, тлустую рыбу – усё, што багатае на антыаксіданты і ненасычаныя тлустыя кіслоты. Калі ўсё пералічанае не дапамагае, абавязкова звярніцеся па кансультацыю да дэрматолага.
One fine body…