«Не куры! Ты ж будучая маці!» – так нярэдка кажуць дзяўчынцы, маючы на ўвазе, што стан яе здароўя адаб'ецца на будучым нашчадкаў. Хлопчыкам жа пра такую ўзаемасувязь звычайна не паведамляюць. І дарэмна! Каля 50% прычынаў бясплоддзя ў сучасным свеце звязаныя з мужчынскім фактарам. Калі раней праблемы шукалі, у асноўным, з боку жаночага здароўя (жанчына магла здаць усе магчымыя аналізы і дайсці да лапараскапіі, пакуль мужчына яшчэ нават не здаў спермаграму), дык сёння падыход кардынальна змяніўся. Усвядомленае бацькоўства пачало ўключаць у сябе не толькі клопат пра малыша, які ўжо нарадзіўся, але і падрыхтоўку да працэсу зачацця. З'явілася і разуменне: лад жыцця бацькі і стан яго арганізма таксама ўплываюць на здароўе нашчадкаў, у тым ліку на здольнасць у прынцыпе яго зачаць.
Некаторыя лічаць, што клапаціцца пра будучае бацькоўства, тым больш хлопчыку, неяк некамільфо. Нібыта і бацькоўскага інстынкту як такога ў хлопцаў няма, а з'яўляецца ён (і то не адразу) толькі тады, калі мужчына ўжо зрабіўся бацькам. Сучасныя псіхолагі не згодныя. Усё часцей гучыць меркаванне пра тое, што да пэўнага ўзросту ў многіх мужчын ёсць патрэба стаць бацькам. І яна для іх важная. Калі дзяўчынку да мацярынства рыхтуюць ледзь не з пялёнак, дык для юнака шматлікія моманты робяцца адкрыццём. Так, у распаўсюджванні мужчынскага бясплоддзя ёсць некіруемыя фактары (напрыклад, экалагічнае становішча), на якія паўплываць немагчыма. Але існуюць і такія, на якія можна ўплываць з самых юных гадоў, тым самым павялічыўшы свае шанцы зрабіцца бацькам.
Што ўплывае на здольнасць мужчыны да зачацця? Як мужчыну падрыхтавацца да зачацця дзіцяці? Што стане прафілактыкай мужчынскага бясплоддзя? Пра гэта журналісту інфармацыйнага партала Здаровыя людзі распавёў Раман Еўсцігнееў, уролаг (загадчык) раённага ўралагічнага цэнтра № 2 Маскоўскага раёна г.Мінска (39-я гарадская клінічная паліклініка).
Наш эксперт уролаг Раман Еўсцігнееў прапануе мужчынам захаваць такую памятку.
Паняцце адказнага бацькоўства сёння пашыраецца і ўключае ў сябе не толькі клопат пра ўжо народжаных дзяцей, але і пра сваё здароўе да іх з'яўлення. Прычым тычыцца гэта не толькі жанчын, але і мужчын. Бо амаль у палове выпадкаў праблемаў з зачаццем дзіцяці прычына крыецца ў мужчынскім фактары. На некаторыя моманты паўплываць немагчыма. Аднак многія мужчынам цалкам пад сілу змяніць. Хлопчыкі, як і дзяўчынкі, таксама будуць бацькамі, і для гэтага трэба разуменне і свая падрыхтоўка. Здаецца, сучасны свет да гэтага ўжо прыйшоў.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Пра ўплыў сяброўскіх стасункаў на здароўе чалавека, думаю, вядома кожнаму. І мяркую, што многія нават адчулі іх дабратворны ўплыў на сабе. Таму і вечар сустрэчы з выпускнікамі, які заўтра пройдзе ў большасці школ Беларусі (першая субота лютага!!!), таксама гэтаму паспрыяе.
І хаця вечары сустрэчы даўно не тыя… Дык і школы – не тыя. І настаўнікі. І дзеці. Прычым нават у літаральным сэнсе – пра школы. Бо ў адных зробленая перапланіроўка, у другіх – рамонт, у трэціх замянілі ўсю мэблю, наглядную агітацыю…
Няма мілых сэрцу кутачкаў. І, як бы сумна ні было пра гэта казаць, з кожным годам мы губляем… Мы губляем не толькі сваіх настаўнікаў, але і аднакласнікаў… На вялікі жаль. Ад паведамлення пра нядаўнюю раптоўную смерць аднаго з іх да гэтага часу не магу адысці…
Не, мы даўно не стасаваліся. Ды я ўвогуле ўпершыню праз шмат гадоў з ім сустрэлася пэўны час таму, бо пісала матэрыял пра арганізацыю, дзе ён працаваў. Гэтая ж сустрэча, як аказалася, сталася апошняю. Несправядліва…
Другі рад, пасярэдзіне, паміж дзяўчат. Алег Ліневіч. Светлая памяць…
А многія выпускнікі ўсё ж сустрэнуцца, але дзе-небудзь так, а не ў школе. Бо многіх школаў… няма. Частка – зачыненая, і ўжо даўно, у выніку аптымізацыі. Частка будынкаў прададзеная і прыстасаваная пад іншыя патрэбы. А некаторых і следу няма на зямлі. Матэрыяльнага. Толькі духоўны і душэўны – у сэрцы.
Так склалася, што ў нашым класе не дужа радаваліся падчас вечароў сустрэчы таму, хто скончыў не 10, а 8 класаў. Тым больш, што 2 класы (заклятыя «ворагі»! 🙂 ) – «А» і «Б» – пасля васьмі аб’ядналіся ў адзін. Таму, паспрабаваўшы яшчэ на самым пачатку пасля заканчэння якраз-такі васьмі класаў завітаць на вечар сустрэчы, была цалкам расчараваная. Больш не раблю спробы…
Затое мне аднойчы пашчасціла трапіць у вясковую драўляную школку майго маленства – у вёску Клінок Чэрвеньскага раёна, дзе я нарадзілася і жыла з сям’ёй да дзевяці гадоў, да пераезду ў Чэрвень. У маёй мамы-настаўніцы быў юбілей выпуску, і яе выпускнікі запрасілі на сустрэчу. Адзін з іх з жонкай і завёз нас з мамай у вёску на ўласнай машыне. Незадоўга да таго, як Кліноцкая школа таксама спыніла сваё існаванне…
І якая ж гэта была цёплая сустрэча! Нават мне цікава было паглядзець на колішніх маміных выпускнікоў, бо падчас навучання ў 1-2 класах я на перапынках звычайна бегала ў класны пакой да мамы. І са мной там гуляліся… 🙂
Вось па гэтай школцы майго маленства ў мяне і настальгія, і сэрца шчыміць. Як і штораз, калі бываю на сваёй малой радзіме. Праўда, падчас апошняй вандроўкі ўражанні былі настолькі негатыўнымі… Не, я не разлюбіла Клінок. Але ўжо туды так не рвуся…
Затым была другая гарадская школа… У якой здарыўся пажар. І зараз практычна нічога ўнутры не нагадвае школу майго дзяцінства. А калі штосьці знаёмае і засталося, дык знаходзіцца не на звыклых месцах. І сам клас англійскай мовы, дзе мы вучыліся, змяніўся да непазнавальнасці.
А з, так бы мовіць, «навадзелаў» мне падабаецца музейны пакой касманаўтыкі, прысвечаны трэцяму касманаўту-ўраджэнцу Беларусі Алегу Навіцкаму. Майму аднакласніку.
Не скажу, што не ўспамінаю і гэтую школу. Вядома ж, прыгадваю. Тут столькі было перажыта! І да гэтага часу памяць выдае якіясьці яркія малюнкі. А пры выпадковых сустрэчах з аднакласнікамі, многія з якіх «аселі» ў Чэрвені, мы раз-пораз прыгадваем што-кольвечы са школьнага жыцця. Найчасцей – добрае і смешнае…
І, можа, не зусім па тэме, але яшчэ прыгадваецца мне навучанне ў Магілёўскім педвучылішчы, куды я паступіла пасля заканчэння васьмі класаў СШ №2 г.Чэрвеня. А прыгадваецца яшчэ і таму, што сёлета спаўняецца роўна 30 гадоў, як мы яго скончылі! Даволі значны юбілей! 🙂 І яшчэ летась некаторыя аднакурснікі, з якімі стасуемся ў сацыяльных сетках, выказалі намер пра сустрэчу. Толькі ўлетку, мабыць.
Ведаю, што вельмі многія даўным-даўно не працуюць па спецыяльнасці – настаўнік пачатковых класаў. Дык вось надта цікава, хто якую прафесію (ці нават некалькі) асвоіў. І тым больш дзіўна, што сярод нас, колішніх настаўнікаў пачатковых класаў, ёсць нават… палкоўнік МНС! А чаму дзіўна??? Бо гэта – не мужчына, а дама! Вось так! Ведай нашых! 🙂
Старэйшае пакаленне выпускнікоў яшчэ і зараз, па-даўнейшаму, прыходзіць на вечары сустрэчаў, каб пабачыць колішніх аднакласнікаў, уручыць кветкі настаўнікам і падзякаваць за навуку, сапраўды прыгадаць сваё школьнае маленства і юнацтва.
Больш маладым, на жаль, найперш цікавая нагода, каб… Самі разумееце, для чаго яны збіраюцца, прычым не ў школах…
А яшчэ мне хацелася б пабываць на вечары сустрэчы ў нашай Лядзенскай школе Чэрвеньскага раёна, дзе дырэктарам працуе цудоўны чалавек, Настаўнік з вялікай літары (яшчэ з той, даўнейшай кагорты сапраўдных!) Ірына Змачынская. Бо ведаю ад многіх, як цікава, душэўна, камерна, па-сямейнаму там гэтыя мерапрыемствы штогод праходзяць. І вось гэта і ёсць тое, чаго просіць душа. У нашым узросце.
Але куды б вы заўтра ні збіраліся, альбо не збіраецеся ўвогуле, думаю, успаміны пра школьнае жыццё ўсё роўна наведваюцца да ўсіх нас. Няхай яны будуць прыемнымі і дапамогуць вярнуцца ў такую жаданую для кожнага краіну дзяцінства…
Фота з архіва аўтара і адкрытых інтэрнэт-крыніц.
Нягледзячы на тое, што праблема наркаманіі ў сродках масавай інфармацыі асвятляецца даволі часта, звязаных з ёй пытанняў меней не становіцца. Як зберагчы падлетка ад спакусы «паспрабаваць у гэтым жыцці ўсё»? Як выратаваць блізкага, які патрапіў у залежнасць ад псіхаактыўных рэчываў? Хто працягне руку дапамогі, калі хваравітая прыхільнасць разбурыла сям'ю, пазбавіла працы, сяброў, сэнсу жыцця?..
Сутыкнуўшыся з праблемай спажывання наркотыкаў і жадаючы яе вырашыць, чалавек часцяком проста не ведае, дзе яму шукаць выратавання. Зрабіць першы і самы відавочны крок – звярнуцца да ўрачоў – перашкаджае страх перад пастаноўкай на ўлік і сацыяльнымі наступствамі.
Між тым, у Беларусі існуюць прыкладна два дзясяткі грамадскіх арганізацый, чыя дзейнасць накіраваная на аказанне ўсебаковай дапамогі нарказалежным і іх сем'ям. Асноўныя прынцыпы, якія адрозніваюць іх працу ў агульнай сістэме прафілактыкі і процідзеяння наркаспажыванню, – ананімнасць і бясплатнасць.
Журналіст партала Здаровыя людзі даведалася, якую дапамогу нарказалежным аказваюць грамадскія арганізацыі са шматгадовым вопытам эфектыўнай працы і дзе іх знайсці.
Беларускае грамадскае аб'яднанне «Пазітыўны рух» – «старажыл» з усіх падобных арганізацый у Беларусі. Дзейнічае з 1999 года на тэрыторыі ўсёй краіны.
Зараз аб'яднанне каардынуе працу 22 пунктаў прафілактыкі для людзей, якія ўжываюць наркотыкі. З іх 9 – мабільныя, так званыя нізкапарогавыя пункты, дзе любы чалавек, які ўжывае наркотыкі, можа атрымаць дапамогу ананімна і бясплатна.
Летась у пункты прафілактыкі «пазітыўнага руху» звярнуліся больш за 41,5 тысячы чалавек. Гэтая лічба ў разы вышэйшая за тую, што адлюстроўвае афіцыйная статыстыка.
Іх афіцыйна прымаюць на працу ў «Пазітыўны рух» для таго, каб яны ўсталёўвалі кантакт з прадстаўнікамі цяжкадаступнай групы наркаспажыўцоў і даносілі ім важную інфармацыю:
Асноўныя напрамкі дзейнасці:
Падрабязная інфармацыя на сайце. Працуе інфармацыйная лінія +375 29 122-18-18.
Сёлета Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Маці супраць наркотыкаў» адзначыць 20-годдзе з дня свайго заснавання. У першую чаргу дзейнасць арганізацыі накіраваная на аказанне дапамогі людзям, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, звязаную з наркотыкамі.
Зараз па ўсёй краіне дзейнічае 23 аддзяленні, дзе аказваецца ўсебаковая інфармацыйная, кансультатыўная, псіхалагічная і сацыяльная дапамога нарказалежным і іх сем'ям.
Асноўныя напрамкі дзейнасці:
Дадатковая інфармацыя на сайце арганізацыі і па тэлефоне +375 44 777-04-38.
Мясцовы фонд «Цэнтр здаровай моладзі» працуе з 2011 года і займаецца рэабілітацыяй – псіхасацыяльным аднаўленнем людзей, якія пакутуюць ад алкагалізму і наркаманіі. Цэнтр працуе па сістэме drug free, якая прадугледжвае поўную адмову ад ужывання любых наркатычных рэчываў, уключаючы курэнне.
Сёння тут праходзяць рэабілітацыю 29 чалавек. Сярод іх жыхары не толькі Беларусі, але і Расіі, Латвіі, Азербайджана, Бельгіі. Поўны курс рэабілітацыі доўжыцца 12 месяцаў. Затым яшчэ ад 6 да 12 месяцаў – паслярэабілітацыйны перыяд, калі чалавек застаецца ў цесным кантакце з сябрамі арганізацыі.
Цэнтр існуе за кошт добраахвотных унёскаў, фундатарскай і дабрачыннай дапамогі.
За 9 гадоў у Цэнтр здаровай моладзі звярнуліся па дапамогу 584 чалавекі. 241 прайшоў поўны курс рэабілітацыі. 144 з іх маюць на сёння рэмісію ад 1-го года да 8-мі. Аляксандр Хацяновіч падкрэслівае: гаворка не толькі пра «хімічную чысціню», але і пра поўную сацыяльную адаптацыю. Гэта людзі, якія змаглі вярнуць сабе кантроль над уласным жыццём: атрымалі адукацыю, прафесію, стварылі сем'і, працуюць і выхоўваюць дзяцей.
Асноўныя напрамкі дзейнасці:
Дэталёвая інфармацыя прадстаўленая на сайце центра. Таксама па тэлефонах +375 29 608-68-68 і +375 25 681-71-76 кансультанты арганізацыі гатовыя адказаць на любое пытанне, якое тычыцца рэабілітацыі. Нумары даступныя для сувязі па скайпе, вайберы і ватсапе.
Фота экспертаў – Валянціна Мохар.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Выпадкаў заражэння каранавірусам у Беларусі не зафіксавана, паведаміў журналістам на прэс-канферэнцыі міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Ва ўсіх, хто звяртаўся ў медыцынскія ўстановы з прыкметамі вострай віруснай інфекцыі, былі выяўленыя вірусы грыпу А і В. Па словах міністра, у Беларусі ў поўным аб'ёме выконваюцца ўсе супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы. Гэта датычыцца Нацыянальнага аэрапорта і іншых пунктаў пропуску па ўсёй мяжы Беларусі.
Завяршаюцца мерапрыемствы па святкаванні Новага года ў Кітаі. Таму ў бліжэйшы час мяркуецца вяртанне ў Беларусь кітайскіх студэнтаў і працоўных, а таксама беларусаў, якія адпачывалі ў Кітаі. З боку КНР, адзначыў Уладзімір Каранік, прымаюцца актыўныя меры па недапушчэнні распаўсюджвання віруса за межы краіны. Усіх, хто вяртаецца з небяспечных па эпідэміялагічнай сітуацыі раёнаў, змесцяць на 14-дзённы карантын (столькі доўжыцца і інкубацыйны перыяд каранавіруса), і толькі пасля гэтага ім будзе дазволены выезд з краіны. Як паведаміў міністр, спісы людзей, якія павінны вярнуцца ў нашу краіну, удакладняюцца.
Акрамя гэтага, дадаў Уладзімір Каранік, прынятае рашэнне ўвесці дадатковыя меры па абароне тэрыторыі Беларусі ад завозу і распаўсюджвання каранавіруса: у Нацыянальным аэрапорце будзе наладжаны двайны кантроль.
У Нацыянальным аэрапорце таксама разгорнецца лабараторыя для дыягностыкі каранавіруса. Пакуль ідзе вызначэнне месца, дзе яна будзе размешчаная. Сярод тых, каму будзе рэкамендавана прайсці падобны тэст на наяўнасць або адсутнасць каранавіруса ў арганізме, – пасажыры, якія доўга знаходзіліся ў Кітаі.
У выпадку, калі ў чалавека адзначаныя ўсе прыкметы віруснай інфекцыі і ён няхай нават непрацяглы час знаходзіўся ў Кітаі, – гэта таксама абавязковая ўмова для правядзення тэст-даследавання на наяўнасць каранавіруса, дадаў Уладзімір Каранік.
Усе, хто прыбывае ў краіну, забяспечваюцца памяткамі пра неабходнасць назірання за сваім станам на працягу 14 дзён. Пры пагаршэнні самаадчування – выклікаць брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі, а не ісці ў паліклініку.
Як адзначыў міністр, вірус валодае нізкай кантагіёзнасцю і заразіцца ім даволі складана. Для гэтага неабходны працяглы кантакт з хворым чалавекам, напрыклад, сумеснае пражыванне. У зоне рызыкі таксама – медыцынскія работнікі.
У сваю чаргу галоўны пазаштатны спецыяліст па інфекцыйных захворваннях Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ, д.м.н., прафесар Ігар Карпаў патлумачыў, што пэўных спецыфічных клінічных прыкметаў у дадзенага каранавіруса няма. Менавіта таму асабліва важныя лабараторныя даследаванні.
Больш за ўсё, дадаў Ігар Карпаў, да рызыкі ўскладненняў схільныя людзі сталага ўзросту, якія, як правіла, маюць не адно хранічнае захворванне.
Распавялі прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя і пра меры прафілактыкі каранавіруса, якая заключаецца ў выкананні простых, але дзейсных правілаў: мыць рукі; не чапаць бруднымі рукамі вочы (слізістая вачэй можа стаць «брамай» для інфекцыі); пазбягаць кантактаў з людзьмі, у якіх ужо ёсць сімптомы інфекцыйных захворванняў.
Усе фотаздымкі ўзятыя з адкрытых інтэрнэт-крыніц.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Што рабіць, калі ў дзіцяці частыя ларынгіты? Як выбраць інгалятар? Пнеўманію выклікаюць вірусы ці бактэрыяльная інфекцыя?
Працягваем адказваць на пытанні.
Нашы эксперты:
Дзіця 3 гадоў часта хварэе на ларынгіт, і вельмі часта ўсё пераходзіць у бранхіт і пнеўманію. Як пазбегнуць такіх наступстваў?
Уладзімір Баброўнічы:
Перш за ўсё неабходна разабрацца з прычынай ларынгітаў, якія паўтараюцца. Для гэтага рэкамендуем звярнуцца па кансультацыю да алерголага, атарыналарынголага і пульманолага. Выяўленая прычына дазволіць распрацаваць тактыку прафілактыкі.
Перад набыццём інгалятара вывучаў інтэрнэт. Многія пішуць пра памеры кропель у воблаку, якое выходзіць з інгалятара. Пішуць, што важна выбіраць з памерам менш за 5, бо вялікія асядаюць занадта рана і не даходзяць да бронхаў. Ці так гэта? Бо ў аптэцы ўбачыў інгалятары са значэннем больш за 9. Такі інгалятар вылечыць хваробу?
Алена Давідоўская, Уладзімір Баброўнічы:
Мяркуючы па пытанні, гаворка ідзе пра небулайзеры – інгалятары, якія ператвараюць лекавыя растворы ў аэразоль. У такім выглядзе лекавы сродак лёгка ўдыхаецца, трапляючы ў патрэбныя аддзелы дыхальных шляхоў. Памер часціцаў, якія фарміруюць небулайзеры, мае прынцыповае значэнне. Часціцы дыяметрам 8-10 мікраметраў асядаюць у насаглотцы, поласці рота і трахеі, дыяметрам ад 5 да 8 мікраметраў – у трахеі, ад 3 да 5 мікраметраў – у бронхах, менш за 3 мікраметры – у дробных дыхальных шляхах. Таму выбар небулайзера для аэразольтэрапіі вызначаецца лакалізацыяй хваробы і памерамі асноўнай масы генераваных часціцаў аэразолю.
Падкажыце, калі ласка, як аднавіць лёгкія пасля 20-ці гадоў курэння? Пра мяне: жанчына, 40 гадоў, зараз не палю, на бранхіт даўно не хварэла. Пнеўманія была ў 17 гадоў, аналізы ў норме. Хачу пазбавіцца ад макроты. Ці трэба звярнуцца да аталарынголага? Які колер макроты ў межах нормы, а пры якім трэба біць трывогу?
Алена Давідоўская, Уладзімір Баброўнічы:
Першы, найбольш важны крок для аднаўлення лёгачнага здароўя, вы ўжо зрабілі. Адмоўцеся ад шкоднай звычкі раз і назаўжды. Пасля адмовы ад курэння пачынае аднаўляцца «ачышчальная» функцыя бронхаў, пэўны час захоўваюцца кашаль і выдзяленне белаватай або блякла-жоўтай макроты. Працягласць гэтага перыяду індывідуальная. Змена афарбоўкі макроты на інтэнсіўна-жоўты ці жоўта-зялёны колер з павелічэннем яе колькасці можа сведчыць пра абвастрэнне бранхіту, які развіўся за час курэння. У такіх выпадках неабходна звярнуцца да ўрача.
У сына пасля таго, як пачаў хадзіць у дзіцячы садок, пачаліся частыя прастуды. Урач парэкамендаваў купіць інгалятар. У аптэцы шырокі выбар – ад вельмі вялікіх да зусім маленечкіх. Што рэкамендуюць спецыялісты? Якія новыя тэхналогіі ёсць у гэтай сферы? Ці можна выкарыстоўваць маленькія, ручныя?
Алена Давідоўская, Уладзімір Баброўнічы:
Памер самога небулайзера (інгалятара) не мае значэння. Мае значэнне памер часціцаў, пра што мы пісалі вышэй, магутнасць і прадукцыйнасць апарата. Акрамя таго, выбар небулайзера вызначаецца задачамі самой тэрапіі, станам і ўзростам пацыента. Сярод новых тэхналогій можна адзначыць МЭШ-інгалятары (мембранныя). Яны самі па сабе невялікага памеру, іх зручна браць з сабой. Па тэхнічных характарыстыках такія небулайзеры адпавядаюць усім гэтым патрабаванням.
Ці праўда, што калі адзін раз перахварэў на пнеўманію, дык потым непазбежныя рэцыдывы? Ці магчымая прафілактыка, каб не захварэць на запаленне лёгкіх паўторна?
Алена Давідоўская, Уладзімір Баброўнічы:
Няпраўда. Як мы адзначалі раней, пнеўманія – гэта вострае захворванне, якое ў большасці выпадкаў пры спрыяльным працягу заканчваецца поўным выздараўленнем.
Мне 38. У апошнія тры гады кожную зіму хварэю на запаленне лёгкіх. Лячуся ў бальніцах. Чым небяспечныя такія частыя і перыядычныя пнеўманіі? Ці прыводзяць яны да пэўных зменаў у лёгкіх?
Алена Давідоўская:
Няўскладненая пнеўманія не прыводзіць да фарміравання змяненняў у лёгкіх. Інфекцыйныя працэсы, якія паўтараюцца, з'яўляюцца нагодай для ацэнкі навакольнага асяроддзя – месцаў, дзе вы жывяце і працуеце. Акрамя гэтага, вам неабходна прайсці дадатковае абследаванне ў пульманолага.
У мяне бабуля і мама хварэлі на астму. У 2011 годзе дыягнаставалі яе і мне. Зараз абвастрэнне штогод на пачатку вясны. У іншыя перыяды турбуе макрота, якая назапашваецца перыядычна. Асобную трывогу ў апошнія 1,5 года выклікаюць пры адкашліванні пробкі. Калі магчыма, хацелася б пачуць вашае меркаванне. Горла не баліць.
Алена Давідоўская, Уладзімір Баброўнічы:
У вашым пытанні недастаткова інфармацыі. Незразумела, ці прымаеце вы што-небудзь з прэпаратаў базіснай тэрапіі бранхіяльнай астмы. Улічваючы клінічную сімптаматыку, рэкамендуем звярнуцца да алерголага або пульманолага для абмеркавання і карэкцыі плана лячэння.
Падкажыце, калі ласка, пры якіх сімптомах варта звярнуцца да ўрача, каб не было ўскладненняў з пнеўманіяй?
Алена Давідоўская, Уладзімір Баброўнічы:
Пры наяўнасці любых прыкметаў вострага рэспіраторнага захворвання неабходна звяртацца да ўрача.
Прачытала, што пнеўманія можа быць і грыбковага генэзу. Калі ў дзіцяці (16 гадоў) у ротавай поласці па выніках мазка выяўленая невялікая канцэнтрацыя candida 10*3, гэта фактар рызыкі развіцця пнеўманіі? Паўторны аналіз гэтыя грыбы не выявіў, але знойдзеныя staphylococuss aureus 10*4. Гэтая колькасць небяспечная з пункту гледжання развіцця пнеўманіі? Ці трэба прымаць антыбіётыкі для пазбаўлення ад яго і прафілактыкі пнеўманіі?
Уладзімір Баброўнічы:
Рызыка развіцця грыбковай пнеўманіі высокая ў пацыентаў, якія атрымлівалі (-ваюць) імунасупрэсіўную тэрапію, ВІЧ-інфіцыраваных, якія маюць імунадэфіцыт. Калі ў дзіцяці ў мазках выяўленая невялікая канцэнтрацыя candida – гэта не з'яўляецца фактарам развіцця пнеўманіі. Не небяспечная і колькасць выяўленага staphylococuss aureus. Прымаць антыстафілакокавыя антыбіётыкі з мэтай прафілактыкі пнеўманіі не трэба.
У сувязі з сітуацыяй з новым «кітайскім» каранавірусам пнеўманіі са здзіўленнем даведалася, што, аказваецца, пнеўманія можа быць выкліканая вірусамі, а не толькі бактэрыямі. Атрымліваецца, калі пнеўманія вірусная, антыбіётыкі бескарысныя? Ці вызначаюць у нас урачы прыроду пнеўманіі? Калі яна вірусная, як яе лечаць – без антыбіётыкаў?
Алена Давідоўская, Уладзімір Баброўнічы:
Сапраўды, захворванне можа быць віруснай прыроды. У выпадку віруснай пнеўманіі антыбіётыкі не эфектыўныя. Аднак вірусныя інфекцыі з'яўляюцца своеасаблівым правадніком бактэрыяльнай інфекцыі. Таму ў клінічнай практыцы мы сутыкаемся з пнеўманіямі вірусна-бактэрыяльнай прыроды. Прычына пнеўманіі вызначаецца пры правядзенні лабараторнага даследавання, як вірусная, так і бактэрыяльная. У выпадку віруснай прыроды пнеўманіі, напрыклад, з-за віруса грыпу, існуе спецыфічнае супрацьгрыпознае лячэнне прэпаратамі групы інгібітараў нейрамінідазы – азельтамівір, занамівір. Пры далучэнні бактэрыяльнай інфекцыі прызначаецца антыбактэрыяльная тэрапія з улікам клінічнай сітуацыі.
Маёй маме 81 год. Я хацела прышчапіць яе ад пнеўмакокаў, патэлефанавала ў прыватныя медцэнтры – вакцыны няма. Але ж мама ў групе рызыкі. Дзе ёй можна прайсці вакцынацыю?
Алена Давідоўская:
Вашай маме сапраўды паказаная вакцынацыя пнеўмакокавай вакцынай. Пра магчымасць правядзення вакцынацыі вам варта ўдакладніць у паліклініцы па месцы жыхарства.
Дачка першы раз захварэла на абструктыўны бранхіт у 4 месяцы, за год было 6 эпізодаў. Цяпер нам 1,4 года, ставяць рызыку астмы, і мы лечымся ў алерголага. Адзін раз усё роўна перахварэлі. Як можна пазбегнуць паўторнай хваробы? Якая прафілактыка? Ці можна зараз сцвярджаць, што гэта сапраўдная астма? На якой падставе могуць паставіць дыягназ? Куды нам можна звярнуцца па кансультацыю?
Уладзімір Баброўнічы:
Улічваючы апісаную Вамі сітуацыю, неабходная кансультацыя пульманолага.
Фота – Віталь Гіль.
Увогуле, я люблю кветкі. Адназначна. Розныя. На кветніку, у агародзе, на дачы, у вазонах, у букетах… І люблю даглядаць – любыя. Зрэзаныя ў мяне стаяць доўга, дзівячы навакольных. Вазонныя растуць, цвітуць і пахнуць! На дачныя, бывае, прыходзяць палюбавацца. Калі год удалы і ў мяне часу на іх стае.
Але найбольш, вядома ж, радуюць пакаёвыя. І не толькі сваім выглядам, але і карыснымі ўласцівасцямі. У тым ліку – і ўплывам на здароўе, добрае самаадчуванне. Праўда, спецыяльна для ачышчэння паветра і яго ўвільгатнення пэўныя віды не заводзіла. Так атрымлівалася. А цяпер, калі вырашыла пацікавіцца яшчэ і карысцю кветак, дык сталася зразумелым, чаму я люблю і разводжу многія з іх. Падсвядома!
Пачну са сваіх любімых цыкламенаў. Ужо і не памятаю, як з’явілася першая кветка, бо было гэта дастаткова даўно. Ці тое падаравалі, ці тое сама набыла… Прычым гэта быў цыкламен еўрапейскі. Кветканосы ў яго скручаныя ў пружынкі, а самі кветачкі, як падавалася тады, пахлі французскімі духамі.
Аднойчы сяброўка, якая таксама хацела мець цыкламен, угаварыла мяне разрэзаць яго корань і аддаць частку ёй. Быццам і ўсё правільна рабілі, і зрэз тоўчаным вугалем прысыпалі… Знік і ў мяне, і ў яе. Эх! Шкада. Да гэта часу мару дзесьці набыць, але пакуль – ніяк.
Іншая справа – цыкламен персідскі, з прамымі кветканосамі. Іх і прадаюць усюды, і з насення яны вырошчваюцца лёгка. Прынамсі, у мяне. А калі штучна апыляла кветкі, дык яшчэ і сваё насенне мела, не куплёнае.
Дык вось цыкламен, па сцвярджэнні спецыялістаў, мае даволі моцную энергетыку. Дапамагае сваім уладальнікам пазбавіцца ад дрэнных сноў, страхаў і дэпрэсіі. Але, заўважаюць даследчыкі, клубні цыкламенаў ядавітыя. Але ж мы іх есці не будзем, праўда?! J Нягледзячы на тое, што цыкламен быццам бы прызнаны народнай медыцынай. Лепей проста любавацца на кветкі, што нагадваюць матылькоў!
Калісьці на адным з месцаў працы ў кабінеце ў мяне рос хларафітум. Абсалютна без прэтэнзій да догляду! Рос у вазонах на сцяне. Затым парачка «прыехала» да мяне на кухню. Але штосьці пачалі замінаць…
Цяпер іх дома няма, але думаю, што трэба завесці зноў. І менавіта для кухні. Бо даўно ўжо ведаю, што хларафітум ачышчае паветра нават ад фармальдэгіду! Прычым за адзін дзень здольны зрабіць гэта цалкам! А калі яшчэ дадаць у вазон актываванага вугалю… Па іншых даследаваннях, адзін хларафітум ачышчае паветра на плошчы ў два квадратныя метры. Значыць, чым больш вазонаў, тым лепей! 🙂 А яшчэ яны прыносяць у дом спакой і ўтульнасць! Ды і кветачкі – белыя зорачкі – глядзяцца даволі міла…
А вось васковы плюшч, па шчырасці, не параю трымаць дома. Асабліва той від, што калісьці быў у мяне. Як аказалася, кветкі яго, такія прыгожыя, – з сюрпрызам! Яны пачынаюць бліжэй да ночы… пахнуць! Не, не так… ПАХНУЦЬ – задушліва! А раніцай пах знікае, бы яго і не было… Не ведаю, што ён там ачышчае ў паветры, але ў перыяд цвіцення васковы плюшч яго, здаецца, атручвае!
Мой шыкоўны экзэмпляр з доўгімі ліянамі быў выстаўлены за тэрыторыю… У працоўны кабінет. І ўсе калегі дакладна ведалі, калі ён зацвітае! 🙂 Бо прыходзіш раніцай, толькі адчыняеш дзверы на паверх… ПАХ!!!!! Задушлівы…
Таксама вельмі даўно ў нас у кватэры водзяцца гіпеаструмы, якія мы напачатку па няведанні называлі амарылісамі. Аказалася, няправільна. Хаця яны сапраўды з аднаго сямейства.
У мяне вазоны па колькасці фактычна не саступаюць цыкламенам. Праўда, усё рукі не даходзяць да перасадкі. Але вось ужо ўвесну… Абавязкова! Бо і цвіценне ўжо значна радзейшым зрабілася. А калісьці і па дзве стрэлкі выпускалі, а на кожнай – па чатыры вялікія кветкі! Барвовыя, белыя, аранжавыя… Хаця мая мара – займець гіпеаструм любімага жоўтага колеру! 🙂
А чаму я іх так люблю?! Падсвядома? Аказваецца, гіпеаструмы добра трымаць на стале пісьменнікам і паэтам (чытай – журналістам і блогерам таксама!), бо стымулююць палёт творчай думкі і фантазіі! Калі ж гіпеаструм знаходзіцца ў спальні, дык дапамагае добраму сну. Хм… Трэба забраць сабе з паўночнага акна пару экзэмпляраў…
А яшчэ вялікае здзіўленне выклікала інфа, што калі нюхаць кавалачкі лісточкаў (новыя вырастаюць актыўна, так што можна не баяцца праверыць), дык адчуеш… карыснае ўздзеянне фітанцыдаў! Паху практычна не чуваць, але сок працуе, фітанцыды выпускае. А вынік?! Антыбактэрыяльны і антывірусны эфект! Таксама трэба будзе праверыць пры выпадку.
Калісьці ў любым доме, а асабліва – у вясковай хаце, не ўяўлялі сабе падваконне без… герані, альбо пеларгоніі. Асабліва, калі не было такога велізарнага выбару пакаёвых кветак, як зараз. І раскашавала тая герань, і пахла. Асабліва пры дакрананні… Не скажу, каб вельмі непрыемна… Толькі дакладна не мой любімы пах! 🙂
Але нашыя продкі таксама ведалі, што разводзіць! Бо герань адмысловым чынам ачышчае паветра ў памяшканні, нават чадны (угарны) газ нейтралізуе! А яшчэ дапамагае пазбавіцца ад сырасці ў пакоі. Плюс таксама нармалізуе сон, пазбаўляе ад раздражняльнасці і дапамагае спраўляцца са стрэсам. А той самы водар дзіўнаваты, аказваецца, дапамагае пры галаўным болю.
Так што зараз у мяне задача-мінімум: вярнуць герань у кватэру! Тым больш, што цяпер такія прыгожыя махровыя віды выведзеныя! І гэта ўжо не тая прасцячка, якая калісьці расла ў вясковых хатах, а каралева!
Доўга думала: вось навошта мне аксаліс?! Просценькая раслінка… Чымсьці лясную заечую капусту нагадвае. Хаця лісточкі прыкольныя… І кветачкі пяшчотныя. А цяпер прачытала, што лісточкі можна таксама дадаваць у салату, бо нагадваюць па смаку шчаўе. Ну, не ведаю, як хто, а я пакаёвыя расліны ні разу не ела! 🙂 Таксама аксаліс паляпшае інтуіцыю! А вось гэта мне падыходзіць.
… Раслінаў яшчэ – мора! І іх карысных уласцівасцяў – таксама. А якія вашыя любімыя пакаёвыя кветкі, сябры? І якія іх лекавыя ўласцівасці вас здзіўляюць?!
Праверце, ці ведаеце вы, чаму немаўляты крычаць па начах і ці можна набраць вагу з-за стрэсу. Працягваем замацоўваць карысную інфармацыю пра здароўе, якую агучвалі ў нашых матэрыялах дзіцячыя неўролагі, пластычныя хірургі, псіхатэрапеўты, гінеколагі і рэаніматолагі.
А. Вядома. Клімакс – не абарона.
Б. Не. Рэпрадуктыўная сістэма «супакойваецца» і ўжо не схільная да фактараў рызыкі.
В. Можа, але значна радзей.
Адказ: А.
Шэраг анказахворванняў жаночых палавых органаў, у тым ліку самы распаўсюджаны ў Беларусі рак цела маткі, якраз узнікае ў большасці выпадкаў у перыяд менапаўзы. Таму гінеколагі і рэкамендуюць штогадовыя агляды жанчынам, па-за залежнасці ад узросту.
Больш падрабязна пра дыягностыку і лячэнне раку цела маткi – тут.
А. Вядома. Трэба ісці да неўролага.
Б. Не. Гэта нармальна для нованароджаных.
В. Трэба ўмець закалыхваць, выконваць распарадак дня, тады дзеці не будуць крычаць ноччу.
Адказ: Б.
Тое, што з 3-4 месяцаў у многіх дзяцей з'яўляюцца начныя кашмары, яны плачуць і крычаць, гэта нармальна, з'яўляецца этапам сталення. Калі пасля крыку малышы засынаюць, калі добра спяць удзень, калі іх развіццё адпавядае ўзросту, начныя «істэрыкі» не небяспечныя для здароўя. Больш гэта вымотвае бацькоў. Неспакойны сон часта дапамагае малышу справіцца з лішняй інфармацыяй, якую ён нахапаў удзень. Да неўролага варта звярнуцца толькі калі начныя кашмары стэрэатыпныя і пагаршаюць самаадчуванне дзіцяці на наступны дзень.
Падрабязна пра неўралагічныя асаблівасці дзяцей – тут.
А. Пакуль не. Вучоныя над гэтым працуюць, але гэта яшчэ не хутка зробіцца даступным.
Б. Не. Гэта чарговы рэкламны трук медыцынскага бізнэсу.
В. Можна. Гэтаму метаду ўжо некалькі гадоў.
Адказ: В.
Узроставую атрафію скуры ў свеце лечаць ужо больш за 10 гадоў фібрабластамі – клеткамі дэрмы чалавека. Яны запускаюць у тканках рэгенератыўныя працэсы, і адбываецца натуральнае аднаўленне і амаладжэнне скуры. Для гэтага ў пацыента бяруць невялікі кавалачак скуры, культывуюць з яго патрэбную колькасць фібрабластаў і ўводзяць іх у праблемныя ўчасткі.
Больш падрабязна пра лячэнне фібрабластамі – тут.
А. Каб не перашкаджалі працаваць урачам і медсёстрам.
Б. Каб пацыент не нашкодзіў сабе і навакольным, бо свядомасць у стрэсавай сітуацыі не заўсёды ясная.
В. Так зручней праводзіць рэанімацыйныя мерапрыемствы.
Адказ: Б.
У рэанімацыі ў чалавека можа наступіць дэлірый – зрыў адаптацыі, парушэнне свядомасці. У такім стане пацыент можа плакаць, крычаць, выдзіраць з сябе катэтары. Такая рэакцыя галаўнога мозгу на незнаёмую, пужаючую абстаноўку рэанімацыі, дзе кругласутачна гарыць святло, чалавек падключаны да медабсталявання, адчувае боль і дыскамфорт пасля аперацыі або траўмы.
Больш падрабязна пра тое, што такое бальнічны дэлірый, як перажыць яго без стратаў, – тут.
А. Так. Ад бацькоў, у асноўным, галава і «пухне», калі яны шмат хочуць ад свайго дзіцяці.
Б. Не. У дзіцячым узросце галаўны боль не характэрны: моцны імунітэт і няма ніякіх клопатаў.
В. Не. Галава баліць ад унутраных фізіялагічных прычынаў, а не ад знешніх раздражняльнікаў.
Адказ: А.
Да першаснага галаўнога болю дзіцячыя неўролагі адносяць галаўны боль напружання, які часта звязаны з завышанымі патрабаваннямі бацькоў да поспехаў дзіцяці і павышанай нагрузкай на яго. Каб дзіця справілася з гэтым болем, бацькі павінны перагледзець сваё стаўленне да дзіцяці.
Падрабязна пра галаўны боль ды іншыя парушэнні ў дзяцей – тут.
А. Нельга. У стрэсе чалавек усё роўна захоўвае кантроль і не мяняе свае харчовыя звычкі.
Б. Не. Вага набіраецца з-за гарманальных парушэнняў, захворванняў, а не з-за псіхалагічнага дыскамфорту.
В. Можна, калі «заядаць» праблемы і эмоцыі замест таго, каб вырашаць іх і прапрацоўваць.
Адказ: В.
У абноўленую Міжнародную класіфікацыю хваробаў – МКБ-11 – увайшло такое расстройства харчовых паводзінаў, як кампульсіўнае пераяданне. Пры ім чалавек за кароткі час бескантрольна спажывае вялікую колькасць ежы, а потым адчувае пякучае пачуццё віны. Псіхатэрапеўты сцвярджаюць, што так чалавек спрабуе справіцца са сваімі эмацыянальнымі перажываннямі.
Больш падрабязна пра расстройствы харчовых паводзінаў – тут.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Кажуць, што ўсе хваробы – ад нерваў. І гэта праўда. Уявіць узровень стрэсу дзіцяці, якое на ўласныя вочы бачыць жорсткую праўду вайны, да канца немагчыма. Але яшчэ мацней за страхі, хваробы і жыццёвыя трагедыі аказваецца сіла чалавечага духу. Фрыдзе Рэйзман – 85 гадоў. Яна – былы вязень Мінскага гета, старшыня грамадскага аб'яднання «Гілф», адзін з арганізатараў канферэнцыі «Праведнікі народаў свету ў Беларусі». Жыццё Фрыды магло абарвацца шмат гадоў таму, але 6-гадовая дзяўчынка змагла збегчы з кватэры, куды фашысты наляцелі з ператрусам (бацька Фрыды ўзначальваў рух габрэйскага супраціву).
– Калі б я цяпер магла расказаць сучаснаму звычайнаму чалавеку, што я дзіцем бачыла на свае вочы, гэта было б складана спасцігнуць розумам і ўявіць, – кажа Фрыда Вульфаўна. – Я бачыла, як па вуліцы натуральна цячэ рака чалавечай крыві. На маіх вачах фашыст схапіў дзіця за ножку і ўдарыў яго галавой аб сцяну... Я бачыла, як расстрэльвалі на плошчы маладых дзяўчат 17-18 гадоў... Напэўна, не страціць розум мне дапамагала толькі тое, што я была дзіцем, мая свядомасць перыядычна адключалася.
Сваім доўгім жыццём я абавязаная простым беларускім людзям, якія, рызыкуючы жыццём уласным, выратавалі мяне. Пелагея Андрэеўна Шашок з вёскі Парэчча прытуліла мяне, літаральна вырвала з лапаў смерці. А маё далейшае жыццё сталася прысвечаным вялікай справе: распавесці праўду пра падзеі тых жудасных дзён. На жаль, гэтыя факты замоўчваліся вельмі доўга, і нават у коле сям'і мы не маглі пра іх гаварыць. У Мінскім гета знаходзіліся каля 100 тысяч чалавек, з іх выратаваліся адзінкі. А па маіх дадзеных, людзей пацярпела яшчэ больш, каля 120 тысяч чалавек. Гэта тыя рэчы, якія свет абавязкова павінен памятаць. Гэта немагчыма забыць і выкрасліць з памяці. Я веру, што засталася жывая толькі для таго, каб гэтыя факты не былі забытыя і ніколі не паўтарыліся больш у гісторыі. А галоўнае, у якой бы краіне я ні была, заўсёды падкрэсліваю выключную дабрыню беларускага народа.
...Каля 800 беларусаў прызнаныя Праведнікамі народаў свету. Гэтае ганаровае званне прысвойваецца Ізраільскім інстытутам катастрофы і гераізму нацыянальнага мемарыяла Катастрофы (Халакосту) і Гераізму «Яд ва-Шэм». У асноўным, гэта простыя людзі, якія ў жудасныя часы знайшлі ў сабе сілы заставацца людзьмі, выратаваць іншыя чалавечыя жыцці і паклапаціцца пра іх.
27 студзеня – Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакосту. Памятныя мерапрыемствы пройдуць па ўсёй рэспубліцы. Адно з найбольш значных – у музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
– У наш няпросты час для нас асабліва важнае такое трапяткое стаўленне беларусаў да гісторыі тых дзён, – падкрэсліў напярэдадні значных датаў Алон Шогам, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь.
Для таго, каб такія ж традыцыі былі захаваныя і для будучых пакаленняў, падыход да падачы інфармацыі пра падзеі тых дзён робіцца больш сучасным. Напрыклад, музей гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі анансаваў выхад у сакавіку новага дадатку, прысвечанага Халакосту. У ім будуць адзначаныя абсалютна ўсе памятныя мясціны, скульптуры, мемарыяльныя комплексы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Да кожнага з іх будуць пазначаныя каардынаты. Плануецца, што з дапамогай такога дадатку людзі з самых розных краінаў нават без старонняй дапамогі змогуць знайсці памятныя мясціны, звязаныя з іх роднымі. У тэставым рэжыме дадатак запрацуе спачатку на рускай мове, затым плануецца дадаць англійскую і іўрыт.
Фота – Аксана Жураўлёва.
Які след на зямлі пакіне пасля сябе чалавек? У сучасным свеце гэтае філасофскае пытанне прымае ўсё больш вострае практычнае гучанне. Толькі за апошняе стагоддзе, з моманту вынаходніцтва пластыку і пачатку яго шырокага прымянення, чалавецтва «наслядзіла» так, што калі не зменшыць тэмп, зямлі пагражае фатальная экалагічная катастрофа.
Тэрмін жыцця пластмасы вылічваецца тысячагоддзямі. Таму ў нашых нашчадкаў з XXII стагоддзя (а то і пазней) ёсць усе шанцы стаць уладальнікамі багатай пластыкавай спадчыны сваіх прашчураў. Зрэшты, наўрад ці яны будуць нам за гэта ўдзячныя.
Калі не скараціць аб'ёмы вытворчасці і спажывання палімераў, папярэджваюць вучоныя, не прыняць рашучых мераў па перапрацоўцы і другаснаму выкарыстанню пластмасы, пластыкавага смецця ў сусветным акіяне ўжо да 2050 года будзе больш за рыбу. Весткі пра знявечаныя целы або гібель марскіх насельнікаў, якія трапілі ў пластыкавы капкан, ледзь не штодня трапляюць у топы стужак навінаў.
Асаблівую трывогу выклікае забруджванне прэснай вады мікрачасцінкамі пластыку, чый памер не перавышае 5 міліметраў. Так, вынікі даследаванняў прэснай вады ў розных краінах свету паказалі, што больш чым у 80% пробаў утрымліваліся мікрачасцінкі пластыку. Самы высокі ўзровень забруджвання ў ЗША – 93%, затым ідуць Ліван і Індыя. З краінаў, якія ўзялі ўдзел у даследаваннях, у Францыі, Германіі і Вялікабрытаніі ўзровень забруджанасці водаправоднай вады найбольш нізкі. Зрэшты, насамрэч нізкім яго назваць нельга – больш за 70%.
Памеры палімерных часцінак бываюць настолькі малыя, што нават сучасныя сістэмы водазабеспячэння не заўсёды могуць эфектыўна адфільтроўваць усе забруджванні. Таму, напрыклад, бутыляваная вада не з'яўляецца безумоўна бяспечнай альтэрнатывай водаправоднай. Ва ўзорах з бутэлек вучоныя таксама знаходзілі шкодныя кампаненты.
Разам з тым, мікрачасцінкі пластыку здольныя паглынаць таксічныя хімічныя рэчывы, якія затым вызваляюцца ў кішэчніку жывёлаў, наносячы істотную, часам смяротную шкоду здароўю. Гэта таксама пацвярджаецца шматлікімі навуковымі даследаваннямі.
Акрамя сусветнага акіяна, разбуральнае дзеянне вечнага пластыку адчуваюць на сабе ўсе кампаненты навакольнага асяроддзя, флоры і фаўны. Праблема пластыкавага смецця ў поўнай меры датычыцца і нашай краіны.
16 студзеня 2020 года ўступіла ў сілу падпісанае трыма днямі раней «Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №7». Дакументам, у прыватнасці, зацверджаны план мерапрыемстваў паэтапнага зніжэння выкарыстання палімернай упакоўкі з яе замяшчэннем на экалагічна бяспечную на аснове паперы, кардону, шкла, біяраскладальных матэрыялаў. Гэты план быў падрыхтаваны і распрацаваны Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі. Ведамства таксама будзе сачыць за рэалізацыяй прадугледжаных планам мерапрыемстваў.
Пра значнасць для нашай краіны прынятага дакумента распавёў начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адыходамі галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адыходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вадзім Дзямко.
Усе мерапрыемствы плана ўмоўна можна падзяліць на 5 блокаў:
У гэтым кантэксце выкарыстанне шкляной тары бачыцца не толькі на парадак больш экалагічным, але і эканамічна мэтазгодным варыянтам у параўнанні з вытворчасцю і выкарыстаннем нятаннай нафтавай сыравіны (палімеры – вытворныя нафтапрадуктаў). Па словах Вадзіма Дзямко, у Беларусі дастаткова сыравіннай базы па вытворчасці як першаснага шкла, так і яго перапрацоўкі.
Акрамя таго, у краіне прынятая канцэпцыя па стварэнні аб'ектаў па сартаванні і выкарыстанні цвёрдых камунальных адыходаў і палігонаў па іх захаванні.
Што тычыцца канкрэтных тэрмінаў, дык ужо з 1 студзеня 2021 года пачне дзейнічаць забарона на выкарыстанне пэўных відаў палімерных матэрыялаў у якасці ўпакоўкі. Якія канкрэтна палімеры трапяць у «чорны спіс», пакуль незразумела. Па словах эксперта, неабходна старанна прапрацаваць пытанне, каб улічыць усе нюансы не толькі экалагічнага характару. Але таксама ўлічыць эканамічны аспект, які мае істотнае значэнне для Беларусі. Тым не менш, у бліжэйшы час канкрэтны пералік забароненых да выкарыстання палімерных матэрыялаў будзе агучаны і знойдзе сваё адлюстраванне ў заканадаўчых актах.
Фота эксперта – Валянціна Мохар.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Вось такім прадказальным быў гэты дзень – Ярмілы (альбо Яромы) – у нашых продкаў. Праводзілі яго традыцыйна дома, з сям’ёй, за прыемнымі размовамі ды назіраннямі. І – толькі за няцяжкай працай, калі ў той мелася пільная патрэба. А цяжка працаваць забаранялася.
«Ярома на печцы – хваробы адолей і больш не хварэй», казалі ў народзе. І насамрэч стараліся з хаты не выходзіць. Бо падчас ранейшых традыцыйных зімаў у гэты дзень якраз надараўся моцны мароз. Вось з цягам часу і склалася ўяўленне, што калі на Ярому пабыць у цяпле, дык хварэць не будзеш. А праверыць гэта, зрэшты, няцяжка: нядзеля ж… 🙂 Можна і не выходзіць нікуды.
А каб не было сумна цэлы дзень, нашы продкі… назіралі за коткамі! Лічылася, што з іх дапамогай можна пазбавіцца ад хваробаў і бяссонніцы. Так, калі малое дзіця дрэнна спала, у Ярмілаў дзень перад начным сном у яго калыску саджалі котку. Яшчэ лепей, каб яна пэўны час там паспала. Але толькі не пакідаць яе разам з дзіцем на ноч. А так гэтае немудрагелістае дзеянне абяцала, што малое цяпер цэлы год будзе добра спаць.
Дарослыя ж стараліся стаць альбо прысесці на тое месца, дзе любіць ляжаць котка, і пабыць там пэўны час. Яны верылі, што гэта павінна паспрыяць у пазбаўленні ад хваробаў, асабліва нечаканых і незразумелых. А вось тыя месцы, якія котка не любіць, лічыліся дрэннымі, іх абыходзілі, не ставілі туды ні ложак, ні стол.
Зразумела ж, на Ярмілаў дзень катоў і котак імкнуліся пачаставаць чым-небудзь смачным. А яшчэ – назіралі за іх паводзінамі, якія маглі прадказаць будучае надвор’е. Ну, улічыўшы, што на той час яно было практычна заўсёды прадказальным… Дык чаму б і не?! Нам сёлета без традыцыйнай зімы гэта больш складана, але паспрабуем.
Калі котка вострыць кіпці аб сцяну ці падлогу, чакай дрэннага надвор’я, з ветрам ды завірухамі. А калі катаецца па падлозе – будзе цёпла. Калі ж звернецца ў клубок – наперадзе маразы.
Катоў ды котак і штодня стараліся не крыўдзіць, але на Ярому – асабліва. Таксама не раілі адштурхоўваць котку, калі яна кладзецца на чалавека. Па старажытных павер’ях, мудрая жывёліна так лечыць.
Так што калі ў каго ёсць магчымасць пагрэцца сёння на печцы ды палашчыць котку, абавязкова ёю скарыстайцеся!
А мы працягваем назіраць за народнымі прыкметамі ды спрабуем адгадаць, якое надвор’е ўсё ж чакае нас да заканчэння студзеня.
Калі на Ярому лес шуміць, дык хутка пацяплее (здаецца, куды ўжо нам цяплей?!) і снег пойдзе. А калі дрэвы ў лесе трашчаць, дачакаемся-такі маразоў. Вось толькі… як гэта ўсё пачуць, калі з дому выходзіць не раяць?! 🙂 Няўвязачка атрымліваецца…
Туманнае кола вакол месяца быццам прадказвае завіруху. І гэта цікава, бо акурат на сёння нам у прагнозе надвор’я Белгідрамет якраз туман і абяцае.
Калі ў Ярмілаў дзень за акном шчабечуць сінічкі, дык чакайма ранняй вясны. Хм… Дык у нас яшчэ і зімы-то не было… Наконт сінічак – праверыць даволі лёгка, бо пад маё акно яны прылятаюць рэгулярна. Паглядзім, ці прыляцяць сёння.
А вось снегіроў, хаця пра іх нічога ў прыкметах не сказана, у гэтым студзені ў нас у Чэрвені бачу рэгулярна! Вось і ўчора – нават на двух дрэвах, што растуць на ладнай адлегласці адно ад другога. Харчаваліся птушачкі… Такі парадокс: снегу – няма, а снегіры – ёсць!
… У чарговы раз з настальгіяй прыгадаўшы такую ўтульную печку свайго дзяцінства ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна, сяджу каля яе зусім несамавітага заменніка – батарэі. З цеплынёй узгадваю пяшчотных котак, якія калісьці ў нас жылі. Паглядаю з акна на лес, спрабуючы адгадаць, шуміць ён ці трашчыць. І спадзяюся, што хто-небудзь з вас, шаноўныя сябры, усё ж выпрабуе на сабе прыкметы, якія існавалі даўней на Ярому, а тады падзеліцца з іншымі: што тут – праўда, а што – не. Здароўя ўсім!
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Многія ўжо ведаюць пра нервовую анарэксію і булімію. Да гэтага спісу папулярных расстройстваў харчовых паводзінаў дадалося яшчэ адно – кампульсіўнае пераяданне. Нядаўна яно ўвайшло ў абноўленую Міжнародную класіфікацыю хваробаў – МКБ-11.
Чым кампульсіўнае пераяданне адрозніваецца ад звычайнага абжорства, чаму небяспечна «заядаць» свае эмоцыі і як справіцца з хваробай, распавяла псіхатэрапеўт, асістэнт кафедры псіхіятрыі з медыцынскай псіхалогіяй БДМУ, сябра Беларускай псіхіятрычнай асацыяцыі Таццяна Раманоўская.
Кампульсіўнае пераяданне (КП) — гэта прыступы, пры якіх за адносна невялікі прамежак часу спажываецца вялікая колькасць ежы і пры гэтым ёсць адчуванне страты кантролю. Пасля прыступу, які часам можа доўжыцца ўвесь дзень, чалавек адчувае пачуццё віны, незадаволенасці сабой. Расстройствам такія паводзіны можна лічыць, калі яны паўтараюцца не менш за два разы на тыдзень на працягу некалькіх месяцаў.
Сярод людзей з залішняй вагой кампульсіўнае пераяданне сустракаецца ў 8-10%, а сярод тых, хто звяртаецца па дапамогу ў зніжэнні вагі, – у 25-50%. Варта адрозніваць геданістычнае і кампульсіўнае пераяданне. Пры геданістычным чалавек проста любіць паесці, працэс пераядання дастаўляе задавальненне і толькі часам лёгкія пакуты сумлення: з'еў патэльню смажанай бульбы – «нічога страшнага, заўтра буду худнець». А пры кампульсіўным пераяданні цяжка спыніцца, узнікаюць праблемы з якасцю і колькасцю ежы. Адчуваючы фізічны і псіхічны дыскамфорт, чалавек працягвае есці. Гэта не бязволле, як думаюць некаторыя, а расстройства харчовых паводзінаў, якое трэба лячыць.
Кампульсіўнае пераяданне можа развівацца ў падлеткавым перыядзе, калі пачынаюцца першыя эксперыменты з дыетамі, якія нярэдка прыводзяць да нервовай анарэксіі або нервовай буліміі. Пазней гэтыя абмежавальныя паводзіны прыводзяць да адваротнага – да пераядання і набору вагі, паколькі, у адрозненні ад нервовай буліміі, пацыенты не звяртаюцца да ачышчальнай практыкі (не выклікаюць ваніты, не прымаюць слабіцельнага, не знясільваюць сябе трэніроўкамі).
Расстройства можа сфарміравацца ў падлеткаў, чые бацькі часта выкарыстоўваюць дыеты або ў сваёй гісторыі маюць праблемы харчовых паводзінаў, транслююць ідэі пра каштоўнасць маленькай вагі. Або калі дзеці растуць у атмасферы эмацыянальнага і псіхалагічнага гвалту. Такім чынам яны «заядаюць» стрэс. Гэта кампенсатарны механізм, каб справіцца з пачуццём адзіноты, трывогі, турботаў.
Часта кампульсіўнае пераяданне ўзнікае як адказ на дэпрэсіўны стан.
У старэйшым узросце бескантрольны прыём ежы таксама служыць механізмам, што дазваляе справіцца з эмацыянальнымі перажываннямі, не абавязкова траўматычнымі. Гэта могуць быць аднастайнасць, нуда, адсутнасць задавальненняў. Чым меней чалавек «корміць» сябе іншымі эмоцыямі, тым большым «сябрам» яму робіцца халадзільнік, у якім можна знайсці разнастайныя смакі, якія адсутнічаюць у жыцці. Або ў халадзільніку шукаюць «хатняга псіхатэрапеўта». Да прыкладу, муж п'е, а жонка «закусвае»: у пастаянных турботах чакаючы яго вечарамі, яна кампульсіўна з'ядае, да прыкладу, пачкі печыва.
Яшчэ адна прычына – складанасць з выказваннем пачуццяў, калі чалавек не распазнае або адмаўляе свае эмацыянальныя перажыванні, не ўмее з імі спраўляцца, не мае падтрымкі, не можа выказацца.
Кампульсіўнае пераяданне можа ўзнікнуць і на фоне харчовых звычак. Да прыкладу, адзін ці два прыёмы ежы ў дзень, тады голад правакуе кампенсатарнае пераяданне. Таксама цяжка кантраляваны прыём ежы могуць справакаваць каўбасы, сасіскі, сардэлькі – любая перапрацаваная ежа, насычаная глутаматам натрыю. Прадукты, багатыя на лёгказасваяльныя вугляводы, таксама стымулююць апетыт і голад, бо гэта звязана з ваганнямі ўзроўню глюкозы і інсуліну ў крыві.
Любыя дыеты для пахудання пагаршаюць сімптомы кампульсіўнага пераядання, чалавек знаходзіцца ў сістэме «голад» (дыета) – «зрыў». Гэта той выпадак, калі кажуць: мінус 3/плюс 7, феномен «арэляў вагі».
Пры кампульсіўным пераяданні чалавек злоўжывае тлустай, салодкай ежай, у сувязі з чым з'яўляецца лішняя вага і хутка развіваецца метабалічны сіндром – павелічэнне масы вісцаральнага тлушчу, парушэнне абмену рэчываў. Даказана, што кампульсіўнае пераяданне вядзе да цукровага дыябету 2-га тыпу, гіперхалестэрынеміі (анамальнае павышэнне ўзроўню халестэрыну), артэрыяльнай гіпертэнзіі.
Псіхатэрапія – адзіны спосаб і метад лячэння кампульсіўнага пераядання. Праца ідзе ў двух напрамках:
Абавязкова ідзе праца з эмоцыямі: псіхатэрапеўт вучыць людзей усведамляць іх і выказваць, навучае навыкам рэлаксацыі і памяншэння эмацыянальнага дыскамфорту.
Часта да тэрапіі неабходна прыцягненне ўсёй сям'і, асабліва, калі справа тычыцца падлеткаў, якія сутыкаюцца з адсутнасцю падтрымкі і разумення. Да прыкладу, у дзяўчынкі лішняя вага, яна спрабуе нармалізаваць харчаванне, а сямейнікі ядуць пірагі і пры гэтым заклікаюць яе да сілы волі, абясцэньваюць намаганні. Гэта падрывае часта і так не вельмі моцную веру ў сябе, узмацняе праблемы з харчовымі паводзінамі. Бацькам трэба памятаць, што ў падлеткавым узросце кампульсіўнае пераяданне спалучанае з дэпрэсіямі і павелічэннем суіцыдальнай рызыкі.
У некаторых краінах пратаколы прадугледжваюць назіранне пацыентаў з расстройствамі харчовых паводзінаў, у тым ліку – кампульсіўным пераяданнем, на працягу 6-10 гадоў. Справа ў тым, што захворванне мае высокі ўзровень рэцыдыву.
Вельмі часта ў людзей проста не хапае навыкаў саўладання з сітуацыяй. У мяне была кліентка, якая прайшла курс лячэння кампульсіўнага пераядання, але праз пэўны час вярнулася. Аказалася, яна пачала пераядаць на працы. Кіраўніцтва паведаміла ёй, што яе пасаду скароцяць (ёй 50 гадоў, на гэтым прадпрыемстве яна прапрацавала доўгі час), а потым арганізавалі новую стаўку і папрасілі яе навучыць супрацоўніцу. Не маючы сіл адмовіць, адчуваючы крыўду, пацыентка сыходзіла ў пакой для прыёму ежы, дзе ела і не магла спыніцца. Прыём ежы быццам легалізаваў яе адсутнасць на працоўным месцы і дазваляў адцягнуць увагу. Атрымаўшы несправядлівае скарачэнне, яна за сябе не змагалася, а спрабавала «праглынуць» крыўду.
Вядзенне харчовага дзённіка і дзённіка эмоцый, медытацыя, самагіпноз з пазітыўнымі ўстаноўкамі: «я сябе люблю», «я значу больш».
Большасць псіхалагічных праблемаў узнікае з-за жадання стаць лепшым, каб цябе любілі. Але калі чалавек мае праблемы сам з сабой, ён ператвараецца ў вялізную дзірку, якую не запоўніш звонку. Ён спрабуе прымусіць іншых любіць сябе, «гвалтуе» іх клопатам. «Любіце мяне, бо я добры працаўнік», «Любіце мяне, бо я прыгатавала вам суп» (які ніхто не прасіў). Таму першая ўмова – нармалізаваць стаўленне да самога сябе. Для гэтага ёсць практыкаванні, калі чалавек адказвае на пытанні, за што ён сябе паважае, шануе, што яму ў сабе падабаецца.
Пры харчовым расстройстве важнае прыняцце свайго цела. Таму рэкамендуецца штодзённае сузіранне сябе ў люстэрку ў голым выглядзе або ніжняй бялізне. Сэнс – сфарміраваць да цела адказнае неспажывецкае стаўленне: «Маё цела выглядае так, як я пра яго клапачуся, як я яго кармлю». Гэта як дзіця або хатні гадаванец. Мы ж не можам патрабаваць ад сабакі хударлявасці, калі не выгульваем яго і дрэнна кормім.
Калі ў чалавека не хапае рэсурсу нервовай сістэмы, адна псіхатэрапія не дапаможа. Пры павышаным узроўні трывогі, напрыклад, выключаецца лобны аддзел галаўнога мозгу – і чалавек проста перастае кіраваць гэтым станам. Таму часам могуць прызначацца антыдэпрэсанты, якія памяншаюць трывожнасць, дэпрэсію, кампульсіўнасць (дакучлівыя прыступы).
Не асуджаць, не абясцэньваць, не рабіць грубыя заўвагі тыпу: «У якое месца ты ясі?» Людзі, як правіла, не звязваюць харчовыя паводзіны з псіхічным станам. А гэтая сувязь ёсць. Таму парайце роднаму звярнуцца да псіхолага або псіхатэрапеўта.
ДАРЭЧЫ
Тэст, ці маюцца ў вас прыкметы парушэння харчовых паводзінаў.
Таксама можна прайсці галандскі апытальнік харчовых паводзінаў (DEBQ).
Як пазбегнуць захворванняў лёгкіх? Ці заўсёды трэба лячыць кашаль? Чым ён небяспечны? Калі кашаль ператвараецца ў бранхіт? Як не прапусціць пнеўманію? Ці можна аднавіць лёгкія, калі кінуць паліць?
На пытанні адказваюць:
Хацелася б даведацца, ці звязанае ссіненне вуснаў падчас трэніровак з лёгкімі? Год таму я панасіла цяжар, і ў мяне пасінелі вусны. Цяпер кожную трэніроўку (займаюся давоскімі практыкамі, якія не падразумяваюць вялікіх нагрузак) у мяне сінеюць вусны. Я цалкам праверыла сэрца: УГД, здымалі паказанні, калі круціла ровар, кансультацыя ў кардыёлага – усё ў норме. Кроў на біяхімію – таксама ўсё ў норме, трохі павышаны халестэрын. Мне сказалі, што гэта можа быць гіпервентыляцыя лёгкіх, бо практыкаванні на дыханне і энергетыку. Падкажыце, ці трэба мне звяртацца да пульманолага? Флюараграфію я рабіла, паталогій не выяўлена.
Алена Давідоўская:
— Не зусім звычайнае пытанне. Ссіненне вуснаў, у тым ліку падчас фізічнай нагрузкі, можа з'яўляцца сімптомам цэлага шэрагу захворванняў. Таму неабходна дэталёвае абследаванне. Частку даследаванняў вы ўжо выканалі. У выпадку, калі не выяўлена значнай сардэчна-сасудзістай паталогіі, анеміі, рэнтгеналагічных прыкметаў захворвання лёгкіх, ссіненне вуснаў можа быць звязанае з гіпервентыляцыяй. Гіпервентыляцыя – гэта залішняе па частаце і глыбіні дыханне, якое не адпавядае ў дадзены момант фізіялагічнай патрэбе (адсутнасць інтэнсіўнай фізічнай нагрузкі). Каб разабрацца ў сітуацыі і падабраць у далейшым аптымальны выгляд фізічных практыкаванняў, можна дадаткова звярнуцца да пульманолага для правядзення дыягнастычных функцыянальных тэстаў, а таксама да неўролага.
Наколькі эфектыўна зрабіць прышчэпку ад пнеўманіі для дарослых? Калі так, дык калі вы рекамендуеце зрабіць рэвакцынацыю ад пнеўманіі дарослым?
Алена Давідоўская:
— Вельмі важнае пытанне. І, спадзяюся, адказ на яго будзе карысным для нашых сённяшніх суразмоўцаў для ўсведамлення значнасці і прыняцця рашэння пра вакцынацыю. Прышчэпка ад пнеўманіі, а дакладней – ад пнеўмакокавай інфекцыі (адной з разнавіднасцяў якой і з'яўляецца пнеўманія, выкліканая гэтым мікраарганізмам), з'яўляецца высокаэфектыўным спецыфічным спосабам абароны. Варта разумець, што прычынай пнеўманіі могуць быць і іншыя ўзбуджальнікі, але самым распаўсюджаным і значным з іх ва ўсіх узроставых групах застаецца менавіта асаблівы від стрэптакока – пнеўмакок.
Гэты мікраарганізм можа выклікаць сінусіты, атыты, абвастрэнні хранічных захворванняў дыхальных шляхоў. Для дарослых рызыка захварэць на пнеўмакокавую пнеўманію павышаецца пры наяўнасці ў чалавека хранічных захворванняў – сардэчна-сасудзістых, бронхалёгачных, анкалагічных, хваробаў печані, нырак, крыві, цукровага дыябету і імунадэфіцытных станаў. Акрамя таго, з-за фізіялагічных зменаў да такой рызыкі асабліва схільныя людзі, старэйшыя за 65 гадоў.
Прышчапляючыся пнеўмакокавай вакцынай, мы надзейна абараняем сябе менавіта ад гэтага віду інфекцыі, у тым ліку пнеўмакокавай інфекцыі нумар 1 – пнеўманіі. Сёння існуе некалькі разнавіднасцяў пнеўмакокавых вакцынаў, у тым ліку зарэгістраваных і тых, якія прымяняюцца ў нашай краіне. Калі вы раней ужо вакцыянаваліся паказанай вам вакцынай, рэвакцынацыя праводзіцца не раней чым праз тры гады. Акрамя таго, для рэвакцынацыі вы можаце выкарыстаць і іншы выгляд пнеўмакокавай вакцыны – кан'югаваную, рэвакцынацыя пасля якой у далейшым не патрабуецца. Падрабязную інфармацыю пра віды пнеўмакокавай вакцыны і схему вакцынацыі/рэвакцынацыі вы можаце атрымаць у кожнай установе, дзе яна праводзіцца.
Як і дзе ў Беларусі лечыцца лёгачная гіпертэнзія?
Алена Давідоўская, Уладзімір Баброўнічы:
— Паняцце «лёгачная гіпертэнзія» ўключае як самастойнае захворванне на першасную лёгачную гіпертэнзію (ЛАГ), так і сустракаецца пры цэлым шэрагу іншых паталагічных станаў – другасная лёгачная гіпертэнзія пры пароках сэрца, парушэннях развіцця і росту лёгкіх, захворваннях лёгкіх, сістэмных захворваннях злучальнай тканкі, тромбаэмбаліі лёгачнай артэрыі, а таксама пры прыёме некаторых лекавых прэпаратаў. У сувязі з гэтым важна разабрацца ў прычынах лёгачнай гіпертэнзіі, для чаго праводзіцца комплекснае абследаванне.
Пры другаснай лёгачнай гіпертэнзіі аснову тэрапіі складае лячэнне асноўнага захворвання. Першасная лёгачная гіпертэнзія патрабуе ЛАГ- спецыфічнай тэрапіі. Нягледзячы на назву «лёгачнае», захворванне ў большай ступені тычыцца сасудаў лёгкіх. Таму абследаванне, лячэнне і назіранне праводзіцца пераважна ў кардыёлага. У Беларусі зарэгістраваныя некалькі ЛАГ-спецыфічных прэпаратаў.
Выбар лячэння ажыццяўляецца спецыялістам, зыходзячы з узроўню (ступені цяжкасці) лёгачнай гіпертэнзіі, а таксама развіцця, выяўленасці і прыкметаў хранічнай сардэчнай недастатковасці. Лячэнне ажыццяўляецца ў профільных аддзяленнях устаноў аховы здароўя краіны. Напрыклад, у Мінскім рэгіёне кваліфікаваную дапамогу пры лячэнні лёгачнай гіпертэнзіі можна атрымаць у РНПЦ «Кардыялогія» і Мінскай абласной бальніцы. Што тычыцца дзяцей, дык абследаванне і лячэнне лёгачнай гіпертэнзіі ажыццяўляецца ў РНПЦ дзіцячай хірургіі.
Мяне завуць Яўген, 31 год, Мінск. Не палю, выпіваю ўмерана па святах, гуляю ў баскетбол і хаджу ў басейн. У цэлым назваў бы свой лад жыцця здаровым. Пасля перанесенай пнеўманіі засталася слабасць і патлівасць, увечары павышаецца тэмпература. Ці нармальны гэта стан для арганізма пасля перанесенай пнеўманіі? Як надоўга ён можа зацягнуцца? Якія аналізы, абследаванні, працэдуры можаце параіць для хутчэйшага выздараўлення і ліквідацыі віруса з арганізма? Калі ёсць магчымасць трапіць асабіста да вас на кансультацыю – падкажыце, як гэта магчыма.
Алена Давідоўская:
– Ваш стан можа быць абумоўлены рознымі прычынамі. У сувязі з гэтым з усімі дакументамі вам неабходна звярнуцца па кансультацыю спецыяліста ў РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі.
У студзені зрабіла флюараграфію ў сувязі з тым, што вельмі моцна кашляла. На флюараграфіі былі зацямненні, і мяне накіравалі на рэнтген лёгкіх. Рэнтген паказаў наяўнасць дзвюх плямаў у правым лёгкім. Тэрапеўт прызначыла мне курс антыбіётыкаў, накіравала на аналізы і сказала прыйсці пасля заканчэння курсу прыёму лекаў (бальнічны ліст не дала). Паўторны здымак зноў паказаў зацямненні. У выніку тэрапеўт накіравала мяне да фтызіятра, якая прызначыла чарговы курс антыбіётыкаў. У цэлым я за два тыдні зрабіла адну флюараграфію, 4 рэнтгены, прапіла два курсы антыбіётыку і на нагах перанесла лёгачнае захворванне. Мяне цікавіць пытанне: ці павінны мне былі хаця б прапанаваць бальнічны ліст? Ці магчымыя ўскладненні пасля перанесенага на нагах захворвання? Як мне аднаўляцца, каго і як прыцягваць да адказнасці ў выпадку ўскладненняў?
Алена Давідоўская, Уладзімір Баброўнічы:
– Рашэнне пра выдачу бальнічнага ліста прымаецца з улікам клінічнага стану на момант звароту. Зараз па прадстаўленай вамі інфармацыі ацаніць неабходнасць выдачы ліста непрацаздольнасці не ўяўляецца магчымым. Праведзенае вам абследаванне ў тэрапеўта і фтызіятра дазваляе выключыць наяўнасць ускладненняў у дадзены момант.
Станоўчая рэнтгеналагічная дынаміка паказвае на эфектыўнасць праведзенай тэрапіі, а колькасць выкананых даследаванняў адпавядае цячэнню захворвання. Такая сітуацыя не патрабуе якіх-небудзь спецыфічных аднаўленчых мерапрыемстваў. Важна выконваць агульныя рэкамендацыі: здаровы лад жыцця, паўнавартаснае харчаванне, рацыянальны рэжым працы і адпачынку, падтрыманне фізічнай актыўнасці. У будучым не забывайцеся пра штогадовую супрацьгрыпозную вакцынацыю.
Мне 33 гады, не палю, тры разы хварэла на запаленне лёгкіх (у дзіцячым узросце, у 2014 годзе і ў 2017 годзе). Якія прафілактычныя меры параіце? Ці варта рабіць прышчэпку ад пнеўмакока?
Алена Давідоўская, Уладзімір Баброўнічы:
– Пнеўманія – гэта вострае інфекцыйнае захворванне, якое, як правіла, заканчваецца поўным выздараўленнем. Калі ў вас не было іншых інфекцый, якія выклікае пнеўмакок, зараз у вакцынацыі няма неабходнасці.
Для прафілактыкі рэспіраторных інфекцый у будучым раім вам весці здаровы лад жыцця. Уважліва стаўцеся да сябе, штогод рабіце прышчэпкі ад грыпу – і будзьце здаровыя!
У дзіцяці 7 гадоў было 2 пнеўманіі. Першая – ва ўзросце 3-х гадоў (2015), другая – ва ўзросце 5 гадоў (праз два гады, у 2017). Дзіця пры гэтым часта хварэла да 5-6 гадоў само па сабе. Першы раз, у 2015, лячыліся ў бальніцы, праз 2 гады пнеўманію лячылі проста сумамедам 5 дзён (па прызначэнні ўрача). Пасля гэтага дзіця ў цэлым хварэла на ВРВІ ўсяго адзін раз. Ці могуць гэтыя абодва выпадкі пэўным чынам быць звязаныя і неяк адбівацца ў далейшым на здароўі дзіцяці? Якую прафілактыку можаце параіць?
Уладзімір Баброўнічы:
– Верагоднасць таго, што гэтыя выпадкі звязаныя, невысокая. Прафілактыка захворванняў уключае комплекс спецыфічных і неспецыфічных мерапрыемстваў. Спецыфічная прафілактыка – вакцынацыя, згодна з Нацыянальным календаром прышчэпак, а таксама супраць грыпу. Да неспецыфічных адносяцца паўнавартаснае харчаванне, заняткі фізкультурай, загартоўванне, здаровы мікраклімат, у тым ліку псіхалагічны.
Вельмі хацелася б атрымаць інфармацыю ад вас як ад спецыялістаў, паколькі ў сеціве маса супярэчлівай і неправеранай інфармацыі. Ці заўсёды пры пнеўманіі неабходна класціся ў бальніцу? Ці магчыма амбулаторнае лячэнне дадзенага захворвання і якія сімптомы з'яўляюцца паказаннямі для абавязковай шпіталізацыі?
Алена Давідоўская, Уладзімір Баброўнічы:
– Няцяжкая пнеўманія можа паспяхова лячыцца ва амбулаторных умовах. Паказанні для шпіталізацыі дакладна вызначаныя дзеючымі ў краіне клінічнымі пратаколамі і ацэньваюцца ўрачом у кожным канкрэтным выпадку.
https://bel.24health.by/zdaroue-lyogkix-u-daroslyx-i-dzyacej-pracyagvaem-adkazvac-na-pytanni/
Фота – Віталь Гіль.
One fine body…