Анлайн-канферэнцыя па прафілактыцы і лячэнні захворванняў ад кляшчоў пройдзе 5 мая з 15.30 да 17.00 на інфармацыйных парталах Здаровыя людзі (24health.by) і TUT.BY.
Пачынаецца сезон паходаў у лес і выездаў на прыроду. Калі ўкусіў клешч, ці варта ва ўмовах пандэміі каранавіруса піць антыбіётыкі, саслабляючы тым самым імунітэт? Ці існуюць прышчэпкі ад клешчавога энцэфаліту і каму/калі варта іх зрабіць? Як своечасова дыягнаставаць барэліёз? Ці бывае хвароба Лайма хранічнай? Задайце вашае пытанне ўрачу-інфекцыяністу.
На пытанні адкажа:
Папярэдне пытанні можна дасылаць на электронную пошту info@24health.by.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Дзівосную згуртаванасць і яднанне праяўляюць беларусы ва ўмовах пандэміі каранавіруса. І гэта нягледзячы на самаізаляцыю і сацыяльнае дыстанцыяванне.
З дапамогай месэнджараў абсалютна незнаёмыя адзін з адным людзі з усіх куткоў Беларусі аб'ядноўваюцца, каб дапамагаць медыкам. Не проста застаючыся дома, але і аказваючы рэальную дапамогу тым, хто цяпер знаходзіцца на пярэднім краі барацьбы з каранавірусам. А значыць, сабе і ўсёй краіне.
Адной з такіх супольнасцяў, якая разраслася з міжсабойчыку ў некалькі дзясяткаў чалавек да больш чым тысячы ідэйных аднадумцаў, стаў мінскі Хакерспэйс.
Выключна па ўласнай ініцыятыве, выкарыстоўваючы асабістыя маральныя і матэрыяльныя рэсурсы, людзі вырабляюць медыцынскія шчыткі, сноркі, ахоўныя камбінезоны, аднаразовыя маскі і бахілы і бязвыплатна перадаюць іх у медустановы.
Хакерспэйс – адкрытая супольнасць, якая аб'ядноўвае людзей з агульнымі інтарэсамі. У свеце існуе мноства хакерспэйсаў рознай накіраванасці, у асноўным – тэхнічнай і лічбавай. Гэта не тыповая арганізацыя з адміністрацыяй, штатным раскладам і графікам працоўнага дня.
Усе ўдзельнікі Хакерспэйса знаходзяцца ў абсалютна роўных умовах, сябры клуба маюць уласныя ключы ад памяшканняў і могуць прыходзіць сюды ў любы час сутак, госці – у дні адчыненых дзвярэй.
Супольнасць не аказвае платныя паслугі, не гандлюе сваімі вырабамі і вынаходніцтвамі і існуе выключна на членскія ўнёскі. Уся матэрыяльна-тэхнічная база Хакерспэйса альбо бязвыплатна прадастаўленая ўдзельнікамі супольнасці, альбо набытая за ўласныя сродкі. У Мінску першы Хакерспэйс з'явіўся напрыканцы 2012-га года. Цяпер дзейнічаюць дзве пляцоўкі – у Зялёным Лузе і Малінаўцы.
Дапамога ўрачам і медыцынскім работнікам разгарнулася з адзінага паведамлення ў чаце мінскага Хакерспэйса: патрэбныя ахоўныя маскі для ўрачоў інфекцыйных аддзяленняў і аддзяленняў рэанімацыі. Адразу ж адгукнуліся людзі, гатовыя друкаваць шчыткі на 3D-прынтарах. Першую партыю літаральна адразу аддалі на тэсціраванне сталічным медыкам. Ужо з улікам іх пажаданняў і рэкамендацый мадэрнізавалі шырыню дужкі, колькасць мацаванняў у асноўнай мадэлі.
– За лічаныя дні колькасць удзельнікаў чату Хакерспэйса вырасла ў некалькі дзясяткаў разоў, – кажа адна з актывістак Малінавага Хакерспэйса Марыя. – Ахвотных дапамагчы аказалася столькі, што зрабілася зразумелым: курыраваць усю краіну нерэальна. Тады мы прапанавалі людзям аб'яднацца ў рэгіянальных чатах па абласцях. Уласна, у самаарганізацыі і ёсць «фішка» Хакерспэйса. Цяпер яны самі знаходзяць пастаўшчыкоў матэрыялаў, вырашаюць транспартныя і лагістычныя пытанні, шукаюць валанцёраў... Мы толькі аплачваем матэрыяльныя выдаткі.
Максім прыходзіць у Малінавы Хакерспэйс ужо некалькі дзён запар. У звычайным жыцці ў мужчыны ўласны невялікі бізнэс, які цяпер вымушана пастаўлены на паўзу. Пра тое, што патрэбныя валанцёры для зборкі шчыткоў, даведаўся праз «сарафаннае радыё». Ні хвіліны не разважаў. Кажа: сядзець без справы не ў яго правілах. Тым больш – жыве недалёка.
А вось Ірына, вэб-дызайнер, наадварот, ехала праз увесь горад, каб не застацца ў баку ад агульнай справы. Праз некалькі хвілін яна надзявае крапежную рызінку на ахоўныя экраны так спрытна, быццам толькі гэтым усё жыццё і займалася. І такіх валанцёраў па ўсёй краіне – сотні!
Пачынаючы з 1 красавіка, на працягу трох тыдняў яны вырабілі і адправілі ва ўстановы аховы здароўя амаль 21 тысячу шчыткоў і каля 500 сноркаў (ахоўная маска, якая цалкам аблягае твар і абсталяваная двума бакфільтрамі).
Адначасова з ідэяй друкаваць ахоўныя маскі ўзнікла і другая: шыць аднаразовыя ахоўныя касцюмы. Адны лекалы для пробнай партыі здымалі з гатовага медыцынскага камбінезона, які атрымалася знайсці, іншыя – дапамагалі вырабіць прафесійныя канструктары, якія адгукнуліся. Першая партыя была гатовая ўжо 4 красавіка. Цяпер у валанцёраў Хакерспэйса 4 віды лекалаў і практычна ўсе памеры.
– З пошукам закройшчыкаў і швачак наогул праблем не ўзнікла, – кажа Алёна Памаха, якая курыруе «швейны праект» Хакерспэйс. – Калі ўжо дома знайшліся лазерныя станкі і 3D-прынтары для вырабу шчыткоў, дык швейныя машынкі ёсць практычна ў кожнага. Мяне радуе і палохае адначасова, з якой хуткасцю разрастаецца наш швейны рух!
З пачатку красавіка супольнасць «швачак дома», разросшыся з пары дзясяткаў чалавек, пераваліла за тысячу. І з кожным днём актыўных удзельнікаў усё дадаецца.
– Сярод тых, хто падахвоціўся кроіць і шыць ахоўныя камбінезоны, бахілы, аднаразовыя маскі, ёсць людзі самых розных прафесій і узростаў, – захоплена распавядае Алёна. – Да нашага руху далучыліся і швейныя атэлье, і школы, і бальніцы. Але пераважная большасць майстроў – гэта звычайныя мамы ў дэкрэце. Тыя, хто да гэтага шыў толькі па дробязі і для сваёй сям'і. Аказалася, што разам яны – велізарная сіла, для якой пры жаданні няма нічога немагчымага!
Дзякуючы швачкам-валанцёрам, у клінікі Беларусі ўжо адпраўлена 4,3 тысячы ахоўных камбінезонаў (актуальная лічба на 28 красавіка), бахілы і аднаразовыя маскі. Геаграфія ахоплівае ўсю краіну: ад Расонаў да Лельчыцаў, ад Жабінкі да Калінкавічаў, ад Чачэрска да Воранава. Усяго валанцёрская дапамога ахапіла больш за 70 гарадоў і пасёлкаў краіны. Прычым транспартныя пытанні ўзялі на сябе такія ж добраахвотнікі.
Алёна прызнаецца, што, напэўна, яшчэ не ва ўсіх населеных пунктах медыкі ведаюць, што ў выпадку неабходнасці можна напрамую звярнуцца па дапамогу ў Хакерспэйс. На афіцыйным сайце супольнасці ёсць форма, запоўніўшы якую медыкі могуць паведаміць пра свае патрэбы ў тых ці іншых сродках абароны. Зваротная сувязь важная для валанцёраў.
– Гэта дапамагае нам больш мэтанакіравана адрасаваць дапамогу тым, хто мае ў ёй асабліва вострую патрэбу, – прызнаецца Алёна. – Сітуацыя, якую мы зараз пражываем, так ці інакш тычыцца ўсіх нас. Я шчыра рада, што ў нас атрымалася не толькі дапамагаць урачам і медработнікам, але і аб'яднаць людзей з усіх куткоў краіны. Калі пандэмія сыдзе – а яна пойдзе абавязкова! – агульны рух не спыніцца. Зрабіўшы штосьці добрае разам, людзі абавязкова захочуць гэта працягнуць. Бясцэнны вопыт.
Загадам Міністэрства аховы здароўя «Аб прымяненні нормаў заканадаўства пры прыняцці ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь маёмасці» ад 14.04.2020 арганізацыям аховы здароўя дазволена прымаць ва ўласнасць маёмасць, якая перададзеная на бязвыплатнай аснове рознымі суб'ектамі гаспадарання і фізічнымі асобамі.
Фактычна тым самым Хакерспэйс атрымаў дазвол на вытворчасць і пастаўку ў медустановы краіны сродкаў абароны. Калі вы таксама хочаце быць карыснымі, далучайцеся да добраахвотніцкага руху. Усю неабходную інфармацыю вы знойдзеце на сайце суполки hackerspace.by
Фота – Віталь Гіль.
Што неабходна вымяраць самому кожныя тры гадзіны | · Тэмпературу
· Частату дыхання · Пульс · Артэрыяльны ціск пры наяўнасці хваробаў сістэмы кровазвароту. |
Якія паказчыкі лічацца нармальнымі для лячэння дома | · Тэмпература: у межах 35-38,5.
· Частата ўдыху і выдыху: меней за 22 цыклы за хвіліну. · Пульс: у межах 40-90 у хвіліну *. · Артэрыяльны ціск: ад 120/80 да 140/90. Пры гэтым НЕ павінна быць рэзкіх перападаў АД, зніжэння сісталічнага ніжэй за100 і пад’ём вышэй за 180-200, бледнасці скурнага покрыва, пасінення вуснаў, насагубнага трохвугольніка, крылаў носа. · Адсутнасць затарможанасці свядомасці, галавакружэнняў, нарастаючага галаўнога болю. |
Як лячыцца | · Дакладна выконваць рэкамендацыі ўрача.
· Цёплае пітво – шмат і часта. · Парацэтамол для зніжэння высокай тэмпературы. · Пасцельны рэжым у першыя дні. · Часцей ляжаць на жываце, паклаўшы валікі пад грудную клетку і таз, каб жывот не ціснуў на дыяфрагму. · На пачатку выздараўлення пачынаць дыхальную гімнастыку: надзіманне паветраных шарыкаў; затрымка дыхання на ўдыху (пачынаючы ад 10-15 секунд да 1 хвіліны); · затрымка дыхання на выдыху (ад 5-10 секунд да 40 секунд); · хуткія ўдыхі-выдыхі на працягу некалькіх секунд. · Есці мяса, рыбу, бабовыя, хлеб грубага памолу, гародніну, садавіну і ягады з вітамінам С: апельсіны, лімоны, журавіны. · Паўнавартасны сон. · Пазітыўны настрой. |
Што рабіць у кватэры | · Часцей праветрываць пакоі.
· Рабіць вільготную ўборку з дэзінфекцыяй усіх паверхняў. · Дэзінфікаваць ванны пакой і прыбіральню бытавым мыйна-дэзінфекцыйным сродкам. · Часцей мыць посуд хворага. · Часцей мыць яго пасцельную бялізну і змяняць навалачкі (ў пральнай машыне 60-90°C са звычайным пральным парашком), невялікія рэчы можна мыць уручную звычайным мылам. |
Як сябе паводзіць таму, хто даглядае | · Мінімізаваць кантакт.
· Насіць медыцынскую маску, калі знаходзіцеся ў адным пакоі з хворым. · Не набліжацца да яго бліжэй чым на адзін метр. · Мыць рукі пасля любых кантактаў з захварэлым, выціраць іх аднаразовымі папяровымі ручнікамі. · Выкарыстоўваць аднаразовыя медыцынскія пальчаткі для догляду хворага і прыбірання памяшкання. · Да і пасля зняцця медыцынскіх пальчатак мыць рукі. · Выкарыстаныя пальчаткі і маскі складваць у асобны кантэйнер (пакет) у тым жа памяшканні, дзе знаходзіцца хворы, завязваць яго і потым выносіць з пакоя ў кантэйнер для смецця. · Кантраляваць, каб дома былі ўсе базавыя прэпараты для лячэння асноўных хваробаў таго, хто захварэў. Удакладніць іх дазіроўку з улікам стану ва ўрача. · Тэлефанаваць урачу або ў хуткую, калі ў хворага пачалася ліхаманка, кашаль, боль у горле, з’явілася абцяжаранае дыханне. |
* норма ў звычайным нехваравітым стане: ва ўзросце 15-50 гадоў – 60-85 уд/хв, ва ўзросце ад 50 і старэйшым – 70-90 уд/хв.
Больш рэкамендацый па хатнім лячэнні – тут.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Чым гэтая пандэмія адрозніваецца ад папярэдніх успышак каранавірусных інфекцый? Як арганізаваная сістэма эпідэміялагічнага кантролю ў нашай краіне? Якія паказчыкі сведчаць пра тое, што да мая можа наступіць доўгачаканы пералом і захваральнасць пачне зніжацца?
На пытанні чытачоў і журналіста «Слушна» адказаў Рыгор Мікалаевіч Чысценка, загадчык кафедры эпідэміялогіі БДМУ, доктар мед.навук, прафесар.
– Ці адрозніваецца цяперашняя пандэмія ад эпідэмій каранавірусаў SARS-CoV, узбуджальніка атыповай пнеўманіі ў 2002 г., MERS-CoV, узбуджальніка блізкаўсходняга рэспіраторнага сіндрому ў 2015 г. і свінога грыпу ў 2009 г.?
– SARS-CoV і MERS-CoV перакінуліся ў свет чалавека са свету жывёлаў, таму гэтыя інфекцыі называюцца заанознымі. Пры эпідэміях SARS-CoV і MERS-CoV заражэнне людзей адбывалася ў асноўным ад жывёлаў. А далей людзі калі і заражалі адзін аднаго, дык толькі пры вельмі блізкім кантакце. Таму гэтыя інфекцыі не дасягнулі шырокіх маштабаў распаўсюджвання: ад узбуджальніка атыповай пнеўманіі ў свеце пацярпела каля 9 тысяч, ад узбуджальніка блізкаўсходняга рэспіраторнага сіндрому – 2,5 тысячы чалавек.
Гэты ж каранавірус цалкам страціў сувязь з жывёльным светам, набыў уласцівасць антрапанознага ўзбуджальніка і зрабіўся здольным распаўсюджвацца праз аэразольны механізм перадачы – самы актыўны і агрэсіўны.
Заанозныя інфекцыі не распаўсюджваюцца сярод людзей, бо іх узбуджальнікі не адаптаваныя да нашых органаў і тканак. А новы SARS-CoV-2 адаптаваўся да тканак нашага дыхальнага тракта. Бо людзі ніколі раней не сустракаліся з ім, няма ніякай імуннай праслойкі – і вірус распаўсюджваецца ў натуральных умовах. Таму гэтая эпідэмія па сваіх маштабах у корані адрозніваецца ад папярэдніх.
Што тычыцца свінога грыпу, дык ён не быў выкліканы чыста заанознай інфекцыяй: H1N1 быў гібрыдам свінога і чалавечага вірусаў. Грып – гэта ўсё ж дзіцячая інфекцыя, дарослыя альбо прышчэпленыя, альбо перахварэлі. І хаця імунітэт захоўваецца да года, арганізм усё ж больш падрыхтаваны да абароны, і вакцынацыя адыгрывае сваю ролю. Таму колькасць памерлых у свеце тады была ўсяго 18,5 тысячы чалавек. Гэта тыя, у каго грып быў пазначаны як прычына смерці. Па ацэнкавых жа дадзеных, штогод ад сезоннага грыпу ў свеце памірае значна больш людзей, бо ў гэтыя перыяды ў цэлым павялічваецца смяротнасць ад розных захворванняў.
– Па дадзеных СААЗ, штогод ад грыпу рэгіструецца 3-5 млн выпадкаў цяжкай хваробы і 290-650 тысяч смерцяў. Чаму дадзеная пандэмія каранавіруса з яе лічбамі (3 млн заражаных і 208 тысяч памерлых на гэты момант) выклікала ў некаторых краінах такія беспрэцэдэнтныя меры як каранцін, такое шырокае асвятленне?
– Такая, відаць, інфармацыйная палітыка СМІ.
– Але гэта не толькі СМІ, урад многіх краінаў праводзіць штодзённыя брыфінгі са справаздачамі і лічбамі, кіраўнікі дзяржаў выступаюць з пасланнем да нацыі.
– Бо яны залежныя ад інфармацыйнага парадку дня. Безумоўна, пандэмія – сур'ёзная і новая праблема для свету. Але ўсё пазнаецца ў параўнанні. Сёння штодня ад дыярэйных інфекцый у свеце памірае 4 тысячы дзяцей, ад СНІДу штогод – каля 1 млн чалавек. Але пра гэта не кажуць штодня па тэлевізары і ў інтэрнэце.
– Як уладкаваная сістэма эпіднагляду ў нашай краіне?
– Сістэма эпідэміялагічнага нагляду – гэта дынамічная ацэнка стану і тэндэнцый развіцця працэсу распаўсюджвання хваробаў сярод людзей, якая дазваляе санітарна-эпідэміялагічнай службе своечасова ўмешвацца ў ход эпідэмічнага працэсу, папярэджваць і зніжаць захваральнасць. Гэтая сістэма ўключае тры падсістэмы: інфармацыйную, дыягнастычную і кіраўніцкую.
На практыцы гэта працуе так: участковыя тэрапеўты і педыятры на кожны выпадак выяўленага захворвання запаўняюць карту экстранага паведамлення, і гэтая інфармацыя ідзе ў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. У гэтых цэнтрах на ўсіх узроўнях яна аналізуецца, і ў выніку вызначаюцца фактары, групы, тэрыторыі рызыкі ды інш. З улікам гэтай аналітычнай інфармацыі прымаюцца кіраўніцкія рашэнні па правядзенні прафілактычных мерапрыемстваў.
У гэтай сістэме задзейнічана шмат людзей і створана цэлая інфраструктура. У Беларусі, у адной з нешматлікіх постсавецкіх краінаў, захаваная санітарна-эпідэміялагічная служба – ядро сістэмы эпіднагляду.
– Якім чынам эпідэміёлагі ўдзельнічаюць у працэсе прыняцця рашэнняў?
– Наша функцыя – аналіз сітуацыі і выпрацоўка рэкамендацый для кіраўнікоў. Два супрацоўнікі нашай кафедры ўваходзяць у аператыўна-аналітычную групу ў складзе Міністэрства аховы здароўя. Яшчэ тры супрацоўнікі, у тым ліку і я, уваходзім у склад мабільных брыгад (інфекцыяніст, эпідэміёлаг і рэаніматолаг) у структуры па аператыўным рэагаванні. Калі дзесьці сітуацыя пагаршаецца, мабільныя брыгады выязджаюць для аказання кансультатыўнай дапамогі.
– Якія асноўныя меры рэагавання прапісаныя на выпадак пандэміі?
– Формула прафілактыкі інфекцыйных хваробаў уключае тры складнікі: своечасовае выяўленне крыніцы інфекцыі (хворых); разрыў механізму перадачы, гэта значыць, уплыў на працэс, які злучае хворага і здаровага; вакцынацыя, або змяненне ўспрымальнасці.
У нашай краіне параўнальна нізкая захваральнасць, бо сістэма своечасова пачала працаваць па першым кірунку – на выяўленне хворых. Чым пазней выяўляецца крыніца, тым больш людзей яна інфіцыруе. На мой погляд, у Італіі так шмат тых, хто захварэў, бо не былі своечасова выяўленыя першыя выпадкі, не было эфектыўнай сістэмы эпіднагляду.
У гэтую пандэмію былі прынятыя і нестандартныя падыходы: кантроль у аэрапортах з цеплавізарамі, перапрафіляванне лячэбных устаноў, ізаляцыя і самаізаляцыя кантактаў першага ўзроўню. Я лічу, што гэта адэкватныя меры рэагавання.
У цэлым, у свеце ёсць дзве канцэпцыі па прафілактыцы міжнароднага распаўсюджвання хваробаў: санітарная ахова межаў, г.зн. закрыццё краіны, і санітарная ахова тэрыторыі – забеспячэнне гатоўнасці да своечасовага выяўлення выпадкаў заносных інфекцый і правядзення адэкватных супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў.
Раней практычна ўсе краіны згаджаліся з пазіцыяй СААЗ, што асноўны падыход – гэта ахова тэрыторыі. У гэтую пандэмію свет перакінуўся на санітарную ахову межаў, хаця міжнародны досвед кажа, што гэта неэфектыўна. Захворванне ў інкубацыйным перыядзе на межах выявіць немагчыма. Беларусь – адна з нешматлікіх краінаў, якая зараз рэалізуе канцэпцыю санітарнай аховы тэрыторыі, бо ў нас ёсць інфраструктура і кадры, якія рыхтуюцца ў нашых медыцынскіх ВНУ.
– Ці прадугледжаныя для такіх сітуацый запасы сродкаў абароны для медработнікаў і для насельніцтва? Чаму сёння гэтую праблему вырашае грамадства – людзі шыюць маскі, бізнэс закупляе сучасныя рэспіратары, ахоўныя касцюмы для ўрачоў? Як растлумачыць, што заразілася ўжо больш за 400 медыкаў?
– У медыцынскіх установах прадугледжаны пэўны запас сродкаў абароны. Пры папярэдніх эпідэміях яго хапала. Але сёння сітуацыя змянілася. Ніхто не думаў пра такое хуткае распаўсюджванне інфекцыі да студзеня і нават лютага. Думаю, пасля гэтай пандэміі будуць зробленыя высновы і перагледжаныя нарматывы па неабходных запасах.
Медыкі – заўсёды ў зоне рызыкі, на пярэднім краі. Несумненна, неабходна прааналізаваць, якія катэгорыі медработнікаў заражаліся часцей і чаму.
– Ці ўваходзіць у абавязковыя меры эпідэміялагічнага рэагавання своечасовае інфармаванне насельніцтва пра захворванне для аб'ектыўнай ацэнкі сітуацыі?
– На мой погляд, інфармацыя павінна прыносіць карысць. Безумоўна, распавядаць трэба, каб не было дадумвання. Але інфармацыя павінна быць узважанай. У гэтым плане перыядычныя анлайн-брыфінгі, дзе на пытанні адказваюць спецыялісты, – добры фармат.
– Ці ёсць дакладныя крытэрыі, калі неабходны жорсткі каранцін, а калі дастаткова мераў сацыяльнага дыстанцыявання?
– Ацэнка – па сітуацыі. Паколькі яна ўнікальная, мы можам толькі адштурхоўвацца ад вопыту па кантролі грыпу і ВРІ. Згодна з ім, для 18 гарадоў на падставе дадзеных пра захваральнасць за папярэднія гады вызначаныя эпідэмічныя парогі. Калі новая захваральнасць на ВРІ перавышае гэтыя парогі, гэта падстава для больш жорсткіх мераў рэагавання.
Такі маніторынг вядзе РЦГЭіГЗ.
– У Швецыі адмовіліся ад каранціну. Там лічбы тых, хто захварэў, у разы вышэйшыя (18,8 тыс.), чым у Даніі (8,6 тыс.), Нарвегіі (7,5 тыс.). І смяротнасць таксама – ужо больш за 2000 чалавек. Ці не кажа гэта, што тактыка рэагавання правалілася? І можа праваліцца і ў нас?
– Параўноўваючы гэтыя лічбы, трэба глядзець і на колькасць насельніцтва. У Швецыі – 10 млн насельніцтва, у Даніі – 5,8 млн, у Нарвегіі – 5,4 млн. Атрымліваецца, паказчыкі супастаўныя. Але, параўноўваючы захваральнасць у розных краінах, заўсёды варта ўлічваць, што на яе ўплывае вельмі шмат фактараў: шчыльнасць насельніцтва, яго ўзроставы склад, арганізацыя меддапамогі і прафілактыкі, міграцыйныя працэсы і інш.
Вядома, любое раз'яднанне людзей разрывае механізм перадачы віруса. Таму ў нас і рэкамендуюць абмежаваць кантакты, асабліва старэйшым узроставым групам. На сёння гэтага цалкам дастаткова.
– Ці ёсць у эпідэмій і пандэмій законы развіцця?
– Усе эпідэміі і пандэміі заканчваюцца. Гэта закон. Калі перахварэе асноўная маса людзей, вірус пераходзіць у фазу рэзервацыі, бо ў імунных арганізмах яму не выжыць.
– Чаму тады на той жа грып, ВРВІ штогод хварэе так шмат людзей? Атрымліваецца, калектыўны імунітэт не ратуе ад паўторнага захворвання?
– Вірусу грыпу трэба выжыць. Гэта прывяло да таго, што ён штогод змяняе сваю антыгенную структуру, з якой наш выпрацаваны раней імунітэт не спраўляецца. Тыя ж вірусы, якія стабільныя і кансерватыўныя, пераможаныя за кошт вакцынацыі, як, напрыклад, воспа і адзёр.
Што будзе з SARS-CoV-2, пакуль складана сказаць. Высновы, што ён застанецца ў чалавечай папуляцыі, што будзе другая хваля захваральнасці, пакуль нічым не падмацаваныя, бо такой сітуацыі не было, а значыць, і няма навуковых напрацовак. Але будзем спадзявацца, што ён не будзе такім варыябельным, як вірус грыпу, і з'явяцца эфектыўныя вакцыны.
– На аснове чаго выбудоўваецца матэматычная мадэль з прагнозамі, колькі будзе хворых, калі будзе пік захворвання і спад пандэміі COVID-19? Якія прагнозы для нашай краіны?
– Існуе тры падыходы. Фармальна матэматычны падыход прагназуе захваральнасць на наступны перыяд, зыходзячы з таго, што прычыны, якія яе фарміруюць, не будуць істотна мяняцца. Метад распрацоўкі дэтэрмінаваных мадэляў прагназуе захваральнасць з улікам фактараў, якія на гэта ўплываюць. Метад экспертных ацэнак будуецца на высновах экспертаў. Сёння спрагназаваць развіццё эпідэміі можна, толькі абапіраючыся на папярэдні вопыт. У Кітаі, да прыкладу, справіліся за 2 месяцы. У іншых краінах будзе па-іншаму.
Ёсць рэпрадуктыўны паказчык: сярэдняя колькасць заражэнняў ад аднаго хворага. Калі ён большы за адзінку, у сэнсе – заражаецца больш за аднаго чалавека, гэта характэрнае для ўздыму захворвання. Калі ён меншы за адзінку, значыць, пачынаецца спад. У Кітаі гэтая сувязь выразна прасочвалася. У свеце гэты паказчык некалькі тыдняў трымаўся на ўзроўні 2-3. А цяпер у адзін дзень ён крыху вышэйшы, у другі – ледзь ніжэйшы за адзінку. Магчыма, надыходзіць пералом. Беларусь тут крыху адстае, бо ўспышка пачалася пазней. Таму ў нас спад можа пачацца ў маі.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
У гэтым месяцы мы падрабязна распавядалі пра прафілактыку і лячэнне каранавіруснай інфекцыі. Праверце, ці ведаеце вы ўжо гэты вірус у твар.
1. Які сімптом радзей за ўсё сустракаецца ў хворых з COVID-19?
А. Моцны насмарк.
Б. Сухі кашаль.
В. Боль у мышцах.
Адказ: А.
Моцны насмарк – рэдкі сіндром пры каранавіруснай інфекцыі. Наадварот, для яе характэрная закладзенасць носа і страта нюху. Самыя частыя сімптомы – тэмпература 38-39°С, сухі кашаль, стамляльнасць і задышка, таксама можа быць дыярэя і млоснасць.
Больш падрабязна пра сімптомы захворвання – тут.
2. Якім спосабам НЕ перадаецца цяперашні каранавірус?
А. Праз поціск рукі.
Б. Праз пацалункі.
В. Праз хатніх жывёл.
Адказ: В
Зараз зафіксаваныя выпадкі, калі жывёла заразілася ад інфіцыраванага чалавека, а вось зваротнай сувязі няма. Хатнія жывёлы бяспечныя. Галоўныя пераносчыкі сёння – гэта людзі. Заразіцца можна нават праз пацалункі і аральны сэкс.
3. Якая мера прафілактыкі заражэння – лішняя?
А. Не чапаць твар.
Б. Мыць рукі не менш за 20 секунд з мылам.
В. Мыць абутак з мылам пасля вуліцы.
Адказ: В
Універсальныя меры прафілактыкі: мыць рукі, не дакранацца да твару, скараціць свае кантакты. Прынесці каранавірус з абуткам тэарэтычна можна. Але лепей яго проста пакідаць у пэўнай зоне калідора.
Больш падрабязна, як засцерагчы свой дом, у тым ліку для пацыентаў групы рызыкі, – тут.
4. Што лепей пры пандэміі COVID-19: акуляры альбо лінзы?
А. Лінзы – на іх каранавірус не «прыліпне».
Б. Акуляры лепей – меней будзеце церці вочы.
В. Сонцаахоўныя акуляры выдатна абароняць.
Адказ: Б
Вочы – уваходная брама для каранавіруса. Носьбіты кантактных лінзаў дакранаюцца да сваіх вачэй часцей. Таму падчас пандэміі лепей перайсці на акуляры – яны будуць бар'ерам і дадатковай абаронай. Але, вядома, не на 100%.
Больш падрабязна, як зберагчы вочы ад інфекцыі, – тут.
5. Ці можна маме з COVID-19 карміць грудным малаком нованароджанага?
А. Не, вядома ж, вірус перадасца нованароджанаму.
Б. Можна – пры выкананні пэўных умоў.
В. Лепей адразу карміць сумесямі з карыснымі для імунітэту рэчывамі.
Адказ: Б
Амерыканскія эксперты раяць карміць нованароджанага сцэджаным малаком з бутэлечкі. Сусветная арганізацыя аховы здароўя заахвочвае грудное выкормліванне нават у гэтай сітуацыі, толькі інфіцыраваная мама абавязкова павінна быць у масцы.
Больш падрабязна пра цяжарнасць і COVID-19 – тут.
6. Ці ўсё вірусныя пнеўманіі заканчваюцца падключэннем да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх?
А. Не, вядома ж, большасць пнеўманій праходзіць без ШВЛ.
Б. Усе пнеўманіі – з ШВЛ, бо гэта цяжкае паражэнне лёгкіх.
В. Пнеўманіі лечаць супрацьвіруснымі і антыбактэрыяльнымі прэпаратамі, а не апаратам ШВЛ.
Адказ: А
У апараце ШВЛ маюць патрэбу толькі вельмі цяжкія пацыенты. Невялікай колькасці тых, хто хварэе, дастаткова кіслародных катэтараў і масак, а большасць абыходзіцца без кіслародатэрапіі.
Калі і як чалавека падключаць да ШВЛ і як прыйсці ў сябе пасля гэтай працэдуры – тут і тут.
7. Што рабіць хвораму з COVID-19, каб не заразіць блізкіх дома?
А. Сядзець у сваім пакоі, дакранацца да агульных паверхняў аднаразовымі сурвэткамі, насіць маску пры перамяшчэнні ў кватэры.
Б. Тэлефанаваць у хуткую і класціся ў бальніцу, там лепшае месца для ізаляцыі.
В. Паводзіць сябе як звычайна, бо ў кватэры немагчыма пазбегнуць кантакту, проста не кашляць і не чхаць на блізкіх.
Адказ: А
Міжнародныя рэкамендацыі кажуць пра тое, што лепей ізалявацца ў сваім пакоі, мінімізаваць кантакты з сям'ёй, мець свой пакет для выкарыстаных масак і сурвэтак. А ў бальніцу трэба ехаць, толькі калі пагаршаецца стан.
Больш падрабязна пра самаізаляцыю і дапамогу дома – тут.
8. Ці захоўваецца каранавірус у актыўным стане на смартфоне?
А. Так, толькі ён не выжыве там і пару гадзін.
Б. Вядома, на пластыку ён жыве некалькі дзён.
В. Не, вірус жыве толькі на жывым.
Адказ: Б.
COVID-19 досыць устойлівы на розных паверхнях. Таму і рэкамендуецца мыць рукі і апрацоўваць паверхні, у тым ліку і смартфон, да якога мы дакранаемся часцей, чым да чаго-небудзь.
Відэа, як мыць тэлефон у перыяд пандэміі, – тут.
9. Для чаго пасля перанесенай пнеўманіі трэба рабіць інгаляцыі?
А. Напаўняць лёгкія гаючым паветрам.
Б. Для прафілактыкі паўторнага заражэння каранавірусам.
В. Каб вывесці рэшткі макроты з дыхальных шляхоў.
Адказ: В.
Пульманолагі рэкамендуюць выкарыстоўваць інгаляцыі для вывядзення рэшткаў слізі з дыхальных шляхоў. Для гэтага дома можна дыхаць праз інгалятар цёплай мінеральнай вадой.
10. На колькі хапае адной маскі для абароны?
А. На 2 гадзіны.
Б. На 4 гадзіны.
В. На ўвесь дзень.
Адказ: А
Эксперты кажуць пра тое, што маску для твару трэба мяняць кожныя дзве гадзіны, незалежна ад таго, аднаразовая яна або шматразовая.
Падрабязней пра маскі – тут.
Больш матэрыялаў пра прафілактыку і лячэнне новай віруснай інфекцыі чытайце у спецраздзеле COVID-19.
Як бы ні былі запоўненыя нашыя душы страхам перад каранавірусам, але і для іншых пачуццяў там знаходзіцца месца. Шкада толькі, што не заўсёды – для станоўчых. Вось і сёння мы прыгадваем гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС і тыя наступствы, якія адгукаюцца і дагэтуль. А перасяленцам з зоны адцурання і больш чым праз тры дзесяцігоддзі ўсё гэтак жа сняцца родныя мясціны…
Насамрэч час не лечыць. Ні ад чаго. Прыглушае, прытупляе, спрабуе схаваць штосьці за смугой. Але тое назаўсёды ў памяці. І нават нам, жыхарам больш-менш чыстых тэрыторый (калі можна іх лічыць такімі, але ж усё пазнаецца ў параўнанні), 26-га красавіка 1986-га года прыгадваецца да драбніц. Якога б узросту мы ні былі…
І сваю дозу атрымаў, вядома ж, кожны з нас. Што б там ні казалі. Многіх сведкаў і ўдзельнікаў тых падзей даўно няма на гэтым свеце. Іншыя ж моцна хварэюць. І штораз з такой любоўю прыгадваюць і родную вёсачку, і родную хату!
У нашым Чэрвеньскім раёне таксама багата так званых перасяленцаў. Таму як журналіст, які сустракаўся з імі не аднойчы, магу сказаць: нічога яны не забываюцца. Так, пацвярджаюць, што Чэрвеньшчына стала другой малой радзімай. А ў саміх – слёзы на вачах. З-за немагчымасці вярнуцца на першую і адзіную.
А мне яшчэ ў юным узросце чамусьці так яскрава ўсё ўяўлялася, што не адна песня, не адзін верш напісаліся… Вось гэтыя радкі – адны з першых у мяне на тэму Чарнобылю… 1995 год.
ЧОРНЫ БОЛЬ
(песня)
Пустыя двары, пустая сяліба…
Пустыя калодзежы, чорныя рэкі, зямля…
З той самай пары наўкола маўкліва-маўкліва,
І чорным палынам ужо зарастае ралля.
Чужыя лясы, чужыя мясціны…
А сэрца баліць і імкнецца назад –
Да той паласы, дзе продкаў стаялі хаціны,
Дзе ў квецені чорнай слязьмі абліваецца сад.
Самотныя твары, самотныя вочы…
Слязьмі абзавецца адчай і туга…
О, светлыя мары! Прыходзіце вы толькі ўночы:
Там дзеці бягуць басанож па зялёных лугах.
Прыпеў:
А людзі просяць, моляць Бога:
– Нам даруй грахі!
Не праклінай, не пагарджай!
Мы пракладзём шляхі…
Маліцца, верыць і кахаць,
Гасподзь, нас навучы.
І чорны пыл, і чорны боль
Развеюцца ўначы…
Як кажуць, кожнаму баліць па-свойму. І кожны бясконцую колькасць разоў пракручвае ў галаве, як бы магло быць, калі… Але, на жаль, нічога назад не адкруціш… Не зменіш. І не паўплываеш.
І для многіх лепей не бачыць, у што ператварыліся іх некалькі квітнеючыя вёскі. Але больш маладыя стараюцца штогод на Радаўніцу паехаць туды, дзе прайшло шчаслівае маленства і юнацтва. Ды і могілкі трэба наведаць, добраўпарадкаваць. Толькі вось сёлета з-за імклівага распаўсюду каранавіруса гэтага просяць не рабіць. Толькі не масава, не ў адзін дзень! А з’ездзіць туды можна будзе і пазней.
Ну так склалася, што ў гэты няпросты час дзесьці трэба… Не, не перапыніць традыцыі, якія складваліся стагоддзямі! Усяго толькі адкласці. І толькі фізічнае наведванне. Але ж уяўна можна колькі заўгодна хадзіць па родных мясцінах. І размаўляць з дарагімі памерлымі таксама можна, знаходзячыся дома.
Памяць роду – рэч такая, што падтрымліваецца нябачнай і нячутнай, але ўсё ж досыць адчувальнай у Сусвеце. І адчуць яе можна сапраўды ў пэўныя святыя дні. Але нават не ў сакральных месцах, а там, дзе мы знаходзімся. Я ў гэтым асабіста пераконвалася, і не раз, падчас адзначэння Дзядоў.
І калі могілкі па ўважлівай прычыне (хваробе, самаізаляцыі, ашчаджэнні блізкіх падчас вялікіх святаў) застануцца на пэўны час не прыбранымі (у Чарнобыльскай зоне ці ў іншым куточку Беларусі), думаю, нашы дарагія памерлыя даруюць нам. Бо яны ж усё бачаць і ўсё разумеюць. І ім больш важна, каб мы былі здаровымі. І іх памяталі. Вечна…
Мне здаецца, што журботныя даты ніколі не забудуцца, колькі б часу ні мінула. Асабліва для тых, хто пацярпеў. Ад вайны, ад нямецка-фашысцкай навалы, ад Чарнобылю… І каранавіруса. Так, 2020-ы год – чарговы журботны адлік. На вялікі жаль. А ў кагосьці ж здарылася яшчэ і асабістая бяда…
Таму – проста трымаемся сёння. Проста – прыгадваем. Плачам, калі гэтага просіць душа… Сумуем… І проста беражом сябе і сваіх родных. Бо гэта зараз – самае галоўнае.
У Беларусі эпідэміялагічная сітуацыя з COVID-19 застаецца кантраляванай. У краіне ўдалося не дапусціць лавінападобнага росту захворвання, заявіла 24 красавіка на брыфінгу ў Міністэрстве аховы здароўя намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Алена Богдан. Паводле яе слоў, колькасць тых, хто вылечыўся ад CОVID-19, пераўзышло тысячу – 1 120 пацыентаў. Агульная колькасць выяўленых выпадкаў са станоўчым тэстам на інфекцыю складае 8 773 чалавекі.
Як адзначыла намеснік міністра, пастаўлена задача максімальнага выяўлення і папярэджання выпадкаў захворвання. Фактычна па такім прынцыпе сістэма аховы здароўя працуе з першых дзён, калі з'явіўся першы пацыент.
Усяго выканана больш за 130 тысяч тэстаў, прычым толькі за апошнія суткі – 8 281. Для параўнання: у першыя дні працы колькасць тэстаў складала 250 у дзень у адной лабараторыі. Распаўсюджанасць тэсціравання на 1 млн насельніцтва ў нашай краіне перавышае паказчыкі такіх краінаў, як Паўднёвая Карэя (якая з'яўляецца прыкладам арганізацыі работы па лакалізацыі і выяўленні выпадкаў каранавіруснай інфекцыі), Польшча, Нідэрланды, Украіна, а таксама знаходзіцца практычна на ўзроўні ЗША, іншых еўрапейскіх краінаў.
У якасці прыкладу Алена Богдан прывяла такія дадзеныя. Пры колькасці насельніцтва Польшчы амаль 38 млн выканана каля 250 тысяч тэстаў, што складае 6,6 тысячы на мільён насельніцтва. У Беларусі пры колькасці 9,5 млн – больш за 130 тысяч тэстаў, або 13,6-13,7 тысячы на мільён жыхароў.
Улічваючы асаблівасці эпідэміялагічнага працэсу (ад 85 да 87% хвароба працякае бессімптомна або ў лёгкай форме), адна з асноўных задач – максімальнае выяўленне выпадкаў у папуляцыі. Таму з гэтага тыдня пачатае ўкараненне экспрэс-тэстаў, якія вызначаюць імунаглабуліны ў крыві, што сведчыць пра постінфекцыйны імунітэт. У бліжэйшы час чакаецца пастаўка яшчэ каля 100 тысяч такіх тэстаў.
З 8 773 чалавек 4 733 праходзяць лячэнне ў стацыянарах. Пацыенты з бессімптомным і лёгкім цячэннем каранавіруснай інфекцыі знаходзяцца пад медыцынскім наглядам дома. Істотна змененыя ўмовы працы паліклінічных устаноў. Створаныя спецыяльныя брыгады, якія аснашчаныя ўсімі неабходнымі сродкамі індывідуальнай абароны і ў пэўныя дні выязджаюць да пацыентаў.
Медыцынскія работнікі, якія ўваходзяць у склад гэтых брыгад, аснашчаныя пульсаксіметрамі, а таксама ўсім неабходным для забору мазкоў. У будучым плануецца, што для кантролю вылечанасці і выздараўлення ім будуць выдадзеныя экспрэс-тэст-сістэмы, сказала Алена Богдан.
Пры прыняцці рашэння пра тое, што частка пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй будзе лячыцца дома, улічваюцца і ацэньваюцца рызыкі ўцяжарвання захворвання і магчымасці людзей сысці на самаізаляцыю.
Найбольш цяжкія пацыенты па цячэнні каранавіруснай інфекцыі або наяўных хранічных захворванняў з рэгіёнаў пераводзяцца на абласны ўзровень і ва ўстановы аховы здароўя г.Мінска. Пад асаблівым кантролем урачоў сёння знаходзяцца 114 чалавек, у тым ліку тыя, хто падключаны да апаратаў ШВЛ. Усім ім праведзеныя кансіліумы, у кругласутачным рэжыме арганізаванае кансультаванне такіх пацыентаў у рэжыме тэлемедыцынскай сувязі.
Для аказання дапамогі пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй выдзелена каля 14% ложкавага фонду, задзейнічаная палова. У рэзерве знаходзяцца каля 9,5 тысячы ложкаў, з іх больш за 600 аснашчаныя апаратамі ШВЛ. У аказанні дапамогі пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй задзейнічана каля 18% ад агульнай колькасці ўрачоў і прыблізна столькі ж сярэдняга медыцынскага медперсаналу. Нароўні з медработнікамі ў гэтай няпростай сітуацыі па ўласным жаданні працуюць студэнты ВНУ і медыцынскіх каледжаў.
Як адзначыла Алена Богдан, сістэма аховы здароўя сёння не перагружаная. Рэзервы створаныя па ложкавым фондзе, лекавых сродках як айчыннай вытворчасці, так і замежнай. Асаблівая ўвага надаецца мерам па абароне медыцынскіх работнікаў. Праца вядзецца ў асаблівым рэжыме, з выкарыстаннем новых падыходаў і патрабаванняў да арганізацыі работы медыцынскіх спецыялістаў.
Намеснік міністра нагадала, што вылечыліся больш за тысячу чалавек, ці 12,7% ад усіх выяўленых выпадкаў. Для лячэння пацыентаў выкарыстоўваюцца ўсе магчымыя сродкі і метады, якія ёсць у свеце. Так, на наступным тыдні чакаецца пастаўка эксперыментальнага прэпарата «Авіган».
У РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій распрацаваны навуковы праект, які заснаваны на выкарыстанні плазмы перахварэлых пацыентаў. Донарамі ўжо сталі 25 чалавек, якія выратавалі жыцці 8 чалавек у Мінску, Віцебску і Лідзе. Гэтая праца працягваецца, але тыя вынікі, якія атрыманыя, даюць надзею, падкрэсліла намеснік міністра.
Напярэдадні доўгіх выхадных Алена Богдан звярнулася да ўсіх беларусаў з заклікам заставацца дома, выконваць меры асабістай бяспекі, не наведваць сталых сваякоў, не збірацца з усёй краіны і «ладзіць вячоркі на могілках са сталымі сваякамі». У іх, як правіла, ужо ёсць сур'ёзныя хранічныя захворванні, а верагоднае заражэнне каранавіруснай інфекцыяй значна пагоршыць іх стан.
Намеснік міністра дадала, што ў выхадныя дні ўстановы аховы здароўя, як амбулаторныя арганізацыі, так і стацыянарныя, будуць працаваць без зменаў. Пры ўзнікненні прыкметаў захворвання Алена Богдан заклікае не цягнуць час, а адразу звяртацца па медыцынскую дапамогу.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя Беларусі 22 красавіка падчас традыцыйнага стрыму звярнуліся да беларусаў з просьбай заставацца дома на доўгія выхадныя і Радаўніцу. Сацыяльнае дыстанцыяванне па-ранейшаму застаецца сярод першачарговых мераў па эфектыўнай прафілактыцы COVID-19. Урачы нагадваюць: каб прадухіліць інфіцыраванне, варта скараціць кантакты і не наведваць месцы збору людзей.
Па словах намесніка начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іны Карабан, чалавек можа нават не ведаць, што ўжо хворы на COVID-19, і быць заразным. Разам з тым, многія плануюць на вялікія выхадныя з'ехаць да бацькоў ці блізкіх сваякоў, часам і ў іншыя рэгіёны.
Падобныя паводзіны – неабгрунтаваная рызыка. Напрыклад, раней падчас прэс-канферэнцыі міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік адзначаў, што былі выпадкі, калі кампанія сяброў і родных з розных рэгіёнаў з'ездзіла на пікнік, і выпадкі заражэння COVID-19 затым былі выяўленыя ў некалькіх гарадах. Праводзіць святы і выхадныя пажадана ў тым коле стасункаў, у якім звычайна знаходзіцеся.
Сваё меркаванне з гэтай нагоды інфармацыйнаму парталу Здаровыя людзі агучылі і нашы эксперты.
Падчас пандэміі каранавіруса ва ўсім свеце для папярэджання інфіцыравання прымаюцца меры сацыяльнай ізаляцыі і дыстанцыявання. У гэты перыяд пажадана па максімуму абмежаваць свае кантакты, упэўненая галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця) Людміла Жылевіч.
Чаму гэта асабліва важна для сталых людзей? З гадамі імунная сістэма чалавека зношваецца, а значыць, не заўсёды можа даць адэкватны адказ на інфекцыю. Спецыфіка COVID-19 у тым, што ён пашкоджвае ўсе слабыя месцы арганізма. Гэта могуць быць і сэрца, і лёгкія, і ныркі, і печань, адзначыла эксперт.
Не толькі ўрачы, але і прадстаўнікі царквы кажуць пра неабходнасць выключыць наведванне масавых мерапрыемстваў, царкоўных набажэнстваў. У гэты перыяд важна захоўваць разважлівасць, – падкрэсліла Людміла Жылевіч.
Згодная з меркаваннем папярэдняга эксперта і прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм» Ала Шапялькевіч.
Ала Шапялькевіч нагадала, што пацыенты з эндакрыннымі захворваннямі, у тым ліку на цукровы дыябет, пры якіх неабходны рэгулярны прыём лекавых сродкаў, павінны працягваць маніторынг адпаведных паказчыкаў. У гэты перыяд нават ва ўмовах самаізаляцыі важна таксама не забывацца пра базісныя прынцыпы лячэння хранічных неінфекцыйных захворванняў (фізічную актыўнасць, рэжым сну і харчавання).
Пра тое, што не варта ў гэтыя дні наведваць могілкі і месцы масавага збору людзей, кажа і намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце 3-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі Кастрычніцкага раёна г.Мінска Ларыса Дзянісава.
Спецыялісты яшчэ раз нагадваюць, што ў групе рызыкі неспрыяльных наступстваў COVID-19 тыя, у каго ў анамнэзе сардэчна-сасудзістыя захворванні, анкалагічныя хваробы, паталогіі нырак і печані, лёгкіх, цукровы дыябет, а таксама людзі сталага і старэчага ўзростаў.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Неабходна памятаць, што пры ўзнікненні ў дзіцяці сімптомаў віруснай інфекцыі бацькі павінны абавязкова выклікаць урача дахаты.
Рызыка заражэння новай каранавіруснай інфекцыяй і яе цячэнне ў дзіцяці з цукровым дыябетам 1-га тыпу такія ж, як у астатніх дзяцей. Асноўнае заражэнне дзяцей адбываецца ў сямейных ачагах або арганізаваных дзіцячых установах.
Пытанне неадназначнае, і вырашацца яно павінна канкрэтна для кожнага пацыента. З аднаго боку, неабходна прытрымлівацца агульных рэкамендацый для дзяцей. З іншага – неабходны індывідуальны падыход з улікам ступені кампенсацыі асноўнага захворвання ў дзіцяці. І, пры неабходнасці, лепей арганізаваць дыстанцыйнае навучанне.
Зараз дадзеных пра ўплыў COVID-19 на цячэнне дзіцячага цукровага дыябету недастаткова. З улікам вялікай долі бессімптомнага або лёгкага цячэння захворвання дзеці разглядаюцца як магчымыя крыніцы інфекцыі. З іншага боку, цукровы дыябет 1-га тыпу вызначаны як фактар рызыкі больш цяжкага цячэння захворвання і неабходнасці інтэнсіўнай тэрапіі. Тканка падстраўнікавай залозы ў дзіцяці з’яўляецца патэнцыяльнай мішэнню віруснай інфекцыі, якая прыводзіць да парушэнняў метабалізму глюкозы.
Дадзеныя шэрагу эксперыментальных работ паказалі, што павышаны ўзровень глюкозы крыві можа ўзмацняць рэплікацыю віруса ў арганізме і з’яўляцца фактарам падаўлення супрацьвіруснага імуннага адказу. Працяглая гіперглікемія ўплывае на функцыю лёгкіх з развіццём рэспіраторнай дысфункцыі і можа выклікаць вострыя ўскладненні дыябету (дыябетычны кетаацыдоз, гіперасмалярная кома).
1.Пры наяўнасці прыкметаў прастуды абавязкова выклікаць урача дахаты.
2.Неабходнае захаванне пасцельнага рэжыму. Спажыванне дастатковай колькасці вадкасці.
3.Для зніжэння тэмпературы можна выкарыстоўваць парацэтамол (прэпарат выбару) у дозе 10-15 мг/кг (не больш за 60 мг/суткі).
4.Самакантроль глюкозы крыві на фоне прыёму парацэтамолу варта праводзіць з выкарыстаннем капілярных метадаў (глюкометры) з-за магчымых хібнасцяў пры ўжыванні сістэмаў працяглага маніторынгу глікеміі.
5.Павялічыць частату вызначэння глюкозы ў крыві і кетонаў (крыві або мачы). Варта кантраляваць глюкозу крыві кожныя 3-4 гадзіны, уключаючы начны час, часам кожныя 1-2 гадзіны.
6.Мэтавыя ўзроўні глюкозы крыві рэкамендуюцца ў дыяпазоне ад 4 да 10 ммоль/л, а кетонаў у крыві – ніжэй за 0,6 ммоль/л.
7.Ніколі не спыняць увядзенне інсуліну! Рэгуляванне дозы інсуліну (дадатковыя дозы падчас хваробы) і іншыя змены ў прыёме інсуліну павінны праводзіцца ў залежнасці ад вынікаў кантролю ўзроўняў глюкозы крыві.
8.Нярэдка на працягу некалькіх дзён перад развіццём захворвання (інкубацыйны перыяд) і пасля выздараўлення можа павышацца патрэба ў дозе інсуліну з прычыны інсулінарэзістэнтнасці (зніжэнні адчувальнасці да інсуліну).
9.Тэрміновая кансультацыя спецыяліста (эндакрынолага) з абавязковай шпіталізацыяй неабходная пры працяглай ліхаманцы або ванітах і/або пры страце масы цела, што кажа пра абязводжванне; паху ацэтону і захаванні або павышэнні кетонаў крыві, нягледзячы на ўвядзенне дадатковых дозаў інсуліну і вадкасці; парушэнні свядомасці; абцяжараным дыханні; пры выяўленым болю ў жываце.
1.Калі рэкамендавалі ізалявацца, трэба абавязкова застацца дома. Гэта можа папярэдзіць і спыніць распаўсюджанне віруса.
2.Заўсёды старайцеся трымаць глюкозу крыві ў дзіцяці ў мэтавым дыяпазоне.
3.Пераканайцеся, што ў дзіцяці ёсць у дастатковай колькасці хуткія вугляводы для гіпаглікеміі і ўсё неабходнае для лячэння (інсуліны) і кантролю цукровага дыябету (тэст-палоскі, сэнсары, ланцэты, іголкі, расходныя матэрыялы да помпы і г.д.), хаця б на бліжэйшы месяц.
4.Старайцеся, каб дзіця правільна і паўнавартасна харчавалася.
5.Забяспечце дзіцяці штодзённыя заняткі фізічнымі практыкаваннямі ў хатніх умовах і кантралюйце іх выкананне.
6.Сачыце за псіхалагічным станам дзіцяці і ўсіх членаў сям’і. Старайцеся думаць пазітыўна!
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
«Каханне – не вішанька на торце жыцця. Гэта першачарговая базавая патрэба чалавека. Такая ж, як патрэба ў вадзе або кіслародзе... Абдымаючы або займаючыся каханнем, вы літаральна перапаўняецеся так званымі гармонамі абдымкаў – аксітацынам і вазапрэсінам. Гэтыя гармоны ўключаюць цэнтры мозгу, якія адказваюць за заахвочванне. Выпрацоўваюцца нейрамедыятары, якія адказваюць за спакой і шчасце, такія, як дафамін. Зніжаецца ўзровень гармону стрэсу (картызолу)». Блізкія і стабільныя эмацыянальныя адносіны, акрамя таго, спрыяюць умацаванню імунітэту, наладжванню гарманальнага фону арганізма, зніжэнню частаты сардэчна-сасудзiстых захворванняў...
Так апісвае гэтае пачуццё Сью Джонсан, вядомы амерыканскі псіхолаг, заслужаны прафесар і навуковы супрацоўнік Міжнароднага ўніверсітэта Сан-Дыега (ЗША, Каліфорнія), прафесар клінічнай псіхалогіі Атаўскага ўніверсітэта. Гэтыя высновы грунтуюцца не на абстрактных паняццях, а на выніках шматлікіх даследаванняў кахання і блізкасці па ўсім свеце.
Нават дотык любячага партнёра здольны супакоіць пераўзбуджаныя нейроны і аказаць сапраўдны гаючы расслабляльны эфект. Адзін з эксперыментаў, якія даказваюць гэта, правёў псіхолаг з Віргінскага ўніверсітэта Джым Коэн. На жанчынах замацавалі датчыкі і паведамілі ім, што кожны раз, калі будзе запальвацца чырвоная лямпачка, яны будуць адчуваць лёгкі, але ўражваючы ўдар току. У гэты час удзельніцам эксперыменту выконвалі МРТ мозгу.
Інфармацыя пра тое, што будзе ўдар току, узбуджала цэнтры стрэсу ў мозгу пацыентак. Але калі партнёр трымаў жанчыну за руку, тамограф рэгістраваў прыкметна меншую актыўнасць. Боль ад удару току ў гэты момант таксама адчуваўся як слабейшы. Асабліва выяўлена гэты эфект назіраўся ў тых параў, якія лічылі свае адносіны моцнымі і ўдалымі.
Ізраільскія вучоныя прыйшлі да высновы, што моцныя пары лягчэй спраўляюцца з ўзрушэннямі, нават з такімі, як ракетныя ўдары. У іх зафіксавана менш псіхасаматычных захворванняў, выкліканых стрэсам.
Згодна з вызначэннем Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, сэксуальнасць – стрыжневы аспект чалавечага быцця на ўсім працягу жыцця, ад нараджэння да смерці. Яна ўключае ў сябе пол, гендэрныя ідэнтычнасці і ролі, сэксуальную арыентацыю, эратызм, задавальненне, інтымнасць і рэпрадукцыю.
Сэксуальнасць заключаецца не толькі ў магчымасці здзейсніць палавы акт або працягнуць род. Яна можа зрабіцца як рэсурсам у складаныя часы, так і яблыкам разладу. Бо ва ўсім свеце вучоныя назіраюць не самы прыемны феномен: перад тварам небяспекі многія людзі аддаюць перавагу не згуртаванню, а наадварот, адхіляюцца адзін ад аднаго. І падставай для гэтага можа стаць як раса, нацыя, гендэрная ідэнтычнасць, так і тыя ці іншыя погляды на сэксуальныя правы і свабоды.
Медыкі нагадваюць, што мы жывем не толькі ў эпоху пандэміі каранавіруснай інфекцыі. А таксама ў эпоху ВІЧ і інфадэміі (сіндрому хранічнага інфармацыйнага знясілення). Такога патоку непрафесійнай, фэйкавай інфармацыі, якая мэтанакіравана распальвае панічныя настроі, яшчэ не было ніколі.
Сучасны чалавек, акрамя боязі захварэць на каранавірус, заразіцца, павінен выконваць правілы сэксуальнага этыкету ў дачыненні да інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам. Вельмі важна займацца і сваім псіхалагічным здароўем. Ужо з'явіліся даследаванні, якія кажуць, што псіхалагічныя наступствы дадзенага стрэсу могуць быць падобныя да тых, што ўзнікаюць у выніку вострага посттраўматычнага расстройства.
Сэксуальнае жыццё цесна звязанае з сямейнымі, любоўнымі адносінамі. Любыя фактары, якія вядуць да дэструкцыі сацыяльнага жыцця, дрэнна адбіваюцца і на гэтых сферах.
У перыяд самаізаляцыі існуюць пэўныя абмежаванні, якія рэкамендуюцца санітарнымі органамі для таго, каб прадухіліць альбо згладзіць рост вострых інфекцыйных захворванняў. У дадзеным выпадку – каранавіруснай інфекцыі.
Урачы настойваюць: у эпоху, калі кожны другі – «эпідэміёлаг», а другая палова – «вірусолагі», важна знайсці крыніцу дакладнай інфармацыі, якая не верыць слепа «экспертам» фэйсбук-інстаграма. Афіцыйныя дадзеныя пры любым раскладзе будуць больш адпавядаць рэчаіснасці, чым непрафесійная інфармацыя. Сачыць за навінамі і рэкамендацыямі можна і на сайце Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, там працуе рускамоўная версія.
Наш інфармацыйны партал Здаровыя людзі ўжо пісаў пра тое, як зрабіць інтымную блізкасць у перыяд пандэміі найбольш бяспечнай. Можна дадаць, што калі сэксуальныя кантакты знаходзяцца ў рамках пастаянных параў, якія пражываюць на адной тэрыторыі альбо выпрацавалі пэўны звыклы рытм жыцця і сустрэчаў, дык яны павінны працягвацца. Бо гэта магутная крыніца падтрымкі! У той жа час важна дакладна разумець важнасць выканання элементарных правілаў гігіенічнага этыкету, у тым ліку рэспіраторнага.
Пагадзіцеся, што калі партнёр захворвае на грып, дык мы па магчымасці выдзяляем яму асобны пакой, посуд, спрабуем трымаць фізічнае дыстанцыяванне. У гэтай сітуацыі ў нас з'явілася яшчэ паняцце кантактаў пэўнага ўзроўню. Калі партнёр ці мы самі з'яўляемся кантактам першага або другога ўзроўню, дык мы павінны максімальна самаізалявацца і фізічна дыстанцыявацца. Але гэтая сітуацыя не вечная і доўжыцца строга пэўную колькасць дзён – 14. Ну а далей... жыццё працягваецца.
Што тычыцца спатканняў, дык пазіцыя медыкаў зводзіцца да таго, ці дазволеныя такія сустрэчы санітарнымі органамі канкрэтнай краіны. І калі, напрыклад, нельга збірацца не членам розных сем'яў разам, дык вядома, што гэтую забарону парушаць нельга. У выпадку, калі такіх жорсткіх мераў няма, спатканні (пры ўмове, што ніхто з людзей не з'яўляецца захварэлым альбо кантактам пэўнага ўзроўню) не забароненыя. І тут гэта асабісты выбар кожнага чалавека, пары.
Абдымкі, пагладжванне рук і нават позірк – усё гэта ўваходзіць у паняцце сэксуальнасці і даступнае людзям нават самага сталага ўзросту...
Французскі пісьменнік П'ер Зеель прайшоў фашысцкі канцлагер. У сваіх успамінах ён пісаў пра каханне двух мужчын. Гэтыя людзі не маглі нават адкрыта глядзець адзін на аднаго, каб не быць знішчанымі. Але штодня яны станавіліся тварам да акна ў той час, калі там маглі адлюстроўвацца іх абліччы. І праз гэтае акно глядзелі ў вочы адзін аднаму.
Гэта прыклад таго, як у крытычных умовах людзі захоўваюць ўзаемаадносіны. І менавіта яны даюць ім сілы змагацца за жыццё. Галоўнае, каб у пары існавала адзінае гарманічнае ўяўленне пра сэксуальныя адносіны. Дзякуючы гэтаму ўзрушэнні могуць стаць перыядам гарманізацыі.
Каханне, сэкс і блізкія адносіны здольныя зрабіцца крыніцай падтрымкі ў цяжкія часы. Прычым для іх гаючага эфекту не абавязковы нават палавы акт. Што ж рабіць тым, хто застаўся адзінокім у перыяд пандэміі альбо трапіў у сітуацыю эмацыянальнага ці фізічнага аб'юзу? Пра гэта мы пагаворым у нашых наступных матэрыялах.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Мы яшчэ паспелі пра ўсё пагаварыць, пакуль яна была ў прытомнасці. Пакуль нясцерпны боль ні прыглушыў свядомасць. Але балюча… Як жа ёй было балюча!!! Калі ўколы не дзейнічалі. Мацнешых нам чамусьці не выпісалі. І тыя пакуты я не забудуся да канца свайго жыцця! Гэтае маё бяссілле. Маё асабістае пекла на зямлі… Хаця я вельмі старалася штосьці зрабіць і ў нашых умовах. І дзякуй усім, хто пранікся нашым горам і дапамагаў, як мог!
Медсястра Надзенька аказалася мамінай вучаніцай. Не лічачыся з уласным часам, прыбягала рабіць уколы. Дапамагала і ў іншым. Увечары, позна ўвечары. Падтрымлівала, як магла. Прыйшла развітацца. Надзенька, калі б не Вы, было б нашмат горш. Дзякуй за чулае сардэчка! Але ж як балюча, што не атрымалася ўратаваць…
Я шчыра дзякую ўсім, хто стараўся нам дапамагчы. І ў першую чаргу – маёй непасрэднай начальніцы Вользе Іванаўне Святліцкай, дзякуючы якой жыццё маёй мамачкі хаця б крыху працягнулася. А мы так спадзяваліся, што ўсё страшнае засталося ззаду. Дзякуй Вам, Вольга Іванаўна! Мама так марыла сказаць гэта Вам асабіста… Перадаю яе ўдзячныя словы… Шчыра дзякую нашаму галоўнаму рэдактару Таццяне Мікалаеўне Сівец за разуменне і падтрымку. Дзякуй за ўсё, што Вы для нас рабілі, за разуменне і спагаду, за чалавечнасць.
Дзякуй урачам, медыцынскаму персаналу адной вядомай рэспубліканскай установы, якія спрычыніліся да паліятыўнай аперацыі і прафесійнага догляду пасля яе. Цяпер, ва ўмовах пандэміі і каранціну, не атрымалася б нічога…
Мая мамачка так любіла жыццё! І я не магу пакуль глядзець на квецень навокал, бо яна яе ніколі не ўбачыць… Сэрца заходзіцца штораз, калі прыгадваю нашы вечаровыя прагулкі. Ну як жа так?! Жыццё працягваецца, а мамачкі няма?!
У нас была такая сувязь… Неверагодная! Мы часта гаварылі ўслых хорам цэлыя сказы! І я ўвесь час адчувала тыя нябачныя ніткі ад сэрца да сэрца…
– Мама, мамачка, ты ж будзеш да мяне прыходзіць?! – з такой надзеяй запыталася я ў яе, калі мы ўжо ўсё ўсведамлялі, але ніяк не маглі паверыць.
Яна заплакала і сказала:
– Так!
Кажуць, што гэта нядобра, калі чалавек з іншага свету прыходзіць у гэты. Але ж гэта мая МАМАЧКА!!!! Хіба можа ад яе сыходзіць штосьці дрэннае?! Няхай і з іншага свету??? Ды ніколі!
Але… Але пакуль яна так ні разу да мяне не прыйшла… Хаця ўначы я, бывае, прачынаюся ад незразумелых гукаў у мамінай спальні. І па-ранейшаму так яе чакаю!!! Я так хачу даведацца, што ў яе ўсё ў парадку. Што больш няма таго нясцерпнага болю… Можа, трэба счакаць 40 дзён?! Я чакаю… Я так чакаю сустрэчы… Хаця б у сне.
Мая мамачка так мяне шкадавала… Так ганарылася тым, што я працую на гэтым інфармацыйным партале і задаволена сваёй працай. Яна была маім самым адданым чытачом. Вельмі любіла чытаць мой блог. Абодва блогі. На іншым рэсурсе – таксама.
У нядзелю, калі было ўжо ёй блага, спыталася ў мяне, які дзень і чысло. Я сказала, што нядзеля, 12 красавіка.
– Ідзі, зайчык, не сядзі ля мяне. Ідзі пішы пра касманаўтаў…
На што я, зарыдаўшы, прызналася, што больш не магу пісаць блог…
Мама, мамачка, мая дарагая! Цяпер усё, што напішу, буду прысвячаць табе. І пра цябе напішу яшчэ не раз. Бо такія людзі сапраўды вельмі рэдка з’яўляюцца на Зямлі. І гэта не толькі маё суб’ектыўнае меркаванне, як дачкі. Столькі добрых слоў пра маю маму сказалі на пахаванні і жалобным стале яе калегі, колішнія вучні, суседка па дачы, мае сяброўкі…
Яно і не дзіўна. Колькім вучням за дзесяцігоддзі сваёй працы яна аддала часцінку сваіх душы і сэрца! Як перажывала за кожнага, як за сваё дзіця… І недарэмна многія ў адзін голас прыгадваюць менавіта мамачкіны дабрыню і душэўнасць супольна з высокім прафесіяналізмам…
А якую цудоўную сям’ю мы з братам мелі! Дзякуй маме і тату за нашыя сапраўды шчаслівыя дзяцінства і юнацтва! А як наша мамачка ганарылася намі, яе дзецьмі, і сваімі ўнучкамі! Яна так любіла нашых дзяўчат! І яны яе – таксама… Жонка брата на кожным сямейным свяце адзначала, як ёй пашанцавала са свекрывёй…
Банальнае «Час лечыць» пакуль нічым не дапамагае. Я не магу сказаць, колькі часу трэба, каб хаця б крыху зрабілася лягчэй. Бо я ўсё сваё жыццё жыла разам з мамачкай, усе свае 48 гадоў… Побач. У цеснай сувязі.
Вядома ж, у кожнага сваё гора. Але адна справа, калі ў чалавека ёсць уласная сям’я, а мама ці мама і тата жывуць даўно дзесьці асобна. І зусім іншая – калі вось так… Усё жыццё з бацькамі. І тату цяпер трэба падтрымліваць, дзесьці забываючыся на ўласнае гора…
Дзякуй усім, хто прыйшоў развітацца з нашай мамачкай, хто падтрымаў і падтрымлівае нас. Сапраўды, сілу слова альбо падтрымкі маўклівай яскрава адчуваеш, калі маеш уласнае гора…
У гэтым сумным допісе не будзе фота, апрача аднаго, самага любімага, зробленага мной падчас святкавання рубінавага вяселля бацькоў. А разам пражылі яны 53 гады. Залатое вяселле таксама святкавалі. Унучкі мамачкі, мае пляменніцы, такі сцэнар падрыхтавалі!
– Запомні мяне не такой, а поўнай сіл, – прасіла мяне мама.
– Мамачка, я люблю цябе любой! – быў мой адказ.
І я сапраўды была гатова даглядаць яе, трацячы на гэта амаль цэлыя суткі, і 10, і 20 гадоў… Толькі б яна жыла…
І не пішыце мне, калі ласка, у каментах вядомыя царкоўныя догмы, якія быццам бы павінны мяне заспакоіць. У мяне ўсё гэта праходзіць міма. Я ўжо нацярпелася падчас Вялікадня ад гэтага ў сацыяльных сетках… Дрэнна гэта ці добра, але нас выхавалі атэістамі. Проста разам са мной прыгадайце маю мамачку, Адамовіч (Кавалёву) Ніну Іванаўну. І ў думках пажадайце ёй супакою…
У Беларусі 592 чалавекі маюць пацверджаны дыягназ першаснага імунадэфіцыту. Выпадкі паталагічнай імуннай недастатковасці зафіксаваныя ў жыхароў кожнага рэгіёну краіны.
Пераважная большасць пацыентаў з ПІД – дзеці або тыя, каму дыягназ быў выстаўлены да 18 гадоў. Гэта афіцыйная статыстыка. Рэальная ж лічба распаўсюджанасці паталогіі па меншай меры ў 5 разоў вышэйшая. Па самых грубых падліках, на кожным педыятрычным участку ёсць хаця б адно дзіця з першасным імунадэфіцытам.
Праблема ў тым, што нават у звычайных умовах людзі «без імунітэту» практычна безабаронныя перад інфекцыямі. Банальная прастуда ў іх выпадку здольная перайсці ў зацяжную хваробу з мноствам ускладненняў. Мы даведаліся, як жывуць людзі з прыроджанай імуннай недастатковасцю ва ўмовах пандэміі каранавіруса, калі пагроза іх здароўю надзвычай высокая.
Па просьбах герояў мы не называем іх імёны цалкам, некаторыя змененыя.
Ангеліна Р., 14 гадоў, ПІД, хвароба Брутана. Гродна.
Упершыню хвароба дзяўчынкі выявілася, калі ёй было ўсяго 9 месяцаў. На фоне бранхіту развілася трамбацытапенія. Праз год, калі сям'я адпачывала ў Крыме, стан паўтарыўся, але ўжо без бачных прычынаў: ні прастуды, ні бранхітаў. Да таго часу, як сям'я вярнулася дадому ў Гродна, усё цела Ангеліны было ў сіняках. Дзяўчынку накіравалі на абследаванне ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі (ДАГІ) ў Бараўляны. Там ёй афіцыйна і выставілі дыягназ першаснага імунадэфіцыту.
– Шчыра кажучы, мы тады дрэнна ўсведамлялі цяжар дыягназу, не разумелі, што гэта за хвароба такая, – распавядае бабуля дзяўчынкі Таццяна. – Па сямейных акалічнасцях на час былі вымушаныя з'ехаць у Маскву, дзе час ад часу платна пракапвалі курсы донарскага імунаглабуліну. Але сістэмнага, пастаяннага лячэння не было. І хвароба выяўлялася пастаяннымі кан'юктывітамі, частымі і зацяжнымі прастудамі, атытамі...
Так працягвалася да таго часу, пакуль сям'я ні вярнулася ў Беларусь. Ангеліну тут чакалі. Бабуля кажа, рэгулярна прыходзілі лісты з запрашэннем на кансультацыю. Так Ангеліна кожны месяц стала ездзіць у ДАГІ на абследаванне, дзе ўнутрывенна атрымлівала замяшчальную тэрапію донарскім імунаглабулінам. Каля 4 гадоў таму дзяўчынцы прапанавалі новы метад увядзення імунаглабулінаў – падскурна. Гэта значна спрасціла жыццё сям'і. Цяпер Ангеліне не трэба штомесяц класціся ў бальніцу. 1 раз у 2 месяцы яна ездзіць у ДАГІ, каб здаць імунаграму і атрымаць неабходныя прэпараты. Уводзіць імунаглабуліны можна дома. Дзяўчынка па-майстэрску робіць ін'екцыі сабе сама.
І гэта, бадай, адзінае, што адрознівае яе ад аднагодкаў.
– Ангеліне была выстаўленая група інваліднасці (інвалід дзяцінства) і рэкамендаванае надомнае навучанне, – кажа бабуля. – Але вострай неабходнасці ў гэтым не было і няма. І, шчыра кажучы, не хацелася «закансерваваць» дзіця ў кватэры.
Ангеліна з лёгкасцю паступіла ў гарадскую гімназію, любіць ангельскую мову і марыць стаць студэнткай факультэта міжнародных адносінаў БДУ. Нават пандэмія каранавіруса, школьныя вакацыі, якія зацягнуліся на тры тыдні, і вымушаная самаізаляцыя, што працягваецца да гэтага часу, не моцна перашкаджаюць дзяўчынцы імкнуцца да вызначанай мэты.
Яна ўзмоцнена займаецца ангельскай мовай, штодня выконвае заданні па астатніх школьных прадметах, трымае сувязь па тэлефоне і ў чатах месэнджараў з аднакласнікамі, каб не так востра адчуваць цяжар сацыяльнай ізаляцыі.
Складаней за ўсё дзяўчынцы даецца расстанне з мамай – яна працуе ў паліклініцы. Каб не падвяргаць дачку рызыцы інфіцыравання, было вырашана, што Ангеліна пажыве ў бабулі, пакуль сітуацыя не нармалізуецца. А яшчэ дзяўчынка марыць хутчэй вярнуцца да заняткаў танцамі.
– Я 4 гады займалася мастацкай гімнастыкай. Але мая любоў – сучасныя танцы, – прызнаецца Ангеліна. – Хвароба не дужа абмяжоўвае мяне ў жыцці. Магчыма, я хварэю крыху часцей (асабліва ў дзяцінстве, зараз радзей). Але наогул я звычайнае дзіця. Пра сваю хваробу не кажу, хаця не думаю, што хтосьці няправільна яе ўспрыме. Мне пашанцавала з класам, дзе ўсе дружныя і ўсё разумеюць. Хачу хутчэй убачыцца з сябрамі і без боязі гуляць з імі на вуліцы.
Але пакуль Ангеліна не выходзіць за тэрыторыю бабулінага двара (у іх уласны дом) і ўвесь вольны час праводзіць з дзвюма кітайскімі чубаткамі.
Аляксей П., 34 гады, ПІД, агульная варыябельная імунная недастатковасць (АВІН). Наваполацк.
Аляксей – з тых, каму дыягназ імуннай недастатковасці быў выстаўлены ужо ў дарослым узросце.
Да 16 гадоў здароўю хлопца можна было пазайздросціць. Нават прастуды абыходзілі яго бокам. А напрыканцы 2002 года навалілася ўсё адразу: прастуда за прастудай, гаймарыт за гаймарытам. Праз два гады сітуацыя яшчэ больш ускладнілася двума запар зацяжнымі пнеўманіямі, якія цяжка паддаваліся антыбактэрыяльнай тэрапіі.
Калі праз год у Аляксея здарылася чарговае цяжкае запаленне лёгкіх, яго адправілі на абследаванне ў Віцебскую абласную бальніцу. Пасля вывучэння аналізу на імунаграму высветлілася, што яго арганізм фактычна безабаронны перад інфекцыямі: узровень імунаглабулінаў быў катастрафічна нізкі.
З 2006 года Аляксей рэгулярна атрымлівае замяшчальную тэрапію донарскім імунаглабулінам. Яго лячэнне будзе працягвацца ўсё астатняе жыццё. Ні адмяніць, ні замяніць яго нельга. Ад донарскага імунаглабуліну шмат у чым залежыць стан і працягласць жыцця мужчыны.
– Пра маё захворванне ведаюць толькі блізкія. Пры тым, што ў нашым родзе імунная недастатковасць дыягнаставаная толькі ў мяне, на разуменне і падтрымку родных, у адрозненне ад астатніх, я магу разлічваць цалкам. У Беларусі вельмі нешматлікія ведаюць пра гэтую хваробу і часта тлумачаць яе няправільна, – прызнаецца Аляксей. – У гэтым сэнсе я рады, што ў Беларусі ёсць пацыенцкая арганізацыя «Выратуем імунітэт», якая аб'ядноўвае людзей з ПІД. Гэта падтрымлівае псіхалагічна – ты ведаеш, што не адзін такі. Акрамя таго, разам лягчэй адстойваць свае інтарэсы і правільна інфармаваць грамадства пра такое складанае захворванне.
Нават у перыяд пандэміі каранавируса Аляксей стараецца весці зусім звычайнае жыццё: у яго ёсць жонка, якая ведае пра хваробу мужа і ва ўсім яго падтрымлівае, маленькая дачка і пасада інжынера на мясцовым прадпрыемстве.
– Я не магу працаваць падалена, няма такой магчымасці. Але стараюся пазбягаць лішніх кантактаў, захоўваю бяспечную дыстанцыю, старанна сачу за гігіенай рук. На працу і з працы езджу на асабістым аўтамабілі. З сям'ёй на час адмовіліся ад асабістых сустрэчаў з сябрамі і сваякамі. Настрой? Як ва ўсіх, напэўна. Спадзяюся, што пранясе. Але ўсё няпэўна.
Валерыя В., 30 гадоў, ПІД, сіндром Джоба. Мінск.
Асноўная прафілактычная мера супраць магчымага інфіцыравання новым каранавірусам – частае і дбайнае захаванне гігіены рук – для мінчанкі Валерыі невыноснае катаванне.
Зусім яшчэ маленькай, у 5-гадовым узросце, Валерыя перанесла аперацыю з нагоды гнойнага мастыту. Урачы настойліва рэкамендавалі маме дзяўчынкі звярнуцца па кансультацыю да імунолагаў. Высветлілася, што ў Валерыі рэдкая форма ПІД – сіндром Джоба, адной з праяваў якога з'яўляюцца рэцыдывавальныя інфекцыі скуры.
Скура Валерыі настолькі сухая, што ніякія ўвільгатняльныя прэпараты практычна не ратуюць яе ад трэшчынаў. У дадатак да ўсяго яна нясцерпна свярбіць. З-за незагойных глыбокіх трэшчынаў Валерыя без старонняй дапамогі часам не можа вымыць сабе галаву. Пра тое, каб пастаянна мыць рукі з мылам і тым больш апрацоўваць іх антысептыкам, размовы наогул не ідзе.
Апроч іншага, амаль штомесяц у дзяўчыны абвастраецца герпетычная інфекцыя, яна пакутуе ад частых бранхітаў. Бальнічныя зацягваюцца на доўгія тыдні, а выздараўленне наступае цяжка, павольна і ненадоўга.
– Я працую. Але мая хвароба вымушае захоўваць вялікую колькасць абмежаванняў, – распавядае Валерыя. – Я не магу працаваць поўны працоўны дзень, мне гэта цяжка. Не магу лішні раз памыць рукі, бо скура ў трэшчынах. У перыяд інфекцый даводзіцца заўсёды хадзіць у масцы, бо нават банальная прастуда можа пакласці на бальнічны надоўга. Калі штомесяц выскоквае герпес, гэта таксама пагаршае і самаадчуванне, і якасць жыцця, і агульны псіхалагічны стан.
Акрамя таго, у 19 гадоў дзяўчына перанесла сэпсіс з паражэннем сардэчнага клапана. Ёй зрабілі складаную аперацыю і ўстанавілі ў сэрцы металічны імплантат. Гэта таксама накладае абмежаванні і на прыём лекавых прэпаратаў, і на фізічную актыўнасць, і на многае іншае. Валерыя не хавае: якасць жыцця, прама скажам, дрэнная.
– Адзін раз у некалькі месяцаў я атрымліваю замяшчальную тэрапію донарскім імунаглабулінам. Але спецыфіка майго захворвання такая, што наладзіць працу імуннай сістэмы толькі замяшчальнай тэрапіяй немагчыма. Больш за тое, імунаглабуліны ў мяне ў норме, але працуюць няправільна. IgЕ і зусім павышаны ў шмат тысяч разоў. Наколькі мне вядома, у Беларусі з такой формай імунадэфіцыту я адна.
Асноўнае лячэнне, якое атрымлівае Валерыя, – сімптаматычнае. На жаль, на дадзены момант у Беларусі няма пратаколаў лячэння такой формы ПІД, як у яе. Такім чынам, адсутнічае і сістэмнае лячэнне.
На момант нашай размовы дзяўчына знаходзілася на бальнічным.
– Калі пасля выхаду з бальнічнага мне не дазволяць працаваць падалена, хутчэй за ўсё, давядзецца звольніцца. Бо ў маёй сітуацыі проста немагчыма выконваць усе меры бяспекі па-за домам...
P.S. Напярэдадні выхаду публікацыі стала вядома, што кіраўніцтва арганізацыі, дзе працуе Валерыя, пайшло дзяўчыне насустрач і дазволіла на час пандэміі каранавіруса працаваць дыстанцыйна.
Працяг будзе…
Усе фотаздымкі ўзятыя з адкрытых інтэрнэт-крыніц і маюць выключна ілюстрацыйны характар.
Першасны імунадэфіцыт. Як засцерагчыся ад каранавіруса
One fine body…