Пра маладжавасць японак, якая ўражвае, напісана нямала. У 50 гадоў яны нярэдка выглядаюць на 35. І пры гэтым захоўваюць фарфоравае адценне скуры. Сярод іншых сакрэтаў прывабнасці самамасаж твару займае адно з асноўных месцаў. Выконваць яго японскія дзяўчыны вучацца з самага юнага ўзросту. Масаж Асахі (Зоган, Цоган) ведалі ў Японіі на працягу некалькіх стагоддзяў. Але сапраўдны бум цікавасці да яго адрадзіла вядомая японская візажыст Юкука Танака. Сачыць за тварам па гэтай методыцы пачалі ва ўсім свеце. Напрыклад, знакамітая мадэль Наталля Вадзянава лічыць гэты самамасаж неабходным у сваім доглядзе. Аднак працэдура не такая ўжо і бяскрыўдная, мае шэраг супрацьпаказанняў. Мы даведаліся, што думае пра яе ўрач-касметолаг.
Юкука Танака працавала візажыстам на тэлебачанні. Яе задачай было зрабіць знешні выгляд тых, хто працуе на камеру, максімальна свежым і маладым. Неўзабаве Юкука заўважыла, што скура на твары часцяком пачынае старэць раней, чым на іншых участках цела. І нават густы грым ці звычайны касметычны масаж не надта паляпшаюць сітуацыю. Тады напорыстая жанчына вырашыла больш уважліва вывучыць старажытныя японскія методыкі. Вынікам стался кніга «Масаж твару» і велізарная папулярнасць метаду ва ўсім свеце. А назва Зоган (Zogan) з японскага перакладаецца як «стварэнне твару».
Масаж выконваецца паэтапна, кожнае практыкаванне трэба паўтараць па 3 разы. Відэа, на якім тэхніку дэманструе сама Юкука Танака, лічыцца класічным.
Пры класічным самамасажы твару дакранацца да скуры трэба максімальна мякка і плаўна. Такім чынам, уздзеянне ідзе толькі на верхнія слаі эпідэрмісу. Але масаж Асахі (Зоган) выконваецца з націсканнем. У працэс аказваюцца ўцягнутымі не толькі скура, але і мышцы твару, злучальная тканка. Мы быццам спрабуем узнавіць твар зноўку. Менавіта дзякуючы гэтаму моманту японскі самамасаж называюць яшчэ скульптурным, контурным. Некаторыя лічаць яго альтэрнатывай пластычнай хірургіі.
Масаж Асахі нярэдка выконваюць у Японіі і дзяўчаты, маладзейшыя за 30 гадоў. У такіх выпадках комплекс практыкаванняў можа быць спрошчаным, а ўздзеянне – больш мяккім.
Японскі масаж Асахі (Зоган) робіць даступным сакрэты маладосці японак для ўсіх жанчынаў свету. Для дасягнення станоўчага эфекту спатрэбяцца рэгулярнасць і ўважлівасць: практыкаванні варта выконваць строга па масажных лініях і ўлічваць супрацьпаказанні.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Але вось жа штосьці, мабыць, ёсць у народных прыкметах. Чым больш жыву, тым больш у гэтым упэўніваюся. Вядома, справа кожнага, у што верыць, а ў што – не. Але бываюць такія сітуацыі, што і не верыць – не выпадае. Усе факты – «за». Праверым?! Сёння, у Емяльянаў дзень.
Адно з «кіраўніцтваў да дзеянняў» – сёння трэба памыцца ў лазні, папарыцца. Нашыя продкі такім чынам змывалі стомленасць ад жніва. І венікі рабіліся асаблівыя – з жытняй саломы, палявых траў і кветак. Лекавыя, вядома ж. Улічваючы, што сёння – пятніца, дзень перад двухдзённым адпачынкам… Чаму б і не памыцца?! 🙂 У каго ёсць уласная лазня. Альбо – добрыя знаёмыя з лазняй…
Вы ж ведаеце, што ў кожнай лазні маецца свой дух?! Як Балотнік – у балоце, Вадзянік – у вадзе, Лесавік (Лясун) – у лесе, Хатнік – у хаце… Так і ў лазні – Лазнік, альбо Лазеннік. І яго таксама трэба задобрываць, інакш можа ўзлавацца і прынесці чалавеку шмат шкоды. Напужаць, і нават горш… Кажуць, і камянямі можа кідацца, і нават кіпнем абліць!
У традыцыях Емяльянавага дня – заходзіць у лазню з паклонам, а таксама пакідаць для Лазніка ваду, мыла, венік і ручнік. І ні ў якім разе не затрымлівацца доўга! Нягледзячы на тое, што зазвычай ідуць мыцца-парыцца ў пятніцу пасля працы, увечары ўжо.
Бо сам Лазневік любіць мыцца перад альбо пасля апоўначы. Будзьце асцярожнымі! Не ўгнявіце дзядка. Ён, да ўсяго, любіць чыстую лазню… Ну, і пабачыць яго самога, лічылі нашыя продкі, – да бяды.
Дарэчы, тыя , хто ўсё ж схадзіў у лес у Афінагенаў дзень… Як уражанні?! Нікога не сустрэлі?! А то мне некаторыя (з ліку тых, хто не ведаў пра забарону наведваць лес) казалі, што чулі, як штосьці трашчала… Няйшакш, нячыстая сіла ўсё ж хадзіла паблізу… 🙂 Гэта – да разважанняў пра народныя прыкметы і веру ў іх.
А мы вяртаемся ў Емяльянаў дзень. Дзесьці на сялянскіх надзелах жніво ўжо было скончана. І гаспадыні браліся за нарыхтоўкі на зіму. Чысцяком не столькі гародніны, колькі дзікарослых ягад ды грыбоў. Вось і склалася ў народзе: «Емяльян прыйшоў, грыбоў-ягад знайшоў, загадвае нарыхтоўваць».
Шкада, што маліна каторы год праходзіць міма мяне… А я люблю яе збіраць. І на дачы сёлета з-за патопу маліны няма, і малады маліннік з Самахвалавічаў, набыты толькі ўвосень, загінуў… 🙁
Трэба хаця б буякі (дурніцы) ў балоце праверыць… Калі раптам патрапіш на неабабраныя кусты ды на вялікія ягады… Як жа хутка збіраецца і вядзерца, і вядро! J Але затое пакуль дома перабярэш… Пакуль паабрываеш тыя хвосцікі… Ды і чарніц, мабыць, яшчэ можна пазбіраць. Было б надвор’е добрым…
Але пра другі летні месяц нашыя продкі так казалі: «З навальніцамі прыходзіць, з навальніцамі сыходзіць ліпень». І калісьці заўважалі, што вераб’іная ноч, калі стыхія разгульваецца напоўніцу, прыпадае менавіта на 31-га ліпеня. Я добра памятаю той разгул стыхіі, які за жыццё назірала не раз. Насамрэч страшна… 🙁 Вось толькі наконт дакладнай даты не ўпэўненая…
Нашыя продкі прыкмячалі: «Якое надвор’е ў гэты дзень, такой будзе і большая частка восені», «Гарачы дзень – марозны снежань», «Як на елках шышкі толькі на макаўках, раней за студзень маразоў не будзе», «Калі на макаўках бярозаў лісце пажаўцела, дык восень будзе ранняй».
А яшчэ сёння пятніца перад Іллёй, якая таксама мае свой назоў – Серпавіца (Серпавіна, Шыпілінка). «Шыпілінка ў кузню ідзець, у кузню ідзець сярпы зубіць».
Бо калі ў некаторых мясцовасцях Беларусі, зажаўшы на сваім надзеле першы (імянінны) сноп у дзень Афінагена, жніво ўжо скончылі і спакойна ў Емяльянаў дзень ішлі ў лазню, дык у іншых – яшчэ толькі-толькі рыхтавалі да жніва сярпы. А калі лічыць, як зараз у нас усё пераблыталася ў прыродзе… Тэрміны і ўвогуле рознымі будуць.
Ну, вы зразумелі, што лазня сёння – добра, можна, але трэба асцярожна?! Тады зараней – з лёгкім духам!
Праект здаровага ладу жыцця і зялёнага спажывання «Пастарнак» сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама Нацыянальным выставачным цэнтрам «БелЭкспа» запусцілі маштабны рэспубліканскі конкурс экастартапаў «Belarus Green Awards».
Мерапрыемства ладзіцца ў рамках святкавання 60-годдзя з дня заснавання прыродаахоўнай сістэмы Беларусі. Мэта конкурсу – выявіць лепшыя бізнэс-ідэі экалагічнай тэматыкі, рэалізацыя якіх будзе спрыяць паляпшэнню стану навакольнага асяроддзя, зніжэнню негатыўнага ўздзеяння знешніх фактараў на здароўе чалавека, павышэнню якасці яго жыцця.
Сярод фактараў, якія аказваюць уплыў на наша здароўе, экалогія займае другое месца. Вада, якую мы п'ём, паветра, якім дыхаем, прадукты, якія ямо, шум, у якім жывём, інфрачырвонае выпраменьванне, якому мы сябе падвяргаем, – гэтыя і многія іншыя рэчы, звыклыя ў паўсядзённым жыцці, адбіваюцца на нашым настроі, самаадчуванні, якасці жыцця. І што самае важнае – на здароўі. Паводле ацэнак спецыялістаў СААЗ, у аснове амаль кожнага 4-га неінфекцыйнага захворвання ляжыць экалагічны фактар.
У той жа час чалавецтва не гатовае адмовіцца ад многіх выгодаў цывілізацыі на карысць экалагічнай бяспекі. Больш за тое, патрэбы ў новых дабротах пастаянна растуць. Таму актыўнае ўвядзенне рэсурсазберагальных прынцыпаў і падыходаў, пошук новых «зялёных» тэхналогій, выкарыстанне даступных і эфектыўных метадаў вытворчасці, перапрацоўкі, сферы паслуг з акцэнтам на экалагічны складнік – традыцыйна важны прыярытэт сацыяльна-эканамічнага развіцця любой дзяржавы. Конкурс экапраектаў Belarus Green Awards – адзін са спосабаў натхніцца свежымі ідэямі, а лепшыя ўвасобіць у жыццё не толькі на нацыянальным, але і на міжнародным узроўні.
Алена Меляшкова, намеснік начальніка ўпраўлення аналітычнай работы, навукі і інфармацыі Мінпрыроды:
– Місіяй конкурсу з'яўляецца пошук вырашэння лакальных і глабальных экалагічных праблемаў праз інавацыйныя праекты. Найважнейшым крытэрыем ацэнкі пераможцаў будзе з'яўляцца экалагічная значнасць праекта. Ён павінен вырашаць пытанні, якія акажуць станоўчы ўплыў на экалагічнае становішча. Паспяховы праект можа прыносіць карысць паўсюдна без прывязкі да геаграфічнага размяшчэння. Напрыклад, калі ўдзельнікі конкурсу самі з Брэста, гэта не значыць, што і праект павінен рэалізоўвацца менавіта ў Брэсце. Для нас таксама важна, каб прадстаўленыя бізнэс-ідэі ўжо ажыццяўляліся на пачатковай стадыі, але не больш за паўтара года з моманту запуску. Так можна ацаніць іх эфектыўнасць і спрагназаваць далейшае развіццё.
Па словах арганізатара экапраекта «Пастарнак», кіраўніка-партнёра ў ТАА «Пас Тар Нак» Яўгеніі Арловай, узяць удзел у конкурсе можа любы жадаючы любога ўзросту, а таксама юрыдычныя асобы. Адзіная ўмова: мець беларускія карані – жыць і працаваць у нашай краіне. Што тычыцца фізічных асобаў – мець беларускае грамадзянства.
Яўгенія Арлова, арганізатар экапраекта «Пастарнак», кіраўнік-партнёр у ТАА «Пас Тар Нак»:
– Акрамя экалагічнага складніка, праект павінен мець бізнэс-накіраванасць і быць манетызаваным. Гэта неабходна для таго, каб за кошт гранта ён мог не толькі «стартануць», але і зрабіцца ўстойлівым, працаваць і развівацца на працягу доўгага часу. Мы хочам знайсці, выбраць і абнародаваць маладыя перспектыўныя праекты, якім патрэбная падтрымка. Пры гэтым сам удзел у конкурсе абсалютна бясплатны.
Для таго, каб адправіць заяўку на ўдзел у конкурсе Belarus Green Awards, неабходна запоўніць анкету на сайце pasternak.by. Прапанаваць свежае рашэнне для экалагічных праблемаў можна ў наступных намінацыях:
Заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаюцца да 10 жніўня ўключна. На сёння пазмагацца за галоўны прыз гатовыя ўжо больш за 40 праектаў. Арганізатары чакаюць не менш за 100 заявак.
Яўгенія Арлова, арганізатар экапраекта «Пастарнак», кіраўнік-партнёр у ТАА «Пас Тар Нак»:
– За 6 гадоў працы праекта «Пастарнак» мы ўбачылі вялізную колькасць людзей з агеньчыкамі ў вачах, энтузіястаў, праекты якіх вартыя таго, каб стаць заўважанымі і ў Беларусі, і на міжнароднай арэне. Што тычыцца конкурсу экастартапаў, ужо сёння можна адзначыць як найбольш цікавыя праекты, якія прапануюць распрацоўку тэхналогіі ядомага посуду, перапрацоўкі смецця з дапамогай чарвякоў; вырабу паперы з другасных матэрыялаў; сумесяў для выпечкі з другаснай сыравіны для безадходнай вытворчасці.
Кампетэнтнае журы вызначыць 10 найбольш перспектыўных праектаў-паўфіналістаў. Але апошняе слова застанецца за «аматарамі». З 11 па 27 жніўня на сайце pasternak.by можна будзе падрабязна азнаёміцца з праектамі-паўфіналістамі і аддаць свой голас за лепшую ідэю. Так будуць вызначаныя 7 фіналістаў Belarus Green Awards. Пераможцу таксама выберуць па выніках народнага галасавання на афіцыйным сайце ТАА «Пас Тар Нак».
Пераможцаў і прызёраў конкурсу чакаюць вялікія грашовыя прызы, а таксама мноства сертыфікатаў на бізнэс-навучанне, ментарскую падтрымку, уступленне ў розныя бізнэс-супольнасці. Узнагароджанне адбудзецца падчас урачыстага мерапрыемства, прысвечанага 60-годдзю Мінпрыроды, напрыканцы жніўня.
Ужо з наступнага года конкурс экастартапаў абяцае стаць традыцыйнай і неад'емнай часткай міжнароднай экалагічнай выставы ECOLOGY EXPO – 2021 (http://ecologyexpo.by/home-6/about-2/), якая пройдзе ў Мінску з 3 па 5 чэрвеня 2021 года.
Як адзначыў начальнік аддзела выстаў і кірмашоў Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БэлЭкспа» Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Здобнікаў, сёння не аспрэчваецца той факт, што экалагічныя тэхналогіі ратуюць свет.
Таму, калі ў вас ёсць ідэі, як зрабіць навакольнае асяроддзе чысцейшым, а жыццё – лепшым і больш бяспечным, прыйдзіце і заявіце пра сябе! Магчыма, свет чакае менавіта вас!
У чалавечым арганізме паміж скурай, мышцамі, сухажыллямі і косцю размешчаныя так званыя сінавіяльныя сумкі, запоўненыя сінавіяльнай вадкасцю і знаходзяцца ў тых месцах паблізу суставаў, дзе адбываецца трэнне тканак. Яны служаць своеасаблівымі амартызатарамі, змякчаюць розныя рухі і ўздзеянні.
З-за пэўных прычынаў у гэтых месцах можа ўзнікаць запаленне (бурсіт), характэрнымі прыкметамі якога з'яўляюцца боль, асабліва пры руху, і ацёк тканак. Падрабязна пра бурсіт суставаў, яго дыягностыку і лячэнне журналісту Слушна распавёў траўматолаг-артапед кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Леанід Глазкін.
Бурсіт – вострае або хранічнае запаленне сінавіяльнай сумкі. Прычыны яго ўзнікнення часцяком невядомыя. Разам з тым, траўма, паўторная альбо вострая, інфекцыі і розныя артрапатыі (захворванні суставаў) могуць справакаваць развіццё дадзенай паталогіі. Узнікнуць захворванне можа практычна ў любым узросце.
Чаму развіваецца захворванне? Часцей за ўсё прычына – мікратраўмы, якія адбываюцца з-за працяглай моцнай нагрузкі.
Напрыклад, бурсіты – часты «спадарожнік» спартсменаў. Мікратраўмы спрыяюць узнікненню запалення. У выніку ў сінавіяльнай сумцы выпрацоўваецца больш вадкасці, чым неабходна ў норме. Яна павялічваецца ў памеры, запаляецца і прыносіць боль пры нагрузцы.
Да запалення сінавіяльнай сумкі можа прывесці і інфекцыя. У такім выпадку размова ідзе пра інфекцыйны бурсіт.
Бурсіт суправаджаецца болем, асабліва падчас руху альбо пры нагрузцы. У спакоі, як правіла, боль сціхае. Можа ўтварыцца прыпухласць, ацёк альбо ўшчыльненне, у некаторых выпадках – пачырваненне. Рухі ў суставе абмежаваныя, хваравітыя.
Інфекцыя можа патрапіць і з суседніх тканак (інфекцыйны цэлюліт, артрыт), больш рэдкі шлях – эндагенны, калі інфекцыя пераносіцца крывёю.
Дыягностыка захворвання заснаваная на клінічнай ацэнцы, выніках УГД, даследаванні сінавіяльнай вадкасці (пункцыя).
Пункцыя, а таксама агульны аналіз крыві (неабходны для выключэння сістэмнага запаленчага працэсу) часцей за ўсё выконваецца пры падазрэнні на інфекцыйны бурсіт.
Бурсіты маюць тры стадыі развіцця: вострую, падвострую і хранічную.
У вострай стадыі з'яўляецца рэзкі боль, ацёк і абмежаванне рухаў у суставе, стадыя доўжыцца 1-2 тыдні. Калі не лячыць, яна паступова пераходзіць у падвострую і хранічную стадыі. Небяспека нялечанага інфекцыйнага бурсіту заключаецца ў развіцці сістэмнага інфекцыйнага працэсу (інфекцыя можа патрапіць у кроў і распаўсюдзіцца па арганізме).
Пры лячэнні захворвання ўжываюць імабілізацыю (канечнасць абмяжоўваюць у руху), а таксама халодныя кампрэсы, мясцовую тэрапію.
Выкарыстоўваецца і мясцовая тэрапія – мазі, якія валодаюць супрацьзапаленчым і абязбольвальным дзеяннем.
Калі боль моцны, прызначаюцца лекавыя сродкі аналагічнага дзеяння, у цяжкіх выпадках – ін'екцыі глюкакартыкастэроідаў.
Прафілактыка захворвання складаецца ў ліквідацыі прычыны, якая можа выклікаць траўмаванне сінавіяльнай сумкі.
Так яно ці не, невядома… Але нашыя продкі ведалі здаўна: 29 ліпеня, у дзень Афінагена, лепей лес не трывожыць. НЕ хадзіць туды ні з якой нагоды. А калі ёсць пільная патрэба прайсці міма, дык даўней рабілі гэта таксама ціха – без песень, крыкаў, спеваў. Так што заўзятым аматарам збору дзікарослых ягад і грыбоў варта сёння адпачыць.
Як, зрэшты, і аматарам рыбалкі. Даўней стараліся НЕ вудзіць рыбу ў Афінагенаў дзень. Бо верылі, што нечысць можа ўцягнуць чалавека пад ваду. НЕ раілі таксама гаспадыням у гэты дзень падмятаць у хаце альбо на двары. Прычына тая ж: нячыстая сіла магла праявіцца і «завітаць у госці».
Па іншых жа меркаваннях, лес не трывожылі таму, што ў гэты дзень там «зара (альбо світанак) ходзіць, птушынае пер’е падбірае». Самі ж птушкі быццам маўчаць у Афінагенаў дзень. Лічыцца, што яны ўжо задумваюцца пра будучую восень і пералёт у далёкія краіны.
І нават пра тых дзетак, хто нарадзіўся 29 ліпеня, даўней казалі, што яны маўклівыя і ціхія. І, як тыя птушкі, любяць вандраваць. Але штораз абавязкова вяртаюцца ў бацькоўскую хату.
Ну, вось гэта, здаецца, тры самыя магутныя «НЕ» на сёння. А далей – пра звычайнае. А дзесьці – і святочнае. Бо даўней у многіх мясцінах Беларусі менавіта 29 ліпеня пачыналі жаць зерневыя. А зажынкі, як вядома, заўсёды былі святам. Там жа, дзе зерневыя выспявалі раней, жніво ў гэты час працягвалася.
Першы сноп, зжаты і звязаны ў гэты дзень, называлі імянінным. А сабраць яго павінна была старэйшая ў родзе (альбо ў сям’і) жанчына. Дахаты сноп неслі ўрачыста, а ў хаце з пашанай «садзілі» ў чырвоны кут. Зерне з гэтага снапа лічылася лекавым для людзей, а сцябліны звычайна аддавалі свойскай жывёле. Мабыць, ад той даўняй традыцыі пайшла і наша: мець у чырвоным куце на кухні букет з зерневых.
Даўней менавіта ад гэтага дня нашыя продкі пачыналі збіраць грыбы і гатаваць з імі разнастайныя стравы. А вось у нас зазвычай калі і вылезуць да дня Афінагена якія баравікі ды чырвонагаловікі, дык абавязкова ў пераважнай большасці чарвівыя. Таму звычайна чакаем восеньскіх – сапраўдных – грыбоў. Хаця і тады хапае чарвівых, але ж не ўсе такія.
А да 29 ліпеня традыцыйна ўжо адыходзяць летнія лісічкі, якіх сёлета было багата ў лясах.
Зрэшты, сёння ўсё роўна варажылі на будучы ўраджай грыбоў. Калі ад Афінагена частыя туманы, значыць, іх будзе шмат. Трэба прыкмячаць. Бо, напрыклад, учора туман з раніцы сапраўды быў густым. Сустракаўся на шляху маршруткі неаднаразова. На самой шашы бачнасць была неблагая, а вось наваколле літаральна хавалася за шэрай смугой.
Нашыя продкі заўважалі, што пасля дня Афінагена заканчвалася гарачыня, рабіліся халоднымі ночы. А вось нас ні тым, ні другім не здзівіш. Ночы і да 29 ліпеня былі халоднымі. А гарачыя дзянькі надараюцца яшчэ не толькі ў жніўні, але і ў верасні, і нават часам – у кастрычніку.
Яшчэ назіралі ў гэты дзень за маркоўнікам. Калі паніклы – чакай дажджоў. А дажджы падчас жніва, зразумела, нічога добрага не абяцалі сялянам ні раней, ні цяпер. Таму нашыя продкі звычайна звярталіся да сонейка, прасілі яго паспрыяць, даўжэй затрымлівацца на небасхіле, не хавацца за хмары і не змяняцца дажджом.
«Прыйдзе Фінагей з цеплынёй ды са святлом, прыбярэшся загадзя са жнівом; Фінагей з дажджом – капнагной, хлеб у снапе прарасце», «Фінагенаў дзень да Іллі Прарока насустрач ідзе – жніво сонейкам ахоўвае».
А вы любіце назіраць за камбайнамі, якія плывуць па жніўнаму полю?! Я дык вельмі. Але, па шчырасці, яшчэ з большай ахвотай паглядзела б на тое, як жанчыны пачынаюць жаць сярпамі. Сама жаць таксама ўмею. Праўда, не збожжа – траву. Даўней часта даводзілася гэта рабіць на дачы. А вось жаць збожжа, як мне падаецца, – гэта цэлае мастацтва.
Удалага жніва сёлета нашым хлебаробам, спрыяльнага надвор’я і, вядома ж, моцнага здароўя. А ў каго сёння зажынкі, дык са святам!
Напэўна, многія сутыкаліся з адчуваннем таго, што знаходзяцца не на сваім месцы. Нібы поспех, якога вы дамагліся, насамрэч не зусім заслужаны. Проста так склаліся абставіны, і вам пашанцавала.
Усе вакол памыляюцца наконт вашых дасягненняў і заслуг, пераацэньваюць асабістыя якасці. Аднойчы, калі карты выпадуць не на вашу карысць, навакольныя зразумеюць, што ўвесь гэты час памыляліся, і ўбачаць, што вы ўяўляеце сабой на самай справе.
Гэтае непрыемнае адчуванне таго, што вы займаеце не сваё месца, называюць «сіндромам самазванца». Ён можа развіцца ў абсалютна любога чалавека, незалежна ад яго вопыту і месца на кар'ернай лесвіцы. У роўнай ступені ён можа праявіцца як у стажора, які толькі скончыў універсітэт і робіць свае першыя крокі ў дарослае жыццё, так і ў дасведчанага менэджара, які адпрацаваў у вялікай кампаніі з дзясятак гадоў і зрабіўся сапраўдным профі сваёй справы.
Сіндром самазванца не адносіцца да спісу псіхалагічных дыягназаў, як, напрыклад, дэпрэсія, аднак гэта не значыць, што да яго не варта ставіцца сур'ёзна.
Ад дадзенага сіндрому ў той ці іншай ступені пакутуе вельмі вялікая колькасць людзей. Чалавек, схільны да яго, не абавязкова адчувае сябе не на сваім месцы круглыя суткі. Часта сіндром дае пра сябе ведаць перыядычна. Важна адзначыць, што яго ўзнікненне не звязанае з рэальнай адсутнасцю ведаў альбо кампетэнцый у сферы, якой чалавек займаецца.
Вучоныя звязваюць узнікненне сіндрому самазванца ў людзей з мноствам розных фактараў – узаемаадносінамі ў сям'і, культурнымі ўстаноўкамі, закладзенымі выхаваннем, асобаснымі якасцямі і інш.
Псіхолагі, якія ўпершыню выявілі дадзены сіндром, звязвалі яго з дзвюма мадэлямі сямейнага выхавання. Пра іх нам раскажа псіхолаг Юлія Мызянкова.
1. Сям'я, у якой больш за адно дзіця, і пры гэтым бацькі адкрыта лічаць аднаго з іх больш здольным, разумным і таленавітым. Другое дзіця пачынае адчуваць сваю непаўнавартаснасць, што замацоўваецца і дае ведаць пра сябе ўжо ў дарослым жыцці. Такі чалавек пастаянна сумняваецца ў сваіх здольнасцях і магчымасцях, штодня знаходзячыся ў пошуках пацверджання таму, што яго бацькі мелі рацыю.
2. Сям'я, у якой усяго адно дзіця. Часта бацькі, ахутваючы яго празмерным клопатам, пачынаюць ідэалізаваць сына ці дачку. Калі чалавек вырастае і сутыкаецца з рэальнымі цяжкасцямі, ён раптам разумее, што не настолькі добры, як яму ўсё жыццё казалі бацькі. Чалавек губляе ўпэўненасць у сабе і пры гэтым пачынае адчуваць сябе вінаватым, бо не здольны адпавядаць таму высокаму ідэалу, які ў ім бачылі бацькі.
Нярэдка развіццё сіндрому самазванца звязваюць з уласцівым чалавеку перфекцыянізмам. Многія людзі, схільныя да сіндрому самазванца, выраслі ў сем'ях, у якіх бацькі былі залішне патрабавальнымі ў дачыненні да дзіцяці. Многія з пацыентаў распавядалі, што бацькі заўсёды строга каралі іх за правіны і дрэнныя адзнакі, пры гэтым добрыя адзнакі і іншыя дасягненні ўспрымаліся, як належнае, і не атрымлівалі пахвалы.
Вельмі часта людзі з сіндромам самазванца ставяць перад сабой заведама недасягальныя мэты. Калі ж цалкам заканамерна дасягнуць мэты не атрымліваецца, чалавек пачынае займацца самабічаваннем з-за няўдачы, якая яго спасцігла. Нярэдка такія людзі наўмысна абясцэньваюць свае дасягненні ў вачах навакольных, паколькі баяцца, што да іх пачнуць звяртацца з просьбамі, якія яны будуць не ў стане выканаць.
Яны вельмі баяцца, што навакольныя, выканаць просьбу якіх не атрымаецца, зразумеюць, што чалавек займае сваё палажэнне незаслужана. Пастаяннае прымяншэнне ўласных заслуг і дасягненняў у вачах навакольных у канчатковым выніку прыводзіць да таго, што чалавек і сам пачынае ў гэта верыць. Такім чынам, першапачаткова не вельмі самаўпэўнены чалавек толькі глыбей закопвае сваю самаацэнку.
Псіхолагі сайта Redsale.by адзначаюць, што праблемамі самаацэнкі часцей за ўсё азадачаныя маладыя людзі ад 15 да 25 гадоў. У дарослых гэтую праблему звычайна дыягнастуюць пры звароце па іншых пытаннях, ускосна звязаных з самаацэнкай.
Чалавек, які ўвесь час памяншае свае дасягненні і пераконвае сябе ў тым, што яны ўсяго толькі следства ўдалага збегу абставінаў, бы рыхтуе сябе да няўдачаў. Бо калі поспех не быў заслужаным, дык і няўдачы ўспрымаюцца нашмат прасцей.
Сіндром самазванца не з'яўляецца цяжкім і невылечным захворваннем, з ім можна змагацца. І калі вы разумееце, што схільныя да яго, дык ведайце – ён не прысуд.
Самае галоўнае – гэта ўсведамленне таго, што ўспрыманне ўласных дасягненняў і няўдачаў з'яўляецца выключна суб'ектыўным. Паспрабуйце зірнуць на сябе збоку і ўбачыць вачыма навакольных. Аб'ектыўны погляд на рэчы, не абцяжараны вашым уласным успрыманнем, дазволіць ацаніць сябе зусім па-іншаму.
Людзі з сіндромам не прызнаюць поспех, якога змаглі дамагчыся самі, і надаюць занадта шмат увагі дасягненням навакольных, узнімаючы тых на вяршыню Алімпу. Пры гэтым заўсёды недаацэньваюцца цяжкасці, з якімі давялося сутыкнуцца навакольным на іх шляху да поспеху.
Сумленная размова са сваім унутраным «Я» пра вашыя асабістыя дасягненні, няўдачы і цяжкасці, якія ўдалося пераадолець, дазваляе нашмат аб'ектыўней зірнуць на праведзеную працу.
Калі вы ўвесь час сумняваецеся ў сабе, сваіх сілах і магчымасцях, паспрабуйце паразмаўляць з сябрамі, сваякамі і калегамі па працы. Гэта можа дазволіць вам высветліць, ці правы вы ў тым, што астатнія людзі лепей спраўляюцца са сваёй працай, ці вы проста накручваеце сябе марна і праблема выключна ў вашай самаацэнцы.
Сумленныя гутаркі з людзьмі, якія займаюць падобную пасаду як у вашай кампаніі, так і ў любой іншай, дазволяць вам скласці своеасаблівую лінейку, якой вы зможаце аб'ектыўна вымяраць свае дасягненні адносна іншых, а не прыдумляць падставы для самаўніжэння.
Калі прычынай вашага сіндрому самазванца з'яўляецца той факт, што вы спрабуеце пазбегнуць лішняй адказнасці, з якой баіцеся не справіцца, выйсце толькі адно – пачніце на сябе гэтую адказнасць браць. Так, гэта няпроста, асабліва ў самым пачатку, але неабходна. Памятайце, што калі вам пастаянна шанцуе, значыць, шанцаванне тут не пры чым, і вы проста сапраўды добрыя ў тым, чым займаецеся. Навучыцеся верыць у сябе. Прымайце свае дасягненні з гонарам, а цяжкасці сустракайце з гатоўнасцю.
У рынку Беларусі два галоўныя складнікі – якасць і бяспека. Любы тавар, айчынны альбо імпартны, павінен бескампрамісна адпавядаць гэтым патрабаванням, каб патрапіць на вітрыны і прылаўкі нашых крамаў. У краіне створана і эфектыўна функцыянуе сістэма кантрольна-нагляднай дзейнасці за якасцю і бяспекай рынку, якая ўключае ў сябе інспекцыі Дзяржстандарту, падраздзяленні міністэрстваў аховы здароўя, сельскай гаспадаркі і харчавання, антыманапольнага рэгулявання, міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Разам з тым, галоўным цэнзарам і кантралёрам быў і застаецца актыўны і дасведчаны пакупнік – мы з вамі.
Як у Беларусі працуе механізм нагляду за бяспекай унутранага рынку, а таксама што павінен ведаць шараговы спажывец, каб абараніць сябе ад рызыкі купіць няякасны тавар, – у нашым матэрыяле.
На тэрыторыі ЕўрАзЭС, паўнапраўным удзельнікам якога з'яўляецца Беларусь, устаноўленыя адзіныя патрабаванні да якасці і бяспекі ўсёй увозімай і рэалізуемай прадукцыі, абавязковыя да выканання. Гэтыя патрабаванні рэгулююцца 43 тэхнічнымі рэгламентамі, яшчэ 5 у бліжэйшы час уступяць у сілу, 12 дакументаў знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі. Гэтага дастаткова, каб практычна цалкам забяспечыць кантроль за абаротам тавараў на спажывецкім рынку.
Па словах намесніка старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Барташэвіча, каля траціны ўсіх парушэнняў, што выяўляюцца, звязаныя з адсутнасцю альбо неабгрунтаванай выдачай дакументаў аб ацэнцы адпаведнасці патрабаванням тэхрэгламентаў. У гэтым выпадку тавар апрыёры расцэньваецца, як патэнцыяльна небяспечны.
Так, за першае паўгоддзе 2020-га было канфіскавана са звароту каля 1,5 тысячы найменняў прадукцыі, якая не адпавядае патрабаванням якасці і бяспекі, забаронены ўвоз у краіну 900 найменняў тавараў, анулявана больш за 600 дакументаў аб пацверджанні адпаведнасці.
Чым яшчэ грашаць нядобрасумленныя вытворцы і прадаўцы, прапаноўваючы да продажу няякасны тавар, і якія парушэнні найбольш часта фіксуюцца кантралюючымі органамі?
У дачыненні да харчовых прадуктаў гэта:
У дачыненні да нехарчовай групы тавараў:
Любая прадукцыя з выяўленымі парушэннямі забараняецца да абароту, тавар канфіскоўваецца, анулююцца дакументы адпаведнасці.
Звяртаем увагу нашых чытачоў на тое, што ў Беларусі створаны рэестр небяспечнай прадукцыі і забароненых да ўвозу і абарачэння на тэрыторыі краіны тавараў.
У ім ужо змяшчаецца каля 2800 найменняў тавараў, спіс увесь час абнаўляецца. Пералік забароненых тавараў уключае тэхнічныя вырабы (свяцільні, кабелі, лямпы, бытавую тэхніку, гірлянды і інш.), прадукты харчавання, тавары лёгкай прамысловасці, у тым ліку для дзяцей і падлеткаў, цацкі, друкаваную прадукцыю, мэблю і многае іншае.
Дадзены рэсурс знаходзіцца ў адкрытым доступе. І ўсе зацікаўленыя могуць выкарыстоўваць яго, каб пазбегнуць пакупкі забароненых з-за грубых парушэнняў патрабаванняў бяспекі тавараў, альбо адрэагаваць, калі такі тавар будзе заўважаны ў продажы.
Зараз у рамках еўразійскага саюза рэалізуецца пілотны праект па стварэнні адзінай базы небяспечных прадуктаў. Па словах Дзмітрыя Барташэвіча, Беларусь – самы актыўны ўдзельнік гэтага працэсу. Ёсць надзея, што ў хуткім часе з'явіцца паўнавартасная сістэма, якая дасць магчымасць праз долі секунды пасля ўвядзення інфармацыі рабіць яе даступнай і спажыўцам, і наглядным органам усіх краін-удзельніц ЕўрАзЭС, што дазволіць нашмат больш эфектыўна абараняць рынак ад небяспечных тавараў.
Мы неаднаразова давалі для нашых чытачоў інфармацыю, якую неабходна ведаць, выпраўляючыся за пакупкамі, каб не атрымаць расчараванне замест якаснага тавару. Нягледзячы на тое, што рынак у Беларусі ў цэлым застаецца бяспечным, быць напагатове ніколі не пашкодзіць.
Асвяжыце ў памяці карысную інфармацыю:
https://bel.24health.by/yaki-posud-lepsh-ne-kuplyac-razbiraemsya-u-yakasci-yago-materyyalau/
Напэўна, ніводная частка чалавечага цела не адчувае такую нагрузку, як ступні. Іх функцыі заключаюцца ў перамяшчэнні цела, яны трымаюць вагу чалавека, падтрымліваюць яго кантакт і счапленне з паверхняй. Разам з тым, маларухомы лад жыцця ці, наадварот, празмерныя нагрузкі, няўдалы выбар абутку, лішняя вага, паталогіі будовы ступні і іншыя фактары могуць прыводзіць да развіцця розных захворванняў, якія значна пагаршаюць якасць жыцця.
Адным з такіх захворванняў з'яўляецца падэшвенны (плантарны фасцыіт). Яно больш шырока вядомае пад іншай назвай – «пятачная шпора». Хвароба хаця і не небяспечная, але здольная прынесці чалавеку вялікія пакуты і дыскамфорт.
Пра сімптомы і прычыны развіцця пятачнай шпоры, а таксама метады лячэння журналісту Слушна распавёў траўматолаг-артапед кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Леанід Глазкін.
Чаму расце шпора? Падэшвенная фасцыя (пятачная шпора), растлумачыў Леанід Глазкін, – шчыльнае анатамічнае ўтварэнне, якое размяшчаецца ў вобласці падэшвы ступні. Па сутнасці, гэта пучок валокнаў, які праходзіць па ўсёй ніжняй частцы ступні і злучае пятачную костку з фалангамі пальцаў. Адна з яе задач – падтрымліваць зводы ступні і знешнюю форму. Дарэчы, каб яе адчуць, трэба выцягнуць пальцы – у такім становішчы падэшвенная фасцыя нацягваецца як струна.
У выніку ўздзеяння пэўных фактараў адбываецца траўмаванне падэшвеннай фасцыі, прычым самым слабым месцам з'яўляецца менавіта вобласць мацавання з пятачнай косцю. З-за пашкоджвальнага ўздзеяння ў гэтым месцы адбываюцца дэгенератыўныя змены, што і прыводзіць да развіцця захворвання.
Акрамя гэтага, фактарамі, якія правакуюць развіццё захворвання, могуць быць:
Дэгенератыўныя змены могуць адбывацца на працягу некалькіх гадоў, доўгі час нічым сябе не праяўляць да пэўнага моманту.
Асноўны сімптом захворвання – востры і моцны боль, асабліва пасля сну альбо пры нагрузцы на працягу дня. Адчуванне, што ачаг болю знаходзіцца глыбока ў пятцы. Першыя крокі раніцай могуць быць асабліва хваравітыя. Затым, пасля таго, як чалавек парухаецца, боль трохі сціхае.
Як вызначыць? Для дыягностыкі захворвання выконваецца рэнтгенаграфія ступні. Як правіла, на здымку добра бачныя так званы касцявы шып (адсюль хвароба і атрымала назву «пятачная шпора»). Ён фарміруецца з-за таго, што ў выніку мікратраўмаў здаровая тканка падэшвеннай фасцыі замяняецца шчыльнай, грубай злучальнай тканкай, каля пятачнай косткі назапашваюцца солі кальцыю.
Для таго, каб паменшыць боль пры руху, неабходна знізіць нагрузку на пятку. Напрыклад, для гэтага выкарыстоўваюцца спецыяльныя сіліконавыя ўкладышы для абутку.
На балючае месца некалькі разоў у дзень можна прыкладваць халодны кампрэс. Трымаць лёд, загорнуты ў тканіну, варта не больш за 15-20 хвілін. Гэта дапаможа зняць запаленне і боль.
Акрамя гэтага, рэкамендаваны прыём супрацьзапаленчых прэпаратаў, кратнасць прыёму і працягласць курса якіх прызначыць урач. Самалячэннем займацца не варта!
Эфектыўным спосабам лячэння з'яўляецца метад ударна-хвалевай тэрапіі (механічнае ўздзеянне на шпору з дапамогай гукавой ударнай хвалі). Працэдура спрыяе аднаўленню кровазабеспячэння і памяншэнню болевых адчуванняў.
У цяжкіх выпадках і пры моцным болевым сіндроме ў вобласць запалення выконваюцца блакады (ін'екцыі стэроідных прэпаратаў).
На жаль, цалкам пазбавіцца ад пятачнай шпоры вельмі цяжка, адзначыў эксперт. Пры пэўным збегу абставінаў яна можа даць пра сябе ведаць зноў.
Зрэшты, адтэрмінаваць гэты момант дапаможа захаванне простых правілаў прафілактыкі. Яны заключаюцца ў тым, каб падтрымліваць здаровую вагу, выбіраць зручны абутак, з улікам усіх асаблівасцяў вашай ступні, у тым ліку і для заняткаў спортам, рэгулярна выконваць практыкаванні на расцяжку ікраножных мышцаў, ахілава сухажылля і фасцыі (напрыклад, штодня перакочваць нагой качалку альбо мячык).
https://bel.24health.by/daglyadem-pyatachki-kapsult-padolag/
Мне падаравалі яго досыць даўно, калі на працы мы, аматары пакаёвых кветак, пачалі выбіраць для сябе ў якасці віншавання-падарунка ад калектыву не букеты, а кветкі ў вазонах. Плюс дарылі адна адной іх жа. Вядома ж, тады пра лекавыя ўласцівасці і не думалася. Прыцягвала найперш знешняя прыгажосць.
З таго часу з раслінай маёй шмат чаго здаралася. Некалькі адросткаў з лістамі нават перагрыз папалам… пацук, што завёўся ў кватэры. Ну як завёўся… Калі суседзі зверху патруцілі, прыйшоў жыць да нас… Пакуль і мы не адправілі яго далей па этапу… 🙂 Але напаскудзіць паспеў.
Заміякулькас тады доўга хварэў і адцураўся нават ад здаровых сцяблінаў з лісточкамі. Мабыць, такі быў у раслінкі стрэс… пасля пацучыных зубоў. Але нічога. У рэшце рэшт, заміякулькас ачуняў і працягвае радаваць. Магчыма, нават калі-небудзь ручкі і дойдуць да яго перасадкі… 🙂
А калі зараз пачала высвятляць, чым жа ён карысны… Ого-го! Аказваецца, знаўцы раяць садзіць гэтыя расліны, і пабольш, у бальніцах, паліклініках ды іншых месцах, дзе патрэбнае свежае ачышчанае паветра. Не механічным, а вось такім натуральным чынам, з дапамогай раслінаў.
Бо заміякулькас мае прыродны фільтр, які пазбаўляе невялікія памяшканні ад вуглякіслага газу, узбагачаючы паветра кіслародам. Ну, гэта адна раслінка ачышчае маленькае памяшканне. А калі завесці некалькі… Размяшчаць дома найперш трэба ў спальні. Тады, кажуць, сон будзе больш моцным і здаровым. Цікава, што ў мяне ўжо некалькі гадоў заміякулькас жыве менавіта ў спальні… 🙂
А паколькі тут жа і камп’ютар з ноутам… Сцвярджаецца, што гэтая загадкавая расліна не толькі дапаможа зрабіць больш карысным паветра, але і палепшыць людскія працаздольнасць і ўвагу. Толькі на вялікую спальню патрэбна 2-3 кветкі. Аа-а-а-а-а, вось чаму я нічога такога асаблівага не адчуваю! 🙂 Бо ў мяне-то – адна! Трэба тэрмінова размножыць! 🙂
Даследчыкі сцвярджаюць, што заміякулькас таксама спрыяльна ўплывае на стан хворага. А размешчаны побач з яго ложкам, здольны нават паменшыць боль. Толькі не трэба ленавацца своечасова апырскваць расліну і праціраць лісце ад пылу.
Але, вядома ж, ёсць тут і лыжка дзёгцю. Заміякулькас – ядавіты! У любой яго частцы – шкодныя таксіны. І можна добра-такі атруціцца, нават хатнім жывёлам. Таму калі ваш коцік ці котка (а можа сабачка) любіць каштаваць усё зялёнае на зуб, заміякулькас трэба паставіць у месца, да якога жывёлінка ну ніяк не дабярэцца!
Трэба таксама прывучыць сябе і сямейнікаў да правілаў абыходжання з гэтай раслінай. Напрыклад, нельга спачатку кратаць лісце, а тады церці вочы. Спецыялісты кажуць, што можна нават атрымаць апёк слізістай!
А цяпер звернемся зноў да добрага! J Недарэмна ж заміякулькас назвалі даляравым дрэвам. Лічыцца, што расліна прыносіць у дом багацце і дастатак. Ну, а паколькі, у адрозненне ад таўсцянкі (грашовага дрэва) заміякулькас – дрэва даляравае… 🙂 Наўрад ці хто адмовіцца ад такога падарунка з намёкам-пажаданнем, праўда?!
А вы ведаеце, што ёсць у яго і яшчэ адна адмысловая народная назва?! Якая? «Жаночае шчасце» Красамоўная, праўда?! Але каб тое шчасце займець, трэба атрымаць заміякулькас у падарунак, прычым… у перыяд цвіцення. А цвіце ён цікава, хаця і не сказаць каб прыгожа. А галоўнае – рэдка… Таму некаторыя называюць яго нават кветкай бясшлюбнасці.
Даволі часта, праходзячы міма кропак, дзе гандлююць пакаёвымі раслінамі, бачу сярод іх даляравыя дрэвы. А вось каб з кветкай, дык ні разу не згледзела… Эх… Дзе ж яно, наша шчасце?! 🙂
Лічыцца, што з’яўленне грашовага прыбытку ў доме абвяшчае адрастанне новых сцяблінаў з лісцем. 🙂 А размяшчацца заміякулькас павінен у левым дальнім вуглу памяшкання. Але ў мяне яно занятае… швейнай машынкай маркі “Зінгер”. Памяць пра бабулю… Але, што самае цікавае, даляравае дрэва сапраўды размяшчаецца непадалёк. 🙂 Так атрымалася…
А ў вас расце заміякулькас?!
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Арганізатарам рэспубліканскага конкурсу, які праходзіць ужо ў 12-ы раз, з'яўляецца Беларускі саюз жанчын (БСЖ). Сёлета цырымонію давялося адкласці на два месяцы з-за эпідэміі каранавіруса.
Першымі на сцэну па ўзнагароды ўзняліся жанчыны-медыкі, праца якіх у 2020-м сталася сімвалам мужнасці і надзеі. Былі адзначаныя прадстаўнікі кожнай з абласцей Беларусі і г.Мінска. Старшыня БСЖ Марыяна Шчоткіна нагадала, што ўвесну саюз арганізаваў акцыю «Марафон падтрымкі» ў дапамогу медработнікам. Яна падзякавала ўсім, хто браў актыўны ўдзел: «Жанчыны Беларусі – гэта тыя, хто любіць і шануе нашу краіну і пацвярджае гэта не толькі прамовамі, але і ўласнымі справамі».
Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава назвала ўсіх тых, хто сабраўся, «сяброўкамі» і нагадала: «Жанчыны могуць усё! Мы разам, а значыць, мы – сіла».
Шмат удзячных слоў пачулі ўдзельніцы Беларускага саюза жанчын ад віцэ-прэм'ера Ігара Петрышэнкі: «Дзякуй за вашую працу, вашую дабрыню, за тое, што церпіце часам моцную палову чалавецтва. Хаця невядома, хто тут моцны, а хто слабы. У Беларусі жывуць самыя прыгожыя жанчыны свету. Гэта ацэнка не толькі беларускіх мужчын, але і ўсіх, хто прыязджае да нас, а потым не хоча ад'язджаць, бачачы такую прыгажосць. Няхай мір, шчасце і росквіт заўсёды будуць у нашай краіне».
Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік дадаў, што «нашы жанчыны, нягледзячы на традыцыйную ролю захавальніцы хатняга ачага, ніколі не задавольваліся толькі ёй. Зараз ім не трэба ўваходзіць у хаты, што гараць, і спыняць коней, якія скачуць. Гэтым займаюцца мужчыны з МНС і ДАІ, але нашыя жанчыны не застаюцца ў баку і адыгрываюць актыўную ролю ў жыцці краіны». Міністр заклікаў усіх мужчын сказаць словы падзякі сваім матулям за тое, што вырасцілі, і жонкам – за тое, што яны гадуюць іх дзяцей. «Пакуль у краіне чуецца дзіцячы смех, у яе ёсць будучае», – нагадаў міністр.
У размове з журналістамі Ігар Петрышэнка звярнуў увагу, што жаночае насельніцтва ў Беларусі пераважае – 53,8%. Жанчыны паспяваюць і кіраваць, і ствараць, і рэалізоўвацца ва ўсіх прафесіях. Па словах віцэ-прэм'ера, у Беларусі высокі паказчык колькасці жанчын у парламенце – імі занята 40% месцаў, у іншых краінах гэтая квота складае 25,6%.
Ігар Петрышэнка паведаміў, што з 1-га жніўня павялічваецца памер дапамогі пры нараджэнні першага дзіцяці – да 2561 рубля, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей – да 3585 рублёў. Таксама павялічацца дапамогі па доглядзе дзіцяці да 3-х гадоў. З першым дзіцем гэтая лічба складзе 428 рублёў, з другім і наступнымі – 488 рублёў. Узровень выплатаў для падтрымання мацярынства ўвязаны з сярэдняй заработнай платай па краіне. Дзякуючы праграме «сямейны капітал», за апошнія 4 гады прырост трэцяга і наступных дзяцей вырас на 140%. Ігар Петрышэнка заклікаў да стварэння гендэрнай роўнасці і павелічэння ролі мужчын пры выхаванні дзяцей.
Па выніках 12-га рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года» было ўручана 38 знакаў-сімвалаў (васільковых жар-птушак) у намінацыях «Паспяховы кіраўнік», «Лідар Беларускага саюза жанчын», «Матчына слава», «Гаспадыня сяла», «Духоўнасць і культура».
Фота – Віталь Гіль.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Сіндром сухога вока – не небяспечны, але вельмі непрыемны стан, які з-за пастаянных дыскамфортных і нават балючых адчуванняў перашкаджае і ў працы, і ў побыце. У папярэднім матэрыяле мы падрабязна распавялі, з-за чаго можа ўзнікнуць сухасць у вачах і якімі сімптомамі яна праяўляецца. Афтальмолаг вышэйшай катэгорыі аддзялення лазернай мікрахірургіі вока Рэспубліканскага афтальмалагічнага цэнтра на базе 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска Аміна Хаддад распавяла, як лячыць сіндром сухога вока і што рабіць, каб папярэдзіць развіццё паталогіі.
Самым правільным рашэннем перад тым, як лячыць сіндром сухога вока, будзе наведванне афтальмолага. Перш за ўсё гэта неабходна, каб правільна паставіць дыягназ, выключыўшы тым самым верагоднасць іншых паталогій вока з падобнай сімптаматыкай. Мы ўжо пісалі, што нярэдка без кансультацыі афтальмолага праявы сухасці вачэй можна памылкова прыняць за кан'юктывіт, а пагаршэнне зрокавага ўспрымання – за дысфункцыю рэфракцыі. Між тым тэрапія пры гэтых паталогіях кардынальна адрозніваецца ад лячэння сіндрому сухога вока.
Асноўны прынцып лячэння пры парушэнні слёзнай плёнкі і зніжэння выпрацоўкі слязы – выкарыстанне кропель-слёзазаменнікаў (прэпаратаў штучнай слязы). Фармацэўтычны рынак прапануе шырокую разнастайнасць такіх сродкаў. Умоўна іх можна падзяліць на 3 асноўныя групы:
Прэпараты штучнай слязы, як правіла, прызначаюцца курсам, але не менш за 2 тыдні са штодзённым закапваннем вачэй праз роўныя прамежкі часу.
Слёзазаменнікі добрыя тым, што не выклікаюць алергічных рэакцый і прывыкання нават пры пастаянным выкарыстанні. Адпаведна, прымяняць іх можна працяглы час – столькі, колькі ў гэтым ёсць неабходнасць.
Як вядома, любую праблему лягчэй папярэдзіць, чым потым думаць, як ад яе пазбавіцца. Але нават лячэнне многіх паталогій грунтуецца перш за ўсё на ліквідацыі прычын, якія выклікалі захворванне.
Вядома, у сучасным свеце наўрад ці магчыма цалкам адмовіцца ад выкарыстання камп'ютараў, смартфонаў і іншай лічбавай тэхнікі. Але можна хаця б паспрабаваць знізіць страты, якія гаджаты наносяць нашаму здароўю.
Эксперт прапанавала выконваць некалькі простых, але эфектыўных правілаў, якія дапамогуць зберагчы здароўе вачэй.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Не менш за 75% жанчын сутыкаліся з ёй хаця б раз у жыцці, а 50% – неаднаразова. Нягледзячы на гэта, чутак і здагадак вакол малочніцы дастаткова. Як звязаныя малочніца і цукровы дыябет? Ці можна заразіцца ў басейне альбо лазні? Ці праўда, што тампоны і стрынгі – правакатары развіцця хваробы? Ці перадаецца яна палавым шляхам? Ці дастаткова адной таблеткі, каб пазбавіцца ад праблемы? Чаму ласуны – у групе рызыкі?
На пытанні журналіста інфармацыйнага партала Здаровыя людзі адказаў акушэр-гінеколаг 1-й ГКБ г.Мінска Дзмітрый Трафімчык (@ginekolog_trofimchik).
Малочніца (вагінальны кандыдоз, кандыдозны кальпіт) – запаленчае захворванне слізістай абалонкі похвы, якое выклікаюць дрожджападобныя грыбы роду Candida.
Сімптомы захворвання – сверб, смыленне, белыя тварожыстыя выдзяленні з похвы. Па выглядзе яны нагадваюць сквашанае малако. Таму ў народзе вагінальны кандыдоз і празвалі малочніцай.
Прычыны малочніцы ў жанчын:
Наша жыццё поўнае напружання, таму адной з важных якасцяў сучаснага чалавека робіцца здольнасць аднаўляць душэўную раўнавагу. Для жанчын гэтая рэкамендацыя асабліва важная. Бо амаль усё жаночае здароўе завязанае на эмацыянальным спакоі. Знізіць узровень стрэсу могуць стасункі з блізкімі і сябрамі, хобі да душы, прагулкі на свежым паветры, медытацыі... Як толькі стрэс атакуе, адбываецца мясцовае зніжэнне імунітэту. І Candida тут як тут.
Малочніца – распаўсюджаная, але зусім не такая ўжо і бяскрыўдная хвароба. З яе дапамогай жаночы арганізм сігналіць, што парушаны мясцовы імунітэт. А гэта нагода перагледзець рэжым дня, харчавання, сачыць за ўзроўнем гармонаў і г.д. Хранічнае ж цячэнне вагінальнага кандыдозу – важкі аргумент здаць аналіз на ІППШ.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
One fine body…