«А ты паставіла ўжо ёлку?!», «Зорка павінна быць адна!», «Мур-мур – вішу на дрэве!»… У сацыяльных сетках пануюць… ёлачныя коцікі! На паштоўках віртуальных і на самых рэальных фотаздымках. І немагчыма ўтрымацца ад смеху, пазіраючы на тое, як яны спрабуюць асвоіць калючыя дрэўцы – натуральныя і штучныя.
Так-так, штучнымі ёлкамі гэтыя вусатыя-паласатыя таксама цікавяцца! А яшчэ любяць сцягваць зубамі і лапкамі мішуру, скідваць ёлачныя цацкі і ганяць іх з кута ў кут… Фантазія коцікаў – бязмежая! Відаць, і яны, гэтак жа, як і мы, з нецярплівасцю чакаюць надыходу навагодніх святаў. Каб пазабаўляцца.
Таму ў пераднавагодняй мітусні прапаную прыпыніцца і проста пазахапляцца гэтымі мілымі істотамі. Пасмяяцца і ўзняць сабе настрой. І першы пасля выхадных працоўны дзень падасца не такім шэрым і хмурным… А смех жа – памятаем?! Працягвае жыццё. А бывае – нават пазбаўляе ад галаўнога болю. Праверана на сабе!
Пэўны час таму ў нас таксама дома жылі коткі. Дзве. Маці і дачка. Маша і… Маша. Трохколерныя. Толькі мама з гладкай поўсцю, а дачка – калмаценькая. Затое плямкі рыжанькія ў іх былі на аднолькавых месцах! Дык вось штосьці не памятаю, каб яны праяўлялі якую цікавасць да ёлак. Галоўнае – дакладна іх не скідвалі на падлогу…
А вось калі б коцікі ўмелі размаўляць… Мабыць, сапраўды, як смяюцца ў сеціве, сказалі б штосьці накшталт: «Місія выканана!». І ўжо не важна, што пасля ад гаспадара ці гаспадыні можна атрымаць і тапкам. Галоўнае – задавальнення-то колькі ў коціка! Прама на «фэйсе» напісана!
Хаця, часцей за ўсё, унікнуўшы ў настрой моманту, яны да прыходу гаспадароў паспяваюць прыняць засяроджаны, незадаволены альбо вінаваты выгляд. Ці такі… цалкам незалежны. Маўляў, не я гэта, не Я-а-а-а-а! Яна сама!!! Хаця, мяркую, калі б мы маглі прачытаць думкі ёлачных (ды і іншых) коцікаў… Вось, мусіць, здзівіліся б!
«Мая котка залезла на ёлку і зламала галінку», – піша сяброўка ў сацыяльнай сетцы. Я штосьці прыкідваю і ўдакладняю: а ёлка-то – штучная?! Ці сёлета – не? Так, у штучнай ёлкі галінку зламала. Ну не котка, а слон нейкі! І чаго вось шчамілася на яе?!
Вучоныя сцвярджаюць, што такая цікаўнасць коцікаў да ёлак цалкам натуральная. Бо ўпрыгожаныя навагоднія дрэўцы, якія пераліваюцца і шамацяць мішурой пры дакрананні, не стаяць у памяшканні круглы год. Коцікам яны проста нагадваюць цацкі. Прычым найбольшую цікавасць праяўляюць маладыя жывёлы і прадстаўнікі пэўных парод – абісінскія, напрыклад. А скакаць на ёлку і ўвогуле з’яўляецца для коцікаў рэфлексам.
Зрэшты, актыўная гульня з ёлкамі – не такі ўжо і бяскрыўдны занятак для коцікаў. Здараюцца траўмы ды іншыя непрыемнасці. Таму навагоднія дрэўцы, асабліва штучныя (бо для іх шкоды ніякай), раяць апрацаваць асвяжальнікам паветра з цытрусавым пахам альбо ачысціць пабольш цытрусавых (мандарынаў, апельсінаў, лімонаў) і раскласці пад ёлкай. Бяром параду на ўзбраенне! Каб не давялося вынаходзіць яшчэ больш крэатыўныя спосабы – накшталт гэтага, на фота:
Усім – прыемнага дня і выдатнага настрою!
Накрыць стол без аліўе 31 снежня – амаль тое ж самае, што сустракаць Новы год без ёлкі: нагода ёсць, а свята няма. «Мімоза», заліўная рыба, селядзец пад футрам, мяса па-французску... На постсавецкай прасторы гэтыя стравы, як і салата з гарошку, тоесныя навагодняй ночы.
Разам з урачом-дыетолагам Надзеяй Рабавай мы праверылі класіку навагодняга меню, злёгку яе мадэрнізавалі ў духу сучасных трэндаў, пры гэтым максімальна захавалі вернасць традыцыям. Навошта нам гэта трэба і што ў нас атрымалася, чытайце ў матэрыяле.
Да такой высновы мы прыйшлі разам з экспертам-дыетолагам, вывучыўшы старое добрае навагодняе меню. Ну так, маянэзу зашмат, у пэўных стравах інгрэдыенты не спалучаюцца адзін з адным і пагражаюць страўніку стрававальным калапсам, спосаб тэрмічнай апрацоўкі іншых прадуктаў мог быць больш ашчадным... Але, як кажуць, есці можна. Адзін раз у год дык дакладна.
Надзея Рабава:
– Калі чалавек здаровы, яго арганізм прыме ўсё: і крухмалістыя буракі, і салёны селядзец, і маянэз, смажанае, тлустае і дэсерт зверху. Нават калі весці размову з пункту гледжання здаровага харчавання, умоўна шкодная ежа цалкам упісваецца ў яго формулу. 80% часу (тыдзень, месяц, год ці ўсё жыццё) чалавек павінен мець збалансаваны разнастайны рацыён і рэжым харчавання. А ў астатні перыяд можа дазволіць сабе ўсё, што заўгодна, без шкоды для здароўя: бульбу фры, смажаную катлету, салату з маянэзам, нават чыпсы з газіроўкай... Зразумела, без фанатызму і калі няма праблемаў са здароўем, асабліва з боку органаў стрававальнай сістэмы.
Так што слабое месца ў навагодняй разнастайнасці не столькі «шкодная і нездаровая» ежа, колькі вялікія аб'ёмы і сумарна высокая пажыўная каштоўнасць страў. Рэдкі шчасліўчык прачынаецца 1-га студзеня з лёгкім страўнікам і думае пра мінулае начное свята без дрыжыкаў. А яшчэ трэба будзе даесці тое, што засталося... Уф-ф-ф…
Галоўнае свята года для СКТ з пункту гледжання фізіялогіі падобна да шокавай тэрапіі. Страўнік у прынцыпе пасля заходу сонца настроены толькі на адпачынак. Але ў Новы год яму даводзіцца не проста працаваць, а «пахаць»: шмат, цяжка і ўсю ноч запар. На жаль ці на шчасце, фізічна падрыхтаваць страўнік да такой падзеі нельга, затое палегчыць яму працу, а сабе наступствы ад застолля – цалкам магчыма.
Такім чынам, прыступім да самага цікавага. Зробім класічныя рэцэпты са святочнага меню менш каларыйнымі і больш лёгказасваяльнымі.
Паколькі многія з традыцыйных страў маюць вялікую колькасць маянэзу, гэты інгрэдыент лепей адразу ўсюды замяніць.
Замест яго можна выкарыстоўваць натуральны ёгурт, альбо смятану нізкай тлустасці (да 15%), альбо сумесь натуральнага ёгурта і смятаны (адмыслова для палкіх аматараў маянэзу дапускаецца даданне падліўкі з разліку 1 ст.л. маянэзу на 2 ст.л. смятаны і 2 ст.л. ёгурта).
Перш за ўсё неабходна пазбавіцца ад звычкі крышыць у салату вараную каўбасу. Аддайце перавагу адварной ялавічыне альбо курынаму філе.
Марынаваныя агуркі замяніце свежымі. Гурманы ацэняць прысутнасць у салаце сельдэрэю.
Калі ёсць магчымасць, лепей абысціся без кансерваванага гарошку, замяніўшы яго свежазамарожаным (зразумела, папярэдне размарозіўшы).
Кансерваваны гарошак прамысловай вытворчасці адносіцца да прадуктаў з так званымі схаванымі цукрам і соллю.
Адзіны інгрэдыент (не лічачы маянэзу), які трапіў пад прыцэл нашага эксперта, – селядзец. Надзея Рабава раіць па магчымасці самастойна і крыху загадзя прыгатаваць рыбу для стравы, рэгулюючы ступень салення і колькасць дададзенага цукру. Астатнія кампаненты падыдуць: і буракі, і яйкі, і бульба з морквай.
Звярніце ўвагу: «селядзец пад футрам» – зусім не салата, як прынята лічыць, а паўнавартасная шматкампанентная самадастатковая страва, прыгатаваная з інгрэдыентаў, кожны з якіх мае высокую пажыўную каштоўнасць.
Надзея Рабава:
– Буракі, моркву і бульбу не любяць за высокую каларыйнасць і крухмалістасць і, як следства, нагрузку на падстраўнікавую залозу. Але адмаўляцца ад іх зусім няма неабходнасці. А вось сумарнае спажыванне буракоў, бульбы і морквы ў гатовым выглядзе павінна быць абмежаванае 400 грамамі на тыдзень (сюды ўсё ўваходзіць: агародніна ў супах, салатах, у якасці гарніру…).
Рыбныя кансервы пакідаем у любым выпадку, на іх, можна сказаць, уся салата трымаецца, але выбіраем пры набыцці прадукт ва ўласным соку.
Сыр выкарыстоўваем мінімальнай тлустасці, усё роўна ён нясе хутчэй дэкаратыўную функцыю, чым смакавую.
Калі адмовіцца ад выкарыстання ў страве яечнага жаўтка, пакінуўшы толькі бялок, гэта дазволіць яшчэ больш знізіць яго калараж. Такая салата будзе даспадобы нават тым, хто худзее.
Замяняльнікам крабавых палачак можа служыць адварны кальмар, белага рысу – буры, а яшчэ лепей і больш дыетычна – пекінская капуста, кансерваванай кукурузы – свежамарожаная. Наогул кукуруза як самастойная страва проста цуд, настолькі добрая. Але ў шматкампанентнай салаце менавіта яна істотна ўскладняе страваванне.
Смачна, пальчыкі абліжаш. Але грыбы самі па сабе – цяжкі для стрававання прадукт, а ўжо ў спалучэнні з варанымі яйкамі і да прыёму ферментных прэпаратаў недалёка... Лепей выкарыстоўваць больш лёгкае начынне: зеляніну, рыбу, агародніну ў любым выглядзе.
Калі замяніць пасмажаную цыбулю і моркву на сумесь са свежай альбо свежазамарожанай агародніны, атрымаецца не менш святочная, але больш лёгкая і карысная страва.
А вось да заліўной рыбы ў нашага эксперта, урача-дыетолага Надзеі Рабавай ніякіх прэтэнзій няма. Лёгкая, малакаларыйная і карысная страва, незалежна ад таго, якая рыба выкарыстоўваецца для яе прыгатавання.
Замяняючы інгрэдыенты па прынцыпе: больш каларыйныя на менш каларыйныя, кансерваваныя на свежыя альбо свежамарожаныя, са схаваным цукрам і соллю на прадукты ва ўласным соку альбо хатняга прыгатавання, – можна дасягнуць лёгкасці ўсіх страў, ад якіх будзе ламіцца святочны стол.
Не хочаце рызыкаваць – паэксперыментуйце загадзя.
І напрыканцы некалькі ўніверсальных парадаў для таго, каб ежа каменем не легла ў страўніку.
Няцяжкага застолля і лёгкага абуджэння!
Ну што ж, на прыкладзе года 2020-га, з якім зусім хутка мы развітаемся, яшчэ раз пацвердзіліся простыя ісціны. Самае галоўнае ў жыцці любога чалавека – гэта здароўе. А самае каштоўнае – само жыццё.
Цёплыя абдымкі родных, надзейнае плячо сябра побач, падтрымка і дапамога знаёмых і незнаёмых, віртуальныя і рэальныя чалавечыя стасункі… Усяго гэтага, бывае, так не хапае… Усё гэта таму так цэніцца…
Сказаць, што год быў няпростым, – не сказаць нічога. Калі хтосьці ўжо падсумоўваў уласныя набыткі і страты (часцяком зусім не матэрыяльныя), той са мной пагодзіцца. І, мабыць, упершыню за ўвесь час працы журналістам (а гэта фактычна ўжо два дзесяцігоддзі) я не магу парадаваць сваіх чытачоў бадзёра-ўзнёсла-рамантычным святочным роздумам. Даруйце…
Не, я, праўда, вельмі рада за тых, у каго ўсё добра! Ёсць праца і заробак, сваё жытло, усе блізкія жывыя і здаровыя… Хто не хварэе зараз, не знаходзіцца ў бальніцы, на самаізаляцыі ці яшчэ дзе… Хто збіраецца адсвяткаваць Новы год з ёлкай, мандарынамі, багата накрытым сталом і гасцямі… А можа, нават не дома, а на свежым паветры. Хаця надвор’е абяцаюць і зусім не навагодняе…
Прыемных вам святаў, шаноўныя сябры! Беражыце сябе і сваіх родных, радуйцеся кожнай хвіліне.
Са шчырым спачуваннем я звяртаюся да тых, хто, як і я, страціў сёлета самага блізкага чалавека, любімага сваяка, сябра, знаёмага… Дай Бог нам усім сіл і цярпення, каб хаця б знешне рабіць выгляд, што мы жывем далей…
І можна наракаць на гэты нешчаслівы – высакосны, «пацучыны» – год… На нешанцаванне, лёс, вышэйшыя сілы, збег абставінаў, прадказанне астролага… На жаль, нічога гэта ўжо не зменіць. Хаця, можа, кагосьці і суцешыць спадзяванне на тое, што новы год будзе лепшым – ва ўсіх адносінах. Вось толькі людзей – не вярнуць.
Калі хтосьці, як і я, не будзе сёлета святкаваць зусім… Гэта – ваша рашэнне, і вы маеце на гэта поўнае права. А год новы ўсё роўна ж надыдзе. Незалежна ад таго, чакаем мы яго, рыхтуемся, святкуем ці не. І мы проста прачнемся ў 2021-ым… І пачнем карыстацца ўжо гэтымі лічбамі…
А як жа з загадваннем жаданняў апоўначы? З верай у цуды? З падарункамі? Феерверкамі? Вядома ж, усё гэта ў пэўным сэнсе таксама падтрымлівае і дапамагае жыць… І калі ёсць такое жаданне, усё задуманае і запланаванае варта ажыццявіць. Няхай яно прынясе вам адчуванне свята…
Калі ў сям’і ёсць дзеці, унукі, праўнукі, варта наладзіць для іх свята сапраўднае. Бо ўсе дзеці, незалежна ад таго, у які гістарычны перыяд нарадзіліся, у пэўным узросце вераць у цуды, у Дзеда Мароза… Давайце дапаможам ім не згубіць гэтую веру. Каб у далейшым яны не адчувалі сябе абдзеленымі…
Тым, хто і ў навагоднюю ноч знаходзіцца на сваіх працоўных месцах, я жадаю займець хаця б некалькі вольных хвілін, каб перанесціся ў думках у той Новы год, які вы і дагэтуль памятаеце з прыязнасцю. Каб і на вялікай адлегласці вы адчулі падтрымку і любоў сваёй сям’і, родных, блізкіх, сяброў. І хаця б віртуальна пабылі разам…
Асобныя шчырыя словы падзякі, пашаны і любові хочацца выказаць медыцынскім работнікам, якія і падчас навагодніх святаў будуць знаходзіцца побач з хворымі, вырываць іх з бязлітасных абдымкаў каранавіруса…
Дай Бог вам цярпення, умення, жадання, хацення і сіл, каб дапамагаць тым, хто апынуўся бездапаможным перад хваробай. І каб былыя вашы пацыенты затым узгадвалі вас толькі з бязмернай удзячнасцю за зробленае.
І ўсё ж, нягледзячы ні на што, удачы і шанцавання нам усім! Няхай 31-га снежня ўсе паспеюць туды, куды ім трэба, набудуць тое, што хацелі, сустрэнуцца з тымі, з кім запланавалі.
Калі вы шчыра верыце ў тое, што наступны год абавязкова будзе лепшым за папярэдні… Няхай так і складзецца! Калі збіраецеся пакінуць у старым годзе ўсе крыўды і няўдачы… Няхай яны там і застануцца.
З надыходзячым Новым годам, шаноўныя сябры! Здароўя моцнага ўсім, добрага самаадчування, душэўных сіл, цярпення, мудрасці, дабрыні, веры, надзеі і любові. Абдымаю!
Заплюшчыце вочы і ўдыхніце глыбей...
Чым пахне гэты час для вас?
Можа, мандарынамі, цукеркамі ды імбірным пернікам?.. А можа свежай ігліцай, снегам і шампанскім?..
Гэта пах Новага года! Ён зусім побач…
Часам хочацца захаваць водар свята на ўсе зімовыя месяцы (а можа і ўлетку зрэдчас даставаць «чароўны куфэрак», каб вяртацца ў навагоднюю казку). І майстры парфумерных спраў ужо ўсё прыдумалі! Змяшалі, разлілі і закаркавалі – засталося толькі вызначыцца з выбарам і падарыць каханаму чалавеку (ці сабе) той самы непаўторны водар Новага года!
Забаўна, але мандарынавыя ноты ёсць у самых вядомых парфумерных дамоў і прадстаўленыя як у жаночай, так і ў мужчынскай парфуме, прычым вельмі вядомай. Не верыце?
Дарэмна! Вось, напрыклад, парфумаваная вада Coco Mademoiselle Chanel. У ёй ёсць і мандарын, і апельсін, і ваніль... Але пры гэтым пах настолькі яркі і радасны, што ў ім хочацца кружыцца і танчыць. Гэтая мадэмуазэль шалёна любіць жыццё, і для яе кожны дзень – маленькае свята. Вядома, гадоў праз пяць-дзесяць яна «пасталее», палюбіць класіку (скажам, «Шанэль №5»), а пакуль можна дазволіць сабе крыху больш, чым іншыя... Каб было, што распавесці ўнукам!
У пару ёй – мужчынскі водар таго ж брэнду, Allure Homme Sport Cologne Sport Chanel. Тыя ж цытрусавыя, мандарын, апельсін, лімон, грэйпфрут, а яшчэ спецыі, кедр і яловая смала. Трохі падобны да Dior Homme Cologne ад Christian Dior, але ў апошнім ёсць яшчэ какава, лаванда, касач і скура... Узімку з ваўнянага швэдра адчуваецца проста шыкоўна.
У Christian Dior ёсць і жаночая «мандарынка» – Miss Dior (new). Італьянскі мандарын, егіпецкі язмін, ружа, пачулі і мускус. Сакавітасць Мадэмуазэль ад Шанэль і амброва-мядовы шлейф, толькі вось Дыёраўская міс больш пернікавая і цягучая, хаця і не менш какетлівая і высакародная.
У вас сапраўды няма алергіі на мандарыны?
Тады абавязкова паспрабуйце цытрусавы фужэрны водар ад Guerlain - Aqua Allegoria Mandarine Basilic. Мандарын і базілік – яго асноўныя інгрэдыенты. Асвяжае, бадзёрыць, іскрыцца, як зімовае сонца.
Калі ж у зімовы дзень захочацца памарыць пра лета, убачыць мядовыя сны, дык самы час звярнуць увагу на Poeme ад Lancome. Сапраўдны парфумны антыдэпрэсант з нотамі чорнай парэчкі, слівы, персіка, водарам мімозы, нарцысу, фрэзіі, язміну, геліятропу, туберужы і апельсінавай квецені. Цудоўна «садзіцца» на футра... Камусьці нагадае букет кветак, камусьці – калядны пернік, але не заўважыць яго дакладна немагчыма, як і забыцца на яго.
Back to Black by Kilian – водар, які могуць насіць і мужчыны, і жанчыны. У яго кампазіцыі не толькі пернікі, але і шафран, кардамон, каляндра, мускатны арэх, белы мёд, міндаль, ваніль, вішня... Яго час – зіма. Месца – цёплая коўдра і крэсла перад камінам. Лёгкі дымок, ноты кедра і сандала нагадаюць вам пра ўтульныя зімовыя вечары нават пасярод лета.
А вось адчуць сябе маленькай дзяўчынкай у чаканні цуду дапаможа Pink Bouquet Moschino. Лёгкая слодыч малінавых цукерак, ананас, персік і – так-так! – той самы калядны імбірны пернік!
Імбір ёсць і ў Miracle ад Lancome, у ім таксама выявяцца мандарыны, але з лёгкімі пудравымі ноткамі.
Не пашкадавалі імбіру з чырвонымі ягадамі і ў Ginger Musk ад Montale. Гэта вінтажны аксамітны водар, які нагадвае пра Венецыянскі карнавал.
Што яшчэ кладуць у пернікі? Міндаль, напрыклад. Самы «смачны» міндаль, па водгуках аматараў парфумы са стажам, у Etro Heliotrope. Акрамя таго, у ім ёсць геліятроп, касач, язмін, талуанскі бальзам і ваніль. Словам, выдатная магчымасць папесціць сябе салодкім, не парушаючы дыеты.
Для аматараў шакаладу падыдзе водар Chocolate Greedy Montale. Кава, какава, ваніль, бабы тонка, горкі апельсін і сухафрукты. Выдатная замена кубачку кавы з любімай слодыччу. Мінус – водар шакаладнага печыва так падобны на сапраўдны, што ўстрымацца ад дэсерту практычна немагчыма!
Не можаце без пралінэ – падарыце сабе парфуму La Vie Est Belle ад Lancome, CH Carolina ад Herrera або Angel ад Mugler. Соладка? Так! І пры гэтым ніякіх лішніх калорый!
Для тых, у каго Новы год асацыюецца з гэтым іскрыстым напоем, падыдзе Gucci Premiere Eau de Toilette. Водар і для асаблівага выпадку, і на кожны дзень. Адкрываецца акордамі марачнага шампанскага, бергамоту і флёрдаранжу, працягваецца букетам ружы, фрэзіі і язміну, скурай, дрэвам і пачулі ў базе. Пачуццёвы, ап'яняльны і святочны, нібы крыштальны келіх, поўны шампанскага…
Але што б вы ні ўзялі, памятайце, што водар лепей пратэсціраваць не на блотары, а на ўласным запясці. На скуры кожнага чалавека парфума раскрываецца па-рознаму, і тут важна слухаць сябе, так што… Заплюшчыце вочы і ўдыхніце глыбей…
Па праўдзе, сёння такі дзень, што найперш рукі варта заняць венікам, анучкай, пыласосам ды іншымі гаспадарчымі рэчамі. Бо сёння – Філімон, Філімонаў дзень! Не буду пераказваць усе яго асаблівасці – пераходзім па спасылцы і чытаем! Нагадаю толькі пра галоўнае: трэба прыбірацца ў жытле, каб не актывізавалася нячыстая сіла, і часцей умывацца!
Затое пасля, калі ўсё будзе прыбранае і кожная рэч зойме сваё месца, можна і за нажніцы ўзяцца. Бо сёння яшчэ і Дзень выразання сняжынкі з паперы! Ну як тут ні прыгадаць уласнае дзяцінства?! І яшчэ нам у гэтым можа дапамагчы… Дзень шыварат-навыварат! 🙂 Але аб усім – па парадку…
Дзяцінства – маё і маіх аднагодкаў – прыпала на 70-80-я гады мінулага ўжо стагоддзя. І калі б хто-небудзь у той час распавёў пра разнастайнасць ва ўсім, якая сёння пануе на паліцах шматлікіх крамаў… Мы не маглі б сабе такое ўявіць.
… Вата на ёлцы (затое ёлка жывая, сапраўдная і духмяная-духмяная!), якая сімвалізуе снег… Колцы гірлянды, склеенай з палосак рознакаляровай паперы… Тонкі серабрысты «дожджык», якім мама прасіла нас з братам не завешваць усю ёлку, каб была бачная яе зялёная прыгажосць. А нам хацелася таго серабрыстага бляску, дык каб пабольш! І сняжынкі… Самаробныя сняжынкі на вокнах і не толькі, выразаныя ўласнаручна…
Мне нават не трэба заплюшчваць вочы, каб вярнуцца ў тыя моманты абсалютнага шчасця. Калі бярэш ліст паперы, складаеш яго адмысловым чынам у некалькі разоў… Рэжаш-выразаеш узоры… А пасля разварочваеш уласна сняжынку і… Альбо смех, альбо ледзь не слёзы! Бо напачатку, пакуль не прыладзішся (а за год чамусьці ўсё забывалася), замест сняжынкі магла атрымацца… парэзаная папера, якая пры спробе яе разгарнуць разляталася на асобныя кавалачкі.
І трэба было сядзець і думаць, у чым жа памылка, з якога боку рэзаць-праразаць цалкам, а які павінен застацца некранутым…
Затое, нарэшце «наладзіўшы вытворчасць», якіх толькі сняжынак мы ні выразалі! І круглых, і квадратных, і шасцівугольных… Спрабавалі каляровыя – з вокладак вучнёўскіх сшыткаў, з пушыстай (у пэўным сэнсе) прамакаткі…
Так-так! Я вучылася ў тыя часы, калі мы пісалі чарнільнымі ручкамі. Лічылася, што так выпрацоўваецца добры почырк. Таксама памятаю свае тагачасныя адчуванні да драбніц. І ручкі тыя памятаю… І колькі ж слёз было ад выпадковай кляксы, якой не дапамагала (ды і не паспявала дапамагчы ў поўнай меры) такая прамакатка!
Самае цікавае, што прамакаткі пры продажы чамусьці ўкладваліся не ва ўсе сшыткі. Часцей яны знаходзіліся ў сшытках у лінейку, чым у клетку. Знайсці іх было сапраўднай удачай. А далей… Часцей за ўсё яны прымяняліся не па прызначэнні. Вось напрыканцы снежня, напрыклад, для сняжынак.
Зараз, калі тыя сняжынкі ды разнастайныя выцінанкі, а таксама цэлыя казачныя (і прыгажэнныя!) кампазіцыі з іх лёгка можна набыць, не ўсе зразумеюць тое дзіцячае захапленне сняжынкамі самаробнымі. Якім на той час проста не было альтэрнатывы. Але гэта адны з самых дарагіх успамінаў…
А наляпіць іх на вокны свайго класа ў школе?! Дык абавязкова! Усім класам тым і займаліся… 🙂
А вы хочаце прыгадаць уласнае дзяцінства? Тады сёння – самы добры дзень для гэтага. Нажніцы ў рукі і… Паа-а-а-аехалі! Што?! У вас ужо такога ў дзяцінстве не было?! І вы паняцця не маеце, як скласці ліст паперы і дзе выразаць у ім узоры?! А зараз у сеціве мора майстар-класаў і трафарэтаў. Знайсці можна з лёгкасцю…
І калі вы цяпер (не дай Бог!) хварэеце альбо знаходзіцеся на самаізаляцыі, падаленай працы, доўгіх выхадных, вакацыях… Ну чым ні занятак?! Асабліва калі вы ні разу не выразалі сняжынкі да Новага года. Калі яны, самыя няўклюдныя і крывенькія напачатку, рабіліся такімі чаканымі і жаданымі… І нават, уявіце сабе, прадметам гонару…
Ну што ж, хата прыбраная, сняжынак – поўна… Можна цяпер і падурэць… Альбо спачатку падурэць, а тады ў хаце прыбрацца?! 🙂 А гэта гледзячы як дурэць будзеце…
Значыць, Дзень шыварат-навыварат. Ну, зразумела, у прынцыпе, чым можна заняцца?! Апрануць швэдар швом наверх… Хатні абутак – не на тую нагу… Пахадзіць спінай наперад… Размяшаць гарбату відэльцам… Пакласці ў яе соль, а не цукар… І не сабе ў кубак… Э-э-э-э-э-э… Штосьці я захапілася. Выбачаюся! Гэта ўжо не шыварат-навыварат, а зусім не бяскрыўдны жарт…
А нам трэба толькі тое, што весела і забаўна. Што нікога не крыўдзіць і не абражае. Калі якая цікавая ідэя вам прыйшла ў галаву, дык падзяліцеся! 🙂 Раптам пераняць захочацца… І сняжынкі, сняжынкі паказваем! Самаробныя… Свае… Калі ўжо сапраўдныя дыяментамі-росамі не хочуць падаць за акном, будзем любавацца гэтымі.
«Ты – тое, што ты ясі». Гэтую фразу, якая даўно ўжо зрабілася крылатай, не раз чуў кожны з нас. Аднак далёка не кожны задумваецца, які сэнс яна ў сабе тоіць.
Правільнае харчаванне – залог прыгажосці і здароўя. Для звычайнага праходжання ўсіх фізіялагічных працэсаў у арганізме чалавека неабходныя пажыўныя рэчывы, вітаміны, мінералы. Калі арганізм чагосьці недаатрымлівае альбо атрымлівае ў лішку, гэта не толькі аказвае негатыўны ўплыў на працу ўнутраных органаў і сістэмаў, але і адлюстроўваецца на вонкавым выглядзе чалавека.
У вызначаныя сезоны наш арганізм пакутуе ад недахопу вітамінаў, зніжаецца імунітэт, таму мы часта хварэем на ВРВІ. А за зіму, як правіла, набіраем лішнія кілаграмы, бо з-за холаду пастаянна хочацца есці. Прычым што-небудзь каларыйнае і далёка не карыснае. А тут яшчэ і святы...
Каб «выгнаць» гэтыя калорыі, трэба прыкласці значна больш маральных намаганняў, бо з-за кароткіх светлавых дзён хочацца спаць, а не займацца спортам. Але лішняя вага – гэта не адзіная праблема, з якой можна сутыкнуцца ў выніку такога харчавання. Сухая скура, высыпанні, ломкія валасы, сінякі і мяшкі пад вачыма, хутчэй за ўсё, прыйдуць да вас бонусам.
Мінулая зіма скончылася, але на змену ёй, як мы памятаем, прыйшло новае выпрабаванне – пандэмія каранавіруса. Зыходзячы з вопыту іншых краінаў і парадаў СААЗ, многія людзі па магчымасці сышлі на самаізаляцыю. У выніку толькі адзінкі адаптавалі свой звычайны рэжым (харчаванне, фізічную актыўнасць) пад умовы «чатырох сценаў», астатнія ж зноў «улегліся ў зімовую спячку». Акрамя таго, многія з тых, хто самаізаляваўся, працягваюць працаваць, але падалена.
Шматгадзіннае сядзенне перад маніторам камп'ютара, як правіла, дапаўняецца нашымі любімымі шкоднымі звычкамі: трансфармавацца ў позу пытальніка, закінуць нагу на нагу, цукерку ў рот, выпіць пару лішніх кубкаў гарбаты ці кавы з трыма лыжкамі цукру. Таксама пры працы за камп'ютарам напружваюцца вочы і мышцы ўсяго цела. Вядома, пасля нам хочацца адпачыць, а не зрабіць пару-тройку фізічных практыкаванняў.
Як жа не патаўсцець на самаізаляцыі і заадно паклапаціцца пра свой фізічны стан? Мы звярнуліся да спецыяліста і падрыхтавалі для вас некалькі спосабаў, якія працуюць.
Юлія Раманенка, урач-інфекцыяніст, раіць надаць асаблівую ўвагу харчаванню на самаізаляцыі. Яна рэкамендуе складаць меню з улікам патрэбаў арганізма і расходу энергіі, абмяжоўваць спажыванне цукру і тлушчаў, аддаваць перавагу прадуктам, якія змяшчаюць клятчатку, кантраляваць памер порцыі.
– Ва ўмовах самаізаляцыі варта абмежаваць спажыванне цукру: замест прысмакаў аддавайце перавагу свежай садавіне. Калі няма магчымасці, дык замарожанай садавіне, ягадам, сухафруктам без дадання цукру.
Старайцеся не падсалоджваць напоі: гэта дадатковыя калорыі і ніякай карысці для арганізма. Таксама варта абмежаваць спажыванне тлушчаў. Выбірайце спосабы прыгатавання ежы з мінімальным выкарыстаннем сланечнікавага, аліўкавага алею альбо зусім без іх.
У рацыёне абавязкова павінны прысутнічаць прадукты, якія змяшчаюць клятчатку: уключайце ў меню большую колькасць садавіны, гародніны, бабовых. Аднак трэба сказаць, што нават карысныя прадукты ў лішку прывядуць да набору лішняй вагі, таму варта кантраляваць памер порцыі. Каб выпадкова не з'есці лішняга, не прымайце ежу перад камп'ютарам альбо тэлевізарам.
Юлія падкрэслівае важнасць захавання пітнога рэжыму. Абязводжванне арганізма выклікае мноства негатыўных наступстваў для арганізма як знутры, так і звонку: парушаецца праца ўнутраных органаў і сістэмаў, пагаршаецца стан скуры.
– Неабходна спажываць дастатковую колькасць пітной вады без газу. Замена напояў, якія ўтрымліваюць цукар, вадой – лепшы спосаб скараціць спажыванне цукру і лішніх калорый. Таксама варта скараціць альбо выключыць спажыванне алкаголю.
Чаму падчас працы за камп'ютарам мы часта перакусваем цукеркамі, печывам ці снэкамі? Бо гэта ўсё ёсць у нас дома і ляжыць на вачах. Каб пазбегнуць такой спакусы, трэба ўсяго толькі перастаць гэта купляць. Каб у краме рука мімаволі не пацягнулася па шкоднае, хадзіце туды сытымі, а таксама прадумайце і запішыце, што вам сапраўды трэба купіць. Так вы зберажэце сябе ад лішніх марнаванняў і лішніх кілаграмаў. У сітуацыі з пандэміяй пры паходзе ў краму варта таксама не забывацца на меры засцярогі.
Перад паходам у краму складзіце спіс, каб пазбегнуць непатрэбных пакупак. Калі вырашылі выйсці на вуліцу, не варта забывацца на выключэнні наведвання месцаў масавага збору людзей. Трымайце дыстанцыю мінімум 1 метр, захоўвайце масачны рэжым.
Дыетолагі кажуць, што наладзіць харчаванне – гэта, вядома ж, добра. Але гэтак жа важна выконваць фізічныя практыкаванні. Бо праца за камп’ютарам, асабліва ў нязручнай позе, – заўсёды напружанне для пазваночніка, мышцаў і вачэй.
– СААЗ раіць 150 хвілін умеранай фізічнай актыўнасці, ці 75 хвілін інтэнсіўнай фізічнай актыўнасці ў тыдзень, альбо спалучэнне ўмеранай і інтэнсіўнай фізічнай актыўнасці.
Як гэтага дасягнуць? На працягу дня рабіць перапынкі, размінку, можна праз кожную гадзіну заводзіць будзільнік як напамін пра тое, што пара размяць мышцы. Выкарыстоўвайце анлайн-рэсурсы з мноствам комплексаў практыкаванняў, якія можна выконваць дома без спецыяльнага абсталявання. Таксама не варта забывацца на здароўе вачэй: перыядычна засяроджвацца на падаленым аб’екце, часцей міргаць.
Гатова! Цяпер вы разбіраецеся ў пытанні, як не набраць лішнія кілаграмы і не пагоршыць здароўе, знаходзячыся на самаізаляцыі. Калі вы і раней не надавалі асаблівай увагі свайму здароўю, не задумваліся пра харчаванне, дык цяперашняе становішча – гэта добрая магчымасць пачаць.
Сёння светла і ўрачыста на душы ў тых, хто святкуе Божае Нараджэнне. І няхай сабе складаны час унёс свае карэктывы… І не ўсе могуць у гэты адметны дзень наведаць касцёлы… Але пачуцці, якімі поўняцца душы і сэрцы, застаюцца нязменнымі. Бо так было шмат стагоддзяў да нас. Так ёсць. І так абавязкова будзе – заўсёды.
І нават калі вы святкуеце Раство не 25 снежня, а 7 студзеня… Усё роўна пэўная магія дня адчуваецца, здаецца, у самім паветры. А паколькі вельмі часта ў адной сям’і ёсць і каталікі, і праваслаўныя… Дык даўно ўжо там святкуюць Божае Нараджэнне двойчы… Бо галоўнае – вера. Якая заўсёды з чалавекам.
Асабіста я сёння магу ў чарговы раз прыгадаць, як вабяць мяне касцёлы. Якімсьці адчуваннем унутранай свабоды. Як цягне мяне падчас вандровак пасядзець там хаця б пяць хвілін… Так было і ў Гервятах. Вось адчуваю, што маё – і ўсё!
Вельмі хочацца хаця б калі-небудзь пабываць у касцёле менавіта 25 снежня, ды ўсё ніяк не наважуся. І не магу сказаць, гэта простая цікаўнасць ці сапраўды патрэба душы. Таму і вагаюся. І ў чымсьці нават зайздрошчу сваім знаёмцам-вернікам, якія ідуць туды са шчырымі ўсмешкамі і светлымі абліччамі…
А вы ведаеце, што да аб’яўлення савецкай улады ў 1917 годзе беларусы святкавалі менавіта Раство, а не Новы год?! Хаця іх рэлігійнасць не замінала і Каляды спраўляць. Дакладней, наадварот.
Да прыходу хрысціянства нашыя продкі спраўлялі Каляды як свята зімовага сонцастаяння… А затым прыйшлі традыцыі Раства… Нам жа, выхаваным у савецкай школе атэістам, даспадобы прыйшоўся якраз-такі Новы год…
Але ўсё мяняецца з узростам. І многія прыходзяць у храм не таму, што гэта модна, а сапраўды па поклічу сэрца. І нават тыя, хто туды не ідзе, у глыбіні душы вераць… У кагосьці ці штосьці.
Таму і хочацца 25 снежня паслухаць чароўныя словы малітвы (а я так люблю беларускую мову з польскім акцэнтам!), крыштальна-празрыстыя спевы, асабліва дзіцячыя… Таму і ставяць многія ялінкі і ўпрыгожваюць сваё жытло менавіта да свята Божага Нараджэння.
Але галоўнае, вядома ж, не знешнія атрыбуты. Хаця і яны вельмі важныя для стварэння адпаведнага настрою. Галоўнае – тое, што пануе ў сэрцах, душах і думках тых, хто верыць: любоў, любасць, замілаванне, дабро, дабрыня…
І нават калі камусьці з нас не дадзена спасцігнуць таямніцу, ніхто не замінае проста радавацца разам з усімі, спадзявацца на лепшае, рабіць добрыя справы, віншаваць, дарыць падарункі… І проста множыць дабро ў Сусвеце… І гэта не прыгожыя словы, а самыя сапраўдныя адчуванні, імкненні душы.
Чымсьці поўніцца ў гэтыя святочныя дні прастора вакол нас. І гэтае штосьці натхняе. У тым ліку – і на мастацкія творы.
Недарэмна ж, напрыклад, у Марылі Мякоты, маці Максіма Багдановіча, якая была родам з нашага старажытнага Ігуменя (сучаснага Чэрвеня), для друку ў далёкім 1893-ім у рэдакцыі «Гродзенскіх губернскіх ведамасцяў» выбралі апавяданне «Напярэдадні Раства» («Накануне Рождества»). І толькі яно захавалася да нашага часу. Містыка? Магія? Дакладна – цуд!
І так хочацца пажадаць гэтага цуду ўсім… Усім разам – і кожнаму паасобку. І не чагосьці ўяўнага, а самага сапраўднага. Хрыстус нарадзіўся! Славім Яго!
Не, гэтага не было ў традыцыях нашых продкаў… Нефармальнае свята прыдумана, па ўсім відаць, не так і даўно. Але ж рэспект таму, каму ў галаву прыйшла такая ідэя! У наш няпросты час, што б ні здаралася ў жыцці, па-ранейшаму хочацца дабрыні, цеплыні і… цудаў. Таму – чакайма снежных анёлаў! А лепей – стварайма… Самі.
Пра тое, як можна «маляваць» анёла на снезе, я даведалася таксама параўнальна нядаўна – паглядзеўшы добры фільм «Снежны анёл» з Аляксандрам Балуевым. Вы любіце добрыя казкі? Тады гэты фільм дакладна для вас. Раю паглядзець. Ну, ці перагледзець. Якраз сёння і нагода добрая для гэтага…
Анёла там робіць дзяўчынка Васіліса, якая кладзецца спіной на снег і водзіць па ім рукамі ўверх-уніз. Так атрымліваюцца крылы анёла. Затым трэба толькі акуратна падняцца… Магчыма, хтосьці рабіў такое і сам?
Далей – болей. Тыя, хто ўжо ведае пра Дзень снежных анёлаў, раяць падчас іх стварэння… загадаць жаданне. Ну вось і яшчэ адзін магічны дзень у нас… Для тых, хто такое любіць. І верыць.
А для іншых – проста час прыгадаць добрыя казкі. Альбо зрабіць добрую справу. І ўспомніць блізкіх і дарагіх людзей, якіх няма ўжо з намі. Цяпер яны – нашыя анёлы…
Але што ж рабіць нам сёння, калі снегу так і не прычакалі? Нягледзячы на абяцанні сіноптыкаў? Альбо яго недастаткова, каб зрабіць выразны адбітак снежнага анёла?
Варыянтаў некалькі. І самы просты – набыць. Ці знайсці ва ўласных рэчах… 🙂 Вось асабіста я сяджу і прыгадваю, як колькі гадоў таму мая няштатная аўтарка (дакладней, няштатная аўтарка чэрвеньскай раёнкі, з якой я супрацоўнічала і стасавалася) падаравала мне сапраўды снежнага анёла – невялічкую ёлачную плоскую фігурку адпаведнага колеру.
Калі над ложкам яшчэ вісела старая свяцільня, я вешала анёлка да Новага года там. Яшчэ колькі разоў – на ёлку… А цяпер разумею, што даўно яго не бачыла… І варта было б адшукаць. Менавіта сёння, калі ўжо нагода ёсць…
А вось другі анёлак, падараваны колішняй каляжанкай, вісіць на сцяне. Але… ён не снежны. Са шкла. Празрысты, з белай галоўкай, сінімі крыламі і чамусьці чырвонымі боцікамі, што мне нагадвае… бусла. 🙂 Можна было б аздобіць, каб стаў снежным… Ды не хочацца кратаць, бо гэта – з манастыра... Тамтэйшай майстэрні тварэнне…
Варыянт другі. Зрабіць самастойна. У выглядзе выцінанкі ці асобнай фігуркі. Гэта калі вы захапляецеся выцінанкай і ўмееце самастойна ствараць фігуркі. У іншым выпадку… Трафарэт лепей набыць. Думаю, што такія прадаюцца?!
А некаторыя сайты (іх лёгка адшукаць у сеціве) і самі прапануюць спампаваць ды раздрукаваць фігуркі анёлаў. Гэта калі пад рукой ёсць неабходная тэхніка. А тады застаецца толькі выразаць фігуркі і прымацаваць іх, напрыклад, на аконнае шкло.
Снежнага анёла можна зрабіць і па-іншаму. Не толькі ў тэхніцы выцінанкі. І той, хто добра майструе, хто захоплены творчасцю, я ўпэўнена, абавязкова знойдзе выйсце!
А можна стварыць і не аднаго снежнага анёлка. І падараваць яшчэ камусьці. Альбо загадаць жаданне і павесіць… на бліжэйшую ёлку. Гарадскую, напрыклад. Ці елку… У лесе… 🙂 А што?! Так нават лепей.
Людзі прагматычныя, якія любяць тлумачыць усё і ўсюды, прыдумалі і для снежных анёлаў працу. Маўляў, іх місія на Зямлі ў тым, каб сачыць за снегам узімку.
Ну, не ведаю… Такое ўражанне, што там альбо… хм… не дужа старанныя сабраліся, чаго, мне здаецца, быць не можа… Альбо… Проста шмат вакансій на снежнага анёла. Вось і застаемся мы часцей за ўсё ў снежні, на Новы год ды Каляды без снегу… Магчыма, калі мы сёння зможам стварыць сваіх снежных анёлкаў, усё наладзіцца?! Сусвет – ён жа такі… Усё бачыць.
… А мне здаецца, што калі снег ідзе вялікі і сухі, разам са сняжынкамі на Зямлю ляцяць і снежныя анёлкі…
За апошнія 25 гадоў у спецыялізаваных высокарэйтынгавых выданнях было апублікавана амаль 2,5 тысячы навукова абгрунтаваных, падмацаваных вынікамі даследаванняў артыкулаў пра ўплыў рацыёну на здароўе чалавека. Амаль 100 публікацый у год!
Такая пільная ўвага вучоных да таго, што есць чалавек і як гэта ўплывае на яго здароўе і працягласць жыцця, дазволілі выразна вызначыць цёмны і светлы бок аднаго медаля. Умоўна назавем іх заходняя дыета і міжземнаморская дыета.
Пра асаблівасці гэтых тыпаў харчавання і іх уплыў на здароўе чалавека эксперты шмат казалі на II Рэспубліканскім форуме па пытаннях грамадскага здароўя, які прайшоў у Мінску. Мы сабралі для вас самае важнае.
У шырокім разуменні слова дыета – гэта тып, лад харчавання, зусім не абавязкова звязаны з абмежаваннямі. Ключавое значэнне мае склад рацыёну, яго збалансаванасць і разнастайнасць, харчовыя звычкі і паводзіны. У гэтым кантэксце заходняя дыета і міжземнаморская – дыяметральна супрацьлеглыя адна адной. Адпаведна, і ўплыў на здароўе аказваюць зусім розны.
У табліцы паказаны базавы склад і асаблівасці заходняй і міжземнаморскай дыетаў.
Заходняя дыета | Міжземнаморская дыета |
апрацаваныя і ультраапрацаваныя прадукты, якія багатыя на вугляводы з высокім глікемічным індэксам (рафінаваныя злакі, хлеб і хлебабулачныя вырабы з ачышчанай мукі, макароны, бульба, кукуруза і г.д.) | раслінная ежа, багатая на клятчатку і поліфенолы (не апрацаваныя альбо з мінімальнай ачысткай злакі, суцэльназернавыя хлеб, рыс і г.д.) |
вялікая колькасць жывёльных тлушчаў (чырвонае мяса, часцяком перапрацаванае; тлустыя малочныя прадукты, яйкі і г.д.) | раслінныя тлушчы і бялкі (аліўкавы алей, арэхі, семачкі і г.д.) |
шмат солі і рафінаванага цукру | рыба і морапрадукты |
невялікая колькасць свежых садавіны і агародніны | малочныя прадукты з нізкім утрыманнем тлушчу |
перакусы фастфудам і «на хаду» | шмат свежых агародніны, садавіны і зеляніны |
злоўжыванне салодкімі газаванымі напоямі | неапрацаванае мяса нятлустых гатункаў, птушка |
частае ўжыванне алкаголю | чырвонае віно зрэдку і ў невялікай колькасці |
стравы прыгатаваныя пераважна не ашчаджальным спосабам: смажанне, фрыцюр і г.д. | ашчаджальны спосаб прыгатавання: варка, гатаванне на пары, запяканне |
І вось што дзіўна... Згодна з тымі самымі шматлікімі даследаваннямі, большасць насельніцтва зямнога шара выказвае прыхільнасць да заходняй дыеты, якую здаровай ну ніяк не назавеш.
Адзін з экспертаў Форуму, гастраэнтэролаг клінікі прапедэўтыкі ўнутраных хваробаў лячэбнага факультэта Першага МДМУ імя І.М.Сечанава (РФ), віцэ-прэзідэнт супольнасці па садзейнічанні клінічнаму вывучэнню мікрабіёму чалавека, к.м.н. Алена Палуэктава лічыць, што менавіта з перавагай заходняга тыпу харчавання звязаная колькасць людзей з залішняй масай цела і атлусценнем, якая пастаянна расце.
Напрыклад, ёсць меркаванне (хаця яго прытрымліваюцца не ўсе даследчыкі), што чым больш змяшчаецца ў рацыёне прадуктаў з высокім глікемічным індэксам (а менавіта яны складаюць аснову заходняй дыеты), тым больш чалавек схільны да рызыкі набору залішняй масы цела. Як бы там ні было, але зараз на Зямлі з праблемай лішняй вагі і атлусцення жывуць 2 мільярды чалавек, і іх колькасць пастаянна расце.
Залішняя маса цела – крыніца шматлікіх праблемаў, як відавочных, так і схаваных, перакананая Алена Палуэктава. Лішняя вага павялічвае рызыку ўзнікнення злаякасных новаўтварэнняў, з'яўляецца адной з прычынаў росту запаленчых і функцыянальных захворванняў СКТ, сардэчна-сасудзістай сістэмы, эндакрынных і лёгачных паталогій... На жаль, гэты спіс можна працягваць.
Міжземнаморская дыета, пабудаваная на прынцыпах ужывання складаных вугляводаў з нізкім глікемічным індэксам, клятчаткі і раслінных тлушчаў, неапрацаваных харчовых прадуктаў, наадварот, зніжае верагоднасць негатыўных наступстваў для здароўя.
Ежа змяняе наш унутраны свет? Гэта праўда
Акрамя ўсведамлення, што нездаровая ежа таму і нездаровая, што прыносіць больш шкоды, чым карысці (а гэтае ўсведамленне ёсць увогуле-то ў кожнага, нават у яе адэптаў), неабходна разумець больш глыбінныя працэсы, якія адбываюцца літаральна ўнутры нас, калі мы выбіраем, што б такога з'есці. Якога б тыпу харчавання вы ні прытрымліваліся: заходняга альбо міжземнаморскага, ведайце – ён змяняе вас знутры. У які бок, вось у чым пытанне.
Разам са зменамі ў рацыёне нязменна мяняецца склад кішэчнай мікрабіёты чалавека.
Мікрабіёта – гэта сукупнасць мікраарганізмаў (бактэрый, грыбоў, вірусаў, прасцейшых), якія засяляюць наш арганізм і ўяўляюць сабой своеасаблівую экасістэму. І яны не паразітуюць у нашым целе, а задзейнічаныя ў шматлікіх працэсах і выконваюць вельмі важныя функцыі: ахоўныя, стрававальныя, імунарэгулюючыя, метабалічныя і інш. Асноўны «дэсант» мікрабіёты лакалізуецца ў страўнікава-кішэчным тракце.
Да карысных функцый кішэчнай мікрабіёты адносяцца:
Прасцей кажучы, аптымальны склад мікрабіёты, баланс у суадносінах мікраарганізмаў забяспечваюць здароўе СКТ, перашкаджаюць развіццю запаленчых працэсаў, адпаведна, зніжаюць рызыку развіцця неінфекцыйных захворванняў у цэлым.
— Калі змяняецца рацыён, змяняецца і склад кішэчнай мікрабіёты, – тлумачыць Алена Палуэктава.
— Калі рацыён мяняецца не ў лепшы бок (па прынцыпе заходняга тыпу харчавання), у складзе мікрабіёты пераважаюць умоўна патагенныя мікрабактэрыі, якія не нясуць ніякай карыснай нагрузкі. Пры гэтым памяншаецца колькасць прадуцэнтаў кароткаланцужковых тлустых кіслотаў, якія адыгрываюць важную ролю для здароўя СКТ і арганізма ў цэлым. Як следства, узнікаюць запаленчыя змены кішэчнай сценкі, змяняецца метабалізм арганізма гаспадара. Такія неспрыяльныя змены могуць прыводзіць да фарміравання хранічных неінфекцыйных захворванняў дыхальнай сістэмы, СКТ, атлусцення, цукровага дыябэту і нават да зменаў эмацыянальнай сферы, кагнітыўных функцый і г.д.
У той жа час міжземнаморскі рацыён спрыяе павышэнню разнастайнасці кішэчнай мікрабіёты, павялічвае колькасць прадуцэнтаў кароткаланцужковых тлустых кіслотаў і засцерагае ад развіцця хранічных неінфекцыйных захворванняў.
А цяпер самае важнае. Склад мікрабіёты кішэчніка фарміруецца доўгатэрміновым рэжымам харчавання. Гэта значыць, каб радыкальна і незваротна змяніўся склад нашай унутранай экасістэмы, трэба прыкласці намаганні і назапасіць цярпення. Гэта добрая навіна.
Аднак, калі ўнесці радыкальныя змены ў рацыён (прытрымліваючыся міжземнаморскай дыеты, раптам рэзка «перасесці» на заходнюю), дык ужо праз 24-48 гадзін у складзе мікрабіёты з'явяцца змены. Усё нармалізуецца, калі вярнуцца да звыклага рацыёну.
Калі ж істотнае змяненне рацыёну зацягнулася на 21 дзень, дык на аднаўленне аптымальнай мікрабіёты спатрэбіцца не адзін месяц. І на працягу гэтага часу будзе захоўвацца высокая рызыка негатыўных наступстваў для арганізма ў цэлым.
Стварэнне ўмоў для таго, каб сталыя людзі маглі як мага даўжэй працягваць працоўную дзейнасць, сваю прафесійную актыўнасць, – адна з ключавых пазіцый прынятай у Беларусі Нацыянальнай стратэгіі «Актыўнае даўгалецце-2030». Разам з тым, магчымасць працаваць шмат у чым вызначаецца станам здароўя людзей у шаноўным узросце.
Як захаваць актыўнае даўгалецце? Што трэба зрабіць, каб людзі сталага ўзросту маглі максімальна выкарыстоўваць свой патэнцыял? Бо сацыяльная актыўнасць пасля выхаду на пенсію наўпрост залежыць ад стану здароўя. Як пры гэтым ахапіць увагай сталых людзей, якія па стане здароўя не могуць выходзіць з дому? Даць ім магчымасць адчуваць сябе запатрабаванымі?
Сваім пунктам гледжання з журналістам інфармацыйнага партала Здаровыя людзі падзялілася намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М.Машэрава, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч.
Рэалізацыя стратэгіі «Актыўнае даўгалецце-2030» дасць магчымасць стварыць умовы для самастойнай і паўнавартаснай жыццядзейнасці сталых грамадзян, павышэння працягласці жыцця, яго ўзроўню і якасці, актыўнага і здаровага даўгалецця.
Паводле слоў Людмілы Жылевіч, пад наглядам арганізацый аховы здароўя знаходзяцца больш за 2 млн чалавек, якія праходзяць штогадовыя медыцынскія агляды (на дыспансерным уліку знаходзяцца 98% сталых).
Сістэма аховы здароўя пайшла па шляху стварэння моцнай першаснай медыцынскай дапамогі. Менавіта да ўрачоў першаснага звяна часцей звяртаюцца сталыя людзі. Разам з тым, рашэнне іх праблемаў не заўсёды абмяжоўваецца толькі медыцынскай дапамогай. Часцяком неабходная падтрымка і дапамога сацыяльных службаў. На думку эксперта, толькі міжведамаснае ўзаемадзеянне дазволіць стварыць неабходныя ўмовы для камфортнага даўгалецця.
У сістэме аховы здароўя створана і развіваецца герыятрычная служба. Акрамя Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), які дзейнічае на базе Рэспубліканскага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, у нашай краіне працуе 7 рэгіянальных герыятрычных цэнтраў, 105 герыятрычных кабінетаў, функцыянуе профільная кафедра ў БелМАПА. Навучанне герыятрычнаму падыходу спецыялістаў закладзенае ў прыярытэты Нацыянальнай стратэгіі.
Колькасць захворванняў у чалавека не заўсёды вызначаюць яго функцыянальныя магчымасці. Часцяком гэта яшчэ і камбінацыя станаў: псіхічнага здароўя, сацыяльнай уцягнутасці (адзінота, ізаляцыя) і г.д. Гэта значыць, такі агляд уключае ўсе аспекты жыцця чалавека, якія могуць прыводзіць да пагаршэння стану здароўя і стымуляваць паталагічнае старэнне.
Задача сістэмы аховы здароўя складаецца яшчэ і ў тым, каб праз комплексны медыцынскі агляд вызначыць, якія функцыянальныя магчымасці ёсць у дадзенага чалавека. Гэта неабходна для таго, каб, напрыклад, ён мог працягнуць сваю прафесійную актыўнасць альбо своечасова пераарыентаваць сябе на іншыя віды дзейнасці, падкрэсліла галоўны пазаштатны герантолаг.
Многія аспекты герыятрычных сіндромаў людзей старэйшага ўзросту знаходзяць адлюстраванне ў міжсектаральным падыходзе. Напрыклад, у сталых часта развіваецца сіндром падзення. Каля 30% сталых, асабліва старэйшых за 75 гадоў, адчуваюць яго на працягу года. Гэта тыя пацыенты, якія затым трапляюць у стацыянары з пераломамі шыйкі сцягна. Каля 7% з іх маюць цяжкія траўмы, якія спрыяюць інваліднасці і патрабуюць догляду пацыента. У выніку яны робяцца залежнымі ад старонняй дапамогі (сваякоў, сацыяльных работнікаў, валанцёраў).
Адзінота ў сталым узросце прыводзіць да паталагічнага старэння, прагрэсавання наяўных хранічных станаў. Напрыклад, цяперашняя сітуацыя з каранавірусам з-за вымушанай сацыяльнай ізаляцыі сталых людзей прывяла да таго, што ў некаторых з іх пачалі нарастаць кагнітыўныя парушэнні, прагрэсаваць дэменцыя.
Менавіта таму ўцягнутасць сталых людзей у грамадскае жыццё, пачуццё, што ў іх маюць патрэбу, клапоцяцца, не толькі дадасць гадоў жыцця, але і прытармозіць прагрэсаванне многіх хваробаў, упэўненая эксперт. Людміла Жылевіч адзначыла і такую праблему, як нізкая інфармаванасць грамадства аб праблемах, якія тычацца псіхічных захворванняў у сталым узросце.
У стратэгіі вызначаныя агульнадзяржаўныя падыходы, якія забяспечваюць комплекснае рэагаванне сістэмы аховы здароўя, сацыяльнай абароны, некамерцыйных арганізацый, навуковых колаў і СМІ на ранняе выяўленне пацыентаў з дэменцыяй, і арганізацыя аказання дапамогі ім і іх сямейнікам, якія ажыццяўляюць догляд такіх людзей.
Стратэгія прадугледжвае таксама далейшае развіццё здароўезберагальных тэхналогій (акцэнт на прафілактыку неінфекцыйных захворванняў). Задзейнічаныя будуць не толькі герыятры, але і ўрачы агульнай практыкі, іншыя спецыялісты. Гэта дазволіць паменшыць цяжар саматычных захворванняў, якія развіваюцца з узростам. Асаблівая ўвага будзе нададзеная і рэабілітацыі. У прыватнасці, плануецца ўкараняць новыя формы з улікам герыятрычнага профілю сталых пацыентаў, распавяла эксперт.
Вельмі важны раздзел у стратэгіі прысвечаны доўгачасоваму догляду пацыентаў, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Развіццё сістэмы медыка-сацыяльнай і паліятыўнай медыцынскай дапамогі, навучанне спецыялістаў, якія ажыццяўляюць догляд, правільнаму аказанню неабходнай дапамогі. Доўгачасовы догляд – гэта ў першую чаргу інтэграваны падыход, у аснове яго ляжыць персаніфікацыя медыцынскіх і сацыяльных паслугаў асобам з парушэннямі жыццядзейнасці і кейс-менеджмент.
Новы імпульс атрымае і развіццё IT-тэхналогій у кантролі стану сталага чалавека, забеспячэння яго бяспекі і зніжэння сацыяльнай ізаляцыі.
Клопат пра здароўе на працягу ўсяго жыцця – гэта аснова даўгалецця. Вельмі важна мець актыўную жыццёвую пазіцыю, думаць пазітыўна і ставіць перад сабой мэты, перакананая Людміла Жылевіч.
Трэба навучыцца прымаць сваё старэнне і нават навучыцца жыць са сваімі ўзроставымі зменамі ў арганізме. Бо ў старэчым узросце практычна ва ўсіх ёсць тыя ці іншыя праблемы са здароўем. Важна трымаць кантроль над сваім станам, своечасова звяртацца па медыцынскую дапамогу і не займацца самалячэннем.
Павелічэнне колькасці сталых людзей у агульнай колькасці насельніцтва адзначаецца практычна ва ўсіх краінах. Не з'яўляецца выключэннем і Беларусь. Паводле класіфікацыі ААН, лічыцца, што нацыя старэе, калi колькасць людзей ва ўзросце 65 гадоў і старэйшых складае больш за 7%. У нашай рэспубліцы гэты паказчык пераадолеў ужо 15%. Да 2030 года чакаецца павелічэнне колькасці сталых людзей да 20%.
Дэмаграфічнае старэнне вядзе да значных эканамічных і сацыяльных наступстваў. Заканамерна ўзнікаюць пытанні, як павысіць якасць жыцця сталых, захаваць актыўнасць людзей старэйшага пакалення, даць магчымасць працаваць далей альбо знайсці сабе занятак па інтарэсах, выкарыстоўваць патэнцыял людзей сярэбранага веку (іх здольнасці, кваліфікацыю, адукацыю, жыццёвы вопыт і мудрасць, наяўнасць вольнага часу).
Першым дакументам, у якім вызначаныя асноўныя напрамкі развіцця нашага грамадства з улікам дэмаграфічнага старэння, з'яўляецца Нацыянальная стратэгія «Актыўнае даўгалецце-2030», зацверджаная Саветам Міністраў у снежні 2020 года.
Пра асноўныя напрамкі рэалізацыі новага дакумента распавяла начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццяна Фёдарава.
Асноўнай мэтай, якая прадугледжана Нацыянальнай стратэгіяй «Актыўнае даўгалецце-2030», з'яўляецца стварэнне ўмоў для найбольш поўнай і эфектыўнай рэалізацыі патэнцыялу сталых грамадзян, павышэнне якасці іх жыцця, дзякуючы сістэмнай адаптацыі дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў да праблемаў старэння. Дакументам вызначаныя асноўныя задачы.
Пры мясцовых выканаўчых распарадчых органах плануецца стварэнне саветаў сталых грамадзян, якія будуць мець дарадчы голас і браць удзел у прыняцці рашэнняў па арганізацыі жыццядзейнасці ў канкрэтным населеным пункце і/ці рэгіёне.
Патэнцыял сталых людзей можна і трэба выкарыстоўваць у валанцёрстве, упэўненая Таццяна Фёдарава. І такі вопыт ужо ёсць. У Беларускім таварыстве Чырвонага Крыжа каля 30% валанцёраў – гэта людзі сярэбранага веку. Ёсць вопыт прыцягнення такіх валанцёраў і для працы ў дзяржаўных тэрытарыяльных установах сацыяльнага абслугоўвання.
Таццяна Фёдарава, начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны:
– Сталыя валанцёры ўдзельнічаюць у акцыях «Сталыя – старым», калі яны аказваюць дапамогу і падтрымку маламабільным людзям, альбо «Бабуля на гадзіну», калі бяруць на сябе часовы клопат пра маленькіх дзяцей – для таго, каб вызваліць маму для вырашэння бытавых пытанняў.
Плануецца таксама пашырэнне магчымасцяў для заняткаў сталых людзей творчасцю: стварэнне клубаў па розных напрамках пры арганізацыях культуры, грамадскіх аб'яднаннях і г.д.
Па дадзеных статыстыкі, у нашай краіне 19,6% сталых людзей ва ўзросце ад 60 да 75 гадоў працуюць.
Таццяна Фёдарава, начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны:
– Пэўная кваліфікацыя, стан здароўя дазваляюць сталым людзям працаваць. І гэты кірунак плануецца развіваць у далейшым. У прыватнасці, будуць стварацца ўмовы для занятасці людзей, у першую чаргу, перадпенсійнага ўзросту.
Яшчэ адным напрамкам рэалізацыі гэтай мэты, дадала эксперт, стане падтрымка эканамічнай і прадпрымальніцкай актыўнасці грамадзян сталага ўзросту.
З мэтай фарміравання камфортнага ўзроўню даходаў у сталым узросце мяркуецца, апроч усяго іншага, развіццё інстытута дадатковых добраахвотных зберажэнняў, у тым ліку карпаратыўнага пенсійнага страхавання.
Непарыўна з пытаннямі занятасці звязаная задача па забеспячэнні магчымасцяў для навучання на працягу ўсяго жыцця, пашырэнне доступу да атрымання адукацыі і павышэння кваліфікацыі. На вырашэнне гэтай задачы будуць накіраваныя наступныя напрамкі дзейнасці:
Стан здароўя з'яўляецца адным з вызначальных фактараў самаадчування любога чалавека, а значыць, і яго магчымасцяў у сталым узросце. Таму гэтая задача накіраваная не толькі на людзей, старэйшых за 65 гадоў, а на ўсё насельніцтва. Бо здаровыя паводзіны на працягу ўсяго жыцця шмат у чым вызначаюць, з якім станам здароўя чалавек прыйдзе да сталага ўзросту.
Таццяна Фёдарава, начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны:
– Плануецца пашырэнне практыкі арганізацый школ актыўнага даўгалецця. Вялікая ўвага будзе нададзеная развіццю аздараўленчых арганізацый, стварэнню пры іх груп для сталых людзей, навучанню работнікаў такіх арганізацый правілам і навыкам дапамогі ўзроставым кліентам (як правільна падабраць фізічную нагрузку, якія практыкаванні ім трэба выконваць, каб захоўваць бадзёрасць, актыўнасць, падтрымліваць сваё здароўе). Сёння каля 26% людзей ва ўзросце 60 гадоў і старэйшым займаюцца фізкультурай. Мы ставім перад сабой задачу, каб да 2030 года не менш за 30% насельніцтва былі ўцягнутыя ў гэтую дзейнасць.
На працягу наступных пяці гадоў упор будзе зроблены на развіццё стацыянар-замяшчальных формаў сацыяльнага абслугоўвання. Размова ідзе пра стварэнне ўсіх неабходных умоў для самастойнага пражывання сталага чалавека па месцы жыхарства. Перасяляць жа ў дамы-інтэрнаты мяркуецца толькі ў выключных выпадках, напрыклад, калі няма магчымасці тым, хто мае патрэбу ў кругласутачным доглядзе, стварыць годныя ўмовы па месцы жыхарства.
Таццяна Фёдарава, начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны:
– Вялікая ўвага будзе надавацца сталым з кагнітыўнымі парушэннямі. Для гэтага плануецца адкрываць аддзяленні дзённага знаходжання не толькі ў тэрытарыяльных цэнтрах, але і ў стацыянарных установах.
Будзе ацэньвацца і сама якасць (з дапамогай штогадовага маніторынгу) аказання сацыяльных паслуг сталаму насельніцтву. Працягнецца развіццё механізмаў дзяржаўнага сацыяльнага заказу, у рамках якога да аказання такой дапамогі прыцягваюцца недзяржаўныя арганізацыі. На конкурснай аснове яны могуць атрымаць бюджэтныя субсідыі на фінансаванне расходаў на аплату працы работнікаў, якія занятыя аказаннем сацыяльных паслуг.
Яшчэ адзін напрамак – пераход на вызначэнне патрэбы ў сацыяльных паслугах, зыходзячы з індывідуальнай неабходнасці.
Таццяна Фёдарава, начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны:
– Распрацоўваюцца механізмы, з дапамогай якіх мы зможам комплексна ацаніць патрэбы сталага чалавека: стан яго здароўя, асяроддзе, у якім ён знаходзіцца, бытавыя ўмовы і яго ўласныя магчымасці.
Рэалізацыя гэтай задачы ўключае, у тым ліку, развіццё новага кірунку – сярэбранай эканомікі. Паколькі колькасць сталых людзей расце, колькасць спажыўцоў сталага веку таксама павялічваецца. І інтарэсы гэтай групы насельніцтва павінны ўлічвацца пры распрацоўцы новых тавараў, паслуг альбо фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў.
Таццяна Фёдарава, начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны:
– Сталыя людзі актыўна ўключыліся ў скандынаўскую хаду, але для іх павінны быць даступныя і басейн, і трэнажорныя залы. Значыць, тых, хто працуе ў гэтай сферы, неабходна навучыць вызначаць патрэбы сталых людзей у такіх паслугах.
Што дасць рэалізацыя Нацыянальнай стратэгіі «Актыўнае даўгалецце-2030»? Яна дасць магчымасць стварыць умовы для самастойнага, незалежнага і паўнавартаснага жыцця сталых грамадзян, рэалізацыі іх патрэбы для таго, каб яны маглі рэалізаваць свой патэнцыял, рэзюмавала спецыяліст.
21 снежня 2020 года – сонцастаянне. Абарона ад злых духаў. Прыбіранне жытла. Планаванне і ажыццяўленне новага.
Ушанаваўшы Варвару, Саву ды святога Мікалая, нашыя продкі чакалі дня зімовага сонцастаяння, адзначаючы, якімі доўгімі і цёмнымі рабіліся ночы… І недарэмна таму ўсё круціцца і круціцца ў галаве ўзгаданае ўжо не раз са спектакля «Дзікае паляванне караля Стаха»: «Надыходзяць цёмныя ночы…» І найцямнейшай, па ўсім відаць, будзе ноч гэтая, з 20-га на 21-га снежня. Адпаведна, панядзелак – самы кароткі дзень. Як зазначаюць спецыялісты, сонца «стане» 21-га снежня ў 13.02. Рыхтуемся! 🙂
Зрэшты, продкам нашым было не да смеху, бо лічылася, што менавіта ў гэтыя кароткія дні ды доўгія зімовыя ночы праяўляюцца злыя духі, якія хочуць падсілкавацца людской энергіяй. Таму ў хатах развешвалі галінкі ялінкі, спадзеючыся, што іх пах адпужне злыя сілы.
Эх, як раней, у дзяцінстве яшчэ і юнацтве, пахла ялінка, якую мы ставілі да Новага года, альбо галінкі ялінкі ды хвоі, з якіх рабілі пазней букеты! А затым… Куды падзеўся той смалісты водар? Што так моцна змянілася ў прыродзе, што яны практычна і не пахлі?
І толькі ў апошнія гады штосьці быццам бы прарывалася раз-пораз… І ўсё ж… Не тое. Так што і не ведаю, што трэба цяпер зрабіць ахвотным адпужнуць злых духаў 21-га снежня, каб галінкі пачалі пахнуць… Хіба папырскаць адпаведным асвяжальнікам паветра? Ці якім кедровым алеем?! 🙂 Жарт, вядома ж. Ніякія хімічныя пахі не заменяць натуральны.
Лічыцца, што з дня зімовага сонцастаяння пачынаецца астралагічная зіма. Каляндарную мы з вамі ўжо сустрэлі. Сапраўдную таксама давялося ўбачыць, сёлета яны нарэшце супалі на самым пачатку… А цяпер – вось…
І дзень 21-га снежня, аказваецца, прэтэндуе на ролю магічнага. Калі можна загадваць жаданні, будаваць планы… Наводзіць парадак у сваім жытле, выкідваць усё старое і ўпрыгожваць дамы і кватэры да Новага года.
Ну, нам чым больш магічных дзён, тым лепей, праўда?! Мы ж любім пачынаць штосьці новае менавіта з якога-небудзь пэўнага дня. Пахудзець – з Новага года. Заняцца сабой, сваім здароўем – пасля Дня народзінаў…
Карацей, вы зразумелі, сябры, устаноўку, так?! 🙂 Заўтра – той самы дзень, з якога можна (і трэба!) пачаць штосьці новае, грунтоўнае, сур’ёзнае… Альбо маленькае і несур’ёзнае… 🙂 Галоўнае – пачаць.
Плюс панядзелак жа… Нее-е-е-е, я не пра «дзень цяжкі» зараз, а пра пачатак новага тыдня. А паколькі сёння нядзеля і адпачынак, дык можна і заняцца (пры жаданні і натхненні) пабудовай планаў. Удачы! 🙂
Ну, а мы ідзем, а дакладней – можа нават едзем далей. На санках. Калі пашанцуе. А вандруем мы ў аўторак, 22-га снежня. Калі ў беларусаў ушаноўваецца Ганна. Трапна названая нашымі продкамі Цёмнай. Ці Зімовай, Зімняй. «На Ганкі сядайце на санкі», – казалі даўней. Маючы на ўвазе, што Мікола Зімовы дакладна ўжо сняжку падкінуў. Можна ехаць!
Сёлета ўжо хтосьці, між іншым, ухітрыўся і на санках пакатацца, і на лядзянках з горкі, і нават на лыжах! 🙂 Не, не я… А калісьці так любіла ў дзяцінстве… І кожны год усё мару пра лыжы. І ўсё ніяк… Снегу нам, снегу!
Вось жа так і засталася ў памяці з дзяцінства (і пра гэта я ўжо, здаецца, дзесьці ў допісе ўзгадвала) першая зіма, якую мы сустрэлі ў горадзе, перабраўшыся сюды на пастаяннае месца жыхарства з вёскі.
Здымалі ў гаспадароў хату з садам і агародам. І які ж тады глыбокі снег быў, на пачатку 1980-х! Якія маразы! Так, у дачарнобыльскі час усё яшчэ – было. І бацькі прывучалі нас з братам да здаровага ладу жыцця, так бы мовіць.
Таксама не раз заўважала ўжо, колькі ўсё ж добрага мелася ў выхаванні часоў СССР! Узяць хаця б працоўнае і спартыўнае выхаванне. Ну чым дрэнна?! А ўвогуле, у чымсьці ж і тагачасная сістэма паўплывала, каб з нашага класа выйшаў… касманаўт! 🙂
Але вяртаюся ў тую зіму… Па агародзе мы з братам праклалі лыжню. На добрым марозе яна была такой слізкай, што лыжы (драўляныя дзіцячыя!) беглі сапраўды самі! Толькі свіст ветру ў вушах! І вось увечары вісіць у небе месяц, свецяць зоркі… І ад самога іскрыстага снегу светла-светла… Над ўваходам запальваем ліхтар… І – пагналі кругі наварочваць! Ляпата! 🙂
І не хварэлі, заўважце. Былі загартаванымі… А зараз толькі пройдзеш пад моцным ветрам – і нос адразу капрызіць пачынае, закладваецца…
Шкада, што пакуль надвор’е абяцаюць нам няўстойлівае. То плюс, то мінус… То дождж, то снег… Туманы… Дзень бляхара… Беражыце сябе!
І не забудзьцеся, калі ласка, павіншаваць у аўторак, 22-га снежня, знаёмых Ганнаў – з імянінамі, а ўсіх, хто датычны да электрычнасці, – з Днём энергетыка!
One fine body…