Самая пяшчотная і тонкая скура на твары – вакол вачэй. Яе таўшчыня складае прыкладна палову міліметра. У гэтай вобласці практычна няма падскурнага тлушчу, а пласт дэрмы вельмі тонкі, і любое ўздзеянне (міміка, шкодныя звычкі, няправільны догляд) прыводзіць да хуткай страты пругкасці.
Менавіта ў гэтай вобласці з'яўляюцца першыя праявы старэння скуры. Невялікія маршчынкі, мяшкі і цёмныя кругі пад вачыма могуць сапсаваць знешні выгляд жанчын ужо ў маладым узросце.
Сакрэтамі правільнага догляду далікатнай скуры вакол вачэй з журналістам Слушна падзялілася ўрач-касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва» Юлія Баранава.
Акрамя ўнутраных асаблівасцяў будовы скуры вакол вачэй, на яе стан і знешні выгляд уплыў аказваюць такія знешнія фактары, як:
– Справа ў тым, што рэгенерацыя клетак скуры адбываецца ўначы. Калі не здымаць касметыку на ноч, поры скуры закаркоўваюцца і гэта самым негатыўным чынам уплывае на яе стан.
– У першую чаргу, каб пазбегнуць залішняй сухасці скуры, трэба піць дастатковую колькасць вады (у сярэднім, да 2 літраў у дзень). Карысныя таксама прадукты, што ўтрымліваюць вітамін Е, які ўвільгатняе, танізуе, падцягвае і змагаецца з узроставымі змяненнямі скуры.
Пачынаць актыўна даглядаць скуру вакол вачэй спецыялісты рэкамендуюць з 25-гадовага ўзросту. Галоўнае правіла – рэгулярнасць. Штодзённы ранішні і вячэрні догляд уключае тры асноўныя этапы: ачышчэнне, увільгатненне і сілкаванне.
Дадаткова папесціць скуру вакол вачэй можна з дапамогай масак і патчаў, якія актыўна сілкуюць і ўвільгатняюць, здымаюць азызласць і прыбіраюць цёмныя кругі. Іх можна выкарыстоўваць да трох разоў на тыдзень. Галоўнае – не карыстацца такімі сродкамі на ноч.
Нельга церці і расцягваць скуру, змываць касметыку варта далікатнымі рухамі, выбіраць спецыяльныя сродкі з пазнакай, што яны падыходзяць для вачэй.
Ватовы дыск са сродкам для дэмакіяжу варта прыкласці да заплюшчанага вока і патрымаць яго некалькі секунд. Затым лёгкімі рухамі змыць макіяж. Рухацца неабходна па так званых масажных лініях: ад цэнтра твару ўздоўж росту брыва, потым ад вонкавага кутка вока да ўнутранага. Туш змываецца ўздоўж росту павекаў – ад каранёў да кончыкаў.
Крэм неабходна наносіць на далікатную скуру вакол вачэй двойчы на дзень – раніцай і ўвечары. Пры выбары сродку варта звяртаць увагу не толькі на састаў (абавязковы SPF-фактар), але і ўзроставы крытэрый. У залежнасці ад узросту, скуру вакол вачэй турбуюць розныя праблемы, на рашэнне якіх і будзе накіраванае дзеянне таго ці іншага крэму.
– Існуе шэраг знешніх праяў, якія не залежаць ад узросту: цёмныя кругі, мяшкі і ацёкі. У гэтым выпадку пры выбары крэму перавагу варта аддаць сродку, які прызначаны для барацьбы менавіта з гэтымі праявамі. У цэлым, крэмы для павекаў увільгатняюць і сілкуюць далікатную скуру, ухіляюць існуючыя недасканаласці, здымаюць сляды стомленасці. Наносіць яго трэба па нерухомаму павеку па мяжы касцявога краю арбіты. Калі вы ўжо бачыце праблемы, на адзін крэм спадзявацца не варта, існуе вялікая колькасць касметалагічных працэдур. І чым раней мы пачынаем барацьбу з узроставымі зменамі ў гэтай зоне, тым лепей.
Пры выбары касметычных сродкаў для догляду скуры вакол вачэй звяртайце ўвагу, каб у іх саставе не было мінеральных алеяў, агрэсіўных аддушак, моцных кансервантаў, фарбавальнікаў і вялікай колькасці кіслаты. Пажадана, каб у крэме прысутнічалі такія інгрэдыенты, як антыаксіданты (вітаміны С і Е), гіялуронавая кіслата, вітамін В3 і пептыды.
Інтэнсіўна ўвільгатняе, сілкуе і аднаўляе скуру. Дарэчы, яе можна прыгатаваць і самастойна.
Добрым эфектам валодаюць маскі з яблычнага пюрэ, дробна расцёртай зеляніны пятрушкі і сырой бульбы.
Адзін з самых папулярных сродкаў для догляду скуры.
Патчы адносяцца да сродкаў імгненнага дзеяння, але касметолагі не рэкамендуюць карыстацца імі пастаянна.
Дапамагае хутка аднавіць скуру, вяртае ёй мяккасць, паляпшае колер.
У склад прадукту, як правіла, уваходзяць інгрэдыенты, якія накіраваныя на вырашэнне адной канкрэтнай праблемы – напрыклад, разгладжванне маршчынаў альбо пазбаўленне ад цёмных кругоў.
Сыроватку можна выкарыстоўваць як самастойны сродак, так і перад нанясеннем крэму. Пару кропель сыроваткі варта размеркаваць ад унутранага кутка вока да знешняга. Наносіць яе трэба далікатнымі рухамі. Для большага эфекту сыроватку варта выкарыстоўваць курсамі. Напрыклад, кожныя два месяцы на працягу двух тыдняў.
Наносіць сродкі для догляду скуры вакол вачэй варта выключна па краі арбітальнай косці: ад унутранай часткі надброўнай дугі да вонкавай, затым па ніжняй частцы арбітальнай косці да цэнтра. Рухі павінны быць лёгкімі, кропкавымі, без празмернага ціску на гэтую вобласць.
– Нельга выкарыстоўваць шмат сродкаў. Крэм можа патрапіць на слізістую вока. З-за гэтага раніцай вас «пацешаць» мяшкі пад вачыма. Досыць кроплі доглядавага сродку памерам з зярнятка рысу.
Крэм наносіцца на чыстую скуру як мінімум за 15 хвілін да сну ўвечары і за 15 хвілін перад тым, як нанесці макіяж раніцай.
– Сродак не варта наносіць на рухомае павека: пры мірганні ён самастойна размяркуецца на ўсю вобласць вакол вачэй. Да таго ж, некаторыя актыўныя інгрэдыенты крэму пры нанясенні на рухомае павека могуць патрапіць на слізістую вока і выклікаць не самыя прыемныя адчуванні (напрыклад, смыленне).
Не да сну ўжо сонейку, нават напрыканцы лютага. Яно стараецца раней устаць і пазней пакласціся, што для нас вельмі і вельмі добра! Светлавы дзень – павялічваецца, вітамін Д – назапашваецца, настрой – узнімаецца, імунітэт – умацоўваецца. Не да сну катам і коткам. «Вясна-а-а-а-а-а-а!» – спяваюць яны што гучней.
Ад гэтых гукаў, бывае, а пятай раніцы і прачынаешся. Не да сну і птушкам. Яны шукаюць корму на зямлі, якая так хутка скінула з сябе снежную коўдру. А пералётныя спяшаюцца вярнуцца ў родную Беларусь. І закаханым не да сну. І шмат каму яшчэ…
«Грак на гары – вясна на двары» – заўважалі нашыя продкі. І што вы думаеце?! Да нас яны прыляцелі яшчэ напрыканцы лютага. Я, у прыватнасці, пачула і пабачыла іх, стоячы на аўтобусным прыпынку ў чаканні маршруткі яшчэ 23 чысла. Бо насупраць – наша Чэрвеньская цэнтральная раённая бальніца. Ля яе растуць бярозы, а на іх – гнёзды! Таму пачула гракоў – і дужа здзівілася. Рана!
Але ж нават не верыцца, што сёння ўжо заканчваецца каляндарная зіма. Зразумела, што шмат чаго яшчэ будзе. І маразоў, і снегу, і завей… Толькі не трэба нам ні «Хаўера», ні «Даніелы», ні «Трыстана», ні яшчэ там каго… 🙁 Хопіць, адлютаваў сваё люты. Сакавік павінен старацца і несці нам пяшчоту. Усё ж – ВЯСНА!
Дачнікі-агароднікі ўжо стаяць у нізкім старце. Закупляюць насенне, загартоўваюць яго на снезе, які яшчэ захаваўся месцамі, набіраюць зямлі з градак альбо набываюць крамны грунт… І сеюць-сеюць-сеюць насенне на расаду. Хутка распачнецца чарговы агародніцкі сезон!
Ну, а нашы любімыя хвастатыя сёння святкуюць Дзень котак, які на кожным інтэрнэт-рэсурсе называецца па-рознаму. Але сэнс – адзін. І сёння сваіх жывёлак трэба пачаставаць і палашчыць! А мо, і які падаруначак прыкупіць… 🙂 Усё ж яны нас любяць, забаўляюць і нават… лечаць.
Не варта забывацца і пра котак нічыйных. Прычым, зразумела ж, не адзін раз на год пра іх прыгадваць, у гэтае свята. Яны таксама маюць пастаянную патрэбу ў клопаце, доглядзе і пяшчоце. Ну што ж ты зробіш, калі ўжо нарадзіліся і жывуць…
А вы ведаеце, што котка можа разагнацца… да 50 км/г?! Я, па шчырасці, не дужа ў гэта веру. Ну ўявіце сабе, што вы едзеце за рулём аўто па трасе, дзе выстаўлена абмежаванне ў 40 км/г. І раптам вас абыходзіць… котка! 🙂 Уявілі?! Але падаецца гэта як навуковы факт.
«Ну што ж ты ўсё спіш і спіш», – бывае, з дакорам звяртаемся мы да ката ці коткі. Калі б яны ўмелі размаўляць па-чалавечы, дык, мабыць, адказалі б: «Дык а чым яшчэ займацца?! Паролю ад вай-фай не даеш… Ноўтбук хаваеш… І нават у смартфоне не дазваляеш мышэй паганяць!» А паводле падліку вучоных, каты-коткі спяць па 12-16 гадзін у суткі. Прычым многія гаспадары ведаюць: і зусім не ноччу… 🙂
Ноч – гэта каб паесці, папіць, панасіцца, як ракета, паскакаць па паліцах, ухапіць за нагу гаспадара, пагаласіць, каб яшчэ есці даў… Знаёма?! Але як бы без іх было б сумна…
А што тычыцца святкаванняў у гонар котак, дык яны распачаліся адносна нядаўна. Упершыню такое мерапрыемства зладзілі ў Японіі ў 1987 годзе. Праўда, 22 лютага.
Ну, чым занятая сёння вашая гадаванка ў вольныя хвіліны? Легла спаць і нос у лапы хавае?! Значыць, мароз прадказвае. Тэрмінова будзім! 🙂 Ліжа сябе супраць поўсці? Да дажджу. Бач ты, якая котка-сіноптык! Бо дождж-снег нам і ў прагнозе надвор’я ў бліжэйшыя дні абяцаюць…
Маеце котку трохколерную?! Ды вы шчаслівы чалавек! Гэтая котка, па павер’ях, сапраўды прыносіць шчасце. А яшчэ – абараняе дом ад розных няшчасцяў, у тым ліку і ад пажару.
А ў народным календары 28 лютага – Анісім Аўчар. Пра яго адметныя традыцыі пісала летась. Тут вам і для агароднікаў, і для аматараў вязання – пра загартоўку насення і нітак! І не толькі…
«Калі ў сакавіку вада не цячэ, то ў красавіку трава не расце»
«Калі холад сканчаецца да канца сакавіка – быць цёпламу лету»
«Гром у сакавіку – на ўраджай»
«Чайка прыляцела – хутка лёд пойдзе»
Назірайма і прыкмячайма!
Крыстафер Ор, кіраўнік стаматалагічнай клінікі ў Лондане, паказаў свету серыю фотаздымкаў зубоў сваіх пацыентаў (з іх, зразумела, згоды). Для ўрача гэта зусім не піяр-акцыя з мэтай прасоўвання сваіх стаматалагічных паслуг. Бо ў зубоў на фота нічога агульнага з галівудскай усмешкай.
Проста доктар вырашыў наглядна прадэманстраваць, як будзе выглядаць рот, калі не пазбавіцца ад некаторых звычак: шкодных, не вельмі і нават тых, якія нібыта павінны прыносіць карысць.
На Захадзе ўсё большую папулярнасць набывае звычка пачынаць свой дзень не з кубачка кавы, а з асвяжальнага напою: гарачай вады з лімонам. Сярод прыхільнікаў лімоннай вадзіцы нямала знакамітасцяў, напрыклад, Гвінет Пэлтроу і Вікторыя Бэкхэм.
Перавага кіпню з лімонам аддадзеная з тых меркаванняў, што гэты напой уяўляецца больш здаровай альтэрнатывай кавы ці моцнага чаю, але бадзёрыць не горш і пакідае адчуванне чысціні і свежасці. Іронія ў тым, лічыць Крыстафер Ор, што чай і кава даволі нейтральныя з пункту гледжання кіслотнасці і аказваюць менш шкоднае ўздзеянне на зубы ў параўнанні з лімонным напоем. Ён з'яўляецца асноўнай прычынай разбурэння зубной эмалі ў людзей, якія прывыклі піць яго раніцай. Асабліва гэта тычыцца жанчын сярэдняга ўзросту.
Дарэчы, не менш разбуральным дзеяннем на зубы валодае яблычны воцат, разведзены ў вадзе. Такі напой часта ўжываюць людзі, якія жадаюць знізіць вагу альбо трымаць яе пад кантролем. І далёка не самая дрэнная звычка піць натуральныя фруктовыя сокі зубам таксама не падабаецца. Праблема ў фруктовых кіслотах, якія негатыўна ўздзейнічаюць на зубную эмаль. Доктар Ор кажа, што па яго асабістых назіраннях за апошнія некалькі гадоў такі тып пашкоджанняў зубоў сустракаецца на 50% часцей.
Калі вы, нягледзячы ні на што, не маеце намеру адмаўляць сабе ў «кісленькім», няхай гэта будзе вада з лімонам, воцат альбо натуральныя фруктовыя сокі, піце іх праз саломінку. Гэта пазбавіць вашыя зубы ад прамога кантакту з кіслымі напоямі, а значыць, паменшыць шкоднае ўздзеянне кіслаты на эмаль.
Есці часта і невялікімі порцыямі – добра для падтрымання фігуры. Але не вельмі добра для зубоў. Нават калі перакусваць карыснымі з усіх пунктаў гледжання прадуктамі (тымі ж садавінай, напрыклад, гароднінай альбо зелянінай).
Праблема ў тым, што кожны раз, калі мы што-небудзь ямо, асабліва салодкае, бактэрыі ў роце ўтвараюць кіслату, якая можа прывесці да разбурэння эмалі. Сліна натуральным чынам нейтралізуе дзеянне кіслаты на працягу 20-30 хвілін. Але калі жаваць штосьці пастаянна, «таймер» запускаецца зноў і зноў, і ў сліны няма дастаткова часу, каб выканаць сваю ахоўную функцыю. Адпаведна, пакуль дзеянне сліны знаходзіцца «на адкладзеным старце», бактэрыям з зубнога налёту нішто не пагражае (ў адрозненне ад зубоў).
У доктара Ора на гэты конт адна парада: старайцеся пазбягаць перакусаў паміж прыёмамі ежы. Калі вы з'елі штосьці кіслае, пачакайце хаця б паўгадзіны, перш чым чысціць зубы, каб сліна ўтварылася ў колькасці, дастатковай для абароны эмалі зубоў.
Мабыць, гэта самая відавочная звычка, якая шкодная для зубоў ва ўсіх адносінах. Курэнне афарбоўвае зубы, выклікае непрыемны пах з рота і хваробы дзяснаў. Курэнне запавольвае гаенне любых ранаў у роце, а таксама значна павялічвае рызыку развіцця ракавых захворванняў.
Вейпінг (курэнне электроннай цыгарэты, парэнне) быў прадстаўлены як больш бяспечная версія класічнага тытунекурэння. Але, мяркуючы па выніках найноўшых даследаванняў і паведамленнях пра першыя ахвяры вейпінгу, гэта далёка не так. Нікацін, які змяшчаецца ў сумесях для электронных цыгарэт, таксама, як і звычайныя цыгарэты, афарбоўвае зубы, разбурае эмаль, робіць дыханне смуродным, можа прыводзіць да ўтварэння язваў і злаякасных пухлінаў. Усё тое ж самае ў поўнай меры адносіцца і да тытунёвых сумесяў, якія не кураць (снюсаў), у складзе якіх таксама ёсць нікацін.
Прызнайцеся, любіце пажаваць шарыкавую ручку? Поліэтыленавую ўпакоўку зубамі адкрываеце? Можа, пазногці грызяце? Доктар Крыстафер Ор папярэджвае: не для таго прырода зубы стварала. Выкарыстоўваючы іх не па прызначэнні, заўсёды ёсць рызыка іх сцерці альбо зламаць, давесці справу да трэшчыны альбо надлому. У параўнанні з такімі наступствамі парэзы вуснаў і дзяснаў, інфекцыі, якія можна падчапіць з бруднай упакоўкі (альбо нават з уласнага імяннога «Паркера»!), здаюцца дробяззю. Аднак і яны здароўя ні вам, ні вашым зубам не дадаюць. Гэта дакладна.
Штодзённая двухразовая чыстка зубоў (раніцай і ўвечары) – гэта тое, што сапраўды працуе на карысць зубам. А вось занадта частая і інтэнсіўная чыстка можа нават нашкодзіць. У прыватнасці, празмерная стараннасць можа прывесці да заўчаснага зносу (сцірання) эмалі, пашкоджанняў дзяснаў, што ў сваю чаргу пацягне за сабой павышаную адчувальнасць зубоў.
Стаматолагі запэўніваюць: пасля кожнага прыёму ежы няма неабходнасці чысціць зубы з пастай, дастаткова прапаласкаць рот вадой.
Казкі ў шырокім сэнсе – гэта не толькі тыя літаратурныя творы альбо элементы вуснай народнай творчасці, якія нам напачатку чыталі ці пераказвалі ў маленстве, а потым мы самастойна вандравалі ў іх неабсяжны дзівосны свет. Многія кнігі зараз – таксама своеасаблівыя казкі. А як часта мы вымаўляем, экспрэсіўна звяртаючыся да субяседніка: «Не расказвай мне казкі!» І ўсё ж казкі – гэта добра, гэта своеасаблівыя лекі, псіхалагічная дапамога, падтрымка для здароўя, калі хочаце… Таму давайце прыгадаем сёння свае любімыя! А нагода – Дзень пераказвання казак.
Памятаючы сябе дзесьці з гадоў трох, прыгадваю, як пераказвала мне казкі бабуля Ксенія, маміна мама, якая пераехала да нас у вёску Клінок, што на Чэрвеньшчыне, са Смаленшчыны, беларускай яе часткі. Дзіцячая памяць у мяне была ўчэпістая. Зразумела, што многія казкі «з голасу» таксама былі ў хуткім часе вывучаныя на памяць.
Але аднойчы, калі я сама, малая, распавядала адну з казак сямейнікам, загаварылася. І з дзвюх атрымалася адна. Смеху было! Асабліва ад брата, старэйшага за мяне на чатыры гады. Той свой «промах» памятаю і да гэтага часу. Нават словы казак гучаць у вушах у маім дзіцячым выкананні…
Добра запомнілася кніга казак з нашай Кліноцкай бібліятэкі. Назву не памятаю. Але памятаю вокладку – шэрую, быццам з мешкавіны. І якімі цікавымі былі казкі адтуль! Ужо стаўшы дарослай, спрабавала адшукаць тую кнігу, толькі марна. Так і засталася яна прыемным дзіцячым успамінам.
І зараз перад вачыма вокладка дзіцячай кнігі пад назвай «Гаршчочак, вары!» А можа, нават і сама кніжачка яшчэ захавалася. Бо некаторыя дзіцячыя, вытрымаўшы пераезды, і цяпер ёсць у нашай хатняй бібліятэцы. Праўда, на самых верхніх паліцах. Але нават і думкі няма здаць іх у макулатуру ці проста выкінуць. Гэта ж такія ўспаміны маленства! Цэлы асабісты свет…
Думаю, усе чулі пра такі кірунак у псіхалогіі і педагогіцы, як казкатэрапія?! Магчыма, нават праходзілі тэсты, як я калісьці, дзе патрабавалася назваць свае любімыя казкі, а ў адказ распавядалі пра рысы характару і г.д.
Па шчырасці, стаўленне ў мяне да гэтага неадназначнае. З аднаго боку, вельмі добра, што псіхолагі дапамогуць дзецям, а то і дарослым, пазбавіцца ад пэўных страхаў, скарэктаваць паводзіны, разабрацца ў сабе, змяніцца ў чымсьці, развітацца з даўнімі праблемамі… А з іншага… Ну гэта ж нашы казкі! Нашы добрыя дзіцячыя казкі! Якія мы ў маленстве проста чулі, чыталі і пераказвалі, не ўнікаючы, наколькі яны ўплываюць на наша жыццё і на кожнага з нас як асобу…
Часцяком чытаю ў мастацкай літаратуры, асабліва замежных аўтараў, пра абавязковае наведванне псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў… Так, мы да гэтага не прывыклі… Нам гэта падаецца дзіўным. Зразумела, у сур’ёзных сітуацыях такая дапамога проста неабходная. Асабліва зараз, з-за шалёных перагрузак – інфармацыяй, эмоцыямі, стрэсам, дрэннымі навінамі… І тая псіхалагічная дапамога, пра якую ў нашым дзяцінстве і юнацтве мы нават і думаць не маглі, у многім зараз становіцца рэальнасцю і неабходнасцю.
А казкі… Лячэнне з дапамогай казак у параўнанні з тым жа медыкаментозным зараз падаецца цудоўнай прыдумкай, ці не так?! Хаця гэта, па ўсім відаць, не такая ўжо і лёгкая справа…
Але сёння я не прапаную вам лячыцца казкамі, не-не! Проста захапіцца імі як літаратурнымі творамі, творамі вуснай народнай творчасці. Прыгадаць свае любімыя. Пераказаць камусьці з сямейнікаў, сяброў, знаёмых. Бо я па-ранейшаму веру, што Сусвет нас чуе і бачыць. І акамулюе дабрыню ад усіх.
Асабіста я ганаруся знаёмствам (рэальным і завочным) з пісьменнікамі-казачнікамі (і казачніцамі!) Таццянай Сівец, Генадзем Аўласенкам, Аленай Масла, Наталляй Бучынскай… Людзі, якія пішуць для дзяцей, пішуць казкі, для мяне асаблівыя.
Больш добрыя, душэўныя, умеюць спачуваць і суперажываць, калі чалавеку дрэнна, умеюць разгледзець стан свайго субяседніка, зразумець яго… І так хочацца, каб такіх казачнікаў і казачніц у нас было пабольш! Бо яны сапраўды дапамагаюць зрабіць гэты свет лепшым.
Віват, казкі! Сёння – ваш выхад! І казачнікі-казачніцы – калі ласка, на паклон! 🙂
Прызнаюся шчыра: як толькі мы з даследчыкам фальклору і народнай медыцыны Таццянай Валодзінай (папярэдняе інтэрв’ю тут) закранулі яе захапленне – замовы, адразу вельмі карцела папытацца: а можаце даслаць тэксты? Ад сурокаў, ад зайздрасці, ад дрэннага вока?! Але да заканчэння размовы жадання займець іх значна паменшала. Чаму? А чытаем!
Спадарыня Таццяна, не сакрэт, што ці не кожны з нас марыць пра пэўны цуд. Напрыклад, калі моцна баліць зуб. Каб не да стаматолага, візіту да якога многія баяцца, а пашаптаць – і пазбавіцца ад болю. Наколькі я ведаю, у нашых продкаў часцяком так і адбывалася – з дапамогай замоў?
Сапраўды. Я часта запісваю замовы. Гэта не проста праца. Замовы – маё хобі. І я шукаю бабуль, якія іх ведаюць. Але ў мяне жалезнае правіла – не патрабаваць расказаць. Бо калі нельга, значыць, нельга. А калі можна… Бабулі ахвотна замовы пераказваюць. І нават колькі было такіх выпадкаў, калі чула: «Дзетка, вось я памру, а ніхто і ведаць не будзе. Вучы!»
І як – атрымлівалася пераймаць?!
А вось тут адразу патлумачу. Ведаеце, мне Бог не даў… У мяне мора ведаў, але калі прымяніць іх на практыцы… Ад мяне – не дапамагае. Гэта – па-першае. А па-другое, ёсць такое правіла, якое мне не аднойчы пераказвалі. Калі ты адразу ж запомніш замову… Не тое, што будзеш завучваць спецыяльна, а табе расказалі – і ты запомніў… Значыць, ты зможаш. І здавалася б… Колькі я тых замоў пачула, сабрала, прачытала… Я з імі працую, іх апісваю… Тысячы! А каб сказаць, што быў такі выпадак: мне пераказалі – і я адразу ж змагла паўтарыць. Не…
Адкуль жа самі бабулі ўзялі тыя замовы?!
Камусьці іх пераказалі – знахаркі, шаптухі. Кагосьці навучалі замовам у сне, калі з’яўляліся знахар, святы Мікола, Божая маці… І пра гэта распавядала шмат жанчын! Вось адна бабуля расказвае. Мела хворае дзіця. Што толькі ні рабіла – малілася, аброкі вешала… Нічога не дапамагала! І вось, кажа, ляжу, ці то сплю, ці то не. Адчыняюцца дзверы, заходзіць стары – барадаты, сівенькі: «Ну, хадзі сюды. Што ў цябе здарылася?» Яна кажа: «Так і так, дзіця хварэе». – «Дык а ты палячы…» – «Дык а я не ўмею…» – «Ну дык слухай…» І расказвае. І гэта не проста тэксты кшталту: «Бег сабачка цераз мост, чатыры лапы, пяты хвост». Гэта тэкст такі добры, вялікі. Кажа бабуля: «Прачынаюся, шапчу… І дзіця ўстала!» І вось якая навука гэта патлумачыць?!
Абсалютна невытлумачальна…
Мы зараз можам толькі фіксаваць тыя выпадкі, сістэматызаваць іх, пакідаць для будучых даследчыкаў. Можа, праз тры стагоддзі хтосьці гэта патлумачыць.
Спадарыня Таццяна, вы запісваеце за бабулямі замовы. А ці скарысталіся калі самі іх сілай? Ці была патрэба і ці дапамагло вам?
Я не буду казаць, дапамагло мне ці не… Але здараліся такія гісторыі, і не аднойчы. Вось я сяджу, ад бабулі запісваю замовы. Уключаны дыктафон, а часам і відэакамера. Прашу: «Раскажыце замовы ад звіху». Пайшло. «Ну, раскажыце ад таго і таго». Пайшло. Цэлы шэраг яна прыгадвае. Звычайны набор – 5-10 замоў. Каб больш, дык рэдка бывае. Прашу: «А раскажыце ад сурокаў». Яна: «Ад сурокаў не ведаю, а во ад зайздрасці». І пачынае...
(Са смехам і надзеяй) Не памятаеце?! Ад зайздрасці?!
Не. Я ж кажу, што не кладуцца мне на памяць. Мы з ёй размаўлялі гадзіну перад гэтым. Яна нармальна гаварыла! А тут… Пачынае мяне замаўляць: «У п-п-п-палі ст-т-т-т-таіць каме-ме-ме-нь…» Усміхаецца. Я на яе пазіраю. Яна кажа: «На табе, дзетка, дужа шмат зайздрасці. Я ажно не магу гаварыць».
Ого!
І яшчэ быў выпадак. Бабуля сядзела, спакойна мне пераказвала. Пачынае ад сурокаў – цякуць слёзы з вачэй! У мяне гэта і на відэа ёсць. Кажа: «Дзетка, табе трэба шаптаць». І гэта такія рэчы… Не скажаш жа, што табе пашапталі – і ў тую ж хвіліну я пазбавілася ад зайздрасці, сурокаў… Гэтага адразу не адчуеш.
Тым больш, што вы ж да гэтага не ведалі, што на вас штосьці такое ёсць. Не адчувалі фізічна…
Але тое, што я назірала згаданыя рэакцыі, дзейснасць – гэта праўда.
Калі вы бываеце ў экспедыцыях, ці не ўзнікае ў вас адчуванне, што некаторыя замовы не аўтэнтычныя, а сучасныя, прыдуманыя кімсьці?
Вельмі часта такое бывае.
І яны таксама маюць сілу?!
Пра сілу не скажу. А тое, што ў традыцыі трапіла вялікая колькасць сучасных прыдумак – так. І, магчыма, гэта ўсё ж не разбурэнне традыцый, а заканамернасць. Як людзі хадзілі ўвесь час у ільняным, а тады крамное надзелі. Зараз існуе вялікая колькасць кніг. Ды я ж і сама выдаю кнігі. Напрыклад, у Расіі ёсць цэлы камерцыйны праект. Імя і прозвішча адно, але – выдуманае. А пад ім пішуць розныя людзі – на аснове народных замоў. Штосьці там і сапраўды ёсць, запісанае ад бабуль, але ў асноўным – прыдуманае.
Чакайце! Я чамусьці падумала пра складанне гараскопаў. Ну ёсць жа падабенства з тымі, якія бяруцца «са столі»?!
У пэўнай ступені – так. Але я сама асабіста запісвала бабулю, якая лечыць па кнізе з таго расійскага праекта! І пацыенткі яе, суседкі, казалі: «Нам дапамагае…» Ды я сама часта задаю пытанне: «Як вы думаеце, што дапамагае, калі шэпчаш замовы?»
І я якраз у вас пра гэта хацела папытацца…
І што мне звычайна адказваюць… «Дух. У мяне дух такі. Трэба трапіць на дух. Вось гэтае Слова. Трэба абавязкова яго гаварыць. Малітва, якая была перад гэтым. Вера. Трэба верыць! Ты прыйшоў лячыцца. Калі ты не верыш, табе нічога не дапаможа, хоць я тут разаб’юся…» І гэта не адзіныя тлумачэнні. Нават, кажуць, на кроў трэба трапіць. Што пацыент і лекар мусяць супадаць у крыві. Як гэта патлумачыць, я не ведаю. Можа тая бабулька, якая шэпча прыдуманыя замовы з расійскай кнігі, дапамагае сваім духам. А слова тут толькі антураж. Ці іншыя таксама кажуць: «Не мае значэння, што ты будзеш, дзетка, казаць. Ты ж Бога просіш! Табе Бог дапаможа. А што ты там скажаш, гэта другасная ўжо справа».
Вяртаючыся да таго, што вам асабіста замаўляць не дадзена… Але ж вы запісалі ўжо тысячы і тысячы замоў, выдалі кнігі. Атрымліваецца, у вас такая місія?!
Мабыць. Але, ізноў жа… Я, шмат запісаўшы і зрабіўшы, не лічу абавязковым тыя ж замовы шырока папулярызаваць.
Чаму?!
Лічу, што трэба ствараць і папулярызаваць станоўчы імідж чалавека, які ўмее замаўляць і дапамагаць. Усё ж такі гэта – сіла. Але калі гэтай сілай скарыстаецца чалавек, якому дадзена… І скарыстаецца няправільна… Гэта можа пайсці на шкоду.
Атрымліваецца, замовы ад зайздрасці, якімі я дужа зацікавілася, таксама не для ўсіх?
Разумееце, мы можам проста чытаць замову – і захапляцца яе вобразнасцю. Бо замова – гэта проста неверагодны свет логікі, фантастыкі, паэтыкі, дзівосаў. Але проста ўзяць яе і прачытаць… Гэта тое ж самае, што прачытаць назву якіх дзівосных лекаў – і быць упэўненымі, што гэтага дастаткова, каб ацаліцца. Плюс тое, у чым перакананыя многія. Народны лекар – гэта ад Бога. І лекаваннем павінны займацца людзі, у якіх ёсць той Боскі дар. Прычым, калі вяртацца да папярэдняй гутаркі пра народную і сучасную доказную медыцыну… Я ведаю, што ёсць, так бы мовіць, дынастыі, калі дзеці знахарак ідуць у медыцыну і бачаць у гэтым сваё прызванне. Магчыма, яны апрача сваіх ведаў далучаюць духоўны складнік. Я сустракалася з медсястрой, якая ўжо на пенсіі. Такая вясковая памочніца, якая падключала і адны свае веды, і другія. Але гэта было толькі аднойчы.
А тыя ж зёлкі? Лекаванне травамі? Здаецца, выкарыстоўваюць іх многія…
Зёлкі – гэта адно. Тая ж жаба, на якую раілі дыхаць, калі балела ў грудзях… Я не бачу ў гэтым вялікай бяды. Калі ж мы закранаем пэўныя духоўныя рэчы… Дык лепей не чапаць. І часам свядомае навучанне – замовам, шэптам – можа ні да чаго не прывесці. Як казалі мне бабулі: «Каму дадзена, таго знойдуць».
Фота – аўтара, з архіва Таццяны Валодзінай і адкрытых інтэрнэт-крыніц.
Каменны век скончыўся не таму, што скончыліся камяні. Гэтая фраза, якая належыць невядомаму аўтару, ужо зрабілася афарызмам. Каменны век скончыўся, бо ўзніклі новыя тэхналогіі. Сёння можна гаварыць пра тое, што надышла новая, нейратэхналагічная эпоха, якая закранула абсалютна ўсе сферы жыцця. У новых рэаліях развіваецца і медыцына. І планы яе сапраўды грандыёзныя.
На I-м міжнародным кангрэсе «Урач-Пацыент-Грамадства: Імунітэт-2021», які прайшоў у Екацярынбургу ў сярэдзіне лютага з удзелам і нашых вядучых спецыялістаў у галіне імуналогіі, вучоны, д.м.н., прафесар, прэзідэнт Расійскага таварыства імунолагаў Валерый Чарэшнеў распавёў пра тое, якія праблемы стаяць перад сучаснай медыцынай і што «з вобласці фантастыкі» можа зрабіцца рэальным ужо ў бліжэйшыя 15-20 гадоў. І гэта штосьці неверагоднае!
Такім чынам, чалавецтва ўступіла ў новую нейратэхналагічную эпоху. Сёння на забеспячэнне камп'ютарных схемаў і механізмаў сыходзіць парадку 30-40% усёй энергіі, што выпрацоўваецца на зямным шары. Прагназуецца, што да 2030 года гэтая лічба павялічыцца да 50%.
Далей – больш. З этапу масавага і шырокага прымянення робатаў, якія будуць выконваць замест чалавека ўсю цяжкую працу, а таксама высокадакладныя, ювелірныя і карпатлівыя аперацыі, расход энергіі на забеспячэнне камп'ютарных тэхналогій дасягне 70-80%. І перад вучонымі ўжо стаіць пытанне: чаму мозг, які працуе як магутны суперкамп'ютар, не выкарыстоўваючы і паловы свайго патэнцыялу, у суткі спажывае ўсяго 9 ват энергіі?
Пры гэтым для працы мегагіганцкага камп'ютара патрэбная цэлая электрастанцыя, і не адна. Дзе механізмы эканомнага рэгулявання з боку нервовай сістэмы чалавека? Ці можна іх ўзнавіць і прымяніць у знешнім жыцці?
Вывучэнне мозгу чалавека зноў прыцягвае да сябе ўвагу ўсяго вучонага свету. На гэта выдзяляюцца велізарныя сродкі і рэсурсы. Бо менавіта мозг ва ўсіх сэнсах з'яўляецца адным з ключавых базісаў медыцыны будучага.
Напрыклад, зараз ідзе распрацоўка інтэрфэйсаў, якія інтэгруюць чалавечы мозг з камп'ютарам. Мы ўшчыльную наблізіліся да эры нейраінтэрфэйсаў – камп'ютараў, наўпрост звязаных з чалавечым мозгам. Футуролагі называюць гэта «сінгулярнасцю» – поўным зрашчэннем чалавека з робатам.
Эксперыменты сведчаць, што пацыенты з бакавым аміятрафічным склерозам (ад гэтай паталогіі, у прыватнасці, пакутаваў астрафізік Стывен Хокінг) з дапамогай нейраінтэрфэйсу могуць зноўку кіраваць сваім целам, а таксама абслугоўваць сябе ў побыце з дапамогай кіравальных сілай думкі дронаў.
Масавае прымяненне нейрачыпаў і сувязь камп'ютара з мозгам, кажа Валерый Чарэшнеў, чакаецца ў бліжэйшыя 10-20 гадоў.
На парадку дня рашэнне яшчэ адной праблемы, звязанай з аналізам дадзеных абследаванняў і дыягностыкай з дапамогай нейрасеткі. Будучае медыцыны – не толькі біячыпы. Гэта стварэнне сусветнай базы ДНК, якая дазволіць урачам аўтаматычна ўлічваць фактар генетычнай схільнасці пацыента. Г.зн., па сутнасці, тое, што з'яўляецца па-сапраўднаму персаналізаванай медыцынай. Затым кожны чалавек атрымае свайго віртуальнага двайніка.
Паралельна развіваецца генатэрапія – лячэнне захворванняў шляхам «папраўкі» генаў без змены агульнай структуры ДНК: лімфацыты хворага ў спецыяльным інкубатары «вучаць» распазнаваць злаякасныя клеткі, пасля чаго вяртаюць у арганізм. Там яны перабудоўваюць імунную сістэму, паступова ліквідуючы захворванне. Таму мадыфікацыя геному, імунная тэрапія – неад'емны і ў добрым сэнсе непазбежны складнік медыцыны будучага.
Вяршыня надзеяў медыцынскай навукі – карэкцыя геному для запаволення працэсаў старэння, кропкавае выключэнне генаў.
І гэта будзе медыцынская рэвалюцыя, якая па маштабах пераўзыходзіць пеніцылінавую, лічыць эксперт. Дзякуючы карэкцыі геному, можна будзе дабіцца таго, каб арганізм лепей сінтэзаваў вітаміны, выпрацоўваючы «правільныя» метабаліты, быў хутчэйшы, вышэйшы, мацнейшы... Кропкавае выключэнне генаў (генетычная хірургія) праз 10-15 гадоў зробіцца штодзённасцю.
Яшчэ адзін ключавы фактар медыцыны будучага, які ўжо сёння мае абсалютна дакладнае разуменне як сярод вучоных, так і сярод звычайных, далёкіх ад навукі людзей: прагназаванне, папярэджанне хваробаў замест барацьбы з сімптомамі, якія развіліся.
Таму трэнд 21 стагоддзя – пераход ад «пажарнай» медыцыны да прэвентыўнай, каб не толькі змагацца з захворваннямі, але і папярэджваць іх з'яўленне. У чалавецтва ёсць усе шанцы атрымаць адчувальнае падаўжэнне маладосці і павелічэнне працягласці жыцця ўжо ў гэтым стагоддзі. Што тычыцца абсалютнай неўміручасці – у аглядным будучым гэта пакуль так і застанецца прадметам фантазій і мараў.
Вядома, ад думак пра віртуальнага двайніка і пастаўленых на паток аперацыях па выдаленні дэфектных генаў, якія могуць чакаць нас усяго гадоў праз 10-20, захоплівае дух і злёгку кружыцца галава. «Застацца ў моманце», як кажуць псіхолагі, дапамагае ўсведамленне, што доўгатэрміновыя прагнозы ў медыцыне – справа не самая ўдзячная.
Узяць хаця б прыклад з анкалогіяй. Вучоныя з Інстытута раку ЗША ў 1989 годзе ўпэўнена заявілі, што да 2000 года анкалагічныя захворванні будуць вылечвацца цалкам. Што мы маем на сёння? Так, ёсць значныя зрухі ў лячэнні раку. Але, па-першае, вельмі многае завязанае на ранняй дыягностыцы захворвання. Па-другое, размова не пра лячэнне, а пра рэмісію, выжывальнасць пацыента.
Толькі ў 2018 годзе, праз амаль 30 гадоў пасля смелага прагнозу амерыканскіх вучоных, з'явілася новая тэрапія раку, якая выкарыстоўвае імунную сістэму самога пацыента. Дзякуючы ёй было вылечана 4 чалавекі з ракам малочнай залозы і 3 з меланомай. За сваё адкрыццё вучоныя-імунолагі амерыканец Джэймс Элісан і японец Тасуку Хандзё атрымалі Нобелеўскую прэмію. Гэта сталася ўскосным пацверджаннем таму, што няма ўніверсальнага метаду лячэння злаякасных пухлінаў, імунотэрапія строга індывідуальная. А ці будзе? Час пакажа.
Як правільна лячыць каранавірусную інфекцыю дома? Калі трэба збіваць тэмпературу? Колькі неабходна выпіваць вадкасці? Чаму варта быць асцярожнымі з салодкімі напоямі? І калі хвораму на COVID-19 не абысціся без шпіталізацыі?
Пра гэта Слушна распавяла дацэнт кафедры інфекцыйных хваробаў і дзіцячых інфекцый БелМАПА, кандыдат медыцынскіх навук Наталля Клімовіч.
Паводле слоў спецыяліста, усё вельмі індывідуальна і шмат у чым залежыць ад клінічнай карціны захворвання. Напрыклад, калі пацыент скардзіцца на ліхаманку (да 39ºС), якая добра паддаецца дзеянню гарачкапаніжальных прэпаратаў, кашаль у першыя дні захворвання, у яго няма цяжкасцяў з дыханнем, нармальная сатурацыя, без задышкі, болю за грудзінай, дык такому чалавеку можна прапанаваць лячыцца амбулаторна.
Калі пацыент сталага ўзросту, які мае спадарожную паталогію (цукровы дыябет, артэрыяльную гіпертэнзію, перанёс у мінулым інфаркт міякарда, інсульт і інш.), з задышкай, дык ён адназначна павінен быць шпіталізаваны. Пацыенты з групы рызыкі павінны дынамічна назірацца, што цяжка выканаць у амбулаторных умовах. Таму лячэнне лепей праводзіць у стацыянары.
Акрамя таго, дадала эксперт, цяжэй пераносяць каранавірусную інфекцыю людзі з парушэннем тлушчавага абмену, якія пакутуюць ад атлусцення. Прычым узроставы фактар у гэтым выпадку не мае значэння. Як правіла, калі ёсць лішняя вага (індэкс масы цела звыш 25), высокая верагоднасць парушэння талерантнасці да глюкозы, магчымыя захворванні шчытападобнай залозы і інш. Станы, якія будуць павышаць рызыку тромбаэмбалічных ускладненняў (мікратрамбозаў).
Калі ў пацыентаў каранавірусная інфекцыя працякае з выяўленым інтаксікацыйным сіндромам (ліхаманка ≥39ºС, якая дрэнна зніжаецца прыёмам нестэроідных супрацьзапаленчых прэпаратаў, мышачны боль, рэзкая слабасць, тахікардыя), такому чалавеку таксама паказаная шпіталізацыя, незалежна ад узросту і наяўнасці спадарожнай паталогіі.
У сярэднім у дзень для дарослага чалавека ў норме фізіялагічная патрэба ў вадзе складае каля 2-3 л літраў. У выпадку ліхаманкі, інтаксікацыйнага сіндрому спажыванне вадкасці трэба павялічваць з улікам аб'ёму бягучых паталагічных стратаў (дадаткова 10-30 мл/кг/суткі), што складзе ў агульнай колькасці да 3-4 літраў у дзень. Гэта можа быць вада, узвары, зялёны чай, морсы, гарбата з лімонам, рамонкам, мятай, але з невялікім утрыманнем цукру альбо без яго. Спажыванне вялікай колькасці салодкіх напояў можа прывесці да ваганняў узроўню глюкозы ў крыві. Асабліва гэта непажадана для людзей з залішняй масай цела.
Вельмі добра падыходзяць узвары з сухафруктаў (сушаныя яблыкі, разынкі, курага), бо ўтрымліваюць шмат калію, які карысны для сардэчна-сасудзістай сістэмы, морсы (вітаміны). Пры адсутнасці смаку (агезія) пацыенты адзначаюць, што ў іх адсутнічае апетыт, ім цяжка шмат піць. Здольнасць папаўняць сваю паталагічную патрэбу будзе таксама вырашальнай пры прыняцці рашэння пакідаць чалавека дома альбо рэкамендаваць шпіталізацыю.
Як адзначыла Наталля Клімовіч, не кожную тэмпературу трэба збіваць, і шмат што залежыць ад самога чалавека. Некаторыя пацыенты спакойна пераносяць тэмпературу 39°С, іншыя будуць дрэнна сябе адчуваць і пры 37,8°С.
Для зніжэння тэмпературы можна выкарыстоўваць гарачкапаніжальныя лекавыя сродкі (напрыклад, парацэтамол, ібупрафен). Разам з тым, прыём гэтых прэпаратаў мае абмежаванні (для парацэтамолу сутачная доза не больш за 4 г, для ібупрафену для дарослага чалавека 1200-1800 мг/сут).
Калі турбуе моцная ламота ў суставах і боль у мышцах, галаўны боль, можна прыняць нестэроідныя супрацьзапаленчыя прэпараты.
Антыбактэрыяльная тэрапія на амбулаторным этапе – гэта прэпараты выбару. Такія лекавыя сродкі паказаныя, калі ёсць высокая рызыка далучэння бактэрыяльнай інфекцыі (супраць віруса дадзеныя прэпараты не эфектыўныя). Напрыклад, у чалавека ёсць хранічныя захворванні лор-органаў, рэцыдывавальныя сінусіты альбо стаматалагічная паталогія і г.д. У любым выпадку, да прызначэння антыбактэрыяльнай тэрапіі варта падыходзіць дыферэнцыравана, і ні ў якім разе не займацца самалячэннем. Паказанні для прызначэння антыбактэрыяльнай тэрапіі вызначае ўрач.
У стацыянары, як правіла, перад прызначэннем антыбактэрыяльных прэпаратаў даследуюць узровень пракальцытаніну. Калі ён нізкі, прыём антыбіётыкаў не мэтазгодны. Але бываюць і выключэнні.
Зноў-такі, усё вельмі індывідуальна. Той жа аспірын супрацьпаказаны дзецям. Дарослыя, калі гэты прэпарат быў прызначаны для тэрапіі асноўнага захворвання, напрыклад, пры сардэчна-сасудзістай паталогіі, павінны прымаць яго пастаянна, нават у выпадку інфікавання каранавірусам.
Калі няма вялікіх рызыкаў тромбаэмабалічных ускладненняў (малады ўзрост, адсутнасць цукровага дыябету, артэрыяльнай гіпертэнзіі, дастатковы аб'ём спажывання вадкасці), пры нармальных значэннях паказчыкаў у каагулаграме, дык такі пацыент у антыкаагулянтнай тэрапіі не мае патрэбы. Калі ж ёсць змены ў каагулаграме, ёсць спадарожная паталогія, паказанае прызначэнне такіх прэпаратаў у прафілактычнай дозе. Калі змены значныя – пацыента павінны шпіталізаваць. У любым выпадку рашэнне прымаецца ўрачом!
Такія прэпараты варта выкарыстоўваць з асцярожнасцю і ў свой час. На пачатку захворвання, як правіла, кашаль сухі і не дастаўляе моцных турботаў. Пры моцным прывязлівым кашлі, асабліва пры з'яўленні крыві, трэба думаць пра больш сур'ёзныя ўскладненні (такія пацыенты дома заставацца не павінны).
Пры ліхаманкава-інтаксікацыйным сіндроме, калі ёсць змены смаку і нюху, у многіх пацыентаў знікае апетыт. Часам гэта можа доўжыцца некалькі дзён. Не варта прымушаць есці. Тым не менш, абавязкова трэба піць шмат вадкасці.
Галоўная ўмова – ежа павінна быць лёгказасваяльнай і разнастайнай, з дастатковай колькасцю бялку. Пазбягаць варта прадуктаў, якія могуць справакаваць абвастрэнне захворванняў, напрыклад, гастрыт. Не варта ўводзіць у рацыён новыя прадукты ці сядзець на дыеце.
Абавязкова варта выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу, калі:
Нават калі ў большасці з нас і няма кароў ды коней, гэта не значыць, што Улассе святкаваць не трэба! 🙂 Бо мы ж любім розныя малочныя прадукты, праўда? Таму можна проста віртуальна падзякаваць гэтым жывёлам, перад якімі літаральна схіляюцца ў той жа Індыі... А яшчэ – прыгадаць уласнае маленства, летнія вакацыі ў вёсцы і стасункі з тымі самымі свойскімі жывёламі. Было?! 🙂
Калі ж вы ўважліва сочыце за беларускім народным календаром, яго святамі і адметнымі днямі, дык ведаеце, што Улассе і да гэтага часу святкуюць у аграгарадку Лукі Карэліцкага раёна, што на Гродзеншчыне! Праўда, не ў гэты ж дзень… Але во дзе шанцуе мясцовым каровам ды коням! 🙂
А ведаеце, чаму? Бо іх частуюць смачненькім. У тым ліку і печывам, на якое зверху змяшчаюць кавалак масла. Вось чаму даўней казалі: «На Аўласа бяры каўшом масла». Другое вытлумачэнне гэтай прыказкі – на Уласа гаспадыні абавязкова пяклі аладкі для ўсёй сям’і і падавалі іх з маслам. Каб цяляты былі гладкімі. Ну, а трэцяе – масла нагадвала пра блізкасць Масленіцы, Масленічнага тыдня.
Тыя ж аладкі ў гэты дзень нашыя продкі асвячалі ў храме. А калі пяклі жытні хлеб, дык і яго таксама. Асвечанымі аладкамі частавалі дзяцей, бяздомных і хатнюю жывёлу. А да свянцонай вады на Вадохрышча, грамнічнай свечкі на Грамніцы дадавалася яшчэ і адна аладка з Уласся, якую захоўвалі поруч з усім згаданым, і таксама з абярэжна-ахоўнымі мэтамі.
Маліліся і самому святому Уласу, якога лічылі даўней апекуном свойскай жывёлы: «Святы Улас, дай шчасця на гладкіх цялок, на тоўстых быкоў, каб з двара ішлі граючы, а з поля скачучы».
Што тычыцца народных прыкметаў, дык даўней спадзяваліся, што маразы на Улассе – апошнія зімовыя. Што і не дзіўна, улічваючы, як хутка заканчваецца ўжо люты, які сёлета добра-такі палютаваў…
Ну, і назіраем за надвор’ем. Па народных прыкметах, калі на Улассе шмат снегу, значыць, май будзе зялёным. Калі ў гэты дзень адліга, дык верылі, што маразоў больш не будзе. Хм... Не наш выпадак, як мне падаецца… Ды і ў памяці яшчэ сакавіцкі «Хаўер», хаця і столькі ўжо гадоў пасля яго прамінула…
Каб карова добра даілася, на яе ў гэты дзень пырскалі святой вадой. Мабыць, той самай, з Вадохрышча…
Дарэчы, а ці любіце вы малако, як люблю яго я?! 🙂 Нягледзячы на меркаванне, што яно не такое ўжо і карыснае для арганізма дарослых, а часам і шкоднае. А ёсць жа людзі, чый арганізм яго проста не прымае. А цяпер нават і каты ды коткі не ўсе малако тое і ядуць. І таксама не ўсім ім яно ідзе. Хаця з маленства мы што засвоілі?! Што лепшы пачастунак для гэтых хвастатых – якраз-такі малако.
Але я, як заўсёды, давяраю найперш сваім адчуванням. І без шкоды для арганізма п’ю малако, ем малочны суп з грэчкай – любімай стравай з дзяцінства, да якой мамачка мая нас з братам прывучыла…
Малако, як вядома, гэта крыніца кальцыю і антыаксідантаў. Яго ўжыванне дапамагае ўмацоўваць косці і зубы, аднаўляе нервовую сістэму. Хтосьці любіць піць яго раніцай, хтосьці – увечары, цёплым, каб лепей засынаць…
Па меркаваннях некаторых спецыялістаў, малаком не варта лячыць прастуду, бо яно павялічвае выдзяленні са слізістых і ўзмацняе запаленне… Але-але… Людзі, так бы мовіць сярэдняга (майго) узросту, думаю, памятаюць уласнае дзяцінства?! Малаком лячылі. Малако з содай (бе-е-е-е!), малако з мёдам (б-е-е-е-е!), проста гарачае гатаванае малако. З плеўкамі, бе-бе-бе! 🙂 Ажно самой смешна зрабілася…
І ўсё ж, вяртаючыся да тэмы народнай медыцыны і рэцэптаў, правераных на сабе. Я б не назвала гэта супадзеннем, калі дапамагае шматразова. І нават калі насуперак сучаснай доказнай медыцыне (прабачце!)… Але шклянка гарачага гатаванага малака са сметанковым маслам, малінавым варэннем, содай, мёдам (усяго па 1 ч.л.), выпітая з асцярогай, вяртае голас, які знік…
Невытлумачальна, але факт. На смак, вядома ж, бурда… 🙂 Каб выпіць, трэба мець смеласць. Але ж быць безгалосай таксама не хочацца… Піла. Бывала, хапала нават адной порцыі.
Ну, і яшчэ ж цяпер сцвярджаецца, што малако – гэта ежа, а не пітво. І ежу ім запіваць не варта, а лепей ужываць асобна. Калісьці ў дзяцінстве так смачна было – малако з батонам і варэннем з суніцаў, якое па-майстэрску навучыўся варыць мой тата… М-м-м-м… А цяпер пра батон пры мне нават не ўзгадвайце! J А пра малако – калі ласка!
Так што сёння дзякуем яго першым «вытворцам» – каровам! А калі ёсць знаёмыя кароўкі альбо конікі, віншуем іх з Улассем! 🙂
Якія прадукты могуць стаць прычынай інсульту галаўнога мозгу і як змяніць свой рацыён? Калі перад вачыма з'яўляюцца «мушкі» і часта баліць галава, ці трэба насцярожыцца і прайсці абследаванне? Ці можа каранавірус прывесці да інсульту? Каму варта рабіць УГД брахіяцэфальных артэрый?
На пытанні чытачоў парталаў Слушна адказаў Сяргей Марчанка, неўролаг, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 5-й ГКБ г.Мінска – профільнага цэнтра па лячэнні інсульту галаўнога мозгу.
Мне 63 гады. Вага нармальная. Прадукты, якія змяшчаюць жывёльныя тлушчы, амаль не ем, толькі нятлусты тварог і малако. Халестэрын – 2,1. Пры УГД брахіяцэфальных сасудаў выявілі бляшку ў левай соннай артэрыі (35-40%). Атрымліваецца, нават пры правільным харчаванні ёсць рызыка ўзнікнення інсульту? Як тады яго пазбегнуць?
І другое пытанне. Паўтара года таму на працягу тыдня было дзіўнае адчуванне: знянацку ад патыліцы па целе распаўсюджваўся холад, на некалькі секунд з'яўляўся зменены стан свядомасці і пачуццё млоснасці, але не такое, як перад непрытомнасцю. «Вінаватая» бляшка? Ці варта прайсці МРТ галаўнога мозгу?
Нават пры правільным харчаванні існуе рызыка развіцця інсульту. Каб яго пазбегнуць, неабходна рэгулярна праходзіць медагляд для выключэння фактараў рызыкі інсульту: артэрыяльнай гіпертэнзіі, цукровага дыябету, атэрасклерозу магістральных артэрый галавы і шыі ды інш. Пры выяўленні фактараў рызыкі – праводзіць іх карэкцыю. Па другім пытанні: у раптоўным холадзе і кароткачасовай змене свядомасці, пачуцці млоснаці «бляшка» наўрад ці вінаватая. Магчыма, прычына вашых скаргаў – парушэнні ў працы сэрца (напрыклад, эпізадычная арытмія). Абсалютных паказанняў для выканання МРТ галаўнога мозгу няма, неабходны агляд неўролага.
Ці павышае рызыку інсульту альбо пагаршэння стану сасудаў безвугляводная дыета з вялікай колькасцю тлушчаў і ўмеранай колькасцю бялкоў?
Харчаванне павінна быць збалансаваным. Дыеты, якія цалкам ці амаль цалкам выключаюць пэўны від харчовых прадуктаў, цягнуць за сабой розныя ўскладненні, у тым ліку павышаюць рызыку інсульту.
Якія прадукты могуць стаць прычынай інсульту?
Соль, цукар, алкаголь, чырвонае мяса, недахоп гародніны і садавіны – усё гэта правакуе развіццё захворванняў альбо станаў, якія могуць прывесці да інсульту. Празмернае ўжыванне солі, цукру, чырвонага мяса спрыяе адкладанню халестэрыну, утварэнню халестэрынавых бляшак. Менавіта таму для прафілактыкі інсультаў рэкамендуюць абмежаваць спажыванне гэтых прадуктаў.
Якая верагоднасць інсульту ў чалавека з паніжаным ціскам?
Верагоднасць значна ніжэйшая, чым у чалавека з павышаным ціскам: сярод пацыентаў з інсультам гіпертонікі складаюць ад 85% і вышэй.
Як можна нармалізаваць ціск, калі павышаецца пераважна ніжні, а верхні блізкі да нормы? Гэта рызыка развіцця інсульту? Якая прычына такога павышэння? Якія абследаванні трэба прайсці?
Любы павышаны артэрыяльны ціск, нават ізаляваны сісталічны альбо дыясталічны, з'яўляецца фактарам рызыкі інсульту. Для вырашэння гэтай праблемы неабходна звярнуцца да кардыёлага.
Мне 36 гадоў. У апошні час пры выхадзе на вуліцу, часцей за ўсё ў халоднае надвор'е, адчуваю здранцвенне ў канечнасцях. У асноўным, дранцвеюць пальцы на руках, яны робяцца белага колеру. Расціранне не дапамагае, праходзіць само, часам за 10 хвілін, часам за паўгадзіны. Часам дранцвеюць пальцы і на нагах. Назіраюся з хранічным тырэаідытам, аменарэяй, перыядычна прымаю прэпараты жалеза, ВСД па гіпатанічным тыпе. Прымаю статыны ў мінімальнай дозе на фоне павышанага халестэрыну, сэрца без паталогій, УГД брахіяцэфальных артэрый таксама без паталагічных зменаў, нязначна выражаны астэахандроз шыйнага аддзела. Ці варта мне турбавацца пра магчымасць узнікнення інсульту? Ці трэба прайсці дадатковыя абследаванні альбо звярнуць на штосьці ўвагу?
Апісаныя скаргі могуць быць абумоўленыя сіндромам/хваробай Рэйна. Гэта ўстойлівае звужэнне дробных крывяносных сасудаў кончыкаў пальцаў на ўздзеянне холаду альбо псіхаэмацыянальнае ўзрушэнне. Неабходная кансультацыя тэрапеўта і дадатковае абследаванне. Ужо цяпер неабходна пазбягаць пераахаладжэння, выключыць курэнне, напоі, якія ўтрымліваюць кафеін, і прыём пераральных кантрацэптываў.
Мне 61 год. Пачала заўважаць, што ў апошні час у мяне паменшылася адчувальнасць кончыкаў пальцаў рук. Не магу, як раней, адразу ўзяць штосьці дробнае. Ці не з'яўляецца гэта пачаткам чагосьці страшнага, прыкметай патэнцыяльнага інсульту?
Прыкметай патэнцыяльнага інсульту гэта не з'яўляецца, але можа быць сігналам захворванняў (напрыклад, ускладненняў цукровага дыябету, праявай атэрасклерозу перыферычных і магістральных артэрый канечнасцяў), якія пасля прывядуць да яго. Рэкамендую звярнуцца да тэрапеўта, неўролага і эндакрынолага.
Мне 42 гады. Перыядычна перад вачыма з'яўляюцца «мушкі», часта баліць галава. Ці трэба прайсці абследаванне і якое, каб прадухіліць інсульт?
Неабходныя УГД брахіяцэфальных артэрый, аналіз профілю артэрыяльнага ціску, кансультацыя неўролага і тэрапеўта.
У мяне стэноз ВСА (соннай артэрыі) – 50% (атэрасклератычная бляшка нестабільная). Ці трэба прымаць дадатковыя лекавыя сродкі акрамя статынаў? Як часта трэба здаваць аналіз крыві для вызначэння ЛПНШ (ліпапратэінаў нізкай шчыльнасці) і ЛПВШ (ліпапратэінаў высокай шчыльнасці) пры прыёме статынаў? Ці можа ўпасці ўзровень халестэрыну да крытычных значэнняў пры прыёме статынаў?
Магчыма, акрамя статынаў, вам трэба прымаць антытромбацытарныя сродкі (аспірын і г.д.). Неабходна пракансультавацца з урачом. Аналіз крыві трэба здаваць праз 8 (± 4) тыдняў пасля пачатку прыёму лекаў; праз 8 (± 4) тыдняў пасля змены рэжыму тэрапіі да дасягнення мэтавых значэнняў кантрольных паказчыкаў. Пры дасягненні мэтавых значэнняў – 1 раз на год. Выпадкі падзення ўзроўню халестэрыну да крытычных значэнняў пры прыёме статынаў не зарэгістраваныя.
У чым асаблівасць і адрозненне ішэмічнага інсульту? Як працякае працэс лячэння і калі прызначаецца рэабілітацыя? Якія могуць быць наступствы ішэмічнага інсульту?
Ішэмічны інсульт – найбольш распаўсюджаны від, на яго прыпадае 85% усіх выпадкаў, 15% складаюць гемарагічныя і змешаныя інсульты.
Ішэмічны інсульт узнікае як рэакцыя на блакіраванне артэрый галаўнога мозгу альбо іх звужэнне. Парушаецца кроваток, мозг перастае атрымліваць кісларод і іншыя пажыўныя рэчывы. Калі не прымаць меры, клеткі пачынаюць адміраць. Ішэмічны інсульт суправаджаецца ўтварэннем тромбаў (згусткаў крыві) у артэрыях мозгу і па-за ім. А пры гемарагічным інсульце адбываецца кровазліццё з сасудаў мозгу ў навакольныя тканкі альбо ў прастору паміж паверхняй мозгу і чэрапам і ўтвараецца гематома.
Наступствы могуць быць такімі: страта рухаў у руках і нагах (часцей пакутуе адзін бок цела); мышачная слабасць і, як следства, моцная стамляльнасць пры хадзе, спробах трымаць прадметы ў руках і г.д .; страта, пагаршэнне памяці з-за аслаблення кровазабеспячэння мозгу; дэфекты маўлення(складана падбіраць словы для выказвання думак, будаваць сказы, пераказваць тэкст).
Лячэнне інсультаў праводзіцца ў стацыянары. Найбольш спрыяльны прагноз – калі яно распачатае не меней чым праз тры гадзіны пасля першых сімптомаў. Таму так важна ведаць першыя прыкметы* інсульту і своечасова выклікаць хуткую.
Выкарыстоўваюцца медыкаментозныя і хірургічныя методыкі.
Пры лячэнні ішэмічнага інсульту вельмі важная трамбалітычная тэрапія. Гэта дазваляе аднавіць натуральны кровазварот. Пры ішэмічным інсульце нейрахірургічныя аперацыі праводзяцца радзей, чым пры гемарагічным. Сучасныя хірургічныя методыкі (у тым ліку эндаваскулярныя) могуць ліквідаваць тромб альбо склератычныя бляшкі, аднавіць кровазабеспячэнне.
Змест рэабілітацыі, яе працягласць і зыход залежаць ад ступені цяжару захворвання.
Падрабязна аб прафілактыцы, лячэнні і рэабілітацыі інсульту можна прачытаць на сайце нашай бальніцы.
Маме 68 гадоў. Нядаўна на вуліцы ў яе з'явілася галавакружэнне, слабасць у нагах, яна не магла растлумачыць, што з ёй. Але гэты стан прайшоў праз некалькі хвілін. Пазней яна сказала, што яшчэ было памутненне ў вачах. Прачытаў, што гэта можа быць «ціхі» інсульт. Гэта так? І што ў такім выпадку рабіць: звяртацца да ўрача, праходзіць абследаванне?
Такі стан можа быць абумоўлены цэлым шэрагам захворванняў. Таму рэкамендую пачаць з кансультацый неўролага і тэрапеўта і выканання прызначаных імі абследаванняў. Магчыма, спатрэбіцца зварот у Гарадскі цэнтр параксізмальных станаў на базе Мінскага кансультацыйна-дыягнастычнага цэнтра, дзе спецыялісты вызначаць прыроду эпізодаў парушэння свядомасці. Параксізмальны стан – гэта кароткачасовы эпізод парушэння дзейнасці пэўнага органа, які прывёў да скаргаў, але хутка купіраваўся. У пераважнай большасці гэта абумоўленае кардыялагічнымі праблемамі.
Што тычыцца «нямога» («ціхага») інсульту, дык такое магчыма. Чалавек можа перажыць кароткачасовыя і мікраскапічныя сімптомы інсульту на нагах: дзесьці кальнула, штосьці забалела, закружылася галава, але ўсё хутка прайшло. Гэта інсульт, які хутка завяршыўся акрыяннем. Але гэта вельмі рэдкая з'ява. У большасці выпадкаў інсульты прыкметныя.
Я гіпертонік. Калі захварэю на каранавірусную інфекцыю, ці можа гэта прывесці да інсульту? Аднавіцца пасля інсульту, выкліканага гэтым вірусам, складаней?
COVID-19 можа прывесці да інсульту. Каранавірусная інфекцыя досыць часта ўскладняецца трамбозамі артэрый, у прыватнасці, мазгавых, у тым ліку ў аддаленым перыядзе – праз месяцы пасля хваробы. Аднавіцца пасля інсульту, выкліканага гэтым вірусам, на жаль, больш складана. Пацыентам, якія перанеслі інсульт і COVID-19, на дадзены момант у абавязковым парадку на працягу трох месяцаў ад пачатку захворвання прызначаюць антытрамбатычныя прэпараты, якія разрэджваюць кроў (антыкаагулянты і/альбо антыагрэганты). Гэтая рэкамендацыя распаўсюджваецца і на гіпертонікаў, якія захварэлі на каранавірусную інфекцыю. Ім таксама прызначаецца антытромбацытарнае лячэнне ў залежнасці ад цяжару цячэння хваробы.
Ці можа моцны стрэс і пастаянны неспакой прывесці да інсульту?
Безумоўна, можа, паколькі ў выніку стрэсу магчымае рэзкае павышэнне артэрыяльнага ціску.
Каму дакладна варта рабіць УГД брахіяцэфальных артэрый і дзе можна прайсці такое даследаванне?
Скрынінгавае выкананне УГД БЦА паказанае ўсім людзям, старэйшым за 45 гадоў. Дакладна выканаць УГД БЦА неабходна пасля сасудзістых эпізодаў: транзіторнай ішэмічнай атакі, вострага парушэння мазгавога кровазвароту. Для выканання такога даследавання ў Беларусі маецца дастатковая колькасць апаратаў у дзяржаўных і прыватных установах аховы здароўя.
Існуе даволі просты, але надзейны тэст для дыягнаставання інсульту ў хатніх умовах (дазваляе дыягнаставаць інсульт у 80% выпадкаў) – FAST (Face Arm Speech Test). Сутнасць яго ў наступным:
Пры наяўнасці хаця б аднаго сімптому неабходна тэрмінова выклікаць хуткую дапамогу. Трэба памятаць, што хуткі рэгрэс вышэйапісаных сімптомаў яшчэ не гарантуе адсутнасць інсульту ці транзіторнай ішэмічнай атакі. Таму, калі ў стане пацыента штосьці турбуе, лепей неадкладна звярнуцца па медыцынскую дапамогу.
Фота – Таццяна Сталярова і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.
Як працуе хіміятэрапія? Як знізіць яе негатыўны ўплыў на арганізм? Як пазбегнуць страты валасоў?
Працягваем распавядаць пра лячэнне «жаночага» раку.
Ірына Касенка, урач-анколаг, доктар медыцынскіх навук, прафесар, начальнік Адукацыйнага цэнтра РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава:
Хіміятэрапія – адзін з асноўных метадаў лячэння анкалагічных захворванняў, пры якім выкарыстоўваюцца прэпараты, што знішчаюць ракавыя клеткі. Гэты метад значна маладзейшы за хірургічны і прамянёвы. Ён пачаў актыўна развівацца толькі ў другой палове мінулага стагоддзя. Пасля хіміятэрапіі пухліна можа знікнуць зусім або часткова. Але нават калі яе памеры застануцца ранейшымі, казаць пра няўдалае лячэнне рана.
У якасці самастойнага спосабу лячэння метад ужываюць пры харыёкарцыноме, у спалучэнні з аперацыяй – пры раку яечнікаў, у спалучэнні з прамянёвай тэрапіяй – пры раку маткі з неспрыяльным прагнозам.
У свеце зарэгістравана больш за сотню супрацьпухлінных лекаў, іх спіс увесь час папаўняецца. Першы супрацьпухлінны прэпарат эмбіхін быў створаны ў 1946 годзе на аснове баявога атрутнага газу іпрыту. Эмбыхін – «дзядуля» ўсіх сучасных цытастатыкаў.
Усе супрацьпухлінныя лекі можна ўмоўна падзяліць на дзве вялікія групы: цытастатыкі і цытатаксіны. Яны адрозніваюцца механізмам дзеяння.
У прыродзе любая клетка гіне за кошт двух галоўных працэсаў: некрозу і апаптозу. Пры некрозе пашкоджваюцца абалонка, ядро і іншыя кампаненты клеткі, што і прыводзіць да яе смерці. Такім чынам дзейнічае большасць цытастатыкаў (даксарубіцын, цысплатын, 5-фторурацыл, цыклафасфан).
Апаптоз азначае самазнішчэнне, яго праграма «запісаная» ў любой клетцы. Калі яна робіцца непатрэбнай (хворая ці замінае іншым клеткам арганізма), дык праграма апаптозу ў ёй ўключаецца аўтаматычна. Цытатаксіны (таксол, тамаксіфен) якраз спрыяюць запуску такой праграмы ўнутры ракавай клеткі.
Хіміятэрапію праводзяць часам ва ўмовах стацыянара, а часам амбулаторна – дома ці ў паліклініцы. Лекі жанчына атрымлівае па-рознаму: унутрывенна з дапамогай шпрыца/кропельніцы або ў выглядзе таблетак/парашкоў. У большасці выпадкаў даводзіцца прымаць адразу некалькі прэпаратаў. Працягласць і частата курсаў лячэння залежаць ад выгляду і цяжкасці захворвання. Увядзенне прэпаратаў можа праводзіцца штодня, штотыдзень або штомесяц. Для аднаўлення сіл арганізма робяцца перапынкі ў лячэнні.
Усе супрацьпухлінныя прэпараты – даволі моцныя яды. Таму лячэнне часта даводзіцца прыпыняць з-за таксічнага дзеяння супрацьпухлінных прэпаратаў на кроў, імунную сістэму, сэрца, ныркі, печань, лёгкія, мозг. Кожны прэпарат ставіць пад пагрозу пэўны орган чалавека: пры лячэнні блеаміцынам могуць пакутаваць лёгкія, цысплатынам – ныркі, цыклафасфамідам, вепезідам, 5-фторурацылам, метатраксатам, вінбластынам – кроў, даксарубіцынам – сэрца, вінкрыстынам – мозг.
Ступень таксічнага ўздзеяння супрацьпухлінных прэпаратаў на арганізм залежыць ад фізічнага стану жанчыны, спадарожных захворванняў, дозаў і працягласці курса.
Большасць супрацьпухлінных прэпаратаў негатыўна ўплываюць на клеткі крыві – выклікаюць міеласупрэсію, гэта значыць зніжэнне лейкацытаў і трамбацытаў. Звычайна пік міеласупрэсіі здараецца на 7-14-ы дзень, а аднаўленне – да 21-28-га дня пасля пачатку хіміятэрапіі.
Клеткі слізістай абалонкі поласці рота, страўніка, кішэчніка і похвы таксама ўразлівыя для хіміяпрэпаратаў. Запаленне, якое называюць эпітэліітам, можа прывесці да ўтварэння балючых язваў.
Прадухіліць эпітэлііт поласці рота можа добрая гігіена. Да хіміятэрапіі хворым рэкамендуецца наведаць стаматолага. Пасля сеансаў хіміятэрапіі неабходна паласкаць рот растворам соды, фурацыліну або хлоргексідыну. У некаторых выпадках дапамагае лёд, які трэба патрымаць у роце.
Калі ўзнікла інфекцыя (а гэта часцей за ўсё Candida, гэта значыць малочніца, ці вірус простага герпесу), папрасіце ва ўрача прызначыць супрацьгрыбковыя або супрацьвірусныя сродкі. У выпадку развіцця эптэлііту похвы мэтазгодныя апрацоўкі слізістай аналагічнымі прэпаратамі.
Кожны дваццаты хворы адмаўляецца ад хіміятэрапіі або перапыняе яе з-за млоснасці. Гэтыя непрыемныя сімптомы выклікаюць не ўсе хіміяпрэпараты. Шмат што залежыць ад спосабу ўвядзення лекаў: тое, што выклікае цяжкую рэакцыю пры аднаразовай ін'екцыі, пераносіцца лягчэй у выпадку ўвядзення пры дапамозе кропельніцы.
Прэпараты, якія папярэджваюць ваніты, называюцца антыэметыкамі (зафран, рэглан, метаклапрамід і інш.). Іх прымаюць да і пасля хіміятэрапіі. Вельмі рэдка прэпараты могуць аказваць пабочны эфект – нядоўгае парушэнне каардынацыі рухаў.
Некаторыя прэпараты настолькі таксічныя, што пры іх трапленні пад скуру з-за няўдалага ўнутрывеннага ўвядзення могуць узнікнуць моцныя пашкоджанні тканак, ажно да некрозу.
Калі пэўная колькасць даксарубіцыну або мітаміцыну С патрапіла пад скуру, пашкоджаны ўчастак трэба абкласці лёдам, а пры няўдалым увядзенні вінкрыстыну і вінбластыну, наадварот, гарачым – гэтыя лекі разбураюцца пад дзеяннем цяпла. Хворым з тонкімі ломкімі венамі патэнцыяльна небяспечныя прэпараты звычайна ўводзяць праз цэнтральныя катэтары.
Валасы растуць з фалікулаў, або валасяных сумак. Гэтыя клеткі асабліва пакутуюць ад дзеяння хіміяпрэпаратаў. Страта валасоў (алапецыя) часцей адбываецца пры лячэнні даксарубіцынам, і ў большай ці меншай ступені можа быць пры лячэнні цыклафасфанам, вепезідам, тыяфасфамідам. У першыя тыдні лячэння страта валасоў бывае больш моцнай, потым запавольваецца, але ў любым выпадку пасля заканчэння хіміятэрапіі валасы адрастуць. Цікава, што яны адрастаюць больш густымі, чым былі, могуць памяняць колер, а часам пачынаюць кучаравіцца нават у тых, хто насіў прамыя валасы.
Існуе арыгінальны спосаб прадухілення аблысення. Падчас хіміятэрапіі, калі прэпараты ўводзяць пад кропельніцай, жанчыне на галаву надзяваюць спецыяльны астуджальны шлем. Паніжэнне тэмпературы станоўча адбіваецца на выжыванні фалікулаў, і валасы атрымліваецца захаваць.
Спявачка Кайлі Міноўг, якая перанесла курс хіміятэрапіі пры лячэнні раку малочнай залозы, таксама губляла свае шыкоўныя валасы.
Цяпер яе валасы выглядаюць яшчэ больш густымі і здаровымі, чым да лячэння. Спявачка запэўнівае, што ўсё гэта дзякуючы простаму і эфектыўнаму сродку – лавандаваму алею. Кайлі наносіць яго на валасы перад сном. Паводле яе слоў, начная маска паскарае рост валасоў, робіць іх бліскучымі і паслухмянымі, прадухіляе з'яўленне перхаці і сячэнне кончыкаў, а таксама нармалізуе працу сальных і потавых залозаў скуры галавы.
Думаю, што для валасоў карысная маска не толькі з лавандавага алею. Рэкамендую маску з лапуховага алею, жаўтка, 1 ст.л. каньяку і 1 ст.л. шампуню (колькасць залежыць ад даўжыні валасоў). Уцерці ў скуру галавы за 2 гадзіны да мыцця, затым надзець цэлафанавую шапачку, а зверху завязаць баваўняную хустку.
Паводзіны падчас гэтага віду лячэння ў цэлым такія ж, як і пры праходжанні курсу прамянёвай тэрапіі. Тым больш, што ў хворых на рак шыйкі маткі, похвы або вульвы звычайна праводзяць абодва метады лячэння. Правільныя паводзіны ўключаюць у сябе пазітыўнае мысленне, паўнавартаснае харчаванне, багатае пітво да 2 л, рух, прагулкі на свежым паветры.
Найбольш распаўсюджанымі клінічнымі праявамі COVID-19 з'яўляюцца рэспіраторныя сімптомы: сухі кашаль, задышка, боль у горле, закладзенасць носа, ліхаманка. Аднак нярэдка пацыенты прад'яўляюць скаргі, якія можна характарызаваць як гастраінтэстынальныя праявы: страта апетыту, дыярэя, млоснасць і ваніты, боль у жываце.
Па розных ацэнках, дыярэя сустракаецца ў кожнага пятага пацыента з пацверджанай каранавіруснай інфекцыяй, а хаця б адзін сімптом з боку страўнікава-кішэчнага тракта назіраецца больш чым у паловы хворых.
Разам з тым, у вострай фазе хваробы і ў перыяд аднаўлення прынцыпова важна забяспечыць паўнавартаснае харчаванне і выкананне пітнога рэжыму, каб кампенсаваць энергетычныя страты, прадухіліць ці карэктаваць вадкасныя і электралітныя парушэнні, асабліва ў пацыентаў з гастраінтэстынальнымі праявамі каранавіруснай інфекцыі.
Пра тое, як правільна харчавацца ў перыяд хваробы, як прыгатаваць у хатніх умовах раствор аральных рэгідратацыйных соляў (АРС), каб пазбегнуць абязводжвання на фоне дыярэі і ванітаў, а таксама ці патрэбныя прабіётыкі для аднаўлення працы СКТ пасля перанесенай інфекцыі COVID-19, журналісту інфармацыйнага партала Здаровыя людзі распавяла дацэнт кафедры гастраэнтэралогіі і нутрыцыялогіі БелМАПА, к.м.н. Алена Адаменка.
Зараз фекальна-аральны механізм перадачы віруса COVID-19 агульнапрызнаны нароўні з рэспіраторным. Ёсць даследаванні, кажа эксперт, якія паказваюць, што вірус SARS-CoV-2 выяўляецца ў тканках страўніка, печані, стрававода, тонкай і тоўстай кішкі. У ходзе даследаванняў таксама ўстаноўлена, што РНК віруса SARS-CoV-2 можа захоўвацца ў кале пацыентаў з перанесенай каранавіруснай інфекцыяй да 40 дзён пасля нармалізацыі мазкоў з насаглоткі, г.зн. праз амаль паўтара месяца пасля лабараторна пацверджанага выздараўлення.
Разам з тым, у чалавека, які захварэў на каранавірусную інфекцыю, зусім не абавязкова з’явяцца і страўнікава-кішэчныя праявы, у тым ліку гэта справядліва і ў дачыненні да пацыентаў з хранічнымі захворваннямі органаў сістэмы стрававання. У нядаўна апублікаваным метаналізе 78 даследаванняў з удзелам больш за 12,7 тысячы пацыентаў было паказана, што сімптомы з боку СКТ назіраюцца ў кожнага 5-га пацыента з COVID-19.
Сярод скаргаў, якія прад'яўляюць пацыенты з гастраінтэстынальнымі праявамі, найбольш часта згадваюцца:
Алена Адаменка, дацэнт кафедры гастраэнтэралогіі і нутрыцыялогіі БелМАПА, к.м.н.:
– Любая інфекцыя парушае водна-электралітны баланс у арганізме і патрабуе папаўнення вадкасці. Пры інфекцыйнай дыярэі на фоне COVID-19 ва ўсіх пацыентаў усіх узростаў неабходна падтрымліваць адэкватны ўнутрысасудзісты аб'ём і карэктаваць вадкасныя і электралітныя парушэнні. Паколькі абязводжванне павышае рызыку ўскладненняў, што ўяўляюць пагрозу для жыцця, і смяротнага зыходу, асабліва ў дзяцей і сталых. Прадухіліць развіццё дэгідратацыі да праявы клінічных прыкметаў можна з выкарыстаннем розных прыгатаваных у хатніх умовах вадкасцяў. Ва ўмовах стацыянара рэгідратацыйная тэрапія праводзіцца ў залежнасці ад ступені абязводжвання аральнымі рэгідратацыйнымі солямі альбо інфузійнымі растворамі, якія ўводзяцца ўнутрывенна. У хатніх умовах таксама можна прыгатаваць вадкасць для пітва, якая прадухіліць абязводжванне.
Рэцэпт хатняга рэгідратацыйнага раствору
Для прыгатавання запатрабуецца:
Аб'ём такога раствору ў хатніх умовах можа складаць да 2-х л у суткі (часцей досыць 1-1,5 л). Свежапрыгатаваны раствор АРС варта прымаць на працягу перыяду, пакуль адзначаецца дыярэя.
Акрамя таго, неабходна забяспечыць шмат пітва іншымі вадкасцямі. Аб'ём для дарослага чалавека не абмяжоўваецца. Дзіця ж павінна выпіваць дадаткова 100 мл вадкасці пасля кожнага вадкага стулу.
Можна піць:
Катэгарычна не рэкамендуецца падчас гастраінтэстынальных праяў інфекцыі ўжываць:
Адной з частых страўнікава-кішэчных праяў COVID-19 з'яўляецца зніжэнне апетыту. Чалавек адмаўляецца ад ежы, у выніку не забяспечваецца неабходнае паступленне бялку. Між тым, бялок вельмі неабходны для аптымальнага функцыянавання імуннай сістэмы. Не менш важную ролю адыгрываюць у гэтым таксама вітаміны і мінералы. Таму есці ў любым выпадку трэба, каб папоўніць нутрытыўныя страты, якія павялічваюцца ў перыяд хваробы.
Алена Адаменка, дацэнт кафедры гастраэнтэралогіі і нутрыцыялогіі БелМАПА, к.м.н.:
– Пры гастраінтэстынальнай сімптаматыцы COVID-19 і, у прыватнасці, пры дыярэі непажадана рабіць перапынкі паміж прыёмамі ежы больш за 4 гадзіны. Аптымальна частае (да 6 разоў у дзень) харчаванне дробавымі порцыямі. Пры гэтым рэкамендуецца звычайная збалансаваная і разнастайная ежа. Пры выкананні гэтых прынцыпаў няма неабходнасці дадаткова прымаць вітамінныя комплексы. Хаця амерыканскія эксперты раяць для прафілактыкі і лячэння COVID-19 у хатніх умовах дадатковы прыём вітамінаў D, С і прэпаратаў цынку.
У рацыёне падчас хваробы, адзначае эксперт, абавязкова павінна прысутнічаць бялковая ежа (мяса, рыба, яйкі, зерневыя), прадукты, якія змяшчаюць Амега-3 тлустыя кіслоты, вітамін D. Ёсць даследаванні, якія паказалі, што зніжэнне ўзроўню вітаміну D у арганізме спрыяе больш цяжкаму цячэнню COVID-19.
Тут варта нагадаць, што беларусы схільныя да дэфіцыту вітаміну D. У прафілактычных мэтах яго можна прымаць у дозах, якія не перавышаюць гранічна дапушчальныя; у лячэбных – толькі пасля лабараторнага пацверджання нізкага ўзроўню вітаміну ў арганізме.
Што тычыцца Амега-3 тлустых кіслотаў, дык на падставе праведзеных даследаванняў можна выказаць здагадку, што яны здольныя падаўляць вірусную актыўнасць.
СААЗ прапануе наступны алгарытм па харчаванні на фоне інфекцыйнай дыярэі:
Да цяперашняга часу было праведзена шмат даследаванняў, якія паказваюць, што COVID-19 негатыўна ўплывае на мікрабіёту чалавека, выклікаючы змены мікробнай разнастайнасці. Прыём супрацьвірусных альбо антыбактэрыяльных лекавых прэпаратаў падчас лячэння каранавіруснай інфекцыі таксама адбіваецца на мікрабіёце кішэчніка.
Алена Адаменка, дацэнт кафедры гастраэнтэралогіі і нутрыцыялогіі БелМАПА, к.м.н.:
– Але зараз няма адназначнага адказу: неабходна прымаць прабіётыкі падчас хваробы і ў аднаўленчым перыядзе ці не. Напрыклад, Нацыянальная камісія аховы здароўя і Нацыянальнае ўпраўленне традыцыйнай кітайскай медыцыны рэкамендуюць увядзенне прабіётыкаў для пацыентаў з COVID-19. Эксперты патлумачылі сваё рашэнне тым фактам, што многія пацыенты атрымліваюць антыбіётыкатэрапію, якая ў далейшым можа зрабіцца прычынай павышанай успрымальнасці да кішэчных інфекцый. Ёсць таксама шэраг даследаванняў, якія дэманструюць падтрымліваючую ролю прабіётыкаў і нутрыцэўтыкаў ва ўзмацненні імуннага адказу і прафілактыцы вірусных інфекцый у цэлым. У той жа час вынікі двух нядаўна апублікаваных метаналізаў паказалі невысокую эфектыўнасць прабіётыкаў у зніжэнні частаты і маштабаў рэспіраторных інфекцый. Большасць экспертаў прапануюць устрымацца ад прымянення звычайных прабіётыкаў да таго часу, пакуль не будзе глыбока вывучаны патагенэз SARS-CoV-2, а таксама яго ўплыў на мікрабіёту кішэчніка. Так што пакуль высновы і рэкамендацыі вельмі супярэчлівыя.
Разам з тым, зараз праводзяцца тры клінічныя выпрабаванні, якія прысвечаныя вывучэнню дзеяння прабіётыкаў на пацыентаў з пацверджанай інфекцыяй COVID-19. Адно з іх – прафілактычнае даследаванне, у якім ацэньваецца ўплыў лактабацылаў на захворванне COVID-19 сярод медработнікаў, якія адчулі ўздзеянне SARS-CoV-2.
Другое – ацэньвае эфект прабіётыкаў у пацыентаў з COVID-19 і вострай дыярэяй, а таксама іх магчымасць у прафілактыцы інтэнсіўнай тэрапіі ў пацыентаў з COVID-19. Трэцяе – даследуе ад'ювантнае выкарыстанне кіслародна-азонавай тэрапіі разам з даданнем прабіётыкаў у пацыентаў з COVID-19.
Магчыма, грунтуючыся на выніках гэтых даследаванняў, прабіётыкі будуць прапанаваныя ў якасці патэнцыяльных сродкаў для ўключэння ў дыетычнае лячэнне пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй, а таксама ў аднаўленчым перыядзе пасля хваробы.
Размаўляць-не размаўляць, вучыць-не вучыць, любіць-не любіць… Ужо колькі дзесяцігоддзяў, калі толькі распачынаецца гаворка пра беларускую мову і яе распаўсюджванне, людзі задаюць сабе гэтыя пытанні.
І сёння, у Міжнародны дзень роднай мовы, мы ўпэўнена кажам: «Так!»
Размаўляць, вучыць, любіць! Як малыя дзеці, пачынаць з некалькіх слоўцаў, складваць іх у сказы, сказы – у аповеды…
Ужо амаль 30 гадоў я штодня размаўляю на роднай мове, пішу на ёй, стасуюся, радуюся і сумую, падтрымліваю і спачуваю... А як усцешна, што апошнім часам у сеціве сустракаю ўсё больш і больш аднадумцаў, якія жывуць не толькі ў Беларусі. Як прыемна даведвацца, што не забываюцца мовы сваёй у Расіі і Эстоніі, Літве і Германіі, Чэхіі і Японіі…
За час працы на Слушна пра гэтае цудоўнае свята – Міжнародны дзень роднай мовы – распавядаю ўжо трэці раз (думкі ўслых папярэдніх гадоў можна прачытаць тут і тут).
Таму, не марудзячы, пераходзім да справы!
Давайце праверым, як добра вы памятаеце вершы беларускіх паэтаў-класікаў і іх біяграфіі, а таксама што чулі пра сучасных аматараў беларускай паэзіі.
Проста адказваем на ўсе 10 пытанняў па парадку, а затым націскаем на «Даведацца больш».
а) Янка Купала
б) Максім Танк
в) Пімен Панчанка
а) Койданава
б) Ігуменя
в) Прапойска
Вясна, вясна! Не для мяне ты!
Не я, табою абагрэты,
Прыход твой радасны спаткаю, –
Цябе навек, вясна, хаваю.
а) Якуб Колас
б) Уладзімір Караткевіч
в) Янка Купала
Сыпле з раніцы дождж,
Ды й даволі густы,
Па тэорыі подласці,
Добра вядомай.
Я чакаю цябе.
Я чакаю, а ты
З-за дажджу засталася, напэўнае, дома!
а) Ніл Гілевіч
б) Генадзь Аўласенка
в) Рыгор Барадулін
а) Васька
б) Сімба
в) Мірон
Як ты дорага мне, мая родная мова!
Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!
а) Ніл Гілевіч
б) Генадзь Бураўкін
в) Сяргей Законнікаў
Стаяў калісь тут бор стары,
І жыў… у тым бары.
а) Балотніка
б) Лесуна
в) Дамавіка
а) Генадзю Бураўкіну
б) Рыгору Барадуліну
в) Данчыку
Гэтыя душэўныя радкі напісаў:
а) Генадзь Аўласенка
б) Алесь Ставер
в) Навум Гальпяровіч
Хай мова птушкай лётае па свеце,
Няхай яе палюбяць нашы дзеці,
Што падрастуць і скажуць без прымусу:
– Мы ганарымся тым, што беларусы!
а) Наталлі Арсенневай
б) Еўдакіі Лось
в) Святланы Адамовіч.
Ну, а цяпер – адказы + вынікі.
За кожны правільны адказ налічваем сабе 1 бал, за няправільны – 0 балаў.
Правільныя адказы
Ільняная і жытнёвая. Сялянская.
Баравая ў казачнай красе.
Старажытная. Ты самая славянская.
Светлая, як травы у расе.
Вобразная, вольная, пявучая,
Мова беларуская мая!
Ігумень (Ігумен) – старажытная назва сучаснага Чэрвеня. Тут у 2006-м годзе мясцовы краязнаўца і колішні настаўнік Уладзімір Дарагуж выпадкова адшукаў у старажытнай частцы гарадскіх могілак магілу дзеда Максіма Багдановіча, бацькі Марылі Мякоты Апанаса Мякоты.
Койданава – старажытная назва сучаснага Дзяржынска, Прапойск – Слаўгарада.
Стаяў калісь тут бор стары,
І жыў лясун у тым бары.
Лясун (лесавік, ляшак, лясны чалавек, лясны гаспадар, лясны дзед, ляснік, лесавы) – у народнай культуры славян стаў гаспадаром лесу, звычайна надзелены рысамі варожасці ў адносінах да чалавека.
Лясун мае вялікую сілу і ўладу не толькі над лесам, але і ў некаторай ступені над жыццём чалавека ўвогуле (крыніца інфармацыі – газета «Звязда»).
Я не ганю землі чужыя, –
Хай іх сонца не абміне.
Толькі дзе б за морам ні жыў я,
Беларусь мая снілася мне.
Верш «Захавай маю мову, чарговы наш век». Не чулі? А ён варты таго, каб вывучыць на памяць. Усяго тры слупкі па 4 радкі… 🙂
в) Святланы Адамовіч. 🙂
А на фота на галоўнай старонцы таксама я – шмат гадоў таму, з помнікам літары Ў у Полацку.
Вынікі:
10 балаў. Вы што, сур’ёзна?! І апошняе пытанне ўзялі?! Я проста здымаю перад вамі ўяўны капялюш і шчыра віншую з такімі глыбокімі ведамі!
Абавязкова напішыце для мяне камент пад адпаведнай публікацыяй на старонцы «Слушна» ў ФБ, ВК, што гэта вы – 10-бальнік! Народ павінен ведаць сваіх герояў! 🙂
6-9 балаў. Прыемна, што вы ведаеце класіку і класікаў, а таксама нашых сучаснікаў. І што сапраўды чытаеце мой блог «Думкі ўслых», бо частка падказак – адтуль.
3-5 балаў. Штосьці чулі і чыталі па-беларуску?! Гэта прыемна. Спадзяюся, што пасля гэтага тэсту ваш кругагляд крыху пашырыўся і вы будзеце памятаць, як даўней назваўся горад Чэрвень.
0-2 балы. Самы час адшукаць верш Максіма Багдановіча «Возера» і прачытаць пра Лесуна, праўда? А яшчэ завучыць на памяць верш Ніла Гілевіча. І палюбавацца на фота ката Мірона, які разлёгся на плячах Рыгора Барадуліна.
З Міжнародным днём роднай мовы, сябры! Будзьма разам!
One fine body…