Свята гэтае, вядома ж, адмысловае, але не афіцыйнае. Арыгінальны назоў – World Social Media Day. А праўда, хтосьці разумны калісьці прыдумаў разнастайныя сацыяльныя сеткі?! І цяпер можна стасавацца не толькі з сябрамі ды роднымі, але і са знаёмымі ды незнаёмымі. Хочаш – у межах адной кватэры (ха-ха!), а хочаш – за тысячы кіламетраў… Ну цуд жа ж сапраўдны! Для тых, хто любіць стасавацца…
Ужо цэлых 15 гадоў прайшло з таго часу, як у мяне з’явіўся асабісты (персанальны) хатні камп’ютар. І менавіта тады я зарэгістравалася ў сацыяльнай сетцы. Не буду казаць, у якой, каб не палічылі за рэкламу. Тым больш, што зараз – усяго ў чатырох. І тое таму, што па працы трэба: вяду групы нашага інфармацыйнага партала. Плюс адзін месэнджар. А так бы мне і адной сацсеткі хапіла б. 🙂
Я памятаю сваё вялізнае захапленне, калі атрымалася знайсці шмат знаёмых. У тым ліку і ў Амерыцы, Польшчы, Германіі… Памятаю, як гэтаму вельмі дзівілася мая мамачка… Што можна, седзячы дома, стасавацца з усім светам! У тым ліку і бачыць адно аднаго ў рэжыме рэальнага часу.
Так, прайшла і праз камп’ютарную залежнасць… А куды ж без гэтага?! 🙂 Як сама патрапіла, так і выйшла. І зараз праверка, што новага ў сацсетках, не забірае шмат часу. Не завісаю. Даўно. Але, тым не менш, прыемныя эмоцыі ад стасункаў з самымі рознымі людзьмі нікуды не падзеліся.
Вось толькі напружваюць розныя фэйкі: «амерыканскія ўрачы з місіяй у Сірыі» і не толькі. Але добра, што хаця б старонкі практычна ўжо не ўскрываюць, як было напачатку – масава. Удасканальваецца ўсё, у тым ліку і абарона прыватных дадзеных.
Але колькі замежных «заклапочаных» на тэме сэксу, бывае, стукаецца ў акаунты розных сацыяльных сетак! Ужо нават здзіўляцца сіл няма. Хаця штораз проста смяюся і дзялюся з сяброўкамі фоткамі і паведамленнямі чарговага «кавалера». Прапушчаныя праз перакладчык, яны часцяком гучаць так, што нават і не зразумееш, пра што там.
Вось з апошняга (прыстойнага!!!) на мове арыгіналу: «Привет, прекрасная сестра, как у тебя хорошая встреча?» Хм… І тут можна было б паставіць задумлівы смайлік, які падпірае рукою падбароддзе знізу. У сэнсе?! Перакласці як «Прывітанне, добры дзень?»
А яшчэ хочацца пасмяяцца. Хм, брат знайшоўся… У мяне свае браты ёсць – родны і траюрадныя… 🙂
– А можа, ён на сустрэчу цябе хоча запрасіць, – падкідвае варыянт расшыфроўкі сяброўка.
Ну-ну… У чаканні! 🙂
Памятаю, як аднойчы, заспрачаўшыся са старым знаёмым пра ролю сацыяльных сетак у нашым жыцці, прывяла яму ў прыклад распаўсюджанае меркаванне: «Калі цябе няма ў сацыяльных сетках, значыць, цябе няма нідзе». Як жа ён пакрыўдзіўся!!! Трэба было чуць і бачыць. Не стасуемся і дагэтуль. 🙂
Я не кажу пра тое, што сацыяльныя сеткі існуюць для захаплення, флірту і каб было дзе час з прыемнасцю бавіць. Хаця гэта таксама немалаважна. Я пра тое, што сама, напрыклад, у сацыяльных сетках ды месэнджары вырашаю, апроч іншага, практычна ўсе працоўныя пытанні! Хутка і бясплатна. 🙂
Памятаю, калі працавала ўласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах, з ідэолагамі апошніх двух аб усім дамаўлялася толькі ў сацсетках! І было вельмі зручна. З некаторымі знаёмымі з тых раёнаў стасуюся і да гэтага часу…
Начутая і пра тое, што кандыдата ў новыя супрацоўнікі кампаній за межамі правяраюць, у тым ліку, і на наяўнасць акаунтаў у сацыяльных сетках. І быццам іх адсутнасць, наадварот, насцярожвае працадаўцаў. Бо можа паказваць на сацыяфобію і не толькі.
Ды ніхто ж нікога не прымушае сядзець у сацсетках цэлымі днямі!!! Але мець магчымасць звязацца з чалавекам, адправіць яму фоткі, у рэшце рэшт… Я, напрыклад, ведаю людзей, у якіх нават электроннай пошты няма! Маўляў, хапае тэлефонных стасункаў… Вось гэта і зусім для мяне дзіўна. Але… Вядома ж, кожны мае права жыць так, як яму хочацца.
А мне вельмі падабаецца яшчэ «развіртуальвацца» – сустракацца з «фрэндамі», з якімі пазнаёмілася ў сацсетках, у рэальным жыцці. На жаль, такіх выпадкаў бывае няшмат. Але ў свой час пабачыла нават расіянаў, якія прыязджалі ў Беларусь. Так некаторыя з маіх віртуальных сябровак перайшлі ў разрад цалкам рэальных…
Словам, усіх, хто «за» сацыяльныя сеткі, я віншую са святам – Сусветным днём сацыяльных сетак! І шчыра зычу пабольш прыемных стасункаў і задавальнення ад такога баўлення часу!
А ці ведаеце вы, што ўладальнікі котак жывуць у сярэднім на пяць гадоў даўжэй чым тыя, хто іх не мае? Паводле даследаванняў, коткі дапамагаюць у лячэнні неўрозаў, дэпрэсій, сардэчна-сасудзістых захворванняў, паталогій дыхальнай і стрававальнай, эндакрыннай і палавой сістэмаў, дысфункцый апорна-рухальнага апарата. А іх «калегі» сабакі ўдзельнічаюць у лячэнні дзяцей з аўтызмам, сіндромам Даўна, алігафрэніяй і іншымі цяжкімі прыроджанымі паталогіямі.
Анімалатэрапеўтамі (пэт-тэрапеўтамі) з’яўляюцца нават акварыўмныя рыбкі, чарапахі і хамячкі. Падрабязнасцямі пра лячэнне і прафілактыку пэўных захворванняў з дапамогай хатніх гадаванцаў падзялілася ўрач-валеолаг Святлана Загорцава, загадчык аддзялення інфармацыйнага забеспячэння аддзела грамадскага здароўя Гомельскага абласнога ЦГЭіГЗ (на здымку, фота з архіва ўрача).
Падчас фелінатэрапіі (гэта метад прафілактыкі і лячэння розных захворванняў пры дапамозе кантактаў з коткамі) паніжаецца артэрыяльны ціск, праходзіць галаўны боль і запаленчыя працэсы. Котка дапамагае здымаць стомленасць і стрэс, пазбаўляцца ад бяссонніцы, лечыць ад дэпрэсіі і раздражняльнасці.
Асаблівая каціная энергетыка, лёгкі масаж лапкамі, цяпло пухнатага цельца і яго вібрацыя альбо заспакаяльнае і расслабляльнае вуркатанне – усё гэта забяспечвае тэрапеўтычны эфект. Лячэбнае дзеянне вусатыя аказваюць уздзеяннем свайго магутнага біяполя, якое паляпшае агульнае самаадчуванне чалавека, станоўча ўплывае на ўзровень абмену рэчываў.
Ганаровае месца ў рэйтынгу чатырохногіх «тэрапеўтаў» займаюць сабакі. Спецыяльна адабраныя і навучаныя, яны выкарыстоўваюцца ў каністэрапіі, разнавіднасці медыцынскай і сацыяльнай рэабілітацыі. Штодзённыя прагулкі з гадаванцам ратуюць ад гіпадынаміі, тым самым палягчаючы стан пры атэрасклерозе, залішняй вазе, стрэсах, хваробах сэрца і кровазвароту, рэўматызме.
Сліна сабакі – выдатны антысептык. У ёй змяшчаецца лізацым (рэчыва, якое абараняе ад бактэрый і дапамагае загойваць раны). Сабака можа выступаць і ў ролі грэлкі, пры гэтым не толькі саграваць, але і «адцягваць» боль пры радыкуліце і астэахандрозе.
Методыкі, заснаваныя на стасунках з сабакамі, выкарыстоўваюцца пры лячэнні дзяцей, хворых на аўтызм, а таксама з сіндромам Даўна, алігафрэніяй. Такія заняткі паляпшаюць псіхаэмацыянальны стан маленькіх пацыентаў, развіваюць маторыку і маўленне, каардынацыю рухаў.
Коні ў якасці тэрапеўтаў у шэрагу выпадкаў пераўзыходзяць іншых жывёл. Яны ўдзельнічаюць у лячэнні залежнасцяў, дапамагаюць дарослым і дзецям з псіхічнымі парушэннямі. Падчас язды верхам прапрацоўваюцца ўсе асноўныя групы мышцаў, дзякуючы вагальным рухам каня паляпшаюцца агульны мышачны тонус арганізма і каардынацыя рухаў, развіваецца пачуццё раўнавагі.
Верхавая язда дапамагае пры захворваннях апорна-рухальнага апарата, атэрасклерозе, поліяміэліце, скаліёзе. Іпатэрапія дае псіхатэрапеўтычны эфект, зніжае гіперактыўнасць і хваравітую ўзбуджанасць. Гэта адзін з самых дзейсных спосабаў аднаўлення пры ДЦП і пасля інсультаў.
Дэльфінатэрапія спрыяе зняццю трывожнасці і псіхалагічнага напружання, нармалізуе эмацыянальны фон, паляпшае сон, пазбаўляе ад гіпертонусу мышцаў. Яна паказаная дзецям, якія пакутуюць на ДЦП, сіндром Даўна, аўтызм, алігафрэнію.
Сеансы плавання з дэльфінамі дапамагаюць аднаўляцца людзям пасля цяжкіх фізічных і эмацыянальных траўмаў. Кантакт з дэльфінамі лечыць дэпрэсію, сіндром хранічнай стомленасці, мышачную астэнію, затрымку разумовага развіцця, астму, расстройства слыху.
Асноўны эфект тэрапіі дасягаецца ультрагукам: гук выдаецца дэльфінамі на парадак вышэй за механічныя пераймальнікі. «Разгойдваючы» клеткі, ультрагук дазваляе карысным рэчывам больш актыўна пранікаць скрозь міжклеткавыя мембраны, разганяючы вадкасць у застаялых зонах арганізма, спрыяючы яе цыркуляцыі. І, нарэшце, гукі дэльфінаў могуць здымаць боль, працаваць як анальгетык.
Станоўчыя эмоцыі ад стасункаў з дэльфінам стымулююць псіхічнае, маўленчае і фізічнае развіццё. Методыка рэкамендуецца і для медыка-псіхалагічнай рэабілітацыі дарослых, якія перанеслі цяжкія псіхалагічныя траўмы, моцны стрэс.
Назіранне за птушкамі і слуханне птушынага хору здымае галаўны боль, дабратворна ўплывае на нервовую сістэму: супакойвае, павышае настрой, выраўноўвае дыханне і сардэчны рытм. Любы ведае, як, напрыклад, лёгка і спакойна робіцца ў лесе, дзе над галавой пераліваюцца спевы дзясяткаў птушак.
Акварыўмныя рыбкі здымаюць стрэс любой напружанасці і паляпшаюць настрой таму, хто назірае за іх плаўнымі рухамі. Сама прысутнасць акварыўма ў доме робіць паветра больш вільготным, тым самым памяншаючы ўспрымальнасць да інфекцый, станоўча ўплываючы на здароўе насаглоткі, дыхальных шляхоў, дапамагаючы лячыць сардэчна-сасудзістыя захворванні і астму.
Хамячкі, мышкі, марскія свінкі, шыншылы, дэкаратыўныя трусы здольныя дапамагчы няўпэўненым у сабе людзям пераадольваць замкнёнасць і перамагаць комплексы. Стасункі з імі настройваюць чалавека на адкрыты і добразычлівы лад. Тактыльны кантакт з невялікімі пухнатымі і мяккімі звяркамі расслабляе дробную мускулатуру, што, у сваю чаргу, зніжае трывожнасць, эмацыянальнае напружанне і агрэсію.
Супрацьпаказаннямі да лячэння жывёламі выступаюць як агульныя, так і мясцовыя фактары:
Фота – Аксана Жураўлёва.
Вось як удала паядналіся ў апошнюю нядзелю чэрвеня два адметныя дні: Пятроўскія запускі ў праваслаўных (дзень перад пачаткам Пятроўскага посту) і Сусветны дзень рыбалоўства. Чаму ўдала?! Бо тым, хто трымае пост, дазваляецца есці рыбу. Праўда, апроч панядзелка, серады ды пятніцы, калі я нічога не блытаю. Сумненні толькі наконт панядзелка... Але, тым не менш, рыбы сёння можна назапасіць! Пры ўмове, што вы – аматар, а надвор’е – прыдатнае для таго, каб рыба бралася. І месцы рыбныя вы ведаеце… У любым выпадку – ні хваста, ні лускі! 🙂
А яшчэ сёння заканчваецца Русальны тыдзень. І дзень мае назоў – Русальчыны розыгры. Зразумела, засцерагаліся русалак. Таму ля вады і ў вадзе знаходзіліся з асцярогай. Майце на ўвазе, рыбакі!
Ну што вам распавесці пра рыбу?! Рыбу я люблю. Есці… 🙂 Гатаваць таксама не супраць. Толькі калі не маленькая і не з безліччу костак. А вось чысціць – не-е-е-е-ее. Не маё. Таму калі мне рыбу не пачысціць, застануся я без рыбы…
А чысціла яе толькі адзін раз у жыцці. Даўноо-о-о-о… Пасля 7-га, здаецца, класа выправіліся арганізавана ад школы ў вандроўку на бераг Бярэзіны. І там нашыя настаўнікі з хлопцамі рыбкі здабылі… Дро-о-о-обненькай. А нам, дзяўчатам, трэба было яе пачысціць. З таго разу і ўсё… Чыстка рыбкі – міма.
Затое ініцыятарам рыбнага супу (скажам так, бо юшка – трохі іншае) у сям’і таксама была я. Пасля таго, як мяне ім, сапраўдным, пачаставалі. І не дзе-небудзь, а непадалёк ад месца нараджэння нашага слыннага кампазітара Станіслава Манюшкі – у вёсцы Убель, яшчэ ў 2008-м годзе.
Але ж як добра мець архіў! І не толькі электронны, але і папяровы. Сваім ужо каторы раз скарыстоўваюся за апошні тыдзень. Вельмі зручна!
Дык вось менавіта ў архіве я адшукала ўласны матэрыял – аповед пра вёску Убель у аўтарскай рубрыцы «Куточак Чэрвеньшчыны», пра яе цікавых жыхароў і гасцінную сямейную пару Таццяны і Леаніда Капаніцкіх, ініцыятараў запрашэння журналіста.
Запомнілася ж вандроўка сярод іншага тым, што я ўпершыню паплыла на лодцы! Ды не проста так, а каб зірнуць на рэшткі старажытнасці, якія паказаў мне Леанід Капаніцкі…
«Незабыўнае воднае падарожжа! Вось рэшткі паляў – ад млына, ад моста… Гэта ж якое моцнае дрэва, каб стагоддзямі ў вадзе – і не разбурылася… А вось тое месца ля колішняга сплаўнога моста, дзе шост не дастае дна, а лодку паціху зносіць плынь.
Колькі метраў – і шост зноўку ўпіраецца ў дно. А вунь і пляж санаторыя «Волма». На тым баку стаяў фальварак Убель. Далёка… Паварот на 180 градусаў – і мы плывем да вёскі…»
Дык вось тут і пачаставалі мяне смачнай юшкай, зваранай на вогнішчы. І распавялі, як трэба рыбу варыць і як бульбу правільна рэзаць (спойлер: вялікімі кавалкамі). 🙂
Ну, і больш блізкія «стасункі» з юшкай і рыбай – гэта падчас журналісцкага прэс-тура ў наш рыбгас «Волма». Вось, бадай, і ўсё…
З усіх тэхнік прыгатавання штосьці абарала я адну – запяканне кавалкаў карпа (а яго мы найчасцей і купляем – свежага, з рыбгаса, акурат у сваім мікрараёне па чацвяргах… Рыбны дзень!) у фользе ў сваім соку. Без солі (прывітанне нашым беларуска-расійскім герантолагам Кірылу Прашчаеву і Андрэю Ільніцкаму! 🙂 ), з аднымі прыправамі, без усялякага там маянэзу альбо смятаны.
Праўда, калі рыбка маленькая, дык не дужа ўдала выходзіла, засыхала. Давялося прыдумаць выйсце: заліваць у скручаную ўжо фольгу з рыбай крыху вады. І выдатна! Галоўнае, каб фольга не прыліпла да чыгуннай патэльні і не прарвалася… Пакуль усё ўдала атрымліваецца. Асноўнае – злавіць патрэбную тэмпературу ў духоўцы…
Яшчэ вельмі люблю, калі рыбкай злоўленай частуюць. Праўда, пры той жа ўмове: калі гэта не зусім дробязь. 🙂 Таму на Сусветны дзень рыбалоўства ў мяне свой разлік (жартую!).
І, шчыра кажучы, рыбакоў тых і не разумею… Ехаць цёмначы… Прыязджаць цёмначы… Палову сутак, а то і болей правесці, утаропіўшыся ў ваду на паплавок… Ды яшчэ быць абкусаным камарамі. А яны сёлета ну проста азвярэлі!
Але ж самае цікавае, што пры ўсім гэтым людзі ловяць кайф! 🙂 Таму – кайфу сёння аматарам рыбнай лоўлі! А больш нічога жадаць не буду, каб не спудзіць рыбацкую ўдачу…
Фота з архіва аўтара і адкрытых інтэрнэт-крыніц.
Светлай памяці Веры Селівончык (манахіні Васы)
Якое шчасце, што да нашых дзён дайшла рукадзельная спадчына продкаў! І што дзякуючы шматлікім энтузіястам – тым, хто пераймае і перадае далей разнастайныя тэхнікі, хто занатоўвае, даследуе, захоўвае і прымнажае, мы сёння маем не толькі даўнейшыя ўзоры ткацтва, вышыўкі, пляцення ды іншага, але і можам рэканструяваць, адраджаць старажытнае. І ствараць на яго аснове найноўшае, сваё. Яскравы прыклад таму – беларускія паясы.
Нам сёння цяжка такое ўявіць, а вось нашыя продкі сапраўды лічылі гэтак… Можна было выйсці з хаты без шапкі, басанож, але без пояса – нізавошта! І гэтага правіла прытрымліваліся ўсе, незалежна ад полу, узросту, сацыяльнага статусу.
Больш за тое! Пояс, апрача свайго ўтылітарнага прызначэння (падперазаць кашулю, заткнуць за яго сякеру, падвесіць ключы і г.д.), лічыўся рэччу абрадавай, магічнай. А ўсе мы начутыя, у што даўней верылі нашыя продкі.
Дык вось што ўяўляе сабой беларускі пояс, завязаны вакол стану? Правільна, кола! Прычым – замкнёнае. А гэта значыць, што падпяразаны такім чынам чалавек быў абаронены ад дрэннага вока, нячыстай сілы і нават ад хваробаў! Але ж і людзі, якія пастаянна насілі паясы, таксама хварэлі – можна запярэчыць. І ўсё ж – не так, не столькі. І ўсё роўна верылі…
Даследчыкі беларускіх паясоў згадваюць, што пояс даўней мог даць пэўную інфармацыю пра тое, з якой мясцовасці чалавек, бо ў розных раёнах яго і завязвалі па-рознаму. А ў некаторых – нават пра тое, жанаты ці не хлопец, мужчына, замужам ці не дзяўчына, жанчына…
Гэта вельмі цікава, праўда?! І я лаўлю сябе на думцы, што таксама хацела б павучыцца такой мове паясоў. А яшчэ – што нездарма з юнацтва так люблю разнастайныя паясы, нашу іх, хаця і не беларускія. Мабыць, усё ж моцная ў нас памяць продкаў, праяўляецца дзесьці падсвядома…
Што тычыцца беларускага пояса як элемента ўпрыгажэння, дык гэта дасягалася за кошт спалучэння колераў, разнастайных узораў (яны мелі глыбокі сэнс і расчытваліся кожным майстрам альбо майстрыхай), кутасоў ці махроў.
Пацвярджае гэта, напрыклад, вядомы беларускі этнограф, фалькларыст і археолаг Ісак Сербаў, чыё імя я ўпершыню пачула падчас наведвання Старадарожчыны як журналіст. У свой час ён так пісаў пра гэта: «Пояс у палешукоў служыць лепшым упрыгожваннем, таму ён надзвычай разнастайны ў сваіх узорах і канчаецца пышнымі кутасамі або махрамі».
Даўней беларускія паясы былі альбо тканымі, альбо плеценымі. І як тут ні прыгадаць знакамітыя на ўвесь свет слуцкія паясы?! Памятаеце, як кранальна-пранізліва апеў іх наш слынны паэт Максім Багдановіч?! «І тчэ, забыўшыся, рука, Заміж персідскага узора, Цвяток радзімы васілька».
Сімвалічнасць і абрадавасць беларускіх паясоў суправаджалі нашых продкаў па жыцці, фактычна ад нараджэння і да смерці. Іх выкарыстоўвалі пэўным чынам падчас родаў, каб парадзісе было лягчэй. Бабка-павітуха дарыла першы пояс немаўлятку.
Беларускі тканы пояс быў жаданым падарункам на вяселлях. А яны даўней збіралі вялікую колькасць людзей. Гулялі цэлымі вёскамі!
Даследчыкі распавядаюць, што падчас вяселля маладая магла раздарыць да 100 паясоў! І яны абавязкова павінны былі быць вырабленыя яе рукамі. Таму, апроч іншага, у пасаг рыхтаваліся і паясы.
Уяўляеце сабе, колькі гадоў дзяўчына павінна была іх вырабляць і збіраць?! З дзяцінства яшчэ…
Паступова паясы выйшлі з ужытку, хаця і не страціліся звесткі пра іх магічна-абярэжны сэнс. Але больш распаўсюджаным рабілася ўжо не ткацтва паясоў на кроснах, а іх пляценне альбо такое міні-ткацтва. Бо з ім можна было размясціцца практычна дзе заўгодна. А кросны ўсё часцей пераносіліся з хатаў у гаспадарчыя пабудовы, на гарышча, вывозіліся на сметнікі альбо проста спальваліся…
Зрэшты, у разнастайных тэхніках вырабу прасочваюцца, як мне падаецца, элементы і ткацтва, і пляцення. А паясы рабілі і робяць на бердзечку, на дошчачках, на ніту… Ды нават на простым алоўку! Галоўнае – авалодаць адмысловай тэхнікай і мець добрую такую ўседлівасць…
І ўжо не першае дзесяцігоддзе не толькі ў вёсках і пасёлках, але і ў гарадах, у тым ліку вялікіх, адраджаецца майстэрства нашых продкаў – выраб традыцыйных паясоў. А для абмену вопытам ладзяцца конкурсы.
На адным з іх пашчасціла пабываць і мне – яшчэ ў жніўні 2014-га. І гэта было другое абласное свята-конкурс «Беларускі пояс», якое ладзілася ў горадзе Узда. Сюды з’ехаліся ўдзельнікі з 15 раёнаў Міншчыны.
За час сваёй 20-гадовай журналісцкай працы мне давялося пабываць на многіх цікавых мерапрыемствах. Усіх ужо і не прыгадаеш. Але тое, уздзенскае, і да гэтага часу ў памяці.
Бо менавіта такія святы, дзе паяднаныя даўніна і сучаснасць, – самыя душэўныя, кранальныя і запамінальныя. А запомнілася не толькі чароўная атмасфера з цудоўным канцэртам, гасціннасцю гаспадароў, майстар-класы ды забаўляльныя мерапрыемствы, зладжаныя арганізатарамі, але і знаёмства з майстрамі, магчымасць у літаральным сэнсе пакратаць гісторыю.
Я пераходзіла ад адной групы майстроў да другой. Фатагарафавала, размаўляла, распытвалася, слухала і запамінала. Нават пасядзела за кроснамі!
І яшчэ мне надзвычай пашанцавала, бо пазнаёмілася з вельмі цікавай жанчынай, якая фактычна стаяла ля вытокаў адраджэння ткацтва беларускага пояса. Гэта ўраджэнка вёскі Хатляны Уздзенскага раёна Вера Іванаўна Селівончык, больш вядомая як манахіня Васа.
Мне вельмі хацелася сустрэцца з ёй яшчэ – вось зараз, асобна, але… Калі пачала шукаць інфармацыю ў сеціве, пабачыла гэтае: «Сумную навіну паведаміла ў сваім фэйсбуку мастацтвазнаўца Вольга Лабачэўская 19 ліпеня 2017 года: «Сёння пайшла з жыцця ВЕРА ІВАНАЎНА СЕЛІВОНЧЫК (манахіня ВАСА). Цяпер яе зямное жыццё склалася ў лічбы: 16.09.1953-19.07.2017.
Сябравала з ёй з 1981 года, з часоў сумеснай працы ў аддзеле мастацтвазнаўства Навукова-даследчай мастацка-эксперыментальнай лабараторыі (цяпер «Скарбніца»). Ездзілі разам у экспедыцыі па вывучэнні народнага мастацтва. Памятаю, неяк падлічылі, што ў вандроўках па Беларусі яна правяла амаль два гады свайго жыцця (за перыяд з 1980 па 1990). Вучылася ў аспірантуры па мастацтвазнаўстве ў Акадэміі мастацтва ў Міхася Раманюка…»
І ўжо не сустрэнемся… Не пагаворым… На памяць – толькі здымак, зроблены мною падчас свята-конкурсу, ды знятая з дыктафона нашая гутарка… А яшчэ гэты матэрыял – у памяць…
Крыху пазней – фрагмент нашай размовы ў 2014-м. А зараз – пра тое, што ж зрабіла манахіня Васа для таго, каб беларускія паясы – жылі.
У свой час Вера Селівончык скончыла Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К.Глебава і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Займалася даследваннем ткацтва і вышыўкі беларускага Падняпроўя. І яе вялікая заслуга ў тым, што яна не толькі збірала і вывучала паясы ды тэхнікі, але і сама з’яўлялася высокакваліфікаваным рэканструктарам.
Па сведчаннях калег, ёй удзячныя, апроч іншых, Нацыянальныя мастацкі і гістарычны музеі Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.
Самая ж значная яе спадчына – кнігі па ткацтве. Гэта сапраўды неацэнны скарб, рупліва сабраны і занатаваны. Такое ўжо не знікне, не страціцца…
І адна з самых значных і запатрабаваных кніг – «Беларускія народныя паясы», якая пабачыла свет якраз у 2014-м годзе. Аўтарам тут указана манахіня Васа (Селівончык). У кнізе сабраныя фотаздымкі 77 традыцыйных беларускіх паясоў з музеяў і 135 схемаў паясоў.
Як добра, што па даўнейшай журналісцкай завядзёнцы я не пазбаўляюся ад цэлай гары паперы, на якой – знятае з дыктафона. Нават калі гэта – 2014 год… Вось і зараз даволі хутка, на маё шчасце, адшукалася наша гутарка з Верай Селівончык. Прапаную яе фрагмент…
Вера Іванаўна, мне бібліятэкары вашы ўздзенскія сказалі, што вы тут адрадзілі беларускія паясы?!
Дзесьці ў 1995-ым я вярнулася ў Хатляны. Але не адраджаць паясы. Тут царква была занядбаная. Я прыехала адраджаць царкву. І так сталася, што маёй асобай зацікавіўся мясцовы аддзел культуры. У клубе прапанавалі арганізаваць гурток.
Спачатку заняліся саломкай. Тады купілі станочак невялікі, кросны такія. Я да таго часу сёе-тое ўмела, бо шмат гадоў працавала ў сістэме народных промыслаў. Пасля на паясы перайшлі. Два гады працавала там, займалася адраджэннем. А калі ад’язджала з Хатлянаў, знайшла Людмілу Курэйчык, яна працягвае справу (на здымку – разам. С.А.).
Дык а зараз вы – дзе?!
Я – адшэльніцай жыву ў вёсцы, у бацькоўскай хаце, але падтрымліваю сувязі з Хатлянскім клубам. Даю кансультацыі, сама іншы раз цікаўлюся, чым яны займаюцца. 9 гадоў так жыву.
Калі я працавала ў сістэме мастацкіх промыслаў, падрыхтавала матэрыял для кнігі «Ткацтва на дошчачах». А зараз у выдавецтве ляжыць кніга «Беларускія народныя паясы». Мяркую, што праз 2 месяцы павінна выйсці з друку.
Як працавала над кнігай, дык трэба было рабіць паясы. Усё, што напісала, трэба ж было рукамі паспрабаваць. Бывае, іншы раз людзі пытаюцца, просяць, дык раблю. Я і кніжку рыхтавала для таго, каб не забыцца. Бо прайшоў пэўны час… Умела рабіць, а тады гляджу – забылася.
А чаму ўвогуле вы звярнуліся менавіта да паясоў?
Давялося заняцца імі – па працы. Доўгі час ніхто за гэтую тэму не браўся. Тады паехалі мы ў Брэсцкую вобласць, Ганцавіцкі раён. Гэта быў, здаецца, 1982 год. І на той час – вялікае дзіва! Ткуць паясы – у кожнай хаце, у кожнай вёсцы!
Я тады па матэрыялах экспедыцыі напісала артыкул і пачала займацца паясамі. Спачатку ў тэорыі. А пасля зразумела, што гэта такая штука цікавая… Калі іх не робіш, дык фактычна нічога трапнага па тэме і не скажаш. Так я сама пачала вучыцца рабіць паясы…
А калі вы былі малой, дык ці засталі такое майстэрства ў сваёй вёсцы?
Так! Я нават застала той час, калі мая цётка вучылася вырабляць паясы. Яна была здатная да ўсяго гэтага рамяства. Хаця ткаць ужо не ткала. А паясы навучыла яе рабіць наша аднавяскоўка Ганна. Яна ўсіх вучыла, хто хацеў.
Я памятаю: ляжаць гэтыя паясы ў шуфлядзе. І ніводны не закончаны. У мяне гэта так засталося ў памяці… А калі ўжо сама пачала вырабляць паясы, цётка сказала: «Ты маю мару спраўдзіла». Гэты ўспамін дзяцінства да часу да пары хаваўся… Так што памяць пра майстэрства ткаць паясы ёсць яшчэ ў вёсцы…
Светлая вам памяць, Вера Іванаўна! Вы столькі зрабілі для адраджэння нашых традыцыйных беларускі паясоў… Упэўнена: усе, хто мае вашыя кнігі і карыстаецца імі, успамінаюць вас добрым словам… Як і тыя, поруч з кім вы жылі і працавалі…
Зразумела ж, тэма традыцыйных беларускіх паясоў фактычна невычэрпная. Таму распавядаць можна было б яшчэ доўга і шмат, але… Для першага разу, лічу, дастаткова.
На фота ж – уладальніца Гран-пры другога абласнога свята-конкурсу «Беларускі пояс» Галіна Бураўцова са Старадарожчыны.
А якім жа чынам старажытнае майстэрства нашых продкаў сягнула ў сучаснасць? Што засталося традыцыйным, а што сталася новым? Пра гэта чытайце ў наступным матэрыяле-гутарцы з адмысловай стваральніцай беларускіх паясоў і габеленаў Таццянай Мартынчык. А завітаем мы з вамі ў Чэрвеньскі цэнтр культуры і адпачынку. Сачыце за публікацыямі!
Фота з архіва аўтара і адкрытых інтэрнэт-крыніц.
У культавай песні 1970-80-х спяваецца, вядома ж, «Азірніся, незнаёмы прахожы…» Але ў нас сёння размова менавіта пра ўсмешкі. Бо чарговы дзень цікавы нас напаткаў… І гэта – Дзень усмешак незнаёмым людзям!
Так-так! Нягледзячы на пандэмію каранавіруса з абавязковым нашэннем ахоўных масак, анамальную спёку, калі дыхаеш ужо не праз раз, а праз тры… Усміхаемся, спадары, усміхаемся! 🙂 Падтрымліваем сябе ды іншых…
Спадзяюся, у многіх атрымалася пражыць цэлы дзень без крыўдаў?! Альбо яго нават і не заўважылі?! 🙂 І ўсё ж пераходзім да Дня ўсмешак… Магчыма, з ім будзе лягчэй. Бо даказана: нават калі мы прымушаем сябе ўсміхацца, настрой узнімаецца. І адбываецца гэта, дзякуючы сувязі «мозг-цела».
А цяпер давайце зірнем (па традыцыі) на карысць усмешак для здароўя. Вядома ж, яна ёсць. Думаю, многія нават адчувалі гэта. А калі не, ёсць шанц праверыць. Сёння.
Тое, што зараз нам усім вельмі патрэбна, – гэта ўмацаванне імунітэту, так?! Дасягаецца яно рознымі спосабамі. І, што самае цікавае, усмешка таксама робіць свой унёсак. Бо калі мы ўсміхаемся, смяемся, цела расслабляецца, узровень стрэсу зніжаецца, а імунітэт – умацоўваецца. А як даўно вы смяяліся бестурботна, цалкам аддаючыся такім эмоцыям?!
Усмешка натуральным чынам умацоўвае мышцы твару, і гэта таксама бясспрэчна. Хаця многія жанчыны турбуюцца, што пры частым смеху з’яўляюцца маршчынкі ля вачэй. Але ж яны і без смеху з’яўляюцца… Аргумент?! А то ж! J Затое пасмяяліся – і фактычна зрабілі зарадку для твару.
Усмешкі і смех, апроч іншага, трэніруюць лёгкія, што таксама нам вельмі неабходна, асабліва падчас пандэміі каранавіруса. І няхай нашых усмешак фактычна не бачна за ахоўнымі маскамі (у тых, хто іх законапаслухмяна надзявае ў грамадскіх месцах), але ж па вачах бачна, усміхаецца чалавек альбо злуецца. Ці не так?!
А яшчэ ўсмешкі і смех аздараўліваюць сардэчна-сасудзістую сістэму і нават паляпшаюць абмен рэчываў.
Вось каб яшчэ гэта так выразна праяўлялася… Сёння пасмяяліся – заўтра не далічыліся кілаграмчыка-другога… Эх! На жаль, толькі мары… 🙂
А як вы думаеце, колькі незнаёмых усміхнуцца ў адказ на вашу ўсмешку? Не ведаеце?! Я таксама не ведаю… Але кажуць, што рэагуюць многія. Вось і ёсць шанц сёння праверыць яшчэ і гэтую ўласцівасць усмешкі…
Галоўнае, падумалася, каб яе не прынялі за здзеклівую ці з’едлівую… 🙂 Але ж мы так не ўсміхаемся, праўда?! Тым больш – незнаёмым…
Я вось усміхаюся, гледзячы на прагноз надвор’я на бліжэйшыя дні. Няўжо спраўдзіцца?! І няўжо з суботы нас чакаюць ужо дажджы?! Магчымыя, невялікія, моцныя… Ды я гатовая ўсміхацца кожнаму незнаёмаму прахожаму, абы дачакацца гэтай радасці!
А вы ведаеце, што прыроджаная здольнасць усміхацца ёсць нават у нованароджаных?! А што 5-гадовае дзіця ўсміхаецца і смяецца да 300 разоў у суткі? А колькі дарослыя? Не паверыце! Усяго… 10-15 разоў. І як не прыгадаць вядомае з п’есы Аляксея Дударава, хаця і сказанае з іншай нагоды: «Будзьце як дзеці…»
А вам спадабалася прытча пра бульбу, якую я пераказала ў матэрыяле пра дзень без крыўды?! На сёння таксама ёсць… Вось яна:
«У адной вёсачцы стаяў дом, аздоблены ўнутры тысяччу люстэркамі. Аднойчы адзін маленькі шчаслівы сабачка вырашыў яго наведаць. Ён радасна ўзбег па прыступках дома і зазірнуў унутр, махаючы хвосцікам.
Сабачка ўбачыў яшчэ тысячу такіх жа шчаслівых маленькіх сабачак, якія глядзелі на яго і таксама махалі хвосцікамі. Ён усміхнуўся – і люстраныя адлюстраванні ўсміхнуліся яму гэтак жа цёпла і прыязна. Сабачка захоплена падумаў: «Якое дзівоснае месца, тут мне ўсе радыя! Я буду часцей сюды прыходзіць і атрымліваць асалоду!»
У той жа вёсачцы жыў іншы сабачка. На жаль, ён быў нешчаслівы і заўсёды чакаў непрыемнасцяў. Ён пачуў пра дом шчаслівых сабачак і, у надзеі здабыць шчасце, таксама вырашыў яго наведаць. Яму так хацелася шчасця і радасці! Але ў глыбіні сваёй сабачай душы ён не верыў у свет, у якім могуць існаваць дружалюбныя сабакі.
Выскаліўшыся ў чаканні непрыемнасцяў, сабачка нізка апусціў галаву і прасунуў яе ў дзверы. Ён убачыў тысячы сабачак, якія глядзелі на яго нядобразычліва. Ён загыркаў і тут жа спалохаўся, бо ў адказ тысячы сабак загыркалі на яго. Пакідаючы дом, ён сам сабе думаў: «Якое жудаснае месца! Ніколі больш сюды не прыйду. Я так і ведаў, што нідзе няма на зямлі месца прыязнасці, радасці і шчасця».
Мы самі ствараем свой лёс. Усміхніся свету – і ў адказ свет усміхнецца табе!»
Ну што ж… Трымаем прытчу ў памяці і… Усміхаемся, спадарства, усміхаемся. І асабліва сёння – незнаёмым! 🙂
Дзень, па маім уласным меркаванні, адмысловы, кімсьці калісьці прыдуманы нездарма. І гэта – Дзень без крыўдаў! Не блытаць з Даравальнай нядзеляй, якой звычайна заканчваецца Масленічны тыдзень! 🙂 Ну што, паспрабуем пражыць цэлы дзень без крыўдаў?! А заадно і даруем крыўдзіцелям нашым… Каб самім зрабілася лёгка і прыемна на душы.
А як часта вы крыўдуеце? Альбо вам увесь час здаецца, што блізкія людзі вас наўмысна ці ненаўмысна крыўдзяць? І ўвогуле, вы чалавек крыўдлівы, помслівы? Мне ў сувязі з гэтым звычайна прыгадваецца вядомае: «Пакрыўдзіць мастака можа кожны…» Альбо прыкол, агучаны Мікалаем Фаменкам: «Я зла не памятаю… Адпомшчу і забудуся…» 🙂 А крыўды ж адмоўным чынам уплываюць найперш на здароўе…
Што такое крыўда? Гэта несупадзенне чаканняў і таго, што адбываецца насамрэч. Вось чаму і кажуць многія спецыялісты: трэба марыць, але меру ведаць. А то наўяўляем сабе таго, чаго не можа быць у прынцыпе… І тады… Расчараванні, слёзы, крыўды, стрэс… Вось яно таго вартае?!
А многія крыўды маглі б і не здарыцца, калі б мы ўмелі стасавацца, размаўляць, распавядаць пра свае жаданні, а не чакаць, што хтосьці пра іх здагадаецца. Бо вельмі складана настроіцца на хвалю іншага чалавека настолькі, каб прачытаць усе яго думкі. Ну пагадзіцеся! Гэта проста нерэальна…
Хочаце, каб муж дапамог на кухні замест утульнага валяння на канапе? Скажыце яму пра гэта! Крыўдзіць якоесьці канкрэтнае слова, параўнанне, вобраз? Папрасіце яго больш не ўжываць у дачыненні да вас.
Не ацэньваюць як след на працы?! А вы ўпэўненыя, што начальства ведае пра ўвесь аб’ём таго, што вы насамрэч робіце?! Ці ваш разлік на тое, што «самі прапануюць і самі ўсё дадуць»?! Гэта таксама з вобласці фантастыкі найчасцей… Бо самы ўважлівы чалавек, які здольны ўсё правільна зразумець і ацаніць, гэта… вы самі! Таму… Гаварыце пра сябе! Не саромцеся!
Калі мы доўга крыўдуем на кагосьці, дык часцяком адчуваем, быццам сапраўды камень на сэрцы ляжыць. Вялікі і цяжкі. А гэта – найкарацейшы шлях да сардэчна-сасудзістых захворванняў, праблемаў з артэрыяльным ціскам ды іншым…
Ад крыўдаў баліць галава, можа ўзнікнуць спазм сасудаў. І больш сур’ёзныя захворванні могуць развіцца таксама з банальнай крыўды, з прывычкі крыўдаваць часта, з любой, самай дробнай нагоды, крыўдаваць «са смакам»…
Не, вядома ж, калі парушаныя вашыя прынцыпы альбо вас проста абазвалі, паслалі па вядомым адрасе… Ну як тут не пакрыўдзіцца?! Гэта ж першая непадкантрольная нават рэакцыя арганізма… Галоўнае – надоўга не завязнуць у пачуцці крыўды, як муха ў… 🙂 Лепей таго крыўдзіцеля… пашкадаваць. Відаць, нясоладка яму (ёй) жывецца, калі самасцвярджаецца за ваш кошт.
Так, парады даваць, вядома ж, лягчэй. А я сама, як усе, магу і крыўдаваць, і крыўдзіць. Але апошняе часцей усё ж ненаўмысна. А папрасіць прабачэння тады ой як цяжка… Словы проста з языка не ідуць. Праўда?! Затое калі ўсё ж пераадолееш сябе і гэта зробіш… Як жа тады лёгка і прыемна на душы!
А яшчэ я хачу пераказаць вам, шаноўныя сябры, адну прытчу, прачытаную зусім нядаўна. Па тэме.
«Аднойчы вучань прыйшоў да настаўніка. Ён спытаўся, чаму той заўсёды спакойны, у добрым настроі, ніколі не крыўдзіцца.
– Я таксама хачу навучыцца жыць і не трымаць у сабе крыўды, – сказаў вучань.
Настаўнік пагадзіўся дапамагчы.
– Штораз, калі ты пакрыўдзішся, вазьмі бульбіну, – сказаў настаўнік. – Напішы на ёй імя крыўдзіцеля, пакладзі ў пакет, а пакет насі з сабой.
Вучань так і зрабіў. Калі хтосьці быў да яго несправядлівым і ў грудзях паліла ад прыніжэння, вучань браў бульбіну і апускаў у пакет. Неўзабаве пакет зрабіўся цяжкім. Бульба пачала псавацца, пакрывацца сліззю, дрэнна пахнуць. Тады вучань прыйшоў да настаўніка і сказаў, што спосаб не працуе.
– Трэба замяніць бульбу на штосьці іншае, лёгкае і прыемнае, – прапанаваў ён.
Настаўнік усміхнуўся.
– Твой смуродны пакет – тое, што адбываецца ў цябе ў душы. Спачатку ты не заўважаеш цяжару крыўдаў, але яны назапашваюцца. Гнілата раз'ядае душу. Мяняецца характар, пагаршаецца здароўе, табе цяжка.
Ты бачыў, як выглядаюць крыўды збоку. Цяпер штораз, калі вырашыш пакрыўдзіцца, падумай, ці хочаш насіць гэта ў сабе».
Так што… Адпускаем крыўды! Даруем крыўдзіцелям… І давайце паспрабуем хаця б сёння не крыўдзіць і не крыўдаваць. А затым гэта, магчыма, станецца цалкам звыклым і натуральным.
Ну, а хто мае лёгкі характар і крыўдаваць зусім не ўмее… Гэта проста выдатна! Але я ведаю толькі аднаго чалавека, які гэта дэкларуе… Што ён не крыўдзіцца і не раўнуе! 🙂
А зранку Ірынка ўзяла вожыка Васю з сабой у дзіцячы садок. У дарозе Вожык драмаў у яе заплечніку, але калі яны прыйшлі, ён адразу прачнуўся.
Наўкола стаяў такі гармідар!.. Дзеці крычалі, плакалі, смяяліся – некаторыя рабілі ўсё гэта адначасова… Бацькі імкнуліся не спазніцца на працу.
Вось і Ірынчына мама хуценька пацалавала яе: «Будзь разумніцай, здымі шапку, павесь паліто ў шафку, пераабуйся… Не сумуй, пазногці не грызі… Не… Ну, ты ж у мяне дарослая! Сама ўсё павінна ведаць!» І пабегла.
А Вожык падумаў: «Калі Ірынка дарослая, то навошта ёй хадзіць у дзіцячы садок? А калі малая…» Далей Вожык не паспеў падумаць, бо іх з Ірынкай абкружылі дзеці.
– Ой, які прыгожанькі!..
– Маленькі зусім…
– Дзіўны такі, паглядзіце, які ў яго нос!
«Які ў мяне нос?» – затурбаваўся Вожык.
– А што ён умее? – пацікавіўся ўпэўнены хлапечы голас.
Ірынка не сумелася.
– Ён умее быць вожыкам! А яшчэ ён цэлы год жыў за шафай і цяпер зусім не баіцца цемры!
«Я не баюся?» – не паверыў Вожык, але ўслых гэтага не сказаў.
Дзяцей паклікалі на сняданак, але Выхавацелька ўзяць яго за стол не дазволіла, таму Вася чакаў Ірынку і яе сяброў у пакоі для гульняў.
Там было шмат розных цацак.
Першым яго заўважыў Мячык.
– Глядзіце! – радасна падкаціўся ён да Вожыка. – Ён падобны да мяне. Толькі не такі гладкі і бліскучы.
– Не! Ён да мяне падобны! – запярэчыў Цягнік.
– Ён… Ты ўмееш хадзіць па коле і пыхкаць? – звярнуўся Цягнік да Вожыка.
– Ну… Так! – той крыху разгубіўся.
– Вось! – пераможна загудзеў Цягнік. – Я ж кажу…
– Кожны гэта можа! – не пагадзіўся Мячык. – Хай лепш скажа, ці ўмее ён скакаць!
Лялька згодна апусціла вейкі.
– Не… – зажурыўся Вожык. – У мяне для гэтага занадта кароткія лапкі…
– Калі ты не ўмееш скакаць і каціцца па зямлі, то застаецца толькі паспачуваць, – падсумаваў Мячык, – бо тады ты – сапраўды цягнік!
– Я не цягнік – я Вожык. Вася.
– Вы толькі паслухайце! – залямантаваў Цягнік. – Ён не хоча быць цягніком!
– І няхай! – прымірэнча заўважыла Лялька. – У нас ужо ёсць Цягнік і Мячык. Няхай будзе яшчэ і Вожык!
Вася ўздыхнуў з палёгкай. Яму чамусьці было вельмі прыемна, што ён менавіта Вожык, а не Цягнік ці Мячык. І добра, што ён не пасварыўся са сваімі новымі сябрамі…
Калі ж са сняданку прыйшлі дзеці, то ім было цікава гуляць з усімі цацкамі.
Праўда, Ірынка свайго вожыка надоўга нікому не давала.
«Добра ў садку, – думаў Вожык вечарам па дарозе дадому. – Але і дома – таксама добра. Шкада, што іншыя цацкі ніхто не забірае вечарам з сабою. Ім, відаць, сумна там – адным… Ноччу… Нібыта за шафай».
І Вожык паабяцаў сабе абавязкова што-небудзь прыдумаць!
Была ўжо ноч, калі вожык Вася вырашыў намаляваць для сваіх сяброў з Ірынчынага дзіцячага садка прыгожую карціну. Каб яны не сумавалі, пакуль у садку няма дзяцей.
Але што намаляваць? Сябе? Вожык ажно пачырванеў ад такой думкі. Не! Гэта будзе нясціпла з яго боку… Тады – іх саміх: Мячык, Ляльку, Цягнік і іншыя цацкі, якія жывуць у садку. Але ж яны і так увесь час там!.. Урэшце Вожык вырашыў намаляваць тое, што ён бачыў па дарозе з садка.
Але, каб маляваць, трэба алоўкі, а яны – вунь! – спяць у скрынцы… Вожык асцярожна наблізіўся.
– Шаноўныя алоўкі! Даруйце, калі ласка, што турбую. Але мне трэба намаляваць падарунак для сяброў. І вы мне вельмі патрэбныя!
Са скрыні высунуўся заспаны Сіні аловак.
– А без нас – ніяк? – раздражнёна пацікавіўся ён.
– Ніяк… – панурыўся Вожык.
– Што за жыццё?! – абураўся Сіні аловак, вылазячы са скрынкі. – Толькі захочаш паляжаць спакойна, як цябе выцягваюць і вымушаюць працаваць!
– А вам не падабаецца маляваць?! – здзівіўся Вожык. – Вы ж – алоўкі!..
– І што з таго? – адмахнуўся Сіні аловак. – Гэта ж не азначае, што мы павінны маляваць дзень і ноч! У нас таксама можа не ставаць натхнення і не быць настрою… Але каго гэта хвалюе?! – працягваў бурчаць Сіні аловак.
Тым не менш, ён наблізіўся да падрыхтаванага Вожыкам аркуша чыстай паперы і, пасур’ёзнеўшы, запытаў:
– Дык што маляваць будзем?
Вожык пачаў пералічваць: дрэвы, сцяжынку, машыны, людзей, неба, дамы…
– Але хіба можна ўсё гэта намаляваць адным сінім колерам? – пацікавіўся ён, з недаверам пазіраючы на Сіні аловак.
– А чаму – не? – Сіні аловак зірнуў на яго паблажліва. – Усё залежыць ад таго, як паглядзець!.. Ды і… іх усё адно не дабудзімся! Стаміліся – Ірынка ўвесь вечар малявала…
Сіні аловак кінуў зайздрослівы позірк на скрынку, з якой чулася соннае пахрапванне іншых алоўкаў.
– Э-э-х! Ну, давай маляваць!..
Нарэшце малюнак быў закончаны. Усё на ім было сінім: і вуліца, і дамы, і людзі, і неба… І раптам аказалася, што гэта – неверагодна прыгожа!
– Няўжо так бывае? – Вожык ад захаплення не мог адвесці позірку ад карціны.
– А ты зірні за вакно… – пазяхаючы, параіў Сіні аловак і схаваўся ў скрынку.
Вожык паглядзеў.
На вуліцы пачынала днець. І ўсё было сінім-сінім, зусім як на яго малюнку.
«І чаму я раней не заўважаў? – падумаў Вожык, засынаючы. – Можа, не так глядзеў…»
Вожык спаў увесь дзень. А калі прачнуўся, ужо быў вечар і Мама ўгаворвала Ірынку класціся спаць.
– Ты ж у мяне дарослая дзяўчынка! – Мама пачынала губляць цярпенне. – Павінна разумець, што ноччу трэба спаць!
– Ага, а яно прыйдзе і забярэ мяне… – прашаптала Ірынка.
– Не выдумляй, Ірына! Ты ж ведаеш, я гэтага не люблю!.. Лепш засынай хутчэй – ніхто цябе нікуды не забярэ, а заўтра ў садок рана ўставаць – не забывайся!.. Усё – добранач! – Мама пацалавала Ірынку і выйшла з пакоя, шчыльна прычыніўшы за сабою дзверы.
Тады Ірынка выскоквае з-пад коўдры, бяжыць да падваконня і, схапіўшы Вожыка, хуценька вяртаецца назад.
Яны сядзяць пад коўдрай удвух.
– Ты, Вожычак, галоўнае не бойся! – просіць Ірынка.
Вожык думае: «А мне зусім не страшна!» І адразу ж робіцца вельмі смелым… Праўда, ненадоўга. Бо потым Ірынка расказвае яму пра тое, што чула ад дзяўчынкі ў садку… Нібыта пад ложкам жыве Страшыдла, якое апоўначы выпаўзае са свайго сховішча і забірае дзяцей, што кепска сябе паводзілі ўдзень…
– А я, Вожычак (ты толькі Маме не кажы!), сёння была вельмі кепскай… Я ў Кацечкі фламастэр узяла. Ружовы… Ну, скажы мне, нашто ёй ружовы фламастэр?!. У яе ж ёсць шмат іншых! А калі яна пасля шукала яго, то я сказала, што не бачыла… Але я заўтра вярну – абавязкова!.. І прабачэння папрашу!..
А Вожык думае, што ён сёння таксама быў не самым лепшым вожыкам… Увесь дзень праспаў! А добрыя вожыкі павінны ўвесь час быць занятыя! Іначай гэта не вожыкі, а лайдакі нейкія!..
І тут Вожык уяўляе, як з-пад ложка выпаўзае страшнае-страшнае Страшыдла і цягне да яго, Васі, свае доўгія лапы… У той самым момант Вожык забываецца, што ён вельмі смелы і глыбей хаваецца пад коўдру.
«Я заўтра рана-рана ўстану і ўвесь дзень буду займацца чым заўгодна, – цвёрда абяцае сам сабе Вожык. – Толькі няхай яно не прыходзіць!..»
–Вожык, – не вытрымлівае цішыні Ірынка, – а як ты думаеш, што есць Страшыдла-з-пад-ложка?
Пра гэта Вожыку чамусьці зусім не хочацца думаць…
А вось Ірынку гэтае пытанне вельмі цікавіць, і яна разважае:
– Наўрад ці яно любіць суп ці кашу… Катлеты? Але ж тады з-пад ложка пахла б катлетамі… Мне падаецца, Вожык, што часам адтуль пахне цукеркамі! Праўда-праўда! А аднойчы ў мяне туды закацілася цукерка – і я яе так і не знайшла!..
Ірынка раптам адкідвае коўдру і на пальчыках бяжыць да заплечніка, з якім звычайна ходзіць у дзіцячы садок. Вяртаецца яна з пераможнай усмешкай і цукеркай у далоні!
– Вось! Сёння ў Марынкі быў дзень народзінаў. І яна ўсіх частавала цукеркамі. Па дзве кожнаму! Як добра, што я не з’ела другую!..
Вожык таксама думае, што гэта вялікая ўдача. Але раптам Страшыдла ўсё-ткі не любіць цукеркі?..
– Давай ты занясеш цукерку пад ложак, а Вожычак? – Ірынка просіць так умольна, што Вожыку не застаецца нічога, як моўчкі пагадзіцца.
Думку пра тое, што Страшыдла можа любіць зусім не цукеркі, а маленькіх вожыкаў, Вася думаць не хоча. І з цукеркай на спіне спускаецца пад ложак, дзе цёмна так, што ў цемры можа схавацца хоць цэлы тузін страшыдлаў. Праўда, Вожык на ўсялякі выпадак не расплюшчвае вочы, аж пакуль Ірынка не паднімае яго з падлогі (ужо без цукеркі) і захутвае ў коўдру. Пасля яны доўга прыслухоўваюцца, каб пачуць, калі зашамаціць паперка…
– Ты ў мяне такі смелы, Вожычак! – шэпча дзяўчынка яму на вуха.
І Вожык думае, што нават калі Страшыдла-з-пад-ложка і не любіць цукеркі, то вожыкаў яно, здаецца, таксама не любіць. А значыць, Ірынку ёсць каму абараніць!.. Ён яшчэ доўга не спіць, але з-пад ложка так ніхто і не паказваецца…
Напэўна, баіцца яго, смелага вожыка Васю!..
Гук – Андрэй Васкрасенскі.
Гарачае надвор'е прымушае шукаць выратаванне ад пякучых промняў сонца ля вадаёмаў і ў цяністых месцах. На жаль, такі адпачынак часцяком не абыходзіцца без ужывання спіртных напояў. Прадстаўнікі Асвода і Міністэрства аховы здароўя папярэджваюць, што такое баўленне часу можа скончыцца траўмамі і нават гібеллю людзей.
У гарачае надвор'е пашыраюцца сасуды, пачашчаецца сэрцабіцце. Пачынаецца актыўнае потавыдзяленне, закліканае астудзіць цела. Таму ў спёку так хочацца піць. Але ці ўсе напоі падыходзяць дзеля наталення смагі?
Нарколагі тлумачаць: спаталяць смагу алкагольнымі напоямі падчас спякоты небяспечна. Алкаголь для расшчаплення ў арганізме нават у звычайных тэмпературных умовах патрабуе вялікай колькасці вады (менавіта таму пасля ўжывання вялікай колькасці спіртных напояў адчуваецца сухасць у роце і баліць галава).
Ужыванне алкаголю ў спякоту недапушчальнае ні ў якіх колькасцях, адзначае загадчыца амбулаторнага наркалагічнага аддзялення № 2 гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера Вікторыя Котава.
Вікторыя Котава, загадчыца амбулаторнага наркалагічнага аддзялення № 2 гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера:
– У спякоту нават слабаалкагольныя напоі запускаюць пэўныя біяхімічныя працэсы, якія вядуць да абязводжвання, што, у сваю чаргу, прыводзіць да згушчэння крыві, павышае рызыку тромбаўтварэння, спрыяе парушэнню артэрыяльнага ціску і сардэчнага рытму. Грозныя наступствы гэтага – інфаркт ці інсульт, ажно да смяротных вынікаў.
Паводле слоў спецыяліста, у спякоту трэба піць і піць шмат, напрыклад, мінеральную ваду без газу. Алкаголь жа стварае дадатковую нагрузку на сасуды і сэрца, якія і без таго вымушаныя актыўна працаваць для астуджэння цела.
Як адзначыла Вікторыя Котава, існуе такое паняцце як культурнае спажыванне. Разам з тым, бяспечна ўжываць спіртныя напоі могуць толькі саматычна здаровыя людзі, у якіх няма блізкіх сваякоў з сіндромам залежнасці ад алкаголю альбо іншых псіхатропных рэчываў.
Старшыня Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на вадзе Анвар Ігамбердыеў распавёў, што, па дадзеных Асвода, сёлета на вадзе ўжо загінулі людзі.
Анвар Ігамбердыеў, старшыня Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на вадзе:
– Асноўнай прычынай надзвычайных сітуацый з'яўляецца грэбаванне мерамі бяспекі. Пагаршальным фактарам з'яўляецца ўжыванне спіртных напояў. Статыстыка надзвычайных здарэнняў такая, што 65% загінулых летась на вадзе былі ў стане алкагольнага ап'янення. І гэтыя лічбы практычна не змяняюцца з году ў год.
Вада не толькі радасць, але і небяспека, нагадвае Анвар Ігамбердыеў. Адпачываючы ля вадаёмаў, нельга выпускаць з-пад увагі сваіх дзяцей, не варта катацца на тых жа матрацах альбо іншых, не прызначаных для гэтага сродках, ныраць у незнаёмых месцах, скакаць з мостаў, купацца ў нецвярозым стане, далёка заплываць.
Прадстаўнікі Асвода адзначаюць, што ў стане алкагольнага ап'янення чалавек перастае адэкватна ацэньваць сітуацыю і свае сілы, яму хочацца бравіраваць, яму «мора па калена». Напрыклад, трапляючы на цячэнне, ён пачынае плыць супраць яго і хутка губляе сілы. Нагадалі ратавальнікі і пра ахоўныя камізэлькі, якія трэба не толькі апранаць пры катанні на лодках, але і зашпільваць, каб пры падзенні ў ваду не выскачыць з яе.
Сярод небяспечных для адпачынку месцаў прадстаўнікі Асвода адзначылі тыя, дзе збіраецца шмат людзей. У гэты спіс увайшлі таксама рэкі з хуткай плынню, халоднай вадой, мелавыя абводненыя кар'еры.
Ратавальнікі раяць! Адпачывайце ў месцах, дзе ёсць ратавальнікі, дзяжурыць медыцынскі работнік і абсталяваныя пляцоўкі для адпачынку, абследуецца дно вадаёмаў. А таксама ўстрымайцеся ад ужывання алкагольных напояў. У такім выпадку адпачынак не скончыцца траўмамі і няшчаснымі выпадкамі, а пакіне толькі прыемныя ўражанні.
І памятайце: у гарачае надвор'е не знаходзьцеся доўга пад прамымі сонечнымі промнямі, у душным памяшканні. Піце шмат вадкасці, перыядычна рабіце перапынак на адпачынак. Калі вы адчулі недамаганне, галаўны боль, галавакружэнне, слабасць і моташнасць, пераходзьце ў цень ці прахалоднае памяшканне.
Якія ў вас асацыяцыі са словамі «музычная школа»? Хтосьці ўсміхнецца і ўспомніць, як карпеў над гамамі, а хтосьці – як зводзіла сківіцы ад адной толькі назвы «сальфеджыо». А я раскажу, чаму балалайку асвоіць цяжэй за гітару, наколькі ўнікальны гэты інструмент і чым прыма адрозніваецца ад секунды ці альта. А яшчэ – як вучні мінскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў №13 раз за разам бралі Гран-пры на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах музычнага мастацтва.
… Аднойчы дачка прыбегла з радаснай навіной: да іх, першакласнікаў, прыходзіла настаўніца музыкі і запрашала ў школьны хор. Для дзіцёнка, які спяваць пачаў ледзь не раней, чым добра размаўляць, гэта была цэлая падзея! І назаўтра яна, задаволеная, пабегла на заняткі хору.
Настаўніца паставіла ўперадзе салістаў, астатнім загадала спяваць разам з ёй па камандзе: спачатку салісты, потым далучаецца хор. Уключыла магнітафонны запіс – асвяжыць песню ў памяці. Але мая зорачка прапусціла ўводную міма вушэй, адразу запомніла словы і мелодыю і старанна, на поўныя грудзі, загаласіла… І з хорам, і з салістамі, і без…
Кіраўніца спыніла рэпетыцыю і паклікала яе да сябе. Спужалася малая, зразумела, што нешта не тое зрабіла. Спускаецца з прыступак і думае: «Ну усё, зараз выганіць!» А тая агледзела худое бялявае дзяўчо і кажа: «Станавіся тут, з салістамі. Відаць, будзе з цябе толк».
Так стала Карынка салісткай школьнага хору з першага ж занятку. І потым што яна толькі ні выконвала сваім першым сапрана – ледзь не ўсе мерапрыемствы праходзілі з яе ўдзелам, як унутрышкольныя, так і на гарадскіх пляцоўках.
Ну, а што ж за спявачка без інструмента? Падаліся мы ў музычную школу, а там сказалі прыходзіць у наступным годзе – набор скончаны, мы спазніліся… То ўжо вясной дачка ляцела туды ўзрушаная, літаральна цягнула бацькоў за руку.
І тут чакала неспадзяванка: на клавішныя бяруць з шасці гадоў, таму мы ў свае сем з хвосцікам пралятаем, хоць і прайшлі праслухоўванне выдатна… Стаіць няшчасны дзіцёнак, апусціўшы галаву, і ледзь не плача.
Завуч паспрабавала прымераць ёй баян, але танюткія ручкі ледзьве змаглі ўтрымаць цяжкі інструмент. Тады выйшла да нас настаўніца па класу балалайкі і кажа: «Чаму ж вы не разглядаеце народныя інструменты? Я запрашаю вас да сябе ў клас, а другім інструментам зможаце ўзяць фартэпіяна».
Так і зрабілі. Падумалі: балалайка – гэта не цымбалы ці акардэон, месца многа не зойме, у любы момант яе за плечы – і панёс. Да таго ж, потым будзе лягчэй асвоіць гітару…
Першы сюрпрыз чакаў, калі паспрабавалі набыць балалайку ў музычнай краме. Абышлі мо тры ці чатыры, пакуль патрапілі на патрэбны (даволі дарагі) інструмент. Патэлефанавалі настаўніцы, а яна, выслухаўшы, што мы знайшлі, сказала не браць – гучаць не будзе, такія прылады выконваюць хутчэй дэкаратыўную функцыю!
Дзе ж яе ўзяць? Пачалі разглядаць прыватныя аб’явы, распытваць знаёмых. І раптам успомнілася, што ў бабулі на шафе калісьці даўно вісела на цвіку балалайка. Патэлефанавалі, прыехалі — вось яна, родненькая, трохвугольная, на гары ляжала. Растрэсканая, без струн і падстаўкі (кабылкі), з пашчэрбленымі ладамі… Абняць і плакаць.
А бабуля ўсміхалася: «Што ж вы хацелі? Я яшчэ дзеўкаю на ёй іграла. Так хацела навучыцца, упрасіла бацькоў купіць. Збяромся, бывала, з сяброўкамі вечарам і як зайграем! Шмат песень ведалі».
Настаўніца наша, Валянціна Іванаўна, пачуўшы пра рарытэт, загадала прынесці паказаць: мауляў, аддамо на рэстаўрацыю. І хто ведае, ці не выдасць гэтая 70-гадовая шасціструнка найчысцейшы гук…
І адбыўся цуд! У таго рэстаўратара, напэўна, былі залатыя рукі.
Валянціна Стрэмінская, загадчык аддзялення народных інструментаў ДМШМ №13 г.Мінска:
– Вызначыць якасць балалайкі можна па гуку. Так, у 1980-я гады было выпушчана шмат танных інструментаў з надпісам «Алімпіяда-80». Многія і зараз, спакусіўшыся коштам, купляюць дзецям, каб вучыліся на іх. Але там мала ладоў, вельмі тоўсты грыф, яна жорсткая, там шмат пластмасы. Ну, і гучанне адпаведнае.
Майстры кажуць, што для добрай канцэртнай балалайкі дрэва сохне па 10 гадоў. А ёсць балалайкі, кошт якіх раўняецца кошту мэрсэдэса! Грыф там тоненькі, струны мяккія, гук выдаюць дзівосны. Але ж, напэўна, нават на самай выдатнай балалайцы трэба ўмець граць…
Увогуле, балалайка мае тры струны. Калі ў стандартнай гітары шэсць струнаў, і ўсе розныя (нават першая і апошняя мі адрозніваюцца актавамі), то ў балалайцы дзве з трох струнаў абсалютна аднолькавыя! У прымы і альт-балалайкі гэта ля-мі-мі, у секунды — ля-рэ-рэ. Ёсць яшчэ бас- і кантрабас-балалайкі.
Дарэчы, прыма хоць і канцэртная, але можа граць і сола. Пачынаюць вучыцца дзеці менавіта на прыме. А секунда і альт – толькі аркестровыя. Яны большыя, з іншым строем і струнамі: у адрозненне ад маленькіх балалаек з тонкімі металічнымі струнамі, тут струны з абмоткай, і ўпраўляцца з імі цяжэй. Таму ў аркестры на іх граюць старэйшыя вучні ці нават выкладчыкі.
Як выкладчыкі дапамагаюць малым і іх бацькам вызначыцца з інструментам? На ўступных экзаменах (яны праходзяць вясной) правяраюць слых, памяць, рытм. Трэба спець падрыхтаваную песню, хаця б куплет. Паўтарыць папеўкі за выкладчыкам. І на падставе атрыманых балаў прапануюць запісацца ў той ці іншы клас.
Скрыпачам патрэбны ідэальны слых, а піяністам, насуперак міфам, зусім неабавязкова мець доўгія пальцы. Ды й ці магчыма прадбачыць, як будзе мяняцца ручка ў шасцігодкі? Іншая справа – баян, акардэон, куды паступаюць трох-чатырохкласнікі.
Будучым балалаечнікам пажадана мець круглыя падушачкі пальцаў, бо імі (першай фалангай) заціскаюцца струны. Занадта худымі, кашчавымі пальцамі, як і вельмі маленькай далонню, іграць складана: трэба ж абхапіць грыф. А засваенне акордавай тэхнікі немагчыма без з’яўлення «прафесійных» мазалёў. Не варта цікавіцца шчыпковым інструментам і тым, хто мае пэўныя скураныя захворванні, ранкі на руках.
Але ў навічкоў усё роўна напачатку баляць пальчыкі. Балалайка трохструнная, струна «ля» металічная, астатнія дзве нейлонавыя. Пакуль падушачкі прывыкнуць да іх, пакуль утворацца зацвярдзенні… Таму педагогі просяць бацькоў: сачыце, каб дома дзіця іграла не больш за 10 хвілін у дзень. Праз пару месяцаў пальчыкі адаптуюцца – і будзе лягчэй, практыкавацца можна будзе і гадзіну, і болей.
Нашай Карыне пашчасціла трапіць у клас да Валянціны Стрэмінскай, якая змагла не толькі навучыць дзяўчынку тэхнічным прыёмам ігры, а прывіць цікавасць да інструмента, захапіць народнай творчасцю.
Валянціна Іванаўна — педагог з 46-гадовым стажам (на сёння), у 13-й дзіцячай музычнай школе працуе з 1986 года.
– Праграма падбіраецца пад кожнага вучня індывідуальна,– тлумачыць выкладчык. – Іграем і эстрадныя творы: «Пад музыку Вівальдзі», «Балалайка» (якую Пугачова спявала), джазавыя п’есы. Дзеці іх любяць. Але паралельна вывучаем і Баха, Бетховена, Моцарта, гэта абавязкова. Да заканчэння навучання дзеці выконваюць даволі складаныя творы: «Іспанскі танец» Дзярбенкі, «Кантраданс» Бетховена. Сёлета на балалайку быў конкурс, нават у падрыхтоўчую групу не ўсе жадаючыя трапілі. Інтарэс да народных інструментаў заўважна вырас.
Валянціна Іванаўна ўзгадала сваіх вучняў, якія станавіліся пераможцамі рэспубліканскіх конкурсаў, працягвалі музычную адукацыю ў Беларусі і за мяжой (напрыклад, у Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных). Ёсць выпускнікі, якія потым прыводзілі да яе ў клас сваіх дзяцей. І ёсць дзеці, якія, гледзячы, як асвойваюць балалайку іх старэйшыя браты і сёстры, выказалі жаданне вучыцца граць менавіта на гэтым інструменце.
З падачы кіраўніцтва ДМШМ №13, упраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Першамайскага раёна г.Мінска забяспечыла школу ўсімі неабходнымі інструментамі высокай якасці і кошту.
У 2015 годзе ў школе з’явіўся аркестр народных інструментаў «Лявоніха», якім сёння кіруе завуч Алеся Нікалаева. Праўда, акрамя народных цымбалаў, баянаў, акардэонаў ды шэрагу балалаек (секунды, альты і прымы), у яго ўваходзяць яшчэ флейты і скрыпкі, барабаны і бас-гітара.
Напрыканцы лістапада 2015 года юныя аркестранты (9-14 гадоў) пад кіраўніцтвам дырэктара (ДМШМ узначальваў Аляксей Чарапко) упершыню паспрабавалі свае сілы за межамі школы – узялі ўдзел у II адкрытым конкурсе маладых выканаўцаў «Беларускiя таленты» (рэспубліканскі ўзровень). І нечакана атрымалі… Гран-пры!
Гэтая неверагодная перамога надала натхнення і веры ў свае сілы. Працягвалі старанна рэпеціраваць і замахнуліся на міжнародны ўзровень…
У сакавіку 2016-га ў Мінску праходзіў I Міжнародны конкурс-фестываль мастацтваў «Музыкі святло». Памятаю, як адпраўляла на яго дачку, супакойвала, прасіла не хвалявацца: перажывала, каб не прыйшло расчараванне, калі не перамогуць. Але… зноў Гран-пры!!!
У дзіцёнка нібыта крылы выраслі! Узрушаная, яна ўсё расказвала і расказвала, як яны рыхтаваліся выходзіць на сцэну, як баяліся, каб не збіцца, не забыць чаго. А я думала: вось гэткія моманты – сапраўды бясцэнныя. Падтрымка педагогаў, вопыт перамог і вера ў свае сілы даюць імпульс пераадольваць любыя цяжкасці.
Аркестр пачаў збірацца ў дарогу: усяго праз месяц у Эстоніі пачынаўся V Міжнародны творчы конкурс-фестываль «Нарвская вясна». Старанна працавалі на рэпетыцыях, рыхтавалі касцюмы, вырашалі арганізацыйныя пытанні.
Правялі мы сваю Карынку да аўтобуса, памахалі ўслед, а на сэрцы неспакойна: два разы атрымалася найвышэйшае месца заняць, зразумела ж, што заўсёды так не будзе… Хоць бы не апусціліся рукі потым!
Ідзе час, тэлефануе дачка. Усхваляваная, расказвае, што яны там, аказваецца, самыя малодшыя выступоўцы. І што тыя, хто ўжо адыграў, вельмі крутыя. Я суцяшала як магла, тлумачыла, што гэта добры вопыт, і галоўная задача – выступіць як мага лепш...
Міналі гадзіна за гадзінай, дзіця не тэлефануе. Я нервуюся. Толькі ўвечары пачуўся званок…
Як аказалася, дзеці на адрэналіне адыгралі ўсе творы выразна, дакладна, без адзінай памылкі. З хваляваннем пачалі чакаць абвяшчэння вынікаў. Аб’яўляюць прызавыя месцы з канца: адзін калектыў назвалі, другі, трэці. Нашы вучні сабе месца ўжо не знаходзяць, дарослыя іх падбадзёрваюць, але таксама хвалююцца... Вось і першае месца назвалі – зноў не іх. Значыць, усё, вырашылі малыя… І толькі падумалі, што засталіся без месца, як чуюць: «А цяпер – Гран-пры!»
Што? І тут Гран-пры ёсць?
– А Гран-пры прысуджаецца маладому беларускаму калектыву «Лявоніха»!
Вось дык справа! На эмоцыях дзеці нават не адразу зразумелі, што гэта ж яны – «Лявоніха». Аркестру ўсяго паўгода, да назвы яшчэ не паспелі прывыкнуць.
Трэці Гран-пры запар!!! Гэта быў грандыёзны поспех. А ўверцюра-фантазія «Лявоніха», напісаная Львом Карпенкам у аранжыроўцы Алесі Нікалаевай, з таго часу стала візітнай карткай калектыву.
Алеся Нікалаева, завуч ДМШ №13, кіраўнік аркестра:
– Паездкі на конкурс-фестываль у Таліне сталі штогадовымі і вельмі чаканымі для ўсіх удзельнікаў аркестра (а іх склад паступова мяняецца – месца выпускнікоў займаюць новыя вучні). У актыве – перамогі і прызавыя месцы, атрыманыя на розных музычных пляцоўках. Так, у 2018 годзе наша выступленне не засталося незаўважаным на I Конкурсе-фестывалі дзіцячых аркестраў «Аркестрына», дзе атрыманы спецыяльны Дыплом.
У бягучым годзе на VI адкрытым Рэспубліканскім конкурсе музычнага мастацтва Беларусі «Спадчына» калектыў стаў лаўрэатам III ступені. 22 мая бралі ўдзел у вялікім канцэрце творчых калектываў сталіцы на тэрыторыі Верхняга горада.
У педагогаў і вучняў шмат ідэй і планаў: атрымаць званне ўзорнага аркестра, узяць удзел у новых міжнародных конкурсах і фестывалях, праводзіць канцэрты ў школе і на гарадскіх пляцоўках.
Музычная школа не абавязкова зробіць з дзіцяці знакамітага кампазітара ці выканаўцу (хаця – хто ведае?). Але адчыніць перад ім неверагодны свет прыгажосці.
Наталля Шэйбак, псіхолаг:
– Заняткі музыкай развіваюць абодва паўшарыі мозгу, як і заняткі ментальнай арыфметыкай. Развіваюцца памяць, канцэнтрацыя ўвагі, шматзадачнасць, вобразнае мысленне. А гэта, у сваю чаргу, уплывае на ўспрыманне свету, робячы яго больш яркім і эмацыйным.
Кожны раз, паднімаючыся па прыступках ДМШМ №13, я звяртала ўвагу на выказванні знакамітасцяў у рамках на сценах. Адно з іх асабліва запомнілася: «Музыка – вышэйшае ў свеце мастацтва. Л.Талстой». Усё думала пра гэта, спрабавала знайсці хоць адзін аргумент супраць, ды так і не знайшла – з класікам не паспрачаешся…
Фота – з архіваў музычнай школы, герояў публікацыі і адкрытых інтэрнэт-крыніц.
Нядзеля, ды яшчэ і два святы. Вось такое супадзенне, даволі сімвалічнае. Сёння мы сустракаем Тройцу (Сёмуху, Пяцідзясятніцу) і віншуем нашых шаноўных медыцынскіх работнікаў з іх прафесійным святам!
А папярэднічала Тройцы Троіцкая (Траецкая) бацькоўская субота. І хаця не так масава, як на Радаўніцу, але людзі сапраўды ехалі і ішлі ўчора на нашы астраўскія могілкі. Хто – прыбрацца, выкараніць пустазелле, хто – пакасіць трымерам траву… Хтосьці ішоў з кветкамі, а хтосьці – проста так… І я спадзяюся, што дарагія памерлыя былі ўсцешаныя…
Ведаю, што ў некаторых мясцовасцях ёсць традыцыя наведваць могілкі і непасрэдна на Тройцу – пасля службы ў царкве. Зрэшты, як памятаць і ўшаноўваць спачылых, кожны таксама для сябе вырашае сам… Галоўнае – рабіць гэта…
А ўвогуле, Тройца – прыгожае ўзнёслае свята. З «маем» у хатах і кватэрах, а то і на летніках, з букетамі палявых кветак, з прагулкамі ў лесе ці парку… Калі толькі лясы ў вашай мясцовасці яшчэ не зачынілі для наведвання з-за высокага класа пажаранебяспекі. З абавязковым наведваннем царквы вернікамі…
Гэтае свята прыходзіць са свежым пахам зеляніны альбо духмянага аеру… З традыцыямі нашых продкаў. І абавязкова – з верай у лепшае. Вядома ж, хацелася б, каб зеляніна на дрэвах сапраўды была свежай, а не шэрай ад пылу, сасмяглай без вады. Але, на жаль, нам на Тройцу дажджоў не абяцаюць. Але магчыма, што дзесьці камусьці ўсё ж пашанцуе…
І таксама сёння, у трэцюю нядзелю чэрвеня, сваё прафесійнае свята сустракаюць медыцынскія работнікі. Прадстаўнікі прафесіі, без якой мы проста не можам абысціся. Людзі, ад якіх у пэўнай ступені залежыць наша самаадчуванне, наш настрой, а часцяком і само жыццё…
Другі год Дзень медыцынскіх работнікаў праходзіць ва ўмовах пандэміі каранавіруса. Магчыма, сёлета не так востра ўжо адчуваем сітуацыю мы, староннія назіральнікі. Дзе – прызвычаіліся, дзе – проста расслабіліся… Але не думаю, што шмат чаго змянілася для ўрачоў, медсёстраў, санітарак у параўнанні з годам мінулым…
І таму традыцыйна сёння, у сваё свята, хтосьці дзяжурыць, хтосьці змагаецца з каранавірусам, а хтосьці камусьці ратуе жыццё. У сродках індывідуальнай абароны ў 30-градусную гарачыню…
Таму нашыя пашана, павага і ўдзячнасць усім медыцынскім работнікам па-ранейшаму вялікія. Бясспрэчна. Адназначна. Проста варта часцей пра гэта казаць услых альбо нават пісаць. У журналісцкіх матэрыялах, аўтарскіх блогах, сацыяльных сетках, месэнджарах, прыватных паведамленнях. І, вядома ж, не толькі адзін раз на год, у прафесійнае свята…
Але ж, традыцыйна занятыя ўласнымі справамі, ці часта мы прыгадваем тых, каму сапраўды павінны быць удзячнымі? Доўга… Усё жыццё… На жаль, адказ адмоўны. І нават калі робіцца ніякавата з гэтай нагоды вось зараз, дык пасля гэта ўсё забываецца, губляецца ў тлуме дзён. Да наступнага разу.
Таму лепей хаця б адзін раз на год, чым ніводнага, праўда?! Віншуем і кажам цёплыя словы.
Дарагія нашы медыцынскія работнікі! Шчыра – з вашым прафесійным святам! Так хочацца, каб каранавірус усё ж адступіў, аслабеў, і ўсё вярнулася на звыклыя рэйкі. Давайце пажадаем гэтага ўсім нам!
А тым, хто святкуе сёння, хто датычны да Дня медыцынскіх работнікаў, найперш – здароўя. Моцнага. Цярпення, сіл і вытрымкі. Дабрабыту, падтрымкі і разумення родных. Ладу і згоды ў сям’і. Паменей матэрыяльных праблемаў, паболей цёплых слоў ад удзячных пацыентаў штодня. Веры, надзеі, любові. Кахання. І ўсіх даброт!
Так склалася, што і мы, супрацоўнікі рускай і беларускай версіі інфармацыйнага партала «Здаровыя людзі», газеты «Медыцынскі веснік» лічым гэтае свята за сваё.
І, у сваю чаргу, не толькі прымаем віншаванні, а і шчыра віншуем кіраўніка нашага аддзела інтэрнэт-праектаў, урача-анестэзіёлага-рэаніматолага вышэйшай катэгорыі, кандыдата медыцынскіх навук, дацэнта кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Вольгу Іванаўну Святліцкую і галоўнага рэдактара газеты «Медыцынскі веснік» Таццяну Мікалаеўну Сівец! Зычым здароўя моцнага, шчасця найвялікшага, дабрабыту трывалага, удачы штодзённай. І ўсім нам разам – пабольш удзячных чытачоў!
Так сталася, што за апошнія гадоў ...цаць гэта ўсяго толькі другі зборнік п’ес, які я прачытала. Хаця многія не любяць чытаць п’есы ўвогуле, а любяць глядзець іх увасабленне на сцэне.
Я таксама вельмі люблю тэатр, але-але… Пабачыўшы ў сацыяльных сетках допіс, што ў шаноўнай Таццяны Мікалаеўны выйшла кніга п’ес, шчыра парадавалася за яе і адной з першых павіншавала. Займеўшы ж зборнік з вельмі цёплым дарэнчым надпісам, прачытала цягам некалькіх гадзін.
Адразу зазначу: я не літаратурны крытык. Маё меркаванне – яно толькі маё. Але… падмацаванае багатым вопытам чытача з адпаведным чытацкім стажам у 45 гадоў. І цяпер я разумею, чаму пасля прачытання ў свой час п’есаў нашага слыннага драматурга Аляксея Дударава (з якім, да слова, мы нарадзіліся ў адзін дзень) больш нічога асабліва не запала ў душу. Бо жыла чаканнем чагосьці такога ж адмысловага. І дачакалася!
Гэтаму спрыяе нават прадмова:
Існуе меркаванне, што пісьменнікі сваімі творамі мадэлююць будучыню. І гаворка тут не толькі пра Верна, Оруэла ці Бранера – любы таленавіты аўтар стварае ўласны свет, які пэўным чынам уплывае на рэчаіснасць. Як п’есы Таццяны Сівец, напісаныя цягам апошніх пятнаццаці гадоў, паўплывалі на дзень сённяшні? Чытайце – ды самі пабачыце. І будзем спадзявацца, што заўтра сапраўды будзе сонца…»
Калі хтосьці кажа, што п’есы немагчыма чытаць, бо ўвесь час увага адцягваецца на дзейсных асобаў і гэта раздражняе… Нічога такога не заўважыла. Іншыя кажуць, што для лепшага разумення ўяўляюць падчас чытання спектакль на сцэне. І гэтага не адчула. За выключэннем аднаго моманту, пра які напішу крыху пазней.
Кнігу п’ес Таццяны Сівец «Заўтра будзе сонца!» асабіста я чытала як звычайны зборнік аповесцяў ці апавяданняў. Мастацкую літаратуру ў яе звыклым фармаце. І п’есы тут сабраныя для рознага ўзросту: для дарослых, дзяцей, падлеткаў.
Пачынаецца зборнік п’есай «Амазонкі».
Не ведаю аўтарскай ідэі і задумы, але чамусьці ўпэўненая, што сюжэт узяты з нашага жыцця, у якім ужо столькі дзесяцігоддзяў упэўнена валадарыць анкалогія. Хвароба, назву якой мы часцяком сапраўды не можам прымусіць сябе вымавіць услых. Пра якую кажам шэптам. І да апошняга хаваем… Бо стаўленне да хворых на анкалогію ў нашым грамадстве ўсё яшчэ… Не такое, словам, стаўленне, якім быць павінна.
Тое, што адбываецца ў «Амазонках», без перабольшання, адбываецца ў сучасным жыцці з многімі і многімі жанчынамі, у многіх сем’ях. Калі дыягназ – як прысуд. Калі не трэба болей дасягненняў на працы, кар’ернага росту… Толькі падтрымка блізкіх, сяброў, калег, знаёмых…
А блізкія не вытрымліваюць. А каханыя здраджваюць. І адбываецца гэта яшчэ да нябачнай мяжы, якая дзеліць жыццё жанчыны на «да» і «пасля», альбо ўжо за ёю, той мяжой. І добра, калі знаходзіцца хтосьці – сяброўка, знаёмая, каляжанка, якая можа падтрымаць. Пабыць побач. Проста пагаварыць…
І, уласна кажучы, гэта тое, што на дадзены момант патрэбна хворым на анкалогію. Каб супакоіць іх велізарны страх, які засланяе сабою ўсё. Але ці многія з нас здольныя на такую падтрымку??? Чытаем у «Амазонках». І пазнаем у асобных героях сябе…
Настроіўшыся на далейшыя перажыванні, перагортваю старонку і… Быццам сапраўды трапляю ў ласкавыя абдымкі сонейка! Вось гэта кантрасты!
Далей нас чакаюць дзве мілыя п’есы для дзетак «Брык і Шуся шукаюць лета» і «Куды прапала малпа Маня?». Цікавыя, цёплыя, пазнавальныя, кранальныя… Пра сяброўства і справядлівасць, праўдзівасць і падман, пачуццё ўласнай годнасці, учынкі добрыя і не вельмі… Думаецца, дзеткі будуць у захапленні!
Ніякіх суперсучасных монстраў, стралялак ды іншых адзнак нашага шалёнага часу! Якімі, на жаль, цікавяцца ў большасці сваёй сучасныя дзеці. Асабіста ў мяне такое ўражанне, што я вярнулася ў дзяцінства. І са мной зноўку добрыя героі з дзіцячай вечаровай перадачы – Хруша, Філя, Сцяпашка…
Хаця ў п’есах Таццяны Сівец зусім іншыя героі – Брык, Шуся, Чэсь (чарнахвосты лугавы сабачка)… І – цалкам знаёмыя ды зразумелыя Лама, Козачка, Бусел, Воўк, вавёрка Варка… Варона, Сабака, Чорная Котка ды іншыя…
Дабрыня, якой так не стае ўсім, а асабліва – дзецям, здаецца, так і струменіцца з кніжных старонак. І ведаеце што?! Дарослым таксама пачытаць не зашкодзіць. Для сябе.
А далей… Далей нас чакае п’еса з загадкавай назвай КМЧ. Праўда, расшыфроўка знаходзіцца тут жа – Курсы маладых чараўнікоў. Вось дзе чараўніцтва дык чараўніцтва! І ў самой дзеі, і ў імёнах казачных герояў. Вы толькі ўчытайцеся: Жалгіун-Каралюс, Варлівока, Нактыр, Кляскун… Калі Кот, дык Варгін… Калі Заяц, дык Драўляны. А як Воўк, дык Жалезны!
А тэма якая патрэбная! Стасункі паміж падлеткамі і іх бацькамі. Вечная праблема бацькоў і дзяцей у адмысловым прачытанні – праз казачна-фантастычныя дзеянні.
А вось насамрэч… Прапануйце свайму сыну ці дачцэ ўявіць, што б адбылося, калі б вы, тата і мама, раптам не проста ўспомнілі сябе падлеткамі, а імі… сталі! Па праўдзе! Можна нават разыграць такую сцэнку. Ведаеце, даволі цікава можа атрымацца. І вельмі павучальна, але… ненавязліва. А вось калі вашыя дзеці яшчэ і п’есу Таццяны Сівец «КМЧ» самі прачытаюць… Я б яе прапанавала нават для пастаноўкі ў самадзейных школьных тэатрах!
Наступная п’еса – «Не расказвай мне казкі!» – скарыла мяне ўжо нават пасля знаёмства з дзейснымі асобамі. Бо сярод іх – бабуля Малання (вясковая «вядзьмарка», якая ведае травы і дапамагае людзям) і Лазнік (па ўяўленнях нашых продкаў – дух, які жыве ў лазні). Беларуская аснова! Звяртанне да мінулага і паяднанне яго з сучаснасцю!
Таксама карысна прачытаць як падлеткам (ну так ужо добра выпісаныя аўтарам героі!), так і дарослым. Ці здольныя падлеткі на сапраўдныя ўчынкі? У рэальным жыцці, а не ў віртуальным? Кагосьці засланіць сабою ў пагрозлівай сітуацыі, ведаючы, што чалавечае жыццё сапраўды адно. І гэта не гульня ў тэлефоне, калі націскам адной кнопкі можна падараваць герою новае.
І што жыццё часцяком – гэта зусім не гульня. І што мабільны тэлефон, смартфон – не гарантыя дапамогі ў любой сітуацыі. А спадзявацца варта на свае лепшыя чалавечыя якасці, на тыя ж прыстойнасць, годнасць, адказнасць, пачуццё сяброўства, якія цаніліся і цэняцца ва ўсе часы…
І вось у такім задумлівым настроі мы падыходзім да п’есы «Шафа», якую Таццяна Сівец прысвяціла светлай памяці А.В.Вольскага. І гэта – зварот да падзей 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Да часоў сталінскіх рэпрэсій. Калі дарослых забіралі ў лагеры альбо расстрэльвалі, а дзяцей змяшчалі ў дзіцячыя дамы. І на памяць адразу прыйшла кніга Аляксея Рыбакова «Дзеці Арбата»…
Ну што тут сказаць? Праўдзіва. Сумна. Месцамі – страшна. Не зусім фантастычна. Хутчэй – цалкам рэальна, нягледзячы на асобныя казачныя элементы. Так сапраўды было…
І вось тут напрыканцы ўпершыню з пачатку чытання гэтага зборніка я раптам «убачыла» сцэну! І адбылося гэта на прачытанні апісання дзеянняў: «Перад усімі апускаюцца дзверы шафы. Праз іх выходзяць Адам, Зоська, Янка і ўсе Бацькі». Я гэта ўбачыла! І вельмі яскрава! А значыць, п’есе на сцэне сапраўды быць! Хаця я і не празорца… Па напале жарсцяў, відаць, мацней за «Амазонак»… Асабіста для мяне.
І, нарэшце, натуральнае заканчэнне – «Заўтра будзе сонца!» – радыё-п’еса паводле славацкай народнай казкі «У гасцях у сонейка». І зноўку ўспаміны дзяцінства. Ці тое казку я ў перакладзе чытала, ці тое мульцік глядзела… Але памятаю сюжэт, дзе Сонейка, якое заспала, прыбіраюць, умываюць, расчэсваюць…
Кранула не толькі гэта, а зноўку тая неверагодная дабрыня, якая, здаецца, сыходзіць на чытача проста са старонак кнігі. Тут задаволеныя будуць і аматары фантастыкі, бо на пачатку п’есы з’яўляецца машына часу.
Кранае, што дзеці ў будучыні замест «найноўшых дасягненняў у галактыказнаўстве» хочуць паслухаць казку. Звычайную добрую казку! Якую чулі шмат разоў і ўжо самі вывучылі на памяць…
І зноўку для сябе заўважаю своеасаблівую «пераклічку» з Аляксеем Дударавым. Памятаеце, у яго экранізацыі, у «Белых росах», герой Усевалада Санаева звяртаецца з кранальным маналогам да сонца? І чытаем у Таццяны Сівец у заключных радках п’есы: «… Але гэта заўтра. Калі прачнецца сонейка. Бачыш, як нам пашанцавала? Варта толькі расплюшчыць вочы – і яно тут, над нашай зямлёй! Усміхніся яму – яно заблішчыць ярчэй».
Вось такі рознапланавы зборнік п’ес атрымаўся ў Таццяны Сівец. Цікава, а як гэта? Ісці да сваёй мары (выдання кнігі) 15 гадоў? Чаму менавіта п’есы? І што значыць асабіста для Таццяны Мікалаеўны сяброўства, якое абавязкова з’яўляецца, бы асобны (нябачны!) галоўны герой, практычна ў кожнай п’есе? Аб гэтым мы абавязкова пагутарым з аўтарам. Сачыце за публікацыямі!
Фота аўтара, з архіва Таццяны Сівец і адкрытых інтэрнэт-крыніц
Жыць у згодзе з самім сабой… Атрымліваць задавальненне ад добрых спраў, любімых заняткаў… Прымаць каханага чалавека такім, які ён ёсць, і не напружвацца з-за праяўлення ім не самых лепшых якасцяў… Спіс можна працягваць бясконца. І ўсё гэта ў пэўным сэнсе будуць пошукі гармоніі. У наш хуткаплынны няпросты час над такімі высокімі матэрыямі часцяком ужо нават не задумваешся – выжыць бы хоць як. А дарэмна. Прапаную паразважаць пра гэта сёння, у Сусветны дзень гармоніі.
Так, гэта чарговае неафіцыйнае свята. Як бы каго гэтае слова не раздражняла. Вядома ж, яго не святкуюць за накрытым сталом з чаркай у руцэ. Але калі мы хаця б на некалькі хвілін спынімся і проста пабудзем у спакоі ў тым зачараваным коле, па якім вавёркамі імчым без перапынку ўжо шмат гадоў, дзень пры дні… Хто ведае… Магчыма, і ў Сусвеце паболее гармоніі ад нашых спакойных думак і ўсведамлення таго, што калі мы штосьці не можам змяніць, дык варта змяніць да гэтага адносіны.
Наконт апошняга… Розумам я гэта прымаю. Магу параіць іншым. А вось самой прымяніць на практыцы… Атрымлівалася ўсяго лічаныя разы. І, на жаль, пачуццё дысгармоніі ўсё часцей прысутнічае ў душы. І над гэтым нават не задумваешся, а проста жывеш. Ці існуеш. Як у каго атрымліваецца.
Дык што ж гэта за таямнічая гармонія, якую мы, часцяком несвядома, стараемся дагнаць, ухапіць за хвост, як чароўную Жар-птушку, затрымаць у душы? У пэўным сэнсе, гэта баланс паміж нашым унутраным станам і тым, што адбываецца вакол. Разумею, што гаварыць пра гэта сёння асабліва не выпадае… І ўсё ж…
Давайце паспрабуем апісаць стан гармоніі як задаволенасць. Тым, што атрымалася калі і не перамагчы хваробу, дык адчуць сябе значна лепей. Задаволенасць добра напісаным матэрыялам у журналіста, радасцю ад магчымасці бачыць сваю творчасць надрукаванай, апублікаванай, а галоўнае – запатрабаванай. Задаволенасць ад знаёмства з блізкім па духу чалавекам і ад сяброўскіх стасунках з ім… І тут прыклады будуць у кожнага свае.
Вядома ж, ідэальна, прыняўшы позу лотаса, перамясціцца духам у свет вышэйшых матэрый, паспрабаваць вызваліць сваю свядомасць ад усяго негатыўнага і дасягнуць стану душэўнай раўнавагі, гармоніі. Але не ўсім дадзена авалодаць такім практыкаваннем. А вось расслабіцца пад музыку-рэлакс… Чаму б і не?
І нават калі вы не адчуеце, што якімісьці сваімі дзеяннямі дасягнулі стану гармоніі, дык зробіце вялікі крок наперад ужо імкненнем да яе дасягнення. Калі захочаце стаць лепшымі, больш добрымі, міласэрнымі… Паспачуваеце шчыра камусьці, зробіце дабрадзейны ўчынак, няхай самы невялічкі…
Проста трэба ў гэтай шалёнай кругаверці навучыцца спыняцца, заміраць хаця б на колькі хвілін, каб паслухаць сябе. Так, на жаль, часцяком мы не можам паўплываць на тое, што адбываецца вакол нас. І не можам прыняць. Але так мы саміх сябе заганяем яшчэ глыбей у самотны стан, ад якога і да дэпрэсіі недалёка. Ведаю гэта па сабе, сваіх блізкіх, сябрах…
Для высвятлення прычынаў дысгармоніі, незадаволенасці сабой спецыялісты раяць ацаніць уласны стан у розных аспектах па шкале ад 1 да 10. Духоўныя запатрабаванні, матэрыяльная сфера… Самаадчуванне, стасункі з блізкімі, адносіны ў пары, праца… Прааналізаваць можна ўсё. Каб пасля зрабіць адпаведныя высновы, чым варта заняцца ў першую чаргу, што змяніць.
Вы можаце запытацца: а навошта мне гэта? Уся гэтая філасофія? Калі я і без яе нядрэнна жыву… Нядрэнна? Значыць, у пэўнай (калі і не ў поўнай) гармоніі? Дык гэта ж выдатна! Значыць, сёння Сусветны дзень гармоніі вы адзначаеце з поўным правам, як уласнае свята! А вось калі не… Як кажуць, чытайце вышэй.
І – не бойцеся рабіць памылкі! На іх сапраўды вучацца. Так, кажуць, што лепей на чужых. Але пакуль уласныя граблі не ляснулі па ілбе… Гармоніі вам, шаноўныя сябры! Згоды са сваім унутраным «я» і з колам блізкіх людзей!
One fine body…