28.04.2021
28.04.2021

А вы хацелі б… у космас… як турыст?! :)

logo
Думкі ўслых
0 019
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Касмічная тэма, як я ўжо зазначала, па-ранейшаму руліць, паколькі зараз на МКС працуе наш зямляк, ураджэнец г.Чэрвеня Алег Навіцкі, чыёй аднакласніцай я маю гонар з’яўляцца. І яшчэ адна добрая нагода паразважаць пра космас сёння ёсць, бо 28 красавіка – Дзень касмічнага турыста. А вы хацелі б… у космас… як турыст?! 🙂

Космас. Касмічны турыст.

Я, магчыма, і хацела б. Пайсці ў заклад і на «слабО»… Але роўна да таго часу, як пачала пісаць пра падрыхтоўку Алега да першага касмічнага палёту. Калі б я яшчэ і думала пра касмічны турызм, дык пасля гэтага жаданне ў мяне дакладна знікла. Бо я, па шчырасці, да гэтага часу не разумею… Як?! Як можна настолькі фізічна і маральна падрыхтавацца? Не мець ніякіх праблемаў са здароўем?

А трымаць усё ў галаве??? Ва ўсім разбірацца? Умець прыняць самастойнае рашэнне за долі секунды? Зразумела ж, гэта тычыцца, так бы мовіць, прафесійных касманаўтаў. Але і турысту трэба мець выключнае здароўе і адпаведную падрыхтоўку.

Дарэчы, а вы ведаеце, чаму менавіта 28 красавіка назвалі Днём касмічнага турыста (альбо турызму)? Правільна! Сёння роўна 20 гадоў, як у космас накіраваўся амерыканскі бізнесмэн італьянскага паходжання Дэніс Ціта. Ага, турыстам! 🙂 А яго турыстычным «транспартам» стаў расійскі касмічны карабель «Саюз ТМА-32».

Космас. Касмічны турыст Дэніс Ціта.

Уражвае і сума, якую ён заплаціў. 20 мільёнаў даляраў ЗША! Не, не проста ўражвае. Не ўяўляецца. Зусім. Ніяк. Эх, было б у мяне вольных 20 мільёнаў… J І няхай нават рублёў… 🙂 Смяюся!

А ўзрост?! На той час патэнцыяльнаму касмічнаму турысту споўнілася ўжо… 60 гадоў! У 60 гадоў мець здароўе касманаўта?! Неверагодна! Што ўжо казаць пра такі падарунак самому сабе ў юбілейны год…

Зрэшты, Дэніс Ціта не быў чужым у сферы касманаўтыкі. Ступень бакалаўра касманаўтыкі і аэранаўтыкі ў Нью-Ёркскім універсітэце (1962 год). Праца ў якасці аэракасмічнага інжынера ў Лабараторыі рэактыўнага руху Нацыянальнага ўпраўлення па аэранаўтыцы і даследаванні космасу (NАSА). Планаване і кантраляванне місіі на Марс «Марынэр-4» і «Марынэр-9». І толькі дзівішся зараз, чаму не на Марс ён вырашыў адразу замахнуцца… 🙂

Космас. Касмічны турыст Дэніс Ціта на МКС.

А колькі перашкодаў давялося яму пераадолець! Каму цікава, у сеціве можна знайсці шмат інфармацыі пра той палёт. Няпросты быў турыст касмічны, ой, няпросты! 🙂 Але, як кажуць, рэспект яму і ўважуха! Змог!

А я, у чарговы раз дакранаючыся да космасу хаця б віртуальна, зноўку прыгадваю шматлікія аповеды Алега Навіцкага аб падрыхтоўцы да свайго першага касмічнага палёту і знаходжанні на МКС. Напрыклад, год 2012-ы… Гутарылі шмат пра што, і крыху пра здароўе – таксама.

Алег, а як праходзіць дзень касманаўта-выпрабавальніка?

Даволі руцінна. Гадзін у сем ужо на нагах, хаця заняткі ў нас з дзевяці. Я звычайна прыходжу туды крыху раней, каб пагартаць дакументы, узнавіць неабходныя паняцці, веды, бо яны даволі аб’ёмныя зараз. Заняткі праходзяць да шасці вечара, з гадзінным перапынкам на абед. У асноўным, адна карабельная трэніроўка доўжыцца чатыры гадзіны, заняткі – двойчы па дзве гадзіны…

Космас. Касманаўт Алег Навіцкі падчас падрыхтоўкі да палёту.

Цяпер лётнай падрыхтоўкі ўжо няма, з парашутам, як у 2008-ым, не скачаш?

Не.

І не сумуеш па экстрыме?

Па шчырасці, хацелася б і паскакаць, і палётаць. Палётаць, мусіць, у большай ступені, бо гэта бяспечней. А вось скачкі адназначна прыпыненыя. Бо маленькая траўма – і можна вылецець з абоймы надоўга…

Памятаю, колькі часу таму цябе чакала аперацыя на калене. Як узнавіўся?

Усё выдатна. Калена як новае. Адзінае, што зараз не гуляю ў футбол – па той жа прычыне…

Калі ўжо загаварылі пра здароўе… Часта кажуць: «Ціск – як у касманаўта, пульс – як у касманаўта». Гэта якія паказчыкі?

У мяне нармальны ціск – 110-115 на 65-70, пульс – 65-68 удараў у хвіліну. У кожнага існуюць пэўныя фізіялагічныя асаблівасці арганізму. Але ёсць мяжа. Напрыклад, на выпрабаваннях па фізпадрыхтоўцы верхні ціск не павінен выходзіць за 210. Звычайна ў мяне ўзнімаецца да 160-180, рэдка калі пад 200. Нармальна. Чым большая розніца паміж верхнім краем і ніжнім, тым большы сардэчны патэнцыял…

Космас. Касманаўт Алег Навіцкі на МКС.

А колькі падчас тваіх цяперашніх заняткаў тэорыі, колькі практыкі?

Зараз, на этапе падрыхтоўкі экіпажа, у асноўным, ідзе практыка. Асновы ўжо вывучаныя на этапе агульнакасмічнай падрыхтоўкі. Пасля гэтага мы працавалі ў групах, дзе даволі глыбока вывучалі сістэмы і таксама здавалі іспыты. Таму зараз, у асноўным, – практычнае прымяненне ведаў. У нас ёсць поўнапамерны макет нашага расійскага сегмента, два модулі, зараз збіраюць яшчэ два малыя доследныя модулі, стыковачны адсек цалкам, тры макеты карабля…

Яно ўсё натуральнае?

Абсалютна натуральнае. Адпрацоўваюцца ўсе этапы – ад вывядзення на арбіту да спуску. Стыкоўкі, перастыкоўкі і, адпаведна, усе няштатныя сітуацыі, якія могуць здарыцца: пажар, разгерметызацыя… Створаная атмасфера набліжаная да рэальнай максімальна.

У макетах карабля, станцыі ўзноўленае ўсё абсталяванне, яно працуе. Прычым калі ў караблі, скажам,  пажар, дык рэальна ідзе дым. Можа, толькі не такі гарэлы, а густая пара. Гэтак жа апранаецца процівагаз. Не так даўно мы ездзілі ў арганізацыю «Звязда», якая робіць модулі.

Космас. Касманаўт Алег Навіцкі.

Там ёсць макет двух нашых, састыкаваных, дзе рэальна падае ціск. І мы працуем па ліквідацыі, скажам, прабоіны ў адсеку, яго ізаляцыі, ушчыльную да эвакуацыі ў карабель.

Значыць, на арбіце вы фактычна не павінны адчуць, што вы там, апрача «карцінкі» ў ілюмінатары?

Так. Бязважкасць, зорнае неба ў ілюмінатарах ды іншы графік працы…

А ўсё ж… Ці хацелі б вы, шаноўныя сябры, стаць касмічнымі турыстамі?! 🙂

Фота ўзятыя з з сайта Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаўРаскосмасу, адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 19

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.