8 студзеня
08.01.2021

400 удараў у хвіліну, альбо З Днём камп’ютарнага набору!

logo
Думкі ўслых
0 0 32
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У кагосьці сёння працягваюцца навагоднія святы, а хтосьці ў сілу вытворчай неабходнасці на працы… Але і тыя, хто працуе, і тыя, хто адпачывае, могуць сёння адзначыць цікавыя неафіцыйныя святы, і таксама рознымі спосабамі! Значыць, сёння ў нас: Дзень камп’ютарнага набору, Дзень ванны з пенай, Дзень кручэння Зямлі, Дзень абароны скуры ўзімку… Выбірайма, што даспадобы! 🙂 А ў мяне, зразумела ж, хапае думак і асацыяцый для кожнага Дня…

Дзень камп'ютарнага набору. Дзень ванны з пенай.

І прыгадваючы пра камп’ютарны набор, я традыцыйна распавядаю пра свой прыход у рэдакцыю раёнкі 6-га лютага 2001-га года ў якасці журналіста. І на той момант, апрача камп’ютара для вёрсткі, быў толькі маленькі для набору. Адзін на ўсіх. І працавала за ім адпаведна аператар набору Ірына Калмакова. А журналісты альбо дыктавалі ёй тэксты, альбо яна набірала з напісанага.

І гэта ж трэба, каб той маленькі камп’ютарчык з маленькім маніторчыкам, чорна-белы, гэтак захаваўся ў памяці. Мабыць, таму, што затым яго перадалі мне. І менавіта на ім я пачала асвойваць самастойны набор.

Затым быў камп’ютар трохі лепшы, але таксама не новы. Бо па даўнейшай завядзёнцы, камусьці, больш значнаму, набывалі новы, а былы ва ўжытку перадавалі наступнаму. І толькі праз некалькі гадоў мне якімсьці цудам дастаўся зусім новы камп’ютар! І да таго часу я ўжо змагла набыць свой.

Дзень камп'ютарнага набору. Успаміны пра свой першы камп'ютар.

І вось тут з наборам я развярнулася! 🙂 Паколькі пісала заўсёды шмат матэрыялаў. Калі ж па прапанове тагачаснага рэдактара Аляксандра Бушэнкі распачала праект «Куточак Чэрвеньшчыны», вось тут і спатрэбілася развіваць хуткасць набору.

Як?! Ды пастаяннымі, так бы мовіць, трэніроўкамі, сябры! Выключна трэніроўкамі! У гэтым праекце мы разам з фотакарэспандэнтам Эмай Мікульскай распавядалі пра аддаленыя вёсачкі Чэрвеньшчыны і іх жыхароў. Пра кожную атрымліваўся мастацкі аповед вялікага аб’ёму, таму друкаваўся ён з працягам у некалькіх нумарах газеты.

А рэдактар хацеў адразу бачыць увесь матэрыял. На той час я спачатку, як і ўсе мы, пісала яго на паперы. А затым, давёўшы да ладу, садзілася набіраць. У сярэднім – 20 старонак. За некалькі гадзін. 🙂 Таму той, хто зараз назірае, як я штосьці набіраю, заўсёды дужа дзівіцца з хуткасці. Неблагі, скажу я вам, навык.

Дзень кам п'ютарнага набору. Хуткасць вітаецца.

Што ж тычыцца ўласна Дня камп’ютарнага набору, дык упершыню яго адзначылі ў Малайзіі 10 гадоў таму, у 2011-ым, у гонар Малазійскага конкурсу па хуткасным наборы тэксту. Дык вось вопытны карыстальнік звычайна робіць на клавіятуры камп’ютара альбо ноўта 200-400 удараў у хвіліну! І гэта толькі сярэдняя хуткасць! У некаторых яна вышэйшая…

І вось так сядзім мы сёння за сталом, на канапе, на падлозе… Хто дзе прывык… Набіраем-набіраем-набіраем… І адчуваем, што Зямля паціху круціцца… І здаецца, што апошнім часам не так ужо і паціху, а даволі адчувальна. Мяркуючы па тым, як пралятаюць дні… І прыгадваем пра маятнік Фуко.

А гэты самы Жан Фуко менавіта 8-га студзеня 1851 года (170 гадоў таму) атрымаў доказ, што Зямля круціцца, ставячы вопыты з апаратам, сканструяваным уласнаручна. Таму сёння і адзначаецца Дзень кручэння Зямлі.

Дзень камп'ютарнага набору. Дзень кручэння Зямлі. Маятнік Фуко.

Будзем спадзявацца, што яно не настолькі хуткае, каб з ванны выплюхнулася вада з пенай?! Жартую, вядома ж! А пасля працоўнага дня так прыемна даць туды нырца, праўда? Улічваючы, што і нагода добрая, бо сёння адзначаецца Дзень ванны з пенай.

Памятаю, што ў маім дзяцінстве асаблівай разнастайнасці мыйных сродкаў не было. Набывалі ў аптэцы хвойны экстракт для ванны. І тое ён там быў не заўсёды! Савецкі дэфіцыт! Памятаеце такое?! Затое калі атрымалася набыць…

Я вельмі любіла падстаўляць каўпачок з налітым туды экстрактам пад струмень вады. І атрымлівалася такая цудоўная пена з хвойным водарам! М-м-м-м-м-м! Зараз такі выбар сродкаў і пахаў… Але той, дзіцячы, беражліва захоўваецца ў памяці.

Калі хочаце расслабіцца ў ванне з пенай увечары, выбірайце сродкі з экстрактам рамонку, ліпы, эфірным маслам лаванды, какавы… Рэла-а-а-а-кс! 🙂

Дзень камп'ютарнага набору. Дзень ванны з пенай.

І яшчэ лежачы ў ванне, узгадваем пра сённяшні ж Дзень абароны скуры ўзімку. І клапоцімся пра сябе, любімых! Тым больш, што ў большасці з нас усё ж наперадзе субота і нядзеля – дні непрацоўныя. Так што ў пятніцу ўвечары можна і расслабіцца… І на сябе вольны час патраціць. З карысцю.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 32

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.