19.01.2022
19.01.2022

5 галоўных правілаў для павышэння дзіцячага імунітэту

logo
Здароўе дзяцей
2 331
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Для любой мамы хвароба дзіцяці – сапраўдная бяда. Калі любімы вечны рухавік ператвараецца ў млявую ціхоню, якую не цікавяць ні цацкі, ні прысмакі, ні нават мульцікі, гэта заўсёды цяжка. Але, на жаль, дзяцінства без насмарку, кашлю і тэмпературы не бывае.

Імунітэт. Не бывае дзяцей без хваробаў.

Дзіцячы арганізм мае шэраг асаблівасцяў, з-за якіх схільны да высокай рызыкі захворвання. Гэта так званыя крытычныя перыяды развіцця, калі ўзровень абмену рэчываў, скіраваны на забеспячэнне інтэнсіўнага росту і вагі дзіцяці, узрастае і прыводзіць да памяншэння рэзерваў абароны, альбо, прасцей кажучы, зніжэння імунітэту. Перыяды інтэнсіўнага росту дзіцяці, як правіла, прыпадаюць на ўзрост з 4 да 6 гадоў, з 11 да 12 гадоў і з 16 да 17 гадоў. У гэтыя перыяды дзеці могуць хварэць часцей.

Аднак павысіць імунітэт дзіцяці і навучыць дзіцячы арганізм супрацьстаяць розным вірусам ды інфекцыям цалкам здольная кожная маці.

Варта выконваць 5 простых правілаў, каб дамагчыся жаданага. Пры гэтым важна выканаць дзве ўмовы. Максімальны эфект гарантаваны, калі:

  1. Усе правілы выконваюцца адначасова, што дае базісную ўстаноўку для фарміравання правільнага ладу жыцця ў далейшым.
  2. Набрацца цярпення. Павышэнне імунітэту – праца доўгая і планамерная. Але вынік не расчаруе: дзіця будзе хварэць радзей, а калі што здарыцца, лягчэй перанясе недамаганне.

Лідзія Матуш

Лідзія Матуш, кандыдат медыцынскiх навук, дацэнт кафедры дзіцячых інфекцыйных хваробаў БДМУ:
– Прынцыпова важна пачынаць клапаціцца пра здароўе дзіцяці яшчэ на стадыі планавання. Стрэс, няправільнае харчаванне, недахоп вітамінаў, маларухомы лад жыцця, шкодныя звычкі і нават інфекцыі, якія мама перанесла падчас цяжарнасці, не лепшым чынам адаб'юцца на імунітэце яе дзіцяці. Так што, перш чым рыхтавацца да ўсвядомленага бацькоўства, ёсць сэнс перагледзець асноўныя моманты свайго жыцця, здаць аналізы на інфекцыі і прайсці курс лячэння, калі гэта неабходна.

Імунітэт дзіцяці фарміруецца ў сярэднім да 6-гадовага ўзросту, перш чым дасягне ўзроўню імуннай сістэмы дарослага чалавека. У раннім узросце – да 3-4 месяцаў – дзеці, як правіла, хварэюць рэдка: іх імунітэт ад уздзеяння знешніх інфекцый яшчэ абараняюць антыцелы мамы. Паступова іх колькасць зніжаецца, і арганізм дзіцяці пачынае выпрацоўваць уласныя антыцелы.

Кажучы простай мовай, здольнасць гэтых антыцелаў распазнаць і абясшкодзіць інфекцыю часцей за ўсё і абумоўлівае моц імунітэту. Павысіць супраціўляльнасць арганізма можна пры дапамозе вакцынацыі і стварэння належных умоў для жыцця і развіцця малыша.

Правіла №1. Паўнавартаснае разнастайнае харчаванне – першы крок да ўмацавання імунітэту

Па магчымасці паспрабуйце хаця б паўгода карміць дзіця грудзьмі. У гэтым выпадку пры ўсіх іншых роўных умовах імунітэт дзіцяці падтрымліваецца імунаглабулінамі (антыцеламі), якія ёсць у матчыным малацэ. Максімальна высокі імунны эфект у малозіва – самага першага густога груднога малака, якое змяшчае вялікую колькасць антыцелаў.

У далейшым важным складнікам дзіцячага меню павінны стаць кісламалочныя прадукты. У тварагу, ёгурце, кефіры, ражанцы ды іншых кісламалочных прадуктах харчавання ўтрымліваюцца прабіётыкі – лакта- і біфідабактэрыі, якія спрыяльна адбіваюцца на мікрафлоры кішэчніка, нармалізуюць працэс стрававання. Штодзённае ўжыванне кісламалочных прадуктаў станоўча ўплывае на імунную сістэму дзіцяці.

Дзіцячы імунітэт. Кісламалочныя прадукты ў меню.

А вось з цукрам, наадварот, трэба абыходзіцца асцярожна. Па меркаваннях спецыялістаў, празмернае ўжыванне цукру на 40% зніжае здольнасць арганізма змагацца з вірусамі і мікробамі. І размова не толькі пра цукеркі, шакалад альбо цукар у чыстым выглядзе. Яго больш чым дастаткова ў, здавалася б, бяскрыўдных соках і тых самых ёгуртах з дадаткамі. Таму, купляючы прадукты для дзіцячага харчавання, старанна вывучайце склад і аддавайце перавагу тым, у якіх утрыманне цукру мінімальнае альбо яго зусім няма. Чаго ўвогуле не павінна быць у рацыёне дзіцяці, асабліва са слабым імунітэтам, дык гэта чыпсаў, газіраваных напояў і любога фастфуду.

Карысныя прадукты для дзяцей

Адметнае месца ў рацыёне дзіцяці – агародніна і садавіна. Яны карысныя ў любым выглядзе, але ў сырым – асабліва. Пры гэтым не варта ганяцца за заморскімі прысмакамі, каб разнастаіць меню дзіцяці. Наадварот, дзецям да 3-х гадоў у прынцыпе не рэкамендуецца даваць экзатычныя агародніну, садавіну і ягады. Манга, авакада, памела, ківі, ананасы, папаю, цытрусавыя і нават бананы лепей адкласці на час, ды і пасля ўводзіць у меню паступова і асцярожна. Экзоты могуць быць не толькі цяжкімі для страўніка дзіцяці, але і выклікаць алергічную рэакцыю. Так што лепей звесці рызыку да мінімуму і зрабіць стаўку на мясцовае.

Калі малыш не выказвае асаблівай прыхільнасці да агародніны і садавіны, праявіце фантазію: настругайце з морквы, агуркоў, буракоў пацешных фігурак, накруціце з капусты і лісця салаты кветак. Зрабіце ўжыванне агародніны не толькі карысным, але і займальным заняткам. Паверце, вынік не прымусіць сябе чакаць: вітаміны і мінералы прыкметна ўмацуюць імунітэт вашага дзіцяці.

Дзіцячы імунітэт. Карысная капуста.

Правіла №2. Здаровы сон павышае супраціўляльнасць арганізма

Ці ведаеце вы, што такое змучанае дзіця? Плач, перапады настрою, раздражняльнасць – тое, што ляжыць на паверхні. Калі зірнуць глыбей, высветліцца, што недахоп сну адбіваецца не толькі на псіхічным камфорце дзіцяці, але і на яго здароўі ў цэлым. Дзеці, якія рэгулярна не высыпаюцца, больш адчувальныя да інфекцый. Каб пачувацца добра, немаўлятам і дзецям да 6 месяцаў сумарна неабходна да 18 гадзін паўнавартаснага сну ў суткі, малышам да 1,5 года – 12-13 гадзін, дзецям ад 2 да 7 гадоў – не меней за 10-11 гадзін.

Безумоўна, усе дзеці розныя: у адных ужо да 8-й вечара сілы на зыходзе, а некаторых і апоўначы не пакласці. Тым не менш, паспрабуйце забяспечыць аптымальны рэжым дня, пры якім дзіця не будзе адчуваць недахопу сну. Класціся спаць і прачынацца раніцай варта ў адзін і той жа час. Правільны рэжым дня можа значна ўмацаваць імунную сістэму дзіцяці.

Лідзія Матуш:
– Бацькі часта выпускаюць з-пад увагі адзін важны момант: падрыхтоўку да дзіцячага садка. Рэжым у гэтым сэнсе мае ледзь не першаснае значэнне. Мяркуйце самі: пакуль мама ў адпачынку па доглядзе за малым, яна з найлепшых памкненняў можа дазволіць яму спаць даўжэй: да 9-10 гадзін раніцы. Ажно да таго самага дня, калі надыходзіць час ёй ісці на працу, а дзіцяці – у садок.

Дзіцячы імунітэт. Дзіця не хоча раніцай уставаць у садок.

Цяпер будзільнік для ўсіх гучыць а 7-й, а часам і раней. Стрэс? Вядома, стрэс. Такія змены звыклага ладу жыцця ў тым ліку могуць адбіцца на зніжэнні імунітэту дзіцяці. Акрамя паўнавартаснага сну з вызначаным графікам аптымальны для ўмацавання імунітэту рэжым дня прадугледжвае таксама прагулкі на свежым паветры. Прычым у любое надвор'е. Не менш чым 2-3 гадзіны!

Адзінае выключэнне – дзеці да 10 месяцаў-1 года. Іх можна не весці на шпацыр, калі тэмпература паветра ніжэй за 15 градусаў і ветрана. Але нават у гэтым выпадку ёсць варыянт: дзённы сон у калясцы на балконе, напрыклад.

Дзіцячы імунітэт. Адна з умоў –– добры сон.

Правіла №3. Халодная вада – сябар імунітэту

Абліванне

Калі ад нараджэння загартоўваць дзіця, яго імунітэт будзе значна вышэйшым. Пры спавіванні альбо змене падгузніка не бойцеся патрымаць нованароджанага колькі хвілін без нічога. Паступова павялічвайце час прыняцця паветраных ваннаў, давёўшы праз паўгода да 30 хвілін на дзень. Калі дзіця падрасце, можна пераходзіць да больш смелых працэдураў, напрыклад, кантраснага душу. Яго эфектыўнасць – у розніцы тэмпературы вады. Менавіта кантраст загартоўвае і спрыяльна ўплывае на ўдасканаленне імуннай сістэмы, павышае супраціўляльнасць арганізма. Пачынаць загартоўваць дзіця, нягледзячы на тое, слабы ў яго імунітэт ці моцны, варта з невялікіх перападаў тэмпературы, паліваючы толькі ступні малога. Працягласць кантраснага душу – 2-3 хвіліны.

Лідзія Матуш:
– Загартоўванне не азначае экстрэмальнасці. Аднолькава небяспечна акунаць немаўля ў палонку альбо захінаць ад любога ветрыку. Галоўнае ў загартоўванні – паступовасць і рэгулярнасць. І паветраныя ванны, і абліванне халоднай вадой – усё гэта элементы загартоўвання. Не варта лічыць іх нязначнымі. У пэўным сэнсе холад – сябар імунітэту.

Прамыванне носа халоднай вадой чароўным чынам ліквідуе насмарк і павышае супраціўляльнасць арганізма да рэспіраторных інфекцый. А любімы дзіцячы ласунак – марозіва, калі есці яго пакрысе, невялікімі кавалачкамі, выдатна «трэніруе» горла. Важны элемент у загартоўванні – апрананне дзіцяці па надвор'і, без лішніх загортванняў.

Дзіцячы імунітэт. Марозіва загартоўвае горла.

Многія бацькі, напрыклад, замест таго, каб навучыць дзіця правільна дыхаць на вуліцы носам, лічаць, што ў марозны альбо ветраны дзень яго варта максімальна абмежаваць ад уздзеяння знешняй тэмпературы. Таму нават твар яму захінаюць хусткамі і шалікамі так, што толькі вочы бачныя. Гэта няправільна! Дзіця дыхае, на варсінках шаліка асядае кандэнсат. У выніку яму яшчэ больш халодна.

Нікуды не знікаюць бактэрыі і вірусы, калі размова ідзе пра такую абарону ў перыяд пад'ёму рэспіраторных інфекцый. Іх жа дзіця назад і ўдыхае. А калі мама, да таго ж, не мые шалік штодня, дык, значыць, ужо назаўтра яна ахіне твар малога рассаднікам інфекцый. Нават самы моцны імунітэт не заўжды здольны вытрымаць такі «клопат».

Правіла №4. Урокі фізкультуры для дзяцей і дарослых

Фізічна актыўныя дзеці, і гэта дакладна ўстаноўлена, хварэюць радзей за аднагодкаў, растуць больш моцнымі і дужымі. Знайдзіце дзіцяці занятак, які будзе яму даспадобы, запішыце на секцыю. Усё роўна, што гэта будзе: гульнявыя віды спорту альбо танцы, лёгкая атлетыка альбо ўсходнія адзінаборствы, плаванне альбо скачкі на батуце – галоўнае, каб у дзіцяці вочы гарэлі і яно наведвала трэніроўкі з задавальненнем. Зрабіце так, каб ранішняя гімнастыка зрабілася пастаянным пунктам у распарадку дня вашага дзіцяці. Гэта адно з базавых правілаў для падтрымання і павышэння імунітэту як у дзяцей, так і ў дарослых.

Дзіцячы імунітэт. Фізічныя нагрузкі.

Фізічная нагрузка для дзяцей

Дарэчы, нішто так не стымулюе дзіця да актыўнага і здаровага ладу жыцця, як прыклад уласных бацькоў. Хочаце, каб дзіця расло здаровым, самі пазбаўцеся ад шкодных звычак. Даказана, што ў мамы і таты, якія паляць, дзеці часцей хварэюць на бранхіты, лягчэй падхопліваюць інфекцыі і больш схільныя да захворванняў нервовай сістэмы, бо больш успрымальныя да шкоднага ўплыву пасіўнага курэння. Так што ваш уласны лад жыцця наўпрост уплывае на жыццё і здароўе вашага дзіцяці.

Лідзія Матуш:
– Не аднойчы даводзілася назіраць, як бацькі падвозяць сваіх дзяцей на асабістых аўто і ў сад, і ў школу. Зразумела, зараз і стагоддзе іншае, і рытм жыцця больш інтэнсіўны, і аўтамабіль даўно не раскоша, а неабходнасць і ў вялікім горадзе, і вёсцы. Але патрэбы чалавека ў руху, фізічнай актыўнасці пры гэтым застаюцца ранейшымі.

На жаль, часцяком мы самі пазбаўляем сябе магчымасці іх рэалізаваць. Калі бацькі скардзяцца, што дзіця наадрэз адмаўляецца па раніцах рабіць гімнастыку, увесь вольны час бавіць ля тэлевізара альбо ў планшэце, пытаюся: «А вы самі займаецеся па раніцах? Самі як бавіце свой вольны час?» І адказ, як правіла, відавочны.

У сям'і, дзе бацькі актыўныя, пасіўных дзяцей па вызначэнні быць не можа. Перш чым патрабаваць ад іх правільных ва ўсіх сэнсах паводзінаў, нялішне зірнуць на сябе збоку: дзеці – наша адлюстраванне. І прыклад, як мы, дарослыя, самі клапоцімся пра сваё здароўе, значна больш аўтарытэтны, чым тысячы правільных слоў і натацый з нашых вуснаў.

Правіла №5. Крык знішчае імунітэт

Нішто так не пагаршае здароўе дзіцяці, як стрэсы. Калі малое расце ў атмасферы пастаянных сварак і канфліктаў, яго арганізм губляе здольнасць супраціўляцца вірусам і бактэрыям. Навукова даказана, што дрэнны настрой, пачуццё крыўды ці страху зніжаюць імунітэт чалавека, а смех і радасць, наадварот, умацоўваюць здароўе.

Дзіцячы імунітэт. Добры настрой.

Для добрага імунітэту дзіцяці важна знаходзіцца ў спакойнай псіхаэмацыянальнай атмасферы дома, у дзіцячым садку ці школе. Так што паспрабуйце не высвятляць свае дарослыя праблемы пры дзіцяці, не вымяшчаць на ім свае крыўды, стомленасць і раздражненне, максімальна ахоўвайце ад негатыўных эмоцый, і яно абавязкова адорыць вас здаровай і шчаслівай усмешкай.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

2 331

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».