30 Кастрычніка
30.10.2019

Пра карысць фізічнай нагрузкі. Меркаванні экспертаў

logo
Навiны
306 047
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Незалежна ад полу і ўзросту ўсім людзям жыццёва неабходная рэгулярная фізічная актыўнасць. Сістэматычныя заняткі не толькі ўмацоўваюць мышцы, трымаюць у тонусе цела, але і дапамагаюць супрацьстаяць стрэсам. Тыя, хто рэгулярна займаецца фізічнымі практыкаваннямі, маюць добрую памяць, высокую працаздольнасць і моцны імунітэт.
Гіпадынамія з’яўляецца адным са значных фактараў рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў, нароўні з курэннем і злоўжываннем алкаголем. Недахоп фізічнай актыўнасці – адна з найбольш вострых праблем у сучасным свеце, своеасаблівы пабочны эфект тэхнічнага прагрэсу. І няхай сёння ў медыцынскім даведніку няма хваробы, якая б называлася такім тэрмінам, як гіпадынамія, разам з тым, гэты стан можа прывесці да сур’ёзных парушэнняў функцыі ўсіх органаў і сістэм чалавечага арганізма.

Пра тое, чаму гэтак важная рэгулярная фізічная актыўнасць, прычым у любым узросце, распавялі:

  • Наталля Грэкава, загадчыца лабараторыі гігіены дзяцей і падлеткаў Навукова-практычнага цэнтра гігіены;
  • Вольга Сінякова, навуковы супрацоўнік клінічнай лабараторыі прафілактычнай медыцыны Навукова-практычнага цэнтра гігіены;
  • Людміла Жылевіч, намеснік галоўнага ўрача – кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця) Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М.Машэрава.

Некалі адпачываць? Адкладзі планшэт

Як распавяла Наталля Грэкава, рэаліі такія, што большую частку часу дзеці і падлеткі праводзяць за рознымі электроннымі гаджэтамі. У якасці прыкладу яна прывяла дадзеныя праведзенага ў Навукова-практычным цэнтры гігіены даследавання. Усяго было апытана 430 чалавек – вучняў 3,7,9-х і 10-11 класаў. Вынік зусім несуцяшальны:

  • больш за трэць вучняў праседжваюць за камп’ютарамі або смартфонамі больш за 3 гадзіны ў дзень;
  • столькі ж рэспандэнтаў адзначылі, што адразу пасля школы дома яны садзяцца за электронныя прылады;
  • 70% старшакласнікаў распавялі, што ў іх няма часу гуляць, і гэта не заўсёды звязана з тым, што задаюць вялікі аб’ём хатніх заданняў.
 
Наталля Грэкава
Загадчыца лабараторыі гігіены дзяцей і падлеткаў Навукова-практычнага цэнтра гігіены
Як вынік – не хапае часу ні на прагулкі на свежым паветры, ні на заняткі рознымі фізкультурна-аздараўленчымі мерапрыемствамі. Атрымліваецца, што ў дзяцей няма перыяду ні на адпачынак для вачэй, ні для разрадкі мозгу: ад складанага ўрока яны пераходзяць да электроннай прылады, затым зноў ідуць на ўрок. Тое самае робіцца і пасля заняткаў дома. Дзеці не ідуць шпацыраваць, а праводзяць вольны час, праглядаючы розныя электронныя прылады. Разам з тым, калі рацыянальна выкарыстоўваць свой час, і гэтаму дзіця будзе навучана з дзяцінства, дык заўсёды можна знайсці магчымасць для таго, каб пагуляць і адпачыць.
sportivnaia semia

Спецыяліст упэўненая, што фарміраванне ў дзіцяці асноў здаровага ладу жыцця адбываецца перш за ўсё ў сям’і. Як бы ні старалася школа, колькі б ні развівалася сетка спартыўна-аздараўленчых устаноў, калі бацькі аддаюць перавагу баўленню часу за камп’ютарам, а не актыўнаму адпачынку, дзіця будзе рабіць тое ж самае, рэзюмавала Наталля Грэкава.

Трэба перадаць дакументы ў іншы кабінет? Устань з крэсла ды ідзі

Па словах Вольгі Сіняковай, праблема нізкай фізічнай актыўнасці актуальная перш за ўсё для офісных работнікаў. Больш за паўгода спецыялісты лабараторыі праводзілі даследаванне стану здароўя супрацоўнікаў аднаго з банкаў, а гэта амаль 640 чалавек. Вынік такі:

  • 61% сярод рэспандэнтаў мае недастатковую фізічную актыўнасць;
  • і толькі ў 3% была выяўлена высокая фізічная актыўнасць.

Згодна з крытэрыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, нізкай фізічнай актыўнасцю лічыцца менш за 30 хвілін хады ў дзень, умераная актыўнасць – хада на працягу 150 хвілін на тыдзень, высокая – бег, аэробіка або язда на ровары пад гару прыкладна 75 хвілін на тыдзень.

Дарэчы, у 77% апытаных офісных работнікаў быў парушаны баланс артэрыяльнага ціску на 4 канечнасцях. Прычына гэтаму – доўгае знаходжанне ў статычнай позе і маларухомы лад жыцця.

 
Вольга Сінякова
Навуковы супрацоўнік клінічнай лабараторыі прафілактычнай медыцыны Навукова-практычнага цэнтра гігіены
37% рэспандэнтаў мелі высокі артэрыяльны ціск, пра які яны і не ведалі. Прычым вельмі дзівіліся, што фізічная актыўнасць можа паўплываць на ўзровень артэрыяльнага ціску. Але ж вядома, што граматна падабраная фізічная нагрузка можа нармалізаваць значэнні ціску.
Эксперт распавяла таксама, што недастатковая фізічная актыўнасць аказвае ўплыў і на псіхаэмацыянальны стан чалавека.
 
Вольга Сінякова
Навуковы супрацоўнік клінічнай лабараторыі прафілактычнай медыцыны Навукова-практычнага цэнтра гігіены
У сваёй працы мы выкарыстоўваем ацэнку функцыянальнага стану арганізма з дапамогай праграмна-апаратнага комплексу, які дазваляе ацаніць адаптацыйныя магчымасці арганізма, яго резервы – функцыянальныя і энергетычныя, у тым ліку і псіхаэмацыянальны стан. І, зноў-такі, сярод нашых рэспандэнтаў мы атрымалі зніжаныя паказчыкі, як па адаптацыйных магчымасцях, так і па псіхаэмацыянальным стане.
Пачынаць можна з малога, упэўненая Вольга Сінякова. Не варта адразу бегчы ў спартзалу і ставіць перад сабой цяжкадасягальныя мэты. Трэба перадаць інфармацыю ў іншы кабінет? Не тэлефануйце. Лепей схадзіце. Трэба прынесці дакументы на іншы паверх? Скарыстайцеся лесвіцай, а не ліфтам. Размаўляючы па тэлефоне, не сядзіце, пахадзіце па кабінеце. Па шляху на працу ці дадому прайдзіце пару прыпынкаў, параіла навуковы супрацоўнік.

Узрост – руху не перашкода

Кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра Людміла Жылевіч упэўненая, што ў сталым узросце нагрузка павінна быць у абавязковым парадку. Вядома, іншая, з улікам ужо наяўных захворванняў і магчымасцяў чалавека. Напрыклад, жанчынам, якія ўваходзяць у перыяд менапаўзы, фізічная актыўнасць дазваляе захаваць моцнай касцяную сістэму.

 
Людміла Жылевіч
Намеснік галоўнага ўрача – кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця) Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М.Машэрава
Калі мы ў сваім цэнтры глядзім асобаў, старэйшых за 100 гадоў, гэта ўсё людзі, якія мелі пастаянную рухальную актыўнасць. У нас ёсць пацыенты, у якіх падымаўся ўзровень цукру ў крыві, але пасля пасільнай для іх нагрузкі гэты параметр нармалізуецца, зніжаецца халестэрын, стабілізуецца артэрыяльны ціск. З-за недахопу фізічнай актыўнасці чалавек менш устойлівы да стрэсу.
fizicheskaya aktivnost'

Напэўна, калі спытацца ў кожнага з нас, усе упэўнена адкажуць, што кожны дзень выконваюць сваю норму ў 10 тыс.крокаў. Праведзенае ў Беларусі STEPS-даследаванне паказала, што сітуацыя далёкая ад ідэалу, адзначыла Людміла Жылевіч. Паводле падлікаў, сярод дарослага насельніцтва толькі каля 20% выконваюць сярэднестатыстычную нагрузку.

Гіпадынамія прыводзіць да павелічэння масы цела, уплывае на метабалізм, павышае рызыку цукровага дыябету 2 тыпу, артэрыяльнай гіпертэнзіі. Гэта ўсё фактары рызыкі неінфекцыйных захворванняў. Дарэчы, 10% выпадкаў смяротнасці ў выніку сардэчна-сасудзiстых захворванняў ляжыць менавіта ў фокусе гіпадынаміі.

 
Людміла Жылевіч
Намеснік галоўнага ўрача – кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця) Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М.Машэрава
Мы павінны прыкладна 150 хвілін у тыдзень прысвяціць спорту. Гэта павінна быць інтэнсіўная фізічная нагрузка, не 10 тыс.крокаў, а інтэнсіўная анаэробная нагрузка. І яшчэ. Я хацела б падкрэсліць. Любое абмежаванне па стане здароўя не павінна весці да абмежавання фізічнай нагрузкі ўвогуле. Яе трэба выконваць штодня, няхай і ў рамках сваіх магчымасцяў.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

306 0 47

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама