13.08.2020
13.08.2020

6 лайфхакаў для развіцця памяці. Дэменцыя не дагоніць

logo
Здароўе дарослых
0 20
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Здаровы лад жыцця сёння – не толькі правільнае харчаванне, паўнавартасны сон і рухальная актыўнасць. Клопат пра ментальнае здароўе – must have новага часу. Запамінанне, вывучэнне чагосьці невядомага раней у любым узросце дазваляе мозгу фармаваць новыя нейронавыя сувязі. А значыць, як мага даўжэй захоўваць свежасць розуму і запаволіць альбо зусім прадухіліць развіццё прыдуркаватасці (дэменцыі).

Мая памяць – мая адказнасць

Памяць. Развіццё памяці.

Лічбавыя прылады павольна, але няўхільна... крадуць нашу памяць. Сёння не кожны прыгадае нумар тэлефона блізкага сябра, пра дні нараджэння нам паслужліва нагадваюць сацсеткі, спіс пакупак перавандраваў у нататнік тэлефона, а пра важныя справы прасігналізуе лічбавы каляндар... Таму калі раптам гаджатаў пад рукой няма альбо яны зламаліся, чалавек часта аказваецца бездапаможным. Між тым, замест дэлегавання ўсіх паўнамоцтваў смартфону карысна прыкладаць намаганні для «прапампоўкі» сваёй памяці.

Мозг мае патрэбу ў трэніроўках не меней за цела. А ўлічваючы, што выкарыстоўваем мы толькі каля 10% магчымасцяў нашай чарапной каробкі, межаў у засваенні ведаў для чалавека не існуе. Вядома, мы не можам адмяніць гады эвалюцыі і адмовіцца ад зручных вынаходак цывілізацыі, закінуць тэлефон і хадзіць толькі з аркушам паперы і драўлянымі лічыльнікамі. Аднак мэтанакіравана і метадычна трэніраваць памяць для клопату пра ўласнае здароўе – важна.

Гэтыя 6 простых і эфектыўных лайфхакаў ад былога кіраўніка Матэматычнай асацыяцыі Вялікабрытаніі Роба Іставея дапамогуць заняцца трэніроўкай памяці. Выкарыстоўваць іх не абавязкова штораз, калі вам трэба штосьці запомніць: у патоку сучаснай інфармацыі гэта немагчыма. Галоўнае – выконваць такія практыкаванні пастаянна (хаця б мэтанакіравана раз у дзень) і рэгулярна.

Лайфхак 1. Стварэнне гісторый.

Памяць. Развіццё памяці. Розныя спосабы.

Пачаць трэніроўкі памяці можна са звычайнага спісу пакупак у краме. Калі запісаць усё, што вы хочаце сёння набыць, а потым паспрабаваць прыгадаць кожную рэч, дык высветліцца, што страты немінучыя. Уся справа ў тым, што запамінаць словы, паміж якімі няма ніякай сувязі, складаней. Лягчэй застаюцца ў памяці тыя, якія ўпарадкаваныя ці неяк звязаныя паміж сабой. Таму адзін з самых папулярных варыянтаў запомніць спіс – прыдумаць гісторыю, у якой будуць задзейнічаныя ўсе патрэбныя словы. Асаблівасці мозгу такія, што чым больш недарэчным і смешным атрымаецца ваш аповед, тым лепей ён запомніцца.

Лайфхак 2. Метад пакоя (локуса).

Вядомы такі прыём быў яшчэ 2 тысячы гадоў таму, аднак працуе і па сёння. Родапачынальнікам метаду лічыцца грэчаскі паэт Сіманід. Аднойчы ён выступаў на свяце з вершамі перад шляхетным чалавекам Скопасам і яго гасцямі. Раптам адбыўся нечаканы землятрус, які забраў жыцці ўсіх удзельнікаў урачыстасці, акрамя Сіманіда (ён у гэты час якраз выходзіў з будынка, дзе праходзіла баляванне). Праблема складалася ў тым, што целы загінуўшых было немагчыма апазнаць. Аднак паэт змог дакладна ўспомніць усіх. Як? Ён у думках уявіў сабе размяшчэнне крэслаў і змог прыгадаць, хто на якім месцы сядзеў.

Такі прыём можа спрацаваць і са спісам пакупак. Для пачатку ўяўляем пакой і фіксуем у ім асноўныя аб'екты: канапа, стол, дыван, акно і г.д. А потым у думках «раскладваем» прадметы са спісу. Прычым пажадана ўяўляць іх не проста ляжачымі, а такімі, якія рухаюцца, выдаюць гукі. Напрыклад, вам трэба купіць газету. Уяўляем, як сядаем на канапу, а папера храбусціць пад вагой цела. Патрэбны сабачы корм – уяўляем, як велізарны сабака стукаецца ў акно, а ў зубах у яго бляшанка з ежай. Замацаваўшы такім чынам усе прадметы са спісу ва ўяўным пакоі, у думках ідзем па ім і ўспамінаем увесь спіс. Калі штосьці ўсё ж такі не атрымліваецца запомніць, паспрабуйце ўявіць гэты прадмет вельмі яркім. Любы гратэск уплывае на памяць станоўча.

Дарэчы, такі прыём будзе карысны і для спікераў. Калі вам трэба выступіць дзесьці з вялікай прамовай, кавалачкі яе можна «прымацаваць» у пакоі, а затым у думках ісці па ім і збіраць гэты «пазл».

Лайфхак 3. Запамінанне лічбаў.

Памяць. Развіццё памяці. Запамінанне.

Калі вам трэба запомніць лічбы ці пэўную важную дату, метад пакоя ў гэтым не памочнік. Яшчэ ў 1825 годзе француз Эме Пары высветліў, што словы людзі запамінаюць нашмат лепей за лічбы. Адсюль узнікла ідэя: каб запомніць пэўны нумар, трэба кожную лічбу перавесці ў літару.

Напрыклад, 1 – К (кол), 2 – Л (лебедзь, паколькі «двойка» падобная да гэтай птушкі), 3 – Т (па першай літары ў слове «тры»), 4 – Ч, 5 – П, 6 – Ш , 7 – С, 8 – В, 9 – Д, 0 – Н.

Напрыклад, трэба запомніць дату – 1990. Пераводзім лічбы ў літары: КДДН. Складаем сказ (галосныя не лічацца, улічваем толькі зычныя). КоД ДаН. Важна пры гэтым уявіць пэўную смешную карцінку. Варыянт: чалавечак або мульцяшная жывёла перадаюць лісточак з кодам. Памятайце: чым больш яркая, смешная, недарэчная і анімаваная ілюстрацыя ўзнікла ў вашай галаве, тым большы шанц запомніць.

Лайфхак 4. Запамінанне з дапамогай рыфмаў.

Напэўна, кожны ўспомніць вядомую рэкламу: «Малако ўдвая смачней, калі гэта «Мілкі вэй». Час праходзіць, а яна застаецца ў нас у памяці. Уся справа ў тым, што мозг «любіць» рыфмы, асабліва смешныя і пацешныя. Яны надоўга затрымліваюцца ў нашай памяці. У рэкламе гэты эфект выкарыстоўваць вельмі любяць. Таму калі вам вельмі хочацца штосьці запомніць, можна падабраць да патрэбнай інфармацыі рыфму і скласці вершык.

Лайфхак 5. Выкарыстанне пачуццяў.

Кожны чалавек запамінае інфармацыю па-свойму. Камусьці трэба бачыць, каб запомніць, камусьці прамаўляць на слых... У людзей, якія запамінаюць лепей за ўсё, падлучаныя адразу некалькі важных спосабаў.

  • Нюх.

Нюх найбольш цесна звязаны з памяццю. Бывае, што заходзіш у незнаёмае памяшканне, адчуваеш пах і пераносішся ўспамінамі ў канкрэтны дзень альбо месца. Гэта адбываецца таму, што месца, дзе знаходзяцца аналізатары пахаў, размешчанае вельмі блізка ад ўчастка мозгу, які кантралюе памяць. Дадзеную інфармацыю можна выкарыстоўваць мэтанакіравана. Напрыклад, калі вам трэба штосьці запомніць, можна ў гэты час выкарыстаць пэўныя араматычныя алеі, водары, духі. У патрэбны час панюхайце гэта зноў. Інфармацыя будзе прыгадвацца лягчэй.

  • Візуальная памяць.

Добрая візуальная памяць уласцівая многім. Лічыцца, што звычайны чалавек можа пазнаваць да 10 тысяч розных твараў. Ёсць нават словазлучэнне: «фатаграфічная памяць». Яно пра людзей, якія могуць паглядзець на твар альбо прадмет і запомніць яго ў дробнюткіх дэталях. Трэніраваць візуальную памяць можна з дапамогай пацешных практыкаванняў накшталт «знайдзі адрозненні».

  • Слых (музычная памяць).

Праслухоўванне музыкі і спробы прайграць мелодыю – добры варыянт для трэніроўкі слыхавой памяці. Вядома, што музыка даўжэй за ўсё захоўваецца ў нашай галаве. Людзі, якія пакутуюць ад хваробы Альцгеймера, забываюць усе, уключаючы імёны сваіх родных. А вось мелодыі, якія яны слухалі ў маладосці, ім па-ранейшаму знаёмыя.

Лайфхак 6. Стварэнне мнемонік.

Адзін з самых эфектыўных спосабаў запамінаць факты –мнемоніка. Гэта рыфма, спецыяльны трук або выказванне, якое дазваляе запамінаць. Напрыклад, усе мы ведаем, што для таго, каб прыгадаць, колькі дзён у кожным месяцы года, трэба палічыць гэта па костачках пальцаў. Ці, напрыклад, колеры вясёлкі... Мнемонікі можна складаць самастойна. Яны вельмі распаўсюджаныя ў медыкаў, шахматыстаў і ва ўсіх, каму трэба запамінаць вялікую колькасць інфармацыі.

Вось, напрыклад, такая карысная мнемоніка пра тое, у якіх прадуктах утрымліваюцца вітаміны: «Вітамін А – у абрыкосах, у любой рыбе і, вядома ж, моркве. Вітамін В – Бутэрброд, гэта значыць, у хлебе і ў масле. Вітамін С – з цытрусавых. Вітамін D – з Дзённага святла. Яшчэ ёсць вітамін Е, але: вітамін Е лёгка знайсці ў любой Ежы».

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 20

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама