28.05.2017
28.05.2017

6 падманлівых міфаў пра курэнне

logo
Здаровы лад жыцця
0 238
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Вялікая колькасць міфаў пра курэнне часта спрыяе таму, што шкода, якую наносіць цыгарэта арганізму чалавека, значна заніжаная. Некаторыя з міфаў нават пераконваюць у тым, што курэнне ў пэўным сэнсе карыснае: стрэс здымае, нервы супакойвае, фігуру дазваляе захаваць...

Разам з тым, перакананы Уладзімір Максімчук, усе існуючыя падманлівыя меркаванні і міфы аб цыгарэтах прыдуманыя для таго, каб хоць неяк апраўдаць прыхільнасць да гэтай згубнай звычкі. Курэнне павольна, але непазбежна шкодзіць чалавеку, з кожнай зацяжкай цыгарэты скарачае яго жыццё. Каб пацвердзіць гэта спецыяліст прыводзіць такія даныя – агульная працягласць жыцця курца у параўнанні з тым, хто не мае гэтай звычкі, у сярэднім скарачаецца на 5-7 гадоў.

 
Уладзімір Максімчук
Загадчык сектара наркалогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя

Абвергаем папулярныя міфы пра курэнне

Міф першы. Курэнне тонкіх ці лёгкіх цыгарэт не так моцна шкодзіць здароўю.

Гэтае меркаванне няправільнае. Цыгарэта любой формы ці даўжыні змяшчае тытунь, які згарае пры курэнні. Пры ўдыханні дыму чалавек атрымлівае велізарную дозу розных хімічных элементаў і злучэнняў. Іх у цыгарэтным дыме змяшчаецца больш за 4 тысячы. Усе яны ўяўляюць сур'ёзную небяспеку для арганізма.

Міф другі. Цыгарэта дапамагае зняць стрэс і расслабіцца

Людзі, якія паляць, часта аргументуюць сваю прыхільнасць тым, што такім чынам яны супакойваюць нервы, здымаюць стрэс. На самай справе, такі «седатыўны» эфект выклікае не сама цыгарэта, а штодзённы, а то і штогадзіны рытуал, звязаны з курэннем: дастаў цыгарэту – закурыў, зацягнуўся і выдыхнуў.

Міф трэці. Нельга рэзка кідаць паліць, а калі курыш доўга, тады і сэнсу няма.

Курэнне – гэта моцны стрэс для арганізма. Разам з тым, адмова ад гэтай звычкі прынясе толькі станоўчы эфект і карысць. Іншая справа, што ў залежнасці ад таго, колькі гадоў чалавек курыў і колькі цыгарэт у дзень, пасля адмовы ад курэння можна сутыкнуцца з некаторымі непрыемнымі момантамі. Гэта і сіндром адмены, і вострае жаданне кінуць усё і зноў папаліць, і агрэсія, і павышаная нервовая ўзбуджанасць, моцны голад. У выпадках, калі не атрымліваецца справіцца самастойна, патрабуецца дапамога спецыяліста, які падкажа патрэбны алгарытм дзеянняў. У любым разе варта памятаць, нягледзячы на цяжкасці, адмова ад курэння аказвае толькі станоўчы ўплыў на здароўе чалавека:

  1. у першыя суткі пасля адмовы ад курэння ў крыві зніжаецца колькасць нікаціну і чаднага газу, павышаецца канцэнтрацыя кіслароду;
  2. на працягу першага тыдня арганізм вызваляецца ад нікаціну: пачынаюць аднаўляцца пашкоджаныя абалонкі бронхаў і лёгкіх, паляпшаецца кровазабеспячэнне галаўнога мозгу, сэрца і іншых органаў;
  3. праз месяц узнаўляецца нюх, паляпшаюцца смакавыя адчуванні ежы;
  4. праз 2-6 месяцаў скура набывае здаровы колер;
  5. праз 7-8 месяцаў жыццёвая ёмістасць лёгкіх павышаецца на 10 %, так званы «цыгарэтны» зубны налёт паступова знікае, абнаўляюцца клеткі печані;
  6. праз год без цыгарэт у два разы зніжаецца рызыка развіцця інфаркту ці інсульту, значна памяншаецца верагоднасць узнікнення анкалагічных захворванняў.

Міф чацвёрты. Калі жанчына, якая паліць, зацяжарыла, нельга кідаць.

Маўляў, рэзкая адмова ад тытуню негатыўна адбіваецца на здароўе, як жанчыны, так і дзіцяці. Разам з тым, калі цяжарная жанчына паліць, яна наносіць непапраўную шкоду свайму малышу. Спецыялісты, якія праводзілі даследаванні ў розных краінах, прыйшлі да высновы, што маса цела дзяцей жанчын, якія палілі падчас цяжарнасці, на 150-240 г менш, масы цела малеч, якіх нарадзілі маці без шкоднай звычкі.

У прыгожай паловы чалавецтва, якая не грэбуе цыгарэтай нават падчас цяжарнасці, у 2-3 разы часцей пачынаюцца заўчасныя роды. Па падліках спецыялістаў, кожнае пятае дзіця, што нарадзілася мёртвым, было б жывое, калі б іх бацькі не палілі. Акрамя гэтага, ужо ва ўлонні маці, якая паліць, немаўля адчувае кіслароднае галаданне.

Па самай рознай інфармацыі, курэнне цяжарнай жанчыны можа аказаць доўгатэрміновы негатыўны ўплыў на здароўе дзіцяці аж да 6 гадоў. Такія хлопчыкі і дзяўчынкі больш схільныя да розных захворванняў, горш ўспрымаюць школьную праграму.

Міф пяты. Шкода пасіўнага курэння значна перабольшана.

 Каб абвергнуць гэта меркаванне, зноў звернемся да даследаванняў спецыялістаў. Яны даказалі, што шкода і небяспека пасіўнага курэння цалкам рэальная. Дым, які вылучаецца цыгарэтай пры згаранні тытуню, – так званы нефільтраваны дым. Ён утрымлівае ў 50 разоў больш канцэрагенаў, удвая больш смол і нікаціну, у пяць разоў больш вокісу вугляроду і ў 50 разоў больш аміяку. Дарэчы, для людзей, якія стала працуюць у памяшканні дзе шмат паляць, узровень пасіўнага курэння можа дасягнуць 14 цыгарэт у дзень. Малышы, бацькі якіх паляць у прысутнасці дзяцей, дрэнна спяць і ядуць. Яны могуць адставаць ад сваіх аднагодкаў у развіцці, як разумовым, так і фізічным.

Штогод наступствы курэння прыводзяць да смерці прыкладна 6 мільёнаў чалавек у свеце. Прычым 600 тысяч з іх – пасіўныя курцы (тыя, хто па незалежных ад іх прычынах, падвяргаўся ўздзеянню тытунёвага дыму).

Міф шосты, але не пазбаўлены праўды. Калі адмовіцца ад курэння, то абавязкова набярэш шмат лішняй вагі.

Часцяком ад былых курцоў можна пачуць, што пасля таго, як яны пазбавіліся гэтай звычкі, іх вага стала хутка расці. Гэтаму ёсць сваё тлумачэнне. Справа ў тым, што тытунь змяшчае атруту – нікацін. У выглядзе цыгарэтнага дыму ён трапляе ў арганізм і запускае абменныя парушэнні. Як вынік – карысныя і пажыўныя рэчывы горш засвойваюцца. Некаторыя на такой нікацінавай «дыеце» значна скідаюць вагу. Што ж адбываецца, калі чалавек кідае паліць? Ён есць як і еў, але арганізм, ачышчаецца ад атруты і пачынае лепш засвойваць пажыўныя рэчывы, адкладае карысныя рэчывы пра запас. Менавіта таму назіраецца некаторае павелічэнне вагі. Гэта з'ява часовая, і паступова вага стабілізуецца. Варта назапасіцца цярпеннем і выконваць некалькі парадаў: перагледзець свой рацыён на карысць гародніны і садавіны, нятлустых прадуктаў, сачыць за перакусамі і больш рухацца.

Уладзімір Максімчук адзначыў, што памылковых меркаванняў, якія апраўдваюць прыхільнасць да цыгарэты даволі шмат. Мы разгледзелі толькі некаторыя з іх. Разам з тым, апраўданне сваіх слабасцей не дае шанц на выздараўленне. Толькі ўсведамленне, што паліць шкодна і вельмі небяспечна для здароўя, – гэта рэальны крок на шляху да вызвалення ад гэтай згубнай звычкі.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 238

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».