24.02.2019
24.02.2019

8 «гарачых» міфаў пра тампоны

logo
Здароўе дарослых
0 32
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Калі менструальная чаша для большасці беларускіх жанчын усё яшчэ застаецца якімсьці новым і экзатычным прадуктам, дык да тампонаў мы ставімся з меншай насцярожанасцю. Хаця іх выкарыстанне таксама авеянае разнастайнымі міфамі.

Ці праўда, што ў тампонах знаходзяць шкодныя для здароўя рэчывы? Ці можна выкарыстоўваць іх як сродак штодзённай гігіены паміж менструацыямі? Чаму ўзнікае сіндром таксічнага шоку?

Працягваем гутарку пра сродкі менструальнай гігіены са Святланай Жукоўскай, асістэнтам кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта.

Міф 1. Нявінніцам карыстацца тампонамі нельга.

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
Забаронаў на выкарыстанне тампонаў нявінніцамі няма. Калі акуратна ўводзіць тампон і выбіраць такі, які валодае невялікай усмоктвальнасцю (а значыць, меншым дыяметрам), дык рызыка пашкодзіць цнатлівую пляву мінімальная. Яна не ўяўляе сабой жорсткую засланку. Гэта ўчастак эластычнай тканкі, у якім маецца фізіялагічная адтуліна (інакш бы месячныя не ішлі). Падчас менструацыі гэтая тканка робіцца яшчэ больш падатлівай. Рэкамендую перад пачаткам прымянення тампонаў звярнуцца да гінеколага, каб спецыяліст ацаніў стан тканкі і высветліў, ці дазваляе карыстацца тампонамі фізіялагічная будова.

Міф 2. Тампон можа застацца ўнутры, згубіцца.

Калі па нейкай прычыне нітачка, за якую трэба выцягваць тампон, адарвецца, дык ён сапраўды можа застацца ў похве. Але прасунуцца кудысьці далей не можа.

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
У маёй практыцы былі пацыенткі, якія звярталіся ў прыёмны пакой бальніцы, баючыся, што тампон патрапіць у шыйку маткі і далей. Похва ўяўляе сабой сляпы мяшок, у які ўваходзіць шыйка маткі. У норме яна абсалютна шчыльна зачынена (за выключэннем тых жанчын, якія знаходзяцца ў раннім пасляродавым перыядзе). Адтуліна ў шыйцы маткі, праз якую выходзіць менструальная кроў, настолькі малая, што туды тампон сапраўды патрапіць не можа. З похвы яго можна дастаць самастойна, не звяртаючыся па дапамогу да ўрача. Небяспечная сітуацыя, калі жанчыны забываюць тампон і ён знаходзіцца ўнутры доўгі час. Гэта іншароднае цела, якое плюс да ўсяго ўбірае ў сябе менструальную кроў. Атрымліваецца вельмі добрае пажыўнае асяроддзе для развіцця розных бактэрый. Ёсць пагроза развіцця сіндрому таксічнага шоку. Забывацца пра тампоны нельга! Гэта небяспечна.

Міф 3. Тампоны і пракладкі трэба мяняць кожныя 2 гадзіны.

 

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
Існуюць рэкамендацыі аб карыстанні менструальнымі прадуктамі Food and Drug Administration (Упраўленне па санітарным наглядзе за якасцю харчовых прадуктаў і медыкаментаў, ЗША). Пра 2 гадзіны там нічога не гаворыцца. Лічыцца, што час залежыць ад аб'ёму кровастраты і ўсмоктваючай здольнасці гігіенічнага прадукту. Аптымальным называюць час не больш за 4-6 гадзін. Больш доўгае знаходжанне можа стаць прычынай актыўнага размнажэння інфекцыйных агентаў, у прыватнасці – бактэрый. Ёсць і супрацьлеглая праблема. Многія жанчыны імкнуцца карыстацца тампонамі максімальнай усмоктваючай сілы. Яны ўпэўненыя, што гэта больш бяспечна, радзей даводзіцца змяняць тампон. Але па рэкамендацыях асноўных супольнасцяў трэба выкарыстоўваць мінімальную ступень усмоктвання: не пра запас, а тую, якая падыходзіць па колькасці выдзяленняў. Так, каб тампон паспяваў прамокнуць. Выключэннем могуць быць выпадкі, калі чакае нейкае мерапрыемства ці паездка.

Важны нюанс: калі вылучэнні ў жанчыны не вельмі багатыя і тэхнічна яна можа выкарыстоўваць 1 тампон на цэлы дзень, усё роўна рабіць так нельга! Гэта негігіенічна і цягне за сабой запаленчыя змены і інфекцыйныя ўскладненні.

Міф 4. Тампоны можна выкарыстоўваць у перыяд паміж менструацыямі.

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
Я сустракала пацыентак, якія выкарыстоўвалі тампоны замест штодзённых пракладак для ўсмоктвання звычайнай вагінальнай слізі. Гэта абсалютна проціпаказана, бо тампон – іншароднае цела, якое мае тканкавую аснову і можа прыводзіць да механічнага раздражнення слізістай.

Міф 5. Тампоны павышаюць рызыку развіцця раку шыйкі маткі.

 

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
Гэта абсалютна не даказана. Праводзіліся даследаванні сярод жанчын, якія хварэлі на рак шыйкі маткі. Іх распытвалі, карысталіся яны пракладкамі ці тампонамі. Ніякай розніцы не выяўлена. На самай справе рак шыйкі маткі правакуюць вірус папіломы чалавека, курэнне і некаторыя іншыя інфекцыі. З тампонамі гэта ніяк не звязана.

Міф 6. Тампоны адмоўна ўплываюць на вагінальную флору.

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
Па некаторых дадзеных, выкарыстанне тампонаў падчас менструацый павышае адчувальнасць сценкі похвы да інфекцый, таму ў гэты перыяд трэба быць асабліва асцярожнымі з палавым жыццём. На самай справе падчас месячных і так трэба быць вельмі акуратнымі, бо цэрвікальны канал (канал шыйкі маткі) трошкі прыадчынены. Падчас менструацыі крыху зніжаецца і імунітэт, што само па сабе можа правакаваць інфіцыраванне. Вялікіх рандамізаваных даследаванняў, якія б пацвердзілі, што выкарыстанне тампонаў сапраўды шкодзіць флоры похвы, няма.

Міф 7. У тампонах утрымліваюцца рэчывы, якія могуць прынесці шкоду арганізму.

8 «гарачых» міфаў пра тампоны

Гаворка ідзе пра рэчывы, якія адбельваюць, дыяксіны, небяспечныя фарбавальнікі, алергены...

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
У буйных сусветных лабараторыях праводзіліся даследаванні, якія даказалі, што такія абвінавачванні абсалютна беспадстаўныя. Больш за тое, усе гігіенічныя прадукты, якія маюцца зараз на рынку, асабліва гандлёвыя маркі з ЗША, Еўропы, праходзяць абавязковае даклінічнае і клінічнае даследаванне. І толькі пасля гэтага выпускаюцца на рынак. У Амерыцы тампоны лічацца медыцынскім вырабам, таму ліцэнзаванне вельмі строгае.

Міф 8. Тампоны нельга выкарыстоўваць ноччу.

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
Вялікай розніцы ва ўжыванні тампонаў удзень і ўночы няма. Больш за тое, калі ў жанчыны ёсць раздражненні скуры, якія часам сустракаюцца пры выкарыстанні пракладак, для яе тампон будзе аптымальным сродкам. Але, зноў-такі, важна выбраць ступень усмоктвання.

Тампоны – пагроза сіндрому таксічнага шоку?

Сіндрому таксічнага шоку (СТШ) баяцца ўсе жанчыны, якія выкарыстоўваюць тампоны. Гэта сур'ёзная бактэрыяльная інфекцыя, якая можа скончыцца нават смяротным зыходам. І хаця СТШ можа ўзнікнуць не толькі па прычыне выкарыстання тампонаў і здараецца нават у мужчын, усё ж у 50% выпадкаў гаворка ідзе пра жанчын у перыяд менструацыі. На шчасце, сустракаецца гэтае грознае ўскладненне вельмі рэдка. Па дадзеных амерыканскага рэгістра, частата ўзнікнення СТШ у жанчын з менструацыяй – 1 выпадак на 100 тысяч.

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
У самім тампоне не ўтрымліваецца шкодных рэчываў, якія здольныя прывесці да СТШ. Інфекцыю выклікае мікроб звычайнага залацістага стафілакока. Падчас прымянення тампона фарміруецца закрытае асяроддзе. І калі ў норме менструальныя выдзяленні пакідаюць похву, дык у гэтым выпадку яны застаюцца ўнутры доўгі час. Плюс ўнутры атрымліваецца даволі высокая тэмпература. Гэтае спалучэнне фактараў – добрае пажыўнае асяроддзе для размнажэння залацістага стафілакока, які прадуцыруе таксіны, што выклікаюць сіндром таксічнага шоку. Аднак часцей за ўсё гаворка ідзе пра тыя тампоны, якія вырабляліся раней. Сучасныя матэрыялы, наадварот, часта спрыяюць падаўленню росту бактэрый.

Самым традыцыйным сродкам абароны падчас менструацый застаюцца пракладкі. Аднак і яны паступова мадыфікуюцца. З'явіліся пракладкі з укладкамі, якія мяняюцца, а таксама адмысловая менструальная бялізна. Размову пра менструальныя прадукты працягнем у наступным матэрыяле.

Уся праўда аб пракладках

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 32

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.