06.10.2019
06.10.2019

А давайце проста іх любіць, шанаваць і памятаць...

logo
Думкі ўслых
0 46
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Адно з самых значных прафесійных святаў сёння адзначае калі не ўся краіна, дык многія і многія. Хтосьці віншуе, а хтосьці прымае віншаванні з Днём настаўніка... Але сваю навучальную ўстанову, а можа, і не адну, я ўпэўнена, прыгадваюць усе. І гэта здорава!

Такая ўжо ўласцівасць нашай памяці, што праз гады ўжо не ўспамінаецца дрэннае, усё больш добрае. Хаця якраз-такі настаўнікі часцей за ўсё выдатна памятаюць, якім хуліганам быў у школе Пеця і хто быў закаханы ў Кацю ў сёмым, а тады ў адзінаццатым класе (і гэта былі розныя хлопцы!:))). Але дыпламатычна робяць выгляд, што ледзь не ўсе ў школе былі ідэальнымі...

Вось толькі ўчора, напярэдадні свята, прачытала блог адной знаёмай, у якой яна пералічвае, колькі ўсяго зараз трэба яе дзіцяці ў першым класе. І я сапраўды ў шоку – і ад сумы, і ад той разнастайнасці дапаможнікаў ды іншага. Бо прыгадваю, як сама маладым спецыялістам прыйшла працаваць у першы клас – адзіны беларускамоўны клас у рускамоўнай школе, які адкрылі спецыяльна пад мяне. Так, была такая старонка ў маёй біяграфіі. Гадуючыся ў сям’і настаўнікаў, пра якую прафесію я магла марыць?! Толькі пра педагагічную.

Дзень настаўніка: свята, пра якое памятаюць усе

Праўда, у класе восьмым мы раптам вырашылі, што ў сям’і павінен быць свой урач. І я нават ездзіла на дзень адчыненых дзвярэй у медвучылішча. Але тое, што пачула там, не натхніла... Так у сям’і з’явіўся трэці педагог.

А ўрачоў па-ранейшаму няма, і пакуль не прадбачыцца. Хаця... Зараз дзесьці і шкадую. З пункту гледжання важнасці медработніка ў сям’і, а не з-за быццам бы нерэалізаваных здольнасцяў. Я заўсёды адчувала сябе настаўнікам і, услед за старэйшым братам, – журналістам. Так яно, у рэшце рэшт, і спраўдзілася. А паколькі маю цвёрдае перакананне, што настаўнікі былымі не бываюць... Таксама дагэтуль з задавальненнем прымаю віншаванні! J Асабліва ад колішніх вучняў. У тым ліку і ад тых, першых. І найчасцей – у сацыяльных сетках.

Дык вось і мае бацькі-настаўнікі (сапраўдныя, з кагорты тых, што з вялікай літары «Н»!!!), і я дагэтуль перакананыя: самае важнае ў навучальным працэсе – не 10 дапаможнікаў, не рознакаляровыя стыкеры ды маркеры і нават не электронныя падручнікі ды іншыя «навароты» – дасягненні сучаснай навукі. Самае важнае – дошка, крэйда і асоба Настаўніка. І той, хто з мінімумам усяго зможа зацікавіць сучасных дзяцей, утрымаць іх увагу, знайсці шлях да душы і сэрца – і ёсць самы сапраўдны. І памятаць яго будуць праз гады.

Хтосьці можа запярэчыць: маўляў, навукова-тэхнічны прагрэс ніхто не адмяняў. І калі мы будзем глядзець у мінулае, будучае будзе адсоўвацца ад нас на няпэўны тэрмін. Не ведаю... Проста памятаю і цвёрда перакананая: тыя словы, якія зараз падаюцца лозунгамі, накшталт «сэрца, аддадзенае дзецям», і ёсць самая праўдзівая праўда. Можна сказаць пра гэта і па-іншаму: любоў да сваіх выхаванцаў яшчэ ніхто не адмяняў. І дзеці, якімі б няпростымі ў сучасным свеце і ўласным развіцці яны ні былі, адчуваюць менавіта гэта: любоў, дабрыню, шчырую зацікаўленасць. Гэта альбо ёсць, альбо няма. Прымусова не выпрацуеш...

Колькі часу таму на вочы трапілася відэа. Па шчырасці, не магу сказаць, у якой краіне, у якім горадзе гэта адбывалася, бо глядзела вельмі хутка, а пасля ўжо не знайшла. Але сутнасць паспрабую перадаць. Хутчэй за ўсё, дзеянне адбываецца перад пачаткам урока танцаў ці харэаграфіі. На сцяне вісяць тры малюнкі: сэрца, дзве далоні рук... А вось трэцяе не памятаю, штосьці музычнае. Дзеці падыходзяць і дакранаюцца да аднаго з малюнкаў.

Калі да сэрца, абдымаюцца з настаўніцай. І яна робіць гэта з такой непадробнай радасцю і так шчыра! І 10 разоў, і 20. Хто паставіў свае далоні на далонькі, пляскае па руках настаўніцы. Ну, а хто да чагосьці музычнага дакрануўся, тады яны сінхронна робяць танцавальныя рухі.

І вось што ўразіла... З настаўніцай найчасцей спяшаліся абняцца... хлопчыкі! Прычым таксама было бачна, з якой шчырай радасцю яны гэта робяць! Прама бягуць да яе.

Якая ж цудоўная прыдумка! Вось бы і ў нашых школах рэалізаваць штосьці падобнае, сапраўднае, душэўнае... Хаця... Можа, дзесьці і ёсць?!

Таксама сёння чамусьці прыгадала дыялог са сваёй любімай «Іроніі лёсу...». Памятаеце?!

– Памылкі ўрачоў дорага абыходзяцца людзям...

– Так. Памылкі настаўнікаў не гэтак заўважныя, але ў канчатковым выніку яны абыходзяцца не меней дорага...

Але хто не памыляецца?! Хіба бываюць такія людзі?! Недарэмна ж прыдумана: «Не памыляецца той, хто нічога не робіць». Галоўнае – не памыліцца адразу: з выбарам прафесіі... Каб вас пасля сапраўды прыгадвалі доўга і толькі добрым словам.

Таму шчыра хочацца пажадаць усім настаўнікам, каб паболей было нагод для радасці, і не толькі ў святы, але і ў паўсядзённасці. Каб вас любілі вучні, паважалі іх бацькі і калегі, цаніла начальства, а вы самі адчувалі задавальненне ад зробленага. І каб праз гады вас заўсёды памяталі, любілі, віншавалі вучні. Са святам! З Днём настаўніка!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 46

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".