06.02.2019
06.02.2019

«А гэта вы... лёталі?»

logo
Асобы i лёсы
0 76
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Калі восеньскім цёплым днём Таццяна Буйніч здзейсніла скачок з парашутам, яна нават не падазравала, што прыемныя эмоцыі яшчэ доўга будуць суправаджаць яе і што столькі людзей даведаецца пра яе скачок. Ёй тэлефануюць, пішуць, нават спыняюць на вуліцах роднага горада. Віншуюць з перамогай у конкурсе і... дзякуюць.

 

Таццяна Васільеўна, акушэр-гінеколаг, шмат гадоў узначальвае радзільнае аддзяленне Ганцавіцкай ЦРБ. «Выбачайце, а гэта вы... лёталі?» – «Так». – «Ведаеце, хочацца сказаць вам дзякуй. Вы дапамаглі з'явіцца на свет нашаму сыну. Яму цяпер 27». Такія словы Таццяна Буйніч пачула нядаўна ад сямейнай пары, якую выпадкова сустрэла на вуліцы.

З пераможцай конкурсу «Самы лепшы дзень-2018» карэспандэнт сустрэлася ў Ганцавіцкай ЦРБ, каб уручыць ёй галоўны прыз – танометр Мicrolife, а таксама фірмовыя падарункі ад арганізатара конкурсу – партала «Здаровыя людзі» (24health.by). Праўда, давялося пачакаць – па хуткай паступіла пажылая жанчына з крывацёкам, і Таццяна Васільеўна аказвала ёй неадкладную дапамогу. На стале ў яе кабінеце даўно астыла завараная гарбата.

Таццяна Васільеўна Буйніч, акушэр-гінеколаг, шмат гадоў узначальвае радзільнае аддзяленне Ганцавіцкай ЦРБ.

— Гэта ўжо традыцыя – заварыць гарбату раніцай, а выпіць яе халоднай бліжэй да вечара. Мая напарніца захварэла, і я зараз адна. У нашым аддзяленні 10 гінекалагічных і 10 акушэрскіх ложкаў. Спраў шмат, але я вельмі моцна люблю сваю працу, – усміхаецца Таццяна Буйніч і тут жа бянтэжыцца, даведаўшыся пра мэту нашага візіту. – Некаторыя СМІ чамусьці напісалі, што я скокнула з парашутам дзеля перамогі ў конкурсе. Але ж гэта ж зусім не так!

Аб скачку

— У 2016-м годзе мой любімы ўнук Улад скокнуў з парашутам. У 2017-м ён зрабіў гэта другі раз – цалкам самастойна, з выцягваннем кольца. Я як раз была ў Мінску на курсах павышэння кваліфікацыі, паехала разам з ім у аэраклуб. Уважліва слухала, як праходзіў інструктаж, нават пытанні задавала, сачыла за палётам і прызямленнем. Тады ён упершыню прапанаваў: «Бабуля, скокні таксама! Гэта неперадавальныя эмоцыі, вось пабачыш!»У той момант я не адважылася, але паабяцала, што абавязкова зраблю гэта пазней. І загарэлася ідэяй. А праз год Улад паднёс мне падарунак на дзень нараджэння – сертыфікат на скачок. І, зразумела, паехаў разам са мной.

…Перадаць увесь спектр эмоцый словамі немагчыма, толькі адчуць. У момант, калі выскокваеш, адчуваецца толькі моцны вецер. Затым пасля рыўка раскрыўся парашут, і мне падалося, што мы на нейкі час завіслі ў паветры. Я нават спыталася ў інструктара: мы што, проста завіслі? Але на самай справе мы зніжаліся – і тут сапраўды ўзнікла адчуванне палёту. Унізе была такая прыгажосць! Гэта было 6 кастрычніка – пятніца, цудоўны цёплы дзень. Дрэвы жоўтыя, зялёныя, аранжавыя, чырвоныя. Квадрацікі будынкаў паступова набліжаюцца, Нацыянальная бібліятэка прама пад намі, уся сталіца – як на далоні…

Аб пачуцці страху

— Ніякага страху не было. З намі знаходзілася група дзяцей-спартсменаў. Яны скакалі з вышыні 2,5 км, проста спакойна выходзілі, як з аўтобуса. Мне трэба было скочыць з 3,5 км, але са мной жа быў дасведчаны інструктар! Я наогул рэдка адчуваю страх за сябе. Калі толькі пачынала працаваць, бывала, паступае выклік – крывацёк у парадзіхі ў вёсцы ў трох кіламетрах. Машыны няма, хуткая на іншым выкліку. Я адна ў дзве гадзіны ночы бягу туды і нічога не баюся.

Пра конкурс

— Шмат гадоў выпісваю «Медыцынскі веснік». Калі Улад заехаў да мяне ў госці, на стале ляжала газета, ён убачыў анонс конкурсу і пытаецца: «Бабуля, а які ў цябе быў самы лепшы дзень?» Вырашылі ўдзельнічаць!

Шчыра кажучы, я не чакала такога рэзанансу. Праз некалькі дзён аб конкурсе напісалі ў нашай раённай газеце «Ганцавiцкi час». Сталі тэлефанаваць сябры, знаёмыя, пацыенты, калегі з Баранавічаў, Брэста. Спачатку я не сачыла за колькасцю галасоў, але потым увайшла ў азарт. У апошнія перад фінішам дні была вельмі занятая на працы, але ведала, што лідзірую, бо тэлефон не змаўкаў. А ўжо глыбокай ноччу пайшлі першыя званкі з віншаваннямі. За мяне прагаласавалі 1 256 чалавек! Гэта, вядома, вельмі прыемна!

Аб шчаслівых днях

На самай справе добрых дзён у жыцці нямала. Бывае, прымаеш цяжкія роды, перажываеш... З'яўляецца на свет дзіця, мама чуе яго крык і плача ад шчасця... У гэты момант адчуваеш невыказныя эмоцыі.

Па вялікім рахунку, я лічу сябе шчаслівым чалавекам. У мяне выдатная сям'я, дзеці выраслі і адбыліся ў жыцці, я – бабуля пяцярых унукаў. У апошнія гады, дзякуючы мужу, шмат падарожнічаем, пабывалі ў розных краінах.

Пра сур'ёзнасць

Лічу, што, працуючы ў раддоме, трэба заставацца пазітыўнай, быць заўсёды ў добрым настроі. Твае асабістыя праблемы і перажыванні не павінны датычыцца пацыентак. Аднойчы ў 1996 годзе, калі мяне прызначылі на пасаду загадчыцы радзільнага аддзялення і пазаштатным раённым гінеколагам, я чамусьці падумала: «Усё, хопіць быць несур'ёзнай, усміхацца, жартаваць. Трэба паводзіць сябе салідна». І вось прыходжу на абход. Сур'ёзным голасам вітаюся, гляджу пацыентак. Іду ў другую палату. Пасля абходу медсястра асцярожна пытаецца: «Тут хворыя цікавяцца, кажуць, напэўна, у Таццяны Васільеўны штосьці здарылася?» Карацей кажучы, адмовілася я ад такой «самавітасці» і вырашыла заставацца сама сабой.

Пра любімую працу

У сям'і ў нас тры сястры – і ўсе пайшлі ў медыцыну. Адна сёлета выйшла на пенсію, другая працуе медсястрой на прыёме з хірургам. Усе мы вучыліся ў Брэсцкім медвучылішчы, але толькі я працягнула вучобу і стала ўрачом. Заканчвала медінстытут, ужо будучы мамай дваіх дзяцей. На шостым курсе вызначаліся са спецыялізацыяй. Ісці ў хірургію муж не дазволіў, лічачы, што два хірургі ў сям'і – перабор. Каб трапіць у акушэрскую групу, трэба было займацца навуковай працай. З маленькімі дзецьмі гэта праблематычна. Мяне адправілі ў тэрапію, але я ведала, што ўсё роўна буду акушэрам-гінеколагам. Увечары пасля заняткаў брала канспекты ў дзяўчынак з акушэрскай групы і займалася самастойна.

Нас з мужам размеркавалі ў Ганцавічы, і высветлілася, што тут патрэбны акушэр-гінеколаг. Мяне адправілі на перанавучанне ў Баранавіцкі раддом. З прыемнасцю прыгадваю загадчыкаў радзалы, аддзялення паталогіі, аператыўнага аддзялення Ніну Кірыла, Таісу Шчогалеву, Ніну Шчуцкую, многіх урачоў, якія мяне ўсім навучалі.

Напрыканцы 1980-х у Ганцавіцкай ЦРБ мы прымалі за год каля тысячы родаў. Даводзілася рабіць усё: і кесарава, і нават экстырпацыю маткі. Зараз у краіне дзейнічае рознаўзроўневая сістэма аказання меддапамогі. Назіраюцца ў нас усе жанчыны раёна, а нараджаюць толькі практычна здаровыя, астатніх накіроўваем у Баранавічы, Брэст ці Мінск. Але працы шмат. Плюс яшчэ як раённы акушэр-гінеколаг выязджаю ва ўсе населеныя пункты для правядзення медаглядаў.

Аб марах

Заўсёды імкнуся ажыццяўляць задуманае. Была ўрачом, атрымала спецыяльнасць, пра якую марыла. Вось, праўда, з вышэйшай катэгорыяй пакуль не склалася – не было часу аформіць і пацвердзіць. Маладосць прайшла ў клопатах, пра нейкія асабістыя жаданні не было калі думаць. Цяпер значна больш магчымасцяў для гэтага. Унук марыць паказаць мне свет, і ў яго ўжо саспеў новы план: «Бабуля, што далей? У горы ці пад ваду?» Смяюся, што ў горы не палезу, а вось пад ваду з аквалангам – папросту!

Фота – Сяргей Міцэвіч.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 76

Журналіст
Глядзіце таксама