
Нарэшце і мы прычакалі зеляніны. Дзьмухаўцы цвітуць, крапіва раскашуе… Самы час яе, маладзенькую, нарваць ды не на віно пусціць, а зварыць першую страву. Паколькі ў беларускай мове няма слова «щи», а ёсць толькі адпаведнікі «капуста» альбо «бацвінне», назаву нашу ўлюбёную страву проста: суп з крапівы.
Вось любяць яе ў нашай сям’і – і ўсё тут! «Гэта… ад беднасці?!» – чула і такое пытанне. Не-а… Гэта – ад турботаў пра здароўе! Хочацца вітамінаў натуральных ды мікра-макраэлементаў. А іх тут, як сцвярджаюць даследчыкі, багата. Гэта і вітаміны А, В, С, Е, К, і медзь, марганец, жалеза, бор, нікель… Ёсць чым захапіцца! Калі няма супрацьпаказанняў да ўжывання, вядома ж.
Але спачатку – пра станоўчае. Крапіва, па прызнанні тых жа даследчыкаў, ужываецца з мэтай прафілактыкі і лячэння анеміі, узмацнення стрававання і паляпшэння абмену рэчываў, выводзіць шкодныя рэчывы з арганізма… І ўвогуле, гэта – своеасаблівы полівітамінны канцэнтрат. І, па меркаванні вучоных, крапіва нават здольная паніжаць узровень цукру ў крыві.
Але… Як заўсёды – ёсць «але»… На жаль. Нельга ўжываць крапіву ў любым выглядзе тым, хто церпіць ад мочакаменнай хваробы, захворванняў нырак. Паколькі яна павышае згусальнасць крыві, нельга есці гэтую траву пры варыкозе. Цалкам забаронена яна пры цяжарнасці і дзецям да трох гадоў. А вось маладым мамам, якія кормяць, есці яе можна і трэба. Калі, вядома ж (і гэта адносіцца да ўсіх), няма на крапіву алергіі.
Ну, а тым, каму можна… Наперад, па карысную пякучку! 40 кілаграмаў збіраць не трэба. Так, добры жмут, каб на суп для сямейнікаў хапіла. І не забудзьцеся пальчаткі! Інакш і есці пасля не захочацца… Па крапіву накіроўваемся ў экалагічна чыстыя месцы. Не збірайце яе ў непасрэднай блізкасці ля ажыўленых транспартных шляхоў, на звалках і г.д. Да таго ж, яна павінна быць яшчэ маладой. Інакш не пражуеце! І карысці ад старой будзе няшмат.
Сабралі, перабралі ў пальчатках?! Можна пачынаць гатаваць. Як заўсёды смяюся, самае смачнае ў супе з крапівы – гэта… курынае мяса! Плюс яйка. Плюс смятана. «Э, дык гэта суп з сякеры?!» – скажаце вы. Ну, не зусім. Чыстую крапіву есці не так ужо і цікава. Хаця можна. Але ж мы не ў Англіі…
Рэцэпт! Пачынаем з прыгатавання булёну з курыцы (хто з якіх яе частак прывык гатаваць). Пасля закіпання ў ваду, апрача птушкі, дадаем таксама цыбуліну з шалупіннем, нарэзаную долькамі моркву і каранёвую пятрушку. Праз гадзіну булён здымаем з агню, працэджваем. Мяса курыцы разбіраем на дробныя кавалачкі і разам з морквай ды пятрушкай вяртаем у булён.
А за той час, пакуль ён гатуецца, маладую крапіву старанна прамываем, апускаем у салёны кіпень, адварваем да мяккасці (у іншай каструлі пры адчыненай накрыўцы). Адкідваем на друшляк, абдаем халоднай вадой. Адціскаем, дробна рэжам, апускаем у булён. Перамешваем і даем яшчэ хвілін 5 пагатавацца…
У талеркі змяшчаем кавалачкі адварнога яйка, зеляніну. Наліваем суп, дадаем смятану і… Смачна есці!
Але навошта нам аддаваць грошы ў тых жа рэстаранах, калі першую страву з крапівы рэальна прыгатаваць самім?! І танней, і смачней, і… Колькі хочаш! Ці не так?!
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.