10 Сакавіка
10.03.2019

А на гэты Дзень жанчын... зажаўцелі кветкі!

logo
Думкі ўслых
164 0 29
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

І я зусім не пра мімозы зараз. І не пра прымулы... Не пра цюльпаны ды архідэі з хрызантэмамі... Не пра куплёныя кветкі, якімі мужчыны на 8 Сакавіка і ў яго пярэдадзень парадавалі сваіх родных, каханых, каляжанак, сябровак, суседак, знаёмых. А пра... дзьмухаўцы! Яны расцвілі!

Не верыце?! Ды і я не паверыла сваім вачам! Яшчэ ніколі на 8 Сакавіка не бачыла квітнеючых сярод мінулагодняй травы то тут, то там жоўтых сонейкаў!

Праўда, ёсць для таго і падставы. Зацвілі яны не абы-дзе, а прама над цеплатрасай. На гэтай шырачэзнай паласе снег растаў найперш. І ўжо даўнавата. Як кажуць, а цяпер давайце вылічым, які маем тут працэнт страты цяпла... Што часцяком не даходзіць да нашых кватэр.

Зрэшты, гэта тэма для разважанняў на зусім іншым рэсурсе. А мы з вамі зараз захапляемся дзьмухаўцамі. Уяўляем, як у разгар вясны (прыемна, што гэта адбываецца штогод!) усё вакол будзе такім жоўтым-жоўтым! Вось тады і трэба шукаць лугі-паляны з дзьмухаўцамі падалей ад ажыўленых трас ды месца выпасу жывёл. Для чаго?! А для таго, каб сабраць іх... на лекі!

Бо гэта толькі ў маленстве з такой асалодай мы маглі паваляцца на казачнай сонечнай палянцы, зусім не думаючы, што ядавіты сок не адмыецца з вопраткі. Альбо зрывалі дзьмухаўцы, каб сплесці з іх вяночкі. А тады доўга не маглі адмыць рукі ад плямаў.

А пасля... Ужо і не памятаю, калі ўпершыню прыйшла мода (менавіта мода, па-іншаму і не скажаш!) на варэнне з дзьмухаўцоў. І яшчэ ў пэўным сэнсе тут быў элемент... гульні. Звары варэнне з 400 дзьмухаўцоў, з 500 кветак... З лімонам, апельсінам ці яшчэ з чым... І мы так старанна лічылі тыя сарваныя кветачкі...

Не буду прыводзіць рэцэпты. У сеціве іх вельмі шмат, і кожны можа выбраць штосьці па густу. Проста хачу нагадаць, што, апрача адмысловага смаку, варэнне (ці мёд) з дзьмухаўцоў мае і лекавыя ўласцівасці. Калі верыць шматлікім даследаванням, гэта гіпаалергенны прадукт, таму з поспехам можа замяніць сабой пчаліны мёд для тых, у каго на яго алергія.

Усяго лыжка варэння дапамагае супакоіць кашаль. А ў цэлым дзьмухаўцовай смакаце прыпісваюць здольнасць зніжаць цукар у крыві, нейтралізаваць павышаную кіслотнасць, паляпшаць абменныя працэсы, змагацца з вольнымі радыкаламі (а значыць, з анкалогіяй), выводзіць лішнюю ваду і таксіны з арганізма... Зрэшты, усё гэта, вядома ж, можна асцярожна праверыць на практыцы. І ўвогуле: падыходзіць гэты прадукт для ўжывання канкрэтнаму чалавеку ці не. І, вядома ж, варэнне з дзьмухаўцоў цалкам не заменіць лекі, як бы мы ў гэта ні верылі.

А верыць у гаючую сілу раслін трэба. Інакш жа не падзейнічае. Такое глыбокае перакананне ў нашай сям’і здаўна. Мо, таму і сапраўды адчуваем эфект ад траў. І гэта не эфект плацэба.

А пацверджанне знайшлі, апрача іншага, каля 10 гадоў таму, пазнаёміўшыся са стаўленнем да сілы раслін вядомай траўніцы Валянціны Травінкі, чые кнігі зрабілі найвялікшае ўражанне і ўплыў.

У адной з іх сярод мноства карысных парад было і пра дзьмухаўцы. Ёю стараемся карыстацца штогод. Трэба нарваць свежыя расліны, беручы ўсю наземную частку: сцябло, лісце, кветкі. Толькі не выдзіраць з коранем! Прапусціць праз мясарубку, адціснуць праз марлю сок... Лепей рабіць гэта ў пальчатках, каб засцерагчы рукі ад плямаў, што цяжка адмываюцца.

Сок пераліваецца ў шкляную бутэльку альбо слоік. Захоўваецца ў халадзільніку. Можна нават цэлы тыдзень там трымаць – яго лекавыя ўласцівасці не зменшацца. Прымаецца па адной сталовай лыжцы 2-3 разы на дзень перад ежай. Абяцаецца амаладжэнне печані і не толькі. Не ведаю, як пасля гэтага пачуваецца печань, а колер твару сапраўды робіцца свяжэйшым. Ды і самаадчуванне лепшае – праверана, і не раз!

Таму чакаем масавага цвіцення маленькіх сонейкаў – і выпрабоўваем іх гаючую моц на сабе! Усім – здароўя!

А тым, хто засумняваўся, што на сёлетнім маім фота менавіта дзьмухавец, а не падбел... Чарговы доказ – будучыя парашуцікі!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

164 0 29

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.