30.10.2020
30.10.2020

А паслязаўтра – лістапад…

logo
Думкі ўслых
0 43
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Традыцыйна дзівячыся хуткаплыннасці часу, мы заўтра праводзім ужо кастрычнік, а паслязаўтра сустракаем лістапад… Той, што «верасню ўнук, а кастрычніку – сын». «У лістападзе кладзі капусту ў кадзі», казалі нашыя продкі. І мы таксама традыцыйна і здаўна назапашваем гэтую карысную гародніну. Альбо заносім у падвал у свежым выглядзе, альбо… робім з яе выдатны прадукт – кіслую капусту. А вы якую больш любіце?!

Лістапад. Кіслая капуста – крыніца вітамінаў.

… Колькі гадоў таму, калі надвор’е асабліва не брыкалася, а было досыць прадказальным і спрыяльным для агародніцтва, якую капусту мы вырошчвалі на сваім дачным участку! «Чэрвеньская», «Каменная галава», «Амагер», «Беларуская», «Слава»… Ранняя, сярэдняспелая і позняя… Белакачанная, квяцістая, брокалі, кальрабі… Мая мілая мамачка ўмела вырошчваць любую. І мы заўсёды былі з ураджаем. І – з кіслай капустай.

«Штосьці вы ўсё пячэце, дзяўчаты, пячэце… Лепей бы капусту квасілі», – заўважае герой Леаніда Кураўлёва ў фільме «Самая абаяльная і прывабная». І мае рацыю! Бо квашаная (кіслая) капуста – сапраўдная крыніца вітамінаў і мікраэлементаў. З яе дапамогай мы падтрымліваем свой імунітэт, што вельмі важна і ўвосень, і ўзімку, і ўвесну… У сезон прастудаў і падчас пандэміі каранавіруса…

У беларусаў здаўна існавала шмат прыкметаў і карысных парадаў, назіранняў на ўсе выпадкі жыцця. У тым ліку – і пра кіслую капусту. Так, напрыклад, самыя спрыяльныя дні тыдня для яе прыгатавання – «мужчынскія»: панядзелак (чамусьці лепшым лічыцца вечар гэтага дня), аўторак і чацвер (самы лепшы дзень).

Лістапад. Шаткуем капусту.

Калі ставіць капусту ў маладзік, яна атрымаецца цвёрдай і хрумсткай. А калі ў апошнія фазы месяца – мяккай. А вам якая больш даспадобы?! 🙂

Даўней капусту прыбіралі альбо пасля першых маразоў, альбо чакалі, пакуль яны прыхопяць качаны прама на агародзе некалькі разоў. І менавіта такую затым шаткавалі і ставілі квасіцца. Але мы традыцыйна маразоў на дачы не чакалі.

А вось падчас працы ў рэдакцыі раённай газеты, калі накіроўвалі нас на дапамогу работнікам сельгаспрадпрыемстваў Чэрвеньшчыны прыбіраць гародніну, дык, памятаю, і моркву прама з-пад снегу даставалі, і капусту ў снезе зразалі! 🙂 Усяго было…

Лістапад. Сразаць капусту пад снегам.

Памятаю, як даўней мае бацькі нарыхтоўвалі даволі шмат кіслай капусты з дапамогай драўлянай шынкоўкі. А затым ужо, асабліва ў апошнія гады, наша мамачка прапаноўвала нарыхтоўваць толькі па патрэбе. Літровы ці паўтаралітровы слоік прыгатавалі, з’елі… Затым наступны.

Менавіта для кіслай капусты даўней мы нарыхтоўвалі журавіны. І гэта таксама было самай любімай справай: падчас спажывання капусты раздаўліваць на зубах кіслыя ягадкі… Смаката! А яшчэ з журавінаў мамачка гатавала выдатны морс, і не толькі калі хтосьці хварэў. А калі з’явіўся халадзільнік з вялікай лядоўняй, як і іншыя ягады, журавіны там замарожвалі. І я любіла іх затым есці проста так…

Праўда, сёлета мы ў балота з татам так і не сабраліся… Затое ёсць успаміны пра мінулую вандроўку… 🙂 Якая ж прыгажосць тады была раніцай на балоце!

Лістапад. Журавіны для кіслай капусты.

Але вяртаемся да кіслай капусты, якая, апроч усяго, нармалізуе састаў кішэчнай флоры. А значыць, вельмі карысная пры прыёме антыбіётыкаў. Да таго ж, яна і сама ўзмацняе выпрацоўку натуральных антыбіётыкаў у арганізме, дапамагае ўзнавіцца пасля прастудаў і ВРВІ. Плюс шмат вітаміну С, жалеза…

Кіслая капуста паляпшае засваенне цынку і магнію, а значыць, спрыяе захаванню псіхічнага здароўя чалавека, паляпшае настрой, дапамагае пераадолець стрэс.

Калі падчас прыгатавання ў капусту не дадаваць цукру, значыць, гэта карысны прадукт для хворых на цукровы дыябет. Але прызнаюся па сакрэце: для мяне кіслая капуста без цукру зусім нясмачная… Таму я заўсёды прасіла мамачку перад падачай на стол асабіста для мяне дадаваць у яе крыху цукру.

Лістапад. Кіслая капуста і цукар.

А вось каму не варта спажываць кіслую капусту, дык гэта людзям у перыяд абвастрэння хваробаў страўнікава-кішэчнага тракта. Панкрэатыт, язвавы каліт, язва страўніка і дванаццаціперснай кішкі?! Капуста кіслая – міма…

Вядома ж, пра яе можна пісаць цэлыя оды! 🙂 Але любы жадаючы можа прачытаць зараз шмат чаго ў сеціве. Таму мы лепей яшчэ напішам оду лістападу! Месяцу, які бывае вельмі прыгожым, калі не ідуць дажджы, затое наведваюцца часцяком замаразкі.

Памятаю адзін такі год… Стаяла сухое надвор’е, ажно надакучыла штодня насіць на абутку пыл. Але лёгкае марознае паветра было вельмі прыемным і карысным для здароўя. І нават прыгажэнная шэрань з’яўлялася на яшчэ не апалым лісці, на пладах шыпшыны, на гронках каліны і рабіны…

Лістапад. Шэрань на  рабінавых гронках.

Якім будзе лістапад сёлетні?! Пабачым. А пакуль прыгадаем яшчэ колькі народнай мудрасці:

«Лістапад снегу навее – хлеба прыбудзе, а вада разальецца – сена набярэцца», «Лістапад на рабой кабыле ездзіць: то снег, то слата», «Прыйшоў лістапад – кармі скацінку, брат», «Камары-таўкуны ў лістападзе – быць лёгкай зіме», «Першы снег з мяцеліцай у лістападзе – зіма яшчэ не ляжа».

Дык сустракайма паслязаўтра апошні восеньскі месяц – і назірайма за народнымі прыкметамі. І няхай спрыяльныя пранозы – спраўдзяцца! 🙂

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 43

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".