16 Чэрвеня
16.06.2019

А ў нас сёння – Тройца! Гайда бярозкі завіваць-заплятаць!

logo
Думкі ўслых
196 0 61
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Тройца, Сёмуха, Пяцідзясятніца… І традыцыйная еднасць царкоўнага з народным. Прыгожае вяснова-летняе свята, калі цэрквы і хаты ўпрыгожваюць зялёнымі галінкамі дрэў. І называюцца яны – «май»! А вы ўжо зрабілі гэтак?!

Нават не памятаю, з якога часу прыжылася такая традыцыя ў нашай сям’і: добра прыбраўшы напярэдадні свята кватэру (а калі траплялі на дачу, дык тамтэйшы дамок), у кожны пакой змяшчалі па тры зялёныя галінкі. Звычайна гэта былі бяроза, клён, дуб… Апошні часам замяняўся рабінаю, як сёлета. Бо не так-то проста ў бліжэйшым наваколлі адшукаць патрэбнае дрэва…

Галінкі дуба люблю пяшчотна! Раней, калі над ложкам была свяцільня, змяшчала на Тройцу галінку за яе. Высыхаючы, яна так прыемна пахла! Быццам я ў лазні вясковай, дзе запарваецца дубовы венік…

Клён для мяне – на другім месцы пасля дуба. Прыгожая сёлета яго галінка, разлапістая. А «то бярозка, то рабіна» займаюць у маёй душы пачэснае трэцяе месца. Хаця… Бярозка павінна быць першай! Бо менавіта яна – сімвал Тройцы-Сёмухі. Магчыма, калісьці нашы далёкія продкі абралі яе, бо адной з першых так прыгожа распускаецца ўвесну…

Колькі гадоў таму, калі мы шмат вандравалі па Беларусі ў арганізаванай групе, якраз на Тройцу наведвалі знакавыя мясціны, у тым ліку і храмы. Памятаю, як уразілася, упершыню ўбачыўшы там… цэлыя бярозы! Ссечаныя, яны ўпрыгожвалі царкву. Але штосьці мне падалося, што гэта занадта ўжо. Адна справа – маленькая галінка, і зусім іншае – цэлае дрэўца. Толькі што ёсць, тое ёсць. Не перайначыш. А вось што спадабалася, дык гэта цудоўны водар свежай зеляніны і кветак, у якія таксама прыбралася царква.

Нашы продкі верылі, што ў гэтыя дні менавіта бярозкі назапашвалі лекавыя ўласцівасці. Таму карысным лічыўся настой з іх лісця. А галінкі, прынесеныя ў хату, лічыліся абярэгам ад злых духаў.

Зразумела, каб народныя рэцэпты супраць хвароб дапамагалі, у іх трэба шчыра верыць. Гэта я да чаго? Ды вось прачытала, што на Тройцу лекавай лічылася нават… раса. Яе таксама збіралі з раніцы.

А яшчэ дзяўчаты гадалі на Тройцу на суджанага. І абрады былі звязаныя з бярозамі! Іх, абрадаў, у кожнай мясцовасці вельмі шмат, падобных і адмысловых. Усіх не пералічыць! Але сэнс зводзіўся да таго, што галінкі бярозкі альбо трэба было завіць-заплесці на дрэве перад Тройцай ці ў гэты ж дзень, альбо зрабіць з іх вянкі.

А затым, на Тройцу ці праз тыдзень, іх развівалі-распляталі. Бо лічылася, што калі гэтага не зрабіць, дрэва можа… пакрыўдзіцца. Як і тады, калі менавіта ў гэты дзень хтосьці захоча зрабіць сабе бярозавы венік для лазні. Не крыўдзіце дрэўца!

Паколькі Тройца – свята царкоўнае, вельмі важнае, забараняецца ў гэты дзень працаваць, асабліва цяжка фізічна, вязаць, вышываць… Толькі святкаваць! Перад гэтым наведаўшы службу ў царкве, калі чалавек веруючы.

У сям’і маёй мамы ў традыцыях было не толькі добра вышараваць падлогу ў хаце, але і пакласці на яе свежы аер. Мама кажа, што і да гэтага часу памятае той водар. Аднойчы мы зрабілі так у дамку на дачы. Пах сапраўды адмысловы, свежы-свежы!

І завівала мама з сяброўкамі бярозкі шмат разоў. А затым прама там, у лесе, яны частаваліся тым, што прынеслі з дому. Звычайна гэта былі немудрагелістыя стравы і прадукты: драчона, каўбаса, хатні сыр са смятанай, аладкі з мёдам. А запівалі ўсё гэта сітро – разліўным напоем ружовага колеру, які маміна мама, мая бабуля, купляла ў буйным населеным пункце спецыяльна напярэдадні Тройцы.

Успаміны маленства… Самыя яркія, самыя прыемныя… Яны саграваюць не толькі самога чалавека, але і яго родных. Я заплюшчваю вочы – і бачу вясковую хатку, «май» за бэлькамі і маю маму – дзяўчынку-падлетка, якая з сяброўкамі адзначае Сёмуху…

Са святам усіх вас, шаноўныя сябры! Няхай дзень будзе сонечным, пяшчотным, душэўным. І куды б вы ні накіроўваліся – у царкву ці ў лес, да рэчкі ці ў поле, няхай узнёсласць і кранальнасць Тройцы саграваюць вашыя сэрцы.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

196 0 61

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.