31.12.2018
31.12.2018

А віншаванні – самыя найлепшыя!

logo
Думкі ўслых
0 38
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Традыцыйна снежань пакаціўся кумільгам з гары... Усё хутчэй, хутчэй і хутчэй. І зноўку мы не паспелі нават азірнуцца і задумацца, як сёння ўжо – 31 снежня. Пярэдадзень завабліва-таямнічага свята.

З самага ранку мы плануем свае шматлікія справы. І заадно ствараем святочны настрой. Хочацца пажадаць усім, каб дзень не праляцеў гэтак жа, як і ўвесь снежань... З гары... А запомніўся! Выдатным настроем, цікавымі справамі, нечаканымі сюрпрызамі ды рознымі іншымі прыемнасцямі.

Рэжаце салацікі?! Уключаем любімы фільм. Пераважна ён ідзе фонам, але раз-пораз атрымаецца і зірнуць адным вокам на экран тэлевізара ці манітор ноутбука. Але ж некаторыя фільмы можна слухаць – і выдатна ўяўляць сабе ўсё, што там адбываецца.

«Іронія лёсу, альбо З лёгкай парай», «Іронія лёсу-2», «Снежны анёл», «Сірата казанская», «Француз», «Прыходзь на мяне паглядзець», «Чарадзеі», «Бедная Саша», усе «Ёлкі» (абсалютнае захапленне!), « Навагоднія сваты», «Ноч зачыненых дзвярэй»...

Вось далёка не поўны пералік цудоўных экранізаваных святочных гісторый! І калі вы, зірнуўшы на гэты спіс, раптам прыгадаеце, што даўно ўжо хацелі перагледзець гэта, гэта і яшчэ вось гэта... Толькі не памяталі, што такія ёсць... Буду рада, калі хаця б крышачку паспрыяла вашаму добраму настрою!

А настрой абавязкова павінен быць добрым! Ну проста абавязкова! Таму даю ўсім устаноўку! Сёння ў нас свята, свята і толькі свята. Усе думкі – радасныя, натхнёныя, прыемныя, заваблівыя, чароўныя... І няхай яны пануюць сёння цэлы дзень, цэлую ноч... І каб на пачатак студзеня іх таксама хапіла!

Спадзяюся, вы не забыліся прыдумаць забаўлянкі для гасцей, калі яны ў вас будуць?! Ды і для сямейнікаў нядрэнна было б. Жарты, розыгрышы, загадкі з міні-прызамі, самымі нечаканымі і даволі смешнымі... Яшчэ ёсць час! Сеціва вам у дапамогу!

А ўвогуле, гэтыя святочныя суткі проста павінны быць удалымі. Ды што там павінны! Абавязаны! І няхай знойдзецца месца цуду, хаця б маленькаму. Але самаму сапраўднаму. Я шмат ужо гэтага жадала ўсім нам на працягу перадсвяточнага тыдня. І шчыра жадаю зноў, сёння, у дзень фактычна магічны. Няхай спраўджваецца! І Дзеда Мароза са Снягуркай вам у госці!

А калі срэбны перазвон званочкаў на конях Дзеда Мароза, гадзіннікавых стрэлак на вежы, келіхаў з шампанскім наблізіцца да  нас на адлегласць выцягнутай рукі, паспейце загадаць сваё самае таемнае жаданне! І ў нас будзе наперадзе цэлы год (!!!), каб верыць і спадзявацца, што яно спраўдзіцца.

З надыходзячым Новым годам вас, шаноўныя сябры! Здароўя і шчасця, радасці і ўдачы, кахання і шанцавання, дабрабыту, пяшчоты і пабольш нагод для радасці! Дзякуй усім, хто быў з намі, сайтам «Слушна»! І – да сустрэчы ў 2019!!!

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

0 38

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.