09.10.2019
09.10.2019

А вы б пайшлі?! Да доктара прыватнага?!

logo
Здароўе
0 42
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ужо які дзень не выходзіць з галавы допіс нашага журналіста Ганны Кручковай пра ўрача Сяргея Каваленку, які вырашыў распачаць сваю справу ў Лельчыцах, і не памыліўся.

Па-першае, сапраўды ўразіла тое, што паслугі прыватных урачоў запатрабаваныя ў правінцыі. Па-другое, даволі пад’ёмны кошт. І заўважце, я не параўноўваю яго з коштам такой жа паслугі ў сталічных медцэнтрах. І мэты нават не было. Проста адзначыла для сябе, што на платную кансультацыю да тэрапеўта (я ж таксама з правінцыі) за 8-12 рублёў пайшла б… А вы?!

 ўрач Сяргей Каваленка ў Лельчыцах

І пайшла б не толькі з-за невысокага кошту, а з-за таго, што не на 2 хвіліны ў кабінет. І што цябе ўважліва выслухаюць і з табой паразмаўляюць… Бо там не будзе «канвеера»… Вось! Вось тая галоўная прычына, па якой бы я – пайшла б! А так… Смейцеся-не смейцеся, абурайцеся-не абурайцеся, а сапраўды часцей атрымліваецца вядомае: «Гугл нам у дапамогу».

Ведаю, што зараз крамолу скажу, але гэта маё, асабістае: а вось жа і дзейнічае, і спрацоўвае… У многіх выпадках. Бо я – зусім не аматар хадзіць па ўрачах. І не аматар медыкаментознага лячэння, асабліва пры прастудзе альбо заражэнні ад некага. Няма высокай тэмпературы – няхай арганізм сапраўды змагаецца сам. І змагаецца ж!

Хаця калі б быў прыватны ўрач, які ўжо мяне ведае, якому я давяраю… Дык чаму б і не перастрахавацца?! Асабліва ў правінцыі. Дзе прыватны ўрач, як мне падаецца, хутка стаў бы сінонімам «сямейны ўрач». Менавіта па гэтай прычыне: ведае цябе, тваю сям’ю і можа нават прыгадаць, з чым прыходзіла мінулы раз.

Таму з такой настальгіяй я прыгадваю нашых тэрапеўтаў і не толькі – старой загартоўкі. Не скажу, што раней хварэла больш. Так, здараліся прастуды, калі трэба было атрымаць вызваленне ад «папраўчых» (жартую!!!) работ кшталту прыбірання замерзлай морквы з калгасных палеткаў пад снегам увосень.

Ага, добраахвотная дапамога сельгасарганізацыям раёна. З рытарычным пытаннем: «А чаму мне ў маёй працы ніхто не дапамагае?!» І часта ж пасля такой дапамогі людзі роўненька так траплялі на бальнічны…

Ужо не раз і не два пісала пра тое, што нашы даўнейшыя ўрачы, ураджэнцы горада альбо прыезджыя, якія і засталіся тут на ўсё жыццё, добра ведалі сем’і на сваіх участках. І нават сумненняў у іх не ўзнікала, што ты сімулююеш, дрэнна лечышся, каб працягнуць бальнічны… Ды і ў той час я наведваннямі паліклінікі ніколі не злоўжывала!

А зараз… У паліклініцы – маладыя спецыялісты. Прыязджаюць штогод. Два гады адпрацавалі – з’ехалі, два гады адпрацавалі – з’ехалі. Пакуль застаюцца тыя, хто замужам (жанаты) і атрымалі арэнднае жыллё. А так…

Наведвальнік, пенсіянер: прастуда, кашаль, насмарк. Тэмпературы няма, бо хварэе пару тыдняў. На самым пачатку была. Ну што сказалі ў паліклініцы, паглядзеўшы і паслухаўшы?! Усё ОК. Як кажуць, без каментарыяў… У чарговы (!!!) раз. А на кагосьці накрычалі (???)… А кагосьці не прынялі, бо талоны скончыліся. А чалавеку блага. А ў доктара працоўны дзень скончыўся.

І вы ж ведаеце, чаму многія не скардзяцца. Так! Таксама ўжо згадвала пра гэта. Яшчэ калі працавала ў раённай газеце. Бо баяцца. Яшчэ ж звяртацца давядзецца… А раптам не прымуць, дапамогі не акажуць, накрычаць-насварацца… Чаго нельга было сабе нават уявіць, калі ўрачы былі – добра знаёмыя.

А вы ведаеце, як многія гэтага баяцца?! Беспрычыннага крыку ў розных арганізацыях-установах, куды просьбітам прыходзяць. Калі ў нас дома не прынята араць, я проста ўся сціскаюся, калі раптам дзесьці ў кагосьці трапляю пад гарачую руку.

І ўвогуле, хіба гэта нармальна?! Чалавек кудысьці прыйшоў па дапамогу, а на яго пачынаюць равець, што не там стаў, не там сеў, не так зайшоў…

Што тычыцца героя аповеду маёй каляжанкі Ганны Кручковай Сяргея Каваленкі, дык я ім проста захапляюся! Асабліва тым, што справіўся з усімі «замарочкамі» (а па-іншаму просты чалавек гэта і не назаве), выканаў патрабаванні многіх арганізацый-устаноў, якія даюць допуск…

Тут бы і сам падумаў пра адкрыццё сваёй справы (не ў галіне медыцыны, не!!!). Але як уявіш сабе, што трэба і тое, і тое, і тое… Здаешся. Не паспеўшы распачаць. Хаця і хацелася б. Эх, нерашучы я чалавек!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 42

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".