20 Лютага
20.02.2019

А вы колькі разоў – чалавек?!

logo
Думкі ўслых
174 032
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Крылатае выслоўе «Колькі моў ты ведаеш, столькі разоў ты чалавек», думаю, знаёмае многім. А для кагосьці, магчыма, менавіта яно сталася стымулам для вывучэння моў замежных. Між іншым, вучоныя сцвярджаюць, што для нашага мозга больш карысна ведаць некалькі моў, няхай сабе і недасканала, чым яшчэ адну, але добра… А чаму сёння размова пра гэта? Ды таму, што мы знаходзімся напярэдадні цікавай даты!

Кажуць, мова мая аджывае

Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.

Для мяне ж яна вечна жывая,

Як раса, як сляза, як зара.

Напісаўшы ў свой час гэтыя радкі, беларускі паэт Пімен Панчанка выказаў пачуцці многіх беларусаў. І мае ў тым ліку.

А вы ведаеце, колькі ў свеце налічваецца моў? Больш за 6 тысяч. І палова знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Таму для іх захавання і распаўсюджвання рашэннем ЮНЕСКА ў 1999 годзе дзень 21 лютага быў абвешчаны Міжнародным днём роднай мовы. Упершыню яго адзначылі ў 2000-м.

Зацікавіўшыся пытаннем, як уздзейнічае вывучэнне яшчэ адной мовы на здароўе чалавека, найбольш сустракаю ўзгадкі пра мову замежную. Але для тых жа расіян беларуская часцяком таксама гучыць гэтак жа – незразумела. І адмысловае вымаўленне зацвярдзелых гукаў даецца далёка не кожнаму з іх. Як і сэнс беларускіх слоў, не падобных да рускіх.

Дык вось вывучэнне другой мовы, як сцвярджаюць вучоныя, не толькі садзейнічае развіццю інтэлекту і памяці, але і зніжае рызыку старэння мозгу, развіцця дэменцыі і хваробы Альцгеймера! А яшчэ падчас гэтага працэсу расце наш мозг! Дакладней – яго асобныя вобласці. «Змяніце мову – і ваш мозг будзе працаваць па-іншаму», – кажуць даследчыкі. І маюць рацыю.

А я прыгадваю сваю працу ў СШ №4 г.Чэрвеня, выкладанне беларускай мовы і літаратуры ў сярэдніх і старэйшых класах. Не раз і не два мне даводзілася шмат займацца індывідуальна з асобнымі школьнікамі, якія прыязджалі на пастаяннае месца жыхарства з іншых краін былога Савецкага Саюза ў Беларусь. І практычна ва ўсіх іх, незалежна ад паспяховасці, выяўляліся такія цікавыя погляды на нашы моўныя асаблівасці… Яны задавалі такія пытанні, якіх я ніколі не чула ад карэнных беларусаў – носьбітаў мовы. Гэтыя заняткі былі карыснымі не толькі для іх, але і для мяне.

Прыгадваецца і мой першы беларускамоўны клас у нашай рускамоўнай школе. Апрача гарадскіх, у мяне навучаліся дзеткі з дзвюх бліжэйшых (фактычна ў рысе горада) вёсак. Як жа яны стараліся! І як добра ішло ў іх вывучэнне менавіта роднай мовы! Яшчэ і бацькоў сваіх выпраўлялі! Бо дома размаўлялі пераважна на «трасянцы».

А вось з чым у многіх была натуральная праблема, дык гэта з пераключэннем з рускай мовы на беларускую і ў адваротны бок. Бо руская мова вывучалася паралельна. Блыталіся. Зрэшты, да чацвёртага класа ўжо рэдка хто ўлепліваў тое ж рускае «и» ў беларускай мове ды «і» – у рускай. Развіваліся. Засяроджваліся. Кантралявалі. І працаваў іх мозг, працаваў напружана!

Затым былі дзеткі з другога беларускамоўнага класа, якіх я ўзяла ў чацвёртым і разам з імі як класны кіраўнік і выкладчыца роднай мовы і літаратуры пайшла да дзявятага. Ды іншыя класы, у якіх выкладала прадметы. І мне прыемна, што некалькі вучняў пасля заканчэння школы абралі прафесію настаўніка роднай мовы.

Як часта даводзіцца чуць: «Не, я ўжо стары (старая) для вывучэння мовы замежнай. Мазгі не тыя…» Але хіба можам мы ведаць рэзервы свайго арганізма?! А калі ўсё ж паспрабаваць? Калі не з замежнай, дык хаця б з блізкай, роднай, беларускай мовы?! І заўтрашні дзень, як мне падаецца, цудоўная для гэтага нагода…

З надыходзячым святам усіх вас, шаноўныя сябры! З Міжнародным днём роднай мовы! Не саромцеся размаўляць па-беларуску! Поспехаў усім у вывучэнні мовы. Ці нават – некалькіх!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

174 0 32

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.