26.02.2021
26.02.2021

А вы любіце казкі?! Прыгадайце іх сёння…

logo
Думкі ўслых
0 062
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Казкі ў шырокім сэнсе – гэта не толькі тыя літаратурныя творы альбо элементы вуснай народнай творчасці, якія нам напачатку чыталі ці пераказвалі ў маленстве, а потым мы самастойна вандравалі ў іх неабсяжны дзівосны свет. Многія кнігі зараз – таксама своеасаблівыя казкі. А як часта мы вымаўляем, экспрэсіўна звяртаючыся да субяседніка: «Не расказвай мне казкі!» І ўсё ж казкі – гэта добра, гэта своеасаблівыя лекі, псіхалагічная дапамога, падтрымка для здароўя, калі хочаце… Таму давайце прыгадаем сёння свае любімыя! А нагода – Дзень пераказвання казак.

Казкі. Казкатэрапія. дзень пераказвання казак.

Памятаючы сябе дзесьці з гадоў трох, прыгадваю, як пераказвала мне казкі бабуля Ксенія, маміна мама, якая пераехала да нас у вёску Клінок, што на Чэрвеньшчыне, са Смаленшчыны, беларускай яе часткі. Дзіцячая памяць у мяне была ўчэпістая. Зразумела, што многія казкі «з голасу» таксама былі ў хуткім часе вывучаныя на памяць.

Але аднойчы, калі я сама, малая, распавядала адну з казак сямейнікам, загаварылася. І з дзвюх атрымалася адна. Смеху было! Асабліва ад брата, старэйшага за мяне на чатыры гады. Той свой «промах» памятаю і да гэтага часу. Нават словы казак гучаць у вушах у маім дзіцячым выкананні…

Добра запомнілася кніга казак з нашай Кліноцкай бібліятэкі. Назву не памятаю. Але памятаю вокладку – шэрую, быццам з мешкавіны. І якімі цікавымі былі казкі адтуль! Ужо стаўшы дарослай, спрабавала адшукаць тую кнігу, толькі марна. Так і засталася яна прыемным дзіцячым успамінам.

Казкі. Казкатэрапія. Любімыя кнігі дзяцінства.

І зараз перад вачыма вокладка дзіцячай кнігі пад назвай «Гаршчочак, вары!» А можа, нават і сама кніжачка яшчэ захавалася. Бо некаторыя дзіцячыя, вытрымаўшы пераезды, і цяпер ёсць у нашай хатняй бібліятэцы. Праўда, на самых верхніх паліцах. Але нават і думкі няма здаць іх у макулатуру ці проста выкінуць. Гэта ж такія ўспаміны маленства! Цэлы асабісты свет…

Думаю, усе чулі пра такі кірунак у псіхалогіі і педагогіцы, як казкатэрапія?! Магчыма, нават праходзілі тэсты, як я калісьці, дзе патрабавалася назваць свае любімыя казкі, а ў адказ распавядалі пра рысы характару і г.д.

Па шчырасці, стаўленне ў мяне да гэтага неадназначнае. З аднаго боку, вельмі добра, што псіхолагі дапамогуць дзецям, а то і дарослым, пазбавіцца ад пэўных страхаў, скарэктаваць паводзіны, разабрацца ў сабе, змяніцца ў чымсьці, развітацца з даўнімі праблемамі… А з іншага… Ну гэта ж нашы казкі! Нашы добрыя дзіцячыя казкі! Якія мы ў маленстве проста чулі, чыталі і пераказвалі, не ўнікаючы, наколькі яны ўплываюць на наша жыццё і на кожнага з нас як асобу…

Казкі. Казкатэрапія.

Часцяком чытаю ў мастацкай літаратуры, асабліва замежных аўтараў, пра абавязковае наведванне псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў… Так, мы да гэтага не прывыклі… Нам гэта падаецца дзіўным. Зразумела, у сур’ёзных сітуацыях такая дапамога проста неабходная. Асабліва зараз, з-за шалёных перагрузак – інфармацыяй, эмоцыямі, стрэсам, дрэннымі навінамі… І тая псіхалагічная дапамога, пра якую ў нашым дзяцінстве і юнацтве мы нават і думаць не маглі, у многім зараз становіцца рэальнасцю і неабходнасцю.

А казкі… Лячэнне з дапамогай казак у параўнанні з тым жа медыкаментозным зараз падаецца цудоўнай прыдумкай, ці не так?! Хаця гэта, па ўсім відаць, не такая ўжо і лёгкая справа…

Але сёння я не прапаную вам лячыцца казкамі, не-не! Проста захапіцца імі як літаратурнымі творамі, творамі вуснай народнай творчасці. Прыгадаць свае любімыя. Пераказаць камусьці з сямейнікаў, сяброў, знаёмых. Бо я па-ранейшаму веру, што Сусвет нас чуе і бачыць. І акамулюе дабрыню ад усіх.

Казкеі. Акумуляцыя дабрыні ў Сусвеце.

Асабіста я ганаруся знаёмствам (рэальным і завочным) з пісьменнікамі-казачнікамі (і казачніцамі!) Таццянай Сівец, Генадзем Аўласенкам, Аленай Масла, Наталляй Бучынскай… Людзі, якія пішуць для дзяцей, пішуць казкі, для мяне асаблівыя.

Больш добрыя, душэўныя, умеюць спачуваць і суперажываць, калі чалавеку дрэнна, умеюць разгледзець стан свайго субяседніка, зразумець яго… І так хочацца, каб такіх казачнікаў і казачніц у нас было пабольш! Бо яны сапраўды дапамагаюць зрабіць гэты свет лепшым.

Віват, казкі! Сёння – ваш выхад! І казачнікі-казачніцы – калі ласка, на паклон! 🙂

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

0 0 62

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.