04.02.2020
04.02.2020

Ад прафілактыкі да рэабілітацыі. Самае важнае пра рак

logo
Здароўе дарослых
0 42
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Колькі б разоў ні асвятлялася тэма анкалогіі, пытанні ўсё адно застаюцца. Гэта звязана з высокай распаўсюджанасцю хваробы і невыкараняльным страхам перад ёй.

На сустрэчы з пацыентамі і іх блізкімі падчас эстафеты «У імя жыцця» тэрапеўт кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ анкалогіі і медрадыялогіі імя М.М.Аляксандрава Таццяна Заўялава яшчэ раз закранула найбольш важныя пытанні, звязаныя з анкапаталогіяй. Прапануем іх вашай увазе.

Таццяна Заўялава

Адкуль бярэцца хвароба

Возьмем ідэальнага пацыента, які акрамя прастуды нічым у сваім жыцці не хварэў. У пэўны момант у яго ўзнікае моцны боль у горле, абцяжаранае глытанне, павышаецца тэмпература. Западозрыць дыягназ вострага танзіліту, або па-простаму ангіны, нескладана. І калі лячэнне пачатае адразу, граматна падабраныя антыбіётык і антыгістамінны прэпарат, палёгка надыходзіць ужо праз 1-2 прыёмы лекаў.

З хранічнымі працэсамі, да якіх адносяцца анкалагічныя захворванні, справа ідзе значна складаней. Фактараў, што правакуюць узнікненне злаякасных новаўтварэнняў, вялікае мноства. Але часцяком прырода хваробы да канца застаецца нявысветленай.

Анкалогія. Нявысветленая прырода ўзнікнення раку.

 
Таццяна Заўялава
Тэрапеўт кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ анкалогіі і медрадыялогіі імя М.М.Аляксандрава
У пэўны момант у арганізме адбываецца паломка, генетычная мутацыя. Клетка губляе сваю здольнасць, запраграмаваную першапачаткова да самазнішчэння, і пачынае бескантрольна дзяліцца. Калі імунная сістэма ў нармальным стане, яна хутка распазнае гэтую паломку: клеткі, так званыя «натуральныя кілеры», знаходзяць «мутанта» і знішчаюць яго. Ёсць і іншы варыянт – фарміраванне капсулы, г.зн. утвараецца мікрапухліна, якая далей не развіваецца.

Але калі імунная сістэма па пэўных прычынах аслабленая, яна можа наогул не адрэагаваць на з'яўленне мутантнай клеткі ці не справіцца з ёй. Хвароба паступова прагрэсуе.

Анкалогія. Прагрэсаванне захворвання.

Якія сімптомы паказваюць на магчымы анкапрацэс?

У адрозненне ад вострых станаў, пры хранічным працэсе сімптомы не так ярка выяўленыя і адказ на лячэнне больш павольны. На ранніх стадыях рак наогул можа не даваць ніякіх праяў. Ад пачатку захворвання да з'яўлення першых сімптомаў могуць прайсці гады і нават дзесяцігоддзі.

 
Таццяна Заўялава
Тэрапеўт кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ анкалогіі і медрадыялогіі імя М.М.Аляксандрава
На адрэзку ад мікрапухліны да паўнавартаснай макрапухліны могуць з'яўляцца «сцёртыя» сімптомы: стамляльнасць, пачуццё стомленасці, дыскамфорт у жываце, млоснасць, пякотка, расстройства стула... У звычайным жыцці гэтыя праявы мала прыкметныя або лёгка апраўдваюцца пэўнымі бытавымі момантамі: з'еў не тое; на працы аўрал – адсюль стомленасць, і г.д.

Анкалогія. Стомленасць на пачатку захворвання.

Акрамя згаданых сімптомаў, чалавек можа заўважаць змяненне густу, апетыту, нематываванае зніжэнне вагі, парушэнні сну. Дарэчы, кашмары, бяссонніца, трывожны «ірваны» сон – гэта важны фактар.

Самнолагі сцвярджаюць, што сны з'яўляюцца вынікам апрацоўкі інфармацыі, атрыманай як з навакольнага свету, так і знутры, з уласнага арганізма. Гэта значыць, сімптомаў яшчэ няма, але паталагічныя працэсы ўжо запушчаныя, і арганізм спрабуе паведаміць пра гэта праз сны.

Таму важна быць уважлівым да свайго здароўя і не ігнараваць любыя адхіленні.

Пры гэтым не трэба ўпадаць у крайнасці!

Адна з іх – доўга і ўпарта не рэагаваць на сігналы, якія падае арганізм. Іншая – ледзь што бегчы і абследавацца па поўнай. Абедзве гэтыя катэгорыі пацыентаў уяўляюць для ўрача складанасці.

Анкалогія. Паводзіны тых, хто захварэў.

 
Таццяна Заўялава
Тэрапеўт кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ анкалогіі і медрадыялогіі імя М.М.Аляксандрава
Канцэрафобія – боязь захварэць на рак – атрымлівае ўсё большае распаўсюджванне. І гэта можна растлумачыць: у асяроддзі, мабыць, кожнага з нас ёсць людзі з анкапаталогіяй; у СМІ гучна і шырока асвятляюцца хваробы медыйных персон і г.д. Усё гэта дзейнічае прыгнятальна і павышае градус напружання. У такой атмасферы ў чалавека, схільнага да канцэрафобіі, эмацыянальна афарбаваныя «сімптомы» з кожным днём узмацняюцца. Ён абследуе ўсё і ўся. І... вельмі моцна хвалюецца, калі раку не знаходзяць: значыць, дрэнна шукалі! І пачынае абследавацца зноў…

Калі сцёртыя, няярка выяўленыя сімптомы захоўваюцца на працягу аднаго месяца – ісці на кансультацыю да тэрапеўта трэба абавязкова і неадкладна. Лепей – раней. Пры гэтым важна захоўваць галаву халоднай і не прызначаць сабе абследаванні самастойна. Млоснасць і пякотка, напрыклад, у шмат разоў часцей сведчаць пра дыспенсію ці гастрыт, чым пра рак страўніка.

Рак. Пра што можа сведчыць пякотка.

Рак – не грып. Ізаляцыя шкодная

Чуткі пра тое, што анкалогія мае вірусную прыроду, на жаль, да гэтага часу на слыху. Шмат у чым гэта тлумачыцца тым, што шырокае распаўсюджанне атрымаў вірус папіломы чалавека – асноўны ўзбуджальнік раку шыйкі маткі. Тут важна разумець, што гэта не вірус грыпу, які перадаецца паветрана-кропельным шляхам. І цурацца анкапацыентаў, баючыся «заразіцца», не толькі бессэнсоўна, але і шкодна. Так знікаюць сябры, бурацца сям'і, абрываюцца сацыяльныя сувязі... Цяжкі псіхалагічны стан, у якім знаходзіцца чалавек з-за хваробы, толькі пагаршаецца.

 
Таццяна Заўялава
Тэрапеўт кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ анкалогіі і медрадыялогіі імя М.М.Аляксандрава
Сапраўды, у 90% выпадкаў рак шыйкі маткі развіваецца ў пацыентак, якія былі інфіцыраваныя вірусам папіломы чалавека. Але з моманту ўкаранення віруса да развіцця паўнавартаснага анкапрацэсу праходзіць 7-10 гадоў. Калі рэгулярна наведваць гінеколага, высокая верагоднасць распазнаць хваробу ў пачатковай стадыі. Лячэнне ў гэтым выпадку заўсёды значна больш простае і хуткае. І эфектыўнае.

Рак. Вірус папіломы чалавека.

Зараз у Беларусі шырока ўжываецца эфектыўны метад прафілактыкі супраць віруса папіломы чалавека – вакцынацыя. Максімальная эфектыўнасць прышчэпкі даказаная пры прымяненні ў падлеткаў да пачатку палавога жыцця (у сярэднім 12 гадоў). Прычым, мае сэнс прышчэплівацца не толькі дзяўчынкам, але і хлопчыкам.Зараз даступная вакцына ад 9-і анкагенных вірусаў ВПЧ.

Скрынінг раку

У Беларусі навукова пацверджаная эфектыўнасць трох скрынінгавых праграм (акрамя раку шыйкі маткі): раку малочнай залозы, раку прадсталёвай залозы і каларэктальнага раку.

Скрынінгавыя праграмы ўяўляюць сабой маштабныя прафілактычныя абследаванні сярод людзей пэўнай узроставай катэгорыі, якія праводзяцца на базе ўстаноў аховы здароўя гарадскога, раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

Рак. Скрынінг раку малочнай залозы.

  • Скрынінг па раку малочнай залозы праводзіцца сярод жанчын ад 50 да 69 гадоў з дапамогай праходжання мамаграфіі (1 раз у 2 гады).
  • Скрынінгавыя абследаванні на рак прадсталёвай залозы рэкамендаваныя мужчынам ад 50 да 65 гадоў таксама 1 раз у 2 гады. Пры дапамозе лабараторных даследаванняў вызначаецца ўровень утрымання прастат-спецыфічнага антыгена ў крыві.
  • Скрынінг па каларэктальнаму раку (ці раку тоўстага кішэчніка) мае на ўвазе аналіз калу на схаваную кроў. Праводзіцца 1 раз у 2 гады сярод людзей ва ўзросце ад 50 да 60 гадоў.

Рэгулярныя агляды ў гінеколага – ідэальна 1 раз у 6 месяцаў, але не радзей за 1 раз на год – таксама можна ўмоўна аднесці да ранніх скрынінгавых абследаванняў. Падчас агляду ўрач бярэ мазок на анкацыталогію, па якім можна вызначыць наяўнасць (або адсутнасць) атыповых клетак.

Перадрэабілітацыя

У адрозненне ад рэабілітацыі як важнага этапу для аднаўлення чалавека пасля перанесенай хваробы і актыўнага лячэння, перадрэабілітацыя – паняцце, якое толькі пачынае набываць шырокае распаўсюджанне. Гэта комплекс мерапрыемстваў, які праводзіцца на этапе ад моманту пастаноўкі дыягназу да пачатку лячэння. За апошнія 5 гадоў на захадзе было праведзенае некалькі даследаванняў па перадрэабілітацыі, якія даказалі яе высокую эфектыўнасць. Перадрэабілітацыя ўключае тыя ж пункты, што і актыўная рэабілітацыя: адмова ад шкодных звычак, акцэнт на правільнае здаровае харчаванне, забеспячэнне адэкватнай фізічнай актыўнасці, стабілізацыя псіхаэмацыянальнага стану.

Даследаванні паказалі, што пры забеспячэнні ўсіх перадрэабілітацыйных мераў праз 2 тыдні пасля аперацыі па выдаленні лёгкага мужчыны ўжо займаліся на велатрэнажорах і выдатна сябе адчувалі.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 42

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».