02.05.2023
02.05.2023

Ад пупарэзніцы да акушэркі. Як прымалі роды на Беларусі

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Да паслуг павітух звярталіся раней усе жанчыны незалежна ад саслоўя. Ад таго, наколькі дасведчанай была прадстаўніца гэтай прафесіі, залежалі і роды, і далейшы стан маці і дзіцяці. Таму прафесійныя павітухі былі на вагу золата.

Мы раскажам вам, як яны працавалі, якія патрабаванні да іх прад’яўляліся і якой была ідэальная акушэрка ў старажытнай Беларусі.

Баба-пупарэзніца

Жанчын сталага веку, якія прымалі роды, у народзе называлі бабкамі-павітухамі. Была такая сабе жанчына-вядуння, знахарка, якая ведала спосабы барацьбы з некаторымі гінекалагічнымі захворваннямі, умела прыняць роды, перавязаць пупавіну ў немаўляці. Таму і называлі часта яе не толькі прымальніцай, праз тое, што прымала яна немаўля з улоння маці, а яшчэ і бабай-пупарэзніцаю і бабай-пупавязніцаю, паколькі працэдуру пераразання пупавіны і яе апрацоўку таксама пакладалі на знахарку. Прычым існаваў звычай адметнага перавязвання пупавіны як у хлопчыкаў, так і ў дзяўчынак. Так, хлопчыку павітуха перавязвала пупавіну на прадмеце, што сімвалізаваў мужчынскі занятак, звычайна на сякеры, а дзяўчынцы — на верацяне.

Павітухай магла быць кабета, якая мела дзяцей, але выйшла з рэпрадуктыўнага ўзросту і была бездакорных паводзінаў. Яна на-дзялялася высокім сацыяльным статусам, звышнатуральнымі ўласцівасцямі і шанавалася.

Бабка-павітуха

Бабку-павітуху запрашаў будучы бацька, калі ў цяжарнай пачыналіся схваткі. Галоўная задача павітухі была ў тым, каб паспрыяць нармальным родам. Бабка прымала немаўля не голымі рукамі, а спецыяльным ручніком- радзільнікам. Яна рабіла і першае адзенне для немаўляці — палатно з адтулінай для галавы.

Звычайна павітухамі станавіліся па волі лёсу, напрыклад, бабка была павітухай, а потым перадала веды ўнучцы, або жанчына паспяхова прыняла некалькі родаў у аднавясковак і спрацавала сарафаннае радыё. Працу выконвалі як бескарысліва, так і з мэтай крыху падзарабіць.

Без права на інтымныя стасункі

Цікава, што ў селішчах Палесся былі ўпэўненыя — павітуха як жанчына, «якая выйшла з узросту», не мела права на інтымныя стасункі. Калі ў яе нараджалася дзіця, то яно атрымлівала ганебную мянушку «бабіч» ці «бабінец», а саму павітуху празывалі бабычкай. Каб загладзіць грэх бабычкі, жанчыны вёскі выраблялі прыгожы доўгі ручнік, якім з рытуальнымі спевамі апаясвалі царкву. Пасля чаго сяляне лічылі, што бабычка вызвалілася ад грахоў і магла працягваць сваю карысную дзейнасць.

Арыентуючыся на вонкавыя прыкметы і стан жанчыны, павітухі праводзілі «абмацванне» і беспамылкова вызначалі, цяжарная жанчына ці «корчы ў жываце» і «істэрычныя прыпадкі», выкліканыя хваробай. Правільны дыягназ дапамагалі паставіць і веды, што перадаваліся ў спадчыну, і вялікі практычны досвед.

Павітуха магла па форме жывата цяжарнай вызначыць пол будучага дзіцяці. Павітухі-знахаркі раілі для зачацця дзіцяці мужчынскага полу класці пад падушку сякеру. На дзіва, часам гэтая парада спрацоўвала…

Памочніца на тыдзень

Добрая павітуха не толькі прымала роды і палягчала пакуты ласкавым словам, замовай, лекавымі адварамі і зёлкамі. На яе плечы клалася і падрыхтоўка да родаў, а таксама наступны догляд за немаўляткам і парадзіхай. На працягу першых сямі дзён пасля родаў купанне маці і дзіцяці было галоўным абавязкам акушэркі. Роды звычайна адбываліся ў лазні, таму найперш павітуха абмывала нованароджанага, расцягвала ручкі і ножкі, рабіла масаж мочак вушэй, паціскала носік, прыгладжвала галоўку. З медыцынскага пункту гледжання знахарка рабіла дзіцяці масаж, выконваючы нескладаныя практыкаванні для яго цягліц, тым самым спрыяла нармальнаму кровазвароту і абмену рэчываў.

Як нараджаліся дзеці ў Белаусі

Таксама яна змазвала мёдам нёба нованароджанага, каб узбудзіць ягоны апетыт. Заўчасна народжанага націрала свіным тлушчам да таго часу, пакуль ён сам не мог захоўваць тэмпературу цела. Не сакрэт, што павітухі выкарыстоўвалі ў сваёй працы элементы магіі. Гэта калі павітуха пры першым купанні немаўляці клала ў ваду грошы і хлеб, каб дзіця было багатае, а ваду вылівала пад вішню — каб яно расло прыгожым.

Пасля родаў бабка-павітуха заставалася з парадзіхай як мінімум трое сутак, а то і тыдзень. Яна павінна была выканаць звычайную працу па хаце, на якую ў самой гаспадыні не было сіл, падмесці, падаіць карову, прыгатаваць абед. Апекаванне завяршалася толькі пасля хрэсьбінаў, але сувязь паміж павітухай і дзіцёнкам захоўвалася цягам усяго жыцця.

…і крыху хірургіі

Павітухі займаліся і лекаваннем хваробаў, звязаных з дзетанараджэннем. Існавалі і разнастайныя лячэбнікі. Так, лячэбнікі 18-га стагоддзя называюць наступныя сродкі: ад «неданошвання плода» — выварка размарына і сок шалфея, для «хутчэйшых родаў» — настоянка мяты, сок пятрушкі з воцатам і соллю, эсэнцыя травы чарнобылю, «для памнажэння малака ў радзільніц» — адвар ячменю і г. д.

Гэтыя жанчыны валодалі і хірургічнымі навыкамі, яны ўмелі сшываць парывы шаўковымі ніткамі. Пры неабходнасці нават выконвалі кесарава сячэнне, але з прычыны адсутнасці эфектыўных антысептычных сродкаў многія парадзіхі пасля гэтай аперацыі не выжывалі.

Павітухі ўмелі павярнуць плод пры няправільным яго палажэнні з дапамогай стужак і спіц. Дзейнічалі ў асноўным за кошт досведу і інтуіцыі… Запрашэнне прыняць роды павітуха ўспрымала як даніну павагі яе рэпутацыі. Адмова ўспрымалася як вялікі грэх і асуджалася грамадствам. У легендах і міфах гаварылася, што павітуха-адмоўніца можа назаўжды скамянець.

Дарэчы, у міфалагічных уяўленнях бабка-павітуха займала месца пасярэдзіне паміж зямной і сакральнай прасторамі. Нават лічылася, што пры падыходзе да хаты, куды яе клікалі «пабабіць», яна павінна была паглядзець ў вокны, каб даведацца лёс дзіцяці. Павітуху шанавалі на працягу ўсяго жыцця, інакш, казалі, на тым свеце давядзецца лізаць ёй рукі. Культ павітухі працягваўся і пасля яе смерці. Нярэдка хавалі павітуху з адмысловымі ўшанаваннямі: у труну клалі ручнік, на рукі надзявалі рукавіцы. Таксама на нябожчыцу абавязкова павязвалі фартух, каб на тым свеце было куды пакласці і паказаць Богу пупавіны прынятых і апавітых ёю немаўлят. Таксама павітуху абавязкова паміналі, наведвалі яе магілу.

Акушэрка з дыпломам

З сярэдзіны 18-га стагоддзя на тэрыторыі Беларусі пачалі з’яўляцца навучальныя ўстановы, якія рыхтавалі медыцынскія кадры ў гэтай галіне. Гэта павівальныя інстытуты, якія давалі вышэйшую адукацыю, і сярэднія павівальныя школы. Прычым выпускніцу інстытута называлі акушэркай. А ўжо ў канцы 18-га стагоддзя ў кожным горадзе была ўстаноўлена пасада павівальнай бабкі на дзяржаўнай службе. Як сведчаць архіўныя матэрыялы, у сярэдзіне  19-га стагоддзя ў склад Павятовага ўрачэбнага ўпраўлення, паводле штатнага раскладу, уваходзілі: павятовы доктар, яго вучні і абавязкова павівальная бабка. У некаторых гарадах былі старшыя і малодшыя павівальныя бабкі.

Павітухі з дыпломамі

На такія пасады прызначаліся жанчыны з медыцынскай адукацыяй, і ў асноўным гэта былі дваранкі, значна радзей мяшчанкі і зусім зрэдку сялянкі. У тыя часы пры Гродзенскай медыцынскай акадэміі існавала акушэрская школа, дзе навучалася спачатку толькі пяць выхаванак. Пазней яны былі далучаны да арганізацыі акушэрскай школы пры Віленскім універсітэце. У 1783 годзе ў мястэчку Семяцічы (цяпер на тэрыторыі Польшчы) княгіня Яблонская заснавала Павівальны інстытут. У год было два наборы, вучоба працягвалася 3–4 месяцы.

У першай палове 19-га стагоддзя існаваў Беластоцкі павівальны інстытут, дзе штогод навучалася па 20 выхаванак: 16 за казённы рахунак, а за чатырох аплочвалі памешчыкі ці бацькі. Павівальных бабак рыхтавалі таксама ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, у Павівальных інстытутах Масквы і Пецярбурга. Пазней Павівальныя школы былі адкрыты ў Магілёве (1865) і ў Гродна (1875). Яны давалі сярэднюю медыцынскую адукацыю.

Большасць вучаніц была з сялянак і паступала на вучобу па накіраванні мясцовых уладаў, якія павінны былі аплочваць вучобу, а пасля заканчэння і ўступлення на пасаду забяспечць павівальную бабку кватэрай з ацяпленнем, інструментам і зарплатай.

Па мэтавым накіраванні

Пры заканчэнні навучання выпускніцы атрымлівалі атэстат, дзе была інструкцыя з памяткай пра тое, што павівальная бабка абавязвалася ў любы час дня і ночы, куды б ні клікалі яе — да парадзіхі ці да хворай жанчыны, без розніцы стану і веры, — аказваць усялякую дапамогу.

Таксама павітухі абавязваліся не выдаваць сямейных і жаночых таямніц, а пра значныя нетыповыя дэфармацыі нованароджанага адразу ж дакладваць  начальству. Да таго ж у канцы кожнага месяца павітухі павінны былі прадстаўляць імёны і стан парадзіх у Губернскае праўленне.

Адукаваныя павітухі

Асаблівай павагай карысталася Магілёўская павівальная школа. З цягам часу яна стала называцца Цэнтральнай магілёўскай павівальнай школай. Тут рыхтавалі спецыялістак для Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губерняў. Навучанне доўжылася два гады. Першапачаткова на курсе было  18 навучэнак: 14 казённым і 4 прыватным коштам. Пазней іх колькасць павялічылася да 50, 20 з якіх атрымлівалі веды ўласным коштам. Навучэнак забяспечвалі жытлом. Пры школе ў асобным будынку была бальніца, дзе ў вольны час навучэнкі даглядалі хворых. У школу прымалі дзяўчат не маладзейшых за 20 і не старэйшых за 35 гадоў.

Выпускніцам прысвойвалася званне павівальнай бабкі другога разраду з правам воспапрышчэплівання, а выдатніцам — званне павівальнай бабкі першага разраду. З 1865 па 1884 год школу скончылі 206 вучаніц. Хто вучыўся казённым коштам, павінны былі адпрацаваць 3 гады на тэрыторыі той губерні, адкуль іх накіроўвалі на вучобу.

У 1914 годзе на базе Магілёўскай павівальнай школы і Магілёўскай фельдшарскай школы была створана адзіная Магілёўская фельдшарска-акушэрская школа. З 1908 года фельдшарска-акушэрская школа доктара Л. З. Гутцайта існавала ў Мінску.

Пры прыёме на службу павівальныя бабкі давалі адмысловую ўрачэбную клятву ў прысутнасці вышэйшага начальства, канчатковы дазвол на пасаду падпісваў губернатар.

Паступова да жанчын прыходзіла разуменне, што нараджаць з дыпламаванымі ўрачамі-акушэрамі значна бяспечней, чым з павітухамі. А прадстаўніцы старажытнай прафесіі засталіся гераінямі несмяротных твораў літаратурных класікаў.

Гродзенская медыцынская акадэмія. Як у 18 стагоддзі лячылі людзей у Беларусі

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама