29.12.2018
29.12.2018

Ад ёлкі – да сасны, ад лапак – да букетаў

logo
Думкі ўслых
172 019
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Якіх толькі навагодніх дрэўцаў за столькі дзесяцігоддзяў у нас дома не было! Ёлка натуральная, ёлка штучная, ёлка самаробная – з пластыкавай бутэлькі і галінак… У залежнасці ад настрою, жаданняў, запытаў і магчымасцяў яны перыядычна мяняліся. Таму кожны Новы год у гэтым плане быў не сумным. А што датычыцца года мінулага, дык да нас у госці нават сасна завітала! Ну, ці хвоя – як каму больш падабаецца.

…Вось штосьці летась у дваццатых чыслах снежня раптам прыйшла мне ў галаву думка: «Хачу паставіць дома жывую сасну!» Што? Адкуль? Чаму? Не ведаю… Ніколі сасны ў нас на Новы год не было.  Хаця некаторыя знаёмыя распавядалі менавіта пра гэтае дрэўца ў якасці навагодняга. Асабліва, калі ў некаторых мясцовасцях ёлкі проста не раслі…

У дзяцінстве ў нас былі толькі жывыя ялінкі, па якія хадзілі ў лес. Затым доўгі час – ёлка штучная ў зале і букеты з яловых ды хваёвых лапак ва ўсіх пакоях і кухні. Упрыгожаныя, зразумела. А тут штосьці мяне, як кажуць, пераклініла…

Ціхенька агучыла сваю просьбу добрай знаёмай, асабліва не спадзеючыся… І-і-і-і-і-і… Мне падаравалі сасну!!! Першы раз у жыцці падаравалі навагодняе дрэўца! Адразу скажу: высеклі яе ў тым месцы, дзе яна расці не павінна. А значыць, пад сякеру трапляла ў любым выпадку. Ёсць у леснікоў такія мясціны: пад лініямі электраперадач і не толькі.

Паўдня сасна ляжала непадалёк ад уваходу, вольна раскінуўшы галіны. А мы ўсе ледзь не з прабачэннямі ціснуліся міма. Затым усё ж агульнымі намаганнямі дрэўца заняло месца ў вядры з зямлёй, а затым «ускараскалася» на стульчык.

«І вось яна, прыгожая, на свята тут прыйшла-а-а-а…» – напявала я, ходзячы вакол і думаючы: «А як жа яе ўпрыгожыць???» Павесіла гірлянду, уключыла… Не, не падабаецца. Разоў дзесяць перавешвала так і гэтак. Кінула, як ёсць.

Дацягнуўшыся, надзела вершаліну. Затым прыйшла чарга шарыкаў. Банцікі чырвоныя… Трохі тонкай мішуры… І вось ён – рэлакс! Уключыць гірлянду, легчы на канапу і пазіраць знізу… Проста цуд! А які водар!

Затое калі прыйшоў час сасну прыбіраць… А стаяць у мяне навагоднія дрэўцы традыцыйна доўга – ажно да Вадохрышча, 19 студзеня… Тое прыбіранне мне запомнілася надоўга. Ажно да гэтага Новага года хапіла тых уражанняў!

Таму сёлета – ёлка штучная і толькі штучная! Дастала з лоджыі, разагнула і распушыла галіны, упрыгожыла ў чырвона-жоўтай гаме… Ну ляпата ж! І практычна без ніякіх намаганняў і высілкаў. І плюс букеты з лапак. Свежанькія. У кожнай вазачцы – адна яловая лапка і дзве хваёвыя. Па-а-а-ахнуць! Як у дзяцінстве!

А якое навагодняе дрэўца жыве ў вас?!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

172 0 19

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.