10.01.2023
10.01.2023

Адэльчыны пошукі свайго прызначэння (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

Авечка Адэля нястомна шукала сваё прызначэнне ў жыцці. Проста скубаць на лужку траўку, гадуючы найпрыгажэйшую воўначку ў свеце ёй стала нецікава. Я нагадала, што яшчэ нядаўна ўмовы працы на ферме «Каляроўка» яе цалкам задавальнялі.

Адэя зручна ўладкавалася ў крэсле, зірнула ў люстэрка, задаволена прыгладзіла кудзеркі і летуценна закаціла вочкі.

— Так, пані Наталля. Насамрэч умовы не такія ўжо і дрэнныя. Я не скардзілася б, але на гэтай працы няма выйсця маёй творчай энергіі, маім асаблівым дадзеным…

Наліўшы сабе і госці па кубачку зялёнай гарбаты, я прысела на беражок канапы.

Адэля, прысёрбваючы гарбату, збіралася з думкамі. І ўрэшце пачала:

— Мяркуйце: кожны з нас працуе тым, кім нарадзіўся. Сабака — сабакам, карова — кароваю, певень — пеўнем, кот — …

— Зразумела, — не вытрывала я.— Прашу, працягвай.

— Ну вось. Толькі адны не шукаюць цікавейшай долі, а іншыя дасягаюць вунь якіх вышыняў! Кракадзіл Гена, напрыклад, працаваў кракадзілам не дзе-колечы, а ў заапарку! Сабака можа ўсё жыццё брахаць на двары ў гаспадара, а певень шторанку кукарэкаць яшчэ працёмна — яны сумленна выконваюць сваю працу. Але калі сабака ці певень паступяць у цырк, ці котачка стане фотамадэллю — іх жыццё зменіцца непазнавальна! Робяць тое самае: сабака брэша, певень кукарэкае, котка выгінае спінку і муркоча, а пашану маюць зусім іншую і задавальненне ад сваёй працы — таксама.

— Ты хочаш стаць цыркачкай? — наўпрост запыталася я.

— Што вы, спадарыня Наталля! Гэта ж так небяспечна! Раптам які дрэсіроўца задумае з табой рабіць нумар пад купалам цырку, а я так вышыні баюся! Не, гэта не для мяне. Я хачу знайсці занятак па душы, але не экстрымальны. Пакуль я ў шуканнях…

Адэлька п'е гарбату

— А што ты больш за ўсё любіш рабіць і што лепш за ўсё табе ўдаецца?

— Ну,— Адэля крыху сумелася, — больш за ўсё я люблю скубаць сакавітую траўку…

— Дык якраз гэтым ты і займаешся штодня! — я спрабавала заставацца церяплівай.

—  Але мне хочацца нечага большага! Раніцай я нават думаць не магу пра іншае — толькі пра скубанне травіцы. І заўважце — я вельмі сумленна выконваю свой абавязак. Глядзіце, якая шыкоўная воўначка. — Адэля не стрымалася і зноў кінула задаволены позірк у люстэрка.— ...Хочаце, я для вас закажу ў гаспадыні прыгожую шалю з маёй восеньскай воўны.

Навагоднія выкрунтасы ў класічным стылі (казка)+аўдыё

— Дзякую, Адэлю. Мне было б прыемна.

—  Вядома. Вырабы з маёй воўны маюць асаблівую каштоўнасць…— Адэля зноў села на свайго ўлюбёнага канька.

— Само сабою,— не вытрывала я, — але што там з траўкай, якую ты скубеш?

— А… Нічога. Я скубу вельмі старанна — не касмылямі, як некаторыя — больш марнуюць, чым скубуць. Ёсць у мяне знаёмая козачка — во дзе малімонка, скажу я вам! Дарэчы, яе так і завуць — Малімонка. Нават канюшынка ёй не смачная. Ёй кусты малінніку ды лазы больш даспадобы. Фэ! Як гэта можна есці? Толькі язык абдзярэш. Паскубаўшы травіцы, я кладуся адпачыць і мне пачынае мроіцца больш цікавае жыццё. Напрыклад, я скубу травіцу, стоячы на сцэне, а вакол удзячныя гледачы пляскаюць у ладкі, падносяць мне шыкоўныя букеты і я з задавальненнем іх… скубу,— ужо вінавата глянуўшы на мяне, працягвае авечачка.

Адэлька і яе прызначэнне

Тут я не вытрымліваю — мяне душыць смех.

— Адэля, з чаго пачалі, тым і скончылі. Відаць, скубаць траўку — гэта і ёсць твой асаблівы талент.

— А як жа мае памкненні, мае ўзнёслыя думкі пра асаблівае прызначэнне…

— Паслухай, нядаўна ты пераконвала мяне, што проста хочаш быць знакамітай.

— Ну так, хачу. А хіба ж гэта дрэнна?

— Не ведаю. Паспрабуй. Толькі я шчыра раю разабрацца ў сваіх памкненнях і прыкласці іх да чаго вартага.

 

— Няўжо вы думаеце, што так лёгка знайсці вакантнае месца для авечкі з творчым ухілам!? Можа, вы падкажаце штосьці? Ці пашукаеце для мяне месца, папытаецеся ў знаёмых?

— Ну не! — узбунтавалася я.— Занятак па душы ты мусіш сама знайсці. Я ўжо шкадую, што легкадумна згадзілася пісаць пра цябе кніжку. І замест таго, каб працаваць,  марную час, слухаючы цэлы вечар, як ты скубеш траўку.

Адэля пакрыўдзілася:

— Ведаеце, спадарыня Наталля, не так проста з любоўю рабіць гэткую манатонную справу! — Яна падхапілася з крэсла і скіравалася да дзвярэй.— Спадзяюся, заўтрашняя наша сустрэча не будзе для вас такой марнай! — Адэля з грукатам зачыніла за сабой дзверы.

Я засталася ў разгубленасці. Дзе той лёгкі і дасціпны нораў, якім, як і незвычайным колерам воўначкі, часта хваліцца Адэля?

Цэлы вечар я думала, дзе б прыдаліся не выяўленыя Адэльчыны таленты. І сны мне сніліся ў тую ноч адпаведныя: Адэля пад купалам цырка робіць сальта і верашчыць ад страху, пяе арыю з оперы, а слухачы нервова затыкаюць вушы, лечыць зубы перакрыўленай ад страху малімонцы-козачцы… Адным словам, такога наснілася, што раніцай я прачнулася зусім разбітая.

Аўтатрэнінг разам з Адэляй

Аўтатрэнінг разам з Адэляй

Пад вечар я нервова накрапала ў шклянку трыццаць кропель валер’янкі. Выпіла і, заплюшчыўшы вочы, занялася аўтатрэнінгам: «Я спакойная і цярплівая… Маё сэрца б’ецца роўна, пульс мерны, дыханне вольнае і цёплае… — ціхенька мармытала я сабе пад нос.— Нічога не выведзе мяне з раўнавагі, не прымусіць злавацца ці падвысіць голас».

…Раптам я быццам пачула ціхае рэха. Расплюшчыла вочы. Побач, зручна ўладкаваўшыся на канапе, сядзела Адэля і таксама ціхенька мармытала: «Мае капыткі гладкія і бліскучыя. Кудзеркі маёй воўначкі шаўкавістыя і прыгожыя. Авечкі і козачкі з зайздрасцю глядзяць мне ўслед. Заўчора адна ледзь у лужыну не хлёпнулася, загледзеўшыся на маё футрачка…»

Выкраданне з бОльніцы (казка)

— Адэля, — паклікала я.

— А-аа, пані Наталля! — падняла галаву Адэля. – Я надумала скарыстацца вольнай хвілінай і таксама крышку адпачыць.

— Удалося? — пацікавілася я.

— Так. Аўтатрэнінг мне заўсёды дапамагае. Ведалі б, як я сёння стамілася…

— Траўку скубучы? — пакпіла я.

— Што вы ўсё насміхаецеся? Я цалюткі дзень ахоўвала свой лужок ад аматараў чыпсаў, семак і цукерак.

Аўтатрэнінг ад Адэлькі

— А чым яны маглі нашкодзіць твайму лужку? Іх твая сакавітая траўка не цікавіць.

— Не скажыце, спадарыня Наталля.  Бачылі, якое цудоўнае надвор’е? Сонейка свеціць, гарачыня на асфальтаваных вуліцах – не прадыхнуць. А ў мяне на траўцы каля рэчкі ўсё ж выгадней. От і ідуць людзі адпачыць на мой лужок. Што пасядуць ды траўку прымнуць — гэта яшчэ паўбяды. Я не скнара, мне ежы даволі. Але, — тут Адэліны вочкі гнеўна бліснулі, — яны гэтулькі смецця пакідаюць — абгорткі ад цукерак, пакецікі ад чыпсаў, парожнія пластыкоўкі… Ці ж магу я гэта вытрываць!? Каб гэта дзеці рабілі, было б не так крыўдна. Яны яшчэ не ўсё разумеюць, таму шкодзяць. Але трываць такое ад сталых людзей вельмі непрыемна. Асабліва, калі бруд пакідаюць за сабой цёткі. З выгляду такія інтэлегентныя, акуратненькія, а не саромеюцца! От каб я ў іх кватэры так паводзілася… — расхадзілася Адэля.

Адэліны метады барацьбы за чысціню

Адэлька і яе прыгоды

Я паспачувала Адэлі:

— Гэта сапраўды непрыемна. Але мне здаецца, што такім людзям колькі ні рабі заўваг — што казаў, што сабака брахаў.

— Праўда ваша. Але я знайшла на іх управу,— Адэля здаволена фыркнула.

— Раскажы, Адэлька. Можа, твой досвед і мне калі спатрэбіцца.

— Я падыходжу з незадаволеным выглядам да таго, хто кідае смецце і непрыемным голасам кажу: «Бэ-ээ-эээ!» Гэта папярэджанне. Калі хто не разумее з першага разу, я стукаю капытком і прамаўляю яшчэ больш незадаволена: «БЭЭЭЭ-ЭЭЭ-ЭЭЭ!» і пры тым яшчэ галаву нахіляю, быццам баднуць збіраюся.

Я рассмяялася:

— Адэля, а чым бадацца? Ты ж не баранчык і не каза — рагоў не маеш.

— Ат, спадарыня Наталля! Да мяне ж адны месцічы на лужок ходзяць. Яны не вельмі разбіраюцца, хто можа бадацца, а хто не.

— А чаму ты бэкала, калі гаварыць умееш выдатна?

— Вы самі толькі што згадвалі, што некаторым кажы не кажы…

— Ну і якія вынікі, Адэлька?

— Цудоўныя! Некаторым ставала першага папярэджання, іншыя рэагавалі з другога. Толькі адну цётку давялося-такі паганяць па лужку. Параскідала лупіну ад бананаў, абгорткі. Я ёй два папярэджанні на авечай мове зрабіла, дык яна ўдала, што нічога не разумее. Тады я ветла кажу: «Грамадзянка! У вас абгортка ад печыва з рук выпала. Будзьце так ласкавы, падыміце і занясіце ў сметніцу». А яна як узняла крык: «Ах ты, нахабніца! Ты мне заўвагі рабіць будзеш!?» Тут я ўскіпела: «Гэта вы прыйшлі на лужок, дзе я працую, закідалі яго смеццем! Я ветла папрасіла прыбраць за сабой”. Як пачала цётка сварыцца! Жывёлінай мяне абазвала, нават замахнулася. Тады я не вытрывала, нахінула галаву і прыпусціла за ёй. Бачылі б вы гэтую камедыю! — Адэля смешна махала капыткамі, паказваючы, як уцякала цётка. — На трэцім крузе дайшло да цёткі, што лепш са мной не звязвацца — запхала смецце ў торбачку і прэч пабегла. Уцякае, аж пяты блішчаць, і крычыць мне: «Нявыхаванае стварэнне! Жывёліна!» А я ёй у адказ: «У кватэры сваёй сметнік разводзьце!»

Я заходзілася ад смеху.

— Ой, Адэлька, не магу больш! Пэўна, той цётцы мову заняло пасля такога.

— А няма чаго!..— Адэля весела бліснула на мяне вочкамі і перамяніла тэму:— А вы сёння як маецеся, пані Наталля? У вас стомлены выгляд. Вам трэба больш бываць на вольным паветры. Прыходзьце да мяне ў госці! Заўтра апоўдні ў мяне будуць вольныя паўгадзінкі.

— Дзякую, Адэля, абавязкова зайду, калі надвор’е не сапсуецца.

Адэля-модніца

Адэля-можніца

Назаўтра я сабралася наведаць Адэлю на яе лужку. Захапіла нататнік, паклала ў сумку два вялікія сакавітыя яблыкі і морквачку — пачастунак для маёй знаёмай — і выправілася за горад, прыкрыўшыся квяцістым парасонам ад сонца.

Адэля праўду казала — такое цудоўнае месца, як лужок, дзе яна пасвіцца, яшчэ пашукаць трэба. І да горада — рукой падаць.

Адэля шчасліва бегла мне насустрач:

— Ну, нарэшце! Сімпатычны парасончык у вас! Пойдзем вунь пад тое дрэва, у цянёк. Там нам сонца галаву не напячэ. Вы мне гасцінцаў прынеслі? — і Адэля бесцырымонна выхапіла з маіх рук сумку.

— О-о-о! Морквачка і яблыкі — вельмі дарэчы. Якраз абедзенны перапынак. Трэба разнастаіць мой рацыён. А то ўсё траўка ды траўка. З такой ежай можна і на чалавечую гаворку забыцца.

Я ішла побач з Адэляй і хавала ўсмешку. Авечачка выглядала незвычайна: на галаве, на вушках, на баках, на ножках каля капыткоў — паўсюль завязаныя прыгожыя стужкі. Гэтулькі, што нават воўначка, якой Адэля так ганарылася, амаль не праглядалася.

— Адэлька! Якое ў цябе сёння свята? — спыталася я. — Ты такая прыбраная!..

Ад задавальнення пыска ў авечачкі паружавела.

— Заўважылі? Гэта я дзеля вас прыбралася. Апошняя модная тэндэнцыя гэтага сезона вымагае, каб усе гламурныя асобы насілі банцікі і стужкі.

— Адкуль ты гэта ведаеш?

— Зноў вы з недаверам нейкім… Пачытайце самі, калі не верыце.— Адэля падала мне часопіс:

Гламур на кожны дзень

Гламур на кожны дзень ад Адэлькі

Зручна ўладкаваўшыся на зялёнай траўцы пад ліпай, я ўзялася гартаць часопіс, а Адэля прымясцюрылася побач. На кожнай старонцы «Гламура на кожны дзень» — здымкі прыгожых зграбных дзяўчатак. Прычоскі аздобленыя стужкамі, на сумачкі паначэпляныя стужкі, і нават туфлікі на ножках завязаныя прыгожымі каляровымі стужкамі.

— Раніцай на лужок прыходзілі знаёмыя дзяўчаткі, —  тлумачыла Адэля. — Яны ніякай шкоды не чыняць. Прыносяць модныя часопісы, разглядаюць іх і абмяркоўваюць. Я стаю побач і слухаю. Найцікавейшы часопіс пакідаюць мне. Дарэчы, гэта дзяўчаткі так прыгожа мне банцікі пазавязвалі. Я сёння такая гламурная,— аж закаціла ад задавальнення вочкі Адэля. — Хоць зараз на модную тусоўку. Вам падабаецца?

— Адэля, завязаць гэтулькі стужачак  — безумоўна, цікавая задумка. Але мне здаецца, іх зашмат.

— Ах, пані Наталля, — рассмяялася Адэля, — якая вы хітрая. Я так і ведала — вам захочацца быць гламурнай. Вы недастаткова надаяце ўвагі гэтаму. Але я вам памагу, — Адэля здзерла з сябе адну стужачку і падскочыла да мяне:

— Давайце аздобім вашу прычоску.

— Ты мяне не так зразумела, Адэлька… — адмахнулася я.

— Не саромейцеся! Быць гламурнай — так захапляльна! — запэўніла Адэля, прыладжваючы бант мне на галаву. Капыткі яе далікатна датыкаліся да маіх валасоў. — А другую стужку завяжам вам на сумку,— яна імгненна ўхапілася за новую ідэю, не слухаючы маіх пратэстаў.

— І наогул, спадарыня Наталля,  «Гламур на кожны дзень» — цудоўны часопіс! Раю чытаць яго рэгулярна! — Трэцюю стужку Адэля пачапіла на мае басаножкі.— Там гэтулькі карыснай інфармацыі!

— Напрыклад?

— Ага, вы ўжо зацікавіліся, — задаволена засмяялася Адэля.—  Некалькі старонак прысвячаюцца бранзалетам. Іх форме, таўшчыні, колеру, матэрыялу, з якога яны зробленыя…

— А яшчэ што? — перапыніла я, бо пра ўборы Адэля можа гаварыць гадзінамі.

— А яшчэ там напісана пра шкоднасць празмернага загару. Скура ад сонца чарнее, трэскаецца і старэе. Жах! Усім трэба карыстацца спецыяльным малачком ад загару. Я хачу, каб вы набылі мне флакончык такога малачка.

— Навошта яно табе, Адэля?

— Як гэта «навошта»? — Адэля пакінула ў спакоі мае басаножкі і нервова забегала вакол.— Я цэлы дзень мушу быць на сонцы. Знаходжуся ў групе рызыкі! Можа, мая скура ўжо патрэскалася, проста гэтага пад воўначкай не відаць!..

— Ну от бачыш, ты сама сказала — твая скура пад абаронай цудоўнай воўначкі і сонца ёй не пагражае.

— Што,— яшчэ больш занервавалася Адэля, — значыць, пад пагрозай знаходзіцца мая ўнікальная воўначка? А раптам яна пачарнела, раптам перасохла, а я тут з вамі баўлюся замест таго, каб малачком шмаравацца!

— Адэля, даражэнькая, з тваёй воўначкай усё добра. Не турбуйся.

— Лёгка вам казаць, — круцілася Адэля, спрабуючы разгледзець сябе з усіх бакоў.

Я дастала з сумкі маленькае люстэрка і падала яго авечцы:

— Во, глядзі. Воўначка такая ж мяккая і прыгожая, як заўсёды, з такім жа блакітным адценнем. Яна так завешаная стужкамі, што яе амаль не відаць. Так што сонца ёй не страшнае.

Адэля, прыдзірліва агледзеўшы сябе з усіх бакоў, памякчэла.

— Ну так, здаецца, усё як мае быць. Але малачко ўсё ж набудзьце. І самі не стаўцеся да сонца легкадумна. Вунь як вас рабацінне абсыпала. І хоць у гэтым сезоне рабацінне ўхваляецца…

— Адэля, па-першае, я супраць свайго лёгкага рабаціння нічога не маю. А па-другое, кім гэта яно можа ўхваляцца ці не ўхваляцца?

— Як гэта кім? Намі, чытачкамі «Гламуру на кожны дзень». Дарэчы, у вас такое цудоўнае гламурнае люстэрка. З прыгожымі каменьчыкамі, са стразамі. Пані Наталля, вы павінны мне яго падарыць! — Адэля прыціснула люстэрка да грудзей.

— Адэля,— бунтую я. — Ты і сама можаш набыць сабе люстэрка.

— Вось як? — абурылася Адэля. — Мне няма калі хадзіць па крамах! І заўважце, я не пашкадавала вам сваіх найлепшых стужачак! Калі я абгару на сонцы — вы будзеце вінаватая.

— Я? — зноў я вінаватая?

— Вы! Малачко набываць не хочаце — раз! Люстэрка пашкадавалі — два! Не прапанавалі мне свайго парасона ад сонца — тры! – Адэля ўжо крычала, вытарашчыўшы вочы.

— Ну добра, — здаюся я.— Забірай люстэрка і парасон.

— І малачко набудзьце, калі ласка, — адпусцілася Адэля. — Нос буду шмараваць, каб не аблез.

Пасля такога рабаўніцкага прыёму я хуценька пачала збірацца дамоў. Адэля сказала, што і яе перапынак ужо скончыўся, і ёй зноў пара заняцца сваім галоўным абавязкам.

https://bel.24health.by/adelchyn-kulinarny-talent-kazka/

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася 24 лютага 1970 г. у в. Ідолта на Міёршчыне ў сям’і настаўнікаў. У 1985 г. скончыла Мілашоўскую васьмігодку, у 1987 г. Міёрскую СШ № 2. У 1993 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ, аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры. Рэалістка з аптымістычным ухілам. Ці аптымістка з рэалістычным светаўспрыняццем. Бывае, жыццё ўносіць свае карэктывы. Працую і жыву ў Мінску. Першая казка была надрукаваная ў газеце «Сцяг працы» (Міёрскі раён) ў 1986 г. Казкі гучалі ў радыёперадачы «Рамантыкі», друкаваліся ў дзіцячых часопісах «Вясёлка», «Островок», «Городской газете», зборніках серыі «Беларуская аўтарская казка»: «Чароўныя пацеркі», «Вежа міру», «Залаты талер» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборніку «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (выдавецтва «Літаратура і Мастацтва»), у зборніках серыі «Школьная Бібліятэка» – у «Зборніку апавяданняў для пазакласнага чытання вучняў пачатковай школы» і «Пакліч у госці сонца». У серыі «Казкі ХХI стагоддзя» ў 2008 г. выйшла кніга «Прыгоды маленькай Машынкі», у 2012г. – аўтарскі пераклад на рускую мову; у 2013 г. (у выдавецтве «Мастацкая літаратура») – казачная аповесць «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або adeljastar@tut.by»; у 2015г. – «Атракцыёны для Вадзянікоў» – былі і небыліцы пра жыццё надводнае і падводнае». У 2016 г. яна намінаваная на прэмію Цёткі, увайшла ў шорт-ліст. 2016-2017г. – актыўны ўдзел у рэспубліканскім сацыяльным праекце «Чытаем па-беларуску з Velcom». Казкі і апавяданні друкуюцца ў часопісе «Верасень», «Бярозка», «Вясёлка», «Буся», «Качели», гучаць на радыёканале «Культура» ў перадачы «ДНК» (Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя.). Асобныя казкі ўключаныя ў склад зборнікаў «Беларуская зіма», «Беларуская вясна», «Беларускае лета», «Беларуская восень» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборнікі з серыі «Нашы сімвалы» – «Зубры-гаспадары», «Буслава айчына», «Валошка і васілёк» – працяг гісторый пра авечку Адэлю. У 2019 г. у выдавецтве «Беларусь» пабачыла свет кніга «Прынцэса Алівія і «жабіны вочкі», у 2020 – «Рыцар Квых і «жабіны вочкі». https://www.youtube.com/watch?v=ibBUfMLrMIU Дыяблог. Пра літаратуру. Госць – Наталля Бучынская
Глядзіце таксама