22.01.2021
22.01.2021

Адкажыце на пытанні вашай… коткі! І – праветрыце блакнот! :)

logo
Думкі ўслых
0 27
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Калі вам хочацца хаця б крыху адысціся ад суровай будзённасці, расслабіцца, усміхнуцца і такім чынам адчуць сябе лепей, дык сёння самы дзень для гэтага. Па-першае, пятніца, у многіх – заканчэнне працоўнага тыдня. А па-другое, зноўку некалькі лёгкіх адмысловых святаў сышлося. Падчас знаёмства з імі няхай прыходзяць у галаву адны прыемнасці і станоўчыя эмоцыі!

Сэлфі ў бібліятэцы.

Па шчырасці, тых, так бы мовіць, святаў сёння столькі, што ўсе і не абхопіш. Таму прапаную сканцэнтравацца на трох.

І нумар першы (па лёгкасці) – Дзень адказаў на пытанні вашай коткі! 🙂 У вас ёсць котка? Тады вы патрапілі! Давядзецца нарэшце адказаць на ўсе-ўсе яе пытанні, асабліва калі да гэтага іх ігнаравалі.... На кацінай мове, вядома ж! А як вы думалі? Не, коцік не падыдзе. Чамусьці толькі котка сёння мае права голасу.

Коткі няма?! Тады давядзецца адказаць на пытанні дваровай. Прылашчыўшы ды падкарміўшы напачатку, вядома ж. А то, баюся, неразгаворлівая будзе…

Спадзяюся, што сёння і нашыя вылезуць нарэшце з падвала, куды зашыліся падчас моцнага марозу. А там ёсць як мінімум дзве аматаркі пазадаваць пытанні! Адна – чорная з белым, а другая – шэранькая. Ужо не першы год пры нашым пад’ездзе жывуць. Бо ёсць тут каму іх карміць, рэгулярна і смачна. Згадвала раней ужо пра добрую жанчыну, суседку па пад’ездзе…

Дзень адказаў на пытанні вашай коткі.

А ўвогуле, пашанцавала, вядома ж, таму, у каго дома ёсць свой хвастаты антыстрэс. І проста прыемна, і для здароўя карысна. У нас калісьці дзве коткі жылі, маці і дачка, Маша і… Маша. Прыгадваю іх час ад часу і зараз. Таксама любілі пазадаваць пытанні, асабліва Маша-старэйшая…

Так што нават калі кацінай моваю вы і не валодаеце, а котку маеце, давядзецца сёння ўнікаць! Такі ж дзень цікавы…

А ці любіце вы бібліятэкі так, як люблю іх я?! 🙂 Не-не, вы ўсё правільна памятаеце: Дзень бібліятэк у нас у верасні. І ўсё ж сёння таксама ёсць добрая нагода туды завітаць. Нават калі не збіраліся памяняць кнігі. Бо сёння (відаць, услед за Днём музейнага сэлфі) прыйшоў Дзень сэлфі ў бібліятэцы!

Сэлфі ў бібліятэцы.

Можна – з кнігамі, можна – з бібліятэкарамі… Толькі пра маскі памятаем, так?! Асабліва, калі блізка да іншых… Усё ж каранавірус не спіць…

А бібліятэкі я люблю з самага маленства. Відаць, з таго часу, як палюбіла і кнігі. Нягледзячы на тое, што дома была вялікая ўласная бібліятэка, якую рупліва і мэтанакіравана збіралі бацькі, прачытала я шмат дзіцячых кніг даволі хутка. Некаторыя і зараз беражліва захоўваю з таго часу. Напрыклад, «Сярэбраны капыток» аўтарства Паўла Бажова.

Маёй самай першай бібліятэкай натуральна сталася Кліноцкая – у вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна, дзе я нарадзілася і жыла з бацькамі і братам да сваіх 9 гадоў. Затым, пасля пераезду ў Чэрвень, былі Чэрвеньскія – дзіцячая і дарослая. Школьныя бібліятэкі, натуральна ж, іншых навучальных устаноў і проста гарадскія ў Магілёве і Мінску… Вернасць жа Чэрвеньскай захоўваю з 1990-га года.

Падчас працы журналістам неаднаразова наведвала бібліятэкі свайго раёна, а таксама Узды, Старых Дарог і тамтэйшых раёнаў. І ўсюды сустракала людзей цікавых і цікаўных, неабыякавых, адданых сваёй справе. З некаторымі супрацоўнікамі бібліятэк мы падтрымліваем стасункі і зараз.

Сэлфі ў бібліятэцы.

А паколькі звычайна думкі нанізваюцца адна на адну, як пацеркі, я зноўку з вялікім сумам прыгадваю старажытны будынак у Чэрвені, дзе месціліся бібліятэка і музей, і якога нас пазбавілі…

А перад вачыма і зараз тая чытальная зала і найцікавейшыя мерапрыемствы, сустрэчы з выбітнымі людзьмі… І супрацоўнікі, якіх ужо няма сярод нас. Светлая ім памяць.

Вось дзе атрымліваліся б шыкоўныя сэлфі! А зараз… Зараз дарослая і дзіцячая бібліятэкі месцяцца разам у невялікім драўляным будынку… Мімаволі параўноваючы з тымі вялізнымі светлымі памяшканнямі, якія мае Уздзенская бібліятэка ў шыкоўным Палацы культуры… Эх…

Ну, і цікавае свята, а дакладней – дзеянне, якое прапануюць зрабіць сёння, мне як журналісту таксама даспадобы.  Бо сёння – Дзень праветрывання блакнотных запісаў!

Дзень праветрывання блакнотных запісаў.

Да эпохі камп’ютараў ды ноўтбукаў чым карыстаўся звычайна журналіст?! Правільна, блакнотам! Асабіста ў мяне іх – больш за 10, пачынаючы ад самага першага, з 2001-га года. Не, толькі што прыгадала, што не зусім дакладна – ад 2000-га года, калі я пачала актыўна супрацоўнічаць з раённай газетай, яшчэ не працуючы там. Бо тагачасны рэдактар хаця і добра ведаў мяне як няштатніка, лічыў, што права працаваць у яго калектыве трэба заслужыць. Вось я і старалася. Нават асобны блакнот завяла.

А ў ім адны з першых запісаў – гэта пытанні да… слыннага беларускага паэта Рыгора Барадуліна, які збіраўся наведаць Чэрвень разам з бардам Алесем Камоцкім! І мне даручылі правесці з ім інтэрв’ю. Шырокага распаўсюджвання сеціва тады яшчэ не было, да набыцця прыватнага камп’ютара заставалася цэлых 6 гадоў. Таму куды па інфу было пайсці ў 2000-м? Правільна, у Чэрвеньскую цэнтральную раённую бібліятэку.

Больш за 20 гадоў прайшло, а я і зараз памятаю нашую сустрэчу, цудоўны канцэрт, падчас якога выступалі Рыгор Барадулін і Алесь Камоцкі… І нават не інтэрв’ю – шчырыя сяброўскія гутаркі! І тое, як проста Рыгор Іванавіч са мной трымаўся… Як пацалаваў руку пры знаёмстве, якое забяспечыў яго зямляк, а цяпер ужо даўно чэрвенец, сябра пісьменніцкага Саюза Генадзь Аўласенка.

Рыгор Барадулін.

У тым блакноце быў і аўтограф шаноўнага паэта, і адрас, напісаны яго рукой, на які я затым адаслала экзэмпляры газеты з інтэрв’ю. Толькі лісточкі тыя даўно вырваныя з блакнота і беражліва захоўваюцца асобна.

А колькі яшчэ ў тых блакнотах карыснай інфармацыі, прозвішчаў-адрасоў-тэлефонаў! Колькі лёсаў людскіх занатавана! Трэба прагледзець-прагартаць. Заадно запісы і праветрацца…

Вось колькі спраў на сёння! А ў вас? Выбралі штосьці для сябе? Абудзілі ўласныя думкі ўслых і ўспаміны? А сэлфі ў бібліятэцы рабіць будзеце?! Дзяліцеся! 🙂

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 27

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама