25.06.2020
25.06.2020

Адказныя асобы пракаментавалі сітуацыю з вадой

logo
Навiны
0 33
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Санітарнай службай г.Мінска прынята рашэнне аб забароне выкарыстання вады ў пітных мэтах, паведаміла падчас брыфінгу ў прэс-цэнтры БЕЛТА намеснік міністра аховы здароўя – галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Рэспублікі Беларусь Наталля Жукава.

 
Наталля Жукава
Намеснік міністра аховы здароўя – галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Рэспублікі Беларусь
Учора мы вызначылі, што вада не адпавядае нормам па шэрагу паказчыкаў, таму адразу было прынята рашэнне аб забароне выкарыстання гэтай вады для пітных мэтаў. Сёння мы можам казаць пра тое, што арганалептычныя і фізіка-хімічныя паказчыкі нармалізуюцца. Ёсць таксама першыя дадзеныя, што вада адпавядае і мікрабіялагічным крытэрам. Мы не знайшлі патагенныя мікраарганізмы, але даследаванні яшчэ працягваюцца.

Пакуль лепей не піць ваду з-пад крана

Наталля Жукава парэкамендавала ўстрымацца ад спажывання вады ў пітных мэтах, а таксама для падрыхтоўкі ежы да таго часу, пакуль не будуць атрыманыя канчатковыя вынікі і не стане вядома, што яна адпавядае ўсім крытэрам. Кантроль за якасцю вады і яе бяспекай працягваецца. І не толькі ў Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах, але і ў разводзячай сетцы ў Ленінскім, Цэнтральным, Маскоўскім і Кастрычніцкім раёнах, каб дакладна разумець, што вада ў зонах пагранічнага водазабору адпавядае ўсім патрабаванням, адзначыла Наталля Жукава.

Пітная вада. Не піць з-пад крана.

Лабараторыя Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі працуе ў кругласутачным рэжыме. Даследаванні праводзяцца ў тры этапы. Спачатку аператыўна разглядаюцца пытанні адпаведнасці вады арганалептычным уласцівасцям, пасля – фізіка-хімічным, якія патрабуюць пэўнага часу. А затым праводзяцца даследаванні па мікрабіялагічных і вірусалагічных паказчыках.

 
Наталля Жукава
Намеснік міністра аховы здароўя – галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Рэспублікі Беларусь
Важна разумець, што вада не толькі адпавядае патрабаванням, мае адпаведны колер і пах. Самае галоўнае, каб яна была бяспечная па мікрабіялагічных і вірусалагічных паказчыках.

Пітная вада. Якасць.

Галоўны ўрач Гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска Аляксандр Жынко распавёў, што ў сераду, 24 чэрвеня, па дапамогу да медыкаў звярнуліся 15 чалавек, якія звязвалі пагаршэнне самаадчування з ужываннем вады. Чатырох з іх шпіталізавалі ў стацыянар. У адной пацыенткі быў дыягнаставаны апендыцыт. Астатнія знаходзяцца ў здавальняючым стане, сёння плануецца іх выпіска. Па словах Аляксандра Жынко, дыягназы ў тых, хто звярнуўся, былі наступныя: абвастрэнне хранічнага гастрыту, востры гастрыт, востры энтэракаліт.

 
Аляксандр Жынко
Галоўны ўрач Гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска
Можна меркаваць, што гэта звязана са спажываннем вады. Але дакладна сказаць я не магу, гэта могуць быць і пэўныя прадукты.

Аварый, якія маглі справакаваць гэтую сітуацыю, не было

Як паведаміў дырэктар «Мінскводаканала» Алег Аўруцін, створана рабочая група для «аб'ектыўнага і ўсебаковага» расследавання таго, што адбылося.

 
Алег Аўруцін
Дырэктар «Мінскводаканала»
Мы маем намер старанна расследаваць прычыны таго, што адбылося, зрабіць высновы, каб надалей не дапусціць падобных выпадкаў.

Ён паведаміў таксама, што пасля прамывання магістральных сетак ужо раніцай 25 чэрвеня частка дамоў Фрунзенскага раёна мела халодную ваду нарматыўнай якасці, а да абеду – і гарачую.

Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Дараховіч распавёў, што для забеспячэння жыхароў пацярпелых раёнаў пітной вадой выстаўлена 21 цыстэрна з ёй. Іх колькасць можа мяняцца з-за таго, што машыны ад'язджаюць, каб задаволіць патрэбы медустаноў, дзіцячых садкоў. Сур'ёзную дапамогу аказала Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.

Пітная вада. Чарга ў Мінску.

Развозяць ваду, а таксама прадаюць яе «Малочны гасцінец», «Мінсккрышталь», «Мінскі холадакамбінат № 2», Coca Cola, «Мінскі завод безалкагольных напояў,«Дарыда».

Усяго ў Мінску з-за няякаснай вады пацярпелі 1 тысяча 400 дамоў у Фрунзенскім раёне і 860 – у Маскоўскім. Гэта прыкладна 570 тысяч жыхароў.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 33

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».