
Якія фактары спрыяюць узнікненню страху даведацца пра анкалагічны дыягназ? Ці аказвае ўплыў шырокае асвятленне ў СМІ тэмы анкалогіі на развіццё канцэрафобіі? Хто больш схільны да адчування страху захварэць на анкалогію? Што выклікае большы страх: сама хвароба ці яе наступствы? Ці нармальна баяцца таго, што ў прынцыпе можа і не здарыцца?
Абмеркаванне важнай для большасці з нас тэмы ў анлайн-рэжыме ініцыявала эксперт у галіне анкапсіхалогіі, практычны псіхолаг, псіхолаг Цэнтра падтрымкі «У імя жыцця», кагнітыўна-паводніцкі кансультант, сааўтар курса «Анкапацыент, сям’я, соцыум» Іна Малаш. Падзяліцца сваім думкамі і вопытам яна запрасіла калегу, анкапсіхолага, прэзідэнта Украінскай псіхаанкалагічнай асацыяцыі, удзельніка Міжнароднай псіхаанкалагічнай супольнасці (IPOS) і спецыяльнай міжнароднай групы па праблеме страху рэцыдыву раку Ію Слабінскую.
Мы падрыхтавалі для нашых чытачоў ключавыя моманты абмеркавання.
Чаму ў адных людзей узнікае страх захварэць на рак, а ў іншых не? Хто больш схільны да канцэрафобіі?
Бо мы ўсе розныя. Гэта самы просты і відавочны адказ. Але ёсць шэраг фактараў, якія ўплываюць на ўзнікненне страху.
1.Сацыяльны фактар.
Страх захварэць можа праявіцца ў чалавека, які апасродкавана сутыкнуўся з анкалогіяй. Напрыклад, захварэў хто-небудзь з сямейнікаў або блізкіх людзей. Усе наступныя падзеі разгортваюцца ў яго на вачах: цяжкае лячэнне, магчымыя ўскладненні і, не выключана, апошнія дні родзіча, які хварэе, перад сыходам. Перажытыя падзеі і эмоцыі часцяком трансфармуюцца ў страх захварэць самому.
Як ні дзіўна, больш за іншых схільныя да страху захварэць і медыцынскія работнікі, студэнты медыцынскіх ВНУ. Разам з вопытам работы, здабытымі ведамі прыходзіць і выразнае ўсведамленне, што ўрачы – таксама людзі, адпаведна, захварэць могуць і яны, як і іншыя. Ніхто не адмяняў і вядомы сіндром 3-га курса, калі студэнтам уласціва сімптомы ўсіх хваробаў, уключаючы анкалагічныя, «знаходзіць» у сябе.
Яшчэ адна «група рызыкі»: псіхолагі і псіхатэрапеўты, якія працуюць у анкалагічных клініках. Сваіх пацыентаў яны ведаюць, як ніхто іншы. Бо ім давяраюць схаванае, не ўтойваючы пачуццяў і эмоцый. За доўгі час працы з пацыентам яны робяцца практычна роднымі людзьмі. І ў выпадку трагічнага зыходу цяжка перажываюць страту. У псіхалогіі ёсць тэрмін – вікарная траўматызацыя, да якой схільныя прафесіяналы, якія дапамагаюць людзям з цяжкай псіхалагічнай траўмай. Літаральна прапускаючы праз сябе эмоцыі і перажыванні пацыента, яны самі ў зоне рызыкі эмацыянальнага выгарання і псіхалагічных праблемаў.
2. Псіхалагічны фактар.
У трывожных і недаверлівых ад прыроды людзей рызыка ўзнікнення канцэрафобіі таксама вышэйшая ў параўнанні з астатнімі.
Людзі, якія дрэнна пераносяць нявызначанасць, паколькі пазбаўленыя магчымасці кантраляваць тое, што адбываецца, таксама ўваходзяць у лік патэнцыяльных ахвяраў канцэрафобіі.
Павялічваюць верагоднасць узнікнення неабгрунтаванага страху захварэць на рак і спадарожныя расстройствы: абсесіўна-кампульсіўнае расстройства (немагчымасць пазбавіцца ад дакучлівых думак і кампульсіўных дзеянняў) і іпахондрыя.
У большасці людзей да гэтага часу прысутнічае ўстойлівае перакананне: рак – роўна смерць.
Насамрэч яшчэ 10 гадоў таму не было такіх лекаў, дыягностыкі, методык лячэння анкалагічных захворванняў, якія ёсць цяпер. Многія віды раку, ад якіх раней сапраўды паміралі, сёння альбо вылечныя цалкам, альбо пераходзяць у хранічную форму, і людзі жывуць з імі, як, напрыклад, з цукровым дыябетам: прымаюць лекі і працягваюць жыць актыўным жыццём.
Яшчэ адзін міф: пра заразнасць захворвання. Гэта здаецца неверагодным, але и па сёння некаторыя людзі лічаць, што рак заразны, і ў рэальнасці іх дзеянні набываюць вычварныя формы.
Ці можа шырокае асвятленне тэмы анкалогіі ў СМІ правакаваць узнікненне страху?
Праблема ў тым, лічыць эксперт, што пры абсалютнай даступнасці інфармацыі зараз у СМІ бачнае двухполюснае асвятленне тэмы, і гэта не можа не распальваць вогнішча. З аднаго боку, шмат распавядаецца пра людзей, якія перамаглі хваробу. З іншага – пра тых, хто памёр, падкрэсліваючы цяжар і незваротнасць хваробы. Але значна больш людзей, якія жывуць з хваробай тут і цяпер, актыўна лечацца. Бо жыццё не заканчваецца разам з дыягназам. Яно проста пераходзіць на новы ўзровень. І вось пра гэта пішуць і расказваюць вельмі мала.
Баяцца захварэць на рак – гэта нармальна?
Баяцца – нармальна, упэўненая Ія Слабінская.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.