20.12.2020
20.12.2020

«Актыўнае даўгалецце-2030»: што варта зрабіць для сталых людзей?

logo
Здароўе дарослых
0 28
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Павелічэнне колькасці сталых людзей у агульнай колькасці насельніцтва адзначаецца практычна ва ўсіх краінах. Не з'яўляецца выключэннем і Беларусь. Паводле класіфікацыі ААН, лічыцца, што нацыя старэе, калi колькасць людзей ва ўзросце 65 гадоў і старэйшых складае больш за 7%. У нашай рэспубліцы гэты паказчык пераадолеў ужо 15%. Да 2030 года чакаецца павелічэнне колькасці сталых людзей да 20%.

Дэмаграфічнае старэнне вядзе да значных эканамічных і сацыяльных наступстваў. Заканамерна ўзнікаюць пытанні, як павысіць якасць жыцця сталых, захаваць актыўнасць людзей старэйшага пакалення, даць магчымасць працаваць далей альбо знайсці сабе занятак па інтарэсах, выкарыстоўваць патэнцыял людзей сярэбранага веку (іх здольнасці, кваліфікацыю, адукацыю, жыццёвы вопыт і мудрасць, наяўнасць вольнага часу).

Першым дакументам, у якім вызначаныя асноўныя напрамкі развіцця нашага грамадства з улікам дэмаграфічнага старэння, з'яўляецца Нацыянальная стратэгія «Актыўнае даўгалецце-2030», зацверджаная Саветам Міністраў у снежні 2020 года.

Пра асноўныя напрамкі рэалізацыі новага дакумента распавяла начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццяна Фёдарава.

6 задач Нацыянальнай стратэгіі

Асноўнай мэтай, якая прадугледжана Нацыянальнай стратэгіяй «Актыўнае даўгалецце-2030», з'яўляецца стварэнне ўмоў для найбольш поўнай і эфектыўнай рэалізацыі патэнцыялу сталых грамадзян, павышэнне якасці іх жыцця, дзякуючы сістэмнай адаптацыі дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў да праблемаў старэння. Дакументам вызначаныя асноўныя задачы.

1. Забеспячэнне правоў і годнасці сталых грамадзян. Стварэнне ўмоў для іх сацыяльнай уключанасці і ўсебаковага ўдзелу ў жыцці грамадства

Пры мясцовых выканаўчых распарадчых органах плануецца стварэнне саветаў сталых грамадзян, якія будуць мець дарадчы голас і браць удзел у прыняцці рашэнняў па арганізацыі жыццядзейнасці ў канкрэтным населеным пункце і/ці рэгіёне.

Патэнцыял сталых людзей можна і трэба выкарыстоўваць у валанцёрстве, упэўненая Таццяна Фёдарава. І такі вопыт ужо ёсць. У Беларускім таварыстве Чырвонага Крыжа каля 30% валанцёраў – гэта людзі сярэбранага веку. Ёсць вопыт прыцягнення такіх валанцёраў і для працы ў дзяржаўных тэрытарыяльных установах сацыяльнага абслугоўвання.

Таццяна Фёдарава, начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны:

– Сталыя валанцёры ўдзельнічаюць у акцыях «Сталыя – старым», калі яны аказваюць дапамогу і падтрымку маламабільным людзям, альбо «Бабуля на гадзіну», калі бяруць на сябе часовы клопат пра маленькіх дзяцей – для таго, каб вызваліць маму для вырашэння бытавых пытанняў.

Плануецца таксама пашырэнне магчымасцяў для заняткаў сталых людзей творчасцю: стварэнне клубаў па розных напрамках пры арганізацыях культуры, грамадскіх аб'яднаннях і г.д.

2. Стымуляванне больш працяглага працоўнага жыцця сталых людзей. Фарміраванне камфортнага ўзроўню даходаў сталых грамадзян

Па дадзеных статыстыкі, у нашай краіне 19,6% сталых людзей ва ўзросце ад 60 да 75 гадоў працуюць.

Таццяна Фёдарава, начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны:

– Пэўная кваліфікацыя, стан здароўя дазваляюць сталым людзям працаваць. І гэты кірунак плануецца развіваць у далейшым. У прыватнасці, будуць стварацца ўмовы для занятасці людзей, у першую чаргу, перадпенсійнага ўзросту.

Яшчэ адным напрамкам рэалізацыі гэтай мэты, дадала эксперт, стане падтрымка эканамічнай і прадпрымальніцкай актыўнасці грамадзян сталага ўзросту.

З мэтай фарміравання камфортнага ўзроўню даходаў у сталым узросце мяркуецца, апроч усяго іншага, развіццё інстытута дадатковых добраахвотных зберажэнняў, у тым ліку карпаратыўнага пенсійнага страхавання.

3. Адукацыя праз усё жыццё

Непарыўна з пытаннямі занятасці звязаная задача па забеспячэнні магчымасцяў для навучання на працягу ўсяго жыцця, пашырэнне доступу да атрымання адукацыі і павышэння кваліфікацыі. На вырашэнне гэтай задачы будуць накіраваныя наступныя напрамкі дзейнасці:

  • Рэалізацыю адукацыйных праграмаў у дачыненні да грамадзян перадпенсійнага ўзросту, якія ўключаюць павышэнне кваліфікацыі, перападрыхтоўку для тых людзей, якія хочуць быць працаўладкаванымі альбо працягваць працоўную дзейнасць.
  • Нефармальную адукацыю сталых людзей. Ужо сёння ў Беларусі працуюць інстытуты трэцяга ўзросту, гурткі і клубы па інтарэсах. Тут сталыя вывучаюць асновы камп'ютэрнай альбо фінансавай граматнасці, замежныя мовы альбо атрымліваюць новыя веды па любых іншых напрамках, якія іх цікавяць.

4. Стварэнне ўмоў для здаровага і бяспечнага жыцця, актыўнага даўгалецця

Стан здароўя з'яўляецца адным з вызначальных фактараў самаадчування любога чалавека, а значыць, і яго магчымасцяў у сталым узросце. Таму гэтая задача накіраваная не толькі на людзей, старэйшых за 65 гадоў, а на ўсё насельніцтва. Бо здаровыя паводзіны на працягу ўсяго жыцця шмат у чым вызначаюць, з якім станам здароўя чалавек прыйдзе да сталага ўзросту.

Таццяна Фёдарава, начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны:

Плануецца пашырэнне практыкі арганізацый школ актыўнага даўгалецця. Вялікая ўвага будзе нададзеная развіццю аздараўленчых арганізацый, стварэнню пры іх груп для сталых людзей, навучанню работнікаў такіх арганізацый правілам і навыкам дапамогі ўзроставым кліентам (як правільна падабраць фізічную нагрузку, якія практыкаванні ім трэба выконваць, каб захоўваць бадзёрасць, актыўнасць, падтрымліваць сваё здароўе). Сёння каля 26% людзей ва ўзросце 60 гадоў і старэйшым займаюцца фізкультурай. Мы ставім перад сабой задачу, каб да 2030 года не менш за 30% насельніцтва былі ўцягнутыя ў гэтую дзейнасць.

5. Развіццё сацыяльнага абслугоўвання, забеспячэнне годнай якасці жыцця сталых людзей

На працягу наступных пяці гадоў упор будзе зроблены на развіццё стацыянар-замяшчальных формаў сацыяльнага абслугоўвання. Размова ідзе пра стварэнне ўсіх неабходных умоў для самастойнага пражывання сталага чалавека па месцы жыхарства. Перасяляць жа ў дамы-інтэрнаты мяркуецца толькі ў выключных выпадках, напрыклад, калі няма магчымасці тым, хто мае патрэбу ў кругласутачным доглядзе, стварыць годныя ўмовы па месцы жыхарства.

Таццяна Фёдарава, начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны:

– Вялікая ўвага будзе надавацца сталым з кагнітыўнымі парушэннямі. Для гэтага плануецца адкрываць аддзяленні дзённага знаходжання не толькі ў тэрытарыяльных цэнтрах, але і ў стацыянарных установах.

Будзе ацэньвацца і сама якасць (з дапамогай штогадовага маніторынгу) аказання сацыяльных паслуг сталаму насельніцтву. Працягнецца развіццё механізмаў дзяржаўнага сацыяльнага заказу, у рамках якога да аказання такой дапамогі прыцягваюцца недзяржаўныя арганізацыі. На конкурснай аснове яны могуць атрымаць бюджэтныя субсідыі на фінансаванне расходаў на аплату працы работнікаў, якія занятыя аказаннем сацыяльных паслуг.

Яшчэ адзін напрамак – пераход на вызначэнне патрэбы ў сацыяльных паслугах, зыходзячы з індывідуальнай неабходнасці.

Таццяна Фёдарава, начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны:

– Распрацоўваюцца механізмы, з дапамогай якіх мы зможам комплексна ацаніць патрэбы сталага чалавека: стан яго здароўя, асяроддзе, у якім ён знаходзіцца, бытавыя ўмовы і яго ўласныя магчымасці.

6. Стварэнне адаптаванай да патрэбаў сталых людзей інфраструктуры асяроддзя жыццядзейнасці

Рэалізацыя гэтай задачы ўключае, у тым ліку, развіццё новага кірунку – сярэбранай эканомікі. Паколькі колькасць сталых людзей расце, колькасць спажыўцоў сталага веку таксама павялічваецца. І інтарэсы гэтай групы насельніцтва павінны ўлічвацца пры распрацоўцы новых тавараў, паслуг альбо фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў.

Таццяна Фёдарава, начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны:

– Сталыя людзі актыўна ўключыліся ў скандынаўскую хаду, але для іх павінны быць даступныя і басейн, і трэнажорныя залы. Значыць, тых, хто працуе ў гэтай сферы, неабходна навучыць вызначаць патрэбы сталых людзей у такіх паслугах.

Што дасць рэалізацыя Нацыянальнай стратэгіі «Актыўнае даўгалецце-2030»? Яна дасць магчымасць стварыць умовы для самастойнага, незалежнага і паўнавартаснага жыцця сталых грамадзян, рэалізацыі іх патрэбы для таго, каб яны маглі рэалізаваць свой патэнцыял, рэзюмавала спецыяліст.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 28

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».