12.05.2022
12.05.2022

Алергія ў пытаннях і адказах

logo
Хваробы ад А да Я
0 67
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Хваробы алергічнай прыроды, уключаючы бранхіяльную астму, зрабіліся захворваннямі, якія найбольш імкліва развіваюцца за апошнія 40 гадоў. З пачатку 80-х мінулага стагоддзя колькасць новых выпадкаў алергій кожнае дзесяцігоддзе павялічвалася ўдвая.

Зараз тэмп росту паталогіі запаволіўся. Але прагноз, зроблены Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя на пачатку 2000-х пра тое, што XXI стагоддзе стане стагоддзем алергій, усё яшчэ падаецца правільным.

Мы падрыхтавалі для нашых чытачоў адказы на актуальныя пытанні, якія тычацца алергічных хваробаў.

Алергія ў дзяцей і дарослых

Алергія. Як спраўляцца?

У Беларусі каля 95 тысяч чалавек пакутуюць ад бранхіяльнай астмы (70 тысяч дарослых і 25 тысяч дзяцей ад нараджэння да 18 гадоў). Гэта адзіная статыстычная лічба, найбольш набліжаная да рэчаіснасці. Што тычыцца дыспансернага ўліку па палінозе, алергічным рыніце, крапіўніцы, атапічным дэрматыце алергічнай прыроды, тут афіцыйныя лічбы ў разы больш сціплыя. Але і ад рэальнасці яны таксама далёкія, бо не кожны пацыент імкнецца патрапіць да спецыяліста з разавымі высыпаннямі ці нават насмаркам, якім бы зацяжным і надакучлівым ён ні быў.

Арыенцірам у разуменні маштабнасці праблемы можа служыць сусветная статыстыка СААЗ, паводле якой кожны 4-ы жыхар планеты мае тыя ці іншыя алергічныя захворванні. А хаця б аднойчы на працягу жыцця вострая рэакцыя арганізма на ўздзеянне якога-небудзь алергена назіраецца і ўвогуле ў кожнага другога чалавека. Каб прыцягнуць увагу грамадскасці да маштаба праблемы і пошуку шляхоў яе вырашэння, з 2005-га года штогод 8 ліпеня адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з алергіяй.

Ці ёсць розніца паміж харчовай алергіяй і непераноснасцю прадукту?

Харчовая алергія – гэта вострая рэакцыя імуннай сістэмы, якая, як правіла, развіваецца на працягу 15-20 хвілін пасля кантакту з харчовым алергенам. Праяўляецца пачырваненнем, свербам, прыпухласцю, з'яўленнем на целе пухіроў. Часам пры моцным імунным адказе рэакцыя развіваецца імкліва (на працягу некалькіх хвілін), носіць жыццепагражальны характар і праяўляецца ацёкам Квінке альбо анафілактычным шокам. Алергія – кампетэнцыя ўрача-алерголага.

Непераноснасць прадукту – працэс, які не нясе прамой пагрозы жыццю чалавека. Непераноснасць прадукту не мае ярка выяўленых і спецыфічных праяў, часам і зусім абыходзіцца без сімптаматыкі. Гэта працяглы працэс, які можа цягнуцца гадамі, і дыягнаставаць яго можна, толькі прайшоўшы спецыфічнае абследаванне.

Тым не менш, непераноснасць таго ці іншага прадукту негатыўна адбіваецца на стане здароўя і можа служыць фактарам, які прыводзіць да развіцця цяжкіх паталогій. Таму патрабуе адэкватнай тэрапіі і назірання ў гастраэнтэролага.

Да распаўсюджаных відаў непераноснасці харчовых прадуктаў адносяцца, напрыклад, цэліякія (непераноснасць глютэну) і гіпалактазія (непераноснасць лактозы).

Алергія. Хатнія жывёлы пад забаронай.

Хатнія жывёлы з кароткай поўсцю не выклікаюць алергію. Гэта праўда?

Насамрэч алергічную рэакцыю здольная выклікаць не толькі поўсць, але і перхаць, а таксама сліна, мача, экскрыменты хатніх гадаванцаў. Таму даўжыня поўсці жывёлы, павышаная валасістасць ці яе адсутнасць не маюць асноўнага значэння.

Алергены жывёлаў – адны з найбольш распаўсюджаных і магутных, валодаюць высокай «лятучасцю» і могуць доўгі час знаходзіцца ў паветры, прымацоўваючыся да мікрачасцінак пылу.

Ці можна, маючы дыягназ «бранхіяльная астма», займацца фізкультурай і спортам?

 
Дзмітрый Буза
Загадчык алергалагічнага аддзялення 4-й Гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы г.Мінска, галоўны пазаштатны дзіцячы алерголаг Міністэрства аховы здароўя, к.м.н
Усё залежыць ад ступені цяжару бранхіяльнай астмы. Ёсць такое паняцце: «бранхіяльная астма – фізічнае намаганне», г.зн. фізнагрузка таксама можа правакаваць прыступ. Але, напрыклад, у 80% дзяцей, якія знаходзяцца на дыспансерным уліку, захворванне працякае ў лёгкай форме, і, па сутнасці, яны могуць займацца фізкультурай. Пры гэтым група па фізкультуры ў іх будзе вызначаная як падрыхтоўчая. Г.зн., займацца дзеці з бранхіяльнай астмай будуць разам з класам, пры гэтым іх вызваляюць ад здачы тэст-нарматываў, ашчаджаюць пры павышаных фізічных нагрузках. Складаней з наведваннем спартыўных секцый. «Дазвольную» даведку можа выдаць толькі алерголаг пасля стараннага абследавання: ацэнкі функцыі вонкавага дыхання, пробы з фізнагрузкай і г.д. Рашэнне прымаецца ў строга індывідуальным парадку з улікам шматлікіх фактараў.

Алергія. Бранхіяльная астма.

Ці з'яўляецца алергія на курыныя яйкі супрацьпаказаннем да прышчэпак, напрыклад, супраць грыпу?

Таццяна Бараноўская
Дацэнт кафедры геранталогіі і герыятрыі з курсам алергалогіі і прафпаталогіі БелМАПА, галоўны пазаштатны алерголаг Міністэрства аховы здароўя, к.м.н.
Па-першае, яечны бялок уваходзіць у вельмі невялікую частку вакцынаў і ў вельмі нязначнай колькасці. Па-другое, у апошні час усё часцей гучаць меркаванні кампетэнтных спецыялістаў, што алергія на курыныя яйкі не з'яўляецца прамым супрацьпаказаннем для ўвядзення падобных вакцынаў. У якасці прыкладу прыводзіцца выпадак, калі чалавеку, у якога пацверджаны менавіта гэты тып алергіі, неспадзявана ўвялі вакцыну, якая змяшчае яечны бялок. Абсалютна ніякай рэакцыі не было. Гэта значыць, калі трэба – прышчапляцца можна. Адзіным, мабыць, супрацьпаказаннем да вакцынаў на аснове яечнага бялку з'яўляецца наяўнасць анафілаксіі (выяўленай алергічнай рэакцыі на бялок курынага яйка).

Ці можна прымаць антыгістамінныя прэпараты прафілактычна, каб пазбегнуць рэакцыі пры выпадковым кантакце з алергенам?

Таццяна Бараноўская
Дацэнт кафедры геранталогіі і герыятрыі з курсам алергалогіі і прафпаталогіі БелМАПА, галоўны пазаштатны алерголаг Міністэрства аховы здароўя, к.м.н.
Трэба! Так нават правільна. Бо калі рэакцыя запушчаная і рэцэптары занятыя гістамінам, таблетцы няма дзе працаваць. А з'едзеная загадзя, яна як бы перахоплівае гэтыя рэцэптары, і алерген ужо не знойдзе кропкі прыкладання. Так што ва ўсіх выпадках алергічных праяў мы прапануем прымаць антыгістамінныя прэпараты прафілактычна. Але гэта не пазбаўляе чалавека ад неабходнасці пазбягаць кантакту з алергенам. Гэта не значыць, што можна з'есці антыгістамінную таблетку, а потым есці торт з арахісам, калі на яго ёсць алергія.

Алергія на арахіс.

Ці можа ачышчальнік паветра з функцыяй азанавання пазбавіць ад алергіі?

Некаторыя вытворцы сцвярджаюць: газападобны азон дапамагае выдаліць алергены з паветра. Паветра сапраўды робіцца больш чыстым, але сказаць, што з яго цалкам знікаюць драбнюткія часціцы, якія выклікаюць алергічныя рэакцыі альбо астму, на жаль, нельга.

 
Дзмітрый Буза
Загадчык алергалагічнага аддзялення 4-й Гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы г.Мінска, галоўны пазаштатны дзіцячы алерголаг Міністэрства аховы здароўя, к.м.н
Выкарыстанне падобных апаратаў падыходзіць пад прынцып: трэба штосьці рабіць. Ёсць алергія, дык вось штосьці ж рабіць трэба, давайце купім ачышчальнік паветра з функцыяй азанавання. Але ў мяне ў шматгадовай практыцы не было яшчэ выпадку, каб ачышчальнік паветра «вылечыў» алергію. Тым не менш: ёсць грошы на дарагі апарат – купляйце. Гэта забяспечыць чысціню і свежасць паветра, супастаўную з добрым праветрываннем. Але панацэяй ад алергіі гэта не з'яўляецца.

Можа быць, выкарыстанне параачышчальніка «забівае» алергены?

Таццяна Бараноўская
Дацэнт кафедры геранталогіі і герыятрыі з курсам алергалогіі і прафпаталогіі БелМАПА, галоўны пазаштатны алерголаг Міністэрства аховы здароўя, к.м.н.
«Забойства» алергенаў можа быць забяспечана і тэрмічна, і хімічна. Але іх целы, бялкі, экскрыменты, г.зн. усё тое, што выклікае алергію, усё роўна застаецца. Калі ўжо ёсць алергія на хатні пыл і пылавога кляшча, дык яна нікуды не падзенецца.

Нават вільготная ўборка і частае праветрыванне не лечаць алергію, а змякчаюць яе праявы. І, скажам, замена падушак, матрацаў, коўдраў з натуральным напаўняльнікам на сінтэтыку працуе лепей, чым апрацоўка іх парай. Г.зн. прамога супрацьалергеннага дзеяння параачышчальнік не аказвае: забітыя кляшчы такія ж агрэсіўныя, як і жывыя.

Алергія. Меняем падушкі на сінтэтычныя.

Ці можна вылечыць алергію цалкам?

Алергію немагчыма вылечыць цалкам. Гэта хранічны працэс.

Важна адзначыць, што нават лекі не вылечваюць саму алергію, яны толькі аслабляюць або ліквідуюць сімптомы. Тым не менш, узяць кантроль над алергіяй можна. Гэта запатрабуе пэўных намаганняў, прыхільнасці да тэрапіі, паслядоўнасці і цярпення. Але пры належным доглядзе і засцярозе можна кантраляваць сімптомы алергіі і весці нармальнае і здаровае жыццё.

Звярнуўшыся да алерген-спецыфічнай імунатэрапіі (алергавакцынацыі), можна дамагчыся перыяду рэмісіі на 7-8 гадоў.

https://bel.24health.by/onlajn-konferenciya-allergiya-prichiny-diagnostika-i-lechenie/

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 67

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».