28.08.2017
28.08.2017

Анастасія Пракапенка выйграла бронзу чэмпіянату свету

logo
Навiны
130 07
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Нумар адзін жаночай каманды Рэспублікі Беларусь па сучасным пяцібор'і,  – Анастасія Пракапенка, заваявала асабістую бронзу чэмпіянату свету ў Каіры.

Першы асабісты медаль чэмпіянату свету даўся спартсменцы нялёгка, бо для таго, каб яго заваяваць, Анастасіі давялося пераадолець вялікае адставанне, абышоўшы алімпійскую чэмпіёнку 2008 г Алену Шэнеборн, якая выйшла на старт першай.

«Здабыць» бронзу на егіпецкай спякоце было зусім не проста. Першая дысцыпліна фіналу (рэйтынгавы турнір у фехтаванні), якую спартсменкі правялі напярэдадні, прынесла беларусцы 18 вынік (17 перамог). Плаванне і зусім перамясціла Насту ў другі дзясятак фіналістак (29 месца па выніках дысцыпліны). А вось канкур склаўся больш удала: 293 балы і чацвёртае месца.

Стартавая арыфметыка лазер-ран, не пакідала вялікіх спадзяванняў на перамогу. Да радасці саперніц беларуска сышла на бегавую трасу чатырнаццатай. Праўда, менавіта лазер-ран спартсменка традыцыйна лічыць сваім моцным бокам.

Сабраўшы волю ў кулак і падрыхтаваўшыся да барацьбы са спякотай і пяском, Анастасія крок за крокам апярэджвала саперніц, у выніку выбегла на фінішную прамую трэцяй, адыграўшы 42 секунды адставання і паказаўшы лепшы час па выніках лазер-ран.

«Вельмі складаная траса, складаны грунт [заўв. – пясок], але ў яе велізарныя здольнасці да бегу, моцныя ногі», – падзяліўся ўражаннямі пра выступленне падапечнай галоўны трэнер нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па сучасным пяцібор'і Вальдэмар Дарыюш дэ Макай у гутарцы перад цырымоніяй узнагароджання.

А затым дадаў: «З моманту чэмпіянату Еўропы прайшло ўсяго чатыры тыдні, і яна [заўв. – Анастасія] яшчэ не да канца аднавілася, але, думаю, цяпер яна вярнула сабе выдатны настрой».

Перамогу ў асабістым заліку атрымала расіянка Гульназ Губайдуліна, для якой гэты медаль таксама стаў першай асабістай узнагародай чэмпіянату свету ў кар'еры. Срэбра заваявала прадстаўніца Венгрыі Жафія Фельдхазі.

На 20 радку табліцы фінальныя выпрабаванні завяршыла беларуска Таццяна Халдоба (найбольш паспяхова з усіх дысцыплін правяла фехтаванне і канкур), на 28 – Ірына Прасянцова і на 36 – элімінаваная па выніках верхавой язды Вольга Сілкіна.

Бронза Анастасіі Пракапенка – першая асабістая ўзнагарода беларускіх пяціборцаў на чэмпіянаце свету ў Каіры. Нагадаем, у першы дзень спаборніцтваў бронзу ў эстафеце ў мужчын заваяваў беларускі дуэт «Ілля Палазкоў / Павел Ціханаў».

Чэмпіянат свету ў Каіры завершыцца 28 жніўня – змешанай эстафетай. Беларусь у апошні дзень спаборніцтваў прадставіць дуэт, які стаў у сакавіку гэтага года ўладальнікам золата ў аналагічнай праграме II этапу Кубка свету па сучасным пяцібор'і ў сталіцы Егіпта, – Ірына Прасянцова і Кірыл Касьянік.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

130 0 7