18.01.2021
18.01.2021

Анатомія душы. Як дапамагчы чалавеку перажыць гора

logo
Здароўе дарослых
0 35
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«Дзетка, гэта твой кавалак хлеба, і табе самой давядзецца з'есці яго да апошняй крошкі. Калі хочаш, я проста пабуду побач». Не ведаю, ці падзейнічалі словы сталай акушэркі на зусім маладзенькую парадзіху, якая курчылася ад болю ў схватках, але стогны яе зрабіліся больш глухімі, а дыханне – больш роўным.

Гэтая даўнішняя сцэна, міжвольнай сведкай якой я стала, дагэтуль памятаецца да драбніц. Магчыма, акушэрка казала тое ж самае дзясяткам жанчын па некалькі разоў на дзень. Магчыма, сотні разоў гэтак жа моўчкі сціскала рукі прыціхлых парадзіх. І цалкам верагодна, што яна нават не падазравала, якой глыбінёй і сілай валодаюць яе «дзяжурныя» словы і дзеянні.

Спачуваць чалавеку правільна.

Чалавек праходзіць праз боль, каб пачаць жыць. Ён можа не думаць, але не можа не ведаць, што іншым болем усё і скончыцца. Перажыўшы адны пакуты, ён хоча крычаць на ўвесь свет ад шчасця. Сутыкнуўшыся з іншымі – ад гора, якое разрывае душу.

Чаму трэба казаць пра гора...

Мы – грамадства. Мы настолькі сталыя і развітыя, што адкрыта гаворым пра ўсё: пра палітыку, хваробы, сэкс, пра свае цёмныя бакі, пра зайздрасць і ляноту... Мы набылі такую ​​сілу, што ў стане ўтаймоўваць стыхіі, выходзіць у адкрыты космас, зазіраць у будучае і з дапамогай скальпеля пластычнага хірурга ісці супраць часу. Але мы слабыя і безабаронныя перад горам. Мы баімся і не жадаем пра яго гаварыць. Яшчэ часцей – проста не ведаем, што сказаць. Гэта закрытая тэма. Таму мы сублімуем гора ўнутры сябе. Кожны есць свой «кавалак хлеба» ў адзіноце. Як можа. І як умее.

Ганна Гарчакова, дырэктар Беларускага дзіцячага хоспіса, адна з нямногіх, хто пагадзіўся паразмаўляць на цяжкую тэму шчыра. Яна ведае, як выглядае гора знутры.

Ганна Гарчакова, дырэктар Беларускага дзіцячага хоспіса:

Ганна Гарчакова.

– Я не сустракала ў жыцці ніводнага чалавека, якога гора абмінула б. Усе рана ці позна губляюць вельмі блізкіх для сябе людзей. Якасць жыцця здаровага чалавека напрамую залежыць ад таго, каго ён губляе альбо страціў: маму, дзіця, сябра... І што б ён ні рабіў потым: скакаў з парашутам ці бегаў кросы, правільна харчаваўся альбо даглядаў сябе, жыццё яго не будзе бездакорным, калі ён не пражыў сваё гора, не даў яму выйсця, а закрыў глыбока ўнутры сябе.

Ведаеце, гэта як у выпадку са зламанай рукой. Адны настолькі моцна напалоханыя перажытым болем, што потым шкадуюць сябе і нават не спрабуюць распрацоўваць пашкоджаную канечнасць. Іншыя, наадварот, не ведаючы меры, азвярэла, з маніякальнай асалодай, праз нясцерпныя пакуты і слёзы нагружаюць і трэніруюць сустаў. І тыя, і другія ў рэшце рэшт ходзяць са скрыўленай рукой. Толькі ў выпадку з горам скрыўленай і знявечанай аказваюцца душа і псіхіка чалавека.

Жыццё, якасць жыцця, лад жыцця – гэта пульсар, аб'ёмнае штосьці з многіх складнікаў, звязаных паміж сабой: фізічны, духоўны, псіхічны, сацыяльны... Мне сустракаліся людзі, у якіх былі здароўе, дастатак, прызнанне, але пры гэтым яны неаднаразова спрабавалі звесці рахункі з жыццём. Чаму? Таму што пульсар даў збой. Калі б ён быў плоскім: цела – асобна, душа – асобна, соцыум – асобна, мы ўсе адчувалі б сябе безумоўна шчаслівымі. Пакутам наогул не знайшлося б месца ў нашым жыцці.

Але гэта было б і не жыццё: калі ты не ўмееш адчуваць душэўны боль, ты не ўмееш спачуваць і суперажываць. Калі ты сам яго не перажыў, ты не дапаможаш справіцца з ім іншым. Ты – гонкі, падцягнуты, прыгожы і магчыма разумны, але ты пусты і бескарысны. Ты ёсць, але цябе як быццам няма.

Спачуваць чалаеку правільна. Калі ў горы раствараешся...

...і чаму мы пра яго маўчым?

Гора заўсёды прыходзіць раптоўна. Да яго нельга падрыхтавацца загадзя і яго нельга прадухіліць. У народзе кажуць: прыйшло і ўпала. Няма больш ёмістага і дакладнага вызначэння. Ад цяжару таго, што здарылася, ці ўсведамлення таго, што павінна адбыцца, няма сіл рухацца і супраціўляцца. Шок. Боль. Здранцвенне. Гора ўпала...

Ёсць толькі адно выйсце, і яно таксама заключанае ў народнай мудрасці: «Гора занадта шырокае, каб яго абысці, занадта высокае, каб яго пераскочыць, занадта глыбокае, каб пад ім прапаўзці. Праз гора можна толькі прайсці». Але як гэта зрабіць? І ці можна дапамагчы таму, хто ідзе?

Простага чалавека гэтаму нідзе не вучаць. Боль душы занадта індывідуальны, каб падвесці яго пад агульную тэорыю.

Спачуваць чалавеку правільна. У кожнага сваё гора.

Ведаеце, што дзіўна? На ўсёй постсавецкай прасторы ў псіхалогіі як навуцы няма ніводнай арыгінальнай працы па псіхатэрапіі гора. Мы прыдумалі і вынайшлі сотні лекаў і спосабаў пазбаўлення ад фізічных пакутаў, але мала што ведаем пра душэўныя, і таму па-старому цалкам пакідаем іх на водкуп часу.

У адрозненне ад нас прагматычныя еўрапейцы даўно прэпарыравалі гора, вывернулі яго навыварат, адсартавалі і ўпарадкавалі. Сотні навуковых працаў прысвечаныя дэталёваму апісанню ўсіх мажлівых і неймаверных формаў і прычынаў чалавечага гора: нармальнага і паталагічнага, «адкладзенага» і «апераджальнага», жаночага, мужчынскага, дзіцячага... Гэта не значыць, што там знайшлі панацэю ад гора. Але там хаця б прызналі яго права быць неад'емнай часткай жыцця.

У Еўропе абсалютна нармальнай лічыцца практыка прывозіць дзяцей малодшай школы ў хоспісы і дамы састарэлых. Там ледзь не кожная дзяўчынка адкладвае частку сваіх кішэнных грошай на будучае лячэнне ад раку грудзей. У яе яго няма! І цалкам верагодна, што ніколі не будзе. Але з ім сутыкаецца кожная другая жыхарка Еўропы. І дзяўчынка пра гэта ведае. Бо ад яе ніхто не хавае, што жыццё мае адваротны бок і не заўсёды ідзе па запланаваным сцэнары, да гэтага проста варта быць гатовым.

Спачуваць чалавеку правільна. Чаму вучаць дзяцей за межамі.

Добра гэта ці дрэнна – пытанне спрэчнае. Але так хаця б больш праўдзіва.

Ганна Гарчакова, дырэктар Беларускага дзіцячага хоспіса:

– Мы для такой сумленнасці маем занадта забабонаў і эгацэнтрычнасці. Таму і «чужыя» методыкі працуюць далёка не заўсёды. У нас ёсць праграма «Гараванне», вельмі моцная па сваёй сутнасці. А ніхто не ходзіць. Не таму, што гараваць разам – гэта не па-нашаму, а таму, што ніхто не хоча ісці праз гора. Самы просты спосаб – не думаць, не чуць, заплюшчыць вочы, адгарадзіцца ад усяго свету. І пры гэтым не заўважаць, што асабістае непражытае гора ламае лёсы тых, хто знаходзіцца побач.

Я шчыра лічу, што гэта вялікі мацярынскі крыж – сядзець каля ложка паміраючага дзіцяці. Мала хто з гэтай ношай спраўляецца. Раней у нас былі мамы, якія казалі: «Я так моцна цябе люблю, што я цябе адпускаю». Цяпер кажуць іншае: «Я не дам табе памерці!» Яны бясконца возяць дзяцей па бальніцах, капаюць ім кроў, кормяць лекамі, мучаць працэдурамі... Гэта не ў асуджэнне мамаў. Ім так страшна і самотна ў сваім горы, што яны не могуць спыніцца. Яны нават нараджаюць іншых дзяцей, каб выратаваць таго адзінага. І не дай Бог «донар» не падыдзе!

Кажуць, што любові шмат не бывае. Бывае! Гэта той самы выпадак, калі мала любові – чалавек сохне, шмат – чалавек гніе. Ён не толькі дазваляе ўласнаму гору з'ядаць сябе знутры. Ён сее яго вакол. Таму выцягнуць чалавека з гэтага балота не толькі трэба, а, што асабліва важна – можна! Гэта ў нашых жа інтарэсах, калі мы хочам жыць у здаровым і маральна сталым грамадстве.

Маўчы і слухай

Спачуваць чалаеку правільна. Маўчы і слухай.

Прызнаюся, што калі рыхтавала матэрыял, неаднойчы лавіла сябе на думцы, што сказаць больш, акрамя відавочнага, па сутнасці і няма чаго. Бо няма адзінага ўніверсальнага рэцэпту, які дапамог бы ўсім, хто перажывае гора, супакоіцца. Ад занадта шматлікіх фактараў залежыць надыходжанне і працяг гора: пачынаючы ад таго, як паднеслі чалавеку факт страты, якая здарылася ці павінна здарыцца, і заканчваючы яго ўласнымі душэўнымі рэсурсамі.

Але, як ні парадаксальна, менавіта відавочнае часцяком дае нам адказы нават на самыя складаныя пытанні.

Праца са спецыялістамі – псіхолагамі, псіхатэрапеўтамі – аптымальны спосаб пражыць сваё гора поўна і правільна. Але трэба прызнаць, што далёка не кожны гатовы і згодны дзяліць асабістыя душэўныя пакуты з «чужым» чалавекам.

Па-другое, «праца гора» – занадта працаёмкі працэс і яшчэ больш працяглы. У класічнай псіхалогіі яму адводзіцца год, а то і два. І толькі гараванне, якое выходзіць за межы гэтага часу, лічыцца паталагічным. У гэтым выпадку праца са спецыялістамі ўжо з'яўляецца не магчымым, а адзіным спосабам пазбавіцца ад зацяжнога душэўнага болю. Па-трэцяе, 99% часу чалавек усё роўна застаецца са сваёй бядой сам-насам. Таму дапамогу і падтрымку блізкіх цяжка замяніць і немагчыма пераацаніць.

Спачуваць чалаеку правільна. Падтрымка сям'і.

Прыміце да ведама парады нашых экспертаў. Магчыма, аднойчы яны дапамогуць вам адказаць на пытанне: «Як дапамагчы блізкаму чалавеку перажыць гора?»

Дазвольце чалавеку выплюхнуць свае эмоцыі. Калі ён хоча плакаць – няхай плача. Хоча крычаць – няхай крычыць. Хоча быць ціхім і спакойным – дазвольце і гэта.

Юлія Прымак, псіхолаг Мінскай гарадской бальніцы паліятыўнага догляду:

– Суцяшэнне ў горы недапушчальнае і амаральнае. Суцяшаць можна чалавека, калі ён пасадзіў пляму на новай сукенцы, альбо згубіў кашалёк, альбо спазніўся на цягнік... Суцяшаць чалавека, які перажыў страту, – гэта быццам вы забараняеце яму адчуваць. Мы кажам: «Не плач! Супакойся!» І тым самым робім велізарную памылку, разбураем давер гэтага чалавека да сябе. Мы такім чынам прызнаём, што не можам зразумець і прыняць яго боль. І яму не застаецца нічога іншага, як закрыцца.

Нездарма кажуць: слёзы – гэта пот душы, якая працуе. Менавіта плач дазваляе ачысціць душу ад гора, што перажываецца, арганізуе прастору болю, дапамагае ўсвядоміць і прыняць факт таго, што здарылася. Не можаце плакаць разам – проста моўчкі і ціхенька будзьце побач.

Прыміце гора чалавека. Не патрабуйце ад яго быць моцным, трымацца. Колькі разоў мы, не задумваючыся, вымаўляем гэтыя фразы ў шчырым імкненні падтрымаць?! Але пры гэтым у нас няма адказу: адкуль яму браць гэтыя сілы? І што значыць – трымацца? Кожны чалавек мае права быць слабым, бездапаможным, уразлівым.

Спачуваць чалаеку правільна. Кожны можа быць бездапаможным.

У звычайным жыцці сацыяльныя ўстаноўкі прама забараняюць гэтым правам карыстацца. І мы ўсе носім маскі, баючыся асуджэння. Але гора – не звычайнае жыццё. Вышэйшая праява чалавечай гуманнасці – даць магчымасць іншаму ў самыя цяжкія хвіліны свайго жыцця быць слабым. У гэтым і заключаецца спачуванне і суперажыванне. Разуменне і прыняцце таго болю, які перажывае чалавек.

Не абясцэньвайце чужы боль. Самы распаўсюджаны зман – што мы можам палегчыць пакуты чалавека, нагадаўшы яму пра іншыя яго абавязкі: «Табе ёсць дзеля каго жыць. У цябе яшчэ дзеці (бацькі, сёстры, муж...)».

Ганна Гарчакова, дырэктар Беларускага дзіцячага хоспіса:

– Гэта найбольшае глупства, якое толькі можна вымавіць. Яно абразлівае па сутнасці, бо абясцэньвае канкрэтнае гора чалавека. Пры чым тут іншыя дзеці, сваякі, блізкія, калі незваротна сышоў ГЭТЫ чалавек ?! Бо разам з ім пайшла і частка жыцця: мінулага, сучаснага, будучага. Нікім і нічым іншым гэтую страту папоўніць немагчыма. А таму прапанова «пераключыцца» не выклікае нічога, акрамя раздражнення, агрэсіі і ўсё таго ж жадання зачыніць гора ў сабе.

Спачуваць чалаеку правільна. Што нельга гаварыць.

Не раскідвайце пустыя фразы. У стане вострага гора навакольная рэальнасць размытая. Чалавек не можа ўспрымаць агульныя фразы. Таму ўстрымайцеся ад пытанняў тыпу: «Як справы?», «Як ты?» Калі вы адчуваеце неабходнасць даведацца штосьці канкрэтнае альбо аказаць рэальную дапамогу, пытайцеся прама. «Што ты еў раніцай? Ты спаў? Калі? Колькі? Ёсць каму схадзіць у краму? Хто сядзіць з дзецьмі?»

Не пытайцеся, чаго ён хоча. Адказ вас расчаруе. Прапануйце дапамогу самі. І не адчайвайцеся, калі раптам адмовяць. Галоўнае вы ўжо зрабілі: пазначылі свой удзел і далі зразумець, што ў любую хвіліну гатовыя працягнуць руку дапамогі.

Каб дапамагчы, умейце быць побач, навучыцеся адчуваць. Гэта адзіны верны спосаб дапамагчы чалавеку перажыць гора. Насуперак уяўленням, гора не дэструктыўнае па сваёй сутнасці, але робіцца такім, калі не знаходзіць разумення. Каб гэтага не дапусціць, важна ўмець слухаць і чуць жаданні чалавека, яшчэ больш – адчуваць.

Спачуваць чалавеку правільна.

Нават калі вам падаецца дзіўным, што ён уключае музыку замест таго, каб плакаць наўзрыд, у тысячны раз пераглядае фотоальбом альбо гадзінамі сядзіць ля магілы таго, хто пайшоў. Праявіце спагаду, падзяліце яго перажыванні сяброўскім маўчаннем і ненадакучлівай прысутнасцю. Не перашкаджайце яму памятаць пра беззваротную страту.

І памятайце: лепей не рабіць нічога, чым рабіць штосьці дрэнна.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 35

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».