30.04.2019
30.04.2019

Андрэй Ягораў: «Я б з радасцю адкрыў прыватны кабінет і нікуды не эміграваў» (+відэа)

logo
Асобы i лёсы
0 93
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Госць праекта «Урачы таксама людзі» – сельскі доктар, загадчык Верамееўскай амбулаторыі агульнай практыкі, вядомы блогер, бодзібілдэр Андрэй Ягораў.

З-за загружанасці і незаменнасці ўрач не змог прыехаць да нас у студыю, таму мы запісалі інтэрв'ю ў скайп-фармаце. Доктар падзяліўся меркаваннем, як спыніць эміграцыю медыкаў, распавёў, як зарабляе на лексус на сваім YouTube-канале і як рэагуюць мясцовыя жыхары на яго накачанае цела.

Інтэрвью з сельскім доктарам

 

Пра амбулаторыю

Што такое быць загадчыкам амбулаторыі агульнай практыкі? Раскажыце парай слоў пра аб'ём вашай работы.

– Гэта вельмі шырокі спектр працы. Бо я ў адной асобе і загадчык, і ўрач, мне даводзіцца адначасова вырашаць і арганізацыйныя, і лячэбна-дыягнастычныя пытанні. На маім участку каля 2200 чалавек дарослых і дзяцей. Таму даводзіцца быць адначасова тэрапеўтам, педыятрам, урачом хуткай дапамогі.

Яшчэ я падпрацоўваю эндаскапістам у раённай бальніцы і дзяжуру ў прыёмным пакоі. Раблю малыя аперацыі, зашываю раны, накладваю швы, бяру пункцыі, раблю ўнутрывенныя і ўнутрысустаўныя ін'екцыі, здымаю і расшыфроўваю ЭКГ – усё магу, бо пацыентаў хапае. Маладых урачоў мала, яны адпрацоўваюць па размеркаванні і з'язджаюць, пажылыя доктары сыходзяць на пенсію. Таму, хочаш-не хочаш, даводзіцца выконваць вялікі спектр працы.

Пры такой колькасці функцый і пацыентаў ёсць рызыка здзейсніць урачэбную памылку. Вы як урач пачуваецеся бяспечна ў нашай краіне?

– У цэлым медыцынская супольнасць у нас згуртаваная. Але праблема ў тым, што ўся наша праца ацэньваецца, зыходзячы з дакументаў. І калі ты не паспеў нешта запісаць, зрабіў у дакументах нейкую памылку, значыць, ужо дзейнічаў не па пратаколе, хаця гэта можа не мець значэння з практычнага пункту гледжання. І тады на цябе могуць паскардзіцца, распачаць следства, і ёсць шанц пазбавіцца пасады. І ўрачы пазбаўляюцца працы, я гэта ведаю не па чутках.

У мяне за 5 гадоў працы пакуль скаргаў не было. Нядаўна здарыўся выпадак, калі мяне выклікалі да мужчыны, ледзь старэйшага за 60 гадоў, з болямі ў сэрцы. Я зрабіў кардыяграму, вымераў ціск. Сам мужчына адчуваў сябе нармальна, маўляў, гэта жонка больш хвалюецца. Праходзіць 6 дзён – і мужчына памірае.

У гэты момант я напружыўся, бо такі выпадак здарыўся ўпершыню. Але на ўскрыцці ў яго аказалася атэрасклератычная хвароба сэрца, як следства – раптоўная сардэчная смерць. Гэта можа быць на фоне поўнага здароўя і ў дарослых, і ў дзяцей. Ускрыццё мяне ўратавала, бо калі б у пацыента быў інфаркт, у мяне маглі б быць вялікія праблемы.

У вас на прыём пацыентаў таксама мала часу, як у буйных гарадах, або ёсць магчымасць даўжэй працаваць з людзьмі?  

– Зараз у краіне час прыёму павялічылі да 20 хвілін. Пры маёй нагрузцы ў дзень неабходна абслужыць 30-35 чалавек, амбулаторна і па выкліках. Калі я буду кожнага прымаць па 20 хвілін, мне давядзецца працаваць па 12 гадзін. Я прывык працаваць гнутка: шмат часу магу выдаткаваць на складанага пацыента, напрыклад, з арытміяй, а камусьці дастаткова і 5 хвілін. Але ў цэлым я ўжо навучыўся працаваць хутка.

Пра галоўны мінус

Вы, у адрозненне ад многіх, засталіся ў Гарадку пасля размеркавання, бо гэта ваш родны горад. У цэлым ці трэба абавязковае размеркаванне ўрачоў сёння?

– У гэтым пытанні я стаўлю сябе на месца кіраўніцтва краіны, таго ж міністра аховы здароўя. Ва ўсім свеце медыцынская адукацыя каштуе вялізных грошай, быць урачом там нашмат прэстыжней, чым у нас. Але калі табе далі бясплатную адукацыю і потым яшчэ вольны дыплом – едзь, хлопец, куды хочаш, чыста эканамічна і сацыяльна гэта дзяржаве нявыгадна.

Так, з пазіцый правоў асобы гэта не вельмі добра. Але, з іншага боку, ты нідзе так не навучышся працаваць, як у вёсцы. Я з нашым хірургам у ЦРБ ужо нават трэпанацыю рабіў чалавеку з ацёкам мозга. У абласной бальніцы інтэрна або маладога ўрача і блізка да такога не падпусцілі б. У вялікай бальніцы заўсёды ёсць больш дасведчаныя ўрачы, і ў такой сітуацыі ты павольна вучышся, доўга знаходзішся ў сітуацыі інфантылізма – не бярэш на сябе адказнасць.

А ў сельскага ўрача такая магчымасць ёсць: шмат траўмаў, шмат пацыентаў з рознымі дыягназамі. І ты атрымліваеш вялікую практыку. Зараз я разумею, што змагу ўладкавацца ў любую бальніцу і буду адчуваць сябе там без праблем. Таму размеркаванне з пункту гледжання станаўлення ўрача і эканомікі важнае. Але маладых спецыялістаў трэба размяркоўваць пераважна па месцы жыхарства, бо гэта вырашае вострае пытанне з жыллём.

Багаты вопыт – гэта вялікі плюс у працы сельскага ўрача. А які самы вялікі мінус?

– Вельмі складана планаваць час. Ты не гаспадар свайго жыцця, знаходзішся ў пастаянным напружанні. Мне, напрыклад, даводзілася нават адпачынак адмяняць, бо мяне не было каму замяніць або трэба было тэрмінова замяшчаць калегу, бо кадраў не хапае. І гэтак увесь час. Плюс начныя дзяжурствы.

Да прыкладу, я адпрацаваў дзень і да 18.00 пайду на начное дзяжурства, дзе ўсё непрадказальна: можаш усю ноч прастаяць на нагах. А раніцай табе зноў на працу. Памятаю, у мяне было такое напружанае начное дзяжурства, а на наступны дзень прыём, куды прыйшло яшчэ чалавек 25. Я сядзеў і проста засынаў за сталом.

Гэта самы вялікі мінус. Нашай краіне і міністэрству трэба нешта рабіць для разгрузкі ўрачоў. У мяне шмат сакурснікаў эмігравалі па гэтай прычыне: хочаш працаваць на стаўку, а табе кажуць: працуй на дзве. З-за такога напружанага тэмпу ўрачы стамляюцца і выгараюць.

Калі ты маеш стасункі з людзьмі, павінна быць эмпатыя. У ператомленых урачоў няма ніякай эмпатыі, наадварот, развіваецца негатыў да пацыентаў. Статыстыка паказвае, што ў Мінску ўжо вялікі недахоп урачоў. У рэгіёнах быццам бы такога вострага недахопу няма, але толькі таму, што тут адзін доктар працуе за траіх.

Маладыя ўрачы ўжо ведаюць, як з'ехаць, і не будуць, як савецкае пакаленне, сядзець і чакаць, пакуль дзяржава павысіць ім зарплату на 5-10%. Праз пяць гадоў будзе яшчэ большы дэфіцыт.

Блог на YouTube якраз дазволіў мне вырвацца з гэтага дня сурка. Яго глядзяць шмат людзей з Еўропы, ЗША, Расіі. Нядаўна адзін глядач паклікаў мяне ў Фінляндыю: «У нас класная краіна, урачы добра зарабляюць, калі падцягнеш англійскую мову – уладкуешся без праблем». І я ўжо задумваюся: чаму б не з'ездзіць і не паглядзець?

Пра YouTube-канал

Колькі часу спатрэбілася, каб набраць 75 000 падпісчыкаў?

– Тры гады. Для блогасферы гэта няшмат, але ў мяне не забаўляльны канал. Я ведаю ўрачоў-блогераў, якія набіралі мільёны на праглядах ролікаў на тэму сэксу. Гэта заўсёды цікава, нават калі ты быццам бы ўсё пра гэта ведаеш.

А на вашым канале які быў ролік, што найбольш прагледзелі?

– Да гэтага роліка я слаба падрыхтаваўся, проста сядзеў і разважаў. Але назваў яго «Ускрыццё бодзібілдэра». Людзі, напэўна, падумалі, што я там пакажу рэальныя ўнутраныя органы, і ролік набраў 1,4 млн.праглядаў. Хаця ў мяне ёсць ідэя паказаць людзям, як выглядае ў рэальнасці інфаркт, інсульт ці атэрасклероз. Ёсць знаёмы выкладчык патолагаанатамічнай анатоміі, які мог бы дапамагчы з гэтым. Людзям цікава, такія ролікі, відавочна, сабралі б некалькі мільёнаў праглядаў. Можа быць, я гэта і рэалізую.

Ці прыносіць канал даход?

– Ён пачаў прыносіць даход прыкладна праз паўтара года. Зараз я разумею, што ўвогуле магу звольніцца з працы і займацца толькі блогерствам, гэта будзе прыносіць і даход, і развіццё. Мне паступае шмат камерцыйных ды іншых прапаноў. Але я не хачу кідаць практычную працу. Таму цяпер думаю, як развівацца далей.

У іншых краінах ёсць прыватная практыка, калі доктар адкрывае ўласны кабінет для прыёмаў. Я б з задавальненнем адкрыў такі кабінет і нікуды б не эміграваў. Але ў нас гэта складана. Трэба ісці ў вялікую прыватную клініку з ліцэнзіяй, дзе ёсць галоўны ўрач са сваімі патрабаваннямі і бачаннем. Пакуль у нас гэта павольна развіваецца.

Даход ад блогерства большы за вашую зарплату?

– Толькі ад адных праглядаў мне прыходзіць даход ад google, супастаўны з памерам маёй стаўкі. Падпісчыкі неяк параілі правесці стрым. Я паспрабаваў, і мне пачалі данаціць, проста так. Я пачаў пытацца, чаму людзі гатовыя падтрымліваць фінансава за размовы, я ж іх не прашу.

Асноўны кантынгент маіх гледачоў – 25-40 гадоў. І, напрыклад, чалавек з Украіны патлумачыў гэта так: «Я бачу, што ты прапагандуеш здаровы лад жыцця. У мяне двое сыноў, яны цябе глядзяць, зараджаюцца, ідуць на трэніроўку. Для мяне гэта важна, таму я гатовы цябе падтрымаць». Вось так гэта працуе.

Падчас стрымаў вісіць радок, што вы збіраеце на лексус. Гэта рэальная мара?

– Любы мужчына застаецца ў душы хлапчуком і ў дарослым жыцці хоча гуляць у вялікія машынкі. Я люблю хуткасць, і ў мяне ёсць мэта і жаданне купіць добрую машыну. Зразумела, што заява пра жаданне назбіраць на лексус была лёгкім фліртам з падпісантамі, цікава было паглядзець, як на гэта адрэагуюць.

Атрымаецца – не атрымаецца, паглядзім. Фінансавыя дасягненні – гэта таксама мерка тваёй працы. Любы чалавек хоча жыць годна. У мяне грошы не на першым месцы, але калі ты добра працуеш і аказваеш людзям якасныя паслугі, гэта павінна прыносіць фінансавы дабрабыт.

Пра ўрачэбныя адкрыцці і трэніроўкі

У роліках вы вельмі цікава распавядаеце пра наш арганізм, як ён уладкованы, якія працэсы ў ім працякаюць. Ці адкрылі вы штосьці новае пра наша цела, пра што вам не распавядалі ў медуніверсітэце?

– Так, вядома. Да прыкладу, у многіх бывае востры боль у спіне. Доўгі час лічылася, што гэта кілы ў пазваночніку. У мяне самога тры гады таму была траўма ад цяжкіх прысяданняў, якая суправаджалася вострым болем каля 2-х гадоў. Я пачаў вывучаць пытанне і зразумеў, што 80% такіх боляў не звязаныя з кілою і пазваночнікам, а звязаныя з мышцамі, сухажыллямі і звязкамі.

Неўролагі таксама ўжо прыходзяць да такіх высноваў. Зараз людзі вядуць сядзячы лад жыцця, мышцы адвыкаюць ад нагрузкі, для якой створаныя, парушаецца трофіка, кровазварот, пачынаюцца болі. І чалавек думае, што ў яго грыжа, перастае працаваць над сабой, баіцца нагружаць сябе фізічна – ён жа хворы! Я ж не здаваўся, займаўся расцяжкай і ў выніку вырашыў праблему – пазбавіўся ад боляў.

Таму магу з упэўненасцю сказаць, што нашы мышцы – вельмі важны орган, калі іх закінуць, потым будуць праблемы са здароўем. Для мяне гэта было адкрыццё, на якое я выдаткаваў два гады. Пацыентаў з падобнай праблемай я ўжо лячу, зыходзячы з уласнага вопыту, і ў большасці выпадкаў атрымліваю добры вынік.

У адным роліку вы паказвалі алдскульную залу, дзе трэніруецеся ў адзіноце. Гэта асабіста ваша зала?

– Не, гэта гарадская зала, якую стваралі яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя энтузіясты, уласнаручна варылі гэтае абсталяванне. У суботу і нядзелю яна афіцыйна не працуе, і мне даюць ключ, каб я мог спакойна здымаць свае ролікі.

Колькі разоў на тыдзень вы трэніруецеся?

– Мінімум тры сілавыя трэніроўкі ў тыдзень. Плюс прагулкі, басейн. Трэніруюся я звычайна па вечарах пасля працы.

Якую рэакцыю выклікае вашае цела ў мясцовых жыхароў, калі вы з'яўляецеся на пляжы?

– Беларусы – талерантныя, яны не будуць падбягаць, тыкаць у цябе пальцам або адкрыта фоткаць. Ды і ў роліках, калі мае мышцы разагрэтыя, я выглядаю больш пераканаўча, чым у паўсядзённым жыцці. Я звычайны хлопец. Так, відаць, што займаюся спортам, але я не выглядаю як прафесійныя бодзібілдэры за 100 кілаграмаў або напампаваныя фрыкі. Таму рэагуюць на мяне спакойна.

Якія плюсы здароўю прынеслі гэтыя трэніроўкі?

– Я лічу, што чалавечы арганізм створаны для руху. Гэта наша эвалюцыйная першапачатковая задача. Я бачыў пацыентаў, якія пасля доўгага ляжання ў бальніцы потым не могуць устаць з ложка. Ім літаральна зноўку трэба вучыцца хадзіць. Таму калі ты хочаш захаваць сваё здароўе, стан скуры, гарманальную сістэму, дык абавязаны нагружаць сябе фізічна.

Я ўпэўнены, што дзякуючы трэніроўкам і ў 40 гадоў буду выглядаць нашмат маладзейшым за аднагодкаў, якія вядуць іншы лад жыцця: піўко па вечарах, лішняя маса цела...

Пра магчымасці

Вы ў сваіх інтэрв'ю не раз казалі, што мясцовае насельніцтва не вельмі турбуецца пра здаровы лад жыцця, мяжа мараў – выпіць, пад'есці і паглядзець тэлевізар. Вас гэта не заганяе ў роспач?

– Ёсць трохі. Хвалюе, што Гарадок пакуль – не лепшае месца для будучага, бо вакол беднае асяроддзе: людзям пасля працы на заводзе ці ў полі ўвогуле не да здароўя, у іх адна задача – выжыць. Калі побач мала людзей, якія падзяляюць твой падыход да жыцця, у тым ліку і сярод урачоў, гэта гняце, ты як белая варона.

У вялікіх гарадах такіх праблемаў няма: шмат фітнэс-клубаў, вельмі шмат людзей, хто трэніруецца, свая субкультура і можна без праблем знайсці аднадумцаў.

Пра прызнанне

Быў такі вядомы сельскі ўрач Станіслаў Нарбут. Ён скончыў Мюнхенскі ўніверсітэт, але вярнуўся ў Браслаў і ўсё жыццё прапрацаваў там у заснаванай ім бальніцы. Жыхары горада так яго любілі і паважалі, што пасля яго смерці на ўласныя сродкі паставілі яму велізарны помнік у самым прэстыжным месцы горада – на Замкавай гары. Вы хацелі б такога ж фіналу сваёй урачэбнай дзейнасці?

– Думаю, што не. Для мяне больш важна, як ты сябе адчуваеш падчас жыццёвага шляху. Мне падабаецца прыклад вядомага савецкага хірурга Фёдара Вуглова, які пражыў 103 гады. Ён прапагандаваў здаровы лад жыцця, выступаў за тое, каб людзі не ўжывалі алкаголь, не палілі, і на прыкладзе ўласнага жыцця паказаў, што гэта працуе! Таму маё меркаванне: урач павінен сваім прыкладам матываваць людзей да здароўя пры жыцці. А паставяць яны потым помнік ці не – гэта ўжо не так важна.

Відэамантаж – Генадзь Сукач.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 93

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).