Нягледзячы на тое, што абсалютная большасць выпадкаў нізкага гемаглабіну звязана з жалезадэфіцытам, не кожная анемія ўзнікае менавіта па гэтай прычыне. Таму тэндэнцыя адразу ж прымаць прэпараты жалеза няправільная. Спачатку трэба здаць іншы, менш распаўсюджаны аналіз – на ферытын. Ён можа выявіць, што жалеза ў дадзеным выпадку абсалютна не дапаможа. І нават можа нашкодзіць.
Працягваем гутарку пра анемію з Людмілай Смірновай, заг.кафедры клінічнай гематалогіі і трансфузіялогіі БелМАПА, доктарам медыцынскіх навук.
Групуем анемію
Калі гемаглабін апусціўся ніжэй за ўзровень 120 г/л, гаворка ідзе пра анемію. Аднак да якой групы яна адносіцца, вызначыць можна толькі па аналізе на ферытын сыроваткі крыві. Дарэчы, яго ўзровень бывае зніжаным задоўга да з'яўлення сімптомаў жалезадэфіцыту і дазваляе своечасова дыягнаставаць анемію. Аналіз на ферытын сыроваткі крыві робяць у кожным горадзе Беларусі. Паводле яго вынікаў анемія можа быць:
- Жалезадэфіцытная. Пры ўзроўні ферытыну меней за 20 мкг/л. У гэтым выпадку патрабуецца прызначэнне прэпаратаў жалеза, даследаванне прычыны ўзнікнення дэфіцыту жалеза.
- Хранічнага захворвання. Пры ўзроўні ферытыну меней або роўнага 100 мкг/л. У гэтым выпадку анемію магло справакаваць хранічнае запаленне, захворванне (напрыклад, жаночай палавой сферы). Неабходны анкапошук і кансультацыя гематолага.
- Гемалітычная. Пры ўзроўні ферытыну больш альбо роўнага 700 мкг/л. Гэта цяжкія анеміі, часта спадчынныя, аднак яны складаюць усяго некалькі працэнтаў ад агульнай колькасці.
Як правільна здаць аналіз на ферытын?
Аналіз крыві (біяхімічны) бяруць з вены.
- Здаваць аналіз трэба нашча. Апошні прыём ежы павінен быць мінімум за 8 гадзін да забору крыві. Палегчыць працэдуру дапаможа пітво. Дазваляецца піць чыстую несалодкую ваду;
- за 3-е сутак да аналізу трэба спыніць прыём любых прэпаратаў, якія могуць утрымліваць жалеза (перад адменай пракансультуйцеся з урачом, які лечыць);
- прыкладна за паўгадзіны да аналізу паспрабуйце захоўваць максімальны спакой, не перанапружвайцеся фізічна. Стрэсы стымулююць працу эндакрыннай сістэмы. Гэта можа паўплываць на біяхімічны склад крыві.
Анемія цяжарных
Анемія нярэдка сустракаецца ў жанчын у становішчы, паколькі запасы жалеза ў арганізме ў гэты перыяд выдаткоўваюцца не толькі для патрэбаў маці, але і дзіцяці. А калі ў жанчыны і да цяжарнасці быў дэфіцыт жалеза, дык наступствы могуць быць вельмі сур'ёзнымі:
- гестоз;
- заўчаснае адслаенне плацэнты;
- нізкі артэрыяльны ціск;
- пагроза перапынення цяжарнасці;
- заўчасныя роды;
- затрымка развіцця плоду;
- анемія ў немаўляці пры нараджэнні і на працягу першага года жыцця.
Нягледзячы на тое, што існуе каля 50 відаў розных анемій, асноўную іх частку можна падзяліць на тры групы. Самая распаўсюджаная анемія – жалезадэфіцытная. Аднак спяшацца піць прэпараты жалеза варта не заўсёды. Магчыма, нізкі гемаглабін звязаны з наяўнасцю запаленчага працэсу ў арганізме. Тады няправільнае лячэнне толькі адцягне ўстаноўку дыягназу. Высветліць сітуацыю дапаможа аналіз на ферытын сыроваткі крыві.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.